Раздзел 28

Перыяд замяшчэння Аліцыяй Горн пракурора Акруговага суда быў такім адносна рэдкім часам, калі праз канцылярыю пракуратуры праходзіла не толькі шмат выключна важных спраў, што давалі здольнаму яе начальніку надзвычай шырокія магчымасці паказаць сябе, але і, з-за ўвядзення ў дзеянне закона аб часовых судах, абцяжарвала яго вялікай адказнасцю і такім чынам адкрывала шырокую перспектыву вялікай кар’еры.

А начальнікам гэтым была якраз падпракурор Аліцыя Горн.

Суд судом, але даўно не было такога тэмпу працы і такіх вялікіх патрабаванняў, накіраваных з кабінета пракурора ў адрас следчых, паліцыі і непасрэдна падначаленых. Суд судом, але ў гэтых сценах не памяталі такога пракурора, які б настолькі заўзята расследаваў злачынствы, які б днём ці ноччу асабіста з’яўляўся на месца кожнага з іх, нават самага апошняга гатунку, так жыва ўдзельнічаў у следстве, ну і так геніяльна ўмеў ім кіраваць.

— Баба робіць нечуваную кар’еру! — ківалі галовамі калегі.

І зусім не ведалі, наколькі неабходнай была Аліцыі гэта пякельная праца, гэтай прыгожай жанчыне, у якой пад непарушнай маскай спакою звіваліся ў адчайным болі ўсе нервы, усе думкі і пачуцці. Не ведалі, што гэта халодная, стрыманая жанчына вечарамі стаіць пад асеннім дажджом ля варот дамоў, толькі б хоць мімалётна пабачыць сілуэт чалавека, які якраз праходзіць побач з іншай, што гэтая гордая і прыгожая жанчына, якая магла б кінуць да сваіх ног любога, потым вяртаецца дадому і рве на сваёй галаве валасы, і б’ецца ёй аб цвёрдае дрэва падлогі, і сціскае грудзі, каб яны не разарваліся ад рыданняў… Ніхто гэтага не ведаў.

Кожны ранак з-за яе стала гучалі кароткія дакладныя распараджэнні, загады, даручэнні, якія не дапускалі пярэчанняў, заўсёды бязлітасныя, але трапныя. Яна цяпер радзей стаяла перад судом, аднак калі гэта адбывалася, абаронцы разводзілі рукамі — яна прыходзіла толькі па смяротнае пакаранне і ніколі без яго не вярталася.

Так, аднойчы глыбокай ноччу яе выклікалі па тэлефоне з-за новага, загад-кавага злачынства: у Грохаве ўчынілі забойства. Выстралам з рэвальвера забілі безабаронную манікюрку, вельмі прыгожую дзяўчыну, якая павінна была стаць маці. Злачынец збег на ўласным аўтамабілі, здаецца, маркі «фулд»… Здаецца таксама…

— Зараз, зараз, пан камісар, — ледзь стрымліваючы дрыжанне голасу, перарвала Аліцыя, — якой маркі?

— «Фулд», шаноўная пані. Па вас заехаць?

Канечне, яна вырашыла зараз жа ехаць у Грохаў. Па дарозе яна даведалася пра дэталі папярэдняй экспертызы, якую правёў веласіпедны патруль, што праязджаў міма. Уладальнікі доміка, у якім жыла забітая, далі паказанні, што забойца абяцаў шлюб, а вечарам прыехаў па нарачоную і сядзеў на лаўцы ў садзе. Потым яны пачулі шматлікія выстралы, а калі выбеглі ў садок, то знайшлі Цеплікуўну мёртвай на зямлі недалёка ад лаўкі. У забойцы з ахвярай, відаць, даўно быў раман, таму што ён часта наведваўся да яе і заўсёды прыязджаў на шэрым двухмесным аўтамабілі, які выглядаў, паводле апісання, несумненна як «фулд». Камісар, калі даведаўся адрас, адразу ж па тэлефоне выдаў распараджэнне затрымліваць любую машыну падобнага выгляду ў радыусе двухсот кіламетраў ад Варшавы.

