Праблема бацькоў і дзяцей у беларускай літаратуры

Дзеці, павінуйцеся сваім бацькам у Госпадзе, бо таго патрабуе справядлівасць. I вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у вучэнні і настаўленні Гасподнім.

З Паслання святога апостала Паўла да Ефесянаў.

Праблема бацькоў і дзяцей вечная. Як свет стаіць, бацькі імкнуцца перадаць свой вопыт і ўсцерагчы ад памылак дзяцей. Дзеці ж упарта працівяцца гэтаму, бо хочуць пражыць сваё жыццё самі і без падказкі выбраць свой лёс.

Лявон, герой апавядання Ядвігіна Ш. «Бярозка», выпраўляючы сваю адзіную дачку ў свет, навучае яе быць абачлівай і нікому не давяраць свайго гора. А калі стане невыносна — даверыцца бярозцы. Счарнела бярозка, прымаючы на сябе боль і пакуты Марыські. На пытанне дачкі, чаму чалавек не знаходзіць спагады і паратунку ў людзей, «Лявон маўчаў». Гэтай фразай апавяданне і заканчваецца.

Маўчаў, магчыма, не толькі таму, што не ведаў адказу на гэтае вечнае пытанне, а таму, што адчуваў сваю віну за такую сваю «навуку» недаверу да людзей. Магчыма, усвядоміў нарэшце, што нават у шчырым жаданні шчасця і дабра свайму дзіцяці не павінен быў навязваць дачцэ сваё ўспрыманне свету, пазбаўляць яе права на свабоду выбару і ўласны вопыт.

У рамане «Каласы пад сярпом тваім» ёсць выдатна выпісаны і прасякнуты мудрасцю Караткевіча-філосафа эпізод.

Алесь пераконвае старога Вежу і пана Юрыя, што неабходна паступова, як стануць багацець, аддаваць зямлю мужыкам, пакінуўшы сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы, яшчэ тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы і слуг: «Хай фермерствуюць. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі?» У адказ на абурэнне бацькі Алесь даводзіць, што сялянская канкурэнцыя ім нястрашная, бо на прыдбанні іх прадукцыі Загорскія зробяцца заводчыкамі. «У купцоў ператварыцца?!» — жахнуўся пан Юры. «У купцоў — не ў старцоў», — зноў мудра адказвае Алесь, даводзячы, што маёнткам усё роўна пагражае галеча пры такой, як ёсць, сістэме; і гэта толькі пытанне часу.

Стары Вежа ўспрыняў прапановы ўнука са спакойнай мудрасцю. I гэта пры яго характары і заўсёднай упэўненасці ў сваёй праваце! Ён зразумеў, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным у старасці — змяніцца, зразумець новае, маладое, што ідзе на змену табе. «А калі няздольны зразумець — ставіцца да яго з любоўнай верай». Любоўная вера і ляжыць у аснове здольнасці зразумець новае, маладое. Такой здольнасцю, як і мудрасцю, быў надзелены стары Вежа.

Калі старое валодае такой мудрасцю, то яно здольна падтрымаць, нават уратаваць маладое ад пагібелі, папярэдзіць непапраўнае і незваротнае. У хвіліны адчаю, калі Алесю прынеслі вестку пра заручыны Майкі з Іллёй Хаданскім, Вежа кідае ўнуку выратавальны круг: «Заручыны — гэта не вяселле. I нават вяселле яшчэ не канец. Разумееш, на зямлі існуе адзіная непапраўнасць, адзіная незваротнасць. Гэта смерць. Пакуль яна не прыйшла — усё можа змяніцца тваёй воляй або капрызам лёсу…»! ўсё ж капрызаў лёсу дзед Вежа не стаў чакаць, а калі пераканаўся, што пачуццё яго ўнука да сваёй каханай моцнае і сапраўднае, параіў украсці Міхаліну і абвянчацца ў яго царкве, у Мілым. Закаханыя злучыліся навек.

Канфлікты бацькоў і дзяцей могуць валодаць або стваральнай, або разбуральнай сілай. Стваральная сіла — умова няспыннага руху і вечнасці жыцця. Разбуральная рве адвеку самыя моцныя повязі паміж пакаленнямі — і тады нябыт. Жыццё і забяспечваецца трывалым падмуркам мудрасці, любоўнай веры бацькоў і стваральнай сілай моладзі, яе вернасцю бацькам і дзядам.

Многія пісьменнікі сучаснай літаратуры вырашэннем канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі вызначаюць не толькі сутнасць сваіх герояў, але і сутнасць, стан людской супольнасці. Ці з'яўляемся мы роднымі дзецьмі сваёй сям'і, МаціБеларусі і Матухне-Зямлі — такая асноўная праблема рамана ў вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці». Паэт сцвярджае, што

Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе:

Мы — дзеці роднае сям 'і,

I — дзеці — Маці-Беларусі,

I — дзеці Матухны-Зямлі.

