«Зямля — аснова ўсёй айчыне» (якуб колас)

…Трэба грунт мець пад нагамі.

Каб не бадзяцца батракамі.

Якуб Колас

У гутарцы з журналістам Юрасем Залоскам у 1995 г. В. Быкаў гаварыў пра тое, што «камуністычны лад і камуністычная па сутнасці псіхалогія панавалі… амаль стагодцзе. У яе атмасферы сфарміраваўся пэўны менталітэт грамадства. Ліквідаваць, знішчыць гэты менталітэт за некалькі гадоў немагчыма». Страчанымі для нацыі, «гэтаксама як і для чалавечай гісторыі», назваў В. Быкаў пакаленні, якія за многа гадоў прызвычаіліся існаваць у перакуленым свеце, па той бок люстэрка і не здольны разумець і прымаць агульначалавечыя каштоўн асці.

Для сучаснага чытача, асабліва для юнага, многія творы нашай нацыянальнай літаратуры засведчылі тое каштоўнае ў менталітэце, што страціў наш народ за амаль 80-гадовае панаванне камуністычнага ладу і адпаведнай псіхалогіі. Працэс вынішчэння самага каштоўнага ў чалавеку, працэс расчалавечвання чалавека пачаўся не сёння, паскорыўся ва ўмовах таталітарнага рэжыму і імкліва працягваецца ў наш час.

I сёння ўжо многім нашым сучаснікам не ўяўляецца каштоўнасцю тое, што было першасным і лёсавызначальным для нашых продкаў. Сёння з лёгкасцю разбураюцца тыя маральныя бар'еры, пераступіць якія лічылася раней вялікім грахом. Сёння юным цяжка зразумець матывы неверагодных высілкаў у імя мэты, да якой «станоўка, ненарокам» ішлі коласаўскія героі, што жылі стагоддзе таму. Цяжка зразумець матыў «здрады» свайму каханню мележаўскім героем — Васілём…

Нашы духоўныя набыткі за мінулае стагодцзе, як сведчыць само жыццё, не такія ўжо і значныя. А каб пераканацца ў тым, што мы страцілі са спадчыны свайго народа, скарыстаем запрашэнне Якуба Коласа і

…разгорнем часау шаты,

Бліжэй прыгледзімся да хаты,

Да Міхася і да Антося,

Як там вялося, як жылося.

Шмат у беларускай літаратуры сапраўды нацыянальных твораў. Але па энцыклапедычнасці выяўлення нацыянальнага як вышэйшага атрыбута мастацкай вартасці шэдэўраў роўных «Новай зямлі» няма.

Калі і наканавана нам знікнуць у свеце, то новыя цывілізацыі мелі б поўнае ўяўленне пра нас, беларусаў, як нацыю, пра зямлю, на якой мы жылі, пра наш побыт, нашу культуру, традыцыі і звычаі, пра наш характар і ментальнасць, пра нашы каштоўнасці, пра нашы мары і памкненні толькі па адной кнізе — паэме «Новая зямля». Усё ў ёй — наша, роднае, нацыянальнае.

Найвялікшай каштоўнасцю для кожнага народа з'яўляецца зямля, на якой ён жыве. Для нашага народа зямля — гэта не проста тэрыторыя, а прошча, святое месца і «аснова ўсёй айчыне». Ва ўсведамленні Міхала, для якога адзіным шляхам да волі з'яўляецца «свая зямля» як аснова ўсяму, увасоблена народнае ўсведамленне зямлі як найвялікшай каштоўнасці нацыі:

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй айчыне.

Лексічнай анафарай «зямля» паэт дасягае эфекту малітвы, бо зямля ва ўсведамленні беларуса — святыня, абяцаная Богам. I здрада ёй — вялікі грэх.

Зямля для коласаўскіх герояў — гэта і промень волі і свабоды; гэта і ўмова рэалізацыі сваіх прыродных якасцей, хлебаробскага таленту, які з усіх талентаў самы святы; гэта і гарантыя дабрабыту; гэта і залог годнага і людскага жыцця для нашчадкаў, клопат пра якіх — спрадвечная рыса характару беларуса. Сапраўды, зямля — скарб, бяздоннае багацце.

Каб узвысіць свайго героя, Колас праводзіць яго праз самыя цяжкія і страшныя, ва ўяўленні Міхала, выпрабаванні — беззямелле і як вынік яго — рабства, здзек, прыніжэнне. Але жыццёвыя калізіі («Міхал як толькі ажаніўся, тады ж ад бацькі аддзяліўся, бо стала цесна. З той прычыны пайшоў на сплаў ён, на віціны…») толькі ўмацавалі яго мару:

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,

Каб з панскіх выпутацца пут,

I там зажысь сабе нанова:

Свая зямля — вось што аснова!

