V. ГІСТАРЫЧНЫЯ ЗДАНІ


На працягу стагодзьдзяў Беларусь зьведала панаваньне шмат гнюсных істотаў, але ня ўсе яны, на шчасьце, мелі ўплыў на ход гістарычных падзеяў. Зданяў, якія б мелі гістарычную каштоўнасьць, зафіксавана няшмат, але яны ўсё ж існуюць. Пачваразнаўцы вывелі дзьве вэрсыі тлумачэньня іх існаваньня. Паводле першай, якой прытрымліваецца сэктар вывучэньня паранармальных зьяваў Інстытута Пачварагадоўлі й Зданезнаўства Акдэміі навук, падобныя здані - гэта душы памерлых людзей, якія пры жыцьці ня выканалі нейкай важнай справы й з гэтае прычыны засталіся на зямлі да поўнага яе выкананьня. Цікавую вэрсыю вылучыла нефармальная навуковая суполка «Тутэйшыя пярэваратні»: згодна зь ёю, здані - гэта душы грэшнікаў, і такія чорныя, што ім не знайшлося мейсца ня толькі на небе, але і ў пекле.

Пытаньне генэзісу й існаваньня гістарычных зданяў застаецца канчаткова нявырашаным -абодва бакі вылучаюць на карысьць сваім вэрсыям важкія навуковыя аргумэнты й, здаецца, кожны па-свойму мае рацыю. Каб спраўдзіць абедзьве вэрсыі, трэба ўсталяваць зь якой-небудзь зданьню сталы навуковы кантакт, але да сёньня ўсе спробы дасьледчыкаў зрабіць гэта канчаліся жахліва - ці пакутніцкае сьмерцю ці, у лепшым разе - незваротным вар'яцтвам навукоўца. Шмат іх паклала свае маладыя жыцьці на алтар навукі, але таямніцы гістарычных зданяў так і засталіся неразгаданымі...


Чорная Дама Нясьвіскага замка

Ці ня кожны беларускі замак і палац мае свайго прывіда - Чорную ці Белую Даму і г. д. Але сапраўды гістарычнай зданьню можна назваць толькі Барбару Радзівіл, вядомую як Чорная Дама Нясьвіскага замка.

Гэты прывід па загадзе караля польскага й вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста выклікаў папулярны ў тыя часы экстрасэнс, сьпірыт, чарнакніжнік і астроляг пан Твардоўскі. У часе наладжанага ім сьпірытычнага сэансу ў замкавае залі зьявілася чорная-чорная постаць, у якой прысутныя адразу ж пазналі нядаўна памерлую жонку манарха. Жыгімонт, які вельмі пакутаваў пасьля сьмерці Барбары, нягледзячы на забарону чарнакніжніка, кінуўся да яе зь лямантам «Басенька, мая Басенька!..» і хацеў затрымаць, але здань адразу ж зьнікла - ад яе засталася адно жменька попелу пасярэдзіне залі.

Гэты факт агульнавядомы, пацьверджаны аўтарытэтнымі крыніцамі й таму не падлягае дыскусыям нават сярод скептычна настроеных навукоўцаў. Але мала хто ведае, што адбылося амаль праз чатырыста гадоў пасьля таго здарэньня.

У 1944 годзе пасьля таго, як Нясьвіж пакінулі нямецкія акупанты, у горад увайшлі ня лепшыя за іх агрэсары - Чырвонае Войска. Родавы замак Радзівілаў сваёй прыгажосьцю прывабіў азіяцкіх дзікуноў і, пэўна, з тае прычыны генэрал Жукаў разьмясьціўся ў ім са сваім штабам. Савецкія афіцэры, пераняўшы эстафету гітлераўцаў, паводзілі сябе ў замку, як і мае быць на акупаванае тэрыторыі - сьпярша яны разрабавалі тое, што не пасьпелі разрабаваць фашыстоўскія папярэднікі, пасьля чаго іх агрэсія скіравалася ў цалкам натуральным для барбараў кірунку. Яны падмалёўвалі выявам продкаў старажытнага беларускага роду вусікі, рожкі, цыцкі ды чэлясы, стралялі ў іх зь пісталетаў. Асабліва вабіў дзікуноў замкавы парк, надзіва прыдатны, на іх думку, каб гадзіць на яго алеях і гвалціць пад векавымі дрэвамі мяйсцовых паненак.