Аліцыя слухала справаздачу з напружанай увагай. Цяпер яна амаль не сумнявалася, хто забойца. У горадзе — як яна ведала ад самога Друцкага — было толькі з паўтара дзясятка «фулдаў», а адзіны шэры быў яго. Рэшту няўпэўненасці развеялі допыты пенсіянера-чыгуначніка, бабулькі і некалькіх самых блізкіх суседзяў, якія неаднаразова бачылі нарачонага Ірэны Цеплікуўны. Ён, па праўдзе, выглядаў «панам з паноў»: высокі, элегантны, ветлівы, але ўжо з самага пачатку яму нельга было давяраць. Акрамя гэтых меркаванняў, і апісанне знешнасці цалкам супадала. Аповед пра манеры ўладальніка «фулда» і яго адносіны да Цеплікуўны для Аліцыі таксама мелі каштоўнасць як рэчавы доказ.

Аднаго яна толькі не магла зразумець, а менавіта — мэты забойства. Дапусціўшы нават, што Друцкі быў бацькам дзіцяці ахвяры і абяцаў з ёю ажаніцца (што ўжо было непраўдападобна), навошта яму яе забіваць… Не, яна надта добра яго ведала, каб дапусціць тут момант парыву, помсты ці рэўнасці, а тым больш боязі наступстваў сувязі з ім. Жаданне прыбытку выключалася само сабой. Дык з якой жа мэтай?.. Неасцярожнае абыходжанне са зброяй? Самазабойства ахвяры? І гэта немагчыма, таму што ў яго не было б тады нагод для ўцёкаў, бо выстрал адбыўся з адлегласці самае малое пяці крокаў (значыць, самазабойства выключаецца!), таму што на месцы злачынства быў знойдзены рэвальвер з чатырма выстраленымі зарадамі і чатыры гільзы тут жа побач (можна адзін раз выстраліць выпадкова, але чатыры — ніколі!).

Такім чынам, што было матывам забойства?.. Для людзей, якія зараз хадзілі тут з электрычнымі ліхтарыкамі, свецячы ў адкрытыя вочы трупа і рэканструюючы ход злачынства, усё было цалкам зразумела. Спакушальнік хацеў забраць сваю ахвяру, вывезці куды-небудзь далей і там забіць. Яна яму супраціўлялася, дык ён і забіў. Відаць, ён быў вымушаны ад яе пазбавіцца, таму што яна ведала нейкую яго тайну і пагражала скандалам. Крыху дзіўнай акалічнасцю была вялікая колькасць слядоў, але гэта тлумачылася тым, што па размяклай пасля дажджу зямлі патапталіся цікаўныя суседзі, што ж да паказанняў старых, дык яны дакладна чулі больш як чатыры выстралы: спачатку з пяць, а потым пяць ці шэсць — гэта належала спісаць на рахунак памылкі відавочцаў. Стрэлаў было чатыры, гэта значыць, столькі, колькі патронаў не хапае ў кінутай забойцам зброі.

Так лагічна разважаў судовы следчы, камісар, доктар, паліцэйскія і зявакі, якія сабраліся пад плотам. Аднак Аліцыя Горн думала інакш. Тым не менш, яна не выказвала свайго пункту погляду. Ніколі, асабліва цяпер, яна не лічыла слушным дзяліцца сваімі ідэямі з іншымі да пэўнага моманту. Аднак яна даўжэй распытвала гаспадароў пра развіццё падзей, даўжэй разглядвала рэшткі спаленых ахвярай папер у малой бляшанай печачцы на гарышчы, уважлівей вывучала сляды ног на сцежцы, чым іншыя. Яна рабіла гэта таму, што ведала: уладальнік аўто не мог учыніць гэта злачынства, таму што ім быў Багдан Друцкі, якога яна ведала як аблупленага.

