Раздзел 15

Прафесар Караль Бруніцкі паклаў трубку і сказаў:

— Будзе тут праз некалькі хвілін.

Доктар Кунокі буркнуў нешта ў адказ, не адрываючы вачэй ад кнігі, якую чытаў.

— Тэмпература ў сёмым пакоі знізілася?

— Трыццаць восем і шэсць.

— Вось як. Такое адчуванне, што ўкол быў занадта моцны.

Доктар Кунокі адклаў кнігу і з усмешкай паглядзеў на Бруніцкага.

— Вы сёння нервуецеся, сказаў ён спагадліва.

— Магчыма.

— Вы вельмі любіце пана Вінклера?

Прафесар не адказаў, і японец дадаў:

— Не дзіўна. У гэтым чалавеку ёсць прывабная жыццёвая сіла.

— Вы памыляецеся, доктар, я яго не люблю. Мне… не патрэбна яго жыццёвая энергія. Зрэшты, гэта вельмі складана.

Кунокі тактоўна змоўк. Але Бруніцкі праз хвіліну сам пачаў:

— Павінен ужо быць.

— Вы думаеце, — змяніў плынь размовы Кунокі, — адразу праз некалькі дзён пасля яго працэсу рызыкоўна даверыць яму гэтую справу? За ім могуць сачыць.

— Сумняваюся, — паціснуў плячыма Бруніцкі, — зрэшты, ён сам вырашыць.

Доктар выглянуў у акно якраз у момант, калі да варот пад’ехала таксі. З машыны выйшаў Друцкі.

Праз хвіліну ён быў ужо ў холе і, моцна трасучы руку прафесара, смяяўся:

— Бачыш, Караль, ніякія мяне чэрці не бяруць! Вітаю доктара! Як там вашыя… трусікі?

— Усё ў парадку.

— А гэтая малышка, за якую я буду высланы ў пекла?

— Можаце быць за яе спакойныя. Яна палюбіла раманы пра чарнаскурых.

— Чаму, чорт пабяры, пра чарнаскурых? — здзівіўся Друцкі.

Кунокі пытальна зірнуў на Бруніцкага і прадоўжыў за яго:

— Калі мы не памыляемся, яна хоча нарадзіць маленькае негрыцянятка альбо ў найгоршым выпадку мулата.

— Дык гэты яе кавалер не быў чарнаскурым?!

— Зразумела, і тым лепей. Мы робім першы эксперымент па пігментацыі. Таму гарантый не даём. Дакладна толькі, што будзе сын, мяркуючы па ўсім, здаровы і незвычайна моцны, які вырасце вельмі высокім і будзе вызначацца музычным талентам.

Друцкі з падазрэннем глядзеў на іх:

— Доктар, вы з мяне кпіце? — звярнуўся ён да прафесара.

— Не, — запярэчыў Бруніцкі, — доктар — аптыміст.

— Але якім чынам? На якой падставе можна гэта прадказаць?

— О, гэта не мае нічога агульнага з прароцтвамі, — усміхнуўся японец. — Проста справа ў дасягненні жаданага эфекту праз адпаведнае ўздзеянне на арганізм і псіхіку маці…

Прафесар перарваў:

— Давайце не будзем. Я не люблю гаварыць пра пачатыя даследаванні.

— Боязь няўдачы.

— Не.

— Боязь несур’ёзных адносін пабочных…

— Прафана? — падказаў Друцкі.

— Прафана ці спецыяліста, усё роўна. Павер, што з Калумба, які адплываў на Захад з мэтай адшукаць найбліжэйшую дарогу на Усход, смяяліся таксама як прафаны, так і прафесійныя маракі. А доктар Кунокі так стаміўся ад маёй кампаніі, што забываецца пра легендарную японскую стрыманасць.

— Я атрымаў гэта ў спадчыну ад маці, — засмяяўся Кунокі і паглядзеў на гадзіннік. — Ужо, відаць, час зняць бандажы?

— Відаць, — пацвердзіў прафесар, кінуўшы вокам на ўласны гадзіннік, — толькі не забывайце пра масаж.

— Вы гэтую маю небарачку так мучыце?

— Не, — запярэчыў японец, — у вашай выдатна развітая шчытападобная залоза ў пярэдняй частцы, а тут якраз…

— Вось балбатун! — з пагрозай усклікнуў Бруніцкі, і доктар, камічна развёўшы рукамі, выйшаў, не скончыўшы фразы.

— Ну?.. — спытаўся Друцкі пасля хвіліны маўчання.

— Я тэлефанаваў табе па дзвюх прычынах, — пачаў прафесар, — па-першае, хацеў цябе павіншаваць з удалым заканчэннем працэсу.

— Інакш і быць не магло, бо я не вінаваты.

— Калі гаворка пра морфій, то так.

— А ў чым яшчэ справа?

Прафесар барабаніў пальцамі аб падлакотнікі крэсла і ўважліва прыглядаўся да Друцкага.

— Справа, — працадзіў ён, — у дэфларацыі, учыненай Багданам Друцкім у дачыненні да пансіянеркі Марыі Аліцыі Жэраньскай.

Друцкі зачырванеўся. Ён падумаў, што ўжо Бруніцкі ведаць не можа! Тут ён паціснуў плячыма:

— Караль, дарагі, мяне ніхто не мог пазнаць, з таго часу мінула столькі гадоў.

— Канечне, — не спускаў з яго вачэй Бруніцкі, — ніхто. Ніхто, за выключэннем Марыі Аліцыі з Жэраньскіх, цяпер пракурора Аліцыі Горн.

Ён быў упэўнены ў каласальным эфекце і не расчараваўся. Друцкі пабляднеў. Адкуль, якім шляхам прафесар мог да гэтага дайсці? Якую выгаду ён захоча ад гэтага мець? Друцкі ўпіўся поглядам у нерухомыя вочы Бруніцкага.

Усталявалася маўчанне.

Загрузка...