«Мова — сцяг народа» (М. Ермаловіч)

… Ясная ў Божым свеце мудрасць.

В. Цяпінскі

Функцыя пісьменніка заключаецца ў тым, каб у выніку яго дзеяння ніхто не змог спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім.

Ж. П. Сартр

Французскі пісьменнік А. Камю параўнаў працу пісьменніка з подзвігам Сізіфа і сцвердзіў гэтым параўнаннем перш за ўсё стаіцызм, годнасць свайго героя-вязня, які духоўна ўзвысіўся над катамі. Зноў і зноў паднімаючы цяжкі камень на вяршыню гары, Творца-Мастак здзяйсняе спробу за спробай асвятліць агульным сэнсам уласнае існаванне. Толькі ўласнае існаванне, бо ні свет, ні асобнага чалавека перайначыць, перарабіць немагчыма. I ўсё ж наперакор усяму і нават уласнаму ўсведамленню марнасці высілкаў трэба, як гаварыў адзін з герояў камюсаўскага рамана «Чума», «добра рабіць сваю справу. Рабіць так, „як калі б…“». Гэтае «як калі б» азначае: як калі б быў упэўнены ў выніковасці сваёй справы.

Усе высілкі беларускіх творцаў адносна таго, каб пераканаць свой народ, што мова — гэта святыня і сцяг яго, — марныя. Гэтыя высілкі — разнавіднасць «сізіфавай працы» і адначасова сведчанне стаіцызму беларускіх Сізіфаў і вялікага сэнсу іх безвыніковых намаганняў.

Бадай, ні ў чым яшчэ беларускія песняры-прарокі не былі такімі аднадушнымі, салідарнымі і настойлівымі, як у сцвярджэнні вечнай і такой простай, зразумелай усяму свету ісціны, што «пакуль жыве мова — жыве народ». Падобна, што і беларускія прарокі бачаць сваю ролю ў тым, каб папярэдзіць свой народ, каб пасля сумленна, добра зробленай імі справы ніхто не змог апраўдацца сваім няведаннем ці неразуменнем такой лёсавызначальнай для ўсёй нацыі праблемы.

Усведамленне таго, што любоў да роднай мовы ёсць адно з праяўленняў любові да Радзімы, вызначыла ўсю патрыятычную дзейнасць Васіля Цяпінскага. «…Зь зычливости ку моей отчизне» — так вызначыў ён сам матыў, які натхніў яго на цяжкую, але высакародную працу выдаўца і перакладчыка Евангелля на беларускую мову. Да ўсяго гэтая справа запатрабавала вялікіх матэрыяльных сродкаў, якіх Цяпінскі не меў. Паводле яго сведчання, ён не мог давесці справу да канца, а пераклаў і надрукаваў поўнасцю ў сваёй «убогой друкарня» толькі Евангелле ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі.

Палымяна, страсна і аблічальна даводзіць В. Цяпінскі сваім сучаснікам, а праз вякі і нам: нішто не «можа быць больш вартым жалю, больш агідным», чым вырак і занядбанне свайго роднага, сваёй мовы, дадзенай нам Богам: «Бо хто з набожных не задрыжыць, на такое знішчэнне гледзячы, хто б не мусіў плакаць, бачачы… занядбанне сваёй слаўнай роднай мовы і папросту пагарджэнне ёю…» Усіх, хто пагарджае роднай мовай і занядбаў яе, даводзіць Цяпінскі, «праз пакаранне Божае гэтая ясная ў Божым свеце мудрасць… пакінула іх». А той, каго пакінула мудрасць, страціць усё, у таго няма будучыні. Пра тое ж самае амаль праз два вякі з уласцівай ёй палымянасцю і прачуласцю папярэдзіць і Цётка: «Бедны той, хто апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым жа няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднай мовы…»

I Сімяон Полацкі патлумачыў, што з зычлівасці да сваёй Айчыны, «писах в начале на языку тоему, иже свойственный бе моему дому».