У апошнім найбольшай неспатольнасьцю вызначаўся контрвыведнік «СМЕРШа» («СМЕРть Шпионам») маёр X., надзіва хцівы фацэт з Сыбіру. Ён неаднаразова пахваляўся, што не прапусьціў аніводнае паненкі ад чатырнаццаці да шасьцідзесяці гадоў ва ўсёй акрузе. Аднойчы, вяртаючыся пасьля начных расстрэлаў праз замкавы парк, хцівы маёр вырашыў задаволіць малую патрэбу, зайшоў за вялікае дрэва й, расшпіліўшы галіфэ, заўважыў непадалёку ад сябе чорную жаночую постаць, якая падалася яму незнаёмай. Зрабіўшы сваю справу, узрадаваны контрвыведнік з чэлясам напагатове пайшоў на даму, але тая зусім нечакана сама рушыла яму насустрач - здавалася, незнаёмка нрагнула быць згвалтаванай сыбіраком. Маёр X. паваліў жанчыну пад дрэва, і толькі зьдзейсьніўшы зь ёю палавы акт, з жахам заўважыў, што партнёрка ператварылася ў жменьку попелу, гэтак жа сама, як і падстава ягонай мужчынскай годнасьці.

Наступнае раніцы контрвыведнік, кіруючыся пачуцьцём партыйнага абавязку, а таксама жадаючы апраўдацца ў вачох начальства, у падрабязным рапарце напісаў, што меў полавыя стасункі са зданьню. Але тут маёра чакала прыкрая неспадзяванка: па-першае, начальства палічыла, што X. захварэў на нейкую цяжкую форму вэнэрычнае хваробы й цяпер хоча выкруціцца, але гэта ў вачох начальства было б драбязою, каб не паведамленьне маёра пра здань; кіраўніцтва «СМЕРШу» моцна раззлавала, што контрвыведнік, выхаваны ў канонах ленінска-сталінскага матэрыялізму, верыць у прывіды прадстаўнікоў феадальна-эксплюататарскіх клясаў. Празь некалькі дзён сыбірак, асуджаны за антысавецкую агітацыю й шпіянаж на карысьць Вялікага Княства Літоўскага, ужо не маёрам, а звычайным зьняволеным ехаў бітма набітым таварным вагонам у адваротны фронту бок - на сваю гістарычную радзіму. Лле да самай сьмерці - а загінуў X. ў 1949 годзе, прыціснуты бервяном на лесапавале - ён так і ня мог стоячы спраўляць сваю малую патрэбу.

З гэтай невялічкай, але павучальнай гісторыі вынікаюць, як мінімум, дзьве высновы - па-першае, яна сьведчыць, наколькі небясьпечнымі для жыцьця, здароўя і кар'еры контрвыведніка могуць стаць пазашлюбныя полавыя стасункі, а па-другое - яшчэ раз пераконвае, што трапіўшы на чужыну, трэба паважліва ставіцца ня толькі да тамтэйшых помнікаў гісторыі і культуры, але й да мяйсцовых зданяў - хай нават і эксплюататарскіх клясаў...


Маскоўскі цар Ілжэдзімітры

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што многія прывіды гістарычных асобаў характарызуюцца незвычайнай упартасьцю й пасьлядоўнасьцю ўчынкаў - паставіўшы сабе нешта за мэту пры жыцьці й не выканаўшы гэтага, яны мусяць і пасьля сьмерці працягваць сваю дзейнасьць, толькі не ў чалавецкім, а ў прывідным абліччы.

