V
Пятро, возячы лубін, нагледзеў ускрай поля ў Шарыпчынай Грыве ладную крушню камення. Мабыць, школьнікі назносілі ўвосень, ды ніхто не забраў. І ён падумаў, што трэба забраць каменне, спатрэбіцца на падмурак пад гараж. У час абеду ён, скінуўшы на ферме лубін, паехаў па каменне. Крушня ляжала пад маладой каржакаватай ігрушаю-дзічкаю, зарасла метлюгом, яе апляла бярозка, расцвіўшы талерачкамі белых і ружаватых кветак.
Беручы камяні, Пятро чамусьці пабойваўся, каб у крушні не ляжала якая-небудзь вужака. Гэта ж як церам ёй, шмат хадоў-выхадаў, нягорача, халадок. Кончыкамі пальцаў, абломваючы пазногці, выкочваў з крушні камень, тады ўжо браў аберуч халодны, знізу вільготны, і кідаў у прычэп. Ніякай вужакі пад камнямі не было, дарэмна асцерагаўся, толькі бегалі, тачыліся ў зямлю чорныя бліскучыя жукі, падобныя на дрывасека, але не ціхаходы, жвавыя.
«Усё-ткі мілае дзела ў вёсцы трактар,— жмурыў ад задаволенасці вочы Пятро, седзячы за рулём,— ці там што падхопіш, ці там... Цяпер бы цэглы разжыцца!»
З двара на вуліцу, калі ён пад’ехаў, выйшла Насця. Глядзела ў яго бок, чакала, вецер матляў яе валасы. Звычайна яна ніколі яго не сустракала. Праўда, колісь у першыя гады, калі ён вартаваў луг, і яго часта падвозілі да хаты, яна мела звычку яго сустракаць. Ён тады нярэдка меў навар — свінныя кумпякі, каўбасу, тушонку, масла. Гарэлкі не піў, пра гэта ведалі нават на Украіне, адкуль прыязджалі па сена, і расплочваліся з ім ці то грашыма, ці прадуктамі, а аднойчы... Нават успамінаць не хочацца. Адным словам, жыў як кароль, пакуль не выгналі. Ды, слава богу, паспеў тое-сёе нажыць, пабудаваў хату, а старую прадаў аднаму пісьменніку з Магілёва на дачу. З тых часоў, як памяць, засталася бярданка, з крывою руляю — яна яму была не патрэбна, «зайцы» самі беглі ў каморку.
Убачыўшы Насцю, ён занепакоіўся: можа, што з дзецьмі? Там жа яны каля рэчкі, што хочаш можа здарыцца. Нядаўна вунь два пацаны, браты, утапіліся. Заглушыў трактар і выкуліўся з кабіны. Твар у жонкі сапраўды быў усхваляваны, валасы не расчасаныя і не сашчэмленыя грабянцом.
— Дзяцей трэба забіраць,— сказала яна.— Эвакуацыя...
— На рабоце я нічога не чуў.
— Залога заходзіў, у сельсавеце быў... Лашкоў наказваў, каб ты пазваніў у сельсавет... ці з’ездзіў.
— Ехаць далёка. Пазваню.
Тэлефон быў адзін на вёску і стаяў на ферме, у чырвоным кутку. Каб ведаў, то мімаходам спыніўся б, пазваніў. Нешта Лашкоў важнае, неадкладнае мае, раз прасіў праз Залогу... А чаго там быў Залога? Можа, наконт гэтага помніка насіўся, ажно затросся ўранні, калі пачуў. Яшчэ не хапала клопату з помнікам гэтым!
Ён скінуў каменне, сеў на веласіпед і пакруціў на ферму. Знайшоў там Чачорчыну Зінку, загадчыцу фермы, і яна адамкнула яму чырвоны куток. Ён пазваніў у сельсавет. Па голасе пазнаў, што Лашкоў не ў гуморы.
— Што там у цябе з тым помнікам? — адразу спытаў ён.
— Стаіць.
— Як, стаіць?
— Як і стаяў...
— Ты што сабе думаеш, Клімаўскі! — крычаў Лашкоў.— Трэба эвакуіраваць дзяцей. Ведаеш, колькі сюды наедзе чужых людзей, а мы будзем выстаўляць напаказ свае балячкі!
— Не так проста...— няўпэўнена запярэчыў Пятро, косячыся на Зінку, якая, выціраючы анучкаю пыл з падаконніка, пільна прыслухоўвалася.
