Раздзел 22

Юлька тулілася ў абдымках Друцкага, і на яго светлым пінжаку слёзы расплываліся мноствам цёмных плям.

— Я подлая, пане Янэк, я найпадлейшая з подлых, вы павінны мяне ненавідзець, пагарджаць мной… Але я так за вас баялася. Аліцыя пасля паведамлення, што вы не вернецеся сюды, вельмі змянілася. Я яе павінна любіць і, можа, нават люблю, але не магу… не магу…

— Не румзай, малышка, — стараўся супакоіць яе Друцкі, — якая ёсць, такая ёсць, і не рві ў сябе на галаве валасы, а старайся заўсёды быць сабой. Гэта аснова. Ты яшчэ страшна смаркатая і з гадамі паразумнееш.

— Вы мной не пагарджаеце? — усхліпвала яна.

— Ах ты, дзіцятка. Ты ж ведаеш, што я вельмі цябе люблю.

— А вы не злуяцеся, што я вам тэлеграфавала?

— Не злуюся, хоць ты зрабіла не падумаўшы.

— І непрыстойна, — уздыхнула яна.

— Прыстойна ці непрыстойна, я ў гэтым не разбіраюся, — засмяяўся Друцкі, — пра гэта спытайся ў каго-небудзь іншага. Але што неразумна — гэта напэўна.

— Пан Янэк, а Аліцыю вы… кахаеце?..

— Я табе казаў, што не.

— Мой дарагі, мой адзіны!.. Дык вы і не засмучаецеся, што не ўбачыліся з ёй?

— Дзяўчына! Не мялі пустое! Мяне нічога не засмучае. За мяне засмучаецца адзін ветлівы конь.

— Конь?

— Так. У яго вялікая галава, дык яму з гэтым лягчэй. Ну, хадзем на пляж.

Юлька не кранулася і сказала, гледзячы долу:

— Аднак…

— Што там яшчэ?

— Аднак вы кахалі Аліцыю… Пане Янэк, вы ж былі яе каханкам.

— І што з таго?

— А… а… маім не…

Друцкі не стрымаў смех.

— О, вы з мяне смеяцеся, — схавала яна галаву пад яго пінжак. — Я ведаю, я непрыгожая!

— Нічога ты не ведаеш! — раззлаваўся Друцкі. — Зараз я табе падніму спаднічку і так адлупцую, што ўспомніш Кейптаўн.

— Кейптаўн, — расчырванелася яна, — дзе з недалёкіх здымаюць тры скуры?

— Памятаеш? — рассмяяўся ён. — Бач ты!

— О, я памятаю ўсё-ўсё.

— Няўжо? А ведаеш, што робіцца ў Марсэлі?

— Натуральна! — падскочыла дзяўчына, — там, калі хтосьці кажа, што лжэ, то таксама лжэ, бо ён на самай справе не лгаў. Так?

— Брава! А чаму рыбы ў Сінгапуры п’юць ваду?

— Бо там стаіць шатландскі гарнізон, а ў рыб няма грошай.

— Гляньце вы! Яшчэ годзік навучання і ты магла б у начных туфліках да цёткі Фанны на…

— …сняданкі хадзіць! — трыумфальна скончыла дзяўчына, і абое рассмяяліся.

Да позняй ночы яны сядзелі на тэрасе і размаўлялі, а на золку Друцкі выехаў.

З таго, што даведаўся ад Юлькі, ён зрабіў выснову, што Аліцыя, не заспеўшы яго ў Варшаве, вернецца на Хель. Пэўна ж Зоська ёй сказала, куды ён паехаў. Ён прагнуў пазбегнуць сустрэчы з Аліцыяй. Ён ведаў, што сутыкненне будзе непрыемнае, і радаваўся, што не спаткае яе зноў.

У дарозе яго «фулд» два разы псаваўся. Таму ён толькі на золку прыехаў у Варшаву і быў такі змораны, што тут жа лёг спаць, пакінуўшы машыну на вуліцы.

Прачнуўся позна.

У суседнім пакоі завіхалася Зоська. Быў, відаць, пасляабедзенны час.

