Многія недасьведчаныя аматары вострых прыгодаў і ліхтужных перажываньняў часам блытаюць Д'ябла з Чортам. А гэта несправядліва. Чорт - пачвара, здатная хіба што на дробныя гнюснасьці (згадайма Чорта Хатняга, які здолеў падмануць сумнавядомага беларускага паэта С). Д'ябал, перш за ўсё, пачвара здатная да больш маштабных і нават трагічных па сваіх выніках паскудзтваў. Канчатковая мэта кожнага такога паскудзтва - здабываньне бесьсмяротнае чалавечае душы, у гэтым - сэнс дзейнасьці пачвары. Для дасягненьня сваіх мэтаў Д'яблы ня грэбуюць анічым, яны ўзьдзейнічаюць на найбольш моцныя й неадольныя пачуцьці людзей: хцівасьць, юрлівасьць і прагу ўлады. Пачваразнаўцы, якія цудам ацалелі пасьля спатканьня з гэтай падступнай істотай, вызначылі, што Д'яблы бываюць адно мужчынскага роду. Гэтыя ж пачваразнаўцы падзяляюць іх на здабывальнікаў мужчынскіх і жаночых душаў.
Гэтая жахлівая, але павучальная гісторыя надарылася ў Пінску. Адзін зь сяброў паляшуцка-яцьвяскага таварыства «Узбудзіньне», нехта Мыкола Т-ко, з мэтаю ажыцьцяўленьня сваіх сэпаратысцкіх мэтаў па «вызваленьню паляшуцкага народу ад беларускіх акупантаў» заняўся камэрцыяй, якая зводзілася да перапродажу беларускага сала й маргарыны ў расейскай сталіцы. Некаторы час яму шанцавала, але з увядзеньнем мытнага дагляду гандаль Мыколы Т-ко прыйшоў у заняпад. Гандляра-сэпаратыста не ўратавалі нават праваднікі-тубыльцы, якім былі вядомы сьвінячыя сьцежкі на беларуска-расейскай мяжы. Аднойчы, пасьля таго, як беларускія мытнікі сканфіскавалі ўвесь тавар, Мыколе нічога больш не заставалася, як вярнуцца ў родныя яцьвяскія балоты й багны, дзе яго чакалі разьюшаныя крэдыторы. Пагражаючы помстай у лепшых палескіх традыцыях - уставіць у дупу Мыколы гарачы паяльнік, яны прымусілі даць расьпіску, што ён верне грошы праз тры дні. Разгублены сэпаратыст, выцягнуўшы апошнія прыхаваныя ад крэдытораў грошы з таго самага мейсца, куды бандыты абяцалі ўставіць прыладу катаваньня, накіраваўся ў бар з мэтаю напіцца да сьмерці. Пасьля другой пляшкі народнага напоя яцьвягаў, бураковай гарэлкі, камэрсант убачыў перад сабою нейкага файнага паночка, якога ўсхваляваны Мыкола сьпярша прыняў за агента службы Дзяржаўнай бясьпекі, бо той у барным тлуме падаўся яму да непрыстойнасьці цьвярозым. Файны паночак, ні пра што папярэдне не расказваючы, прапанаваў падпісаць каштарыс на душу гандляра ўласнаю крывёю тэрмінам на паўтода. Такім чынам, пагадненьне паміж палешуком і Д'яблам адбылося. Дзякуючы Д'яблавым грошам Мыкола ня толькі разьлічыўся з крэдыторамі, але й здолеў выдаць некалькі нумароў паскуднай газэткі. За тыдзень да заканчэньня тэрміну канчаткова працьверазелы Мыкола падаўся да свайго сябра і паплечніка, сьвятара Расейскай Праваслаўнай царквы...