Моцную асобу вызначае «одна, но пламенная страсть» — мэта, да якой яна ідзе так, як наш Міхал: «станоўка, ненарокам ішоў да мэты крок за крокам». Мэта і невынішчальная мара, ад якой Міхал не адрокся нават на Божай пасцел! — воля:

Бог не судзіў мне бачыць волі

І сыпаць зерне ў свае ролі…

Мару пра зямлю і волю Міхал наказвае здзейсніць тым, хто будзе жыць пасля яго:

Вядзі ж ты рэй, вядзі… адзін…

Як лепшы брат, як родны сын.

Усведамленне роднай зямлі і яе прыроды як найвялікшай каштоўнасці ў паэта настолькі моцнае, што ў лірычных адступленнях ён звяртаецца да радзімы, роднай мясціны як да маці і просіць у яе дапамогі і благаславення для сваіх любімых герояў, бо перакананы, што радзіма для чалавека — прошча:

Дзень добры, родная мясціна!

Спаткай ты нас як маці сына

Па часе доўгае разлукі

I разгарні прыветна рукі

Для тых, хто змушаны ў няволі

Жывіцца хлебам твайго поля…

Афарыстычна матывавана паэтава просьба ўзброіць «надзеямі грудзі» герояў («Бо мы твае, зямелька, людзі!»).

Жанр паэмы (яна ліра-эпічная) праз лірычныя і філасофскія адступленні садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што родная зямля для кожнага чалавека — зямля святая, надзеленая надпрыроднымі сіламі. Гэтая філасофская думка гучыць ужо ў лірычным уступе, якім пачынаецца паэма:

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю

I там — душою спачываю.

Героі паэмы таксама чэрпалі сілы, спачын і лекі для душы менавіта ў родным краі, калі былі ў нялёгкай дарозе да сваёй мэты — да волі.

Лейтматывам волі і новай зямлі прасякнута ўся паэма. Эпічныя раздзелы твора размешчаны так, што паслядоўна паказваюць вытокі мары Міхала, шлях яго і яго сям'і да яе здзяйснення.

Апісанне жыццёвых калізій, што здараюцца з героямі, спрыяе панарамнаму паказу ўсёй Беларусі, а не толькі некаторых яе мясцін. Пярэбары сям'і Міхала ў Парэчча, паездка братоў у Заблонне да Хадыкі («прад імі Случчына ляжала, старонка міла і багата») і дзядзькі Антося ў Вільню — галоўныя моманты знешняга дзеяння. Прыём вандровак, па-майстэрску выкарыстаны паэтам, садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што дадзеная нам Богам зямля — найбагацейшы край, у якім ёсць выключна ўсё, што неабходна для жыцця чалавеку. Толькі «ўсё гэта — скарбы чужаніцы. магната князя Радзівіла», яго краса і багацце.

Верай у лепшы лес сваёй зямелькі, у якой толькі і можна «пазычыць сілу», у лепшую долю народа на гэтай зямлі прасякнута ўся паэма:

Жыві ж, наш край! Няхай надзея Гарыць у сэрцы і мацнее…

Міхалава ўсведамленне, што «зямля — аснова ўсёй айчыне», што «трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракам!», стала ўсведамленнем і мэтай жыцця яго дзяцей. Аднак ім будзе наканавана жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве», як і мележаўскім Васілю і Ганне, як і быкаўскім Багацькам і Хведару Роўбу. У самыя трагічныя моманты свайго жыцця Хведар Роўба назаве праклятым час, у які яму наканавана было нарадзіцца селянінам.

Селянінам з вялікім дарам хлебароба наканавана было нарадзіцца і мележаўскаму Васілю. Найперш праз гэты вобраз творца паказаў трагедыю беларускага народа ў адзін з самых крытычных момантаў нацыянальнай гісторыі, выявіў сваё разуменяе таго, што спрычынілася з нашым народам у час «карэннага пералому» і ў выніку яго.

У вобразе Васіля ўвасоблены не толькі характар беларуса, але і яго менталітэт. А паняцце ментальнасці намнога шырэйшае за паняцце характару. Менталітэт — гэта своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека ці супольнасці людзей. Менталітэт любой нацыі складаецца з мноства элементаў. Спынімся на некаторых, а найперш на вызначальным — на ўсведамленні каштоўнасцей, якія для чалавека і нацыі з'яўляюцца першаснымі, прыярытэтнымі.

Для беларуса такой каштоўнасцю з'яўляецца (хочацца спадзявацца, што ўсё яшчэ з'яўляецца) зямля. I ўдакладнім: зямля не толькі як тэрыторыя жыцця, але (тое засведчана навукоўцамі, даследчыкамі, творцамі ў «адбітку родных з'яў») і як промень волі і свабоды.

