Гэтыя істоты надасьведчаным аматарам зьяўляюцца найбольш цяжкімі для распазнаньня. Для спэцыяліста ж выявіць вядзьмарку - ня ёсьць вялікая праблема.
Па-першае, сапраўдныя вядзьмаркі ніколі не адкідаюць ценю; па-другое - не адбіваюцца ў люстэрку.
Цяжкасьці распазнаньня палягаюць на тым, што вядзьмаркі хітрэйшыя за звычайных людзей; тэарэтычна, кожная кабета можа стаць вядзьмаркаю, але для гэтага неабходная адпаведная адукацыя й натуральныя схільнасьці.
Наконт узьнікненьня гэтых звышнатуральных істотаў ёсьць некалькі вэрсыяў. Паводле адной, пераход у вядзьмарскі стан адбываецца паступова, і крэўныя разам зь сяброўкамі не заўсёды звыкаюцца з новаю якасьцю, сьпісываючы яе на конт пагаршэньня характару. Паводле другой - зьмена адбываецца раптоўна, калі кабета ўступае ў сьціслы кантакт з Д'яблам. Некаторыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што вядзьмарства перадаецца ў спадчыну.
Не бярэмся пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя меркаваньні; працэс ператварэньня нармалёвае жанчыны ў вядзьмарку забірае досыць вялікі час, а таму наладзіць навуковыя вопыты ў лябараторных умовах, каб заняцца вядзмарасэлекцыяй, немагчыма.
Але адзінае, што можна сказаць напэўна - вядзьмаркі ёсьць напаўжанчынамі, напаўзданямі. А каб пераканаць вас у гэтым, шаноўныя аматары неверагодных ліхтутаў ды жахлівых здарэньняў, падаем некалькі праўдзівых гісторыяў зь іх удзелам...
З даўніх часоў пад Туравым, у вёсцы Яблонаўшчына жыла сям'я с дубальтовым шляхецкім прозьвішчам Хер-Галава. Пра жанчын гэтага роду здаўна казалі, што яны схільныя да вядзьмарства. Зазвычай дзеўкі з гэтае сям'і, беручыся шлюбам, аддавалі перавагу блізкім сваякам - ці Херам, ці Галовам, бо іншых вартых увагі кавалераў у навакольлі не было.
Але аднойчы ў Тураў прыехаў малады журналіст Вітаўт М. з мэтаю збору матэрыялаў пра праклёны й забабоны нашага краю. У сельсавеце яму параілі зьвярнуцца да Хер-Галоваў, што ён і зрабіў. Але, ледзь убачыўшы адзіную дачку гаспадара, Ядзьвігу, малады шрайбікус забыўся на мэту свайго візыту, а празь месяц - ажаніўся зь ёю.
Перад вясельлем старшыня калгасу шчыра папярэджваў нетутэйшага хлопца, што маці ягонае будучае нявесты - страшная вядзьмарка, але Вітаўт только паблажліва ўсьміхнуўся.
Непрыемнасьці пачаліся ў першую ж ноч; малады журналіст, маючы някепскую рэдакцыйную практыку, ніколі ня скардзіўся на слабую патэнцыю, але, адасобіўшыся зь нявестаю, ён адчуў дзіўную рэч - нібыта нейкая нябачная рука сьціснула ягоны чэляс; маладзён нічога ня змог зрабіць, бо аргазм настаў раней, чым ён пасьпеў скінуць майткі. Такога зь ім не было ніколі: Вітаўт атрымаў звышнатуральны аргазм, але ж не знайшоў мужчынскага насеньня ані на майтках, ані на нагавіцах.
Калі на першы раз маладая, якая вырасла ў глыбінях цнатлівага Палесься, даравала яму, то потым яе справядліая незадаволенасьць выяўлялася штодня...
Маладыя, хоць і зьехалі ў Менск, але мужчынскія непрыемнасьці маладога шрайбікуса паўтараліся й там.
Дактары толькі разводзілі рукамі, сьпермавыя залозы працавалі на поўную шпулю, а мужчынскае насеньне зьнікала бясьсьледна.