Паколькі яна са свайго пункту гледжання вывучала справу, то заўважыла іншыя рэчы, чым астатнія. Такім чынам, навошта Друцкі выкінуў бы рэвальвер, навошта бачыўся з дзяўчынай з пэўнага моманту тут, на вачах у людзей, навошта ахвяра пісала лісты нейкаму «Самаму Каханаму» на Памор’е, лісты, якія пошта ёй вяртала як непрынятыя адрасатам, чаму, маючы такога каханка, як Друцкі, яна маліла пра каханне кагосьці іншага?.. Чаму ён яе забіў? Чаму чулі больш, чым чатыры стрэлы, чаму ён увогуле страляў, ён мог забіць яе без шуму, а калі страляў, то чаму з вялікай адлегласці?..

Несумненна, шмат пераканаўчых доказаў указвала на яго як на вінаватага ў злачынстве, аднак Аліцыя Горн была ўпэўнена, што ён невінаваты. Між тым, начальнік Следчага ўпраўленя ўжо дзейнічаў.

Назаўтра ў дзесяць раніцы Аліцыі далажылі, што аўто належала ўладальніку клуба «Аргенціна» Яну Вінклеру, які нядаўна абвінавачваўся ў гандлі наркотыкамі, але быў апраўданы. Зараз ён хаваецца, але яго кватэра пад наглядам, а тэлефонныя апараты ў клубе і ў яго кватэры праслухоўваюцца. Пэўна ж Вінклер не змог пакінуць горад, таму што дарожныя пасты не прапускалі яго машыну. Птушка лёгка вылеціць з хованкі, бо пасля прачытання пасляпаўдзённых газет даведаецца, што следства ўстановіць самазабойства Цеплікуўны ў выніку спрэчкі з нарачоным, вадзіцелем уласнага аўто з невядомым нумарам маркі «чэстар».

Дасведчаны начальнік Следчага камітэта не памыляўся. Прынада спрацавала адразу ж. У дзесяць вечара Яна Вінклера, уладальніка клуба «Аргенціна», арыштавалі шэсць агентаў тайнай паліцыі ў момант, калі ён уваходзіў у вароты дома на праспекце Шуха. Яго тут жа даставілі на Данілавічоўскую і зладзілі допыт.

Пракурорка Аліцыя Горн сядзела ў суседнім пакоі, адкуль магла добра чуць усе пытанні, якія задавалі арыштаванаму, і ўсе яго адказы. Ён не прызнаваўся. Сцвярджаў, што так, ён ведаў памерлую, што бываў у яе, што ўчора вечарам заехаў па яе, але ў момант, калі размаўляў з ёй, з кустоў перад лаўкай пачуліся стрэлы і некалькі незнаёмых яму людзей кінуліся на яго, выбілі з яго рукі рэвальвер, з якога ён выстраліў па нападаўшых чатыры разы. Хто яны былі, ён не мог растлумачыць, чаму яны напалі на яго, не мог зразумець. Ці ведаў ён, што Цеплікуўна была цяжарная?.. Так, ведаў. Ці даўно ён жыў з ёй?.. Увогуле не, яна ніколі не была яго каханкай. Ага! Дык чыёй?.. Нейкага цырульніка, у якога яна працавала, перш чым ён згарнуў сваю справу і паехаў на Памор’е. А куды ж тады пан Вінклер выбіраўся з гэтай дзяўчынай?..

Пасля доўгай паўзы ён адказаў. Ён меў намер забраць яе да сябе. «Цяжарную жанчыну да сябе? Хітруеце, пане Вінклер, я раю вам памятаць, што вы можаце патрапіць пад часовы суд! Ну, я адвяду вас зараз у камеру і да раніцы папрашу добра падумаць, ці не лепей ва ўсім прызнацца!»

— Можаце не турбаваць сябе паўторным допытам, — спакойна адказаў арыштаваны, — я сказаў усё, што мог. А парады і павучанні прыберажыце для сябе.

Пасля размовы з начальнікам і судовым следчым, упэўненасць якіх у віне арыштаванага ўзрасла, Аліцыя заявіла ім, што насамрэч лічыць, што гэта справа ў кампетэнцыі часовага суда, і таму яна просіць аб паскарэнні следства такім чынам, каб ужо заўтра пасля абеду акты былі перададзены ў пракуратуру.

