Раздзел 19

Стакгольмскі экспрэс прыбыў на белую станцыю ў Мальмё з дзесяці-хвілінным спазненнем. Таму мытнікі спешна прагледзелі пашпарты і багаж пасажыраў, а ўжо праз пяць хвілін цягнік павольненька апусціўся ў чорнае нутро парома «Аксэль», які кожны дзень падарожнічаў паміж Швецыяй і сталіцай Даніі. Паром за адзін раз паглынуў дрыжачыя вагоны і замацоўваў іх у сваім чэраве скрыпучымі жалезнымі абцугамі. У адсеках загарэліся электрычныя лямпы.

Прафесар Караль Бруніцкі адклаў кнігу, акуляры і працёр стомленыя вочы. У гэты момант ён заўважыў, што Пятра няма і што ён застаўся адзін з сівым баварцам, які таксама падчас змены асвятлення адклаў свае нататкі і закруціў ручку.

— Мора здалёк выглядае даволі спакойным, — прамовіў баварац, хаваючы ручку ў кішэнь.

— Я быў бы рады, калі б яно засталося такім да канца, — адказаў Бруніцкі, — мой арганізм не выносіць гайданкі.

— Я таксама мучаюся ад марской хваробы, — адказаў баварац, — але мая справа вымушае часта падарожнічаць. Не заўсёды ўдаецца скараціць дарогу да такога маленькага адрэзка, як з Мальмё да Капенгагена. У жніўні я ездзіў у Нью-Ёрк і думаў, што гэта праклятая хвароба проста выверне з мяне ўсе вантробы. У мяне два сыны. Адзін з іх урач у Мюнхене, а другі інжынер у Гамбургу. Урач і інжынер! Заўважце! Я заявіў ім абодвум, што пазбаўлю іх спадчыны, калі яны не знойдуць управу на марскую хваробу.

— Не ведаю, як будзе з інжынерам, — усміхнуўся Бруніцкі, — здаецца, ужо ёсць нейкія вынаходкі, якія памяншаюць гайданне караблёў. Але што да вашага другога сына, баюся, вы будзеце вымушаныя выканаць сваю пагрозу.

— І чаго ж, тысяча чарцей, вартая ўся медыцына! — абурыўся баварац. — Не здолець справіцца з такой дробяззю, як марская хвароба!.. Дык вось вам, пачынаецца задавальненне!

Сапраўды, паром, відаць, прычаліў, таму што пачаў лёгка гайдацца. Глухое вуркатанне вінта прымусіла вокны вагона крыху дрыжаць.

— Я сам урач, — паківаў галавой Бруніцкі, — і павінен вам прызнацца, што сённяшняя медыцына ўсё яшчэ ў пялюшках. Думаю, што астраномы больш ведаюць пра сузор’і, якія знаходзяцца ад нас за мільёны светлавых гадоў, чым мы пра свой арганізм, да якога можам дакрануцца рукой.

— Чорт, і калі будуць змены?! Вам не здаецца, што гэта варта ўладзіць хоць за пару дзён перад апошнім судом?.. Я гэта самае заўсёды паўтараю майму сыну, хоць ён хірург і гаворыць, што ніякай адказнасці за медыцыну ён на сябе браць не збіраецца. Кажа: «Я выражу вам, бацька, што захочаце, і ўстаўлю, што вам падабаецца і напэўна падыдзе». Нягоднік, праўда?

Сусед ударыў сябе па каленях і нахіліўся да Бруніцкага са здзіўленнем і абурэннем.

Прафесар Бруніцкі рассмяяўся:

— Мае рацыю. Хірургія ўжо шмат можа.

— А ваш сын, — указаў баварац на пустое месца, — таксама вывучае медыцыну?

— На жаль, не. Ён студэнт Марской акадэміі.

— Адважны хлопец, — з павагай кіўнуў галавой баварац. — З яго будзе першакласны марак. Рост, пастава… Адважны хлопец. Віншую вас з сынам.

— О, дзякуй, — прыкусваючы вусны, ціха адказаў Бруніцкі.

Баварац паглядзеў на яго з-пад калматых броваў і, прымаючы яго задумлівасць за жаль, што сын не захацеў стаць урачом, сказаў:

— Даруйце, але я значна старэйшы за вас. Чаго вы, чорт пабяры, хочаце ад гэтага хлопца? У ім жыццё аж кіпіць, перад ім раскрыты ўвесь свет, а вы б хацелі яго замарынаваць у карболцы, рыцыне ці ў якіх іншых вашых паскудствах! Я дык часам люблю пабурчэць на сваіх смаркачоў, гэта праўда, але хачу вам прызнацца, што я ганаруся імі, хоць яны і не могуць нічога прыдумаць супраць марской хваробы. Але, кладучы руку на сэрца, павінен вам сказаць, што я дзякаваў бы Богу, калі б у мяне быў трэці такі, як ваш. Я не перабольшваю. Я назіраю за ім ад Стакгольма. Хлопец, як малады дуб. І які свабодны, які вясёлы, відаць, што яго аж распірае, але пры гэтым спакойны, не крыклівы, чаго я не люблю, словам, будзе з яго сапраўдны мужчына. Ён, мабыць, і выдатны спартсмен?

— Так, у яго нават ёсць нейкія рэкорды.

— Ну, бачыце! І куды вы яго адпраўляеце: у ваенны ці гандлёвы флот?