— Зоська! — паклікаў Друцкі.

— Аў! — адазвалася дзяўчына, стоячы ў дзвярах, — я вас не разбудзіла?!

— Не, я сам прачнуўся. Колькі зараз?

— Ужо трэцяя гадзіна, — наблізілася яна і каленямі абаперлася на ложак. — Вы выспаліся?

Ён спытаўся ў яе, ці не прыходзіў хто, калі ён адсутнічаў. Зоська дала дакладную справаздачу пра ўсе візіты, адзінае, пра знаходжанне ў кватэры Аліцыі расказала сцісла, не ўспамінаючы пра тое, што Аліцыя чытала тэлеграму.

— Такая прыгожая, але такая брыдкая, — скончыла Зоська сваю справаздачу.

— Брыдкая? Што значыць брыдкая?

— А хто яго ведае? — паціснула дзяўчына плячыма.

Друцкі рассмяяўся і, загарнуўшы яе ногі, паклаў Зоську побач з сабой. Гэтая дзяўчына неверагодна ўздзейнічала на яго пачуцці. І гэты пах малака і чабору… І гэтая прастата жарсці…

Невядома чаму, але пасля кожных абдымкаў ён не толькі не адчуваў, што яна яму прыкра чужая, а наадварот — яго апаноўвала прага чуйных пяшчот, хацелася ёй гаварыць нешта мілае, ужываць чулыя словы, ласкавыя і прыгожыя.

Вось ён, абапершыся локцем на падушку, і тлумачыў гэта Зосьцы, углядваючыся ў яе заружавелы твар і ў раскрытыя хуткім дыханнем вусны, як у вітальні загучаў званок.

— Каго там чэрці нясуць? — спытаў ён.

— Я адчыню і пагляджу, — Зоська паднялася, хутка паправіла валасы і паркалёвую сукенку, якая была безнадзейна памятая.

Друцкі лавіў вухам гучанне яе босых ступняў, потым шчоўканне замка, калі яна адчыняла дзверы, і збянтэжаныя галасы.

«Які чорт?» — падумаў ён.

Амаль у гэты ж момант у спальню ўвайшла Аліцыя.

— Бох! — крыкнула яна.

— Гэтая пані адапхнула мяне і ўвайшла без запрашэння, — гучна абуралася Зоська.

Твар Друцкага зморшчыўся.

— Зоська, — цвёрда сказаў ён, — ідзі, калі ласка, дадому.

Дзяўчына адкрыла рот, але не адказала. Толькі акінула Аліцыю ненавісным позіркам і выйшла.

— Бох! — паўтарыла Аліцыя.

Друцкі скінуў коўдру, надзеў туфлі і, паправіўшы піжаму, устаў:

— Што б гэта значыла? — хрыпла спытаўся ён.

— Бох! Так ты мяне вітаеш?

— Я цябе вітаю так, як ты сюды ўвайшла.

— Бох!

— Ну што ты паўтараеш, — раздражніўся Друцкі, — Бох ды Бох!

Ён закурыў і, не гледзячы на яе, сеў на падаконнік.

— Гэта дзеўка, — выдавіла Аліцыя са сціснутай глоткі, — гэта дзеўка — твая каханка!

Друцкі паціснуў плячыма.

— Добрую ты мне знайшоў саперніцу, — дадала Аліцыя з іроніяй.

— Што табе трэба? — абыякава спытаўся ён.

— Бох! Як ты са мной размаўляеш? Чым я заслужыла гэты тон і абразы?

— Прабач, я і сапраўды быў не надта ветлівы, — спахапіўся ён, — але мяне пазбавіла раўнавагі тваё ўварванне. Прабач.

Друцкі наблізіўся да Аліцыі і пацалаваў ёй руку.

Яна села на найбліжэйшае крэсла і глядзела на яго вачыма, поўнымі неспакою.

— Навошта ты пакінула Хель? — спытаўся ён так, нібыта яго не цікавіў адказ.

— Бох! Ты мяне не кахаеш?! — усклікнула Аліцыя. — Ты ўжо мяне не кахаеш!

