Раздзел 20

Мора было гладкае, як люстэрка. Самы слабы павеў не парушаў спакою. Таму маладыя Тэрлінгі адмовіліся ад экскурсіі і абодва былі зараз вельмі занятыя навучаннем Юлькі мастацтву плаваць.

Друцкі і Аліцыя, лежачы на пяску пасля доўгага заплыву, назіралі за гэтай вясёлай тройцай.

— Я не разумею, што зрабілася з Юлькай, — пачала Аліцыя. — Такое ўражанне, што яна неяк змянілася. Ты не заўважыў гэтага, Бох?

— Што такое? — ухіліста спытаўся ён.

— З пэўнага часу я адчуваю ў яе манеры паводзін нешта няшчырае. Яна нібыта, як і раней, гаворыць са мной пра многае, аднак я пераканана, што не пра ўсё. Яе нешта трывожыць. Часам, калі яна думае, што я не гляджу на яе, яна заглыбляецца ў сябе і моцна сціскае вусны.

— У маладых дзяўчат, — паціснуў плячыма Друцкі, — бывае пераменлівы настрой.

— Не, Бох, мая інтуіцыя не падводзіць. На гэта ёсць нейкая важная прычына або, па меншай меры, такая, якую яна лічыць важнай. Зірні на яе. Яна ж яўна робіць выгляд, што смяецца і весяліцца. Але гэта ўсё напаказ. Акрамя таго, яна худзее і, здаецца, дрэнна спіць. Я ўжо некалькі разоў заўважала, што яна плакала, а калі я ў яе спыталася — яна запярэчыла. Пры гэтым — какетліва. У ёй заўсёды было шмат какецтва, але яна ніколі не праяўляла яго так ярка.

— Яна маладая, што ты хочаш, Аль?

— Я ўпэўнена, што яна мне штосьці недагаворвае. Я надта добра яе ведаю, каб гэтага не заўважыць, ды і да цябе яна стала нейкай жорсткай. Раней яна так радавалася кожнай аўтамабільнай прагулцы з табой, а цяпер яе трэба ўгаворваць. Яна ўвогуле пазбягае нашай кампаніі.

Друцкі закрыў рукамі твар ад сонца і маўчаў.

— Можна было б звязаць гэта з закаханасцю ў каго-небудзь з маладых людзей, калі б не тое, што, па меншай меры, на мой погляд, ні інжынер Гольт, ні два гэтыя смаркачы, — Аліцыя ўказала на Тэрлінгаў, — ні такі франт, як Тамкоўскі, увогуле не могуць падабацца дзяўчыне з сякім-такім густам. Як ты думаеш?

— Адкуль я ведаю, магчыма, ёй проста мора не на карысць.

— У любым выпадку, будзь ласкавы, звярні на яе ўвагу.

— Ну, ужо ў наступны раз, — сказаў Друцкі, — у мяне на гэта не будзе часу, таму што заўтра зранку я еду ў Варшаву, а калі вярнуся, можа, усё пройдзе.

— Не, Бох, сумняваюся. Я была б табе ўдзячная, калі б ты ўзяў сёння Юльку на якую-небудзь прагулку і паспрабаваў прыгледзецца да яе.

— Не патрабуй ад мяне гэтага, Аль, — скрывіўся Друцкі, — у мяне няма ні здольнасцей следчага, ні педагога. Зрэшты, я абяцаў пані Хэлміньскай, што буду яе сёння вучыць вадзіць машыну.

Аліцыя паглядзела на яго з-пад прыкрытых павекаў і лёгка кінула:

— Гэта таксама… педагогіка. Гэта пані Хэлміньска не вылучаецца, аднак, кемлівасцю, бо ўжо трэці раз бярэ ўрокі.

— Яна ніколі не вадзіла машыну, — паціснуў плячыма Друцкі.

A proros[40], ці ведаеш ты, што і пані Хэлміньска заўтра едзе ў Варшаву? — спыталася Аліцыя.

— Яна пра гэта ўпамінала.

— Дзіўны збег абставін.

Друцкі нічога не адказаў. Ён не сумняваўся, што пані Хэлміньска едзе ў Варшаву дзеля яго, таму што яна і не старалася прыхаваць сваёй зацікаўленасці яго асобай, нават у прысутнасці Аліцыі. Ды і яму яна вельмі падабалася. Праўда, не яна была прычынай таго, што ён вымушаны быў на некалькі дзён пакінуць Хель, у сталіцы яго чакала шмат працы ў сувязі з нейкімі падатковымі прэтэнзіямі да «Аргенціны». Ды ён і рады быў, што і гэта пікантная брунетка будзе там.

