«Той і шчаслівы, хто зведаў каханне…» (П. Панчанка)

Наиболей любовь ко всим да соблюдает, еже ест совершена над все иныя дарования, без нея же ничто поспешно ест.

Ф. Скарына.

А ў сэрцы хораша было, —

Там запалілася цяпло.

М. Багдановіч.

«Пачынаецца ўсё з любві», валадарыць светам любоў, вызначае стан душы і вечнасць жыцця толькі любоў. Нават калі пакідае вера і знікае надзея, то застаецца любоў, бо яна мацнейшая за ўсе чалавечыя пачуцці, бо яна «совершена над все иныя дарования».

У нашай роднай мове ёсць прыгожае слова для вызначэння самага светлага пачуцця паміж мужчынам і жанчынай, пачуцця, якое і з'яўляецца пачаткам усяго — пачаткам жыцця. Гэтае слова — каханне. Каханне ўслаўлена «высокаю красою» паэтычных радкоў многіх таленавітых твораў.

«I прад высокаю красою» паэзіі М. Багдановіча, у якой выяўлена і апета самае вартае чалавека пачуццё, схіляемся і мы. Палоніць нашу душу і эпічнае, як у «Вераніцы», і лірычнае, як у рамансе «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…», выяўленне самоты па нязбытным каханні і адначасова ўдзячнасці лесу, за тое, што яно было ў жыцці, што сустрэў свой «вечны цэль» — свой ідэал. Мы ведаем, што ў гэтых вершах і трагедыя самога паэта, што гэта яго ўласны помнік свайму трагічнаму і адначасова шчасліваму каханню:

I прад высокаю красою,

Увесь зачарованы ёй,

Скланіўся я душой маёй,

Натхнёнай, радаснай такою,

А ў сэрцы хороша было, —

Там запалілася цяпло.

Чытаючы адзін з самых першых твораў А. Куляшова — верш «Бывай», нельга не здзівіцца, што такое і так мог напісаць 14-гадовы падлетак. Філасофія верша і сродкі выяўлення стану закаханасці вартыя пяра не толькі таленавітага, але і мудрага, сталага творцы. Мала ў інтымнай лірыцы беларускіх паэтаў вершаў, у якіх бы з такой мастацкай сілай была выяўлена, апета і добраславёна «светлая самота» нязбытнага кахання. Хай сабе яно і не спатоліла сэрца радасцю, але будзе наталяць усё жыццё сілай і ўдзячнасцю лёсу, што такое пачуццё наканавана было зведаць:

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.

Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.

На ўсходзе дня майго заранка дагарае,

Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

Дзівоснае, парадаксальнае спалучэнне неспалучальнага (аксюмаран «стаю на ростанях былых»), кантрастная метафара («самотным жаўранкам звініць і плача май»), мажорная мінорнасць і элегічнасць верша — усё ў ім выяўляе стан душы ўзвышанай і натхнёнай, шчаслівай і самотнай — багатай! Невыпадкова гэты верш стаў вядомай і любімай песняй. Верш варты таго, каб быць школай выхавання самых лепшых чалавечых пачуццяў, каб выхоўваць «душою чулых». Асабліва патрэбны ён для ўратавання душ маладых, для знявераных і скалечаных цынізмам душ.

Вершы Максіма Танка «Нашто ты косы заплятаеш…», «Аvе Магіа», «Працягласць дня і ночы» — гімн жаноцкасці, прыгажосці, гімн жанчыне, якая здольна не толькі «дзень укараціць і ноч прадоўжыць, але ашчаслівіць на ўсё жыццё». А вершам «Ты пакліч мяне. Пазаві» Яўгенія Янішчыц зноў нагадвае ўсім вечную ісціну, што «пачынаецца ўсё з любві». Для выяўлення стану душы, самага дастойнага чалавека, і сцвярджэння, што каханне — галоўная з усіх каштоўнасцей, якая робіць немагчымае магчымым, паэтка выкарыстала аксюмаран. Гэты прыём найлепш і вызначыў загадкавую сілу найвялікшай тайны і найвялікшага дару: «прыручаюцца салаўі». Паэтам і закаханым падуладна тое, чаго не можа ніхто, — прыручыць салаўя.

