I. МОГІЛКАВЫЯ ІСТОТЫ


Вупар

Гэтая пачвара вядзецца па ўсёй тэрыторыі краіны, і паўсюль мае аднолькавы выгляд. Праўда, апошнім часам некаторыя відавочцы сьцьвярджаюць, што сутыкаліся ў Чарнобыльскае зоне з Вупарамі-мутантамі. Калі не зважаць на гэтую акалічнасьць, а да яе мы вернемся пазьней, Вупар Звычайны мае наступныя выгляд і характар:

Выглядае нармалёвым мерцьвяком трох-чатырохтыднёвае даўніны - зь зялёнымі плямамі па ўсім целе, калі гэта мужчына - глядзіцца няголеным. Іклы прыкладна ўдвая даўжэйшыя за разцы; яны насоўваюцца на ніжнюю губу. Адрозьніваюць вупара ад жывога чалавека так: адразаюць яму галаву - чалавек пасьля маўчыць, а вупар адразу пачынае лаяцца. Характар у вупараў вельмі агрэсіўны й непрадказальны, што відаць з пратаколя, складзенага малодшым сяржантам Ж. сталічнага пастарунка міліцыі са словаў аднаго пацярпелага. У ім падавалася наступнае:

«Дзяжурны сантэхнік Хведар Т. вяртаўся з другой зьмены. На вуліцы Міколы Гусоўскага ў раёне Кальварыйскіх могілак яго пераняў нейкі дзіўнаваты фацэт з пустым эмалёвым вядром у руцэ й прапанаваў выпіць. Хведар, натуральна, пагадзіўся. Незнаёмец запэўніў, нібыта ведае хату, дзе можна ўзяць сьпіртнога. З думкаю, што яны кіруюцца да звычайнай самагоншчыцы па бімбэр, рабочы падаўся сьледам за незнаёмцам. Фацэт старанна абмінаў сядзібы, на брамах якіх былі прыбітыя крыжы. Нарэшце ён спыніўся перад домам з чырвонай пяціканцовай зоркай і, папрасіўшы Хведара счакаць, зайшоў. Празь нейкі час фацэт вярнуўся, згінаючыся пад цяжарам поўнага вядра. Хаўрусьнікі прыпыніліся каля аўтаматаў з газіраванаю вадою, і фацэт разьліў прынесенае пітво зь вядра па шклянках. У сьвятле поўні Хведар заўважыў - ў ягонае шклянцы цёплая кроў і катэгарычна адмовіўся піць. Фацэт спачатку спрабаваў запэўніць Хведара Т, што гэта проста вельмі сьвежае, яшчэ неастылае піва, а потым, угневаўшыся, надзеў яму вядро на галаву. Непрытомнага акрываўленага сантэхніка зь вядром на галаве падабраў на патрульнае машыне пастарунковы міліцыянт. Спэцыяльнае падразьдзяленьне, пасланае ў дом пад чырвонай зоркай, знайшло там абяскроўлены труп гаспадара - вэтэрана ўзброеных сілаў. Па сьвежых сьлядох міліцыянты злавілі й фацэта-вупара: ім аказалася асоба каўкаскай нацыянальнасьці, як высьветлілася на допыце - гомасэксуаліст. Каўказец занядужыў на вупарызм даволі нячастым для гэтай хваробы полавым шляхам - разрыў сьвежую магілу й згвалціў хлопчыка-нябожчыка».

Калі тэхналёгія абароны ад Вупара Зьвычайнага мае даўнія традыцыі й выдатна распрацаваная, то чарнобыльскага Вупара-Мутанта не стрымаюць ані часнычны дух, ані сьвятая вада, ані срэбная куля, пазначаная крыжом. Гэтая пачвара падлягае хіба што дэзактывацыі.

Найбольшую небясьпеку ўяўляюць зь сябе Вупары-жанчыны, якія нахабна дзейнічаюць па рэстарацыях, барах і гатэлях пад выглядам прастытутак. За невялікую плату яны згаджаюцца заняцца аральным сэксам, пасьля чаго разьмілаванаму й страціўшаму пільнасьць кліэнту адкусваюць геніталіі - так зручней высмоктваць кроў. Але адрозьніць іх ад сапраўдных прастытутак няцяжка - яны вельмі халодныя на дотык. Калі якая надзвычай халодная паненка кажа вам, што проста зьмерзла, стоячы на вуліцы, прымусьце яе змыць касьметыку, і пад ёю абавязкова праявяцца зялёныя трупныя плямы.


