Ты, нявольнік, вольны выбраць путы…
Р. Барадулін
…Па жыццёвай дарозе ішлі два чалавекі, несучы кожны свой крыж. Знясільваючай была тая дарога. Першы цярпліва трываў, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку даўжэйшага крыжовага канца — і ісці адразу стала лягчэй.
I падышлі яны да прорвы. I першы паклаў цераз яе свой крыж і прайшоў па ім, як па кладцы. Тое ж самае зрабіў і другі, ступіў на свой крыж і… Не хапіла якраз таго, адпілаванага раней кавалка…
З усіх вечных праблем, што асабліва хвалююць чалавецтва і кожнага з нас, праблема залежнасці ад лесу, бадай, самая вострапалемічная. Адны сцвярджаюць поўную залежнасць чалавека і нават народа ад лесу, другія — поўнае валадарства над лесам. Адны даводзяць, што «наш лес бы кат з рукой забойнай», другія — што чалавек сам каваль свайго шчасця, а значыць, і кіроўца свайго лесу.
Быкаўскі герой Хведар Роўба, пакутліва шукаючы адказу на самае галоўнае пытанне «за што?», прыходзіць і да такой высновы: «Такі яго лес! Пракляты лес, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам». Што ж, сапраўды, час не выбіраюць: у ім жывуць і паміраюць. Час і месца нараджэння ў многім вызначаюць і лес чалавека, і лес народа.
А вось прыклад зусім парадаксальнага стаўлення да галоўнай праблемы жыцця.
Мележаўская гераіня — настаўніца Параска, знаёмячы Башлыкова з Ганнай, сказала, што ў Ганны «розуму на пяцярых, толькі доля няскладная». Ганна запярэчыла тут жа, пры Башлыкову: «Ну нашто вы ето! Доля. Ці доля — горб ад Бога? Доля — ад чалавека! Ад розуму!»
Мудрыя лаціняне вучаць: дзе парадокс — там ісціна. У чым жа яна, гэтая ісціна, так вобразна сфармуляваная куранёўскай прыгажуняй і пакутніцай? У рускай мове для выяўлення гэтага паняцця ёсць слова з відавочным сэнсам — судьба: суд Бога. Суд — за што?
Чалавек нараджаецца свабодным: рабі, што хочаш, але за ўсё плаці. Лес, доля — плата за зроблены выбар. А ўжо выбар чалавека, як заўважае Мележ словамі сваёй гераіні, сапраўды вызначаецца розумам і залежыць ад розуму!
Рыгор Барадулін у вершы «Лес да кожнага прыходзіць босы» піша пра залежнасць чалавека ад лесу: «Лес да кожнага прыходзіць босы, як Хрыстос…», «боссю — каб нячутна! — ходзіць лес». Ад яго капрызаў і ўдараў не застрахаваны ніхто. Напачатку кожнаму даецца аднолькавае і адно: жыццё. У гэтым жа вершы паэт-філосаф сцвярджае і поўную свабоду выбару чалавека: «Ты, нявольнік, вольны выбраць путы, пасталы змяніць на кірзачы».
Так, сапраўды, выбар «путаў» залежыць толькі ад чалавека. Выбар вызначае сутнасць чалавека, яго мудрасць ці неабачлівасць, невідушчасць, духоўнасць ці бездухоўнасць. Зроблены чалавекам выбар — цана яму, яго мудрасці і жыццястойкасці.
Цана выбару вызначаецца толькі жыццём і самым нестароннім суддзёй — часам. Тры гады жыцця мележаўскай Ганны з жорсткім і абмежаваным чалавекам (не ў тым справа, што з нялюбым: многія людзі, сышоўшыся без любові, здольныя дажыць да яе) паказалі, што крок быў няправільны, выбар памылковы. Спадзеў, што «сцерпіцца — злюбіцца», не спраўдзіўся. Надзея на тое, што Яўхім выканае адзіную яе ўмову «кеб падобраму было» і зменіцца (мяняюцца да лепшага толькі людзі, нелюдзі даходзяць да стану азвярэласці), — не збылася. Мара стаць Яўхіму вернай жонкай і добрай маці сваім дзецям не здзейснілася. Таму так самакрытычна, нават бязлітасна ставіцца яна да сябе, падсумоўваючы перажытае за тры гады: ніякіх здабыткаў, толькі страты душы. Найбольшая — у выніку непапраўнага: смерці дачкі.