Праз хвіліну яна ўжо ехала ў Грохуў. Не толькі знаёмства з Друцкім, але і інстынкт прыроджанага крымінолага падказваў ёй, што Друцкі не забіваў Цеплікуўну, што, хоць ён і не ведае, але, відаць, не хоча выдаваць следству сапраўдных вінаватых, якія, тым не менш, існавалі. А калі існавалі і стралялі з-за кустоў, у кустах павінны знаходзіцца гільзы таго самага калібру, што і куля, вынятая з цела забітай, гэта ясна. Таму што ўсе чатыры гільзы ад выстралаў Друцкага знайшлі каля пакінутага ім браўнінга, наяўнасць у кустах яшчэ некалькіх гільз такога ж калібру, але, несумненна, не з браўнінга Друцкага, абвяргала б канцэпцыю следства і была б нагодай для непрымянення часовага суда. Пакуль гэта магло паспрыяць таму, што абвінавачанаму пагражала б не смяротнае пакаранне, а некалькі гадоў турмы або нават поўнае апраўданне. Аліцыя ведала, што ўжо заўтра зранку, пасля паўторнага падрабязнага допыту Друцкага, следства можа зацікавіцца месцам пад кустамі. Таму яна сама вырашыла паехаць туды раней…

Яна спыніла таксі перад дамком, у якім было патушана святло. Брамка была адчыненая. Асвятляючы сабе дарогу ліхтаром, яна адразу адшукала месца, на якім учора ляжаў труп. Аліцыя зрабіла некалькі крокаў наперад, расхінула галіны і павольна перамяшчалася, даследуючы глебу сантыметр за сантыметрам і адначасова стараючыся не пакінуць сваіх слядоў. Зямля тут была яўна вытаптана, і на ёй ляжалі раскіданыя тры латуневыя гільзы.

Аліцыя выняла з сумкі хустачку, асцярожна сабрала іх і, закрыўшы, схавала ў сумачку. Друцкі гаварыў праўду. Гаварыў праўду, але зараз ужо не мог яе даказаць.

Аліцыя Горн не спала ўсю ноч. Яна трымала яго зараз у сваіх руках. Тыя следчыя надта грэбавалі паказаннямі Друцкага, каб захацець пашарыць кусты язміну. Значыць, пасля атрымання актаў яна зможа запатрабаваць запоўніць гэты прабел следства, у яе будзе час адвезці гільзы браўнінга на месца альбо проста выкінуць іх на сметнік. Так, ён зараз быў у яе руках. І яна здолее скарыстацца гэтым…

Хто мог страляць у Цеплікуўну? Каму была патрэбна яе смерць? Зразумела, Друцкі добра гэта ведае, але па нейкіх прычынах не хоча гаварыць. Магчыма, у Багдана заўсёды былі складаныя адносіны з жанчынамі. Але тут?.. Анатаміраванне трупа паказала, што Цеплікуўна была на пятым месяцы цяжарнасці. Значыць, і тут Друцкі гаварыў праўду, ён не мог быць бацькам гэтага дзіцяці, ён тады адпачываў на моры. Што ж яго звязвала з гэтай дзяўчынай?..

Аліцыя ўважліва агледзела гільзы, адчыніла стол, бакавы тайнік, каб пакласці ў яго гэты каштоўны рэчавы доказ. Там ляжалі толькі запіскі наконт знікнення Юлькі. Яна машынальна ўзяла іх у рукі і пачала праглядаць. Распіска Буфаловай пра атрыманне тысячы злотых, расследаванне пра машыну № 76 032W, што належыць прафесару Бруніцкаму, які скупляе цяжарных дзяўчат… Раптам Аліцыя адклала запіскі і здрыганулася: «Цеплікуўна была цяжарная!.. Друцкі сябраваў з Бруніцкім!..»

«А-а-а-а… вось яно што! Дык прафесар мог падзяліцца з ім і тым, што Юлька ў яго або што яна ў яго была, пакуль яшчэ… жыла. Значыць, Багдан займаўся дастаўкай жывога тавару ў навуковую бойню Бруніцкага…»

Справа станавілася ўсё больш складанай. Нават горш! Небяспечнай для самой Аліцыі. Яна ўзяла ўсю волю ў кулак, каб прымусіць сябе ясна і спакойна мысліць.

