«Вядзі рашучы бой!» (А. Вярцінскі)

Не позволяй душе лениться!

Чтоб в ступе воду не толочь,

Душа обязана трудиться

И день и ночь, и день и ночь.

М. Забалоцкі.

Выканаць евангельскі запавет уваходзіць цеснымі варотамі і ісці вузкай дарогай, якімі не многія ходзяць і якія вядуць у годнае жыццё, магчыма, толькі калі будзе «душы і мускулаў работа». Лянота душы і цела заўсёды вызначаюць выбар шырокіх варот і прасторнай дарогі, якія вядуць да пагібелі.

Шырокія вароты і прасторную дарогу выбраў Гукан, герой рамана I. Шамякіна «Сэрца на далоні», каб здзейсніць свае кар'ерысцкія намеры: чорнай няўдзячнасцю і подласцю «аддзячыў» людзям, якія выратавалі яму жыццё. I граф Паліводскі з рамана Чорнага «Пошукі будучыні» прасіў Сымона Ракуцьку выратаваць яго, абяцаў азалаціць за гэта, але потым страляў у свайго збавіцеля. Праз некаторы час, з'явіўшыся перад сваім выратавальнікам ужо не з ранейшым няшчасцем, а з сілай афіцэра польскага войска, Паліводскі разбурыў гняздо Сымона Ракуцькі, змусіў яго стаць выгнанцам. I прыклады душэўнай слепаты і чорнай няўдзячнасці, засведчаныя ў мастацкіх творах, можна множыць бясконца.

Таленавітыя творы нацыянальнай літаратуры з пераканальнай мастацкай сілай даводзяць нам, што плата за грахі, за невыкананне «загадаў Божых» і парушэнне законаў вечных — вынішчэнне ўласнай душы, а кара — нябыт. Але што можа чалавек? Што залежыць ад яго? Якія яго магчымасці ў барацьбе са злом за выратаванне найперш сваёй уласнай душы? Ці здольны чалавек змяніцца да лепшага, уваскрасіць сваю душу?

Аптымістычнымі і канцэптуальнымі ў творчасці Яна Баршчэўскага з'яўляюцца апавяданні «Ваўкалак» і «Вужыная карона» з кнігі «Шляхціц Завальня…». Гісторыяй жыцця сваіх герояў пісьменнік пераканальна даводзіць нам, што ад чалавека залежыць галоўнае — стан яго душы.

Апавяданні славяць чалавека, які, спатыкнуўшыся, саграшыўшы, знайшоў у сабе сілы выбрацца з бездані свайго граху і вярнуць, уваскрасіць душу. Славяць чалавека, які перамог зло толькі пасля таго, як перамог самога сябе.

У апавяданні «Вужыная карона» пераканальна паказана ўваскрэсенне душы ў выніку рашучага бою чалавека за сваю душу. Эвалюцыя душы кожнага чалавека пачынаецца з перагляду каштоўнасцей: Сямён зразумеў, што багацце ад нячысціка — тлен, не здольны зрабіць яго шчаслівым. Самае вялікае шчасце — каханне. У імя яго ён цалуе крыжык (а крыж — сімвал веры, без якой, як даводзіць Ян Баршчэўскі, чалавек «на ўсё гатовы») і кідае каменем у вужа. Метафарычна выяўляе Ян Баршчэўскі сваё разуменяе аднаго з пастулатаў хрысціянскай маралі, што «вера без добрых спраў мёртвая ёсць». Пацалаваць крыжык і кінуць каменем у вужа — рэалізаваць і пацвердзіць сваю веру і шчырыя памкненні на справе.

Уваскрэсенне душы пачынаецца з усведамлення свайго граху, віны, з пакаяння і раскаяняя за ўчыненае. Наступная прыступка на лесвіцы жыцця — жаль, спагада няшчаснаму, адчуванне яго болю і пакут, як сваіх уласных. А канчаткова вырваць сваю душу ў нячысціка можна толькі добрымі справамі. Усе прыступкі на лесвіцы жыцця адолеў герой Яна Баршчэўскага, каб вярнуць сабе чалавечы воблік. Але аднаго ўсведамлення сваёй віны і пакаяння недастаткова. Рабі дабро ўсім, нават сваім крыўдзіцелям, даводзіць апавяданнем «Ваўкалак» Ян Баршчэўскі. I адначасова перасцерагае, заклікае быць асцярожнымі, клапаціцца пра стан сваёй душы, не пускаць у яе тое, што можа загубіць: зайздрасць, жаданне зла іншаму, хцівасць, помслівасць.

