ІХ
Раніцаю, перакусіўшы, Пятро Клімаўскі паехаў у праўленне на нарад. Там ужо стаялі машыны і трактары. Мужчыны, збіўшыся кучкаю каля ганка, курылі. Пятро, праходзячы міма, павітаўся — кіўнуў усім: «Добрай раніцы!» Ён ведаў, што Туземчык, старшыня, ужо на месцы, і хацеў да нарада пагаварыць з ім.
Туземчык сядзеў за сталом, нешта пісаў — ручка нервова тузалася ў руцэ. Ён быў у цёмным світэры. Пятро падышоў, і старшыня падаў яму пульхную, мяккую руку. Шчокі і падбароддзе ў старшыні адвісалі, і апушчаныя ўніз куточкі рота надавалі твару сумны выраз. Але светла-шэрыя вочы былі жывыя, глядзелі порстка. Старшыня Пятра Клімаўскога шанаваў, у думках, сам сабе, называў яго Белай Варонаю, бо за гэтыя два гады, якія старшынюе, ні разу не бачыў яго п’янага. Ніколі ні ў чым не адмаўляў, ішоў заўсёды насустрач. І цяпер Туземчык уторкнуў у прыбор ручку, нарыхтаваўся слухаць.
— Трапіў я, Іванавіч, як кажуць, у нерат...— пачаў Пятро, сеўшы на крэсла і палажыўшы на стол руку.
— Ні ўзад ні ўперад? — падхапіў, усміхнуўся Туземчык. Па ім у размове ніколі не скажаш, што ён строгі кіраўнік — заўсёды выслухае, унікне ў справу, падкажа,— але апраўданняў, што тое ці другое перашкодзіла зрабіць, не прымаў.
— Ну эвакуацыя ж гэтая... Дзеці мае ў цешчы ў Лютаўцах. Трэба ехаць забіраць... Калі тут іх вывозіць будуць?
— Не гавары ты, клопату падкінулі нам,— уздыхнуў старшыня.
— А па-другое, справа гэтая з помнікам завязалася...— Пятро падняў сумныя вочы, а праўдзівей, зрабіў іх сумнымі, каб расчуліць старшыню.
— Што, гарыць? — Туземчык падумаў, што Клімаўскі мае на ўвазе новы помнік — «бабу», як яго называлі мясцовыя.
— Лашкоў настойвае.
— Ці да помніка цяпер? Трэба дзяцей ратаваць.
— Хлынуць чужыя, усякія камісіі — не хоча ганьбы.
— Каму якое дзела да помніка да вашага? — Туземчык забарабаніў кароткімі пальцамі па стале. Кароткія пальцы рабілі падобнай руку на краціную лапу.
— На віду ж стаіць...
— Як стаіць? — напружыўся, падняў плечы Туземчык.
— Стаіць занядбаны. Убіраць трэба.
— Ах дык ты пра стары! — здагадаўся Туземчык.— Пра той, што каля шашы... Ну, ды што вы хочаце з ім рабіць?
— Я ж сказаў — убіраць. Можа б, каму нарад выпісалі?
Старшыня адкінуўся на спінку крэсла, зноў забарабаніў кароткімі пальцамі па стале. Ён адразу зразумеў, што справа, з якою прыйшоў Клімаўскі, няпростая. Ён чалавек нетутэйшы, выпадковы, можна сказаць, і калі напракудзіць — людзі не даруюць. Непрыкметна, цішком будуць шкодзіць, соваць палку ў колы. І ён тады сябе не зарэкамендуе, не пакажа перад вышэйшым начальствам, і кар’ера на гэтым скончыцца.
Чужак, ды яшчэ настроіць супраць сябе людзей... Хіба паднімеш калгас? Іншая рэч — свой чалавек. Ён жыве заслугамі роду, памяццю аб дзядах, бацьках... Даруючы памяці — даруеш і яму, бо чалавек вывяраецца і правяраецца памяццю. А яго памяць, карані далёка, на Смаленшчыне. Там ён нарадзіўся, там жыве яго маці, дзве сястры і брат. А яго, бы тую крыгу ў паводку, адарвала ад берага і нясе ўдалеч, якая невядома дзе і які рыхтуе яму канец.