Гэта добра бачна на прыкладзе здані знакамітага авантурыста, знанага ў гісторыі пад імём Ілжэдзімітрыя.

Паходжаньне гэтага чалавека, які напачатку XVII ст. займаў трон маскоўскіх цароў, і дагэтуль выклікае спрэчкі. Расейскія зданезнаўцы з упэўненасьцю сьцьвярджаюць, што асоба, якая ўдавала царэвіча Дзімітрыя, забітага ў Углічы па загаду Барыса Гадунова, ёсьць беглы манах Грыгоры Атрэп'еў; усе вэрсыі наконт іншаземнага паходжаньня рашуча адхіляюцца - пэўна з тае прычыны, што ў сьвядомасьць маскоўскіх зданеёграфаў не ўкладаецца, як гэта трон уладара «Трэйцяга Рыма» можа займаць замежны афэрыст.

Шырокавядомы ў беларускіх нацыяналістычных колах сьпірыт і зданезнаўца Ўладзімір Караткевіч, які сваімі літаратурнымі творамі ня раз уваскрашаў цені забытых продкаў, даводзіў, што на самой справе Ілжэдзімітры быў настаўнікам са слыннага горада Магілева. Гэтая вэрсыя выдае на праўдападобную - тым больш, што менавіта гэты беларускі горад стаў для дынастыі Раманавых фатальным...

Амаль чатыраста гадоў таму гэты чалавек, карыстаючыся бязладзьдзем у маскоўскае дзяржаве, стаў на чале беларускай ды польскай шляхты, а таксама ўкраінскага казацтва й распачаў паход за ўсходнюю мяжу з высокароднай мэтай - далучыць Расею да Вялікага Княства Літоўскага. Напачатку ўсё было добра - неўзабаве беларуска-польскае войска заняло Маскву. Расейцы - і халопы, і баяры - віталі вызваліцеляў ад тыраніі цара Барыса. Невядома, як бы разгортваліся далейшыя падзеі, каб гэты выдатны палітычны дзеяч замацаваўся на маскоўскім троне - магчыма, што асыміляваўшыся з больш цывілізаванымі прышэльцамі, маскоўцы б страцілі сваю заўсёдную агрэсіўнасьць, і гісторыя беларусаў, расейцаў і палякаў не была б такой крывавай ды жорсткай. Але, карыстаючыся нагодай, польскія каталіцкія місыянэры, што прыбылі ў абозе войска, пачалі абарачаць маскалёў у сваю канфэсыю, чым усё й сапсавалі. Расейцы адвярнуліся ад Ілжэдзімітрыя, і ён, каб не патрапіць у рукі разьюшанага натоўпа маскалёў на чале з грамадзянінам Мініным і князем Пажарскім, быў вымушаны выкінуцца з вакна аднаго крамлёўскага палаца. Кажуць, што перад сьмерцю ён пакляўся адпомсьціць кожнаму, хто стане маскоўскім царом, сказаўшы: «Я яшчэ прыйду да вас, абавязкова прыйду...» Цела Ілжэдзімітрыя было спалена на попел, якім, зарадзіўшы гармату, стрэлілі ў той бок, адкуль ён прыйшоў - на Захад. Сьведкі гэтага гістарычнага стрэлу аднагалосна сьцьвярджалі, што разам з порахавым дымам з жарала гарматы выляцеў нейкі паўпразрысты, амаль нябачны цень і, пагразіўшы расейскаму народу пальцам, паляцеў у бок царскіх палацаў...

