XII

Неяк прыціхла, журботная стала вёска. І не восень жа на дварэ, калі льюць халодныя дажджы, дыхаючы стынню на людзей і заганяючы іх у хаты, а чэрвень — самая пара росквіту. Ацяжэла зелень — і стаячая, і ляжачая: спела, налівалася, пладаносіла. У гародах ужо шчыпалі б кроп, пёркі цыбулі, бралі б агрэст і парэчкі, вырывалі б з зямлі моркву, з бацвіння варылі б баршчы, а з лесу неслі б бітончыкі ярка-чырвоных, цемнавата-пераспелых суніц, у кошыках — першыя грыбы: рудагаловыя крамяныя каласавікі і вясёлыя матылькова-жоўтыя лісічкі.

Але ўпершыню за гісторыю зямлі на гэтыя дары лясоў і палёў была накладзена забарона: не браць, не есці! Усё, здаецца, выпрабаваў на сабе чалавек: войны, голад, хваробы. Што яму новае адкрыеш, чым напалохаеш? Ад усяго ён знаходзіў паратунак, усё перамагаў і заставаўся жыць. Перад новым ворагам-невідзімкаю ён разгубіўся...

За ветрам у вёсцы сачылі з адным намерам: прынясе ён дождж ці не. У касавіцу, падчас жніва гэта было край важна, але не так страшна. Цяпер накірунак ветру людзей трывожыў куды больш.

Пятро Клімаўскі, стоячы на двары, глядзеў на неба — адкуль плывуць хмары. Яны плылі з-пад Шарыпчынай Грывы, а знаць — адтуль. Сум на душы пагусцеў. Вось жа не бывае так, каб жыць, жыць і не тужыць. Адбіўшыся ад адной непрыемнасці, упіраешся ў другую. Цяпер жа гэтыя непрыемнасці быццам выбралі сабе адну хату ў Залівонаўцы — яго, Клімаўскога. Такога цяжару ён ніколі ў жыцці не адчуваў, і раз яшчэ трывае, як кажуць, не палез у пятлю, знаць, чалавек ён моцны. Моцны-то моцны, а Залогу, хіляку, саступіў, паддаўся. Калі папраўдзе, не хацеў звязвацца, не хацеў крыку, разбораў, абгавораў-нагавораў, бо яшчэ і сам да канца не быў упэўнены ў сваёй задуме. А цяпер хіба толькі бог і ведае, што ды як будзе. Лашкову скажа прама: сталі грудзямі залівонаўцы — Залога там ці хто іншы, называць не будзе. Не далі, і ўсё. Няхай сам разбіраецца, даводзіць сваю афёру да канца. Пайшоў ён да фені, дзяяч такі. Дзяцей забралі, усё ціха — каму гэты помнік у галаве? Хто каму што будзе гаварыць? Самім трэба глядзець. Што толку, што некаму вочы замажаш: табе не трэба, дык чужому і пагатоў. Каму баліць, той і крычыць.

Выйшла з хаты Насця, пастаяла на ганку, пацягнулася, выпнуўшы грудзі, а тады падышла да яго.

— Дык што рабіць будзем? — спытала.

— Ну што, дзяцей адправілі, цяпер самім і паміраць можна...

— На сэрцы цяжка... без дзяцей.

— Што зробіш...

— Можа, па сто грам вып’ем — тугу развеем. Раяць...

— Не дуры ты галавы!

У яе голасе ён улавіў раздражненне. Зрэшты, ужо даўнавата яму пачало здавацца, што жонка да яго пахаладзела, няма трапятання ў яе перад ім. Задуменнасць, ці што, у вачах паявілася. Сям’я, дзеці — гэта зразумела. Ды яшчэ не можа ніяк дараваць, што ён тады сарваў яе з загадчыцы клуба. Калі толькі ў гэтым прычына, то не бяды. А раптам ён нямілы ёй стаў, можа, сохне баба па кім-небудзь, чужой ласкі ёй захацелася. У таго ж Залогі вочы гараць, не праміне, каб не зачапіць. Мала што гавораць, нібыта Залога на жарцікі адно і здольны, далей яго намеры не ідуць. Хто яго ведае, а можа, ён такі хітры, і гэта яго манеўр. Такія падазрэнні абражалі яго, Пятра, шкада было сябе, але нічога і зрабіць з сабою не мог: тады-сяды настойліва тачылася ў галаву думка, што Насця, халера, не супраць фліртануць. Трэба калі-небудзь узяць дзягу ды краянуць разы два каля сядзёлкі, прыструніць. Не трымай бабу ў лейцах — распусціцца, факт.

