…Людская кохания и мысли суть собь противна. Един бо в том ся кохаеть, тое хвалить и о том мыслит, а другый другое, а иный иное.
Ф. Скарына.
Прага шчасця, як і прага жыцця, асабліва моцная ў чалавеку. Няма, бадай, на свеце чалавека, які б не хацеў быць шчаслівым, не марыў бы пра шчасце і не імкнуўся да яго. Аднак, як слушна даводзіць Ф. Скарына, людскія памкненні і пачуцці адносна шчасця супярэчлівыя. Усе хочуць быць шчаслівымі, але кожны разумее шчасце па-свойму.
Цэнтральнай праблемай філасофскага рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні», якая вызначае і многія іншыя праблемы (духоўнага і матэрыяльнага, вечнага і марнага, любові і нянавісці, праблемы бацькоў і дзяцей, шлюбу і сям'і), з'яўляецца праблема шчасця.
Усе героі рамана апантаны прагай шчасця, настойліва ідуць да яго, толькі кожны разумее шчасце па-свойму. Калі б меў усё «золата свету» і магчымасць валадарыць усім светам, калі б валодаў усёй славай свету, — усе гэта аддаў бы Нявада і стаў бы «прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць». Удзельнік імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў, вязень канцлагера і ваеннапалонны, які даўным-даўно вымушаны быў пакінуць дачушку Волечку і родныя Сумлічы, марыць пра шчасце хлебароба і сейбіта на роднай зямлі. Радзіма для яго — Волечка і шыпшына. «Без Волечкі і шыпшыны няма для мяне і роднай бацькаўшчыны. Як жа гэта так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапіцца», — дзівіцца Нявада, слухаючы гісторыю графа Паліводскага.
I Сымон Ракуцька, як і Нявада, бачыць сэнс жыцця ў сям'і, яе дабрабыце, забяспечанай будучыні дзяцей. Трагічны, пранізлівы і шчымлівы гэты вобраз. Заслуга Чорнага ў тым, што ён стварыў пераканаўчы псіхалагічны партрэт беларуса з яго адметнай нацыянальнай рысай — любоўю да радзімы, роднага гнязда, клопатам пра дзяцей, сям'ю: «Чалавек гэта быў дзіўны. Як ніхто іншы, ён пільнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць і марудна, складаў саломіна за саломінай». Гэта ў ментальнасці беларуса — пільнавацца свайго гнязда, ратаваць яго ад каршуноў і наперакор усяму зноў віць, калі яго разбурыць віхурай…
Прагай менавіта таго, ад чаго без вагання адмовіўся б Нявада, апантаны Шрэдэры, старэйшы і малодшы, — прагай золата, з якім яны звязваюць усе свае думкі пра будучыню. Таму і пусціліся яны ў небяспечнае падарожжа, каб выправіць ранейшую «памылку»: знайсці і забраць падараванае некалі Волечцы за выратаванне золата. Гэтыя людзі дзеля абагачэння гатовы на ўсё: на рабунак, марадзёрства. Жонка Шрэдэра Гертруда, жывучы ў маёнтку, падараваным ёй акупантамі, думае, што дасягнула шчасця, бо сынзаваёўнік і войска фюрэра забяспечаць ёй багатае жыццё. Яе ніколькі не мучыць сумленне і думка, што адабранае, нарабаванае не прынясе шчасця, што за ўсё трэба будзе заплаціць. I расплата спасцігла іх на гэтай зямлі: жанчына гіне, а муж не мае сіл нават пахаваць яе. Не вярнуў назад золата і Шрэдэр-старэйшы, што двойчы прыходзіў на нашу зямлю: у першую імперыялістычную вайну — з мячом, у другую — пад аховай мечаносцаў. Загінуў ад куль партызана Кастуся Лукашэвіча, мужа Волечкі Нявады. Так і не паспеў разабрацца ні ў сабе, ні ў тым, ці прынесла яго золата шчасце і карысць каму-небудзь іншаму.
У вобразах Волечкі Нявады і Кастуся Лукашэвіча ўвасоблена аўтарскае ўсведамленне кахання і сям'і як найвялікшай каштоўнасці чалавека. Каханне і ёсць тое золата, якое адно і варта Чалавека, якім і ўзнагароджвае яго лёс за духоўнае багацце, цярпенне… Старонкі, прысвечаныя нараджэнню гэтага кахання, самыя светлыя і лірычныя ў рамане. I што закаханым багацце! Што ім тое золата, якое яны трымаюць у шуфлядцы стала, як нейкі клубок нітак, калі багацце і золата ў іх душах!
Герояў (і «праведнікаў», і «зладзеяў») аб'ядноўвае тое, што ўсе яны — натуры моцныя, настойлівыя ў дасягненні сваіх мэтаў, і ў гэтай настойлівасці выключныя, здольныя на выбар: «Лепш грызці зямлю ў родным кутку, чым каб цябе ліхім ветрам кідала па чужым свеце». Так думае Нявада. Іншыя героі вырашаюць, што для іх «лепш», што важней, і ад гэтага выбару залежаць і іх жыццёвыя шляхі.