Аднойчы зьбянтэжаны журналіст вырашыў паставіць праўдзівы экспэрымэнт: завітаўшы да сваёй састарэлай, а таму выведзенай з ужытку каханкі, якая ў рэдакцыйных і калялітаратурных колах здаўна мела трывалую рэпутацыю вядзьмаркі, Вольгі Ебатавай, ён паскардзіўся ёй на сваю бяду. Дасьведчаная ў падобных справах вядзьмарка адразу ж здагадалася, у чым справа, бо й сама здаўна практыкавала падобныя хітрыкі, ужываючы замест амалажальных крэмаў сьперму сваіх сяброў.
Вітаўт зьнянацку наведаўся ў Тураў і пад пагрозай прымусіў цешчу ва ўсім прызнацца...
Аказваецца, старая Хер-Галавіха зьляпіла з воску мадэль ягонага чэляса ў натуральную велічыню й, з дапамогаю чараў перапампоўвала з маладзёна, абкрадаючы сваю дачку, такі неабходны ёй прадукт.
Такім чынам, маладыя жонкі, калі ў вашага мужа ці каханка не стае сілаў, каб задаволіць вашыя натуральныя патрэбы, не сьпяшайцеся падазраваць яго ў нявернасьці, а калі ваш муж непрыязна ставіцца да вашае маці й вінаваціць яе ва ўсіх грахах, то магчыма, ён мае на гэта падставы...
Папярэдняя гісторыя - сьведчаньне таго, што вядзьмаркі могуць істотна ўплываць на лёсы асобных людзей, і было б дзіўна, каб несумленныя палітыкі не паспрабавалі б выкарыстаць вядзьмарак у барадзьбе за высокія дзяржаўныя пасады.
Гістрыя, якую мы мусім распавесьці, на жаль, ня можа быць пацьверджана дакумэнтальна, бо пра яе мы дазналіся ад непісьменнага заатэхніка сьвінагадоўчага комплексу, што на Шклоўшчыне...
Неяк старшыня адной з парлямэнцкіх падкамісіяў, Лука Мудзічэнка, дробны палітычны авантурыст, падрыхтаваны маскоўскімі спэцслужбамі, пры іх жа дапамозе задумаў зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот, але абраў для гэтага нетрадыцыйны для менскай палітычнай эліты народны сродак: варажбу. Ягоная стрыечная пляменьніца, Арына, інструктарка калгаснай лазьні, якая здаўна мела схільнасьць да варажбы, пагадзілася ўзяць удзел у чарговай авантуры свайго дзядзькі.
Галоўную небясьпеку для кар'еры Мудзічэнкі ўяўляў тагачасны Прэм'ер, шырокавядомы, але малапапулярны палітычны дзеяч, таксама выгадаваны ў Маскве, але састарэлы й таму сьпісаны з крамлёўскіх рахункаў, якога старшыня парлямэнцкае падкамісіі, дарэчы, небеспадстаўна вінаваціў у карупцыі.
Палітычны авантурыст, які за час працы ў парлямэньце ня страціў натуральнай вясковай хітрасьці, нібыта для замірэньня запрасіў Прэм'ера наведаць родны калгас, абяцаючы немудрагелістую, але прывабную культурную праграму - наведваньне сьвінакомплекса й лазьні.
Адмовіцца было няёмка, бо запрашэньне падалі праз афіцыйны друк. Прэм'ер выправіўся ў падарожжа. Ужо ў дарозе, седзячы ў кабіне шляхотнага мэрсэдэсу, Мудзічэнка, быццам між іншым, паказаў свайму ворагу фотаздымак пляменьніцы, і запэўніў, што Арына валодае ўсімі відамі амаладжальнага масажу.
Пад заканчэньне візыту на калгасны сьвінакомплекс высокі госьць быў ураджаны, калі замест хлеба-солі яму спрэзэнтавалі гладкага лупавокага кныра, але на пытаньне першага чалавека дзяржавы, чаму яму падклалі такую сьвіньню, Мудзічэнка запэўніў зьдзіўленага Прэм'ера, што гэта - мяйсцовая традыцыя.
Перапэцканага гноем кныра няёмка было садзіць у мэрсэдэс, і таму Прэм'ер пагадзіўся ўзяць жывёліну з сабой у лазьню. Дарэчы, падступны Мудзічэнка зноў запэўніў, што сала ад гэтага стане только смачнейшым.