Празь некаторы час у Расеі паўстала дынастыя Раманавых. Але ці не палова цароў гэтае дынастыі прыняла пакутніцкую сьмерць: Пётар II памёр ад воспы; Іаан Антонавіч зусім малым дзіцёнкам быў пасаджаны ў вастрог, дзе звар'яцеў і, дасягнуўшы чатырнаццаці гадоў, памёр; Пётар III быў забіты пад час палацавага перавароту табакеркай у скронь; Кацярыну II, як сьцьвярджаюць вартыя даверу крыніцы, паранулі дзідаю ў дупу зь дзюркі палацавай прыбіральні; Павал I быў задушаны ўласным шалікам пад час яшчэ аднага перавароту; Мікалай I атруціўся; Аляксандра II разарвала бомбаю беларускага шляхціца Грынявіцкага; Аляксандар III сканаў ад запою...

Кажуць, што ўсе яны перад сконам бачылі нейкі цень, які грозячы пальцам, шаптаў: «Я яшчэ прыйду да вас, абавязкова прыйду...»

А апошні цар Мікалай II, потым расстраляны ў Екацерынбурзе бальшавікамі, як вядома, падпісаў адрачэньне ад прастолу менавіта ў Магілеве, на гістарычный радзіме прывіда. Так спраўдзіліся словы Ілжэдзімітрыя: толькі гэтым разам ня ён прыйшоў да маскоўскага манарха, а Мікалай II - да яго.

З тых часоў цень зьнік назаўсёды - прынамсі, нашчадкам дома Раманавых, некаторыя з пабочных адгалінаваньняў якога, жывучы ў Парыжы, працавалі таксоўшчыкамі, качагарамі ды ліфцёрамі, ён ніколі не зьяўляўся.

Гэты гістарычны факт даводзіць, што ніколі ня варта крыўдзіць палітычных дзеячоў, пазбаўляючы іх пасад і маёмасьці, а тым больш - жыцьця: іхнія прывіды могуць уплываць ня толькі на лёс асобных людзей, але і на гісторыю цэлых народаў...


Помста біскупа

Некаторыя тэолягі аўтарытэтна сьцьвярджаюць, што здані рэлігійных дзеячоў сустракаюцца досыць рэдка - хутчэй за ўсё з тае прычыны, пгго ацэнка іх дзейнасьці Панам Богам, сыходзячы з прафэсыйнае спэцыфікі працы сьвятароў можа быць толькі адназначнай, і пасьля сьмерці душы іх адразу трапляюць ці ў рай, ці ў пекла. Але, як істотна ўдакладняюць найбольш дасьведчаныя царкоўныя й касьцёльныя гіэрархі, характарыстыкі на тых клірыкаў, якія пры жыцьці сьвядома мянялі веравызнаньне, часам губляюцца ў анёлаў-справаводаў: ня ведаючы, у які менавіта, праваслаўны альбо каталіцкі рай ці пекла накіраваць душу такога сьвятара, яны адкладаюць папкі з характарыстыкамі ў далёкія шуфляды й, здараецца, забываюцца на гэта. Душам такіх рэлігійных дзеячоў выпадае доўга чакаць вырашэньня свайго лёсу, і многія зь іх, ня ведаючы, што рабіць, зноў выпраўляюцца на зямлю.

Вось якая гісторыя здарылася ў Віцебску...

У 1982 годзе горад ускалыхнула сэрыя загадкавых забойстваў, якія ж, да ўсяго іншага, уражвалі сваёй бессэнсоўнай жорсткасьцю: ва ўсіх пацярпелых былі пракушаныя шыйныя артэрыі, і патолягаанатамы, дасьледуючы трупы ахвяраў загадкавага злачынцы, кожным разам канстатавалі, што ў арганізме не засталося аніводнае кроплі гемаглябіну. Міліцыянты распачалі пошукі, але яны аказаліся марнымі. Дарэчы, некаторыя сьледчыя заўважылі, пгго забойца высмоктвае кроў выключна з праваслаўных, нават тых, хто займае кіруючыя партыйныя пасады, але не надалі гэтай акалічнасьці ўвагі. Псторыя мела вялікі розгалас, і ў шматлікіх журналісцкіх дасьледаваньнях атрымала назоў «Віцебскай справы». Горад стаў небясьпечным для позьніх шпацыровак, і гарвыканкам ужо ўсур'ёз падумваў, каб увесьці ў Віцебску камэнданцкую гадзіну...