— Шукай чалавека... І зараз жа!
Лашкову, відаць, і сапраўды прыпякло, надта быў ён узрушаны, не слухаў пярэчанняў, насядаў, настойваў.
«Яму там добра з кабінета камандаваць,— выйшаўшы з чырвонага кутка, падумаў са злосцю Пятро,— а паспрабуй тут...» Здаецца, такую перагародку жыццё перад ім даўнавата не ставіла, хіба што тады, як разводзіўся... Але там з бабаю, паслаў к бесу, і будзь здароў. Ад прагулу ці падазрэння якога выкруціцца — таксама не праблема. А тут...
Пятро ехаў з фермы паніклы і засмучаны. Можа, заглянуць усё-ткі да Залогі ды параіцца, як яго зліквідаваць, помнік гэты,— ён жа мураваў, ведае, што ды як. Але не варта, прапрэ палкаю з двара, толькі шуму наробіш. Трэба на гэтую справу папрасіць каго-небудзь іншага, хто не вельмі задумваецца, што робіць. Ёсць жа такія зухі, урвіцелі, родную матку прадаць могуць. Але ў іх Залівонаўцы наўрад ці знойдзеш такога, усе людзі як людзі. Ён пачаў перабіраць у памяці двары. І адлік яго спыніўся ўжо на чацвёртай хаце. Мымко! Павінен без лішніх слоў згадзіцца... Гады два назад у помніку, які стаяў у бярозавым гаі (салдат з аўтаматам у руках), завяліся пчолы — знайшлі пад пахаю ў салдата шчыліну і недзе ўнутры зляпілі соты. І нехта паквапіўся на дармовы мёд, праламаў на спіне ў салдата дзірку. Падазравалі Мымка — ён часта, бачылі, хадзіў вакол помніка, нешта ўсё «мымкаў», прынюхваўся, прыглядаўся. Прыязджала нават міліцыя, але што ў нямога дапытаешся.
У Мымка былі імя і прозвішча — Жэнька Хрушч. Але яшчэ хлапчуком ён упаў з ліпы, стукнуўся патыліцаю аб калоду і страціў голас і слых. На гэтае чорнае няшчасце ўпала яшчэ адна чорная смылючая кропля — падсунуў у цыркулярку левую руку, і яна падраўняла яму ўсе чатыры пальцы, у холад яны стылі, і ён ад снегу да снегу насіў футравую рукавіцу. Мымко не быў дурань, шмат хто спрабаваў, але нікому не ўдалося яго абкруціць, пад’юдзіць, насміхнуцца, часцей ён сам каго-небудзь «купляў» і тады доўга смяяўся і круціў каля скроні пальцам. Але на яго ніхто не крыўдаваў. Да яго ставіліся як да дзіцяці. А быў ён мужчына як мужчына, у час ажаніўся, прывёў сабе жонку — маленькую з дробным замшэлым тварыкам жанчынку з раённага цэнтра. Нажыў з ёю двух сыноў — старэйшы служыў у арміі, у Афганістане, трывожачы бацькоў пісьмамі, а малодшы хадзіў у восьмы клас. З ім жыла і яго маці, бацьку ў вайну расстралялі немцы за сувязь з партызанамі. Настойліва хадзіла чутка, што яго выдаў Язэп Касіла, хоць у сапраўднасці ён, наадварот, імкнуўся выручыць.
Нягледзячы што адна была «дэфектовая», рукі ў Мымка былі залатыя: ён прышчэпліваў садавіны, шыў боты, сталярнічаў, як і Залога, ляпіў печы... І рыбак ён быў адменны, без шчупака з Сажа не вяртаўся. Рыбакі, асабліва прыезджыя, дзівіліся, ім не спрыялі ні самыя адмысловыя снасці, ні па навуковых рэцэптах зробленая падкормка. У Мымка былі дзве вудачкі, адзін жывец і вялізная кірзавая торба для рыбы. Туды ішоў рукі ў кішэні, назад — угнуўшыся ад рыбы. Факт, былі ў Мымка свае сакрэты. Ён іх не ўтойваў, паказваў, чарціў на зямлі, як ловіць, на якую насадку, дзе ставіць жыўца, як чапляць кручок...
Паабедаўшы, Пятро пайшоў да Мымка. Той якраз быў на двары, сядзеў на новай нефарбаванай табурэтцы і нашываў латку на стаптаны чаравік. Маленькі чорны сабачка гуляў каля яго ног з палавінкаю ад гумавага мячыка.
