З агульнага шэрагу пачвараў нашае Бацькаўшчыны гэтыя істоты найбольш інтэрнацыянальныя, бо паўсталі ў часе масавых русыфікацыі й палянізацыі сродкаў сувязі й масавай інфармацыі. Іх нельга ўбачыць, да іх нельга дакрануцца: іхняй формай існаваньня зьяўляюцца электрычныя імпульсы, магнітныя палі, радыёхвалі. У пераважнае большасьці тэхнатронныя пачвары - прадукт навукова-тэхнічнае рэвалюцыі. Такія істоты вядуцца ў вялікіх гарадох, бо толькі гэта дае ім магчымасьць безь перашкодаў вандраваць па камунікацыйных сетках.
У Беларусі гэтая здань зьявілася адной зь першых. Яшчэ ў даваенны час - разам з увядзеньнем аўтаматычных ліній сувязі. Да верасьня 1939 года Тэлефонавак было дзьве: заходняя (kresowa) і ўсходняя (БССРаўская); першая размаўляла на беларуска-польскай трасянцы, другая - на беларуска-расейскай. Пасьля ўзьяднаньня Беларусі яны зьліліся ў адну.
Гэтая здань найбольш вядомая й папулярная: практычна няма аніводнага чалавека, які б не сутыкаўся зь яе падступнымі праявамі. Але ў нашыя рацыянальныя часы людзі ня схільныя верыць у звышнатуральнае й надзвычайнае, таму й тлумачаць дзіўныя тэлефонныя званкі дурнымі жартамі непаўналетніх правапарушальнікаў.
Найбольшую шкоду прынесла дзейнасьць тэлефонаўкі ў сярэдзіне 70-х гадоў: у прыватнай кватэры гучаў тэлефонны званок: «Вас турбуюць з тэлефоннай станцыі, - лагодным голасам маніла Тэлефонаўка. - Якая даўжыня тэлефоннага дроту ў вашае кватэры? Памерайце, калі ласка». Небарака-абанэнт легкадумна даставаў мэтр-складанчык і старанна вымяраў даўжыню тэлефоннага дроту. Нарэшце, браў слухаўку й адказваў: «Мэтр дзевяноста». «А трэба роўна мэтр», - сувора казала Тэлефонаўка. «Што ж рабіць?» - зьдзіўляўся абанэнт. «Лішняе адрэзаць», - бязь ценю зьдзеку ў голасе адказала тэхнатронная істота. І як то ні дзіва, большасьць абанэнтаў выконвала ідыёцкі загад.
Канец неабмежаваным свавольствам Тэлефонаўкі ў адным з цэнтральных раёнаў Менска паклала наступная гісторыя. У Доме Ўрада, у кабінэце аднаго вельмі вядомага, але малапапулярнага палітычнага лідэра зазваніў тэлефонны апарат, нумар якога быў вядомы толькі паплечнікам па партыі й самым блізкім крэўным. Трубку падняў гаспадар. «Віншую вас зь Днём жанчыны!» - азвалася слухаўка мужчынскім голасам. «Вядома, дзякуй, - гаспадар напружана ўспамінаў, дзе ён мог чуць гэты голас, - але ж я мужчына». «Так, пан Палітык, вы мужчына, але тым ня менш вы ёсьць сапраўднай курвай», - з навушніка слухаўкі пачуўся гнюсны сьмех. «Хто гэта гаворыць?..» - зароў гаспадар. «Уся Беларусь гаворыць», - са слухаўкі пачуліся кароткія гудкі. Палітык, не марнуючы часу, пазваніў у тэхнічны аддзел асабістай аховы, каб там высьветлілі, які менавіта абанэнт так яго абразіў. Празь некаторы час разгублены службовец адказаў, што да сакрэтнага тэлефона былі падключаны ўсе нумары краіны. Пачалося расьсьледаваньне, у ходзе якога высьветлілася наступнае: як толькі колькасьць тэлефонных апаратаў, злучаных у адну сетку дасягае крытычнае лічбы, яны, як нэйроны ў мозгу, пачынаюць самаарганізоўвацца. Таму, каб пазьбегнуць далейшых непрыемнасьцяў, вядомы, але малапапулярны палітычны лідэр загадаў аддзяліць сакрэтныя тэлефоны ад агульнабеларускай сеткі, перавёўшы іх на радыёсувязь. Цяпер Інстытут прыватнай бясьпекі і ўрадавай сувязі распрацоўвае новы тып тэлефонных апаратаў, якія здольныя вызначаць ня толькі нумар, але й адрас ды прозьвішча абанэнта, каб адразу накіраваць яму позву ў суд.
