«Дзяды — вытокі кожнага народа» (А… Лойка)

Жыў беларус — і будзе жыць!

Янка Купала.

Бо як ёсць у народа такія —

Не загіне давеку народ.

У. Караткевіч.

Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака — вытокам, а чалавек — сваімі продкамі, сваімі дзядамі і створанай імі маёмасцю. На змену дубам-дзядулям уздымаюцца «ценькія дубочкі», магутныя кроны якіх праз некаторы час зашумяць у дуброве жыцця, — такі галоўны закон вечнасці і неўміручасці кожнага народа.

Першая ўмова закону вечнасці — каб унукі ведалі, «хто такія іх дзяды», каб помнілі і бераглі як зрэнку вока створаную імі і пакінутую ў спадчыну маёмасць.

Дзед Яхім, герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне», перадае Архіпу (а праз яго і нам) сакрэты вечнасці і неўміручасці, сакрэты памнажэння скарбу, пакінутага нам дзядамі, і таленту, дадзенаму строгім гаспадаром кожнаму з нас.

Першы, самы галоўны і вызначальны сакрэт, без якога «і навука ніякая не дапаможа, а зможа», калі «карэння нашага роднага» не мець у сабе. Каб «карэнне роднае» не страціць і «ведаць, што рабіць трэба», даводзіць захавальнік вечнасці дзед Яхім, трэба «ў кніжках і ў разумных людзей» пытацца, «як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі».

Мудрасць тоесная мудрасці шляхціца Завальні: «Мінулае вучыць нас, як жыць сёння».

Запаветы дзеда Яхіма не дэкларатыўныя. На яркіх, запамінальных і ўражальных прыкладах ён даводзіць неабвержнасць вечных ісцін, так трапна, мудра і хораша ім сфармуляваных: «Мінуўшчына, як у люстры, праходзіла прад вачамі студэнта ў час Яхімавых апавяданняў аб старыне».

З люстра мінуўшчыны глянуць на нас вочы святой нябеснай заступніцы нашай Еўфрасінні Полацкай.

Шасцёра сыноў знакамітага князя-вешчуна Усяслава Чарадзея ўзбагацілі радаводнае дрэва полацкай дынастыі Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі. Сам Усяслаў Чарадзей княжыў 57 гадоў, і за гэты час Полацкае княства дасягнула найвялікшага росквіту. Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увайшло ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясуць Полацку пасля Усяслава не ваяры. Зрабіць гэта наканавана было яго ўнучцы — Еўфрасінні Полацкай. Яе жыццё, «як промень сонечны», прасвятліла «зямлю Полацкую». «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем засмучаным, распранутым — адзеннем, хворым — наведаннем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім».

Заслуга яе перад нашай нацыяй не толькі ў мецэнацтве і перапісванні кніг, не толькі ў садзеянні будаўніцтву Спасаўскага сабора, распісанага унікальнымі фрэскамі. З яе імем звязана і стварэнне ў 1161 г. полацкім майстрам Лазарам Богшам паводле яе заказу нацыянальнай рэліквіі — крыжа. Гэта сімвал палітычнай самастойнасці і культурнага росквіту Полацкага княства — старажытнага правобраза Беларусі.

«Свет нас прымаў за народ па адной палачанцы…» I не толькі. У галерэі партрэтаў нашых слынных дзядоў, па якіх нас прымае свет, — Францыск Скарына. «I Скарына наш друк распачаў за паўвека да Фёдарава», — з гордасцю пісаў П. Панчанка ў вершы «Мы з тых беларусаў…».

У тым, што мы ёсць сёння як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга Францыска Скарыны. Без яго ўсведамленне нас як нацыі і народа ў свеце было б праблематычным.

Тытан эпохі Адраджэння, асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй Еўропе, мастак… Ён не толькі наш першы доктар навук — ён першы беларускі універсітэт. У яго творчай спадчыне — пачаткі ўсіх нашых пачаткаў, бо ён і філосаф, і філолаг, і гісторык, і эстэтык, і педагог, і батанік, і медык.

Слаўны «сын з Полацка» атрымаў выдатную адукацыю ў Кракаўскім і Падуанскім універсітэтах, але не медыцына і не вольныя мастацтвы сталі сэнсам яго жыцця. Ён «ізбрал оставіті в науце і в кнігах вечную славу і память свою». Яго кнігі на роднай мове, створаныя «людем посполітымъ» «к доброму научению», былі і «Богу ко чти», і народу нашаму паходняй. У кнізе ён рэалізаваў свой дар: уславіў Бога і наш народ на векі вечныя.