Біблейскія рэмінісцэнцыі ў творы відавочныя. I Біблія папярэджвае ўсіх нас, што зайздрасць — грэх вельмі вялікі, большы за забойства, бо зайздрасць паступова, кропля па кроплі забівае радасць жыцця і ўсведамленне таго, што дадзена чалавеку. Зайздрасць напаўняе яго душу неўтаймоўным жаданнем зла іншаму, каму дадзена тое, што яму не дадзена. Зайздроснік — жывы труп, непахаваны нябожчык, які выпраменьвае толькі зло. Зайздроснік — гэта ваўкалак, папярэджвае нас і Ян Баршчэўскі.

Алегорыя Яна Баршчэўскага не толькі сродак займальнасці ці стварэння крытычных сітуацый, у якіх выпрабоўваюцца героі. Яна філасофская, яна — спосаб выяўлення пісьменніцкай канцэпцыі. У фантастычных апавяданнях Яна Баршчэўскага носьбітам і ўвасабленнем дабра з'яўляецца толькі чалавек. За рэдкім выключэннем, і намаганні чалавека, сродкі яго барацьбы з незлічонымі размаітымі сіламі зла таксама рэальныя — добрыя справы дзеля бліжняга свайго. Толькі ад гэтых добрых, канкрэтных і рэальных, а не фантастычных спраў гіне зло. Толькі Чалавек (а не, як у паганскіх ці літаратурных казках, птушкі ды звяры) супрацьстаіць злу ў розных яго абліччах: ката Варгіна, Белай Сарокі, чорнага сабакі, вужа, нават жамяры. Усе яны — слугі д'ябла. Супраць усіх іх — адзін Чалавек. I яго перамога вызначаецца станам яго душы і пабожнымі ўчынкамі. У гэтым — аптымізм, максімалізм і пафас сцвярджэння ў творах Яна Баршчэўскага.

Вялікую мастацкую вартасць і неацэннасць духоўнага вопыту, засведчанага ў творы, уяўляе гутарка-балада У. Сыракомлі «Хадыка». У творы даследуецца не драма жыцця чалавека, а драма і эвалюцыя, уваскрэсенне яго душы. Твор уражвае не фабулай, а мастацкім выяўленнем біблейскай ісціны: у якую б бездань ні зрынуў чалавека яго грэх, заўсёды ёсць надзея (і што яшчэ важней — магчымасць) адрадзіць, уваскрасіць, выратаваць сваю душу. А скарыстаць гэтую магчымасць ці не — залежыць толькі ад чалавека.

Трыццаць гадоў хаваўся Хадыка ў лесе ад людзей, жыў у адзіноце, «працаваў са слязамі», «у сабе нёс пагоню», бо гналі думкі, гнала пачуццё віны за пралітую кроў. I жывы пазайздросціў мёртваму, бо на тым няшчасным, па кім галосіць жонка, няма такога страшнага граху, як на ім, Хадыку…

Адзінота, холад і голад не раз наводзілі на думку ісці да гасцінца і разбоем здабываць ежу ці налажыць на сябе рукі. Жыццяпісам Хадыкі У. Сыракомля акрэсліў вехі уваскрэсення чалавечай душы: усведамленне свайго граху, віны, раскаянне і шчырае, што са слязьмі прыйшло, пакаянне, цярпенне, малітва і вера, надзея і любоў да жывога, да працы, да людзей, сама праца і людская міласэрнасць — вось тое, што лечыць скалечаную душу.

Пакутніцкі гэта шлях да ўратавання, але іншага проста няма. Споведзь лірычнага героя верша П. Броўкі вычарпальна вызначае тыя пакуты:

Усё баліць, на сэрцы хмары,

Памылкі лічыш ты ў кляцьбе —

Не ведаю я большай кары,

Калі караеш сам сябе.

Аднак толькі такая кара — сведчанне таго, што душу яшчэ можна ўратаваць. I наадварот, пошукі самаапраўдання — сведчанне яе пагібелі, як пра тое нагадвае нам А. Вярцінскі:

Сумленне, што алібі пэўна сцвярджае,

Тым самым на гібель сябе асуджае.

Загрузка...