Многія пісьменнікі выпрабоўваюць сваіх герояў каханнем, бо ў каханні выяўляецца сутнасць чалавека, яго духоўнасць ці бездухоўнасць. Сіла ўздзеяння мележаўскіх Васіля і Ганны, гісторыі іх нязбытнага, трагічнага кахання настолькі вялікая, што чытач не можа змірыцца з воляй аўтара. Чаму ж не збылося?

Закон жыцця такі: калі наканавана дваім сустрэцца на жыццёвай дарозе і зведаць каханне, то яны, як дзве палавінкі, павінны спалучыцца ў адно цэлае і ўсвядоміць, што ўзнагароджаны дарам, здрада якому — вялікі грэх.

Лягчэй за ўсё Мележу-чалавеку было «ашчаслівіць» свайго чытача, дагадзіць яму і «спалучыць дзве палавінкі», якія, безумоўна, заслугоўвалі шчасця і былі вартыя адна другой. Аднак Мележ-мастак не мог адступіць ад праўды жыцця і пераступіць законы мастацтва. У творцы была задача паказаць не толькі трагедыю чалавека, а трагедыю народа ў адзін з самых крытычных момантаў нацыянальнай гісторыі.

Прычына трагедыі нязбытнага кахання Васіля і Ганны многімі ўсведамляецца як віна і здрада Васіля свайму каханню: герой не вытрымлівае выпрабавання каханнем і выяўляе слабасць сваёй душы. Аднак моцная, незвычайная асоба вызначаецца да ўсяго яшчэ і здольнасцю «пераступіць» цераз важнае і дарагое ў імя яшчэ больш дарагога, свядома зрабіць свой выбар паміж дарагім і яшчэ даражэйшым. I ў гэтым выбары выяўляецца не здрадлівасць Васіля, не яго слабасць, а, як ні парадаксальна, яго сіла. Усведамляе гэта і Ганна, робячы таксама свой крок. I не довады мачыхі пра выгоды шлюбу з Яўхімам (Ганну як модную асобу таксама вызначае акрэсленасць каштоўнасці ў яе ўяўленні: такой каштоўнасцю для яе было каханне да Васіля), не напамін пра абавязак перад бацькамі паўплывалі на яе рашэнне даць згоду на шлюб з нялюбым. Ганарліўка і прыгажуня Ганна да ўсяго была яшчэ разумнай і разважлівай. Яна ведала, што няшчасныя дзеці не бываюць надзейным апірышчам для сваіх бацькоў, якім бы матэрыяльным багаццем ні валодалі. Шчасце дзяцей — трывалы падмурак годнай старасці бацькоў. Доўга ўгаворвала мачыха Ганну, але згоды ад яе дамаглася, калі пацэліла ў самае сэрца. Згадзілася, бо зразумела: Васіль яе не возьме.

Выбар Васіля — не здрада Ганне і каханню да яе, а вернасць сваёй мэце. Спалучыць жа адно з другім было немагчыма. Спалучыць ці зрабіць іншы выбар мог нехта іншы, але не Васіль.

Крытыкі і многія чытачы лічаць, што ў Васіля некалькі разоў была магчымасць паправіць сваю «памылку». Свядомы крок памылкай не з'яўляецца! Так, Ганна некалькі разоў угаворвае яго кінуць усё і пачаць жыццё спачатку, пераконвае яго, што разам яны ўсё адолеюць…

Лёс Васіля надзвычай трагічны. Мары яго не суджана было здзейсніцца, як ні высільваўся, як ні набліжаўся да яе. Тое, дзеля чаго ён «пераступіў», ахвяраваў сваім «летампесняй, летам-святам», нішчылася на вачах. Жыць інакш ён таксама не можа, бо на шляху да іншага, другога, хай сабе і не такога, пра якое марылася, жыцця ёсць тое, «пераступіць» цераз што ён не можа. Яно — святыня, роўная зямлі і жаданню быць на ёй гаспадаром. Святыня гэтая — дзіця. Нават ад нялюбай, вечна соннай Мані, але яго роднае дзіця! Ён нават у думках не дапускае, што яго сын будзе бязбацькавічам.

