Раздзел 23

Справа братоў Хадаровічаў была адной з тых, якія даюць грамадскаму абвінаваўцу магчымасць паказаць, на што ён здольны.

Праўда, следства не змагло даказаць іх заняткі сутэнёрствам, але прыйшлі трыццаць сведкаў, прыцягнутых пракурорам Аліцыяй Горн, і пакінулі ў яе руках столькі доказаў, столькі адмоўных водгукаў і выкрывальных сведчанняў, што абвінаваўчы прысуд ні для каго не быў сюрпрызам. Зала, перапоўненая жулікамі, альфонсамі, прастытуткамі, нелегальнымі акушэркамі і ўсялякай ускраіннай набрыддзю, прыняла прысуд маўчаннем, занатоўваючы ў памяці дэталі, якія калі-небудзь могуць спатрэбіцца для ўласнай абароны.

Аліцыя склала паперы і выйшла на калідор, у гэты час праход ёй заступіла худая старая жанчына, якую яна яшчэ падчас працэсу заўважыла сярод публікі.

— Што вам трэба? — затрымалася Аліцыя.

— У мяне важная справа, шаноўная пані пракурор, вельмі важная справа…

— Ну?

— Але толькі з вока на вока, бо гэта не абы-што…

— Гэта звязана са справай Хадаровічаў?

— І так, і не.

— За мной, калі ласка, — кінула Аліцыя.

У яе была яшчэ амаль гадзіна, і яна вырашыла даведацца, што гэта падазроная жанчына хоча.

— Калі ласка, — паказала яна на крэсла перад сталом.

— Бо я ведаю нешта, што вам можа спатрэбіцца, — пачала бабка, упіхваючы пад парыжэлы капялюш пасму сівеючых валасоў.

— Зараз, — перарвала яе Аліцыя, — найперш, як вас завуць?

Жанчына ўскочыла на ногі:

— А навошта гэта вам? Я не хачу ні аб што пэцкаць рукі. Я ў жыцці ўжо дастаткова нацярпелася з-за гэтых судоў і паліцыі. Я як прыстойны чалавек прыйшла, не тое што…

— Не хвалюйцеся, — стрымала яе Аліцыя, — аднак вы разумееце, што я павінна ведаць, з кім маю справу. Вы хочаце даць мне нейкія важныя паказанні і жадаеце, каб я вам паверыла, але як я магу верыць камусьці, хто саромеецца нават свайго прозвішча.

— Божа мілы, я ж не саромеюся, толькі мая хата з краю. Я вось слухала справу і тое, што вы гаварылі, і думала сама сабе: «О, такая, значыць, сур’ёзная дама, яна і самым важным не спусціць, а замкне ў турме». Таму я і асмелілася, а не тое, барані божа, каб самой у гэта ўлазіць.

— Чаму вы не звярнуліся ў Следчы камітэт ці ў камісарыят?

— А таму, шаноўная пані, што я падумала, што з вамі як з жанчынай мне будзе лягчэй размаўляць і пакрыўдзіць мяне вы не захочаце, а па-другое, што гэта ўвогуле жаночая справа…

— Добра, — сказала Аліцыя, — я вам абяцаю, што ваша прозвішча ў гэта не замяшаю, але мне яго, калі ласка, назавіце. Ну?

Жанчына скурчылася і прамармытала:

— Ладна… Я Буфалова, Ядвіга, — зіркнула яна спадылба на Аліцыю і дадала: — Вось вы ўжо ведаеце. Што ж, не адмаўляюся, я была асуджаная, але клянуся Богам, што за Пашчукуўну несправядліва. Яна сама, дурніца, кручком спрабавала і нарабіла. Я ўжо нічога не змагла паправіць. Не кажу, што з Малінаўшчанкай я не была вінаватая. Так. Я ведала, што рызыка вялікая, але яна сама настойвала, бо праз два месяцы шлюб… Яны ўсе такія, а потым чалавек з-за іх пакутуе…

— Вы акушэрка?