Бруніцкі сумна ўсміхнуўся:

— Спытайцеся лепей, куды ён сам сябе адпраўляе?.. У гандлёвы.

— Вельмі разумна, — падбадзёрваў баварац. — Што, чорт, вы бачыце дрэннага ў тым, што ў хлопца ёсць свая галава на плячах і ён ведае, чаго хоча? Мы абодва бацькі і можам так між сабой паразважаць, што, па сутнасці, прымус дзяцей выбраць тую, а не іншую прафесію — гэта нонсэнс. Гэта тое ж, што і гвалтоўна вучыць курыцу плаваць, а качку кудахтаць. Яны самі ведаюць, на што здольныя. Ці не праўда?

Паколькі Бруніцкі не адказваў, баварац паківаў галавой:

— Так, пане. Нам заўсёды здаецца, што мы нашмат разумнейшыя за моладзь. Прызнаюся, што я сам люблю гаварыць пра гэтую перавагу сталага ўзросту ўголас, нават вельмі гучна, але, паміж намі… хе… хе… трэба супакоіцца! Калі ваш сын выбраў марскую прафесію, ён ведае, для чаго?

— Дапусцім.

— А навошта вы яго вучыце ў Швецыі? У вас жа ў Польшчы ёсць марскія школы.

— Так, але сямейныя абставіны вымусілі, — неахвотна буркнуў Бруніцкі.

У гэты момант дзверы купэ рассунуліся.

— Ну, — пачуўся голас Пятра, — тата можа быць спакойны. Пагода, праўда, воблачная, але мора ледзь калышацца.

— Ты быў на палубе?

— Так. Я пазнаёміўся з вельмі мілым датчанінам. У яго ёсць маторная лодка на дызелі. Я ніколі ў жыцці не ездзіў на дызелі. Калі вы затрымаецеся ў Капенгагене даўжэй, чым на два дні, я скарыстаюся яго прапановай, і мы паедзем на востраў Анхольт. У яго там вялікае рыбацкае прадпрыемства. І ўявіце сабе, бацька, ён паўгода ўжо прымяняе электрычныя сеткі!

— Відаць, я вымушаны буду прасядзець у Капенгагене тры або чатыры дні, — адказаў Бруніцкі, — дык можаш прыняць запрашэнне.

— Выдатна, — абрадаваўся малады чалавек і стаў гаварыць па-нямецку, паўтараючы баварцу, што ён слаўна правядзе час на Анхольце.

— А Капенгаген вас не цікавіць? — спытаў сусед.

— Ах, я нядрэнна ведаю Капенгаген. Мы даволі часта рабілі экскурсіі на яхтах у гэты бок. Мяне проста вельмі цікавяць гэтыя электрычныя сеткі.

— Як гэта, электрычныя? — зацікавіўся і баварац.

— Уласна кажучы, гэта не зусім сеткі, — тлумачыў Пётр, — калі хочаце, я зараз намалюю схему такой канструкцыі.

Не чакаючы адказу, Пётр дастаў з кішэні нататнік і, сеўшы ля баварца і малюючы, стаў тлумачыць.

Прафесар Бруніцкі з-пад прыкрытых павекаў прыглядаўся да яго жывых рухаў, жаўтавата-карычневых валасоў, дужых мускулістых рук, вострых ноздраў і смелай, нібыта нецярпліва чыркнутай лініі брыва.

Ён ашаламляльна, надзвычай падобны да Друцкага. Можа, толькі рысы ў яго больш далікатныя і голас мякчэйшы, хоць і такога самага нізкага тэмбру.

Прафесар часам закрываў вочы, нібы ўслухоўваўся ў гэты голас, які дзейнічаў на яго, як атрута.

Пётр толькі ва ўсмешцы меў нешта ад маці, нешта, што так моцна прыгадвала ўсмешку панны Уршулі Лэнскай.

Яшчэ перад ад’ездам з Варшавы прафесар бачыўся з ёй у яе маленькім пакойчыку, дзе палову прасторы займала фартэпіяна, а на сценах за шклом віселі праграмкі канцэртаў… Са Стакгольма ён адаслаў ёй толькі паштоўку з некалькімі словамі. З Капенгагена ж напіша ёй даўжэйшы ліст…

— …і ўсе рыбы, якія апынуцца паміж гэтымі двума караблямі, будуць забітыя токам. Застаецца толькі сабраць іх звычайнай сеткай з паверхні. Здаецца, сёння ўжо, заўважце, ёсць спосаб вылоўліваць экзэмпляры пажаданай велічыні. Гэта залежыць ад даўжыні электрычных хваль…

— Як выйсці на палубу, Пётр? Я хацеў бы трохі прагуляцца, — перарваў прафесар.

Малады чалавек папрасіў прабачэння ў баварца і правёў бацьку ў канец вагона. Ля самых яго дзвярэй наверх вёў вузкі трап.

— Сюды, бацька, толькі будзь, калі ласка, асцярожны, бо прыступкі слізкія.

— Дзякуй табе, хлопча!

Пётр стаяў і глядзеў, як паднімаецца бацька, глядзеў з такой усмешкай, з якой нянька пільнуе малое дзіця. Ён вельмі паважаў бацьку і адчуваў да яго тое — паводле меркавання хлопца — што сын павінен адчуваць да свайго бацькі.