Ментальнасць мужчынская (адвеку так было ў нашым народзе!) — быць адказным за звітае гняздо, якія б матывы ні ляжалі ў яго падмурку. Права выбару сваёй палавінкі належала мужчыну, але і абавязак адказнасці таксама лажыўся менавіта на яго. У ментальнасці нашага народа — клопат пра дзяцей. Здрада сям'і, развал яе, асірацелыя дзеці-бязбацькавічы пры жывых бацьках — недаравальны грэх. Усведамленне яго было падмуркам векавой народнай маралі.

У вобразе Ганны не толькі ўвасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны, услаўлена беларуская жанчына, але і паказана жаночая ментальнасць. Яна выяўляецца ў імкненні і гатоўнасці жанчыны віць сваё гняздо з каханым чалавекам, быць ахоўніцай сямейнага ачага, ісці за каханым, як нітка за іголкай. I ў тым сіла жанчыны, яе прыгажосць і прызначэнне. Такая — Ганна. Лёс яе таксама трагічны, бо не сцярпелася і не злюбілася, хоць выходзіла яна за Яўхіма з цвёрдым намерам быць яму вернай жонкай і добрай маці сваім дзецям. Аднак Яўхім не выканаў адзіную яе ўмову: «кеб падобраму було». У жыцці і мастацтве ёсць нямала прыкладаў, калі двое сходзяцца без узаемнага і палкага кахання, але здольны дажыць да яго.

У рамане Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» з незвычайнай мастацкай сілай засведчана, як двое сышліся спачатку толькі з-за спагады адно да аднаго, сышліся, каб выжыць у гэтым бязлітасным свеце, але змаглі дажыць да кахання. У апісанні нараджэння кахання мастак-псіхолаг памайстэрску карыстаецца дэталлю, запаволенымі бытавымі замалёўкамі, быццам вучыць і нас бачыць узвышанае ў зямным, паэзію — у прозе. Прыгадаем сцэну, як Волечка і Кастусь выпрабоўваюцца «спакусай» спажыць кавалак цудам ацалелай пад страхой каўбасы. Кастусь, намалаціўшыся да стомы, ідзе ў хату і бачыць на стале спакуслівую каўбасу, якую яму перад гэтым прапаноўвала Волечка з'есці. Але сорам за сябе стрымлівае яго. Тое ж самае перажыла пасля Кастуся і Волечка і таксама здолела перамагчы сябе. Назаўтра «яны з'елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць». Такое святое каханне з'яўляецца вынікам нястомнай духоўнай працы і адначасова ўзнагародай за яе. Мележаўскі Яўхім на такія духоўныя намаганні быў не здольны, і таму на патухлым вогнішчы яго кахання толькі дым і чад. Яўхім меў сілу, каб перамагчы іншых, але не сябе самога. А такая сіла нішчыць і руйнуе, але не стварае.

Назначэнне вобраза Ядвісі з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» заключаецца ў тым, што каханнем і адносінамі да каханай выпрабоўваецца галоўны герой — Лабановіч. Пісьменнік правёў свайго героя праз многія выпрабаванні, аднак, бадай, самага моцнага эстэтычнага ўздзеяння дасягнуў гэтым вобразам аўтар, калі выявіў да ўсяго яшчэ і здольнасць свайго героя разумець і бачыць сапраўдную прыгажосць, а не толькі «дзявочую шыльду», на што здольны, на жаль, нямногія. Існуе справядлівая думка, што мужчына выпрабоўваецца адносінамі да жанчыны.

Чыстыя, святыя і ўзнёслыя былі пачуцці Лабановіча да сваёй каханай, вочы якой гаварылі яму ўсё пра стан яе душы. Вочы яе смяяліся, а ў іх малады настаўнік чытаў сапраўдную драму душы тонкай, далікатнай, якая пакутуе ад нечага такога, пра што і расказаць нельга.