Выпрабаванне чалавека лесам, доляй не заканчваецца на ўсведамленні ім няправільна зробленага выбару і таго, што не так жыў, не тым даражыў, не над тым дрыжаў, што варта чалавека, а страціў сапраўды «святое штосьці». Нават і такое ўсведамленне — яшчэ не канец. Калі ў чалавека засталося галоўнае — жыццё — значыць, засталася магчымасць скарыстаць свой вопыт і змяніць калі не ўсё, то нешта ў сваім жыцці да лепшага. Таленавітыя творы нашай нацыянальнай літаратуры пераканальна даводзяць нам, што ў сітуацыі ўсведамлення няправільна зробленага выбару, калі разбурана, здавалася б, усё, нават гняздо, нават мара, — чалавек павінен скарыстаць любую магчымасць, каб выжыць, і несці свой крыж да канца. Жыццё — самая першая ўмова змены да лепшага і выпраўлення ўласных памылак. Устань і ідзі! Найвялікшай мужнасцю і мудрасцю чалавека будзе выснова: жыць! проста жыць!
Канцэптуальным у драме Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» з'яўляецца вобраз Старца. Ён — увасабленне адвечнай мудрасці і духоўнай сілы народа, народнага аптымізму: «Ніколі не трэба здавацца. Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага яго пачуццё чалавечае! Ганьба таму!»
Вобраз Старца — парадаксальны і філасофскі. Здавалася б, ненатуральна, нават нелагічна надзяліць жабрака такім светаўспрыманнем, а нам, чытачам і гледачам, пачуць такія словы ад таго, хто апынуўся за мяжой дапушчальнага. Нагадаем, што гісторыя трагедыі Старца тоесная Лявонавай, але яна аптымістычная. Старац не пазбавіў сябе магчымасці калі-небудзь дайсці да Вялікага сходу. Калі на Сходзе павінен быць кожны, калі ён не адбудзецца без кожнага, то ўсе, хто пайшоў рознымі шляхамі, усё роўна прыйдуць на Сход, дойдуць да Беларусі. Толькі абавязкова трэба ісці. Вобразам Старца паэт-філосаф узбагачае нас мудрасцю, што ўсё змяняецца; што цемра ночы абавязкова развеецца; што сілы ва ўсіх, хто чакае раніцы, розныя: адны і ноччу ў дарозе, другім трэба прысесці адпачыць, каб набрацца новых сіл. Але абавязкова ісці, абавязкова жыць! Каб аднавіць разбуранае гняздо, першая ўмова — жыць!
У самы крытычны момант жыцця Алеся Загорскага (герой рамана У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім») выратавальнай для яго была мудрасць дзеда, з якой той даводзіў, што, пакуль не прыйшла смерць, усё можа змяніцца воляй чалавека ці капрызам лёсу. Стан чалавека, якому баліць, у якога зараз нешта не атрымалася, які ўсвядоміў памылковасць зробленага выбару, Вежа параўнаў са шляхам па гурбах. Але ж наперадзе — агонь: «Радуйся, што бачыш яго. Няхай пакуль што далека. З часам дойдзеш… I я табе кажу, чым болей змерзнеш, тым большае будзе шчасце працягнуць да яго рукі…Ідзі! Мужныя — не гінуць…»
Так і мележаўская гераіня палоніць нас не толькі сілай свайго кахання, але найперш сваёй жыццястойкасцю. Пасля няправільна зробленага выбару яна ўстае, ідзе і зноў робіць выбар. Ды такі выбар, які здзівіў усіх куранёўцаў. Яны ўсё ўспаміналі і ўспомніць не маглі, каб калі-небудзь жанчына кінула «свайго чалавека, ды яшчэ такога, як Яўхім». Для Ганны гэта быў адзіны спосаб абараніць сваю годнасць і гонар, не страціць сябе. Як тут не прыгадаць У. Караткевіча, які даводзіў, што абараніць свой гонар чалавек павінен толькі сам, бо ніхто за яго гэтага не зробіць.
Лес літасцівы да тых, хто вытрымаў выпрабаванне, хто ўстаў і ідзе. Лес любіць і выбірае тых, хто любіць жыццё і працу ў імя яго, хто нават на знясільваючай дарозе жыцця не падкарочвае свой крыж.
«Ідзі вышэй сіл сваіх — і станеш жыць доўга!» — вучыў свайго ўнука караткевічаўскі Вежа. Мудрасць нашых продкаў, засведчаная ў добрых кнігах, можа стаць і нам напамінам і арыенцірам у пэўныя хвіліны жыцця.