Усе заваёўнікі, што ішлі на нашу зямлю, вынішчэнне беларусаў як нацыі пачыналі з асмяяння, апаганьвання нашай мовы, добра разумеючы, што без мовы няма і народа. Апалагеты Расійскай імперыі цынічна заяўлялі: «Што не зрабіў расійскі штык — даробіць школа». Біркамі і «якдыкхаямі», быццам гарачым жалезам, вытраўлялі з Хомачкаў («Ціхая плынь» М. Гарэцкага) усё нацыянальнае. I дамагліся свайго: як ад ганебнай, абразлівай біркі, беларусы паступова пазбаўляліся і ад роднага слова, не толькі пусціўшы яго на здзек і асмяянне, але і пачаўшы смяяцца з сябе і свайго роднага. Але ўсіх манкуртамі зрабіць не ўдавалася. Лепшыя сыны нашай Бацькаўшчыны ўсведамлялі, што бяссмерце народа знаходзіцца ў прамой залежнасці ад выкарыстання роднай мовы, і пісалі на ёй свае таленавітыя творы. I гэта ў той час, калі на пагарджанай і нават забароненай мове рэалізаваць свой дар было вельмі складана, а часам і небяспечна. Подзвігам духу з'яўляецца створанае імі на роднай мове. Некаторым, як, да прыкладу, Янку Лучыну, так і не было наканавана ўбачыць свае кнігі. Зборнік паэта «Вязанка» выйшаў у 1903 г. у Пецярбургу пасля смерці аўтара.

Перакананы ў тым, што «наша мова такая ж панская і людская», не горшая за іншыя, Ф. Багушэвіч «Дудкай беларускай» і «Смыком беларускім» — усімі струнамі сваёй душы — даводзіў свайму народу: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» У гэтым звароце да сучаснікаў і патомкаў, а значыць і да кожнага з нас, — пісьменніцкае ўсведамленне неабвержнага закону вечнасці, што пакуль жыве мова — жыве народ.

«Бацькава, спрадвечная, святая, Богам дадзеная адзежа душы чалавека» — так вобразна, афарыстычна выявіў Багушэвіч сваё разуменне ролі і сілы роднага слова ў «Прадмове» да «Дудкі беларускай». I па сённяшні дзень гэты твор — узор публіцыстыкі, пераканаўчы прыклад уздзеяння на розум і пачуцці тых, што хочуць «людзьмі звацца». Пераканаўча і доказна даводзіць сваім чытачам палымяны патрыёт Багушэвіч, што любоў да мовы ёсць адно з праяўленняў патрыятызму.

I эпітэты «святая, Богам дадзеная» — не проста мастацкі прыём, а напамін усім нам: святое — гэта тое, што мы не выбіраем (у сваім выбары мы можам і памыліцца), а што даецца нам ад нараджэння — нашы бацькі, радзіма ці нараджаецца намі — дзеці. I Мова — як «святыня народа, бяссмерце яго». Здрада святому — недаравальны грэх.

Час паказаў, што ўсе довады, папярэджанні, заклікі і нават уласны прыклад самаахвярнасці Ф. Багушэвіча, каб пераканаць народ у неабходнасці змяніць сваё стаўленне да святыні, былі «сізіфавай працай». Змянілася многае, але нязменнай засталася абыякавасць многіх да таго, што ўвесь свет лічыць найвялікшай каштоўнасцю, тоеснай жыццю і волі. «Вялікая гэта таямніца», — піша А. Вярцінскі ў вершы «Баіцца быць беларус беларусам…»:

Зведаў ён ліха апраметнага.

Ён не баяўся таго і гэтага.

Хапала адвагі, каб з ворагам біцца,

Ад голаду-холаду каб бараніцца…

Ды вось быць самім сабою баіцца.

* * *

Прайшоў праз Хатынь, праз Курапаты,

Зносіць цярпліва Чарнобыль пракляты,

Упарта крыніца яго бруіцца…

Ды быць беларусам ён баіцца.

Вось дык ноумен, вось дык феномен —

Гэты ўнук бабін, сын гэты удовін.

Лірычны герой верша «Баіцца быць беларус беларусам…» пагаджаецца, што «пытанне няпростае, канешне», і адказ на яго бачыцца яму ў наступным:

(Дазволю сабе тут крышку іроніі.

Характар наш тут, як на далоні.)