Сам ён да жанчын не быў падкі, не цёрся каля чужых спадніц, не лавіў моманту. А калі не ловіш, то і ніхто не бяжыць табе на шыю вешацца.

Ён толькі раз здрадзіў жонцы, тады як вартаўніком быў. Паспрабуй было не здрадзь, дый, мабыць, няма ў свеце ніводнага мужчыны, каб жонцы не здрадзіў, прынамсі, як збяруцца мужыкі ў кампанію, дык толькі і чуеш: я тую, я гэтую... Бог яе ведае, можа, выдумляюць.

Гэта было, здаецца, на другім годзе яго вартаўніцтва. З Украіны прыйшло дзве машыны — пяць мужчын і баба сярод іх. Ды баба, як кажуць, усім бабам баба. Высокая, белая, валасы ніжэй пояса, сукенка на ёй лёгкая ці, можа, нават халацік, расшпільваецца з верху да нізу, і куды ні глянь — усё з яе выпірае. Станіслава звалі яе, сама падышла да яго і назвалася.

Селі абедаць на ўзлобку гары ў лесе — чарка, закусь, жартачкі. Станіслава сядзіць каля яго, ногі пад сябе, і калені белыя, моцныя, як свежы зрэз на бярозе, на мху ямкі выціскаюць; на другое сцягно пераваліцца — у каленях шыгаллё ўплішчынае. І дакранаецца да яго — то каленьмі гэтымі, то локцем, то валасамі. Не будзеш жа адсоўвацца ды чырванець — не хлапчук, а ў нейкія імгненні ён чуў, як сэрца ў грудзях пачынала мацней стукаць: тых-тых-тых... Ад чаго? Не піў жа ён зусім, толькі прыгубіў.

Мужчыны неяк неўпрыкмет разышліся на другую машыну сена грузіць, а яны ўдваіх засталіся. Станіслава травінку на палец накручвае і валасы ўсё кіўком галавы адкідвае з твару. Ён сядзіць, і мову яму адняло. Каб добрую чарку ўзяў, то за язык не трэба было б цягнуць.

Тады яна пытае: «А суніцы ў гэтым лесе ёсць?» Ён абрадаваўся, падумаўшы, што нарэшце яна пакіне яго: «Ёсць-ёсць! Многа тут...» А яна: «Пакажы мне, калі ласка, дзе яны растуць».— «Ды на палянах суніцы скрозь...» Ён убачыў на яе твары з’едлівую ўхмылку, апусціў ажно вочы. «Я адна заблуджуся, я — гарадская, зусім не ўмею арыентавацца ў лесе...» Яна ўзяла з кабіны алюмініевы бітончык, накінула наапашкі кофту, і яны пайшлі...

А Насця? Хто ведае, ці быў у яе ўжо пры ім чужы мужчына? Баба яна ў яго, канечне, відная — і тварам, і паставаю. Любому мужчыну кінецца ў вока. Іншая рэч, што тут, у вёсцы, няма дзе разгарнуцца. Але ж ездзіла яна, тады як у клубе працавала, на ўсякія нарады, у раён і ў вобласць. Адзін год была нават у Доме адпачынку пад Бабруйскам. Ды хіба ўсочыш за бабаю, калі яна ў збродлівую кошку ператворыцца?

Пятру не спадабалася, што жонка не прыняла яго прапановы выпіць. Ды не выпіць, проста па душах пагаварыць. Раней жа, бывала, сядуць вечарам за стол, пагамоняць, і любоў тады была ў іх гарачэйшая, акурат палюбоўнікі яны. Праўда, цяпер не да любові, але гаркоту на сэрцы трохі прытушыць не шкодзіла б.

Ён раззлаваўся.

— Я — «не дуры», а другія няхай дураць!

Яна глянула на яго пранізліва.

— Чаго ты прыліп да гэтых «другіх»?

— Выкручваешся?

— Мне ніхто нічога благога не зрабіў...

— А харошага? Скажы, хто табе што харошага зрабіў? — Пятро, як вар’ят, вырачыў вочы, наблізіў твар да жонкі.

— А ты?

— Ах, сука!..— Пятро пляснуў жонцы па шчацэ. Адхапіў руку, быццам дакрануўся да распаленага жалеза. Глядзеў на жонку і сам не разумеў, за што яе ўдарыў,— дурная рэўнасць ці проста нервы здалі. Даўно ўжо здалі, не можа сябе трымаць у лейцах. Дзе не здадуць, калі раптам усё рухнула: аўтарытэт, надзея, мэта, хоць не жыві, кладзіся ў магілу і памірай. Лепшы ў вёсцы двор, гараж, машына — усё страціла сваю вагу, абясцэнілася. Быццам ён аджыў свой век і цяпер трэба паміраць. Якраз такое было адчуванне. І з жонкаю во яшчэ пасварыўся — нідзе ніякай падтрымкі, затрашчаў па ўсіх швах. Былі б дзеці — з імі забаўляўся б, каб хоць на час забыць, што ён такі няшчасны.