Яна ведала адно: калі Друцкі ведае пра лёс Юлькі, Аліцыя прапала. Яго нічым не падкупіш, нават цаной уласнай свабоды.

Ногі Аліцыі падкошваліся… Але яна была не з тых, хто адступае. Такім чынам, вынікам бяссоннай ночы быў дакладны план дзеяння.

Найперш любой цаной трэба было выключыць магчымасць уцягвання Бруніцкага ў справу забойства ў Грохуве. Акрамя папярэджання пра гэта Друцкага, што цалкам лагічна, існаваў і значна больш сур’ёзны шлях: атрымаць забарону зверху, з Міністэрства юстыцыі.

У восем раніцы выконваючая абавязкі пракурора Акруговага суда Аліцыя Горн па тэлефоне папрасіла аб аўдыенцыі, а ў дзесяць была прынята міністрам.

Яна прадставіла справу коратка: ёсць доказы, што ў сувязі з адным малаважным працэсам пэўныя шантажысты хочуць скампраметаваць аднаго з карыфеяў нашай навукі, прафесара Караля Бруніцкага, які якраз і праславіў нашу краіну на ўвесь свет сваімі вялікімі адкрыццямі, пра што з энтузіязмам піша прэса Еўропы і Амерыкі, кампраметацыі гэтай нельга дапусціць, таму што ўжо сёння гэта было б роўна кампраметацыі ўсёй Польшчы. А размова, уласна кажучы, пра дробязь. Дык вось, прафесар ва ўласным доме трымае тайную клініку, у якой праводзіць навуковыя вопыты, тэарэтычна не дазволеныя законам. Пракуратура канфідэнцыяльным шляхам канстатавала, што ў гэтых вопытах няма нічога амаральнага, па меншай меры, няма нічога, што б выходзіла за межы дробнага злачынства. Аднак, улічваючы сённяшнюю велізарную славу прафесара Бруніцкага, выяўленне гэтых рэчаў выклікала б каласальны розгалас і стала б сусветным скандалам.

Дык вось, ці не лічыць пан міністр, што варта гэта папярэдзіць выключэннем магчымасці ўмяшання асобы прафесара ў любы адкрыты працэс.

Пан міністр не толькі так лічыў, але нават сардэчна падзякаваў падпракурору Аліцыі Горн за такую мудрую празорлівасць і за такія дзяржаўна-творчыя адносіны да пытання. Адначасова ён уручыў ёй пісьмо, у якім выключалася магчымасць кампраметацыі вучонага. Аднак папрасіў яе, каб яна канфідэнцыяльным шляхам адразу пасля прыезду прафесара ў краіну запатрабавала ад яго тут жа ліквідаваць клініку.

З міністэрства Аліцыя паехала адразу ў Следчы камітэт, каб у выпадку выяўлення ніцей, якія звязваюць абвінавачанага з Бруніцкім, адразу іх парваць на падставе рашэння міністра.

Аднак гэта аказалася цалкам збыткоўным. Аліцыі прадставілі пратаколы апошніх паказанняў Яна Вінклера. Яны не адрозніваліся ад папярэдніх. Гэты вар’ят проста не меў паняцця, што сам на ўласнай шыі зацягвае пятлю, нават не спрабуючы ратавацца, раскрыўшы сапраўдных вінаватых, нават шляхам тлумачэння сваёй ролі ў знаёмстве з «жывым таварам» для Бруніцкага.