А таму, шаноўныя абанэнты, калі вы паверыце, што звышнатуральныя й надзвычайныя зьявы існуюць у тэлефонным сьвеце, а галоўнае - здолееце пераканаць у гэтым сваякоў, калегаў і начальства, то вашае жыцьцё стане куды лягчэйшым: вы зможаце без асаблівых наступстваў пьяныя званіць любым палітычным дзеячам, віншуючы іх з самымі дзіўнымі сьвятамі, жонка будзе толькі пасьміхацца, калі ёй патэлефануе кінутая вамі каханка, і, наогул, тады вас чакае яшчэ шмат прыемных сюрпрызаў і мілых неспадзяванак.
Дасьледчыкі пячораў і сутарэньняў даўно заўважылі, што ў чалавека, які апынуўся пад зямлёй, назіраюцца адхіленьні ў псыхіцы: парушаецца часова-прасторавае ўспрыманьне сьвету, блытаюцца лева й права, перад і зад. Але калі раней, да навукова-тэхнічнае рэвалюцыі пад зямлю апускаліся хіба што сьпелеолягі, скарбашукальнікі ды іншыя аматары сьмяротнае рызыкі, то цяпер пасажыра-плыні мэтрапалітэнаў зацягваюць наніз штодня мільёны людзей. Сытуацыя пагаршаецца тым, што людзі, зьбітыя ў натоўп, у чаканьні цягнікоў нэрвуюцца, а іхнія адмоўныя й агрэсіўныя імпульсы не знаходзяць выйсьця ў замкнёнай прасторы жалезабэтоннага лёху станцыі. Бэтонныя экраны адбіваюць гэтыя імпульсы й ўзмацняюць, вяртаючы ў натоўп.
З даўніх часоў невытлумачальныя й змрочныя падзеі пачалі адбывацца й на менскім мэтрапалітэне. Вось што паведамляецца ў афіцыйным рапарце дзяжурнага па станцыі «Кальварыйская» на імя міністра падземных камунікацыяў і сховішчаў:
«31 лютага мінулага года па станцыі ў гадзіну ночы адышоў апошні цягнік, але празь пяць хвілінаў мне затэлефанаваў дзяжурны па дэпо - да яго цягнік так і не прыйшоў. Мы абсьледавалі ўвесь тунэль зь ліхтарамі, але ніякіх сьлядоў гэтага цягніка намі знойдзена не было. Званкі да дзяжурных па ўсёй лініі таксама не далі аніякіх вынікаў. На падставе гэтага прашу сьпісаць з майго падуліку казённыя ватоўку й чаравікі, якія ляжалі ў кабіне машыніста».