Пакінуўшы ахову ў прылазьніку, Прэм'ер наіўна аддаў сваё старое цела ў чуйныя рукі інструктаркі Арыны. Тая, расклаўшы разамлелага і страціўшага пільнасьць ганаровага кліента, нашмаравала яго чароўнае мазьзю, пасьля чаго той неспадзеўкі для сябе ператварыўся ў кныра. Дзякуючы той жа мазі лупавокі падарунак са сьвінафэрмы набыў чалавечае падабенства. Вядзьмарскае майстэрства пляменьніцы Мудзічэнкі было настолькі дасканалым, што нават ахова не заўважыла падмены, да таго ж, Прэмьер і кныр мала чым розьніліся... Справу давяршыў шляхотны шэры гарнітур з гальштукам, і ўрадавы картэж прымчаў ў сталіцу дрэсыраванага кабана.
Ня ў чым не вінаватая жывёліна яшчэ некаторы час паслухмяна выконвала ўсе прыхамаці сваіх сапраўдных гаспадароў, маскоўскіх кіраўнікоў; адзінае, чаго ня здолела дамагчыся вядзьмарка - прывучыць прывезенага з Расеі племяннога кныра размаўляць па-беларуску й есьці чакаляту «Сьнікерс» з гуманітарнае дапамогі, але атачэньне Прэм'ера нават гэтыя дробныя хібы здолела ператварыць у залеты, і кожны ведаў, што Прэм'ер змагаецца за двумоўе й ніколі не каштаваў заморскіх далікатэсаў...
Заатэхнік, які распавёў нам гэтую гісторыю з жыцьця беларускае палітычнае эліты, дадаў цікавую акалічнасьць: калі празь некалькі месяцаў вырашылі забіць ператворанага ў кныра Прэм'ера, той нечакана залямантаваў чалавечым голосам, паказваючы капытом на сьвежы нумар «Советской Белорусии» з партрэтам тагачаснага першага чалавека дзяржавы: «Свинья не я, а он, его и убивайте!..»
Зьніякавелыя рэзьнікі, каб спраўдзіць справядлівасьць словаў жывёліны, загадалі ёй прачытаць некалькі абзацаў пад фотаздымкам, але кныр спаслаўся на тое, што ў яго няма акуляраў, пасьля чаго і быў забіты...
Напэўна, няма сфэры людзкое дзейнасьці, куды б ня ўблытваліея вядзьмаркі, і кантрабанда - не выключэньне.
Зь нядаўніх часоў найбольш прыбытковым заняткам жыхароў памежных з Польшчай раёнаў зьяўляецца кантрабанда нелегалаў-азіятаў празь мяжу - пераважна грамадзянаў сацыялістычнага В'етнама й фундамэнталісцка-ісламскага Пакістана.
На N-скай памежнай заставе, што непадалёку ад Кузьні-Беластоцкай, каманьдзёр ужо некалькі гадоў спраўна браў хабар зь нелегальных эмігрантаў, але з пачатку года плынь азіятаў як адрэзала. Каманьдзёр быў у роспачы; ён і не здагадваўся, што перавозкай нашых меншых братоў-в'етнамцаў занялася тутэйшая вядзьмарка.
Карыстаючыся традыцыйным сродкам палёту - памялом, яна за адзін рэйс перапраўляла празь мяжу да дзесяці легкаважных эмігрантаў; ніхто ня мог даць гэтаму рады, бо вядзьмарка зазвычай лётала на малой вышыні, і яе не маглі выявіць радары супрацьпаветранай абароны.
Генэралітэт патрабаваў з каманьдзёра заставы дзяліцца прыбыткам, і ніяк ня мог даць веры, што празь ягоную заставу не праходзіць жывая кантрабанда.