Аліцыя, між іншым, спыталася, ці не даследавалі месца забойства другі раз, і, атрымаўшы запэўненне, што гэта было б бессэнсоўна, паехала ў суд. Праглядаючы прэсу, яна знайшла аб’ёмныя артыкулы пра новыя поспехі вялікага польскага вучонага ў Лонданскай каралеўскай акадэміі і не менш аб’ёмныя справаздачы з ходу следства па справе забойства ў Грохуве. Усе газеты ўтрымлівалі навіну пра тое, што забойцу свеціць часовы суд у надзвычайным парадку і што абвінавачваць яго будзе, як падало адно з «жоўтых» выданняў, «анёл смерці» нашых судоў падпракурор Аліцыя Горн…

Працэдура праходзіла хутка і па правілах. Да вечара справа Яна Вінклера была перададзена ў пракуратуру, і ў адпаведнасці з гэтым арыштаванага перавезлі ў турму на Павяку і пасадзілі ў асобную камеру, прычым турэмныя ўлады атрымалі паведамленне, што ў дзевяць раніцы в.а. пракурора Аліцыя Горн прыбудзе з мэтай асабістай гутаркі з абвінавачаным.

І другую бяссонную ноч Аліцыя правяла ў роздумах. Ніводную сваю прамову ніколі яна не рыхтавала так дэталёва, як зараз абдумвала заўтрашнюю размову з Багданам Друцкім, чалавекам, жыццём якога яна магла распарадзіцца так, як пажадае.

Яна хадзіла па пакоі і заклінала яго самымі чулымі словамі, пагражала яму самым страшным, што толькі можа быць, маліла яго, каб ён, які так любіць жыццё, паколькі павінен будзе з ім развітацца, няхай ахвяруе яго ёй! Яна пагодзіцца на ўсё, будзе самай пакорнай з жонак, будзе яго нявольніцай, не стане на дарозе яго фантазій ці мімалётных захапленняў, абы толькі ён пагадзіўся застацца з ёй назаўсёды… Яна выратуе яго жыццё, але хоча мець на гэта жыццё хоць маленькае, хоць толькі фармальнае права…

Ці ж можа ён адвергнуць гэтую ахвяру, ці здолее адштурхнуць яе, калі, маючы магчымасць прыйсці і размаўляць загадным тонам, яна стане перад ім з мальбой пра ласку?.. Не, ён не можа яе адштурхнуць, не здолее!..

Так думала Аліцыя Горн. Так думала да моманту, калі адчыніліся дзверы кабінета начальніка турмы і на парогу з’явіўся абвінавачаны, якога прывёў наглядчык. Апошні на ўзмах яе рукі адказаў паклонам і знік.

Яны засталіся сам-насам.

Друцкі быў бледны, вусны яго былі сціснутыя, а вочы спакойныя і абыякавыя. Ніводным жэстам ён не паказаў, што ўзрушаны неспадзяваным для яго спатканнем у такіх новых ролях. Без слоў ён сеў на ўказанае яму крэсла.

Аліцыя пачала гаварыць. Ціха, спакойна, вельмі спакойна, хоць і хацела крычаць. Яна гаварыла ў першую чаргу пра забойства. Усё сведчыла супраць яго. Вельмі дрэнна, што ён не хоча сказаць, каго падазрае ў нападзе, што не кажа, навошта хацеў забраць Цеплікуўну. Ці не звязана гэта нейкім чынам — неспадзявана спыталася Аліцыя — з асобай прафесара Бруніцкага?

Ніводзін мускул не здрыгануўся на яго твары, аднак з погляду, якім ён прабег па яе вачах, яна зразумела, што не памылілася.

— Што Бруніцкаму да маіх асабістых спраў, Аль, навошта ты ўвогуле сюды прыйшла? Усё, што я мог сказаць, я ўжо сказаў. А нам з табой няма пра што гаварыць. Калі ты будзеш мяне абвінавачваць у судзе, вер мне, я магу быць прызнаны забойцам, але не буду прызнаны неджэнтльменам.

— Як мне гэта разумець, Бох?

— О, гэта проста. Я не зраблю нічога, што б магло цябе скампраметаваць, і як пракурора, і як жанчыну. Калі ты прыйшла сюды па гэта, то вяртайся спакойна і спакойна выконвай свае абавязкі.

— Я не па гэта сюды прыйшла, Бох, не па гэта… Ты мне не павінен даваць такіх гарантый. Я сама гэта ведала… Я прыйшла ратаваць цябе.