Далейшае расьсьледаваньне аддзела транспартнай міліцыі паказала, што ватоўку й чаравікі дзяжурны зьнёс дахаты, але цягнік зьнік сапраўды. Знайшоўся ён толькі на трэйці дзень, нечакана апынуўшыся на запасных шляхох. Машыніст быў пьяны зьверскі й абсалютна ня мог растлумачыць сваю трохдзённую адсутнасьць. Справу хацелі закрыць, але сьледчага зацікавілі паказаньні аднаго з пацярпелых пасажыраў, нейкага пісьменьніка-дэтэктыўшчыка А., які сьцьвярджаў, што падобныя рэчы здараліся й раней, але ніхто, нават нешматлікія сябры, не давалі яму веры, бо лічылі, што ён, вялікі аматар позьніх застольляў у рэстарацыях і ў бары Саюза пісьменьнікаў ды распусты ў кватэрах самотных паненак, спрабуе падобным чынам апраўдацца. Спраўдзіць словы А. было цяжка; сьледчыя экспэрымэнты, тым ня менш, не далі аніякіх вынікаў. Пра гэтую гісторыю ўспомнілі ў сувязі з наступным:
Той жа самы А., які, між іншым, стала займаўся літаратурным вывучэньнем пазашлюбных адхіленьняў і стэрэагамных парадоксаў, апісваючы іх у галоўнае працы жыцьця, кнізе пра хцівых пачвараў, разам са сваёй лябаранткай, ня маючы прыдатнага мейсца для літаратурнай навукі, дзеля цікаўнасьці вырашылі правесьці пазалябараторныя літаратурныя дасьледаваньні ў экстрэмальнае сытуацыі - у апошнім цягніку мэтро. На канцавой станцыі яны не пакінулі вагон, а схаваліся пад сядзеньнямі. Дэтэктыўшчык і лябарантка моцна зьдзівіліся, калі прайшло паўгадзіны, а цягнік не прыехаў у дэпо - ён імчаў па, здавалася, бясконцым тунэлі. Кнопка выкліку машыніста не працавала.
Нарэшце цягнік прыйшоў на нейкую незнаёмую станцыю, якая не была пазначана на ніводнае схеме. З дынаміка прагучаў д'ябальскі рогат, у якім пераляканаму пісьменьніку-дэтэктыўшчыку пачуліся словы: «Канцавая станцыя - «Блуд». Цягнік далей не ідзе. Просьба пакінуць вагоны».
А. і лябарантка выйшлі на плятформу й агледзеліся. На станцыі не было ані эскалятараў, ані нават прыступак. Літаратар са спадарожніцай, ня маючы іншага выйсьця, вырашылі выбірацца праз тунэль. Яны ішлі па рэйках цэлую гадзіну й, убачыўшы наперадзе сьвятло, прысьпешылі крок. Але якім было іхняе расчараваньне, калі небаракі пабачылі тую ж самую станцыю! Стомленыя блуканьнем у цемры, цікаўнікі селі ў вагон. Лябарантка была ў роспачы, А. - таксама, і, ня бачачы іншага выйсьця, разумеючы, што жыцьцё скончана, лябарантка прапанавала А. перадацца блуду.
«Гары яно гарам, такое каханьне», - згадаў А. свой паэтычны радок, але вырашыў не пярэчыць.
Апрануўшыся, А. і ягоная памагатая не заўважылі, што яны ня толькі памяняліся майткамі, але й надзелі іх навыварат.
«Што ні раблю, адно памылак спрэс», - згадаў дэтэктывіст яшчэ адзін уласны радок, але ж майткі ўсё ж вырашыў не параапранаць.
Пасьля акту небаракі паспрабавалі зрабіць другую спробу выбрацца са станцыі «Блуд». Гэтая спроба была пасьпяховай - неўзабаве дэтэктыўшчык зь лябаранткай апынуліся на станцыі «Кальварыйская», дзе здаліся дзяжурнаму міліцыянту.