Насця хапілася за шчаку і адвярнулася да частаколу — нечым напомніла яму першую жонку: тая часта вось так стаяла, адвярнуўшыся, і плакала. Ён спалохаўся, што яна зараз залямантуе, закрычыць, пачне сыпаць праклёны.

Але — яна маўчала, нават не хліпала. Нешта яе стрымлівала. Што? Віна? Га? Усё-ткі віна? А можа, тое адзінае ў сваім родзе жаночае пачуццё, якое не дазваляе пераступіць мяжу, за якою рушыцца сям’я. Канечне, яна, Насця, нідзе не працуе, дзяцей куча — трэба думаць, як іх расціць, карміць, апранаць. Гэтая думка сядзела ў ёй з самага пачатку, бы стрэмка, якая нарывае. І ён, Пятро, імкнуўся дзецьмі прывязаць яе да сябе, адабраць права на незалежнасць.

Ён дамогся свайго. І Насця саступіла яму зноў, як ужо саступала няраз, заганяючы глыбока ў душу жаночы гонар. Ды яна адчувала, ведала, што цярпенне яе не бясконцае. Калісьці яно можа лопнуць, і тады ад яе можна чакаць самага бязглуздага выбрыку.

Ляпнулі весніцы — зайшоў паштальён, кульгавы Броня. Веласіпед свой паставіў каля лавачкі. Многія здзіўляліся, як ён ездзіць на веласіпедзе, бо левая нага ў яго прыметна карацейшая за правую. А Броня сапраўды налаўчыўся — правай цісне з сілаю, а левай ловіць педаль толькі ўверсе, бо ўнізе не дастае, і таксама націскае з усёй сілы. Цяжкі ў Броні лёс, нарадзіўся ў вайну, нібыта ад афіцэра-акружэнца, татарына; маці ў канцы вайны, калі немцы, адступаючы, палілі вёску, загінула. У Броні і сапраўды шыракаваты твар, вузенькія чорныя вочы, але валасы светлыя, як у маці. І такая ж светлая ў Броні душа — усім ён спачувае, чым можа, дапамагае, купляе і раздае дзецям цукеркі. Быў памочнікам кінамеханіка, цяпер, калі ўжо не круцяць у Залівонаўцы кіно, разносіць пошту.

— Вам пісьмо...— гаворыць Броня і зніякавела паглядвае то на Пятра, то на Насцю: адразу адчуў, што нешта між імі няладнае.

Пятро ўзяў у яго з рук газеты і пісьмо. Броня сказаў «дзякуй» і пакульгаў з двара.

Пісьмо прыслала яго сястра, Танька. Яна жыве ў Віцебскай вобласці, туды завёз яе адзін з электрамантажнікаў. Даўно не пісала. Што гэта яна надумалася? Пятро гучна сказаў, каб чула Насця, ад каго пісьмо, бо яна магла падумаць, што ад сына, Гены. Насця крутанулася і пайшла, каб паказаць, што крыўда на яго ў яе не прапала.

Пятро разарваў канверт і, заціснуўшы яго між пальцаў, стаў чытаць ліст. Сястра пыталася, як жывуць, як здароўе... «Чула, у вас там радыяцыя... Многія сем’і з Гомельскай вобласці прыехалі да нас. Можа, і ў вас там будзе кепска, дык прыязджайце — месца знойдзем...»

Не чакаў Пятро, што сястра ўспомніць, падумае пра яго. Не забыла, што ён дапамагаў ёй, калі вартаўніком быў, усуне ўкрадне ад Насці то пяцёрку, то дзесятку.

Але сестрыно пісьмо не супакоіла яго, а яшчэ больш падсыпала клопату і перажыванняў. Нарадзіла новую, зусім нечаканую для яго ідэю. Яна перш нясмела закрадвалася ў сэрца, а потым завалодала ім так, што ён не ведаў спакою і ўначы. Не спаў, глядзеў у асвечанае месяцам акно, на якім цень ад яблыні маляваў мудрагелістыя прывіды.

З Насцяю яны не памірыліся, і яму не было з кім параіцца, суняць сваю трывогу. Ад гэтага яна цяжэла, а галаву быццам нехта ўзяў у ціскі і ўвесь час падкручваў гайку. Ён схадзіў нават у ФАП, доктар змераў ціск, сказаў — «норма, як у касманаўта». І яму сапраўды палягчэла, ці не ўпершыню за апошнія дні ён усміхнуўся сам сабе. Прыехаўшы на абед, ён першы абмовіўся да жонкі.