«Одной лишь думы власть» ведаў Васіль Дзяцел. Хай ён не апісвае яе фарбамі паэта, але гаворыць аб ёй палка і малітоўна. «Каб той кавалачак зямлі, што за цагельняй!» — дзеліцца ён з Ганнай сваёй самай запаветнай марай. I ён бы ўжо на ёй шчыраваў, ён бы ўжо на ёй разгарнуўся! Яна б не была ў яго недагледжанай і няўдаліцай.

Ментальнасць чалавека і нацыі вызначаецца і шляхамі, сродкамі, якімі яны ідуць да акрэсленай каштоўнасці, дамагаюццаяе. Беларускі шлях — праца, нястомная праца, нечалавечыя высілкі — і ўсё дзеля яе, зямелькі-карміцелькі, бо яна адна «не зменіць і не здрадзіць», «яна дзяцей тваіх не кіне»… У працы выяўляецца ўся сіла і прыгажосць чалавека, рэалізуюцца лепшыя яго якасці і талент, бо працавітасць — сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці.

Змены ў жыцці, новую ўладу Васіль Дзяцел успрымае як падарунак лёсу: нарэшце здзейсніцца! Але незбылося… Новыя падзеі і абставіны патрабуюць ад героя таго, што яму чужое і дзікае. Ён далёкі ад мітусні і калатнечы, што ўсчаліся навокал. Ён хоча проста жыць і працаваць на сваёй зямлі, шчыра паверыўшы, што савецкая ўлада прыйшла, каб даць зямлю і волю такім, як ён.

Васіль — моцная, выключная, незвычайная асоба, на сіле і незвычайнасці якой пісьменнік неаднаразова акцэнтуе ўвагу чытача. Васіль рана асірацеў і ўжо падлеткам узяў на сябе клопат і адказнасць за ўсю сям'ю, узваліў такую ношу, якую не кожны мужчына адужае. Хлопец цярпліва нясе свой крыж, цвёрда засвоіўшы галоўны ўрок жыцця: цярпі, трывай, хочаш прысесці ад стомы — ідзі, а прысеў — устань і ідзі! Злучнасць пісьменніка са сваім героем настолькі моцная, што ў чытача страчваецца ўсведамленне: выяўленне пачуццяў Васіля ў час касьбы — гэта аўтарская характарыстыка ці ўнутраны маналог героя. Мележ — майстар дэталі. Дэталі ў партрэце Васіля таксама «працуюць» на яго выключнасць: «валасы неаднолькавыя: ззаду цёмныя, а спераду, як у рабога цяляці, і вочы не адзінакія… Адно, як вада светлае, другое, як жалудок».

У жыцці Васіля была вясна з камянямі на дарозе, якія «губяць сілы маладыя», было і «лета-песня, лета-свята», што перайначыла ўсё ў яго душы. Акрамя аднаго: не ўтаймавала неадольнага жадання «разжыцца новай доляй». А новую долю магла даць яму толькі ўласная зямля. Тое, што рабілася ў калгасах, было Васілю не па душы. Здаровы розум і жыццёвая мудрасць гаварылі яму (таму такі неспакой у душы, такі ўнутраны злом), што гэта дабром не кончыцца, што ў такіх калгасах гаспадаром быць нельга.

I. Мележ марыў напісаць пенталогію «Палескай хронікі», але планам яго не суджана было ажыццявіцца. Паводле задумы аўтара, Васіль Дзяцел павінен быў прыйсці да здзяйснення подзвігу ў гады вайны. I гэта не было б фантазіяй пісьменніка, а сведчаннем глыбокага псіхалагізму яго творчасці. Абараніць сваю зямлю, сваё гняздо, сваё каханне, сваё дзіця можа толькі той, хто моцна любіць і сваю зямлю, і блізкіх дарагіх людзей. Любіць так, як Васіль Дзяцел.

Так праз вобраз Васіля I. Мележ паказвае трагедыю нашага народа ў часы «карэннага пералому» і нагадвае пра тыя каштоўнасці, на якіх трымалася наша зямля, доўжылася жыццё. Ментальнасць чалавека і нацыі пад уплывам часу і падзей можа змяняцца: адны яе элементы слабеюць і нават знікаюць, другія ж — наадварот, з'яўляюцца. Трылогія Мележа запрашае нас спыніцца і азірнуцца, падумаць і ўзважыць: ці можна дапусціць знікненне тых каштоўнасцей, якія лічыліся нашымі продкамі першаснымі і святымі? Што будзе з намі, калі мы адрынем гэтыя каштоўнасці і святыні? I асабліва найважнейшую з іх — зямлю як «аснову ўсёй айчыне», як «промень волі і свабоды».

Загрузка...