Пасьля таго, як невядомы злачынца высматкаў кроў з чарговае ахвяры - а ёй стаўся Старшыня гарадзкой Камісіі па справах рэлігіі, веравызнаньняў і атэізму - на пасаду апошняга загадам абкама партыі быў накіраваны нехта Б., звычайны вясковы фацэт, які працаваў дагэтуль дырэктарам калгаснага сьвінагадоўчага комплекса і, між іншым, нават сярод выкшталцоных у падобных справах сьвінагадоўцаў вызначаўся ўменьнем віртуозна лаяцца.

Б. пасяліўся ў шыкоўнае кватэры шматпавярховага дома, збудаванага ў гістарычнай частцы горада, на мейсцы, дзе калісьці знаходзіўся касьцёл, пераасьвенчаны з праваслаўнае царквы. У першую ж ноч у спачывальні, перад самым ложкам Б., зьявілася нейкая чорная постаць, апранутая, як падалося гаспадару, у сьвятарскі арнат. Заўважыўшы ў роце прышэльца доўгія, мо з дэцымэтар, іклы, ўквэцканыя запечанай крывёю, пераляканы Б. ускочыў з ложка - апранутая ў арнат пачвара кінулася наўздагон. Б. адразу ж скеміў, што мае справу зь нейкай зданьню: ён, хаця й ўзначальваў па загаду партыі атэістычную працу ў горадзе, усё адно ў глыбіні душы не губляў веры ў надзвычайнае. А таму, разумеючы, што гульня са зданьню ў хованкі ніколі ня скончыцца на яго карысьць Б., бухнуўся перад прывідам на калені й даў сумленнае слова камуніста, што ў абмен на жыцьцё зробіць усё, што толькі пажадае страшны сьвятар. Падумаўшы, пачвара пагадзілася з прапановай Б., і загадала падабраць якую-небудзь ахвяру замест сябе. Старшыня з радасьцю параіў высмактаць кроў зь першага сакратара абкама партыі. У наступную ноч ён паказаў на ягонага намесьніка, потым - на начальніка мяйсцовага КГБ...

Неўзабаве ўсе высокія асобы, вартыя, на думку Б. пакутніцкай сьмерці, скончыліся й, разумеючы, што ў самы бліжэйшы час ён сам стане ахвярай жудаснай істоты, старшыня гарадзкой Камісіі па справах рэлігіі, веравызнаньняў і атэізму пайшоў да бабкі-варожкі - параіцца.

Тая сказала, што здань, хутчэй за ўсё, належыць якому-небудзь сьвятару, які сьвядома выракся веры продкаў. Між іншым, пад час тае нарады Б. згадаў, што якраз год таму воды Дзьвіны падмылі віцебскі бераг, і коўш экскаватара, які ўмацоўваў набярэжную, выцягнуў нечы шкілет, апрануты ў рызманы вуніяцкага арнату - гісторыкі меркавалі, што гэта была магіла Язафата Кунцэвіча, забітага ў 1624 годзе віцебскімі гараджанамі за надта ўжо надакучлівую, на думку апошніх, місыянэрскую дзейнасьць. Супаставіўшы факты, Б. прыйшоў да высновы, што ён мае справу са зданьню менавіта гэтай гістарычнае асобы. Варожка запэўніла, што традыцыйныя сродкі - срэбная куля, пазначаная крыжом, часнык, грамнічная сьвечка й сьвянцоная вада не бяруць падобных пачвараў, і параіла пагаварыць зь істотай па-свойску.

Прыйшоўшы дахаты, Б., выпіў кілішак гарэлкі й стаў чакаць крыважэрнага вуніята. Неўзабаве той і зьявіўся. Тады былы сьвінагадоўца, глянуўшы пачвары проста ў вочы, голасна прамовіў: «Пайшоў на хуй адсюль!.. На хуй, я сказаў!..»