— Не, Фёдаравіч! — раптам сказаў Туземчык цвёрда.— На гэтую афёру я не пайду. Як хочаце, што хочаце рабіце самі, а я бурыць помнік чалавека пасылаць не буду. Не ўцягвайце мяне, калі ласка, у гэтую справу. У мяне сваіх па глытаўку. Вы — улада, вы і разбірайцеся. А я чалавек тут часовы: прыйшоў, пасядзеў і пайшоў.
Туземчык з Лашковым не ладзілі: не было вялікіх спрэчак, але і дружбай не пахвалішся. Неяк адразу між імі праляцеў скразнячок адчужанасці. Лашкоў, мабыць, лічыў, што ён улада, гаспадар тут, старажыл, і паводзіўся незалежна, але не меў на сваёй пасадзе нічога такога, за чым старшыні калгаса было ісці на паклон. Якраз у душы Туземчык чакаў, што Лашкоў будзе прасіць у яго і машыну, і лес, і сена, і таму павінен запабягаць. Гэтыя іх незалежнасць і фанабэрыя перарасталі ў непрыязнасць. Туземчык будзе ехаць на легкавіку, а Лашкоў стаяць на прыпынку — адвернуць морды, як бы і не бачаць адзін аднаго. Так і пазбягалі абодва, каб не сутыкнуцца, не вырашаць адну справу.
«Дык што ж гэта такое?!.— ледзь не гваздануў кулаком па стале Пятро.— Куды ні паткніся — адбой. Чаму гэта на мне ўсё заштопарылася? Кожны мае права адмовіцца, а я не маю. Я што, гаспадар таго помніка, ці што? Пайшло яно ўсё!..»
Пятро зноў быў блізкі да адчаю, але паколькі адзін раз яго перажыў, то цяпер было лягчэй закілзаць сябе. Ён толькі пабялеў і адчуў, як у грудзях часта б’ецца сэрца.
— А што да дзяцей, то можаш ехаць па іх,— гледзячы на танец сваіх пальцаў, сказаў Туземчык сухаватым голасам. Трэба было канчаць гэтую непрыемную гаворку і пачынаць нарад. Ужо заглянуў у дзверы галоўны заатэхнік, потым аграном — хлопцы маладыя, нецярплівыя: рэдкі раз не спазніліся, у час прыйшлі, і то не будуць ацэнены, заўважаны старшынёю. Хлопцы хлопцамі, але і спраў хапае: касіць, акучваць, будаваць, даіць, пасвіць... Здаецца, знаёмая, звыклая кожная работа ў вёсцы, людзі выраслі на зямлі і ведаюць яе як свае пяць пальцаў, але — дзіўная рэч — з дробязей раптам намотваўся такі клубок праблем, вырашыць якія не заўсёды было пад сілу нават яму, кіраўніку з немалым стажам і дзвюма вышэйшымі адукацыямі. Тая зямля, тыя ж людзі, але кожны іх новы крок не паўтарае ранейшы.
Засмучаны, Пятро выйшаў з праўлення, і ў дзверы да старшыні падаліся адразу ўсе мужчыны, несучы з сабою востры пах тытуню і прамасленых, прапітаных потам камбінезонаў.
Ён зганяў у Лютаўцы, забраў дзяцей з жонкаю, на твары якіх убачыў трывогу і нейкую журботную засяроджанасць. Не вельмі іх суцяшаў, бо ў самога на душы было пагана: марнуе час, тады як астатнія зарабляюць грошы, а над ім вісіць яшчэ як бомба, як пятля і гэтая справа з помнікам.
«Чорт бы іх пабраў!..» — не мог астыць, нерваваўся Пятро, едучы па дарозе ў Нямільню, у сельсавет.