Пісьменніцкі ідэал чалавека ўвасоблены ў родных дзецях Сохвіі Пятроўны: і ў Сцяпане, і ў нястомным працаўніку, верным мужу, добрым бацьку сваім дзецям Тамашу, і ў іх сястры, і ў швагру Вінцусю (чым не ўзор сапраўднай сям'і?). Але найперш пісьменніцкі ідэал выяўлены ў вобразе маці і сфармуляваны ў тосце Сцяпана ў гонар маці:

Хвала таму, хто ў трудным часе

Без мітусні і без ныцця

Сваё праходзіць… Так, як мама…

Сваё ж пісьменніцкае ўсведамленне, якім не павінен быць чалавек, паэт рэалізаваў у вобразах Юзіка Бэнся і Мікіты Рэпы. Характар Мікіты раскрываецца праз яго мову, такую ж скалечаную, як яго лёс: «На ўсё жыццё Мікіта Рэпа застаўся з крыўдаю на лёс». Апісаннем жыццёвай калізіі з дзяцінства Мікіты паэт зноў дае нам урок і папярэджвае пра тое, што здрада бацькоў, іх несумленныя ўчынкі моцна раняць дзяцей і калечаць іх лёсы. Крыўду на бацьку Мікіта перанёс на ўсіх людзей, зрабіўся крыўдлівым, нялюдскім, прыдзірлівым да ўсіх і ўсяго. I мова яго, засмечаная русізмамі і канцылярызмамі, — адзежа яго душы: беднай, прэтэнцыёзнай, пыхлівай.

Праблема бацькоў і дзяцей — адна з галоўных у рамане I. Шамякіна «Сэрца на далоні». Сям'я Шыковічаў у роспачы, пакутліва шукае адказ на пытанне, чаму так атрымалася, што іх сын расце пустадомкам, цынікам і хуліганам. Бацька — інжынер чалавечых душ, а на душу сына амаль ніякага ўплыву не аказвае. Маці — сейбіт разумнага, добрага, вечнага. Якога яшчэ лепшага прыкладу акрамя сумленнага жыцця і сумленнай працы бацькоў трэба, каб чалавек рос не так пакутліва і без такіх, як у Славіка, праблем? Пра тое палка і з абурэннем даводзіць Шыковіч на бюро райкома, дзе за кепскае выхаванне сына яму аб'явілі вымову. Сапраўды, у нашых продкаў, што кіраваліся галоўным прынцыпам народнай педагогікі «прыклад і праца», такіх праблем і ў такой ступені не было. Тады і адвечны мацярынскі клопат, як дасціпна яго вызначаў Славік, «каб лішняе з'елі і лішняга не выпілі», таксама быў толькі на карысць дзіцяці. Але час мяняецца. Сёння аднаго прыкладу і аднаго такога мацярынскага клопату мала. Неабходна і такая ўвага, і такое дбанне пра духоўнасць дзяцей, як у сям'і Яраша. Уражвае эпізод, калі Яраш забараняе жонцы гаварыць пры дзецях пра гнілыя зубы пацыентаў, што так раздражняюць стаматолага Галіну Адамаўну. «Каб мне дзеці былі у слуху, каб я бацькам для іх век дажыў» (Ф. Багушэвіч) — гэта пра Яраша. Тады і дзеці здольны будуць паўплываць на бацькоў, калі ў сям'і ўзнікнуць (а ў якой сям'і іх не бывае?) нейкія непаразуменні. «Я дапамагу ім. Я паміру іх», — цвёрда ўпэўнены Тарас, калі прыёмныя яго бацькі моцна пасварыліся.

Многія творы найноўшай літаратуры акцэнтуюць нашу ўвагу на такой страшнай выяве і наступствах бездухоўнасці, як развал сям'і і неканструктыўнае вырашэнне канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі.

Сям'я — падмурак духоўнасці грамадства, а значыць, і яго самога. Трагедыя для грамадства (пра тое даводзіў В. Быкаў у аповесцях «Знак бяды» і «Аблава»), калі рвуцца повязі паміж пакаленнямі, калі рвуцца самыя моцныя сувяз! паміж людзьмі — кроўныя. Трагедыя, калі бацькі адрынулі дзяцей, здрадзілі ім. Героя апавядання М. Райчонка «Божачка, ратуй!» прадалі бацькі-наркаманы. I ўвесь твор — аповед пра ўцёкі і ратункі хлопчыка, на якога палююць наёмныя забойцы, бо ў дзіцяці да ўсяго яшчэ і рэдкая група крыві. Трагедыя і тады, калі дзеці пераступілі цераз бацькоў. Герой аповесці М. Зарэмбы «Пятля» павесіўся на… крыжы. Нясцерпны крыж пакут яго сумлення за ўсвядомлены грэх і віну перад маці, якую сваім п'янствам і бязладным жыдцём звёў у магілу. Змест твора ў асноўным складае ўяўны дыялог сына з маці перад сарачынамі.

У вершы Пімена Панчанкі «Ратуйце нашы душы» гіпербалізавана, праз павелічальнае шкло, па-максімалісцку паказана бездухоўнасць і такая страшная, на думку паэта, яе выява, як разбэшчанне моладзі і яе дэградацыя. У вершы з публіцыстычнай палкасцю паказана поўнае бязладдзе і поўная перад ім капітуляцыя, адсутнасць сіл, здольных процістаяць злу:

Але, каб выбраць лепшую з дарог,

Патрэбна мудрасць працы,

Нашых сэрцаў;

Патрэбны маці, бацька, педагог.

А іх няма.

Альбо ў мізэрнай дозе.

Разлад.

Развод.

Сіроцтва ўсё часцей.

I ходзяць беспрытульна па дарозе

Мільёны нашых страчаных дзяцей…

Вырашэнне праблемы бацькоў і дзяцей залежыць як ад іх саміх, так і ад грамадства. А ад гэтага ўрэшце залежыць будучыня нацьй, залежыць тое, ці наступіць за ноччу «раніца ў нядзельку».

Загрузка...