Ужо ў ліцэі ён ведаў, што яго бацька вучоны з сусветнай славай, што яго прозвішча вымаўляюць, каб дадаць аўтарытэту навуковым з’ездам, у якіх ён бярэ ўдзел, што і цяпер, у Капенгагене, яго чакае ўніверсітэцкі свет, таму што яго бацька павінен атрымаць якісьці знак пашаны.

Таму ў адносінах бацькі да сябе ён не бачыў нічога дзіўнага. Заняты вучобай і спортам, ён не спрабаваў нават даведацца аб прычынах, па якіх яго выслалі ў школу за мяжу. І ён зусім не лічыў гэта выгнаннем, тым больш што якраз цяпер упершыню ён сказаў бацьку, што хацеў бы пазнаёміцца з Польшчай, якую пакінуў малым дзіцем, і бацька адразу ж згадзіўся.

Пятру нават падабаўся гэты недахоп бацькавай чуласці, ён увогуле не лічыў гэта халоднасцю.

Хлопец вярнуўся ў купэ, каб скончыць размову са старым баварцам.

«Аксэль» прыбываў у порт, сунучыся паміж бясконцымі шэрагамі прышвартаваных караблёў. Яшчэ пятнаццаць хвілін — і з яго нутра паказаўся цягнік.

— Капенгаген!

На брудным пероне вакзала баварац развітваўся са сваім спадарожнікам. Прафесару ён паціснуў руку, а Пятру даў сваю візітоўку:

— Калі будзеш, маладзёне, як-небудзь у Мюнхене, не забудзься зайсці да мяне.

У гэты ж момант нейкі нізкі, каржакаваты мужчына ў клятчастым адзенні крыкнуў:

— Hallo, прыяцель! Не забудзься: заўтра, пятая раніцы!

— Я памятаю, — весела адказаў Пётр і, звяртаючыся да бацькі, дадаў: — Гэта мой датчанін з вострава Анхольт.

«Яму таксама шанцуе на людзей, як і таму», — падумаў прафесар.

Іх знаходжанне ў Капенгагене расцягнулася да тыдня, а яшчэ Бруніцкі павінен быў затрымацца на два дні ў Берліне.

— Мы, відаць, ніколі не даедзем да Варшавы, — пажартаваў Пётр, калі яны садзіліся ў цягнік на чыгуначным вакзале Фрыдрыхштрасэ. — Я на ўсялякі выпадак прагледжу маршрут, каб упэўніцца, што па дарозе няма ўніверсітэтаў.

— Шкада, што няма Цюрыха, — адказаў прафесар, — я б перамовіўся з панам Пернісонам.

— Таксама псіхіятрам?

— Не, Пеця, гэта студэнт-біёлаг, ненамнога старэйшы за цябе, узыходзячая зорка навукі. Стваральнік новых плыней.

— Тата, я расстроены. У параўнанні майго ўзросту з векам гэтага Пернісона я пачуў папрок, што я не стваральнік новых плыней у навуцы!

— Не папрок, але, магчыма, у гэтым была доля зайздрасці, — усміхнуўся Бруніцкі.

— Пачакай, тата, некалькі гадоў, можа, і я дам табе нагоду для гонару.

У Бруніцкага сціснулася сэрца.

«Божа мой, — думаў ён, — ці не ганарыўся б я і так, калі б ведаў, што ён мой сын!»

Ён цяпер цалкам усведамляў, што нічога больш у жыцці не прагнуў, як менавіта такога сына. Яшчэ ў школе, калі сябраваў з Багданам Друцкім, ён марыў пра тое, каб быць да яго падобным. Стараўся пераймаць яго зухаватасць, захапленні, інтарэсы… І пазней, калі ён ажаніўся з Вандай, то заставаўся пад уплавам Багдана, ці ж не чакаў — як найвялікшай ласкі лёсу — што ў іх народзіцца сын якраз такі, як Багдан!..

«Ведаць, ведаць, — стагнала ў грудзях, — ведаць любой цаной!»

І раптам у мозгу, які прагна шукаў адказ, зарадзілася новая думка: «Ці існуе спадчынная пераемнасць псіхікі? Ці ёсць у падсвядомасці чалавека псіха-фізіялагічная сувязь з папярэднімі пакаленнямі? А калі існуе, як можна яе адкрыць і вывучыць?»

Прафесар пацёр лоб і ўперыўся поглядам у сына, засяроджанага на чытанні.

«Зараз, зараз, — стараўся ён не ўпусціць думку. — Такім чынам, перш за ўсё, калі гаворка пра антрапалагічныя рэчы, то існуюць расы. Яны перадаюць нашчадкам не толькі марфалагічныя ўласцівасці, але і пэўны псіхічны багаж. Гэта аксіёма. Значыць, цалкам дапушчальна, што ў аснове гэтай псіхікі ляжыць падсвядомы агульны грунт. Тады тэорыя Фрэйда, можа, і павінна быць пашырана яшчэ далей за мяжу, да якой яе давёў доктар Кунокі. Псіхіка чалавека пачынае фарміравацца не ва ўлонні маці, а значна раней, у псіхічных напластаваннях цэлых пакаленняў… Аднак, з пункту погляду псіхолага, неабходна было б тады пазбавіцца ад вырашальных старонніх уплываў і ўсёй тэорыі электранейронаў?»

— Абсурд! — уголас сказаў доктар.

— Слухаю, бацька? — падняў галаву Пётр.

— Нічога. Прабач. Я пачынаю ўжо размаўляць з самім сабой. Ператаміўся.