Духоўная «маёмасць», якую пакінуў нам Ф. Скарына, вучыць нас, як жыць сёння, папярэджвае, што «законы прирожении», законы вечнасці не дадзена абысці нікому:

Не копай под другом своим ямы,

Сам ввалишся в ню,

Не став, Амане, Мардохею шибенице,

Сам пависнеш на ней.

Надзённа гучыць Скарынаў напамін усім нам, што светам валадарыць любоў, бо яна самая дасканалая з усіх даброт і каштоўнасцей, без якой марна ўсё ў свеце.

«Многія народы Еўропы з удзячнасцю пакланіліся б ад сябе і ад нашчадкаў таму свайму сыну, які б пакінуў ім у спадчыну падобны твор» — так пра Міколу Гусоўскага і яго геніяльную паэму «Песня пра зубра» сказаў адзін з яе перакладчыкаў на нямецкую мову. Дзякуючы таму што напісана яна была не на беларускай, а на лацінскай мове, упершыню ў гісторыі сваёй культуры Беларусь вуснамі свайго сына напрамую гаварыла з іншымі народамі пра сваё жыццё, сваю гісторыю.

Цэнтральнай праблемай твора з'яўляецца праблема дзяржаўнасці і суверэнітэту. Ад чаго залежыць росквіт і моц дзяржавы? На думку Гусоўскага — ад дзяржаўцы. Якім павінен быць дзяржаўца, каб краіна квітнела і была недасягальнай для ворагаў, была незалежнай? Што павінна быць прыярытэтным у палітыцы такога дзяржаўцы? Вобразам князя Вітаўта паэт даў адказ на вечнае і надзённае пытанне. Свой ідэал дзяржаўцы паэт-філосаф знайшоў у мінулым, у гісторыі Вялікага княства Літоўскага, калі княжанне Вітаўта для нашай дзяржавы было залатым векам.

Княжанне Вітаўта лічаць усе літапісцы

Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,

I называюць той век залатым.

Нельга не захапляцца мудрасцю нашага слыннага земляка, які паўтысячагоддзя таму нагадаў нам пра галоўны закон вечнасці, «закон прирожений», — не хлебам адзіным жыве чалавек. А калі толькі хлебам, то не будзе і яго…. Афарыстычна, вобразна сфармуляваў ён гэты закон, папярэдзіўшы нас пра бяду, калі той закон парушым:

…Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай

Век той названы па простой прычыне: дзяржаўца

Перад багаццем і шчасцем зямным постоянна

Ставіў багацце духоўнае — злата дзяржавы.

Апісанню «вячыстых» спраў Вітаўта, яго клопатаў пра «багацце духоўнае» як «злата дзяржавы» прысвечана ў паэме шмат старонак. Пры князю Вітаўту нашы продкі жылі ў прававой дзяржаве. Першай у Еўропе прававой дзяржаве, у якой панавала сіла закону, а не закон сілы, і была гарантавана роўнасць усіх перад сілай закону!

…Прагнасць нажыцца под шыльдаю варты закона,

Сквапнасць — загрэбці кавалак у бліжняга з рота —

Ён тыранічнымі сродкамі так пратараніў,

Што на вякі нават завад іх вывеўся ў княстве.

Лёс быў і літасцівы да нашай Маці-Беларусі, калі ў 1882 г. паслаў невымоўнаму народу адразу двух прарокаў, двух песняроў — рамантыка і рэаліста, такіх розных, але аднолькава вартых свайго народа. «Сярод цемры і мук» беларусы змаглі іх голасам «на свет цэлы» сказаць пра сваё жаданне і права «людзьмі звацца».

Велізарная заслуга Янкі Купалы, які ўвабраў у сваю творчасць лепшыя традыцыі папярэднікаў — Ф. Багушэвіча, Цёткі, у тым, што мужыцкая тэма загучала ў яго творах як агульнанацыянальная і агульначалавечая. Ніхто да яго з такой сілай, так палымяна не сказаў пра наша імкненне і права «людзьмі звацца», а пазней пра тое, што «і беларус можа змясціцца ў сям'і нялічанай славян», што «жыў беларус — і будзе жыць!»