Багдан маўчаў.

— Скажы… скажы… чаму? Не разумею, чаму?! Няўжо была падстава, няўжо я змянілася?

— Не, — запярэчыў Друцкі, — ты не змянілася. Зусім не змянілася. Ты ўвогуле не можаш змяніцца.

— Ты кажаш гэта з папрокам?

— Хто яго ведае, Аль? Ва ўсякім выпадку, не з папрокам. Я ніколі нікога не папракаю і сам не выношу, калі мяне папракаюць. Не выношу!

Аліцыя схапіла яго за руку:

— Пачакай, Бох, я не хачу сцэн. Я прыйшла проста даведацца, ты… ты… ужо мяне не кахаеш, як раней?..

Друцкі нічога не адказаў, і Аліцыя прыціснула яго руку да грудзей нейкім сутаргавым рухам:

— Бох, Бох, ведаеш, ты для мяне — усё, ты мая радасць, усё маё жыццё. Ты павінен гэта ведаць! Я не магу цябе страціць! Не магу! Бох, ты мяне разумееш?

— Не разумею, — не стрымаўся Багдан, — я не магу зразумець, як можна хацець ад каго-небудзь, каб ён перастаў быць сабой!

— Я не хачу гэтага.

— Так. Ты хочаш, каб я адрокся ад свабоды, ад свабоды, якая ўласна і ёсць я. Гэта мая сутнасць.

— А памятаеш, як ты прапанаваў мне шлюб?

— Не спрачаюся, — паціснуў плячыма Друцкі.

— Ну і?..

— Ну і нічога! Ты мне тады адмовіла.

— Дапусцім, тады адмовіла. Але, напрыклад, сёння?..

— Давай не будзем пра гэта, Аль. Ты ж дарослы чалавек і добра ўсведамляеш, што сёння ўсё зусім інакш.

Аліцыя да крыві пракусіла вусны, паглядзела на яго дзіўна звужанымі зрэнкамі.

— Паслухай, Аль, — пачаў Багдан прымірэнча. — Ты мяне добра ведаеш. Ты ведаеш, што я не змагу вытрымаць ніякіх сувязей, яны супярэчаць маёй прыродзе. Нам было добра разам. Гэта так? Я, па меншай меры, захаваў да цябе шмат добрых пачуццяў і ўдзячнасці за гэтую частку жыцця, за гэтую цудоўную частку жыцця, якую ты мне падарыла. Таму не трэба…

— Пачакай, Бох, — перарвала яго Аліцыя, — адкажы мне спачатку, ці ўсім жанчынам ты паўтараеш гэта самае пры расстанні? Здаецца, ты выдаеш гэта аўтаматычна.

— Ты нядобрая, Аль. Навошта ты хочаш іроніяй атруціць і твае, і мае ўспаміны? Паколькі мы расстаёмся…

— Не, не! Не расстаёмся! — не стрымалася Аліцыя. — Гэта ты мяне хочаш кінуць, гэта ты мяне адштурхоўваеш!

Багдан узяў яе за руку:

— Супакойся, Аль, навошта гэты пафас.

— Пафас? — горка засмяялася яна, — я цябе кахаю, Бох, я цябе абагаўляю, без цябе я не змагу жыць. Няўжо ты не разумееш, што гэта павінна быць патэтычна… Нехта хоча адабраць цябе ў мяне, але я цябе не аддам, не аддам ні за якія скарбы!..

Аліцыя апляла яго сваімі абдымкамі, гарачымі вуснамі прыпала да яго вуснаў.

Ён не мог вызваліцца з гэтых абдымкаў, не здолеў адштурхнуць ад сябе гэтую жанчыну, прыгажосць якой яго проста абяззбройвала, а яе страсць выклікала буру ў яго пачуццях.

— Я прагну цябе, Бох, і ты мяне прагнеш, я кахаю цябе да вар’яцтва, Бох!.. Ты маё шчасце, ты маё шчасце… Бачыш, бачыш, тваё каханне таксама не згасла, таму што ты не можаш адрачыся ад мяне, Бох!.. Я так цябе чакала… І скажы, скажы, ты мяне не хочаш?..