Пётр устаў.

— Гэта праўда, тата. Я дастану падушку і плед. Кладзіцеся і спрабуйце заснуць. Добра?

Кожная такая праява ўвагі з боку Пятра неверагодна кранала Бруніцкага. Ён ведаў, што сваім холадам у абыходжанні з ім, холадам, які не дапускаў ніякай чуласці, ён павінен быў хутчэй аддаляць ад сябе сына. Тым жывей ён прымаў усе гэтыя яго простыя, нязмушаныя, але такія шчырыя праявы ўвагі. Ён атрымліваў асалоду ад гэтага тону, спосабу, роду гэтага клопату, у якім была нібыта нотка апекі мацнейшага над слабейшым, столькі прастаты і свабоды.

Прафесар у такіх сітуацыях не мог супраціўляцца. Ён паддаваўся волі Пятра з унутранай радасцю, якую сам сабе не дазваляў ні ўсвядоміць, ні праявіць, але якая, тым не менш, не дазваляла сябе заглушыць ніякімі думкамі.

Пётр, насвістваючы сабе пад нос, адкрыў чамадан бацькі, выняў плед, падушку, дамашнія туфлі.

— Здыміце, бацька, каўнерык, будзе зручней, — сказаў хлопец, — я заадно схаваю яго ў чамадан, каб не запыліўся.

Прафесар лёг, і калі Пётр захутаў яго ногі ў плед і затрымаўся над ім, то бацька спытаўся, не адкрываючы вачэй, ціхім голасам, які вырваўся з яго насуперак волі, паўтараючы думкі:

— Ты мяне любіш, Пётр?

— Люблю, бацька, — таксама ціха адказаў Пётр.

І калі б прафесар адважыўся падняць павекі, убачыў бы над сабой лёгка нахілены твар з добрай цёплай усмешкай залацістых вачэй.

Відаць, аднак, толькі гучання голасу сына было дастаткова, таму што твар прафесара пабляднеў.

— Спі, тата, — сказаў Пётр.

Ён узяў кнігу і сеў насупраць.

Прафесар Бруніцкі не мог заснуць. Ён ляжаў нерухома, як скамянелы, але ў яго мозгу безупынку насіліся думкі. Сын сказаў, што любіць яго! За што?.. За што ён можа любіць яго, чэрствага, халоднага мужчыну, якога ён бачыць два разы на год, з якім яго зусім нічога не звязвае?

І другая думка: што б ён сказаў Пятру, калі б ад яго пачуў такое пытанне? Ці змог бы ён вымавіць такія словы?.. Ці не скрыгатнуў бы ў гэтых словах падман?.. Так, падман, таму што ён гэтага хлопца як амаль ненавідзіць, так і амаль любіць.

Каб не забыць: пытанне пра сляды існавання ў папярэдніх пакаленнях і ўмовы выцягвання гэтых слядоў з падсвядомасці асобы.

Гэта варта грунтоўна абдумаць і абмеркаваць з прафесарам Канстыновічам, а таксама з доктарам Кунокі. У псіхіятрычнай клініцы можна паставіць эксперымент над некалькімі пацыентамі, біяграфіі і паходжанне якіх дэталёва апісаны… Гэта можа даць фенаменальныя вынікі — беспамылковасць высноў пры ўстанаўленні бацькоўства!

Прафесар Бруніцкі заснуў. Абудзіў яго толькі голас кандуктара, які аб’яўляў Варшаву.

Машына чакала перад вакзалам. Калі бацька з сынам уселіся ў яе, бацька спытаўся:

— Ну дык якія твае планы?

— Спачатку, тата, я хацеў бы пазнаёміцца з Варшавай, потым паеду ў Кракаў, Вільню, Львоў… ну, і мне б хацелася выпрабаваць свае ногі ў Татрах…

Пётр аглядаўся вакол з цікавасцю:

— Як жа Варшава адрозніваецца ад тых гарадоў, якія я ведаю! У вас дом у прыгарадзе, праўда?

— Так. На Жаліборы. І хм… я якраз хацеў пра гэта з табой пагаварыць як з… мужчынам.

Пётр пасур’ёзнеў.

— Я слухаю.

— Ведаеш, у маім доме ёсць людзі… якія… якіх ты не будзеш бачыць. Яны займаюць значную частку дома. Пра іх існаванне ніхто не ведае і не павінен ведаць. Ці магу я быць упэўнены, што ты не будзеш гэтым цікавіцца?

— Тата, — з папрокам прамовіў Пётр.

— Я не сумняваўся, — запэўніваў прафесар, — што, хоць пра нешта ты мог падазраваць, ты ўсё ж будзеш мне давяраць. Твой пакой будзе на першым паверсе, і я цябе прашу, ніколі не адчыняй дзвярэй, якія вядуць з залы ў далейшыя пакоі.

— Абяцаю вам гэта, тут няма пра што гаварыць.

— Я веру табе, хлопча, і дзякую. Акрамя таго, у мяне жыве такі доктар Кунокі, вельмі вядомы біёлаг… Дык вось, ён у Варшаве інкогніта, і я б вельмі хацеў, каб ты пра гэта нікому не згадваў.

— Я бачу, што вы, — засмяяўся Пётр, — прымаеце мяне ледзь не за бабу, якая любіць усюды сунуць свой нос і пляткарыць.