Вобраз Ядвісі напоўнены глыбокім філасофскім сэнсам. Чытач, уражаны сілай пачуцця (прычым пачуцця ўзаемнага!), не можа змірыцца з воляй аўтара, які разлучыў «дзве палавіны», бо каханне ўзаемнае, чыстае і адначасова нязбытнае — трагедыя. Шчасце ж было так блізка, так магчыма, двое так гарманічна падыходзілі адно аднаму — чаму ж не збылося? Чаму яна так раптоўна паехала? Якой атруты, што на дне келіха з жаданым для яе напіткам, яна так баялася і таму не захацела выпіць яго да дна?

Вобразам Ядвісі, трагедыяй светлага і прыгожага кахання пісьменнік нагадвае нам пра адзін з вечных законаў жыцця: за грахі бацькоў расплачваюцца іх дзеці. Адмоўны вопыт, урокі жорсткасці, бесчалавечнасці, набытыя ў сям'і, могуць не лепшым чынам паўплываць на душу, псіхіку чалавека і скалечыць усё яго далейшае жыццё. Забываюцца людзі пра тое, што зло, спрычыненае імі, абавязкова да іх жа і вернецца, толькі патрапіць у самае балючае і дарагое для іх. Вопыт Ядвісі, набыты ёю ва ўласнай сям'і, скалечыў яе лёс. Бацька без пары звёў у магілу маці дзяўчыны (таму яна са скрухай адказала Лабановічу на камплімент, што ў яе маці таксама былі прыгожыя валасы, толькі доля нешчаслівая), на яе вачах жорстка здзекаваўся з мачыхі, а на людзях быў прыгожым, абаяльным, з вытанчанымі манерамі. I ніхто, акрамя Ядвісі і бабкі Мар'і, якой даверыла сваю горкую тайну мачыха Ядвісі, нават і не здагадваўся, якая драма разыгрываецца ў сям'і пана падлоўчага. Але нават бабка Мар'я з яе мудрасцю і шчырым жаданнем дабра маладым не магла і падумаць, што ніякія іншыя непаразуменні, а страх Ядвісі перад «атрутай» стаў прычынай трагічнага разрыву.

Страх «атруты» — страх расчаравання: а што, калі і за шыльдай знешняй інтэлігентнасці, прывабнасці Лабановіча хаваецца жорсткасць і бесчалавечнасць? Ядвіся робідь свядомы выбар: лепш светлы ўспамін і светлая самота па нязбытным каханні, чым горыч і боль расчаравання, што для любога чалавека заўсёды трагедыя, бо рушацца надзеі. За сваю жорсткасць і двухаблічнасць пан падлоўчы заплаціў шчасцем дачкі, бо невядома, як складзецца лёс такой тонкай і багатай натуры, як Ядвіся. За вялікае шчасце для сябе ён палічыў бы мець такога зяця, як Лабановіч, але падмурак шчасця ў доме дзяцей — справы бацькоў. А справы бацькоў былі такімі, што пасеялі яны недавер да ўсяго добрага ў душах дзяцей і жаданне як мага хутчэй вырвацца з дому, дзе пануюць не мір і згода, а дзе чалавек знішчае бліжняга свайго.

Жыццёвыя гісторыі, засведчаныя таленавітымі творамі, пераконваюць нас, што каханне ці адсутнасць яго ўплываюць на лёс чалавека. Руйнуючы каханне, чалавек сам руйнуе свой лёс. I як не пагадзіцца з мележаўскай Ганнай, якая даводзіць: «Ці доля — горб ад Бога? Доля — ад чалавека! Ад розуму!» Так, сапраўды, ёсць абставіны, якія мацнейшыя за самых моцных. Нельга не пагадзіцца з быкаўскім Петраком, што бяда не робіць чалавека лепшым, яна толькі выяўляе ўсё лепшае ці горшае ў чалавеку. Аднак у звычайных, неэкстрэмальных абставінах толькі ад чалавека залежыць стан яго душы. А стан душы вызначаецца самым галоўным у ёй — любоўю да бліжняга. Любоў ёсць самая дасканалая прыгажосць, якая ратуе свет.

Загрузка...