Літаратуразнавец Л. Корань у кнізе «Цукровы пеўнік» піша пра «сучасны менталітэт беларусаў як вынік перманентнага генацыду». I ў першую чаргу ахвярамі генацыду станавіліся так званыя «нацыяналісты». В. Быкаў у артыкуле «Учора і сёння» (1988) таксама акцэнтуе на гэтым увагу, гаворачы пра асаблівую жорсткасць сталінскага генацыду: «Мноства людзей тады было пазбаўлена жыцця і волі, але былі прафесійныя групы, якія пацярпелі болей за іншых, і сярод іх — настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Для карных органаў гэтыя былі нібы „гатовыя нацыяналісты“, віна якіх ляжала на паверхні, яе не трэба было нават інспіраваць. Мабыць, з той пары і надоўга ў нацыянальнай самасвядомасці беларусаў паняцце „нацыяналізм“ трывала злучылася з пачуццём найвялікшай небяспекі, якая можа пагражаць чалавеку». На ўласным драматычным вопыце, як піша В. Быкаў, людзі пераканаліся, што абвінаваціць у гэтым жахлівым злачынстве могуць кожнага, хто тут нарадзіўся і мае няшчасце размаўляць па-беларуску. Пісьменнік прыводзіць факты таго, як услед за беларусізацыяй пачалася русіфікацыя, як беларускую мову «жалезным памялом… вымяталі з устаноў, ВНУ, Акадэміі навук, арганізацый і органаў улады». У сітуацыі «чумы» цэлы народ быў пастаўлены перад «сцяной абсурду» і паралізаваны страхам. I ў тым трагедыя народа. I ўсё ж апосталы і прарокі нацыі зноў і зноў даводзяць, што тая сцяна рухнула, а ўзнікненне новай сцяны магчыма па віне кожнага з нас, калі не зробім пэўных высноў.

Выдатны беларускі гісторык і публіцыст Мікола Ермаловіч акрамя галоўнай працы свайго жыцця — кнігі «Старажытная Беларусь» пакінуў нам у спадчыну гутаркі, аб'яднаныя назвай «Аб усім, што баліць…». У гутарцы «Существительное» апавядаецца пра пакуты ўражлівага і чуйнага да роднага слова Змітрака, якому настаўніца даводзіць, што Змітраком называцца непрыгожа і што яна будзе зваць яго Дмитрием. I хоць прайшло ўжо некалькі тыдняў, але Змітрок ніяк не можа прызвычаіцца да новага імя. А пасля настаўніца адвучвала Змітрака ад слова «як». I ён ніяк не можа ўцяміць, чаму непрыгожа гаварыць «як», а прыгожа «как». Яму, наадварот, «как» здаецца непрыгожым, і ён саромеецца вымаўляць гэтае слова і маўчыць. Настаўніца садзіць яго, зазначаючы: «Странный ты мальчик, Дмитрий».

Яшчэ больш здзівіўся Змітрок, калі зразумеў, што ўсё на свеце, як ёсць — сушествительное. Яму стала страшна і сумна. Няўжо і птушкі, і дрэвы, і рэчка, і ўсё-ўсё — толькі существительное. Змітраковы «примеры сушествительного» таксама не спадабаліся настаўніцы:

«Подожди, Дмитрий, ты опять неправильно говоришь. Надо говорить не бусел, а аист, не гай, а роща, не жито, а рожь, не шпак, а скворец».

Змітрок збянтэжыўся. Яснасць, якая пачала ўсталёўвацца ў яго галаве, знікла. Значыць, не кожнае слова можа быць существительным. Спачатку трэба, каб яно стала нейкім пярэваратнем, аб якіх ён ведаў з дзедавых казак, і толькі тады назоўнік можа зрабіцца существительным.

Ноччу хлопчыку прыснілася пачварнае Сушествительное, якое глытала і шпака, і гай, і бусла, папярэдне голасам настаўніцы даводзячы, што яны — скворец, роща, аист… А пачвара ўжо дацягнулася да Змітрака і пытае яго: «Ты кто?» «Я Змітрок», — ледзь паварочваючы языком, адказвае ён. «Нет, ты не Змітрок, ты — Дмитрий», — пярэчыць пачвара і ўжо разяўляе зяпу, але Змітрок здолеў прачнуцца…

Як прытча ўсведамляецца сюжэт гэтай гутаркі. Галоўнае павучанне прытчы заўсёды схавана, як золата ў пяску, як сіла ў каштоўным камені, — у выбары, што зроблены героем прытчы. Змітрок зрабіў свой выбар — здолеў прачнуцца…

Загрузка...