Друцкі не хацеў прызнавацца самому сабе, але раман з Аліцыяй станавіўся для яго цяжарам. Яго фантазія, якая пастаянна шукала нечага новага, сумавала ад аднастайнасці настрою, праўда, пастаянна палымянага і аднолькава напружанага да апошняга, але якраз з-за сваёй нязменнасці ён ператвараўся ў штодзённасць.

Больш за тое, пасля прызнанняў Юлькі шчырае пачуццё сімпатыі і сяброўства да гэтай малой стрымлівала яго ў адносінах да Аліцыі і стварала непрыемную і складаную сітуацыю, у якой натуры Друцкага рабілася некамфортна.

Яму проста было з гэтым страшэнна няёмка.

Ён не цярпеў фальшу і падману і па іншых прычынах. Такім чынам, ён радаваўся, што некалькі дзён будзе дыхаць свабодна.

Друцкі ведаў, што факт адначасовага з ім ад’езду пані Хэлміньскай выклікае ў Аліцыі падазрэнні і што рэўнасць расце з кожным днём, але ён не хацеў пра гэта думаць.

Юлька не вячэрала і пайшла да сябе, тлумачачы гэта галаўным болем. Яна дамовілася з панам Янкам, каб ён прыйшоў і развітаўся з ёй без сведак.

Калі ён увайшоў і зачыніў за сабой дзверы, яна кінулася яму на шыю:

— Каханы, адзіны, — шаптала дзяўчына, — я буду марыць пра вас, буду вельмі сумаваць.

— Я хутка вярнуся, малышка, бывай здарова.

— О, пане Янку, я ведаю, што не толькі Аля вас кахае, ведаю, што шмат іх вас кахае… Толькі ніводная так, як я… Вы для мяне ўсё… усё…

А пазней, на досвітку, калі, стоячы ля адчыненага акна, яна ўслухоўвалася ў вуркатанне машыны, якая аддалялася і ў якой аддаляўся ён, Юлька думала, што гэта шчырая праўда, што ён для яе — усё на свеце.

Так, бо што здарылася з яе найсвяцейшымі, найгарачэйшымі пачуццямі да Аліцыі?.. Ох, яна не магла сабе дараваць, таму што павінна была быць удзячная ёй. Толькі любіць яе яна ўжо не магла. Яна не магла нават сябе прымусіць свабодна з ёй пагаварыць. Адчувала да Аліцыі нібыта крыўду:

«Яна ў мяне нават сябе забрала. Я цяпер адна, зусім адна…»

Праўда, часам яе мучыла сумленне, нібыта вось як яна плаціць Аліцыі за яе апеку, клопаты і сэрца, але тады толькі ўпадала ў роспач, што яна злая, няўдзячная, што мае подлую натуру, але ні на хвіліну не магла падумаць пра адрачэнне ад свайго пачуцця да пана Янка, на якога яна мела такое ж самае права, як і Аліцыя.

На трэці дзень пасля ад’езду Друцкага, калі яны зранку выйшлі на прагулку, Аліцыя вырашыла даведацца, у чым справа.

— Ты сёння дрэнна спала, Юлька, — пачала яна. — Я чула, што ты кашляла.

— Можа, праз сон, — адказала дзяўчына, — дзякуй табе, я добра спала.

— Ты не кажаш праўды, Юлька, — лагодна заўважыла Аліцыя.

Дзяўчына маўчала.

— Ты не гаворыш праўды. Увогуле, ты нешта ад мяне ўтойваеш.

Юлька коратка і з іроніяй пасмяялася:

— Я? Аля, мы ж адна ад адной ніколі нічога не тоім?

— Ты мяне дрэнна зразумела, Юлька. Я бачу, ты нешта перажываеш, нешта цябе трывожыць, нешта, скажам так, засмучае. І калі я хачу ведаць, што гэта, то не з-за цікавасці, а таму, што лічу сваім абавязкам апекавацца табой. Я ўжо даўно назіраю ў тваіх паводзінах нейкую нервовасць, нецярплівасць, выклік, а часам, прыгнечанасць. Калі я толькі зараз кажу табе пра гэта, то выключна таму, што была пераканана, што ты сама, як заўсёды, раскажаш мне аб прычыне тваіх хваляванняў.

— Хваляванняў? Ха… ха… ха… Аля, я цябе запэўніваю, што мяне нічога не турбуе.

— Ты няшчырая.

— Табе здаецца, Аля.

— Аднак ты нешта ўтойваеш ад мяне.

Юлька закусіла вусны і абыякавым тонам прамовіла:

— Табе здалося.