Цэнтральнай праблемай кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…» таксама з'яўляецца праблема шчасця. Героі Яна Баршчэўскага апантаны прагай шчасця і знаходзяцца ў вечным пошуку яго. I вядома, кожны разумее шчасце па-свойму. Пра яго героі спрачаюцца не толькі адзін з адным, але нярэдка і самі з сабой, адмаўляючыся ад свайго першапачатковага разумення шчасця.
Шчасце — гэта шанц, удача, лёгкае бесклапотнае жыццё і багацце, лічаць Карпа («Пра чарнакніжніка і пра цмока…»), Сямён («Вужыная карона»), Альберт («Вогненныя духі»), I ўсё ж «меў Карпа грошы, меў і павагу, але ж ці ў гэтым шчасце?» I Сямён прыйшоў да пераканання, што найвялікшае шчасце — каханне; яно і натхніла яго на барацьбу з нячысцікам і адмаўленне ад багацця. I Альберт не змог купіць спакою ні за якія скарбы. Шчасце — быць вышэй за ўсіх, лічыць Васіль («Зухаватыя ўчынкі»), але ўсе ад яго адвярнуліся… «Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, — вось пра што я мару» — жыццёвае крэда Люцэфугі.
Усіх герояў фантастычных апавяданняў родніць і тое, што да канчатковага ўсведамлення шчасця яны прыходзяць у выніку расчаравання, пераацэнкі каштоўнасці і эвалюцыі душы. Дорага заплацілі ўсе героі за памылковасць сваіх думак, за сваю прыдуманую імі праўду. А праўда, настойліва даводзіць Ян Баршчэўскі, на ўсіх адна — праўда веры.
Разуменне шчасця з'яўляецца меркай духоўнасці ўсіх герояў і адначасова вызначае іх сутнасць, іх жыццёвыя шляхі, нават лёс.
Лірычны герой А. Пушкіна катэгарычна заяўляе: «На свете счастья нет, а есть покой и воля». Тым самым сцвярджае, што спакой і свабода з'яўляюцца адзінай меркай шчасця. Лірычны герой А. Куляшова не менш катэгарычны ў сцвярджэнні адваротнага: «Спакойнага шчасця не зычу нікому». Для лірычнага героя заспакоенасць, статычнасць і шчасце — паняцці несумяшчальныя. Катэгарычнае («не зычу нікому») адмаўленне «спакойнага шчасця» выяўляецца праз асацыяцыі: ручай тады асабліва жаданы, калі неабходна спатоліць смагу; увага толькі тады многага вартая, калі яна шчырая і заслужаная, а не зайздрослівая, крывадушная; і «лес без зязюлі» — трагедыя і абсурд, як шчасце без імкненняў і парыванняў.
…Адзін мудры чалавек на пытанне, што ён у жыцці любіць больш за ўсё, адказаў: «Само жыццё». Лірычны герой вершаў Максіма Танка не толькі шчыры, чулы, высакародны, але і мудры. Праз усведамленне лірычнага героя Танк у вершы «Шчасце» сцвярджае простую і вечную ісціну: шчасце — гэта само жыццё. Усё пералічанае паэтам — выявы жыцця. Верш насычаны аднароднымі дапаўненнямі («з солі, з хлеба… з поту, з дарожнага пылу, з роднага небасхілу, з дружбы… з песні»), пасля якіх — шматкроп'е. Кожны можа прадоўжыць гэты пералік жаданымі для сябе выявамі жыцця, але ўсведамленне таго, што «простае шчасце людское», аб'яднае нас усіх. Усведамленне жыцця як шчасця ва ўсіх яго праяўленнях — сведчанне мудрасці, аптымізму і жыццястойкасці чалавека наогул і лірычнага героя Танка ў прыватнасці.
У вершы «Шчаслівы дзень» заключана філасофская думка, што якім бы мудрым ні быў чалавек, якімі б здольнасцямі ўбіраць у сябе вопыт папярэднікаў ні валодаў, — адкрыццяў на ўласным шляху яму не пазбегнуць. Немагчыма ўхіліцца ад вырашэння праблем «праўды, няпраўды, дружбы, кахання, жыцця і смерці». Шчаслівы той дзень, лічыць паэт-філосаф, калі чалавек пераасэнсаваў раней асэнсаванае, калі змог перагледзець свае каштоўнасці. Шчаслівы дзень вызначаецца словамі «I аказалася», бо чалавек на сваё ранейшае «Я думаў» глядзіць ужо з вышыні вопыту, сталасці розуму і душы.
Творы нацыянальнай літаратуры даюць чытачу магчымасць усвядоміць і асэнсаваць засведчаны ў іх духоўны вопыт і ўзбагаціць ім свой уласны.