Жыватворная сіла быцця — праца

Бы жыватворная тут сіла

Ад сну зямельку абудзіла.

Якуб Колас.

Я признаю одну работу,

Её — и только — признаю.

Я. Смелякоў.

У евангельскай прытчы расказваецца, як строгі гаспадар раздаў сваім рабам таланты — грошы. Першы атрымаў пяць талантаў, пайшоў і памножыў іх; другі атрымаў два і таксама іх памножыў. Трэці атрымаў адзін і, спалохаўшыся строгага гаспадара, закапаў талант, каб не згубіць.

Праз некаторы час усе трое прынеслі гаспадару свае таланты: першы і другі — памножаныя, трэці — толькі адзін, чым выклікаў вялікі гнеў строгага гаспадара. I загадаў ён, каб трэці аддаў і гэты адзіны, непамножаны, першаму, бо «кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае».

I кожнаму з нас строгім гаспадаром дадзены талент, які мы павінны не закапаць, а вярнуць памножаным. Толькі пры такой умове — «дадзена будзе». Каб «усё зацвіло, загаманіла», неабходна жыватворная сіла — нястомная праца кожнага на сваёй ніве, сваім полі, дзе можна рэалізаваць сябе, памножыць свой талент.

Нельга не пагадзіцца з высновай вучоных, якія даводзяць, што працавітасць — катэгорыя не столькі маральная, колькі біялагічная, бо яна — сведчанне моцнага інстынкту самазахавання. Лянота, нядбайнасць і гультайства — праграма на самавынішчэнне. З працавітасцю цесна звязана і вынікае з яе яшчэ адна якасць, што ў ментальнасці нашага народа наогул, — імкненне быць гаспадаром на сваёй зямлі, закласці надзейны падмурак для годнага жыцця сваіх дзяцей, клопат пра іх. «Дык трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі» — такая жыццёвая выснова коласаўскага героя, якую ён стараецца перадаць сваім дзецям.

Усведамленне працы як грунту пад нагамі, умовы годнага людскага жыцця характэрна для ўсіх эстэтычных вобразаў нашай нацыянальнай літаратуры. Некаторыя пісьменнікі адкрыта выяўляюць у творах свае адносіны, захапленне сваімі героямі — працаўнікамі. З непрыхаванай сімпатыяй і захапленнем апісвае I. Мележ свайго любімага героя ў час касьбы, прычым апісвае сапраўды «фарбамі паэта», а не празаіка. Менавіта старонкі, прысвечаныя Васілю-працаўніку і куранёўскай прыгажуні Ганне, — старонкі, у якіх Мележ-празаік уступае месца Мележу-паэту.

Як «зямля — аснова ўсёй айчыне», так праца на ёй — аснова жыцця. У працы выяўляецца ўся сіла і прыгажосць чалавека, рэалізуюцца лепшыя яго якасці і талент, бо працавітасць — сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці.

Праца і справа, якой служыш, ёсць выяўленне любові да людзей, Радзімы. Няма іншага шляху слугавання Айчыне і народу ў мірны час, як сумленна і аддана працаваць, бо любоўтаксама з'яўляецца жыватворнай сілай, калі яна дзейсная. Крах чалавека і паступовая яго дэградацыя пачынаюцца тады, калі чалавек перастае служыць канкрэтнай справе (вучыць дзяцей, лячыць людзей, біць студні, касіць, араць), а нібы ў вір галавой кідаецца служыць нейкай абстрактнай ідэі. Радавалася сэрца быкаўскага героя Хведара Роўбы, што яго сынок Міколка надта прыхільна памкнуўся да зямлі і гаспадаркі, рана пачаў рабіць плячо ў плячо з бацькам. Ажно люба было глядзець, як ён гнаў баразну ці на касьбе ішоў у радзе дарослых мужчын. Але як стварылі ячэйку і прызначылі яго сакратаром, стала не да гаспадаркі. I ўсё — сходы, мітынгі, спрэчкі. А як перабраўся ў раён, стаў начальнікам, зусім забыўся дарогу ў Нядолішча, у бацькоўскую хату.