Яны моўчкі ішлі па пяску, цвёрда ўтрамбаваным наплывам хваль.

— Ты закахалася, — гаварыла Аліцыя.

— Я? — раптам пачырванела Юлька.

— Закахалася. Дапусцім. О, не думай, што я хачу цябе за гэта папракнуць. Я вельмі добра гэта разумею. Аднак лічу, што ты магла б мне даверыцца настолькі, каб падзяліцца сваімі пачуццямі.

Юлька адвярнула галаву, і Аліцыя ведала, што яна хоча схаваць слёзы.

— Юлечка, — мякка пачала Аліцыя, — ты можаш мне сказаць, у каго ты закахалася?

Дзяўчына паглядзела на яе вачыма, поўнымі слёз, але цалкам іншымі, з нянавісцю, поўнымі злых водбліскаў.

— Не! — крыкнула дзяўчына. — Я нікога не кахаю! Я не магу табе сказаць і не хачу. Нікога я не кахаю! Нікога!

Аліцыя прытуліла яе да сябе, нягледзячы на яе спробы вырвацца з абдымкаў:

— Супакойся, Юлечка. Ты ж ведаеш, як я цябе люблю. Ну, супакойся. Давай пагаворым спакойна.

Аліцыя не выпускала дзяўчыну і пасля паўзы дадала:

— Ты думаеш, ён, той, пра каго ты марыш, не здагадваецца пра твае пачуцці? Што не адкажа табе ўзаемнасцю?

Юлька раптам пачала смяяцца прыкрым, ненатуральным смехам, ледзь не груба пазбавілася ад абдымкаў і, акінуўшы Аліцыю іранічным поглядам, сказала:

— А табе што, здаецца, што толькі такія прыгожыя, як ты, маюць права на ўзаемнасць?.. Ці… Ах, зрэшты, гэта беспрадметная размова.

— Юлька?!.

— Табе штосьці прымроілася, Аля. Давай не будзем пра гэта.

Аліцыя яшчэ некалькі разоў спрабавала вярнуцца да закранутай тэмы ў надзеі здабыць ад Юлькі шчырыя прызнанні, але тая ўпарта маўчала. Канечне, пасля першай жа размовы праніклівы розум Аліцыі раскрыў тайну дзяўчыны. Яна не сумнявалася, што Юлька кахае Друцкага. Справа была толькі за тым, каб выявіць, як далёка зайшло гэтае пачуццё.

Спачатку Аліцыі ўвогуле не прыходзіла ў галаву, што Юлька магла расказаць пра сваё каханне Багдану. Калі б так атрымалася, Бох бы адразу ж паведаміў Аліцыі.

Аднак з цягам часу ўпэўненасць у гэтым стала знікаць. З розных недагаворак, якія ўдалося здабыць ад Юлькі, закралася падазрэнне, а неаспрэчным доказам стала адкрыццё факта, што Юлька пачала пісаць лісты. Яна іх пісала ўначы, а да паштовай скрыні бегала на золку.

Падчас аднаго з такіх паходаў Аліцыя зладзіла грунтоўную рэвізію ў яе пакоі. Плёнам гэтых пошукаў было адшуканне двух прадметаў, старанна загорнутых у паперу і схаваных на дне шафы: маленькага гладкага каменьчыка і некалькіх валокнаў мяккага сівога моху.

Аліцыя не знайшла ні шматка спісанай паперы, але ўважліва агледзела прамакальную паперу. З дапамогай люстэрка няцяжка было расчытаць на ёй абрыўкі слоў, якія не пакідалі ўжо ніякіх сумненняў, што Юлька пісала Друцкаму. Урывак адраса: «праспект Шуха», канец слова «(mi)łości»[41] і г. д. былі дастаткова красамоўнымі.

Сітуацыя станавілася абсалютна яснай. Юлька піша яму з яго згоды, ён затаіў ад Аліцыі ўсё, ну і, верагодна, таксама піша Юльцы…

Страшны боль працяў сэрца Аліцыі. Яе рукі сутаргава сціснуліся.

Калі б Юлька ў гэты момант увайшла ў свой пакой, Аліцыя б не змагла справіцца з парывам нянавісці, але ўжо праз момант яна была спакойная і толькі позірк, якім яна спаткала выхаванку, што вярталася, гарэў нейкім злым агнём.