Фосфарны Слуп

Гэтая здань вядзецца пераважна на закінутых могілках ды цьвінтарох і ніколі не пакідае іх тэрыторыі. Уяўляе зь сябе паўпразрысты зеленкаваты газавы слуп, што сьвеціцца зь сярэдзіны. Праўда, некаторыя, найбольш зацятыя знаўцы сьцьвярджаюць, што на Маскоўскіх могілках горада Менска сустакаюцца слупы злавесна-чырвонага колеру, пераважна над магіламі вэтэранаў партыі й камуністычнага будаўніцтва. Слуп зьяўляецца над капцом апоўначы й зьнікае зь першымі промнямі сонца. Многія таямнічыя забойствы й зьнікненьні аматараў начных шпацыраў па могілках мажліва вытлумачыць, калі прыняць пад увагу існаваньне гэтае маладасьледаванай зьявы. Мала хто застаўся жывым пасьля сустрэчы з падобнай жудаснай зданьню, а таму інфармацыя, пададзеная рэдкімі ацалелымі сьведкамі, ўдвая каштоўная.

Вось, напрыклад, што здарылася са студэнтам сталічнае Акадэміі торфу кангалезцам Дж.:

Цемнаскуры госьць бавіў вольны час у бліжэйшае ад інтэрнату рэстарацыі «Палесьсе», дзе й пазнаёміўся з прывабнай трынаццацігадовай паненкай П. Пасьля закрыцьця рэстараці яны доўга шукалі цёмнага, прыдатнага для мілаваньня мейсца. Пасьля працяглых пошукаў студэнт і паненка нарэшце апынуліся на Ўсходніх могілках, каля капца нядаўна памерлага намэнклятурнага паэта К. Пад час мілаваньня ўвагу афрыканца прывабіў зьзяньнем лаўровы вянок на помніку, зроблены зь нержавеючай сталі, які сваім бляскам, пэўна, нагадаў яму далёкую радзіму. Дж. пацягнуўся да яго, але пры спробе завалодаць рытуальнай уласнасьцю нябожчыка над капцом узьняўся жахлівы Слуп і стаў душыць рабаўніка. Знаходлівая паненка не разгубілася й пстрыкнула запальнічкай. Слуп згарэў дарэшты. Моцна пацярпелага студэнта-замежніка завезьлі ў апёкавы цэнтр. Дактары рабілі што маглі, але ў сховішчы скуры не знайшлося матэрыялу патрэбнага адценьня, і небараку давялося перасадзіць скуру белага чалавека. Знаходлівую дзяўчыну ўзнагародзілі мэдалём «За ратаваньне на могілках». З гэтай гісторыі вынікае, што полавыя зносіны пры сьвятле ды ў людных мейсцах часам куды больш бясьпечныя, чым у цемры.


Мярцьвяк-пажадлівец

Гэткая пачвара была зафіксаваная пакуль што ў адзінкавым экзэмпляры, але няма пэўнасьці, што падобныя зьяўленьні не атрымаюць працягу. Мярцьвяк-пажадлівец - паталёгія ў замагільным сьвеце, выкліканая антыгуманнай тэхналёгіяй пахаваньня - крэмацыяй.

Жахлівая гісторыя здарылася ў 1994 годзе на Паўднёвых могілках сталіцы...

Сталічны крэматорый перайшоў на новую форму абслугоўваньня кліэнтаў. Калі раней нябожчыкаў спальвалі ў прысутнасьці заказчыка й аддавалі слоік з попелам на рукі ў той жа дзень, то цяпер, у сувязі з недапастаўкамі газу з Расеі, печка крэматорыя працуе раз на дэкаду. З гэтае прычыны нябожчыкам даводзіцца чакаць у лядоўні, покуль іх не набярэцца ладная кампанія.

Якраз на зьмену квадры месяца памёр вядомы ў горадзе сьляпы масажыст. Пры жыцьці ён набыў папулярнасьць тым, што спакушаў кліэнтак сотнямі, бо выдатна ведаў эрагенныя пункты на жаночым целе й наўмысна іх раздражняў. Жонка, прагнучы адпомсьціць юрліўцу, вырашыла ня толькі спаліць мужа-нябожчыка ў крэматорыі, але й дзеля большай ганьбы ўзяць труну й гарнітур напракат. Пасьля ўрачыстага разьвітаньня ў рытуальнае залі крэматорыя нябожчыка выкінулі з труны, садралі гарнітур ды паклалі ў лядоўню.