Пасьля гэтага адрасаваньня здань бездапаможна замахала рукамі й растварылася ў паветры. Больш яна ніколі не зьяўлялася, і загадковыя забойствы адразу скончыліся. Праўда, гадоў празь дзесяць пасьля гэтага здарэньня невялічкая групка маладзёнаў, палічыўшы, што вуніяцтва можа стаць «народнай рэлігіяй беларусаў», паспрабавала рэанімаваць цень Язафата Кунцэвіча, але тая, напэўна, даўно ўжо пайшла на сваё мейсца, і таму на заклікі маладзёнаў адгукнуцца не змагла.


Забойца Прэзыдэнтаў

Аматарам спартовае стральбы й вострых пачуцьцяў здавён вядомы пнэўматычны цір у сталічным Парку Чалюкінцаў. За канца 50-х гадоў і па нядаўні час ім загадваў адстаўны малодшы лейтэнант, штатны кілер НКВД-МГБ нехта Ж. Наведвальнікі ня раз зьвярталі ўвагу на партрэт, які вісеў на самым відным мейсцы ціра - загадчык установы ў абдымку са самым слынным снайпэрам сьвету, грамадзянінам Менску Лі Харві Освальдам (як вядома, у канцы 50-х гэты чалавек жыў у беларускае сталіцы, працуючы на радыёзаводзе). Ці не кожнаму наведвальніку гаспадар з годнасьцю ў голасе паведамляў, што менавіта ён навучыў афіцыйнага забойцу Кенэдзі трапна страляць, за што ўласнаручна прывіньціў здольнаму вучню на штрыфель пінжака ганаровы значок «Ворошиловский стрелок». Мала хто даваў веры Ж., але як то ні дзіўна для адстаўнога НКВДзіста, той не маніў; гісторыя знаёмства двух снайпэраў рамантычна-кранальная...

А пачалося ўсё так: ня ў сілах забыцца на рэгулярныя начныя расстрэлы ў Курапатах, Ж. і ягоныя былыя калегі штовечар зьбіраліся ў ціры пасьля закрыцьця, каб яшчэ раз згадаць былы гераізм. Узбуджаныя настальгічнымі ўспамінамі, яны кідалі жэрабя й падзяляліся на дзьве каманды: «ворагі народу» і «выканаўцы прысуду», а потым займалі пазыцыі па абодзьва бакі стойкі ціра. У такіх няхітрых забавах жыцьцялюбныя вэтэраны сустракалі раніцу. Нажаль, кола аматараў гульні не зьмяншалася, бо з пнэўматычнае зброі нельга забіць нават адстаўніка НКВД-МГБ. Так доўжылася да тых часоў, пакуль у цір аднойчы не завітаў нейкі дзіўны фацэт, у рукох якога быў амэрыканскі вінчэсьцер 45-га калібру.

«O'key! - узрадваўся наведвальнік, убачыўшы гульні патрыётаў, - fuck you!..» На пытаньні здьдзіўленых вэтэранаў госьць адказаў, што ягонае імя Лі Харві Освальд, што ён ёсьць былым марскім пехацінцам ЗША, а таму, маўляў, цікава паназіраць, як адныя камуністы страляюць у другіх.

Як то ні дзіўна, але неўзабаве Освальд зрабіўся лепшым сябрам адстаўнога малодшага лейтэнанта Ж. Неяк за пляшкай імпартовага віскі «Джоні Ўокер» гаспадар ціра расчуліўся й пахваліўся, што менавіта ён у 30-х гадох застрэліў першага чалавека дзяржавы Алеся Чарвякова, трапіўшы таму ў скронь з адлегласьці дзесяці мэтраў праз замочную адтуліну прыбіральні.