Ён панёс яе ў абдымках, а тое, што адбылося потым, стала самым красамоўным адказам на яе пытанне.

Аднак гэты адказ прадыктавалі толькі пачуцці. І цяпер, седзячы ў крэсле і гледзячы, як Аліцыя перад люстэркам папраўляе валасы, Друцкі злаваўся на сябе.

Ён слухаў тое, што яна гаварыла, але зместу слоў не разумеў. Ён думаў пра тое, як ёй растлумачыць, што, нягледзячы ні на што, ужо няма дарогі назад, у тыя часы, калі яна запаўняла яго жыццё. Ён не мог адшукаць слоў, якімі трэба было ёй гэта растлумачыць, ён адчуваў сябе няёмка. Ён не мог гэтага цярпець!

— Чаму ты не адказваеш? — павярнулася да яго Аліцыя.

— Прабач, я не чуў.

— Я пыталася, калі мы едзем на Хель?

— Я не паеду. Застануся ўжо ў Варшаве. Справы мяне трымаюць…

Аліцыя яго не ўгаворвала. Наадварот, яна заявіла, што тады і яна паедзе толькі на некалькі дзён скончыць свае справы на моры.

Ніводнага слова Аліцыя не прамовіла пра Юльку. Яна ўжо не сумнявалася, што паміж ёй і Друцкім быў раман, аднак яна была пераканана, што цяпер, пасля размовы з Багданам, як толькі яна выправадзіць Юльку з Варшавы, усё наладзіцца само сабой. Аліцыя ведала, што Друцкі здраджвае ёй і з іншымі жанчынамі, але яна цвёрда верыла ў сваю прывабнасць і розум і спадзявалася ўзяць сітуацыю пад свой кантроль ды ліквідаваць з яго жыцця не толькі ўмовы, што спрыяюць здрадзе, але і ўсякую цікавасць да іншых жанчын.

Найперш яна вырашыла цалкам змяніць свае адносіны да Друцкага, вырашыла ўнікнуць у яго асабістыя справы, дэталёва пазнаёміцца з раскладам яго заняткаў, ну і дабіцца таго, каб урэшце яны сталі жыць калі не ў адной кватэры, то па суседстве.

Аліцыю не адштурхнула нават тое, што Друцкі не прыйшоў на вакзал і, сядаючы ў поезд, яна дэталёва распрацоўвала план дзеянняў. Для Юлькі вырашыла знайсці пасаду настаўніцы для дзяцей дзе-небудзь на далёкай ускраіне. Ні ў якім разе Аліцыя не збіралася далей займацца выхаваннем гэтай няўдзячнай, да якой яна зараз, акрамя нянавісці, нічога не адчувала. Яна не думала таксама заводзіць з ёй ніякіх размоў, высвятленняў ці спрэчак.

Прыехаўшы ў «Гадзіву», Аліцыя коратка заявіла Юльцы:

— Збірайся. Заўтра вяртаемся ў Варшаву.

Дзяўчына, як заўважыла Аліцыя, павінна была здагадацца, што яе подласць раскрыта, бо яна нават не спрабавала наладзіць ранейшыя адносіны. Яна ўпарта маўчала і была прыгнечаная. Кожны раз, калі, седзячы ў вагоне насупраць адна адной, яны сустракаліся позіркамі, Юлька бляднела, а Аліцыя стрымлівалася, каб не кінуць ёй у твар слова «змяя».

Прыехалі яны позна вечарам, і Аліцыя адразу ж пераапранулася і паехала ў «Аргенціну». Яна загадала пасадзіць яе ў ложу і папрасіла, каб прыйшоў дырэктар Вінклер. У яе быў не надта добры настрой, але яна рабіла ўсё, каб Друцкаму было ў яе кампаніі вельмі весела. Аліцыя піла шмат віна і, калі прыкладна ў чатыры гадзіны яны садзіліся ў «фулд», заявіла, што не змагла б рэшту ночы правесці ў адзіноце.

— Паехалі да цябе, Бох, добра?