— Зусім не, Пётр, калі б я лічыў цябе такім, то не мог бы прывезці да сябе. Проста я хачу загадзя пазнаёміць цябе з умовамі, у якіх ты апынешся, з сітуацыяй, якая склалася, можа, з-за больш важных спраў, пра якія я не магу табе зараз расказаць.

— Калі б гэта была толькі звычайная фантазія ці капрыз бацькі, мне і гэтага цалкам хапіла б.

— Дзякуй табе!

Пятру дастаўся вуглавы пакой каля залы з вокнамі, якія выходзілі ў сад. Калі барадаты служка паведаміў яму, што пан прафесар прыняў ужо ванну і ўсё падрыхтавана для яго, Пётр выразна пачуў жаночы голас, які напяваў нейкую песеньку. Голас павінен быў сыходзіць з адчыненага акна на другім паверсе і больш ніадкуль, таму што ў садзе нікога не было, а вакол распасціралася незабудаваная тэрыторыя.

Калі пасля вяртання з ваннай ён апранаўся да вячэры, то зноў пачуў голас, але на гэты раз мужчынскі. Міжволі ён стаў і пачаў прыслухоўвацца, перш чым яго вушэй дасягнуў характэрны шум.

— Грамафон! — пазнаў ён.

Зрэшты, яго гэта ўвогуле не цікавіла.

За сталом Пётр пазнаёміўся з доктарам Кунокі, які яму вельмі спадабаўся, і гэта дзякуючы міламу расчараванню, якое выклікала тое, што гэты вучоны японец выдатна разбіраўся ў спорце: пра яхтынг, фехтаванне і лыжы ён гаварыў так, нібыта нічым іншым у жыцці ён і не займаўся; акрамя таго, ён спадабаўся Пятру прызнаннем важнай ролі фізічных практыкаванняў ва ўдасканаленні прыродных дадзеных чалавека.

— Распаўсюджанае ілжывае перакананне, — гаварыў ён, — што чалавецтва выраджаецца, што мы становімся ўсё слабейшымі і меншымі, сёння ўжо цалкам абвергнута навукай. Наадварот, кожнае новае пакаленне ўсё больш аддаляецца ад сваіх продкаў з пункту погляду яўгенікі.

— Добра, калі б так было, — адказваў Пётр, — ну, і што, я вымушаны вам верыць, што гэта сапраўды так. Аднак я бачыў у замку Тром пад Упсалай даспехі і зброю роду Фаэнтэрна. Малады Фаэнтэрна — мой сябар, і ніводнага з нас не назавеш слабаком. Аднак ні ён, ні я не маглі свабодна валодаць гэтымі мячамі або арбалетамі, а ў даспехах мы проста патаналі.

— О, гэта цалкам зразумела, — усміхнуўся японец, — у тых гігіенічных умовах, якія былі ў сярэднявеччы, усе слабейшыя арганізмы былі асуджаныя на смерць, калі не ў раннім узросце, дык у дзяцінстве. Вытрываць гэта маглі толькі самыя моцныя. Яны, дзякуючы пастаяннай фізічнай працы, развіваліся ў волатаў. З пакалення ў пакаленне з асобных рыцарскіх родаў у выніку таго, што Спенсер называе «выжываннем найбольш прыстасаваных», а Дарвін «натуральным адборам», утварылася не столькі раса, колькі клас моцных людзей. Разам з імі марнеў значна больш шматлікі клас дэгенератаў. Ён быў асуджаны на гібель, як, зрэшты, і першы, які, па меры змены ўмоў існавання, замест ваенных паходаў і турніраў прыбіраў сваіх маці ў цесныя гарсэты, ствараючы рассаднік кволасці.

— Ты гэта павінен ведаць з літаратуры, — дадаў прафесар.

— Канечне, — засмяяўся Пётр, — быў нават такі перыяд, калі кволасць лічылася нібыта прыкметай духоўнасці.

— Гэта сімптаматычна. Пётр, звярні ўвагу, — сказаў Бруніцкі, — што заўсёды ідэі ці плыні, актуальныя ў пэўную эпоху, вынікаюць якраз са стану рэчаіснасці. Разумееш? Яны не ствараюць гэты стан, яны з’ява другасная, яны прэпарыруюцца дзеля яго апраўдання. Гэта спатрэбіцца і табе, калі ты захочаш цвяроза зірнуць на сённяшняе спартыўнае ідалапаклонства. Распаўсюджанасць, папулярнасць пакланення сіле і фізічнаму развіццю — гэта не што іншае як толькі апраўданне знікнення жыцця духоўнага і душэўнага ў шырокіх масах.

— Я згодны, тата, — адказаў Пётр, — але, беручы пад увагу пытанне, узнятае панам доктарам, пытанне «выжывання найбольш прыстасаваных», не варта наконт гэтага турбавацца.

— О, малады дружа, гэта варта разглядаць як рэакцыю жыццяздольнасці чалавечага віду, як жывучасць чалавека, яго супраціўленне дэградацыі. Статыстыка пацвярджае, што гэта так. Возьмем хаця б толькі даныя пра рост чалавека. Вы захапляліся ростам прапрадзедаў, але побач з імі былі мільёны малых і слабых. Меркай можа служыць толькі сярэдні паказчык. Дык вось, на працягу апошніх дваццаці гадоў, як сведчыць статыстыка прызыўнікоў, сярэдні рост чалавека ў Францыі павялічыўся на два сантыметры, у Германіі — на тры, у Італіі — на два з лішнім, а ў Японіі — на сем! І працягвае павялічвацца!