Далей падзеі разгортваліся наступным чынам. Калі па графіку ў крэматорый падалі газ, качагары спахапіліся, што за тыдзень нябожчык-масажыст зьнік, але палічылі здарэньне занадта дробным, каб паведамляць пра яго начальству. Нястачу попелу яны замаскавалі, падзяліўшы па слоіках рэшткі іншых нябожчыкаў. Але праз каторы час каля сьцяны калюмбарыя аказалася згвалтаванай адна маладая ўдава, якая кленчыла перад мейсцам пахаваньня свайго мужа. Яна нават не пабачыла самога гвалтаўніка, бо той падкраўся ззаду, а палавы акт быў настолькі пралангаваным, што ўдава пасьпела страціць прытомнасьць. Такім жа чынам на працягу месяца былі згвалтаваныя ледзь ня ўсе ўдовы, якія мелі неасьцярожнасьць прыходзіць у калюмбарый на прысьмерку. Ніхто ня мог даць рады гвалтаўніку. Міліцыя зьбілася з ног, перабіраючы сваю картатэку.

Але ўвагу маладога стажора з аддзела крымінальнага вышуку прыцягнула адна акалічнасьць - сярод згвалтаваных не знайшлося ўдавы масажыста. Рызыкуючы многім, практыкант пераапрануўся ў жаночую вопратку і, павязаўшы жалобную хустку, выправіўся на зьмярканьні ў калюмбарый і ўкленчыў перад сьцяною.

Чакаць давялося нядоўта - як толькі практыкант заўважыў за сваёй сьпіною цень несумненна ўзбуджанага мужчыны, то кінуўся на таго. На лямант прыбеглі качагары й адразу ж пазналі ў гвалтаўніку зьніклага нябожчыка. Нягледзячы на пратэсты практыканта з аддзелу крымінальнага вышуку, справядліва разьюшаныя качагары закінулі пачвару ў печ і спалілі на попел.

Гэтае здарэньне яшчэ раз даводзіць, што не дасьледаваўшы шкодных наступстваў новых формаў рытуальнага абслугоўваньня насельніцтва, нельга іх неабдумана ўводзіць ва ўжытак.


Трупныя прэпараты

Гэта - таксама нядаўняя зьява ў пачварным могілкавым сьвеце. У ранейшыя часы, калі людзей хавалі без абавязковага паталягаанатамічнага дасьледваньня, яе папросту не магло існаваць. Зьяву гэтую спарадзіла несумленнасьць медыкаў, якія, карыстаючыся службовым становішчам, аддаюць сваякам для пахаваньня не ўсяго нябожчыка, а адразаючы некаторыя часткі целаў мерцьвякоў, пакідаюць іх сабе для навуковых гульняў і дурных жартаў.

Крывавая трагедыя адбылася ў адным гарадзенскім шпіталі: малады спэцыяліст, супрацоўнік трупярні, адрэзаў і ўзяў на выходныя дні пагуляць дзецям руку нядаўна памёрлага піяніста. Лекар вярнуўся дахаты позна ўвечары і, загарнуўшы руку ў сьвежы нумар «Пагоні», паклаў яе на гаўбец, але забыўся зашпіліць дзьверы на шпінгалет. Уначы суседзяў пабудзіў дзікі лямант, але неўзабаве ўсё сьціхла. Калі раніцою пасьля шматлікіх званкоў у дзьверы суседзі не змаглі патрапіць у кватэру да медыка, яны высадзілі дзьверы ды ўбачылі жудасную карціну: уся сям'я лекара загінула, крывя заліла шпалеры, фіранкі й нават столь, а вантробы членаў сям'і зьвісалі з жырандоляў. Ніхто ня мог даць рацыянальнага вытлумачэньня гэтае трагедыі, але калегі загінулага бажыліся, што рука піяніста празь некаторы час зноў аказалася на сваім мейсцы - каля трупа. Падобныя выпадкі здараліся ў многіх гарадох і мястэчках, але кожнага разу забойцамі выступалі розныя, часамі самыя нечаканыя, органы.

Гэтыя гісторыі сьведчаць, што зьнявага мерцьвяка часам каштуе крыўдзіцелю значна даражэй, чым зьнявага жывога.


Загрузка...