А праз тры дні цягнік зноў зьявіўся на запасным шляху дэпо. Як і папярэднім разам, машыніст ня мог даць верагодных тлумачэньняў гэтаму здарэньню. Нягледзячы на тое, што станцыю «Блуд» так і не змаглі адшукаць, геолягі й сапёры выявілі за станцыяй «Кальварыйская» моцную магнітную анамалію, падобную да тых, што назіраюцца ў зачараваных урочышчах і заклятых гаёх, якія ў народзе носяць назоў Блуд. Паводле парадаў дасьведчаных людзей, зь іх можна выбрацца, толькі надзеўшы вывернутую вопратку - інакш заўсёды будзеш вяртацца на тое мейсца, зь якога выйшаў. Цікава, але спрэчнага пункту гледжаньня наконт зьнікненьня цягнікоў прытрымліваецца адзін маскоўскі навуковец, вядомы сваімі юдафобскімі настроямі: ён сьцьвярджае, нібыта вядучы інжынэр праекта менскага мэтрапалітэна X.Шапіра запраектаваў разваротнае кола для цягнікоў у форме кальца Мёбіюса, праехаўшыся па якім, цягнік трапляе ў іншае вымярэньне. Падставамі для такога сьцьвярджэньня зьяўляецца тое, што X.Шапіра, спраектаваўшы менскае мэтро, не дачакаўшыся завяршэньня будаўніцтва, адразу ж зьехаў ці то ў сэктар Газа, ці то на заходні бераг ракі Ярдан.
Што тычыцца дэтэктыўшчыка А., тая прыкрая гісторыя так уразіла яго, што ён, па чутках, кінуў ня толькі вытанчаную распусту з самотнымі паненкамі, але й значна большыя хібы - паленьне тытуню й ўжываньне алькаголю. Зрэшты, зласьліўцы сьцьвярджаюць, што А. кінуў распусту, алькаголь і нікатын адно з прычыны паталягічнае сквапнасьці, якая з узростам пачала прагрэсаваць.
З гэтага фантастычнага, але праўдзівага здарэньня вынікае, што нават выпадкова надзетыя навыварат майткі могуць уратаваць не адно пісьменьніцкае жыцьцё...
Гісторыя ўзьнікненьня гэтае здані, якая тым ня менш разглядаецца некаторымі аўтарытэтнымі навукоўцамі як пачвара, наступная: малпуючы маскальскую моду апошніх гадоў на паказ даўжэзных тэлесэрыялаў паўночна- і паўднёваамэрыканскай вытворчасьці, кіраўніцтва беларускага Дзяржтэлерадыёкамітэта запусьціла ў эфір 666-цісэрыйны фільм «Раскіданае гняздо Харпэраў» пра аднаго агента ФБР, які расьсьледуе штосэрыйныя згвалтаваньні галоўнае гераіні. Калі на Расейскім тэлеканале падобныя паказы садзейнічаюць адно амэрыканізацыі гледачоў, то для Беларусі гэта нясе пагрозу й русыфікацыі: агенты ФБР, тэхаскія мільянэры й нават каляровыя меншасьці, дзякуючы непісьменным сынхраністам-перакладчыкам, размаўляюць у такіх фільмах на дыялектах маскоўскіх вакзалаў ды растоўскіх піўных.
Сэрыял настолькі захапіў большасьць гледачоў, што яны пачалі ўспрымаць галоўных герояў як рэальных асобаў. І калі паказ фільма скончыўся, аматарам «Раскіданага гнязда Харпэраў» ніяк не хацелася мірыцца са зьнікненьнем з асабістага жыцьця такіх дарагіх ім людзей: агентаў ФБР, скарумпаваных паліцыянтаў, прастытутак, маньякаў і садыстаў. І ледзь толькі ўключалі тэлевізар, на экране якога замест улюбёных герояў ансамбль паволскіх балалаечнікаў і баяністаў выконваў польку-трасуху, яны тужліва прыгадвалі сцэны адмысловых згвалтаваньняў.