— А хто ж яшчэ? Шляхцянка я, з землеўласнікаў, але вось так на цяжкі хлеб пайшла…

— Дык што вы хацелі сказаць?

Буфалова шморгнула носам і дзелавітым рухам падсунула сваё крэсла.

— Ага, дык вось глядзіце, сама я не ведаю, чаму ў яго такі густ, каб абавязкова была цяжарнай, а яшчэ для яго важна, каб гэта было першае зачацце…

— Секунду, — перарвала Аліцыя, — хто ж гэта?

— Ён? А, ну, багаты, хіба. Грошай у яго, як лёду, і на сваёй машыне ездзіць, а сам брунецік, такі не малады і не стары, але ніштаваты, і ў пенснэ, а як жа…

— Дык вы нават прозвішча яго не ведаеце?

— Адкуль жа я магу ведаць, Божа мілы, ён спрытны і ніякіх падазрэнняў не выклікае, ніякіх слядоў не пакідае. Прыедзе, агледзіць дзяўчыну, хлараформам або чымсьці падобным усыпіць, і гэты яго шафёр адразу ў пакрывала і ў машыну. А ён толькі спытаецца, а хто яна, а на якім месяцы, а ці вядома з кім, грошы адлічыць — і яго ўжо няма.

— Зараз. Значыць, ён проста купляе ў вас цяжарных дзяўчат?

— Божа мілы, а хто ж гаворыць, што у мяне?! — спужалася Буфалова. — У іншых, а я ведаю, таму што мы ў адной прафесіі, разыходзіцца гэта паміж людзьмі.

— Ну, дапусцім, гэта так. Значыць, вы кажаце, што ў яго ёсць аўтамабіль. А вам не прыходзіла ў галаву запомніць яго нумар?

— А як жа, я ведала на памяць і на лісцік запісала, але, як на злосць, недзе падзела лісцік, а калі па памяці сабралася запісаць, то ў мяне ў галаве ўсё перамяшалася. І цяпер я ніяк не магу ўспомніць, ці то 87 653, ці 78 356, ці нешта падобнае. Але ж спачатку альбо 87, альбо 78, гэта жалезна…

Аліцыя хутка запісала і спыталася:

— Як гэта машына выглядае?

— Чорная, вялікая, а спераду тры залатыя кароны і нешта напісана…

— Можа, «рынкляр»?

— Во, відаць, так.

— Кабрыялет ці лімузін?

— А Бог яго ведае, — развяла рукамі акушэрка.

— Адкрыты ці карэта? — па-іншаму сфармулявала Аліцыя.

— Не карэта, я ж кажу: аўтамабіль. Зроблена, як карэта, але аўто. Пакуль я яшчэ памятала нумар, пайшла ў транспартную ўстанову і пытаюся: «Чыё?» А там мне і кажуць: «А вам, жанчынка, якая сабачая справа, ён вас пераехаў ці што?..» Дык я яму кажу, што, па-першае, ніякая я не жанчынка, грубіян гэткі, а ўвогуле гэта што, вялікая тайна?.. А на наступны дзень я паслала швагра, і ён даведаўся, што гэта машына нейкага генерала і зарэгістравана ў Познані.

Аліцыя нецярпліва закруцілася ў крэсле:

— А гэты мужчына генерал?

— Куды яму ў войска! Здыхлік такі, але пры гэтым, мне здаецца, ён павінен быць доктарам, бо разбіраецца ў гэтым, і па-лацінску запісвае сабе, і пытанні задае прафесійныя.

— Ну, і што ж ён робіць з гэтымі дзяўчатамі?

Буфалова развяла рукамі:

— Пэўна ж нейкія свінствы, не без гэтага, глядзіце, каб там распусты не было.

— А дзяўчаты, калі вяртаюцца дадому, што гавораць?