Мымко падняў галаву, калі цень ад Пятровага пляча ўпаў яму на калені. Даўно няголены твар зарос белай густой шчацінаю, яна тырчыць і на падбароддзі, і на шыі. З-пад прыпухлых павек Мымко глянуў на Пятра жаўтлявымі пранізлівымі вочкамі. Толькі вачыма ён мог чытаць і разумець чалавека. Пятро неяк яшчэ раней, калі служыў у горадзе, дзе была фабрыка глуханямых, звярнуў увагу, што ў глуханямых людзей вельмі востры, цікаўны позірк, укручваецца ў цябе, як бураўчык.
«Мым-м?» — Мымко тузануў падбародкам уверх — гэта азначала, што ён пытае: «Чаго да мяне?» Пятро аглянуўся вакол сябе, падняў востранькую, падобную на літару «с», рыбіну косць (мабыць, з ляшча), далонню расчысціў на зямлі мясцінку і напісаў: «50 руб». Мымко наструніўся, на яго найшла лёгкая ўзбуджанасць, як на лісу, калі яна зачуе блізка мышынае гняздо. Ён любіў разавыя заробкі — «калымы» — калі нехта папросіць, некуды пазаве, каб у той жа дзень і расплаціцца. Мымко любіў грошы, ашчадна іх траціў, у кампаніі абавязкова ў каго-небудзь сшыбне закурыць.
Пятро накрэсліў у сябе перад ілбом зорку і махнуў рукою ў напрамку шашы, а потым яшчэ намаляваў у паветры абрысы помніка. Мымко заківаў галавою — зразумеў. Цяпер як бы ўталкаваць Мымку, што помнік у заняпадзе і яго трэба разбурыць. Ён зноў закруціў галавою па баках. З хаты да шыбы прынік Мымкоў сын — канапаценькі, драбнатвары, вельмі падобны на маці хлопчык з беленькімі валасамі. Пятру стала трохі не па сабе, што хлопчык уважліва глядзіць ка іх. Яго, мабыць, прымалі каля помніка ў піянеры.
Пятро грабянуў на зямлі смецце, скрывіўся і пачаў сыпаць, малюючы рукою помнік,— маўляў, занядбаны, запакінуты. У Мымка сталі сур’ёзныя вочы, ён як Ванька-ўстанька, паківаў галавою — зразумеў, паспачуваў. І тут жа абрадаваўся, бо падумаў, што трэба падладзіць помнік, прыбраць каля яго. Пятро яшчэ больш скрывіўся і махнуў рукою, маўляў, не трэба ўжо гэты помнік, трэба яго... чык-чырык. Ён узяў прыслоненую да сцяны яловую палку, мабыць, высечаную Мымком у балоце на граблі, і пачаў махаць ёю, як бы некага біць. Мымко заўзята засмяяўся, агаліўшы жоўтыя, але моцныя зубы,— жывот яго закалыхаўся і захрыпела ў грудзях, быццам у астматыка. «Цьфу ты!..» — ледзь не вылаяўся Пятро: стараўся-стараўся, а Мымко, «нямоцце гэтае», усё на смех пусціў. Не паверыў, ці што? «Ну як?» — І Пятро, як і Мымко, тузануў уверх падбародкам. Мымко ўсё яшчэ не мог адысці ад смеху і цяпер мармытаў.
Хлопчык так прынік тварам да акна, што ён стаў плоскі і жоўты, як вокладка сшытка.
Пятро зноў махнуў палкаю, быццам дабіваў вужаку, і тыцнуў ёю ў намаляваныя ім «50 рублёў» — узрыхленая зямля падсыхала, і лічбы-літары як бы засвечваліся.
Мымко зноў паківаў галавою, а потым абрубкам пальца пакруціў каля скроні. Цяжка засоп. Пятро разгубіўся. На лбе ў яго выступіў пот. Мымко ўстаў з крэсла, адвярнуўся, засунуўшы глыбока рукі ў кішэні сініх замасленых галіфэ.
«Во нямы чорт!» — прашаптаў Пятро і глянуў на акно — у вачах у хлопчыка была не то трывога, не то радасць. Навучаны размаўляць з бацькам, ён, канечне, зразумеў, чаго прыйшоў ён, Пятро. Кветка бягоніі закрывала яму адну шчаку.