Цяпер трэба было любой цаной даведацца, ці піша Багдан Юльцы. З халоднай асцярожнасцю Аліцыя апытала пані Чэрвеньскую, служкаў, паштальёна і нават Тэрлінгаў, якія часам бачыліся з Юлькай яшчэ перад снеданнем, значыць, тады, калі яна магла чытаць атрыманыя лісты. Урэшце Аліцыя накіравалася на пошту. Апытаны служачы толькі паціснуў плячыма:

— Ніякай інфармацыі я вам даць не магу. Гэта службовая тайна.

Такім чынам, яна звярнулася да кіраўніка паштовага аддзялення, паказала яму сваё пасведчанне пракурора і даведалася, што служачы ўспомніў, як два разы ён выдаваў паштоўкі, адрасаваныя панне Юліі Горн, і атрымаў ад шэфа распараджэнне забіраць карэспандэнцыю, якая ёй яшчэ магла прыйсці, і аддаваць пані пракурору.

— Значыць, ён пісаў ёй, значыць, пісаў, — паўтарала Аліцыя, вяртаючыся ў пансіянат і кусаючы вусны, — за маёй спінай!

Яна была так абурана, што яе прадчуванне падказвала пазбягаць Юлькі, пакуль Аліцыя не здолее авалодаць сабой. Яна зачынілася ў сваім пакоі, кінулася на ложак і, прыціскаючы далоні да твару, паўтарала:

— Змяя… змяя, змяя… паршывае шчаня, я яе выхадзіла, змяя… змяя…

З пракусанай губы сачылася кроў, моташны і рэзкі смак якой працвярэзіў Аліцыю.

— Спакойна! Спакойна!..

Яна села і, падпершы галаву рукамі, думала:

«Спачатку трэба прааналізаваць сітуацыю. Як далёка зайшоў раман Юлькі з Друцкім? Ці аддалася яна яму? Ці яшчэ не?.. Ох, заплаціць мне за гэта змяя!.. Скацінка такая! Заплаціць!»

Міналі гадзіны ўзважвання шанцаў на карысць таго ці іншага рашэння. Калі Аліцыя спускалася на вячэру, яна ўжо была цалкам ураўнаважаная, спакойная, з усмешкай на твары.

Яна ведала, што трэба чакаць новую паштоўку ад Друцкага Юльцы, а тады толькі прыняць канчатковае рашэнне.

Але прайшло два дні, а паштоўкі не было, затое на трэці дзень прынеслі тэлеграму, адрасаваную Аліцыі. Друцкі паведамляў, што не можа прыехаць. Назаўтра таксама пані Чэрвеньска атрымала тэлеграфічны грашовы перавод і просьбу спакаваць і выслаць яго рэчы ў Варшаву.

Аліцыя не паведаміла Юльцы пра атрыманне навіны, а толькі коратка заявіла ёй падчас абеду:

— Сёння вечарам я еду ў Варшаву.

— Як гэта «еду»? — дрыжачым голасам спыталася Юлька. — Значыць, ты мяне пакінеш тут?

— Я праз некалькі дзён вярнуся. Не бачу прычын забіраць цябе.

— Але мне б таксама хацелася паехаць.

— Навошта? — паглядзела на яе Аліцыя, а калі дзяўчына не адказала, яна паціснула плячыма: — Застанешся тут.

— Добра, — халодна адказала Юлька.

Калі праводзіла Аліцыю на вакзал, яна была маўклівая і спакойная. Яны развіталіся халодным пацалункам, і як толькі цягнік рушыў, Юлька пабегла на пошту.

Акенца «да запатрабавання» ўжо не працавала, але гэта было няважна. Дзяўчына ўзяла бланк і, напісаўшы тэлеграму, уручыла яе служцы. Яна палічыла словы:

— З вас два злотыя.

Толькі цяпер Юлька заўважыла, што не ўзяла сумачку.

— Божа мілы! У мяне няма з сабой грошай! — крыкнула яна з роспаччу. — А гэта так тэрмінова!

Служачая ўсміхнулася:

— Заўтра мне аддасце.

— О, якая вы добрая, якая вы добрая!

— Я бачу, што для вас гэта вельмі важна, — кіўнула галавой работніца пошты.

Юлька павольна вярталася ў «Гадзіву». О, ці важна ёй? Больш чым важна! Заўтра, канечне, яна аддасць доўг на пошце. У сумачцы ў яе ёсць паўтара дзясятка злотых… Раптам яна ўсвядоміла, што гэта ж грошы, якія яна атрымала ад Аліцыі, што гэта сукенка, якая на ёй, што ўсё, што ў яе ёсць, усё, што яна ўмее, усё дзякуючы выключна Аліцыі.

Яна была ў безвыходным становішчы і доўга не спала ноччу, усхліпваючы ў падушку.

Загрузка...