Акрамя таго, што размова прадоўжылася дапазна і, калі Пётр ішоў спаць, прабіла ўжо адзінаццаць, прафесар засеў з доктарам у кабінеце. На пісьмовым стале з’явіліся вялікія аркушы графічных чарцяжоў, дзённік назіранняў, рэнтгенаўскія здымкі, адзнакі розных аналізаў, апісанні сноў пацыентак, стэнаграмы размоў з імі…

Адна за другой перамяшчаліся перад дзвюма нахіленымі галовамі зялёныя папкі, усыпаныя мноствам лічбаў, скарачэнняў, літар.

Доктар Кунокі даваў справаздачу за трохтыднёвы перыяд сваёй працы. Яны часта затрымліваліся то на адным, то на другім і абменьваліся некалькімі адрывістымі фразамі, часам паміж імі завязвалася спрэчка пра тое, як кваліфікаваць той ці іншы сімптом.

Было ўжо далёка за поўнач, калі японец адчыніў цяжкі сейф, схаваў тоўсты стос зялёных папак і збіраўся пайсці.

— Хвілінку, калега, — затрымаў яго прафесар. — Я хацеў бы даведацца, што вы думаеце наконт адной канцэпцыі, якая прыйшла мне ў галаву.

— Я да вашых паслуг.

Бруніцкі абаперся галавой на рукі і пачаў гаварыць. Кунокі ўважліва слухаў. Прафесар раскрываў сваё бачанне на магчымасць адшукаць у псіхіцы пэўнага індывідуума падсвядома захаваны лад жыцця яго продкаў, а ў прыватнасці, бацькоў, і закончыў падкрэсліваннем значнасці, якую мела б эмпірычнае пацвярджэнне гэтай гіпотэзы не толькі для навукі, але і для практычнага жыцця: для ўстанаўлення бацькоўства!

Акрамя кароткай успышкі ў вачах, твар японца не выдаў ніякага ўражання. Ён прызнаў, што гіпотэза можа быць вельмі слушнай, што, безумоўна, яе варта праверыць шляхам сістэматычнага эксперымента, што яна таксама павінна паспрыяць у вырашэнні праблемы так званага «ўглядання».

— Вось якраз тут, — падняўся прафесар, — у мяне ўзнікаюць сумненні. Зрэшты… мы яшчэ пра гэта пагаворым.

Калегі перакінуліся яшчэ некалькімі фразамі і, зычачы доктару добрай ночы, Бруніцкі спытаўся:

— Як вам мой сын?

— Вельмі, — лаканічна адказаў Кунокі.

Назаўтра Пётр у кампаніі бацькі пабываў у горадзе, наведаў Лазенкі, касцёлы, музеі, Замак.

Якраз калі яны выходзілі з Замка, побач з аўтамабілем ён убачыў жанчыну, якая нібыта іх чакала. Нос яе быў чырвоны, з-пад старога саламянага капелюша, ссунутага набакір, вылазілі пасмы брудна-сівых валасоў. Увесь яе выгляд сведчыў пра ўбоства, занядбанне і алкагалізм.

Калі яна ўбачыла прафесара, яе вусны расплыліся ў здзеклівай усмешцы і, лёгка хістаючыся, яна зрабіла да яго некалькі крокаў.

— Сядай у машыну, — загадаў Бруніцкі Пятру, а сам падышоў да бабы і грозна спытаўся:

— Чаго Буфалова мяне пільнуе? Колькі разоў я гаварыў…

— Ціха, доктарчык, ціха, — скрыпучым голасам перарвала жанчына. — Чаго ўжо злавацца. Паладзім.

— Буфалова зноў п’яная!

— Ад клопатаў, бацюхна. Няма ніякіх заробкаў. Доктарчык пра мяне забыўся…

— Я ўжо вам казаў, — насцярожана агледзеўся вакол Бруніцкі, — што мне больш нічога не трэба.

Жанчына смела выцягнула руку ў дзіравай пальчатцы і схапіла яго за локаць:

— Але мне трэба. Мне патрэбныя грошы.

— Больш не дам.

— А я вам гавару, дасце, — захіхікала яна, — я, праўда, не ведаю, як вас завуць і дзе вы жывяце, але нумарок машыны памятаю. Вось як! Нумарок 82 822. Харошы нумарок, я назаўсёды яго запомніла. А ўжо там па нумарку адшукаць няцяжка…

— Гэта шантаж! — цыкнуў Бруніцкі. — Вы разумееце, што за гэта турма?

— Турма вялікая, і вам у ёй хопіць месца, — буркнула жанчына.

Прафесар закусіў вусны:

— Колькі вы хочаце?

— Дык і пяцьсот злотых не пашкодзіць. Гэта я так сабе сказала. Не пашкодзіць.

Калі прафесар палез у партфель, яна дадала:

— Пяцьсот не пашкодзіць, а семсот дапаможа. Вы багаты. Вам па кішэні.

Бруніцкі хутка выняў банкноты, скруціў іх і падаў ёй:

— Вось. І забудзьцеся пра мяне нарэшце, Буфалова.