— У тым і справа, што нічога не гавораць, бо ніколі не вяртаюцца. Пайшла і прапала, як камень у вадзе. Праз пэўны час, бывае, нейкая напіша, што з’ехала ў Амерыку альбо яшчэ далей куды, але хто ў гэта верыць?.. Ні за што не паверу, што ён іх жывымі выпускае. Быў бы дурнем. Калі не забівае, то навошта рабіць тайну і столькі бабак убухваць? А можа, хто прыгажэйшы, таго прадае? Хто яго там ведае…

— А як вы даяце яму знак, што ёсць патрэбная пацыентка?

Акушэрка паціснула плячыма:

— Што вы, пані пракурор, усё на мяне! Я гэтым не займаюся, што мне да гэтага?

Аліцыя засмяялася і з дабрадушным выразам твару сказала:

— Не бойцеся, пані Буфалова. Што паміж намі, тое паміж намі. Я ўжо зразумела, што вы дастаўлялі яму гэты тавар. Калі б справа была ў вас, то я б загадала вас арыштаваць, але, думаю, што вы да мяне прыйшлі, каб адпомсціць гэтаму чалавеку. Я абяцала, што не арыштую вас, вы можаце смела гаварыць усё. Дык якім чынам у вас з ім была наладжана сувязь?

Буфалова адкрыла велізарную паношаную сумку, выняла з яе заплямленую тлушчам паперку і сказала:

— Ладна. Я павінна вам верыць, бо каму ж, як не вам?.. Дык вось, паміж намі дамова, што калі ў мяне ёсць такая, што прыйшла сябе псаваць і хоча, каб ціха, каб ніхто не даведаўся, а нікога, хто б у Варшаве яе шукаў, няма, то я пішу ў «Кур’ер» аб’яву, напрыклад, вось такую, — жанчына падала паперку Аліцыі. Няўмела спісаная каракулямі паперка ўтрымлівала такі змест: «Прапанова пад квітанцыю № 2718-ф. Прадаецца дубовая шафа. Званіць сёння (альбо ўказаць дату) 118–64».

— У вас ёсць тэлефон?

— Дзе там, гэта нумар дома і кватэры. Я жыву на Паньскай, дом 118. Так мы дамовіліся, каб ён ведаў, да каго заехаць. Бо ён, відаць, не толькі ў мяне бярэ. Дык я кідаю такую прапанову ў «Кур’ер», а перад закрыццём варот ён прыязджае і, калі яму дзяўчына падабаецца, яе забірае, але пераборлівы. Не кожную бярэ.

— Гэтую паперку пісаў ён? — спыталася Аліцыя.

— Не, толькі дыктаваў.

— Што ж, выдатна, — паглядзела на гадзіннік Аліцыя. — Я пра ўсё падумаю і займуся гэтай справай. Прыйдзіце да мяне заўтра ў дзесяць раніцы.

— Добра, шаноўная пані пракурор, я буду роўна ў дзесяць… Толькі адно я хацела б спытаць…

— Ну?..

— Ці будзе мне за гэта якое-небудзь узнагароджанне?.. Я не з-за хцівасці, я з-за беднасці, страшна цяжка ў наш час зарабіць грошы…

Аліцыя паабяцала, што калі вынікі следства будуць паспяховымі, яна папросіць для яе ўзнагароджанне.

Вяртаючыся дадому, Аліцыя разважала пра магчымыя матывы, якімі мог кіравацца той лавец цяжарных жанчын, і прыйшла да пераканання, што гэта павінна быць звязана з нейкай рэлігійнай сектай або, магчыма, з сексуальнымі адхіленнямі. У любым выпадку ў яе не было прычын падазраваць Буфалову ў містыфікацыі.

Аліцыя яшчэ дакладна не ўяўляла сабе справу, а тым больш канцэпцыю расследавання, аднак яна меркавала, што самым простым спосабам выкрыць злачынцаў было б выкарыстанне жанчыны — падстаўнога агента паліцыі.