Была другая палова дня. Сонца, неахвотна з раніцы выдзіраючыся з хмар, цяпер свяціла ярка, адбіваючыся ад капота трактара, сляпіла вочы. Пятро апусціў кардонны брылёк над лабавым шклом — і адразу спала напружанне з вачэй, яны расшырыліся, стала лёгка глядзець. Калі сам у цяні, то асветленая сонцам прастора выдае яркаю, празрыста праяўленаю, відаць кожны лісцік, кожная іголачка, кожная рыска на сасновай кары. Янтарнымі фартушкамі застыла на падсочаных соснах жывіца, а тыя кропелькі, што яшчэ не паспелі застыць, калюча бліскалі сінімі ўспышкамі.
«Трасянуў людзей гэты Чарнобыль,— пераключыў свае думкі з адной бяды на другую Пятро.— І колькіта часу пройдзе, пакуль гэтая зараза знішчыцца? Дзяцей нібыта аж да верасня вывезуць. Няхай адпачнуць, у лагеры пабудуць...»
Цяжка было згадзіцца, што не вайна, не землятрус, не паводка, а над людзьмі навісла пагроза, смерць падкрадваецца да іх без шуму, стрэлаў, выцця, рову, непрыметна і невядома праз што ўсяляецца ў чалавека, разбурае і забівае яго. А не забівае, дык робіць калекам — без ран, без крыві, без болю. Чортведама што такое!
Лашкова ў сельсавеце не было. Сакратар Пятра ведала, яна была далёкая Насціна сваячка; сказала, што «Якаў Мікітавіч пайшлі дахаты». Пятро паехаў яго шукаць.
Лашкоў насіў у лазню ваду. Лазня стаяла на двары — між ёю і хлявом была фортка на гарод. Лашкоў быў у пінжаку і ў шляпе, знемагаў ад поту — твар блішчаў, валасы на скронях змоклі, пазакруціліся ў кольцы.
— У лазні паліш? — спытаў Пятро, не гаворачы адразу, чаго прыехаў,— хацеў выведаць, які ў Лашкова настрой.
— Трэба ж. Раяць мыцца кожны дзень пад душам...— У голасе чулася заклапочанасць.— Ну, чым абрадуеш? — Ён паставіў вёдры на лавачку — вада выпліхвалася, збіралася на зямлі, у пыле ў шарыкі.
— Гіблае дзела! — сказаў Пятро з адчаем.
Лашкоў адразу насцярожыўся, хоць і дасюль не быў да канца даверлівы, і непрыязна паглядзеў на Пятра. Што за дурань? Ці то і праўда сутыкнуўся з цяжкасцямі, ці за нос водзіць? Не пройдзе! Што ён, старшыня сельсавета, будзе ім парадак наводзіць — на вуліцах, у дварах, каля помнікаў? Самі запусцілі, а цяпер... Сказана — выконвайце! Вёсцы патрэбна культура, чысціня. Няхай не пяць, адзін будзе помнік, але дагледжаны, ахайны, прыбраны.
— Я думаў, што ты, Клімаўскі, чалавек кемлівы, рашучы, а ты мямля, баба... Ходзіш, стогнеш! Што, людзей мала? Ты ў Туземчыка быў? — Лашкоў апусціў вочы, махаў каля твару сваёй лапішчай. Закралася падазрэнне: можа, гэта ён, Туземчык, працівіцца ўсяму?
— Быў і ў Туземчыка...— панік зусім голас у Пятра.
— Ну і што? — У Лашкова застылі на твары і вочы, і вейкі, і губы — не варушыліся. Край важна было ведаць, ці працягвае Туземчык знарок пагарджаць ім.
— Ясна — што... калі прыехаў сюды. «Не ўцягвайце мяне, калі ласка, у гэтую справу».
Лашкоў мармытнуў, крутнуў разы два галавою. Чарціў наском чаравіка па зямлі, нешта думаў.
