XI. ІСТОТЫ-ЛЮДАЖЭРЫ


Людажэрства, або канібалізм, звычайна прыпісваюць самым дзікунскім плямёнам - папуасам, гатэнтотам, абарыгенам Вогненай Зямлі й Тасманіі ды беларусам, бо ў нацыянальным характары гэтых дзікуноў схільнасьць есьці адзін аднога ці не асноўная. Любая істота, хоць аднойчы пакаштаваўшы чалавечага мяса, ня можа забыцца на яго салодкія смак і водар. Прага людажэрства назіраецца ня толькі ў паспалітых насельнікаў, але й у выкшталцоных інтэлектуалаў, але мала хто зь іх прызнаецца ў сваіх канібальскіх упадабаньнях. Натуральна, гастранамічная схільнасьць да сьвежага чалавечага мяса - справа надзвычай інтымная, напэўна, ня менш, чым хаджэньне ў прыбіральню й задавальненьне полавых патрэбаў. Пра гэта таксама больш маўчаць, чым гавораць...

Людажэрства, між іншым, ўласьцівае ня толькі для адукаваных зьдзічэлых інтэлектуалаў, але й для ня менш прымітыўных істотаў - ваўкоў, пацукоў, вошаў і могілкавых чарвякоў. Пад час лябараторных досьледаў навукоўцы-пачваразнаўцы заўважылі, што істоты, якія спажываюць выключна чалавечыну, зь цягам часу набываюць рысы сваіх ахвяраў, бо ідзе натуралёвы абмен рэчываў. Жывёльныя клеткі замяшчаюцца чалавечымі, і людажэры пачынаюць разумець ня толькі пачуцьцё натуральнага голаду, але й больш складаныя - эмоцыі: каханьне, распусную юрлівасьць, тугу, сум, смутак, жальбу й нават немудрагелісты гумар.

Людажэраў можна сустрэць паўсюдна, ім можа аказацца ня толькі палітык, за якога вы галасавалі на апошніх выбарах, але й больш блізкі вам чалавек. Прыгледзьцеся ўважліва, і вы абавязкова ўбачыце, што адны ядуць вашую душу, а другія - прагнуць вашага цела.

У мэты гэтай навуковай распрацоўкі не ўваходзіць высьвятленьне маральных аспэктаў людажэрства, але мы аднадушныя ў тым, што пажыраньне трупаў мусіць быць рэабілітаванае ў вачох грамадзкасьці, як і хірургічная перасадка органаў...


Пацук могілкавы

Менчукі-старажылы небезпадстаўна лічаць былыя базыліянскія муры, у якіх цяпер знаходзіцца 2-я гінэкалягічная больніца, мейсцам нядобрым і выклятым, а ноччу - і небясьпечным для жыцьця. Праўда, аматара моцных трункаў з Траецкага прадмесьця пасьля наведваньня корчмаў і шынкоў з нацыянальнай беларускай кухняй («Жигулевское пиво», «Русская водка» й «Liker poznanski»), не маючы іншага выйсьця, працягваюць свае алькагальныя імпрэзы ў прыбярэжным хмызьняку - рэштках базыліянскага саду, бо гнюсныя менскія міліцыянты палохаюць іх нават больш, чым прывіды ўніяцкіх мніхаў.

Пры трупярні гінэкалягічнай больніцы й дагэтуль існуе невялікая досьледная лябараторыя, дзе студэнты-практыканты вучацца рабіць аборты на пацучыхах.

Агульным улюбёнцам студэнтаў-практыкантаў быў вялізны пацук па мянушцы Зянон; гэта быў адзіны самец на ўсю лябараторыю, ён выконваў ролю асемяняльніка. Спагадлівыя студэнты й студэнткі падкормлівалі пацука, хто чым мог. Найбольш заможныя дзяліліся зь ім апошнім кавалкам вяндліны; а самыя бедныя цягалі з трупярні кавалкі чалавечыны й плеўкі эмбрыяна�ьнае тканіны.

Але насталі вакацыі; студэнты зьніклі зь лябараторыі, і згаладаламу пацуку давялося перабрацца на бліжэйшыя могілкі.

Сьпярша ніхто ня мог даўмецца, чаму штоноч магілы разрываюцца адна за адной, і трупы зьнікаюць бязь сьледу; пракуратура, якая пачала расьсьледваць гэтую справу, палічыла, што нябожчыкаў крадуць вымагальнікі з мэтай атрыманьня выкупу. Але й пасьля таго, як міліцыя пералавіла ўсіх могілкавых бандзітаў, трупы зьнікалі па-ранейшаму.