— Доктарчык, — расчулілася яна, — няхай вам Бог аддзячыць за добрае сэрца. Я б не рабіла гэтага, калі б не бяда. Але што сёння акушэрка можа зарабіць? Найвышэйшая служка дасць сто злотых за аборт, а з некаторых і гэтага не выцягнуць…

— Ну, няма часу, — ссунуў бровы Бруніцкі і хацеў адысці, але жанчына зноў прытрымала яго за рукаў:

— Доктарчык, вам сапраўды ўжо гэтыя дзяўчыны непатрэбныя? У мяне зараз ёсць якраз што трэба. На другім месяцы. І прыгожая. Краўчыха.

Жанчына настойліва глядзела яму ў вочы.

— Я казаў, што не. Калі ў Буфаловай будзе якая-небудзь інтэлігентная дзяўчына, то так, кіньце, як звычайна, запіску. Але паўтараю, павінна быць інтэлігентная і вельмі маладая.

— Дзе ж я такую вазьму, — заламала яна рукі, — раней такія трапляліся, а цяпер дактары ўвесь хлеб у акушэрак забралі. Але калі што, я паведамлю. Як звычайна, кур’ерам?

— Так.

Прафесар захінуў паліто і, не азіраючыся, сеў у машыну.

— Нейкая агідная баба, — заўважыў Пётр.

— Паехалі, — кінуў прафесар шафёру.

— Загадаеце ў клініку?

— Так. А паніча адвезці дадому. Я сёння паабедаю на месцы, бо ў мяне тэрміновая нарада, — патлумачыў прафесар сыну.

Пётр сядзеў у зале з доктарам Кунокі. Размова зайшла на акультныя тэмы. Спірытызм, медыумізм, гіпнатызм. Пётр, які вельмі мала ведаў пра гэта, слухаў з цікавасцю і выпытваў доктара пра дэталі.

У пэўны момант японец спытаўся:

— А вас ніколі не гіпнатызавалі?

— Не, ніколі.

— Ведаеце, гэта вельмі забаўнае адчуванне, — засмяяўся Кунокі, — зрэшты, я не ўпэўнены, ці вы ўвогуле паддаяцеся гіпнозу.

— Я сам бы хацеў ведаць.

— А вы не баіцеся?

— Што вы! Больш за тое, я лічу, што ў жыцці ўсё варта паспрабаваць. А вы, доктар, умееце гэта рабіць?

— У мяне ў гэтым ёсць сякая-такая практыка, — засмяяўся японец, — калі хочаце, правернем гэты жарцік.

— З вялікім задавальненнем.

— Ну тады, ляжце, калі ласка, на сафу.

Яны абодва смяяліся, і Пётр расцягнуўся на тахце:

— Я гатовы, але мне нешта не хочацца верыць, што ў вас атрымаецца.

— І я сумняюся, але паспрабуем. Увага! Я пачынаю.

Доктар Кунокі нахіліўся над Пятром, кончыкамі пальцаў дзвюх рук ён скруціў дзве пятлі над скронямі, склаў далоні над пераноссем і развёў іх па гарызанталі, падняў над галавой.

Расхістаныя хвалістымі рухамі пальцы, здавалася, зараз нешта згорнуць з твару ляжачага, рукі спіральнымі рухамі прасунуліся над ключыцай, хуткім рухам скрыжаваліся над ямкай і раптам узляцелі ўверх. Усе канечнасці Пятра здрыгануліся напружанымі мышцамі і абмяклі, дыханне запаволілася: сонечнае спляценне расслабілася.

Яшчэ два праходы ўздоўж цела, і японец выпрастаўся.

Ён хутка зірнуў у акно, кінуў вокам на гадзіннік, замкнуў двое дзвярэй і вярнуўся да нерухомага Пятра.

Пульс быў слабы, але роўны. Бледнасць умераная.

— Пан Пётр, вы мяне чуеце? — спытаўся доктар.

Вусны хлопца слаба заварушыліся.

— Вы мяне чуеце? — паўтарыў доктар.

— Так. Чую.

— Як вас завуць?

— Мяне завуць Пётр Бруніцкі, Пётр Бруніцкі.

Японец нахіліўся над усыплёным і цвёрда сказаў:

— Няпраўда. Вы памыляецеся. Пётр Бруніцкі — гэта малады чалавек, ваш сын. Пятру Бруніцкаму дваццаць гадоў, а вы яго бацька. Зараз вы гэта разумееце?

Твар Пятра скрывіўся, дыханне пачасцілася, вусны здрыгануліся.

— Адкажыце, калі ласка, — сурова загадваў голас доктара Кунокі, — як вас завуць?

Японец павольна правёў кончыкамі пальцаў над бровамі Пятра і выразна паўтарыў пытанне, але з вуснаў гіпнатызаванага сыходзілі толькі нейкія невыразныя гукі.

— Успомніце, — чаканячы словы, прагаварыў доктар, — гэта было трыццаць гадоў таму. Трыццаць! Разумееце?

— Разумею.

— Вы былі малым хлопчыкам. Вас клічуць. Хтосьці вас кліча. Чуеце?

— Чую.

— Як вас клічуць?

— Петэр! Петэр! Петэр!..

Доктар Кунокі апусціў рукі.

— Вы памыляецеся, — гнеўна запярэчыў ён. — Гэта клічуць вашага сына. Праўда?

— Праўда.

— Вы бацька Пятра, разумееце?

— Разумею.

— Як вас завуць?

— Прафесар Караль Бруніцкі, — без запінкі адказаў усыплёны.

— Што вы памятаеце са свайго дзяцінства? Не забывайце, вы дзіця. Як вас клічуць?