Такія магутныя псыхалягічныя імпульсы некалькіх мільёнаў чалавек не маглі застацца безвыніковымі. Яны зматэрыялізавалі сярэднеарытмэтычную істоту, якая ўвасабіла ў сабе ўсе адмоўныя рысы галоўных і другасных герояў сэрыяла: мужчынаў, жанчынаў, жывёлаў; такім чынам паўстала здань Беларускага тэлебачаньня. Яна, карыстаючыся сеткай рэтрансьлятараў і кабеляў, пранікала ў любую кватэру, дзе толькі ёсьць тэлевізар і беспакарана рабіла свае кінематаграфічныя злачынствы: гвалціла, забівала, зьдзеквалася, прымушаючы пераказваць па чарзе зьмест усіх 666-ці сэрыяў. Гэтая жахлівая навала прыняла маштабы нацыянальнае катастрофы. Ад яе пацярпела кожная чацьвёртая беларуская сям'я. Праваахоўныя органы ня бачылі іншага выйсьця, як цалкам згарнуць тэлевізыйнае вяшчаньне. Але звышсакрэтная лябараторыя, дзе з апошніх часоў працуюць аўтары гэтага сур'ёзнага навуковага досьледу (па цалкам зразумелых прычынах назва лябараторыі пададзеная быць ня можа), прапанавалі арыгінальны спосаб зьнішчэньня здані. На правядзеньне аперацыі ім, г.зн. нам, былі дадзеныя тыдзень часу й надзвычайныя паўнамоцтвы. Наведаўшы фан-клюб аматараў сэрыяла «Раскіданае гняздо Харпэраў», мы прыгледзелі самую прывабную й сэксапільную дзявулю, якую, паабяцаўшы паказаць 667-ую сэрыю, зьвезьлі на студыю. Пасадзіўшы дзеўку-нажыўку перад тэлевізарам, мы схаваліся й сталі чакаць. Неўзабаве з экрана вылезла амэрыкана-расейская здань, якая кінулася на дзеўку. Покуль здань займалася сваёй справай, мы падключылі тэлевізар да відэа й паставілі на запіс. Гнюсная істота, заўважыўшы, што знаходзіцца ў студыі не сам-насам са сваёй ахвярай, кінулася на нас, у выніку чаго Марцін Юр, які, забыўшыся на інструкцыі, не апрануў гумовыя пальчаткі, атрымаў часовае памутненьне розуму. Тым ня менш пасьля непрацяглага, але ўпартага змаганьня здань вырашыла сысьці тым жа шляхам, што й зьявілася - праз тэлевізыйны экран. Ледзь толькі яна зьнікла за шклом кінэскопа, яна тут жа ж запісалася на відэастужку. Францішак Хлус, карыстаючыся нагодай, неадкладна выцер запісанае з касэты. З тых часоў здань зьнікла канчаткова - прынамсі, да паказу наступнага сэрыялу.
Гэтае здарэньне пераканаўча сьведчыць, што Беларусь мусіць неадкладна выпрацоўваць сваю ўласную нацыянальную канцэпцыю палітыкі тэлевізыйнага вяшчаньня, іначай яна рызыкуе захлынуцца ў бруднай плыні расейскамоўнай амэрыканскай навалы.
Часам здараецца, што традыцыйныя для архаічнага ладу жыцьця здані і пачвары пад узьдзеяньнем размаітых тэхнатронных сродкаў губляюць сваю ранейшую сутнасьць і засвойваюць новыя арэалы існаваньня - пры гэтым яны страчваюць ранейшую існасьць і набываюць новыя якасьці.
У 1991 годзе пры будаўніцтве плятформы адное чыгуначнае станцыі непадалёк ад Менска рабочыя засыпалі гравіем невялічкі ставок, у якім з даўніх часоў вялася досыць рэдкая для нашага рэгіёна пачвара - русалка.
Старыя людзі, што жылі побач, раілі не рабіць гэтага жорсткага злачынства, бо ведалі, што русалкі вызначаюцца ня толькі звышчалавечай юрлівасьцю, але злапамятнасьцю ды помсьлівасьцю. На жаль, гэтыя парады не былі ўзятыя пад увагу: ставок засыпалі бульдозэрам, але ў ваду на ўсялякі выпадак былі апушчаныя дроты зь ліній чыгуначных электраперадач - будаўнікі спадзяваліся, што русалка будзе забітая электратокам.