«Fuck you!» - адказаў былы марскі пехацінец і запэўніў, што ягонае снайпэрскае мастацтва ў дачыненьні першых людзей дзяржавы куды больш дасканалае. А каб давесьці гэта, Лі Харві паабяцаў, што здолее застрэліць кіраўніка сваёй дзяржавы з большым майстэрствам. Ж. не паверыў трызьненьню, але дарма: наступным днём ягоны амэрыканскі сябра не прыйшоў у цір, а празь некаторы час адстаўнік дазнаўся з газэтаў, што Лі Харві пераўзышоў свайго настаўніка, застрэліўшы Джона Кенэдзі з куды большае адлегласьці. Адстаўному малодшаму лейтэнанту давялося рыхтаваць абяцаную «Белавескую», але пераможца так і ня змог выпіць яе, бо неўзабаве й сам быў застрэлены Джэкам Рубі пры загадкавых абставінах.

Але Ж. не зьмірыўся з паражэньнем і вырашыў давесьці самому сабе, што як кілер, ён яшчэ чагосьці варты. На падрыхтоўку сыйшоў не адзін год, бо сумны прыклад забойства ў Далясе пераконваў: мала дасканала зьдзейсьніць забойства, трэба яшчэ й замесьці сьляды. Ахвярай Ж. як таго і вымагалі ўмовы закладу, абраў тагачаснага першага чалавека дзяржавы - Пятра Машэрава. Хаця Машэраў, як і Ж., быў сапраўдным камуністам, але ў адстаўнога кілера НКВД-МГБ прафэсыйная цікаўнасьць ўзяла перавагу над партыйным доўгам. Ж. вызначыў сабе жорсткія ўмовы: калі Освальд страляў са стацыянарнае пазыцыі, то ягоны апанэнт залез у кодаб машыны з бульбай і на хуткасьці прастрэліў усе чатыры колы ўрадавага лімузына. Усё выдавала на нешчасьлівы выпадак. Але трыюмфаваў Ж. нядоўга: аднойчы па тэлевізыі ён убачыў сюжэт з Амэрыкі, хроніку эксгумацыі цела свайго сябры. Нядобрае прадчуваньне кальнула сэрца Ж., і ён не памыліўся: той жа ноччу здань Освальда, якая, пэўна, вылезла з труны пры эксгумацыі, зьявілася ў доме адстаўніка. «Я ўсё адно пераўзыйду цябе, - паабяцаў марскі пехацінец, - fuck you!» Прыхапіўшы пляшку «Белавескай», здань зьнікла. Ж. неабачліва палічыў свой сон мрояй, але дарма: з тых часоў у ліёзьненскіх лясох пачаліся адбывацца дзіўныя рэчы, на пуцявых указальніках рэгулярна зьяўляліся выбітыя кулямі надпісы «Fuck you!» І год ад году выкананьне надпісаў станавілася ўсё больш каліграфічным, а гільзы ад вінчэсьцера знаходзілі на ўсё большай і большай адлегласьці.

Але пад час выбарчае кампаніі, калі ўсім стала ясна, што Прэзыдэнтам Беларусі стане Лука Мудзічэнка, у ліёзьненскіх лясох адбылося малавытлумачальнае здарэньне. Мэрсэдэс, у якім ехаў кандыдат, быў абстраляны. Ніхто ня мог зразумець дзіўнае акалічнасьці; усе кулі патрапілі акурат у замочную адтуліну дзьвёркі. Будучага Прэзыдэнта ўратавала толькі тое, што замкі на дзьвёрках мэрсэдэсу былі замененыя на замкі ад трактара «Беларусь».

Гэтае прыкрае здарэньне прымусіла першага Прэзыдэнта павялічыць штат асабістае аховы. Толькі - дзіўная рэч! - кожным разам, калі Лука Мудзічэнка праязжае каля Парка Чалюскінцаў, чуюцца яму стрэлы й злосны шэпт: «Fuck you!»


Загрузка...