Шчаслівым і адначасова глыбока трагічным быў лёс нашага песняра ад пачатку і да самага канца. Шчаслівым, бо здзейснілася самая запаветная яго мара — «з цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця». I якім жа сціплым быў наш паэт у сваіх парываннях да валадарства душой толькі свайго народа! Песня Янкі Купалы мела такія магутныя крылы, валодала такой вялікай сілай і энергіяй, што ўжо ў самым пачатку выйшла за абсягі роднай зямлі, загучала на рускай, украінскай, польскай, чэшскай, літоўскай і іншых мовах.

Трагічным быў яго лёс, бо і ён, як яго прыгожыя рамантычныя героі, зрабіў раз і назаўсёды выбар і ніколі не адступіўся ад галоўнай і самай вызначальнай для ўсёй яго творчасці ідэі нацыянальнага адраджэння і дзяржаўнага суверэнітэту. I вельмі дорага заплаціў за свой выбар і вернасць яму да канца.

I ў савецкі перыяд ён з новай і новай сілай, мастацкімі сродкамі ўсіх жанраў сваёй творчасці, у тым ліку публіцыстыкай, папярэджваў, што і перад гісторыяй («А суд гісторыі цяжкі!»), і перад новымі пакаленнямі давядзецца трымаць адказ:

Ці аб свой гонар дбайна дбалі,

I добровольна, без прынук,

Самі сабой не гандлявалі,

Не несліў петлі дум і рук?

I ці пакінуці на памяць

Мы песень гэтакіх змаглі,

З якіх бы можна было ўцяміць,

Што мы свабоднымі былі?..

(«І прыйдзе»)

Ні ў чым Янка Купала як сын свайго народа не быў такім паслядоўным, астойлівым і палымяным, як у сцвярджэнні ідэі нацыянальнай годнасці беларусаў і нацыянальнага адраджэння.

Няма ў нашай таленавітай літаратуры песняра, які б з такой мастацкай сілай паказаў узвышанае ў зямным, прыгожае — у будзённым, вечнае — у імгненным, які быў бы такім настойлівым у сцвярджэнні думкі, што самае прыгожае «ў свеце Божым» — зямля і на ёй чалавек, як Якуб Колас. Ужо радкамі ў пачатку паэмы «Новая зямля»:

Мае знаёмыя няўзрачны,

Нічым не слаўны і нязначны —

народны пясняр быццам «правакуе» чытача на спрэчку з ім. Якой жа сілай, якім магутным духам трэба валодаць, каб з такой мужнасцю і без страты сваёй душы вынесці ўсе тыя выпрабаванні, што выпалі на долю яго «знаёмых»! Героі Коласа ўсім нам даюць урок, як нават у бесчалавечных абставінах ад чалавека залежыць самае галоўнае — застацца чалавекам, бо абсягі поўнага валадарства чалавека — яго ўласная душа.

Героі Коласа зямныя, рэальныя і адначасова асобы моцныя, выключныя, сіла якіх — у бязмежнай любові да сваёй зямлі-карміцелькі, да бліжняга свайго і найперш да сям'і і родных дзяцей.

Кім быў, ёсць і будзе М. Багдановіч для нашага народа, вычарпальна і афарыстычна сказаў У. Караткевіч у вершы «Багдановічу»:

Бо як ёсць у народа такія —

Не загіне давеку народ.

Максім Багдановіч сваім «гарачым словам рунь узняў на роднай зямлі», як вобразна сказаў пра яго духоўную спадчыну У. Караткевіч. А кожная хвіліна яго кароткага і яркага жыцця — нямы дакор нам, што не спраўдзілі яго надзей. Некаторыя з нас, жывучы на зямлі сваіх продкаў, так і не змаглі авалодаць іх мовай… I ўжо адным гэтым не выключылі магчымасці весці ганебныя і абразлівыя для любой нацыі спрэчкі, ці патрэбна наогул нам тая мова, бо, можа, «ёй знікнуць пара»!

Ен жа, народжаны ў Менску, асірацелы ў Гродне, вывезены пяцігадовым з Беларусі, на доўгія гады адарваны ад роднай зямлі, ад матчынай мовы і бабуліных казак, вырашыў «авалодаць роднай мовай сваіх продкаў, і авалодаць так, каб пісаць прыгожыя вершы і абагаціць гэтую мову новымі мастацкімі формамі», як пра тое расказваецца ў зборніку ўспамінаў і біяграфічных матэрыялаў «Шлях паэта».

Схіляючы галаву перад вечным словам апосталаў нашай нацыі, нашых слынных дзядоў, мы ўсведамляем: дзяды — тыя, каго няма з намі, але хто ў нас, у нашых душах, нашых справах.

Загрузка...