Пятро палічыў, што Мымко, мабыць, вырашае, ці згаджацца яму, трохі пачакаў і дакрануўся да Мымковага пляча. Мымко скрывіўся так, што вочы ў складках скуры зусім схаваліся, акурат запухлі, плюнуў убок і рэзка махнуў рукою, «мымкнуўшы» злосна і адчайна: не буду!
Пятро, ціха вылаяўшыся, пайшоў з двара. Мымко доўга стаяў не паварочваючыся, а потым зыгнуўся азадкам на табурэтку. Узяўся дашываць латку. Але не моўчкі, нешта ўсё «мымкаў», пляваўся, пакуль не ўкалоў шылам палец. «Мым! Мым!..» — зароў ён дзіка, як звер, і кінуў на зямлю чаравік. Ён упаў акурат на тую мясцінку, дзе Клімаўскі намаляваў лічбу «50».
Увечары Пятру нечакана пашанцавала. Каля калодзежа яго перастрэла Чачорчына Зінка, сказала: «Схадзіў бы ты да майго Вадзімкі, папрасіў...» Яна чула тады ў чырвоным кутку яго размову з Лашковым і ўсё зразумела. Падумала: «Чымся лынды біць, няхай бы Вадзімка карысць зрабіў...»
Пятро аднёс вёдры з вадою і хуценька да Вадзімкі. А раптам і праўда: на лаўца і звер бяжыць?
Вадзімка сядзеў на ганку ў майцы і курыў. Майка была белая, добра адцяняла смуглае, загарэлае цела. Вадзімка дужа сціснуў Пятрову руку, запрасіў сесці.
Вадзімка на работу не вельмі падкі, хоць здаровы, як конь, а выпіць можа столькі, што не пад сілу і каню. І цяпер твар у Вадзімкі лагодны, чорненькія маленькія вочы блішчаць, як у масле, выяўляючы душэўную лагоду і ціхамірнасць. Надвечар Вадзімка «падзаправіўся» і адчуваў сябе бясконца шчаслівым.
— Как жизнь, Федорович, расскажи-ка ты мне? Не пьешь, не куришь — никакого интереса!
Вадзімка чалавек не залівонаўскі, казах, яго прывезла Зінка, вярнуўшыся разам з маці ў Залівонаўку. Купілі старую хату і жылі асобна. Дзяўчынаю Зінка была тоўстая «сланіха», ніяк не паверыш гледзячы на яе цяпер — танюткую, бы саломінка. Але што дзіўна: іх абаіх, яе і мужа, адразу празвалі ў вёсцы ласкавымі імёнамі — Зіначка і Вадзімка. Колькі яны жылі разам у тым Казахстане — невядома, але і за гэтыя пяць залівонаўскіх гадоў яны не прыжылі дзяцей. Нехта з іх быў нямоглы на дзяцей, хутчэй за ўсё Зінка. Вадзімка бязбожна, кожны дзень піў «квас», як ён называў пладова-ягаднае віно. Мабыць, каля яго ды маці прызвычылася да чаркі і Зінка — часценька расчырванелая і вясёлая ішла на ферму.
— Жыццё не маліна,— сказаў Пятро.— Чуў жа пра эвакуацыю?
— Не только пра неё,— састроіў шматзначную ўхмылку Вадзімка. Ён размаўляў не па-тутэйшаму, «па-гарадскому», і не толькі таму, што, мабыць, рос у горадзе; вясковыя інтэлігенты падазравалі, што Вадзімка чалавек не просты, адукаваны, у свой час ці не быў начальнікам, а тады «пагарэў», ці што... Ва ўсякім разе, неяк на моцным падпітку Вадзімка прагаварыўся, што яго першая жонка — галоўны ўрач бальніцы і ён рана ці позна вернецца да яе.
І Пятро зразумеў, што Зінка падслухала яго тэлефонную размову з Лашковым і перадала Вадзімку. Можа, гэта якраз і добра, не трэба доўга, як Мымку, тлумачыць, што да чаго.
— Помнік маеш на ўвазе? — сказаў Пятро.
— Не скажу! — Вадзімка лісліва, дабрадушна ўсміхаўся. Раздушыў абцасам чаравіка недакурак, прысмаліў яшчэ адну «прыміну». У двары Вадзімка нічога не хацеў рабіць, а на людскія просьбы адгукаўся ахвотна і нават з радасцю. За бутэльку таго ж «квасу» ён мог і гной з пуні выкінуць, і дровы пагрузіць, і па сена з’ездзіць. Грошы ў яго ніколі не вадзіліся, усе прапіваў ды і зарабляў мала — працаваў у будаўнічым упраўленні сантэхнікам. Аднойчы ўзімку п’яны забыўся закруціць кран — заліло ўсю кантору. На яго паківалі пальцам, але не выгналі, бо ўзяў на парукі напарнік, такі ж забулдыга, як і ён, ды і знайсці замену было няпроста. Запіўшы, Вадзімка мог днямі не выходзіць на працу. Калі цярпенне ў начальнікаў лопала, яны прысылалі «тэхдапамогу», якая везла яго ў райцэнтр.