Той прычапіў яму на шыю прывезеную з Масквы высьвенчаную ладанку, і папярэдзіў: «Д'ябал ня зможа забраць тваю душу, пакуль ладанка вісіць на тваёй шыі». Можа, Мыкола і здолеў бы ўратавацца, каб не юрлівасьць праўдзівага палешука; адчуўшы палёгку, бо тэрмін скончыўся, а Д'ябал не зьявіўся, сэпаратыст падаўся да сваёй аднадумніцы-палюбоўніцы. Пад час занадта эмацыйнага абмеркаваньня будучага герба Палешуцкай Рэспублікі Яцьвязь (Мыкола прапаноўваў эмблему бровара «Крышталь»; два чорныя буслы жлукцяць гарэлку са жбана), дзяўчына, каб зразумець усю неаспрэчнасьць аргумэнтаў свайго сябры, падставілася пад яго. Ладкуючыся ззаду, Мыкола неасьцярожна нагнуўся, і сымболь, высьвенчаны ў Маскве, зьнік у вільготнай адтуліне. Усе спробы выцягнуць сьвятую рэліквію былі дарэмнымі. Сьледам за ладанкай адтуліна ўсмактала і ланцужок. Зьляканы Мыкола зазірнуў у адтуліну, дзе сустрэўся позіркам з жахлівым бляскам фасфарычных вачэй. «Хто ты?», - спытаўся Мыкола, ледзь варухаючы языком. «Д'ябал!.. - адказала адтуліна паружавелымі вуснамі. - Хадзі да мяне!..» Падпарадкоўваючыся гіпнатычнаму позірку Д'ябла, Мыкола падаўся ў вільготнае жэрава.
Сэпаратыста-гандляра доўта шукалі сябры й паплечнікі, паспрабавалі вызваліць; але яго голас рабіўся цішэй і цішэй, і праз гадзіну ён нават не азываўся на кліч «Жывэ Полісьсе!..» Такім чынам, пазбаўлены лідэра сэпаратысцкі рух пайшоў у заняпад...
Калі пра гэтае прыкрае здарэньне дазналіся шырокія колы беларускай грамадзкасьці, то прысуд быў аднадушны: «Вось сьмерць, вартая калябаранта!..»
На жаль, пра гэтую пачвару можна казаць толькі ў мінулым часе, бо апошні прадстаўнік Д'яблаў-маркітуноў у нашым краі сканаў напачатку дзевяностых гадоў. Ягоную кліентуру складалі пераважна сэксуальна незадаволеныя жанчыны й дзеўкі, якія з прычыны сваёй звышюрлівасьці не маглі задаволіцца па-чалавечы. Справа ў тым, што Д'ябал-маркітун меў не адзін, а тры чэлясы, і таму мог зьдзейсьняць полавыя стасункі бесперапынна, покуль працаваё адзін чэляс, два друтія астывалі.
Не адно стагодзьдзе Д'ябал-маркітун задавальняў патрэбы юрлівых жанчынаў, выкарыстоўваючы свае цудоўныя прылады. Кабеты, не вагаючыся, аддавалі яму свае бесьмяротныя душы за адзін толькі акт. Іншыя Д'яблы шчыра зайздросьцілі свайму калегу, бо самае страшнае, што пагражала маркітуну - гэта сустрэча з мужамі сваіх партнёрак, аднак пры здольнасьці пачвары рабіцца нябачным для мужчынскага вока, ён заўсёды пазьбягаў кары.
Але нават пякельныя сілы, ствараючы траісты чэляс, не маглі даўмецца да вычварнай распусты артысткі аднаго зь менскіх вар'етэ - Анжалікі Б. Пра яе ненажэрнасьць ведалі ўсе сталічныя аматары вытанчанага сэксу. Тэлефон Анжалікі Б. можна было знайсьці ў кабінках усіх грамадзкіх прыбіральняў побач з падрабязнымі апісаньнямі гінекалягічных парамэтраў і акрабатычных здольнасьцяў. Відаць, у адной з прыбіральняў Д'ябал-маркітун прыгледзеў яе тэлефон і самаўпэўнена вырашыў, што яе бесьсмяротная душа дастанецца яму без асаблівых высілкаў.
Гэтым разам пачвара жорстка памылілася...
Убачыўшы траісты чэляс, Анжаліка Б. узрадавалася і адразу ж знайшла для яго суадносна нетрадыцыйны ўжытак: яна пагадзілася абмяняць сваю душу на акт, які нават Д'яблу падаўся вычварным і рызыкоўным. Але прафэсыйная цікаўнасьць і прага атрымаць душу юрлівай паненкі аказаліся мацней за пачуцьцё самазахавшіьня, і Д'ябал падпісаў пагадненьне, згодна якому мусіў задаволіць артыстку вар'етэ.