— Ты, чэснае слова, як маленькі, Клімаўскі! — выбухнуў ён, аж затросся падбародак, і больш не мог нічога сказаць. Тупа глядзеў на Пятра. Калі па шчырасці, ён і сам не бачыў выйсця, не мог падказаць, як, якім чынам разматаць гэты клубок з помнікам. Ён пакутліва моршчыў лоб, шукаючы ў галаве якія-небудзь новыя думкі, але яна была пустая, не хацела варыць, у ёй сядзела, як цвік, адно рашэнне — убраць. Не прывучана была ягоная галава пускаць думкі па шырокім крузе, яны круціліся па лініі ражкоў інструкцый і распараджэнняў, якія спускалі зверху, а на гэты раз іх не было, і мазгі яго забуксавалі.— Прыдумай ты нарэшце што-небудзь! — наліваючыся чырванню, хрыпеў Лашкоў.— На ўвесь Саюз прагрымець хочаш? Мы ж сабе месца тады не знойдзем!
Нападаючы на Клімаўскога, Лашкоў, аднак, трымаў на засцерагальніку адну-адзіную думку — каб не ляпнуць у запале, што раз няма чалавека, няхай ён сам, Клімаўскі, разбурыць помнік. Хоць быў не супраць і, зрэшты, да гэтага падводзіў. Не дурны ж ён, Лашкоў, асцярожны, вопытны: не дрэва старое ўбірае, а — помнік. Раптам пасля ўсё павернецца зусім іншым бокам і столькі грахоў прыпішуць. Колькі чаго пачыналі і потым каяліся! Грамілі цэрквы і старыя пабудовы... Сеялі кукурузу і рабілі торфа-перагнойныя гаршчэчкі... Спрамлялі рэкі і асушалі балоты... Аб’яўлялі неперспектыўнымі вёскі і секлі галінкі на корм... І столькі ў кожным парыве было захопленасці, пераканання, безагляднасці: вось, здавалася, узялі бога за бараду! І праз нейкі час энтузіязм згасаў і выяўлялася, што на асядланым коніку ў рай не заедзеш, вяла дарога з гары (мэта здавалася ўжо блізка) — і раптам крута брала ўгару, кожны крок даваўся цяжэй і цяжэй, адале і зусім конік прыставаў, падаў на калені і выцягваў ногі... Парвалі каня. Па ім нават ніхто не плакаў, таму што ўнізе, на прыгожым лужку, іржаў, падбрыкваў ужо малады, свежы, аксамітны ў бліках сонца жарэбчык. Яму ўжо неслі сядло і залатую збрую пад урачысты, барабанны пошчак.
— Я прыдумаю, у бога маць!..— раптам скрыпнуў зубамі Пятро.— Во пайду і развярну яго ломам! Я ўжо звёўся з гэтым помнікам, цярпення няма... Адурыў і азяліў! Глядзі, што ў псіхбальніцу завязуць.
Лашкоў бачыў, што Клімаўскі сапраўды сутыкнуўся з цяжкасцю, мясцовыя людзі не зразумелі яго, мабыць, адвярнуліся, хай паднялі, асудзілі. Во і яму ўчора з рэдакцыі званілі: пісьмо прыйшло, што помнік залівонаўскі ў дрэнным стане, занядбаны. Хто напісаў, не сказалі. Ды ясна і так — Залога. Той усё піша... Лашкоў перш хацеў сказаць Клімаўскому пра гэты званок з рэдакцыі, але перадумаў. Чаго добрага, не разабраўшыся, напалохаецца і за вушы не прыцягнеш яго да гэтага помніка. Што тады рабіць?
— Ты не кіпяціся, брат,— супакоіў Пятра Лашкоў,— усё можна зрабіць спакойна, і будзе шыта-крыта.
Пятро не зразумеў, што Лашкоў меў на ўвазе пад гэтым «усё можна зрабіць спакойна», але распытваць не стаў, бо не сумняваўся: ніхто яму ні ў чым не дапаможа, не вызваліць яго, а толькі больш затлуміць.
— Ладна! — сказаў ён і пайшоў рашучым крокам. Лашкоў з неспакоем глядзеў яму ўслед: каб гэты Клімаўскі часам не нарабіў якой бяды. Яе, бяды, і так хоць адбаўляй. «Не было печали, так черти накачали»,— праспяваў ён сабе пад нос, узяў з лавачкі вёдры і панёс іх у лазню, з коміна якой віўся чорны дымок.