Друцкі паглядзеў на яе і паціснуў плячыма:

— Вельмі ласкава з твайго боку. Калі я са свайго боку не павінен буду памяняць паказанні, а ты, нягледзячы на гэта, зможаш выцягнуць мяне з гэтай гісторыі, у якой я не вінаваты… Я буду табе шчыра абавязаны.

— Бох… Табе пагражае смяротнае пакаранне!!!

— І я так думаю, — сказаў ён праз хвіліну, — калі мне не павераць, відаць, так. Ну, а што ты хочаш за сваю дапамогу, мая прыгожая Аль?

— Ты мяне ненавідзіш, Бох!

— Зусім не, — паматаў ён галавой, — я настолькі больш убогі за многіх бліжніх, што ўвогуле не маю ў сваім багажы такога пачуцця. Калі ж гаварыць пра цябе, Аль, то быў час, калі я думаў, што кахаю цябе. Так… так… І шкада, што я не магу цябе нават любіць. Не магу любіць цябе пасля таго, што ты зрабіла з Юлькай… Гэта асудзіла справу…

Аліцыя пабляднела і прашаптала:

— Што я з ёй зрабіла?..

— Ты зрабіла, даруй, брудна, на мой погляд, вельмі брудна, карыстаючыся сваёй перавагай, ты вымусіла яе з’ехаць… Гэта да канца сапсавала маё стаўленне да цябе… Але давай не будзем кранаць сентыментальныя ўспаміны. Ты можаш мяне выратаваць, але па тваім тоне я чую, што на нейкіх умовах. Дык я слухаю.

— Я цябе кахаю, Бох… Я цябе кахаю да вар’яцтва, кахаю так, як не могуць сабе ўявіць іншыя жанчыны, якіх ты пускаеш у сваё жыццё… Бох!.. Вярніся да мяне… Ведаеш, я не змагу жыць з думкай, што мне нельга нават глядзець на цябе. вярніся да мяне!.. Я нічога ад цябе не хачу, я нічога не буду ад цябе патрабаваць, дазволь мне толькі быць ля цябе!..

— Дарагая Аль, я павінен гэта разумець так: ты мяне выратуеш, а я ўзамен павінен быць тваім каханкам?.. Не, Аль, я думаў, што ты пра мяне лепшага меркавання. Я не хачу цябе крыўдзіць, таму давай спынім гэту размову. Загадай адвесці мяне ў камеру.

Аліцыя схапіла яго за руку. Бязладныя, непрытомныя словы скатваліся з яе вуснаў. У шырока раскрытых вачах гарэў жах. Яна адмяняе ўсё, што сказала, адракаецца ад усяго, не ставіць ніякіх умоў, моліць толькі пра літасць, яна не зможа без яго жыць і сто разоў жадае смерці, смерці і яго, і сваёй… Яна выратуе яго і так, а ён потым зробіць, як сам захоча.

Друцкі лагодна паклаў далонь на яе руку: спакойна, перш за ўсё, спакойна, і больш самавалодання. Акрамя таго, няхай разумее, што прыняцце дапамогі ад яе ўжо само па сабе накладала б на яго маральныя абавязкі, навязвала б яму доўг, які б ён не мог заплаціць без пагарды да самога сябе, гэта было б для яго горшай няволяй, чым любая іншая. Яна ж павінна зразумець, што ён не можа прыняць ад яе таго, што, ужо зыходзячы з саміх умоў, у якіх ён зараз апынуўся, было б для яго самым невыносным цяжарам. Паміж імі ўсё скончана, па ўсіх рахунках заплачана, і трэба змірыцца з гэтым.

Паступова Аліцыя прыходзіла ў сябе. Яна хвіліну маўчала, апусціўшы галаву, а калі падняла яе, сказала ціха, ледзь чутна:

— Ты маеш рацыю, Бох, да пабачэння… Я разумею, што ты не хочаш прыняць маю ахвяру, але ведай, што іншай я зрабіць не змагу. Бывай, Бох.

Яна націснула гузік званка і сухімі, як шкло, вачыма глядзела на акаваныя дзверы, якія замыкаліся за ім.

Загрузка...