Яна якраз пра гэта думала, сядаючы абедаць, і тут, гледзячы ў талерку, адазвалася Юлька:

— Я хацела табе сказаць, што атрымала пасаду…

— Якую пасаду? — уперылася ў яе Аліцыя…

— Канцылярысткі, у канторы Гандлёвага дома Б. Залкінд і С-ка.

— Па чыёй пратэкцыі?

— Ні па чыёй, — пачырванела Юлька, — я прачытала аб’яву ў газеце і звярнулася да іх…

Усталявалася маўчанне, і Юлька пасля доўгага перапынку дадала:

— Я буду працаваць у аддзеле пісьмаў. Заробак мой будзе трыста восемдзесят злотых, дык я змагу на гэта жыць…

Аліцыя не стрымала смех:

— Ведаеш, ты магла б набрацца прыстойнасці і не падманваць мяне так наіўна! Ты што, сапраўды лічыш мяне настолькі простай і думаеш, я паверу, што без пратэкцыі табе прапануюць такую вялікую зарплату?.. Зрэшты, гэта няважна, з якога чысла ты заступаеш на «пасаду»?

— З першага, — ціха адказала Юлька. У вачах яе былі слёзы.

Аліцыя хацела яшчэ спытаць, калі ў сувязі з гэтым Юлька яе пакіне, але стрымалася і пайшла ў свой пакой.

Яна была ўпэўненая, што тут не абышлося без Друцкага, што Юлька самым бессаромным чынам не толькі выслізгвае з яе рук, але і забірае ў яе яго. «О, не, — сціснула яна кулакі, — яны яшчэ не ведаюць, хто такая Аліцыя Горн!..» Перш за ўсё Юлька, як непаўналетняя, павінна будзе падпарадкавацца волі апякункі, а значыць, паедзе пад Пінск. Хай бы хутчэй там вызвалілася месца. Зрэшты, калі не туды, то хоць куды паедзе, абы толькі не засталася ў Варшаве ні за што на свеце.

У дзверы пастукалі, і ўвайшла Юзэфова.

— Што вам? — рэзка спыталася Аліцыя.

— Я наконт паненкі, — шэптам пачала старая, акуратна зачыняючы за сабой дзверы.

— І што такое?

Служка наблізілася да яе і патрэсла галавой:

— Нядобрае нешта робіцца з нашай паннай Юлькай, дарагая пані, нядобрае. Пасля прыезду ёй ужо было не па сабе, пастаянна плача, начамі трызніць, крычыць праз сон, а днём альбо піша лісты, альбо тэлефануе і ўсё плача. Я нічога не казала, бо падумала, што гэта не мая справа, вы самі заўважыце…

— Вы слушна падумалі, — суха адрэзала Аліцыя, — я заўважыла і не бачу ў гэтым нічога незвычайнага.

Жанчына ў роспачы махнула рукой:

— Добра калі б яно так і было, але, барані божа, здаецца, нас чакае вялікае няшчасце і вялікі сорам…

— Што вы плецяце?! — ускочыла Аліцыя.

— Кажу, што ведаю. Вы цяпер рэдка дома бываеце, ды і з паненкай неяк меней, але я гэта бачу, о, бачу… У мяне ж у самой унукі, дык я ведаю. Сляпы заўважыў бы, дзяўчына на вачах чэзне, худзее, у яе круціцца галава, яна скардзіцца на млявасць…

Аліцыя схапіла жанчыну за плячо:

— Зараз жа кажыце, што вы ведаеце.

— От, я ўжо даўно назіраю і думаю сабе: можа, не дай божа, так, але, можа, і зусім звычайна, ад нерваў гэта ўсё. Ведама ж, у гэтым узросце, дзявочая справа. Але ж тут дні чатыры таму… не, пяць будзе, дакладна, пяць, бо гэта ў суботу было, адразу пасля вячэрняй імшы, я вяртаюся, а паненка заплаканая, расказала мне пра сваю бяду.