Чачорцы не падабалася, што яе зяць, «вузкавокі чорт», усім робіць, а ў двары не хоча, нават зганяць кароў не ўпрасіць, давай яму з сабою сумку віна. Зінка ўмервала мацерын пыл, не хацела ўгняўляць Вадзімку: мабыць, баялася, каб не кінуў яе. Многія здзіўляліся, чаму так трымаецца Зінка за бяспутнага мужа, але ў кожным жаночым сэрцы свая таямніца, якая змушае і цярпець, і нават пакутаваць, але змірацца. Цярплівасць жаночага сэрца — найвялікшая таямніца чалавечай прыроды.
— Уліп я з гэтым помнікам,— з сумам у голасе сказаў Пятро.
— Тебе, Федорович, надо выпивать — проще на мир смотреть будешь! — рагатнуў Вадзімка.— У меня есть — хочешь, налью?
— Не да гэтага...— У Пятра і праўда пасля няўдалага паходу да Мымка было тужліва на душы. Ён не хаваў гэтага, бо хацеў выклікаць у Вадзімкі спагаду да сябе. Што, калі не спагада, прымушае чалавека ісці на дапамогу іншаму?
— А чего ты зажурился? Давай я в два счета! Сколько заплатишь? — дурасліва лыбіўся Вадзімка. Пятро пільна прыглядаўся да яго, спрабуючы зразумець, ён жартуе ці гаворыць усур’ёз. Так хацелася знайсці нейкую зачэпку на спадзяванне, падтрымку.
Ён пачуў у хаце крык: здаецца, Чачорка лаялася з дачкою. «Не лезь, не тваё дзела!» — крычала Зінка.
— Завелись бабы! — сказаў Вадзімка, звесіўшы з калена кісць рукі, у якой была папяроса.
«Ды ён жа, вузкавокі чорт, зараз пойдзе!..» — нямоцны, глухаваты, пачуўся і голас Чачоркі. Здаецца, і жанчыны вялі пра тое ж спрэчку. Пятру не хацелася яе далей слухаць, і ён знарок бадзёрым голасам сказаў:
— Ды ледзь не месяц табе трэба нюхаць усякую брыду,— як цвіком у сцяну, ударыў Пятро, мяркуючы разагрэць у Вадзімкі спакусу на вялікія грошы — аплату.
— А мне деньги не нужны!
— Як «не нужны»? — сумеўся Пятро.
— Очень просто. Больше денег — больше пью. Это вредно для здоровья.
«Ты глядзі, няўжо і гэты пусташтанік дбае пра здароўе?» — здзівіўся Пятро, але ў той жа момант зразумеў, што Вадзімка проста пацвельваецца з яго. Не пойдзе ён ні за якія грошы рушыць помнік. Надта вясёленькі ён, несур’ёзны, і блізка не грызе яго думка, ісці ці не ісці.
— Усё-ткі пяцьдзесят рублёў на дарозе не валяюцца,— сказаў Пятро, адчуваючы, як мізарнее ў душы спадзяванне на Вадзімку.
— Да меня же с деревни сгонят! — Здаецца, упершыню Вадзімкаў твар зацямніла нахмуранасць.— А мне еще нужно здесь поболтаться...
Ляснулі дзверы, з хаты на ганак выскачыла Чачорка. У руцэ ў яе быў кіёк.
— І не падумай! А то во як ламасну па галаве цапком!..— Яна замахнулася кійком, зачапіла ім за страху.— Мне тут паміраць, а ты прыехаў і паехаў... Бадзялы чорт!
— Вот видишь, вот видишь...— Вадзімка ўстаў, выйшаў на сярэдзіну двара.— Теща изобьет меня.— Ён стаяў шыракаплечы, грудзі, зарослыя кучаравымі сіваватымі валаскамі, загарэлыя рукі з чорнымі, як у пальчатках, лапамі былі цяжка наліты сілаю. Танк, а не чалавек, скрышыць любую скалу. Няўжо ён і праўда баяўся старэнькай цешчы? Пятро з недаверам глядзеў на Вадзімку, няёмка было сябе адчуваць пад позіркам старой, якой нядаўна прывозіў дровы, дапамагаў грузіць, хоць яна нічога і не гаварыла яму.