Кропку ў гэтай справе паставіла наступнае здарэньне: аднойчы, не дачакаўшыся сьвежага мерцьвяка, галодны пацук выправіўся на пошукі, бо небараку нічога больш не заставалася, як паляваць на жывых. Прынюхаўшы сабе ахвяру, якой аказалася цыганка Ада Ю. Зянон перасьледаваў яе да вакзальнай прыбіральні, дзе тая мела сталы прытулак. Пацук-людажэр, дачакаўшыся, пакуль тая не ўладкуецца ў кабінку, скочыў ёй на плечы. Невядома, чым магла б скончыцца гэтая драматычная сцэнка, калі б своечасова не прыбылі пажарныя, якія ўмомант затапілі прыбіральню вогнегасільнай пенай...

Такім чынам ускосна пацьвердзілася слушнасьць меркаваньня пра шкоднасьць абортаў...


Вавёрка-вантробніца

Аднаму маладзёну вельмі не пашанцавала ў жыцьці: колькі гадоў таму яго засьпеў у адным ложку са сваёй жонкай хірург...

Натуральна, першым памкненьнем зьняважанага ў лепшых пачуцьцях мужчыны было адрэзаць маладзёну чэляс, але ягоная жонка, стоячы на каленях, утаварыла доктара не рабіць гэтай апэрацыі, і таму хірург, які бязьмежна кахаў жонку, абмежаваўся тым, што вострым скальпелем адсёк небараку рукі й ногі.

Пасьля такой нечаканай ампутацыі пазбаўлены догляду маладзён трапіў у дом інвалідаў, дзе, не маючы магчымасьці весьці звыклы лад жыцьця, у жальбе й самоце, завеў сабе сяброўку - прывабную, спрытную й ласкавую вавёрачку.

Кемлівы зьвярок за кароткі час прывучыўся выконваць усе даручэньні гаспадара: сваімі невялічкімі пяшчотнымі лапкамі грызун даставаў з пачка цыгарэты, шчоўкаў запальнічкай і падносіў агенчык маладзёну, а па начах залазіў пад коўдру й маленькім шорсткіы язычком казытаў эрагенныя зоны інваліда, дазваляючы таму адчуваць сябе паўнавартасным чалавекам. А разамлелы ад шчасьця маладзён зноў і зноў перажываў ва ўспамінах тыя незабыўныя імгненьні, калі раскашаваўся ў хірургавым ложку...

Між іншым, пазбаўлены канечнасьцяў небарака прывучыў сваю бухматую сяброўку набіраць нумар тэлефона былой каханкі. Аднойчы тая, зразумеўшы сваю віну перад інвалідам, прыйшла ў адведкі. Вавёрка, адчуваючы сябе пакінутай, са скрухай у маленькіх і бліскучых ад сьлёзаў, бы пацеркі ружанца, вачох сядзела на падвоканьні й глядзела на тое, як хірургава жонка мералася прыладзіцца да ніжняй часткі тулава гаспадара. Ня вытрымаўшы дакору маўклівага позірку, маладзён неразважліва крыкнуў ваверцы: «А пайшла ты ў дупу!..» Тая, радая, што зноў хоць для нечага патрэбная гаспадару, імгенна кінулуся выконваць ягоны загад - праз колькі сэкундаў бухматы грызун схаваўся ў анальнае адтуліне зьніякавелай кабеты.

Як вядома, гэтыя зьвяркі вызначаюцца адмысловай вастрынёй зубоў; карацей кажучы, покуль жанчыну давезьлі да стала мужа-хірурга, вавёрка выела ўсе вантробы...

На жаль, небарака-вавёрка, падавіўшыся камянём з нырак, загінула; а хірург, каб мець хоць нейкую памяць па жонцы, злупіў з вавёркі скуру й прыбіў да сьцяны над ложкам спачывальні...

А таму, зьвяртаючыся да сяброў і, асабліва, да сябровак з усялякімі просьбамі, варта мець на ўвазе, што трэба дакладна фармуляваць пажаданьні, не пакідаючы магчымасьці для двухсэнсоўных інтэрпрытацыяў...


Трытон-нафтавік

Часам у Беларусі трапляюцца ня толькі традыцыйныя людажэры, але й экзатычныя прадстаўнікі гэтага тыпу істотаў. Сьведчаньне таму - гісторыя, якая летась надарылася ў глыбіні Палесься...