Багдан згадзіўся. Згадзіўся! Значыць, усё пачынае складвацца так, як яна і прадбачыла!

І складвалася паўтара тыдня.

За гэты час Аліцыя наведала ўсе самыя вялікія бюро па працаўладкаванні. Для Юлькі пакуль нічога падыходзячага не знаходзілася, аднак хутка павінна была вызваліцца пасада настаўніцы-гувернанткі для трох маленькіх дзяўчынак у заможных сялян у Вандолах, маёнтку, размешчаным на ўскраіне Піншчыны, за сорак кіламетраў ад найбліжэйшай чыгуначнай станцыі. Аліцыя палічыла, што гэта менавіта тое, што трэба, а пасля вяртання дадому сказала Юльцы:

— Хачу табе паведаміць, што далей я не магу цябе вучыць. Ты ўжо ў такім узросце, калі карыстанне чужой дапамогай і жыццё за чужы кошт апраўдваецца толькі, калі на гэта ёсць маральнае права. Думаю, ты гэта разумееш?

— Так, — адказала Юлька дрыжачым голасам.

— Дык вось, я не бачу прычыны, па якой ты не магла б сама сябе забяспечваць. Пра адшуканне ў Варшаве пасады, што магла б даць магчымасць сяк-так існаваць, канечне, цяпер не можа быць размовы. Я, аднак, спадзяюся знайсці для цябе што-небудзь у правінцыі. Ты хочаш гэтым скарыстацца?

— Так, — адказала Юлька. Яна была бледная, і вусны яе дрыжалі.

Аліцыя накіравалася да выхаду і, затрымаўшыся ў дзвярах, дадала:

— Ты будзеш настаўніцай трох дзяўчынак у прыватным доме на вёсцы. Праўда, гэта ў нейкай ступені глуш, але і там з тваім талентам можна знайсці каханка.

Увечары гэтага дня Аліцыя чула праз дзверы прыглушаны плач Юлькі, але гэта яе зусім не кранула.

Водпуск Аліцыі скончыўся якраз назаўтра пасля гэтай размовы, і ўжо зранку яна працавала ў судзе.

Яе сустрэлі цёпла. Асабліва абрадаваўся пракурор Мартыновіч, таму што ў канцылярыі ляжала некалькі вельмі складаных спраў, займацца якімі ён хацеў даручыць Аліцыі.

Аліцыя з вялікім задавальненнем заглыбілася ў працу. Яна адчувала сябе каралевай у свеце параграфаў, правілаў, незлічоных аркушаў паказанняў, пратаколаў, данясенняў. Тут лепей, чым у жыцці, яна разбіралася ў матывах дзеянняў складанай чалавечай псіхікі і хаосе доказаў. Тут яна цвяроза, непрадузята магла расстаўляць людзей, як пешак на шахматнай дошцы, і апеляваць фактамі з поўным усведамленнем вынікаў, прадугледжаных Крымінальным кодэксам.

Калі б уласнае жыццё і жыццё сваіх блізкіх можна было так апрацаваць на пранумараваных старонках, каментаваць заметкамі паводле назіранняў, апісаць паказаннямі сведкаў…

Багдан… Колькі ж таямніц утрымлівае яго жыццё, таяміц, недаступных нават ёй… Аліцыя паглядзела на гадзіннік: першая гадзіна — ужо, напэўна, устаў. Што ён робіць? Яна машынальна ўзяла тэлефонную трубку і назвала нумар.

Яна чула, што знялі трубку і голас Друцкага заканчваў нейкую фразу: «…абы толькі ты не енчыла».

— Ало!

— Гэта я, Бох. Я не перашкодзіла?

— Ах, як справы? Што зноў…

Было такое ўражанне, што ён збянтэжыўся, і Аліцыя раптам адчула востры боль у горле. Яна была амаль упэўнена, што ў яго Юлька…

Аліцыя сказала, што ў яе шмат работы, што яна не зможа выйсці з суда да трох і развіталася нібыта ў добрым настроі. Праз секунду яна звязалася з домам. Адказала Юзэфова.

— Панна Юлька дома? — спыталася Аліцыя.