Адметнасць творчай манеры М. Зарэцкага ў тым, што ён адкрыта не выяўляе, як, да прыкладу, Іван Мележ, адносін да сваіх герояў: хай чытач разважае і ацэньвае сам. I ўдумлівы чытач не можа не заўважыць той акалічнасці, што галоўны герой рамана «Вязьмо» Сымон Карызна, будучы дырэктарам мясцовай сямігодкі, не працуе, не вучыць дзяцей, не рыхтуецца да ўрокаў. Толькі арганізуе сходы, толькі выступае, толькі ваюе і ненавідзіць. Усведамляючы сябе тым, хто здольны ўсіх ашчаслівіць, усіх сляпых зрабіць відушчымі, ён адмаўляецца дапамагчы самым блізкім людзям, якія папрасілі ў яго парады, падтрымкі, паратунку. Да пары яму і яго каханая — «рамантычная асоба» Вера Засуліч, дзеля якой ён разбурыў сям'ю. Але як толькі змяніліся абставіны, Вера пераступіла цераз Карызну, як ён пераступіў цераз родных. Толькі зрабіла гэта «чысценька і прыгожанька», яшчэ і парадавалася, «што ўсё скончылася для яе найлепшым чынам».

I гераіня Коласа Вольга Віктараўна Андросава настолькі захапілася рэвалюцыяй, што зусім закінула школу: «Ну яе к чорту!» Яна толькі «збірала дарослых і чытала ім усялякую нелегальшчыну». У страшэнным запусценні былі і школа, і кватэра папярэдніка Лабановіча, з якім некалі вучыліся ў семінарыі. Стрэтун-Сурчык такую разруху растлумачыў рэвалюцыяй, на што Лабановіч адказаў: «Рэвалюцыя крышыць і ломіць усё на сваёй дарозе, але гэта не значыць, што вакол нас павінна быць гразь і бруд». Хто не хоча працаваць, заўсёды знойдзе і апраўданне сабе, і прычыну, каб не працаваць. Намнога прасцей закапаць свой талент, чым пашукаць спосаб яго памнажэння.

Той памножыў талент, атрыманы ад строгага гаспадара, хто дасягнуў у сваёй справе прафесіяналізму і здольны, як шамякінскі доктар Яраш, трымаць сэрца на далонях. Усе прывабныя, высакародныя героі беларускай літаратуры — прафесіяналы сваёй справы: настаўнікі Лабановіч і Мароз Алесь Іванавіч, доктар Яраш і журналіст Шыковіч, хлебаробы Васіль Дзяцел і Хведар Роўба, рэфарматар Алесь Загорскі і старшыня валвыканкома Апейка. У розныя часы яны жылі і ў розных абставінах дзейнічалі, але ўсіх іх аб'ядноўвае адно: яны добра рабілі сваю справу, умелі і любілі працаваць. Любілі людзей і зямлю, на якой жылі. У іхніх справах — іхні і талент, і розум, і пачуцці, і сумленне, і адносіны да іншых людзей, да грамадства, да будучыні…

Рамантычнымі сродкамі славіць Пімен Панчанка Чалавека і яго Справу ў вершы «Сэрца і крыж»:

Жыў доктар у нашай мясціне —

Няма ўжо такіх дактароў:

Паставіць ён банкі ці п 'яўкі —

I заутра ты жыў і здароў.

Катэгарычнае сцверджанне «няма ўжо такіх дактароў» — мастацкі прыём, гіпербала з мэтай узвысіць героя, узняць яго на п'едэстал, каб кожны змог убачыць прыгажосць сапраўдную. Адвеку нашым народам усведамлялася працавіт тасць як самая вызначальная якасць чалавека, як сведчанне яго жыццястойкасці і выключнага таленту. А талентамі наша зямля вядома ўсяму свету. «Зямля бацькоўская, святая» не збяднела на таленты. Яны ёсць, пра іх складаюць легенды, на іх трымаецца наша зямля, за іх «людзі просяць Бога».

Ментальнасць чалавека і нацыі вызначаецца каштоўнаснымі арыенцірамі і шляхам, якім яны ідуць да акрэсленай каштоўнасці.

Беларускі шлях — праца, нястомная праца, часам нечалавечыя высілкі — і ўсё ў імя жыцця на зямлі-карміцельцы, якая адна «не зменіць і не здрадзіць», і «дзяцей тваіх не кіне». I кожнаму, хто мае такое ўсведамленне, дадзена будзе.

Загрузка...