— Петэр!

Кунокі закусіў вусны і бездапаможна ўсміхнуўся. Яму стала зразумела, што гіпотэза прафесара памылковая, што ў падсвядомасці чалавека нельга знайсці сляды інфармацыі пра яго бацьку. Доктар зрабіў апошнюю спробу.

— Вы студэнт-медык Караль Бруніцкі. Разумееце?

— Так.

— Скажыце мне, калі ласка, што такое nervus vagus

— Я не ведаю.

Доктар паглядзеў на гадзіннік, палічыў пульс Пятра. Трэба было заканчваць.

— Заўважце, пан Пётр! І запомніце. Тое, што я вам зараз скажу, вам нельга забываць. Дык вось, калі вы былі маленькім хлопчыкам, у вас былі чорныя валасы. Чорныя валасы! Паўтарыце, калі ласка.

— У мяне былі чорныя валасы.

— Так. Чорныя валасы. А клікалі вас Караль! Клікалі вас Караль! Як вас клікалі?

— Караль, — прашаптаў Пётр.

— Гэта абавязкова трэба памятаць. Часам вас клікалі Петэр, а часам Караль! Гэта вельмі важна. Калі вас клікалі Петэр, вы былі бландзінам, а калі клікалі Караль, вы былі брунетам. Чаму так, вы не разумееце, але вы добра памятаеце, што гэта так. Я зараз хачу ведаць, што вы памятаеце. Скажыце, калі ласка!

— Я быў бландзінам, і мяне клікалі Петэр, а… таксама мяне клікалі Караль, але тады я быў брунетам.

— Ну дык добра. Гэта адзінае, што вы павінны запомніць. Акрамя таго, забудзьцеся пра тое, што вас гіпнатызавалі. Праз хвіліну я вас абуджу, і вы сядзеце ў крэсла. Вы будзеце ведаць, што ні на хвіліну з яго не ўставалі і што мы не перарывалі размову пра акультныя навукі. Разумееце?

— Разумею.

Доктар Кунокі выцер пот з ілба і некалькімі рухамі рук прывёў Пятра ў прытомнасць. Хлопец расплюшчыў вочы, няўпэўнена агледзеўся вакол, устаў і, хоць у яго дрыжалі калені і ён крыху хістаўся на нагах, ён падышоў да крэсла, на якім раней сядзеў.

У гэты час японец зноў пакруціў ключом у замку і, стаўшы перад Пятром, спытаўся:

— Дык вы кажаце, што хацелі б паспрабаваць паддацца гіпнозу?

— Так, пан доктар, я думаю, што чалавек павінен спазнаць усе адчуванні, якія яму даступныя.

— Вы бледны, — са спачуваннем заўважыў Кунокі. — Вы стаміліся?

— Здаецца, крыху. Не ведаю, чаму, мы з бацькам адносна няшмат хадзілі.

— Відаць, розніца клімату. Можа, вам паспаць?

— О, зноў, — засмяяўся Пётр.

— Таму што я павінен папрасіць у вас прабачэння і пакінуць аднаго. Мне трэба крыху папрацаваць.

— Канечне, канечне, пан доктар.

Пётр бачыў, як японец дастаў з кішэні ключы, адсунуў фіранку і адчыніў цяжкія тоўстыя дзверы.

Калі вярнуўся прафесар Бруніцкі, ён заспеў Пятра за гульнёй з катамі.

— Я не ведаў, што вы так любіце катоў, — усклікнуў ён у адказ на вітанне прафесара. — Трэнер па боксе ва Упсале, лаючыся, заўсёды пасылаў «да ста старых дзевак і іх тысячы катоў!» Адтуль у мяне перакананне, што катоў заводзяць менавіта векавухі.

— Твой трэнер у многім меў рацыю, хлопча, — адказаў прафесар, падаючы ў крэсла. — Любоў да катоў і іншых гадаванцаў у старых дам — гэта вынік нерэалізаванага мацярынскага інстынкту. Маленькія дзяўчынкі гуляюць у лялькі, потым займаюцца сяброўкамі, калі выходзяць замуж, то муж становіцца новай лялькай, потым, калі ў іх з’яўляюцца дзеці або сабачкі, каты, яны заўсёды гуляюць з імі.

Пётр падумаў, што, відаць, жанчыны прынеслі бацьку шмат непрыемнасцей, таму ён так імі пагарджае і не паважае іх.

— Ну, але ж вы, хіба, не дзеля забавы трымаеце гэтых катоў? — спытаўся сын.

— Не, Пеця. Яны мне патрэбныя для работы ў лабараторыі. Уф… я стаміўся. Дзе доктар Кунокі?

— Выйшаў у гэтыя дзверы, — указаў Пётр. — Можа, вы б крыху паспалі?

— Добра. Я так і зраблю, — падняўся Бруніцкі. — А заўтра я табе пакажу яшчэ некалькі рэчаў, якія варта ўбачыць, а паслязаўтра паедзеш у Закапанэ.

— Так, бацька. Я зараз прагуляюся па беразе Віслы. Прыемнага сну.

Прафесар затрымаўся ў дзвярах:

— Слухай, хлопча, а цябе ніколі не гіпнатызавалі?

— Не, бацька. А чаму ты пра гэта пытаеш?

— Так. Звычка старога псіхіятра. Да пабачэння. Не спазніся на вячэру.

Загрузка...