Аліцыя не чакала такой навіны. Праўда, яна не сумнявалася, што Юлька жыве з Друцкім, але ёй проста не прыходзіла ў галаву, што справа можа зайсці так далёка. Яе агарнула нейкая злосць, прама нейкая радасць. Дык вось, змяя, якую яна выхавала на ўласных грудзях, панясе заслужанае пакаранне…

Ні кроплі Аліцыя не шкадавала Юльку. Выходзячы пасля абеду на праспект Шуха, яна зазірнула на кухню:

— Вы хацелі паехаць адпачываць да сястры? — спыталася яна ў Юзэфовай.

— Так, шаноўная пані, пад Груец.

— Дык заўтра можаце ехаць.

— А хто будзе прыслужваць?

— Я спраўлюся, заўтра пасля абеду можаце ехаць.

Друцкага Аліцыя заспела, як часта ў апошні час, стомленым і задумлівым. Ён ажыўляўся толькі ў моманты ўзбуджэння, у асноўным жа быў маўклівы і абыякавы. Аліцыя не сумнявалася, што ва ўсім вінаватая Юлька.

Нават яго пяшчоты сталі нейкія іншыя, больш рэзкія, нечаканыя, а часам да болю грубыя. Аліцыя спрабавала пытацца ў яго пра справы, але ён адказваў неахвотна і коратка. Усё радзей ён згаджаўся забіраць яе ў «Аргенціну», няпэўна адгаворваючыся і нават не стараючыся знайсці праўдападобныя довады.

«Усё зменіцца, — паўтарала сабе Аліцыя, — усё наладзіцца, як толькі не будзе паміж намі Юлькі».

Гэтым вечарам ён раней, чым звычайна, развітаўся з Аліцыяй:

— У мяне важная справа, — буркнуў Друцкі і, глянуўшы на гадзіннік, ускочыў і вылаяўся: — Чорт! Яшчэ спазнюся…

Надзяваючы капялюш, Аліцыя бачыла ў люстэрку, што ён выняў з шуфляды рэвальвер і ўсунуў яго ў заднюю кішэнь.

Выйшлі яны разам. Перад варотамі стаяў яго «фулд», з якога адразу ж выскачыў механік і паведаміў:

— Бак поўны, шаноўны пан, і матор у поўным парадку. Рысоры пан Юркоўскі моцна падцягнуў.

— Дзякуй табе, — усміхнуўся яму Друцкі, — заўтра каля васьмі вечара прыходзь сюды па машыну.

— Далёка едзеш? — спыталася Аліцыя.

— Не ведаю, у любым выпадку заўтра вечарам вярнуся, калі, канечне, чорт мяне не возьме. Да пабачэння.

Друцкі пацалаваў Аліцыі руку, сеў за руль і рушыў, не азіраючыся. Аліцыя, вяртаючыся дадому, выразна пачула праз адчыненае акно голас Юлькі: яна размаўляла па тэлефоне… Зразумела, з ім! Ён, відаць, выязджаючы з горада, затрымаўся і патэлефанаваў Юльцы…

Не, гэта было ўжо занадта!

Ноч Аліцыя правяла без сну ў роспачы і перапоўненых жаданнем помсты разважаннях. Калі яна ўстала, то была ўжо зусім спакойная і авалодала сабой настолькі, што змагла амаль цёпла павітацца з Юлькай. Праз паўгадзіны яна была ўжо ў судзе.

Прынятае рашэнне ў псіхіцы Аліцыі цалкам актывізавала мысленчы працэс. Тое, што шэраг доўгіх тыдняў напаўняла яе мозг хаосам супярэчнасцей і сумненняў, цяпер укладвалася ў лагічныя, простыя сувязі, у якіх не магло быць памылкі.

У дзесяць прыйшла Буфалова. Служку, які яе праводзіў, Аліцыя заявіла, што сёння яна нікога не прыме, і зачыніла дзверы на ключ.

Прайшло добрыя дзве гадзіны, перш чым дзверы адчыніліся і служка ўбачыў, як прасіцелька выходзіць і вельмі спешна збягае па лесвіцы.

Загрузка...