Гэтага, аднак, ня здарылася.
Атрымаўшы звышмоцны электрычны разрад, хцівая пачвара выйшла ў цалкам новае вымярэньне - яна на некаторы тэрмін ператварылася ў электраімпульс і па чыгуначным дроце ўмомант перакінулася на бліжэйшую электрычку, дзе й зматэрыялізавалася ў істоту, вядомую пакуль што ў адзінкавым ліку - ва ўсіх энцыкляпедыях ды даведніках яна пазначаецца як Паненка Вагонная.
Перайшоўшы ў новую якасьць, істота, тым ня менш, ня страціла сваіх найбольш адметных рысаў - юрлівасьці й помсьлівасьці, і неўзабаве з пасажырамі, што карысталіся паслутамі ордэна Леніна Беларускай чыгункі, пачалі здарацца жахлівыя ліхтугі.
Позна ўвечары ў вагоне зьяўлялася нейкая прывабная сэксапільная паненка - яе хада й манэры адразу ж зачароўвалі ўсіх полавасьпелых мужчын, якія, седзячы на лавах, бавілі час у чытаньні эратычных часопісаў. Паненка, апранутая ў доўгі, па лыткі плашч, падыходзіла да аднаго з эратаманаў і за невялікую плату прапаноўвала наладзіць экспрэс-стрыптыз. Усхваляваны і страціўшы пільнасьць эратаман, натуральна, пагаджаўся: дзявуля, расшпіліўшы гузікі, расхінала плашч - пад ім, як сьцьвярджалі нямногія, цудам ацалелыя відавочцы, не было ніякай вопраткі.
Пакуль аматар ладных жаночых формаў жэр вачыма яе цела, Вагонная Паненка датыкалася да яго сваімі цыцкамі - а яны ва ўсіх русалак, як вядома, зробленыя з жалеза. Атрымаўшы моцны электрычны разрад, мужчына паміраў у страшэнных канвульсыях - целы некаторых аматараў эротыкі абвугліваліся да непазнавальнасьці...
Чыгуначная міліцыя рабіла немала спробаў, каб высьветліць абставіны таямнічых забойстваў; спачатку сьледчыя меркавалі, што першапрычына пакутніцкіх сьмерцяў ахвяраў - залішняя ўразьлівасьць да зьмесьціва эратычных выданьняў, ад якой і наступаў перагрэў галаўнога мозгу з далейшым самаўзгараньнем цэлага арганізму. Але шматлікія досьледы давялі, што гэта ня так. Праваахоўным установам давялося даць веры факту, што Вагонная Паненка сапраўды існуе. Пачваразнаўцы, якія былі прыцягнутыя да расьсьледаваньня загадкавых сьмерцяў эратаманаў, высьветлілі, што водалюбная пачвара - а Вагонная Паненка, як былая русалка, напэўна ня страціла гэтае якасьці, - безумоўна абярэ мейсца існаваньня, так ці інакш зьвязанае з вадою, а адзіным такім мейсцам у электрычках ёсьць прыбіральня ў тамбуры. Дасьледаваньне прыбіральняў электрычак, тым ня менш, не дало аніякіх вынікаў, бо амаль усе яны былі закалочаны іржавымі цьвікамі зь сярэдзіны; і міліцыянты, і навукоўцы катэгарычна адмовіліся лезьці туды, слушна баючыся атрымаць сьмяротны электрычны разрад з жалезных цыцак пачвары...
А таму, вандруючы электрычкай па Беларусі, не зьдзіўляйцеся, калі прыбіральня ў вашым вагоне будзе надзейна зачынена - там напэўна жыве Вагонная Паненка. Бо безумоўна, лепш патрываць да канцавой станцыі, чым парушыць спакой гэтай жорсткай і падманлівай істоты...