УСТУП. АГУЛЬНЫЯ ЗЬВЕСТКІ


«Калі ў мове ёсьць слова, значыцца, існуе й зьява, азначаная гэтым словам» - такога філязофскага прынцыпу няўхільна прытрымліваюцца аўтары гэтае кнігі - першага ў Беларусі навуковага дасьледваньня арэалаў і ладу існаваньня звышнатуральных ды замагільных істотаў. Бадай што кожны ў сваім жыцьці сутыкаўся з такімі, але лягчэй перахрысьціцца, працерці вочы й не паверыць. А між тым шмат якія таямнічыя здарэньні, жахлівыя злачынствы, дый проста паталягічны ідыятызм учынкаў знаходзяць тлумачэньне, калі зірнуць на сьвет зьлёгку прымружаным вокам, так, як глядзяць годныя веры сьведкі, чые праўдзіва распаведзеныя гісторыі сабраныя й клясыфікаваныя ў гэтае кнізе.

Ну, скажыце, чаму дагэтуль несправядліва не даюць веры тым, хто найчасьцей кантактуе са зданямі й пачварамі: наркаманам, таксікаманам, закаханым, нацыяналістам, алкаголікам ды рабаўнікам магілаў? Вам трэба займець сьведчаньні больш сур'ёзных людзей? А дзе ж іх возьмеш, калі законапаслухмяные грамадзяне, ды яшчэ цьвярозыя й неачмурэлыя, ніколі без дайпрычыны не пацягнуцца поначы на закінутыя могілкі, у трупярню, на скрыжаваньне дарог, у разбураны й запаскуджаны касьцёл... Цяпер жа, дзякуючы намаганьням патрыётаў ды іншых антыграмадзкіх элемэнтаў, нарэшце аднаўляецца вера ў надзвычайнае.

Таму прымружце вочы і вы, як станеце чытаць гэтую кнігу. Для вашае зручнасьці як і ў акадэмічнай біялёгіі, здані й пачвары маюць сваю клясыфікацыю: віды, падвіды, атрады, клясы...


Загрузка...