А пачатак яна мела ў іншай глыбінцы, толькі расейскай - у слынным сыбірскім горадзе Ніжневартаўску. Горад гэты знакаміты зь дзьвюх прычынаў - па-першае, у расейскіх тубыльцаў з часоў Ермака й Дзяжнёва квітнее хабёльскі промысел: у дзень дастачы грошай адна палова насельніцтва Ніжневартаўска з малаткамі й сякерамі ў рукох пільнуе на цёмных пляцоўках другую палову гараджанаў, якія, ня здолеўшы прапіць гатоўкі, заробленыя на лесапавалах і нафтапромыслах, вяртаюцца дахаты. А па-другое - у такіх дзікунскіх умовах могуць працаваць хіба што тыя, хто не спакушаецца на падобныя нацыянальныя гульні, беларусы й украінцы, бо этнічны расеец ня можа ўстрымацца, каб ня быць зачараваным немудрагелістым сэнсам мяйсцовых традыцыяў...

Беларусаў, якія працуюць на нафтапромыслах, зазвычай дастаўляюць ў гэты своеасаблівы горад-гета самалётам на два тыдні; такім чынам здабываецца расейская нафта, што пампуецца па трубах і прадаецца на Захадзе - Беларусі, Польшчы й гэтак далей...

Аднойчы брыгада нафтавікоў, працуючы ва ўмовах вечных мерзлаты й расейскага ідыятызму, падняла з глыбіні эпохі юрскага пэрыяду брылу лёду з умерзлай у яго выкапнёвай пачварай, якая зьнешне нагадвала вялізнага трытона. Успомніўшы, як на радзіме смаляць вепрукоў, беларусы неўзабаве адагрэлі выкапня паяльная лямпай, мяркуючы, што нечаканы падарунак расейскіх нетраў няблага пойдзе пад гарэлку. Але здарылася наадварот: пачвара, акрыяўшы, умомант адкусіла брыгадзіру руку, у каторай той трымаў падрыхтаваную шклянку са сьпірытусам. Тым ня менш, нафтавікі, не разгубіўшыся, кінуліся лавіць рэліктавага трытона й, нарэшце, загналі яго ў спынены на рамонт нафтапровад...

Колькі не чакалі нафтаздабытчыкі, спрабуючы прыманіць трытона сьпірытусам, гнюсная пачвара так і не вылезла з трубы...

А тым часам ненажэрны Захад чакаў расейскае нафты.

Дзюрку давялося заварыць і, запусьціўшы помпы, нафтавікі (за выключэньнем пацярпелага брыгадзіра), згадваючы пад час адпачынку на гістарычнай радзіме пра гэтае здарэньне, толькі пасьміхаліся, уяўляючы твары заходніх гандлёвых партнёраў Расеі, калі да іх разам з нафтай трапіць зубаты выкапень...

На жаль, спадзяваньні нафтавікоў ня спраўдзіліся: атрымалася так, што тая ж самая брыгада нафтаздабытчыкаў наважылася выправіць несправядлівасьць і вярнуць хоця б частку нафты, здабытай сваімі рукамі. Дзеля гэтака яны, узброіўшыся газавым рэзаком, выправіліся на ўчастак нафтапровада, што пралягаў празь іх мяйсцовасьць. І трэба ж было здарыцца, што ў гэты самы час пачвара як раз праплывала ў плыні нафты ў тым самым мейсцы.

Пачавара, трапіўшы на волю, сьпярша даела ў брыгадзіра тое, што засталося пасьля рукі, а потым кінулася на астатніх. Зьеўшы цэлую брыгаду нафтавікоў, задаволены трытон заснуў.

Прыбылыя па выкліку службы энэрганагляду палеянтолягі, прытрымліваючыся міжнародных пагадненьняў, акальцавалі пачвару і запусьцілі яе назад у нафтапровад, каб высьвятліць шлях міграцыі з Усходу на Захад. На жаль, ніякіх зьвестак ад польскіх і нямецкіх калегаў нашыя палеянтолягі не атрымалі й дагэтуль...

Такім чынам, робіцца ясным, што Беларусі лепш за ўсё купляць нафту не ў Расеі, дзе й дагэтуль пануе вечная мерзлата й немудрагелістыя гульні, а ў больш цывілізаваных за Расею краінах - напрыклад, у Арабскіх Эміратах ці Саўдаўскай Арабіі. Прынамсі, цывілізаванасьць грамадзтва гэтых дзяржаваў дае ўсе падставы меркаваць, што разам з экспартнай нафтай да нас ня трапшь чарговая рэліктавая расейская гнюснасьць...


Акторка-пажадліўка

Некаторя псэўданавукоўцы-шарлатаны, гаворачы пра шкоднасьць пачваразнаўства, патрабуюць, каб дзяржаўныя структуры пазбавілі датацыяў гэтую галіну навукі. Пры гэтым яны спасылаюцца на адну прыкрую гісторыю, якая надарылася ў сталіцы Беларусі ня так даўно...