— Ладна, што ж...— сказаў ён замест развітання.
Чэрвеньскія вечары доўгія, і цяжка было ўлавіць тую мяжу, калі вечар пераходзіў у ноч. Сонца ўжо даўно апусцілася за лес, а па вуліцы яшчэ хадзілі людзі. Нінка Касіліха вяла на повадзе цёлку. Рохкаў каля балотца кабан, які залёг удзень у канаве і толькі цяпер успароўся. Дзеці праляцелі на веласіпедах на скрут галавы, ажно забожкалі старэнькія бабулі, што зюкалі на лавачцы пад клёнам. На пагоне ў стаўку дружна, не перастаючы, вялі канцэрт жабы.
Скрозь па вёсцы ў вокнах гарэла святло.
Доўга не мог заснуць у гэтую ноч Пятро Клімаўскі. Жыў спакойна сам сабе, гора не ведаў. І раптам абваліліся на яго гэтыя дэпутацкія клопаты. Гонар вялікі, канечне. Пятро хадзіў з задзёртым носам, але бачыў ён, што павага да яго ў людзей не вырасла. У хвіліны душэўнага прасвятлення, якія находзілі на яго падчас незадаволенасці ўсімі і сабою, ён пачынаў стражэй прыцэньвацца да сябе, і тады выяўлялася, што не за нейкія там заслугі, асаблівае старанне, вылучылі яго ў дэпутаты, а толькі за тое, што ён не п’е, не трымаецца сумніцельных кампаній, а знаць — нідзе не зганьбіць сваю рэпутацыю. Але для дэпутата гэтага мала, адчуваў Пятро, што галоўнае, да чаго ён прызваны,— клапаціцца пра людзей, жыць іх турботамі, бедамі, ахвяраваць сабою. А яму балела за сваё, ён быў з самых багатых у вёсцы, але зайздрасць не пакідала яго, віла з душы вяроўкі. Ён не мог сабе ўявіць, што павінен дбаць пра некага, у каго ёсць нават машына, а не пра сябе. Можа, вось набудзе і ён машыну, тады пазбавіцца і ад зайздрасці. Пакуль жа яго не пакідала імкненне грэбці пад сябе. Зрэшты, дурная курыца толькі грабе ад сябе, а чалавек кожны хоча жыць як лепш. Што ж у гэтым дрэннага? Бацькі жылі-гаравалі, ім жа выпала іншая доля.
Заўсёды ў канцы сваіх разваг Пятро знаходзіў сабе апраўданне, якое яго супакойвала, падлівала ў сэрца весялосці, якая пачынала разгарацца, як кнот у лямпе, калі яго падкруціш.
У гэты вечар весялей яму не стала. Была б Насця, можа, лягчэй і на душы было б, але няма: падаіўшы карову, паехала да дзяцей. Трэба ж нешта з імі рабіць, збіраць у дарогу, угаварыць, заспакоіць. Можа, сесці на трактар ды самому катануць у Лютаўцы?
Пятро не знаходзіў сабе месца, выйшаў з хаты на двор; стаяў, глядзеў на зорнае неба, на развешаную на вяроўцы бялізну, на якую падала з кухоннага акна святло,— гэтае святло раз-пораз пранізвалі белыя начныя матылі.
Што ехаць у тыя Лютаўцы? Трэба ж неяк разабрацца з гэтым помнікам... Лашкоў сем шкур злупіць, калі не зробіш, як ён распарадзіўся. А як зробіш, калі не ўпрасіць нікога, не купіць? Залога, той адно пачуў, дык у слупкі стаў. Мабыць, не змірыцца, не спусціць гэтую справу, будзе абіваць парогі начальству, свайго дабівацца.
Абрынуўся, наваліўся на яго клопат — як прывязаў, не кінуцца, не ўцячы — куды ўцячэш? — так і да роспачы недалёка. Ну і жыццё, ліха матары! Як тая ануча брудная, якую трэба мыць, паласкаць, выціскаць... Пятро баяўся ісці ў хату — там, у яе цемнаце, яму здавалася, ён задыхнецца. Сеў на ўслончык, на які звычайна ставіць балею Насця, абхапіў рукамі галаву.