«I пасля кожнага свайго падзення, я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца» (У. Караткевіч)

…I шчыра рупіцца пра тое, каб жыць ціха, рабіць сваю справу і працаваць сваімі ўласнымі рукамі.

З Першага паслання святога апостала Паўла да Фесалонікійцаў.

Любая справа чалавека, «душы і мускулаў работа» добраславёна, калі яна «людзям на карысць». Выбраная справа дае адчуванне паўнаты жыцця. Яно становіцца важкім, каштоўным, важным, сур'ёзным. Чалавек адчувае сябе дужым, здольным валодаць часам, кіраваць сваім лёсам, быць адказным за свой выбар. Такі чалавек цікавы, прыгожы, ён многае можа.

Раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта гімн чалавеку справы — Працаўніку. Алесь Загорскі не чакае паўстання, а дзейнічае. Пакуль яно рыхтуецца, вырашае зрабіць сваіх мужыкоў вольнымі цяпер. Пасля трагічнай гібелі бацькі і шэрага іншых напасцяў Алесь ратуецца працай: «Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку. Усё адразу! Усё на гэтым тыдні…Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія». Для караткевічаўскага героя няма абставін, над якімі нельга было б узвысіцца пагардай, якім нельга было б кінуць выклік. Ён цвёрда перакананы, што толькі працай, добра зробленай справай можна супрацьстаяць абуральным, абсурдным абставінам.

Алесь працаваў да знясілення. Афіцыйна засведчыў у Магілёве і пачаў праводзіць у жыццё адмену паншчыны па ўсіх сваіх маёнтках, паабяцаў праз год адмяніць прыгон, «і не так, як у праектах, а з зямлёй». Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга: вырашыў перабудаваць цукроўні, каб былі каменныя, застрахаваў усе будынкі; паклалі рад з аршанскімі вапнавымі капальнямі і залажылі яшчэ шэсць лайбаў… Арыстакраты Караткевіча — не абібокі, не абломавы, а соль зямлі і краса жыцця. Караткевіч марыў «адрадзіць арыстакратызм, элітарнасць у ахамелым на таталітарнай ураўнілаўцы грамадстве», як пісаў У. Калеснік.

Ад падрабязнага апісання канкрэтных спраў свайго любімага героя У. Караткевіч падымаецца да філасофскага абагульнення, што чалавек па сваёй прыродзе прагне справы. Настойліва даводзіць пісьменнік-філосаф, што ў справе чалавек рэалізуе сябе, свой прыродны талент і стварае ўмовы для годнага жыцця, што справа, і толькі справа выратуе душу чалавека ад злому і вынішчэння ў самыя крытычныя моманты: «Капаць, пісаць шчырыя кнігі, перакідваць маеты, секчы дровы, вучыць дзяцей, змагацца за справядлівасць, біць студні і тунелі, дзьмуць шкло, лічыць і лекаваць, — іначай не варта і жыць».

Прыгадаем, як псіхалагічна пераканальна паказаў свайго героя ў самы крытычны момант яго жыцця I. Мележ. Калі Васіль стаяў перад выбарам, калі мітушэнне ў яго душы давяло да такога стану, што ён стаў абыякавым да ўсяго, нават не мог і не хацеў працаваць (а такі стан заўсёды пачатак канца), то ён пайшоў параіцца да свайго поля. I зразумеў мову свайго поля, паслухаўся яго. «Як перамяніўся чалавек. Ён адчуў, што нязбытны цяжар спадае, што вяртаюцца даўно не знаныя дужасць і яснасць. Поле, бяда яго і радасць! Яго сіла і надзея яго! З імі толькі і жыць яму!» Дадому ішоў ён ужо хутка. Зайшоў у гумно. Да самых поцемкаў, не адпачываючы, біў і біў цэпам. «I цэп бегаў спрытна, ахвотна, не стамляючыся».

Няма нічога больш трагічнага для чалавека справы, як убачыць гэтую справу зруйнаванай. Злоснікі, зайздроснікі і ненавіснікі ведаюць: каб знішчыць чалавека, трэба забраць у яго справу, у якую ўкладзена «душы і мускулаў работа», — забраць усё, пазбавіць грунту. I гэта пераканальна даводзіцца ў лепшых творах нашай нацыянальнай літаратуры. Зруйнавалі справу, зааралі рунь на полі, засеяным мележаўскім Васілём. Убачыць разбуранае гняздо і зведаць адпаведныя пачуцці давялося быкаўскаму Хведару Роўбу, пасля чаго ўжо смерць у Багавізне была не такой і страшнай, а нават ціхай: «Не дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасціла ціха памерці». Зруйнаваная справа ледзь не каштавала жыцця Алесю Загорскаму. Узрушэнне было такім моцным, што ён таксама, як і мележаўскі Васіль, стаў абыякавым да ўсяго і захварэў явай, або мрояй. Так бязмерна ўражлівы чалавек «несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету».

Стома — смерць. «Ідзі вышэй сіл сваіх, і станеш жыць доўга» — такая выснова «сівой рады» Прыдняпроўя, якую сабраў Вежа, каб выратаваць унука. Гэтая выснова — паратунак не толькі для Алеся. Яна — урок усім нам, што пасля кожнага падзення чалавека зноў і зноў уздымае толькі праца.

Па сваёй прыродзе чалавек прагне пакінуць пасля сябе след на зямлі. «Усё павінна след пакінуць», — сцвярджае П. Броўка вершам «Сляды». Праца і справа чалавека — след яго на гэтай зямлі, а ўжо якім будзе след — залежыць ад чалавека.

Выяўленню тоеснай філасофскай думкі спрыяюць фальклорныя і біблейскія рэмінісцэнцыі ў вершы Максіма Танка «Я помню звычай старадаўні…». Змест верша — апісанне старадаўняга звычаю, паводле якога памерлым у дамавіну клалі іх «любімыя прылады»: «каб не з пустымі ім рукамі перад святым Пятром з'явіцца»:

Аратаму — яго сявеньку,

Стральцу — рог, што будзіў дубровы.

Музыку — бубен ці жалейку,

А кавалю — гвозд ці падкову…

I верш «Перапіска з зямлёй», які ўяўляе сабой разгорнутую метафару-перыфразу, прысвячаецца стваральнай чалавечай працы. Метафарай «пісаў зямлі многа лістоў» і канкрэтызацыяй («пісаў смыкамі ўсіх скрыпак»; «пісаў спіцамі дрогкіх калёс, якарамі і мачтамі караблёў») паэт славіць усе людскія справы і прафесіі. Ідэя верша, філасофія яго ў другой кампазіцыйнай частцы:

Але пакуль што

Адказ атрымаў я

Толькі на ліст мой,

Напісаны плугам.

Вось ён.

Парэжце на скібы яго.

Частуйцеся.

Ешце.

Паэт катэгарычны ў сваім перакананні: усе працы — добрыя, але важнейшая за ўсе, вышэйшая за ўсе — хлебаробская. Яна — усяму аснова, як хлеб — усяму галава.

Не толькі паэт, але кожны чалавек мае права катэгарычна сцвярджаць, што менавіта толькі яго справа з'яўляецца самай галоўнай, самай важнай і самай першаснай нават, і гэтак жа годна і страсна служыць толькі ёй, ім абранай. Бадай, гэта адзіная катэгарычнасць, якая не пашкодзіць, а паспрыяе справе. Бо толькі той здольны паважаць і цаніць справу іншага, хто паважае і адцана служыць сваёй.

Загрузка...