Справа ў тым, што раней яму ніколі не даводзілася выкарыстоўваць траісты чэляс адначасова для анальнага, вагінальнага й аральнага сэксу. Празь нейкіх дзьве гадзіны напружанае працы д'ябальскія інструмэнты перагрэліся, і пачвара сканала ад апёкаў, а паколькі Анжаліка так і не пасьпела спазнаць сапраўдны аргазм, то дамова страціла сваю сілу.
Дарэчы, па гэтым здарэньні была ўзбуджана судовая справа, якая і дагэтуль не завершана, бо ў крымінальным кодэксе няма артыкула, які б прадугледжваў адказнасьць за зьдзек над пачварай. Праўда, юрысты мяркуюць зрабіць захады зь іншага боку, каб пакараць Анжаліку Б., паколькі пасьля загібелі Д'ябла-маркітуна ў грамадзкіх прыбіральнях павялічылася колькасьць згвалтаваньняў мужчын, у якіх небеспадстаўна падазраюць гэтую паненку, якая, дарэчы, і на сцэне любіць пераапранацца хлопцам.
Калі дагэтуль мы распавядалі пра суадносна дробныя паскудзтвы Д'яблаў, якія ня мелі грамадзскага розгаласу і палітычных наступстваў, то цяпер самы раз распавесьці пра найбольш хітрага прадстаўніка гэтага кшталту - Д'ябла-улададаўцу.
Гэтая пачвара зьявялася на абшарах Вялікага Княства й Кароны адразу пасьля сьмерці апошняга зь Ягелонаў, бо адкрылася магчымасьць спакушаць шляхту найвышэйшай уладай.
Пасьля таго, як апошні кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адрокся ад кароны, Д'ябал-улададаўца застаўся бяз сталага занятку. Спробы спакусіць магнатаў дробнымі падачкамі, накшталт мейсца ў расейскім сэнаце, засталіся безвыніковымі, яшчэ менш пасьпяховымі былі захады Д'ябла набыць несьмяротную душу й шляхецкую годнасьць нашчадкаў слаўных родаў за пасады старшынь калгасаў, бо найвышэйшая ўлада разьмяркоўвалася крэмлёўскімі Д'ябламі.
Але з прыняцьцем Вярхоўным Саветам Закона аб прэзідэнцтве Рэспублікі Беларусь Д'ябал-улададаўца нарэшце акрыяў. Праўда, згодна з Д'ябальскім кодэксам і Статутам Вялікага Княства Літоўскага прапаноўваць найвышэйшыя пасады ён меў адно нашчадкам шляхты. На суадносна другасныя ролі сьпікера й прэм'ера спакусіліся адно засьцянкоўцы-выганоўцы, былы партыйны функцыянэр і міліцэйскі генэрал. Аддаваць партфель прэзыдэнта ў рукі такой драбязы Д'ябал-улададаўца палічыў ніжэй свайго гонару, і пасьля пошукаў ён спыніў выбар на прафэсыйным графе-эміграньце Крушынскім.
Сустрэўшыся з графам на ягонай новай радзіме, у Канадзе, Д'ябал запрапанаваў яму свае кваліфікаваныя паслугі. Той, вядома, з радасьцю пагадзіўся й неўзабаве прыехаў у Менск...
Не арыентуючыся ў сучаснай беларускай рэчаіснасьці, спакушальнік адразу ж зрабіў памылку. Каб высьвятліць палітычны рэйтынг Крушынскага, ён запрапанаваў арыгінальны экспэрымэнт: расклеіў па горадзе ўлёткі, у якіх заклікаў выбаршчыкаў, што падтрымліваюць прафэсыйнага эмігранта, апоўначы пэўнага дня ўсім разам спусьціць ваду ва ўнітазах у сваіх кватэрах, каб па перарасходзе вады можна было падлічыць патэнцыйную колькасьць галасоў. А сам, каб падтасаваць вынікі гэтага сацыялягічнага апытаньня, апоўначы прадзюравіў калектарны вадавод, спусьціўшы ў каналізацыю палову гарадзкога вадазабору.
Але ані граф Крушынскі, ані Д'ябал-улададаўца не ўлічылі адное акалічнасьці: цяперашнее кіраўніцтва краіны даўно запрадала свае душы больш моцным крамлёўскім Д'яблам, а таму, падвучанае імі, інтэрнавала прафэсыйнага эмігранта па-за межы Беларусі, абвінаваціўшы яго ў марнатраўстве пітной вады з карысьлівымі палітычнымі мэтамі.