— Няма, пані, гадзіну, можа, таму выйшла.

— А не казала, куды ідзе?

— Не, пані. Толькі тэлефанавала, а потым выйшла. Відаць, да нейкай сяброўкі.

— Добра. Не гаварыце ёй, што я званіла. Абед у тры. Да пабачэння.

Аліцыя хутка замкнула стол, надзела капялюш і збегла з лесвіцы. Тут жа непадалёк знайшла таксі і загадала ехаць на праспект Шуха. Калі ж машына рушыла, яна спахапілася.

«Калі ў яго Юлька ці іншая жанчына, ён пэўна ж мяне не пусціць і я толькі стану пасмешышчам у яго вачах, а хто ведае, можа, і зноў парве адносіны… Не, гэта бескарысна».

Яна змяніла рашэнне. Загадала таксісту стаць за два дамы далей, на другім баку вуліцы. Адтуль яна добра бачыла вароты дома Друцкага і магла заўважыць кожнага, хто б адтуль выходзіў. Шафёр, які, відаць, здагадаўся пра мэту гэтай стаянкі, з паўусмешкай на твары аглядаў вуліцу, час ад часу кідаючы позірк на сваю пасажырку.

Аліцыя адчувала камічнасць сваёй сітуацыі, але ні за што не пакінула б занятую пазіцыю.

Праз сорак хвілін яны выйшлі.

Інтуіцыя яе не падвяла. Багдан у светлым касцюме з Юлькай пад руку… Змяя, змяя…

«Выкіну яе з дому, як сабаку, — падумала Аліцыя, да болю сціскаючы пальцы, — як сабаку!..»

Аліцыя выйшла з машыны і пешкі накіравалася дадому.

Яна не праклінала Друцкага. Уся яе нянавісць і прага помсты накіраваліся на Юльку. Канечне, Юлька навязваецца яму са сваім каханнем… Змяя…

Адразу пасля прыходу дамоў Аліцыя патэлефанавала ў настаўніцкае бюро. На жаль, пасада яшчэ не вызвалілася. Яна павінна быць свабодная самае ранняе праз месяц.

«Што рабіць, што рабіць?» — адчайна думала Аліцыя, ходзячы па пакоі.

Яна не магла выкінуць Юльку на вуліцу, тая ж тады звернецца да Друцкага…

Дарма яна забрала яе з Хеля… Цяпер абавязкова трэба пазбавіцца ад яе, абавязкова!

Падчас абеду Аліцыя з Юлькай не перамовіліся ніводным словам. Устаючы з-за стала, Аліцыя сказала:

— Я цябе папрашу, каб ты не выходзіла, калі мяне няма дома. Юзэфова часам павінна хадзіць у краму, і кватэра застаецца без нагляду.

— Добра, — адказала Юлька і пайшла ў ванную, адкуль праз хвіліну пачулася плёсканне вады.

«Бессаромная жывёліна», — падумала Аліцыя.

Назаўтра і ў наступныя дні Аліцыя па некалькі разоў тэлефанавала дадому з суда, каб праверыць, ці выконвае Юлька яе забарону. Юлька сапраўды не выходзіла. Затое не было сумненняў, што яна званіла Друцкаму. Аліцыя ўжо некалькі разоў мела намер перагаварыць, у рэшце рэшт, з Багданам на тэму Юлькі, але заўсёды ў апошні момант не рашалася, баючыся апынуцца ў сітуацыі, калі трэба будзе паставіць ультыматум. Яна прадбачыла, што гэта было б роўнае паражэнню, таму што ён ні ў якім разе не саступіць, а яна будзе вымушана.

Зрэшты, на шчасце, Юлька пачала хварэць. Яна была бледная, у яе круцілася галава і яна страчвала прытомнасць.

Аліцыя з нежаданнем прапанавала ёй пайсці да ўрача, але дзяўчына падзякавала і адмовілася:

— Нічога страшнага.

«Тым лепей, — падумала Аліцыя, — хутка вызваліцца пасада, і я пазбаўлюся ад гэтай змяі».

Аднак усё склалася іначай.

Загрузка...