Магчыма, яго б і зьнялі з пасады, каб не здарылася наступнае:
Аднойчы памежны дазор абыходзіў кантрольную паласу й заўважыў на дротах лініі электраперадачы абвугленыя тушкі незразумелага паходжаньня: занадта вялікія для варон і занадта малыя для тутэйшых людзей. Прапаршчык вырашыў, што гэта прыляцела зграя чорных буслоў, але ж знойдзенае пад апорай памяло навяло яго на роздум... Пасьля доўтіх ваганьняў экспэрты зь міжурадавай камісіі кваліфікавалі тушкі як рэшткі в'етнамцаў; невядомым заставалася толькі, якім жа чынам зграя азіятаў заляцела ўначы на вышыню дваццаці мэтраў. Адзіным рэальным тлумачэньнем былі сада-расысцкія схільнасьці начальніка памежнай заставы. І сядзець бы яму ў астрозе, каб празь некалькі дзён з апёкавага цэнтра не паступіла паведамленьне, што адна з тутэйшых жыхарак ня хоча тлумачыць, дзе атрымала электрычныя апёкі...
Пасьля непрацяглага, але актыўнага допыту пацярпелая ва ўсім сазналася; сьледчы экспэрымэнт, пад час каторага замест азіятаў выкарыстовываліся памыйныя каты, пацьвердзіў магчымасьць перасячэньня дзяржаўнае мяжы падобным чынам...
Гэтая дзіўная гісторыя здарылася ў Воршы - найбуйнейшым чыгуначным цэнтры краіны, перавалачнай базе каляніяльнае садавіны на яе шляху з Польшчы ў Расею.
Вулічны гандляр бананамі, нехта З., пад час сваёй працы неяк пазнаёміўся з правыбнай паненкай. З. ад пачатку заінтрыгаваў дзяўчыну, параўнаўшы габарыты сваіх мужчынскіх вартасьцяў з тым наборам, які купляла паненка - вялікім эквадорскім бананам і двума какосавымі гарэхамі. Паненка, не разгубіўшыся, запэўніла, што будзе ня супраць увечары запхнуць ягоны тавар у сваю торбу, тым больш, паненка сказала, што не ўпершыню спажывае такую экзатычную садавіну.
З таго дня так і павялося - пасьля працы гандляр З. заўсёды сьпяшаўся да паненкі са сваімі расьліннымі прыладамі. Удзячная паненка да раніцы бавілася з крамяным бананам і бухматымі гарэхамі, сёрбаючы малачко.
Але празь нейкі час здарылася бяда: дзяўчыне сталася кепска пасьля чарговай порцыі трапічнай садавіны. З., прыйшоўшы назаўтра, даведаўся, што ягоная сталая кліентка памерла. Ускрыцьце паказала наяўнасьць у яе страўніку трупнай атруты. Але што самае дзіўнае - яе труп нечакана зьнік з морга...
Гандляр З., хоць і спаў, як і раней, моцна, але прачынаўся зьнясіленым. Аднойчы зраніцы гандляр убачыў, што ягоны чэляс счарнеў. Дактары са зьдіўленьнем адзначылі, што гэта - адмаражэньне. Пасьля такога дыягназу З. западозрыў нядоброе...
Прыкінуўшыся, што сьпіць, ён прымружаўшы вочы, ляжаў у ложку. Апоўначы ў ягонай спачывальні зьявілася пакрытая зялёнымі трупнымі плямамі й шэраньню нябожчыца, у каторай зьляканы гандляр экзатычнаю садавінаю пазнаў сваю нядаўняю палюбоўніцу. Пазабаўлаўшыся ягоным абмарожаным бананам, яна пакінула кватэру; але З. знайшоў у сабе моц прасачыць яе далейшы шлях. Нябожчыца скіравалася да морга й зьнікла ў адной з маразільных камэраў.
З., зьбегаўшы ў міліцэйскі пастарунак, прывеў з сабою міліцыянтаў, якія, адчыніўшы маразілаўку морга, высьветлілі наступнае: нябожчыца, абкладзеная, нібыта пахавальнымі вянкамі, гронкамі бананаў, сьціскала ў руках два вялізных бухматых какосавых гарэха.
І калі начным шпацыроўкам нежывой паненкі не было матэрыялістычнага тлумачэньня, то знаходжаньню ў маразільніку трупярні вялікай партыі бананаў яно знайшлося: заходнія камэрсанты па злачынная змове з дырэктарам морга захоўвалі ў непрыстасаваных умовах свой трапічны тавар...
Вось чаму на бананах, якія прадаюць у гарадох Беларусі, можна ўбачыць чорныя трупныя плямы...