Вядомы сталічны драматург Аляксей Д. неяк зайшоў у бар Дома Актора, больш вядомы ў колах менскае інтэлектуальнае й творчай эліты як «Каламутнае вока». За стойкай ён убачыў новую бармэнку - былога актора дзіцячага тэатра, а цяпер масьцітага драматурга надзвычай уразіла, зь якой натуральнай шчырасьцю тая аблічвала падвесялёных кліентаў. На такое ня быў здатны нават ён, і таму нечакана для сябе прапанаваў бармэнцы пабрацца шлюбам.

Разумеючы, што жонка вядомага драматурга ня можа і надалей знаходзіцца за стойкай, ён уладкаваў яе акторкай у Акадэмічны тэатр.

Але зь першых жа дзён шлюбу драматурга моцна занепакоіла наступнае: пры пацалунках былая бармэнка балюча кусала яго вусны, а аднойчы ледзь не адгрызла язык.

Нэрвова неўраўнаважаны драматург ня мог доўта трымаць неспакой пры сабе, і аднойчы, у пьянай кампаніі падзяліўся сваімі назіраньнямі зь лепшым сабутэльнікам - паэтам Вальдэмарам Н. Паколькі сталічны Дом Актора мейсьціцца ў былым архіерэйскім палацы, то інтэр'ер, выкананы ў псэўдабізантыйскім стылі, схіляў сабутэльнікаў да містыкі; паэт Вальдэмар Н. адразу ж згадаў шматлікія публікацыі бульварнага часопіса, галоўным рэдактаром якого быў, пра жахлівых нячысьцікаў і падступных злыдухаў. Пасьля трэйцяй пляшкі, купленай у швэйцара, і сам Аляксей Д. пагадзіўся, што ягоная жонка - людажэрка.

Можа, драматург, прачнуўшыся з пахмельля раніцою, і забыўся б на вечаровую размову, каб ня тыя пяшчоты, якімі вырашыла адарыць яго жонка ў ложку: ледзь прытомны зь вялікімі намаганьнямі ён адарваў галаву ад падушкі й убачыў, як ягоны чэляс схаваўся ў роце былой бармэнкі па самы камель. Лоб драматурга пакрыўся халодным потам, бо ён ўспомніў, як тыдзень таму, беручы ў касьцёле сьвятую аплатку з рук ксяндза, ягоная жонка так глыбока заглынула лыжку, што ледзь не адкусіла сьвятару пальцы...

Перад масьцітым драматургам ва ўсёй непазьбежнасьці вырашэньня паўстала дылема - жончына жыцьцё ці ўласны чэляс. Ня варта й казаць, што ён абраў апошняе - схапіўшы з начнога століка вялізны том сваёй новай п'есы ў вершах, Аляксей Д. забіў ім жонку...

На жаль, пасьпешлівае рашэньне не заўседы бывае правільным: паталягаанатамічнае дасьледваньне былой бармэнкі паказала, што яна - самая звычайная жанчына, праўда пажадліўка, але ні ў якім разе не людажэрка, як меркаваў яе муж.

А таму, шаноўныя аматары й аматаркі праўдзівых ліхтугаў і чорнага гумару, майце на ўвазе, што дасьледваньнем надзвычайных зьяваў у мастацтве павінны займацца сапраўдныя прафэсыяналы, а не дэлітанты накшталт героеў гэтай нявыдуманай гісторыі, бо толькі прафэсыяналы здольныя прадбачыць любыя, самыя нечаканыя адхіленьні ня толькі жыцьцёва-пачварнага, але й літаратурнага сюжэту...


* * *


Скончана апошняя старонка, і ты, паважаны чытач, з палёгкаю ўздыхаешь.

Ты, напэўна, мяркуеш, што здані і пачвары, пра каторыя сумленна й праўдзіва распавялі аўтары гэтае кнігі - толькі плён іх фантазыі?

Што падобныя жахлівыя ліхтугі могуць здарацца хіба што на старонках навукова-літаратурных твораў?

Ты памыляесься.

Выйдзі на вуліцу, паглядзі ўважліва ў твары людзей, уключы тэлевізар, зірні на фотаздымкі першых поласаў урадавых газэт. Аўтары перакананыя, што твары людзей, якія ты пабачыш - дэпутатаў, палітыкаў, бізнэсмэнаў, чыноўнікаў ды самога Прэзыдэнта - карацей, асобаў, ад якіх залежыць твой асабісты лёс, пададуцца табе куды больш жудаснымі, ідыятычнымі й бессэнсоўна-крыважэрнымі...

Ты можаш рабіць мноства высноваў з нашых парадаў, можаш забыцца на іх, можаш з паблажлівай ўсьмешкай адмахнуцца, але аўтары ад шчырага сэрца раяць не забывацца, што і пасьля знаёмаства з нашае кніжкай жыць ўсё адно становіцца лепш, становіцца весялей...


Загрузка...