Спадзяемся, што зь цягам часу, з умацаваньнем сапраўднага суверэнітэту, наш нацыянальны Д'ябал-улададаўца адшукае нарэшце вартую кандыдатуру й годныя мэтады палітычнай барацьбы, здолее перамагчы падступствы пакуль што мацнейшых маскоўскіх калегаў. Натуральна, нават калі такое й здарыцца, ня трэба ўводзіць сябе ў зман і летуценіць, бо вялікая палітыка - надзвычай брудная справа, але няхай лепш ёй займаюцца нацыянальныя Д'яблы, чым Д'яблы імпэрскія.
Гэтая пачвара мае досыць вузкую спэцыялізацыю: займаецца выключна крадзяжом нявестаў зь вясельлеў. Змагацца зь ім ня так ўжо і цяжка, калі непахісна прытрымлівацца правілаў, выпрацаваных народнай мудрасьцю і шматвекавым досьледам.
Вось адна з апошніх гісторый, удзельнікам якой была гэтая істота:
Аднойчы ў менскай рэстарацыі «Теремок», сумна вядомай тым, што ў ёй зьбіраюцца выключна прадстаўнікі сэксуальных ды нацыянальных меншасьцяў, пераважна гомасэксуалісты, садаміты, расейскія нацыянал-фашысты й сябры фан-клюбу Ўл.Жырыноўскага, браліся шлюбам прыхільнікі «Народного движения Белоруссии за возрождение Российской Империи в границах 1913 года».
Швэйцар, этнічны беларус, папярэдзіў маладых, каб тыя не балявалі пасьля апоўначы, але маладыя толькі з пагардлівай усьмешкай паставіліся да іншаземных звычаяў. Вясельнікі, як і мае быць, ужо праз гадзіну панапіваліся ва ўмат; пускалі каламутныя патрыятычныя сьлёзы й спрабавалі зацягнуць улюбёную песьню апошняга імпэратара пра «Россию, мать твою!..», але словаў да канца ня ведаў ніхто. Нарэшце, разьмілаваныя алькаголем і патрыятычнымі пачуцьцямі расейцы замовілі музыкам граць «Комаринскую»; ледзь толькі прагучалі апошнія словы запеўкі:
Ах ты, сукин сын, комаринский мужик,
Он задрав штаны по улице бежит,
Он бежит-бежит попёрдывает,
Да штаны свои подёргивает,
як гадзіньнік адбіў поўнач.
І тут у банкетнае залі зьявіўся новы госьць, чорны фрак і цыліндр якога на тле чырвоных касаваротак, картузоў і казацкіх папахаў глядзеўся недарэчна. Але сябры-аднадумцы жаніха палічылі гэта за чарговую пьяную мрою, а сябры нявесты - за прадстаўніка Славянскага Сабору «Белая Русь», Дзіўны госьць, карыстаючыся тым, што жаніх, са сьлязьмі згадваючы родную казацкую станіцу, таптаў пасярэдзіне залі сваю папаху, шляхетна запрасіў да танцу нявесту. Тая, натуральна, пагадзілася. Вясельнікі моцна зьдзівіліся, пачуўшы, што музыкі на замову госьця зайгралі тубыльскі танец «Лявоніху», але важкіх супрацьаргумэнтаў не знайшлося, бо яшчэ нядаўна гучалі тосты «за меньших братьев-беларусов».
Бубнач, які сядзеў з самага краю, заўважыў, што з-пад фалдаў фрака дзіўнага фацэта тырчыць бухматы хвост, і ўсё зразумеў. Не перарываючы рытму, ён папярэдзіў усіх музыкаў: «Глядзіце, зь нявестай танчыць Д'ябал-вясельнік!..»
І тыя, як змовіўшыся, грымнулі «Магутны Божа»...
Д'ябал, пачуўшы сьвяты гімн, схапіў нявесту пад паху і скочыў зь ею ў расчыненае вакно. Зьніякавелыя госьці не змаглі даць рады; нявеста зьнікла назаўсёды...
Такім чынам, зьнявага звычаяў і фальклёру народу, сярод якога жывеш, падчас прыводзіць да драматычных наступстваў...