— Што дуцца, калі разам жывём,— голас у яго быў лагодны.— Не ведаю, што во рабіць...

Насця не адказала, хоць і кальнула ёй у сэрца: штосьці важнае мужык замысліў. Яна маўчала, ліхаманкава перабірала думкі. І тады ўспомніла пра Таньчына пісьмо, яна яго прачытала таксама, бо Пятро яго не схаваў, палажыў на швейную машыну. Можа, што з ім звязана? Яна не памылілася. Ён сказаў:

— Сястра запрашае да сябе...

Насці абрыдла гульня ў маўчанку, і яна не вытрымала: калі б дзеці, яна не загаварыла б, гэта пэўна.

— Назаўсёды?

Пятро абрадаваўся.

— Хто ведае, як яно складзецца!..— Ён не тлумачыў жонцы, што мае на ўвазе, хоць думаў і пра гэтую заваруху з помнікам, і пра радыяцыю, і нават пра бойку з Залогам. Гэтыя дні ён заглянуў у самыя патаемныя куткі сваёй душы. Не хацелася ставіць на сабе крыж, цяжка было нават уявіць, што жыццё адрыне яго як нягоднага, а астатнія, менш вартыя, будуць піць насалоду поўнымі келіхамі. Няўжо яму век гніць тут, у гэтай радыяцыі? Ходзяць чуткі, што яна — надоўга, можа, нават не на адну сотню гадоў. Жах падумаць! Нават дзеці яе не перажывуць. Ну, да школы пабудуць у лагеры, а тады?

Ад тужлівых думак трашчала галава, нехта няўмольны падкручваў гайку.

— Неяк у чужое месца ехаць...— У вачах у Насці плавала задуменнасць.

— А што рабіць? — наступаў ён, адчуўшы, што жонка ў душы ўпарціцца, не згодна з тым, на што ён яе змушаў.— Саміх ужо халера бяры, а дзеці?

Дзяцей і ёй было шкада, не менш, а больш, чым яму.

— Паглядзім, як людзі...— усё яшчэ сумнявалася Насця. Калі б не было той сутычкі на двары, можа б, яна і не падумала пярэчыць мужыку. А так пярэчыла не столькі яго думкам, колькі яму самому.

— Што людзі? — Голас яго зноў павысіўся да крыку.— На людзей глядзець...— Ён хацеў сказаць, што няма тут, у Залівонаўцы задрыпанай, на каго глядзець, раўняцца, з яго павінны браць прыклад забулдоны ўсякія. Ды, зрэшты, толькі кончаны ідыёт жыве адным днём, не думае пра заўтрашняе. Дэпутацтва трымае? Гонар гонарам, а справа гэта такая: сёння дэпутат, а заўтра не выбралі. Панасіў ён ношку, няхай хто другі паносіць. А калі на тое, ён і ў новым месцы заслужыць. Такіх людзей, які не падвядзе, усюды прымячаюць. Упэўненасць яго мацнела, а жончына слабела. Ён гэта бачыў па яе твары. Здаецца, у яго пачалі вырастаць крылы, у целе чулася лёгкасць. Цягнік набіраў хуткасць, вывозіў яго з тупіка. Часта ж гавораць, што з любой пасткі ёсць выйсце.

— А што спяшацца? — Сумняваючыся, Насця пакутліва думала. У яе ўжо не было той безагляднасці, з якою раней яна давяралася мужу.

— Ну і спаць у шапку не трэба! — З Пятра перла рашучасць.— У мяне ёсць адгулы, вазьму адскочу да сястры, прапытаю, што ды як. Можа, яны там нешта параяць. А ты да дзяцей з’ездзі...

Яна ўжо збіралася ў гэтую паездку сама і яшчэ сёння меркавала паехаць ціхачом, нічога не гаворачы Пятру, каб паскакаў, пахваляваўся, думаючы, што яна ўпрочках. Яму, канечне, нічым не сагразіш, і трэці раз жэніцца, знойдзе сабе ўдаву ці нават дзеўку, але і паказаць, што без яго ў яе свет рушыцца, таксама нельга.

— Што толку... Нічога ж ім не завязеш,— пашкадавала.

— А навошта везці? Ім хапае ўсяго там! Нават жа ў нашу во краму... чаго век не было, нейкіх югаслаўскіх кансерваў, пашцетаў навезлі. Ты ім даражэй усякіх прысмакаў будзеш.

Яны разышліся пасмірнелыя, кожны ўзяўшыся нешта рабіць па гаспадарцы. Управіліся хутка і рана леглі спаць.

Загрузка...