Раздзел 29

Калі яго ўвялі, у перапоўненай да краёў зале ўсталявалася цішыня. У параўнанні з пакоем, у якім ён да гэтага часу сядзеў, тут было так светла, што даволі доўга ён не мог разгледзець рысы людзей, якія займалі нават самыя блізкія шэрагі лавак.

Ён бачыў толькі скучаныя галовы і сотні пар вачэй, скіраваных на яго. Не адрозніваючы яшчэ іх выразу, ён адчуваў, што глядзяць яны на яго зычліва і з нейкім спалоханым спачуваннем, з якім чулыя людзі прыглядаюцца да таго, хто памірае і каму яны не могуць дапамагчы. У іх поглядзе быў нібыта сорам і ў гэтай цішыні як бы затойванне дыхання перад момантам блізкай катастрофы.

Ён не ведаў, чаму, але яму прыгадалася Зоська. Ужо тады, калі ён выйшаў з закратаванай турэмнай машыны, ён адчуў проста дзіўную патрэбу ўбачыць гэтую дзяўчыну. І цяпер ён дарма шукаў яе ў зале. Ён пачаў пазнаваць знаёмых. Панна Лэнска, пані Хэлміньска, бармэн Грабоўскі, Тоня ў чырвоным берэце. Люба, якая сядзела з галавой, паднятай так, нібыта яна сама ішла на эшафот, побач Барыс, на твары якога застыла драпежная нерухомая маска. Касір Юстэк з тужлівай усмешкай на тоўстых жаласных вуснах. Палкоўнік Яшчолт, які пастаянна праціраў манокль, што заўсёды не хацеў трымацца на дрыжачых складках завялага твару. Тэця, уся ў чорным, як у жалобе, о — і Франя, старэйшая сястра Зоські… І столькі прыгожых, мілых жанчын, і столькі кампаньёнаў у вясёлых забавах, столькі знаёмых твараў і столькі ўспамінаў… Яны прыйшлі сюды, як на пахаванне…

Раптам у Друцкага з’явілася неадольнае жаданне выступіць перад імі з жартаўлівай прамовай, яшчэ больш жартаўлівай, чым тыя, за якія ў «Аргенціне» ён атрымліваў такія гучныя апладысменты. Ён з усмешкай кланяўся і ўжо адкрываў рот, калі да яго звярнуўся абаронца, мажны лысы мужчына ў тоўстых, выпуклых акулярах, які да гэтага моўчкі вывучаў акты…

Яму трэба была нейкая дробная інфармацыя, і ён даў кліенту некалькі ўказанняў наконт метадаў абароны. Ён гаварыў звязна, па сутнасці, і Друцкі быў перакананы, што, выбраўшы сабе абаронцам адваката Шарневіча, ён зрабіў правільна. Зрэшты, у Шарневіча была рэпутацыя самага бліскучага адваката ў крымінальных справах і яго лічылі не толькі выдатным знаўцам права, але і самым таленавітым прамоўцам.

Яшчэ падчас першай размовы, якая адбылася ў турме, Друцкі даведаўся ад яго, што, улічваючы паскораны парадак, справа ў лепшым выпадку скончыцца прысудам да пажыццёвага зняволення, строгім рэжымам. Шанцы пераносу працэсу ў звычайны суд маглі б з’явіцца толькі ў выпадку, калі б Друцкі адмовіўся ад прынятай ім тактыкі пакрывання фактычных забойцаў Цеплікуўны і з выяўленнем сапраўдных намераў у адносінах да яе.

Калі, аднак, Друцкі катэгарычна заявіў, што нічога ў сваіх паказаннях ён не зменіць, Шарневіч яго запэўніў:

— Я не збіраюся вам навязваць свае погляды, я не лекар дзіцячых хвароб і не гувернантка. Як адвакат жа я трымаюся правіла, што найперш варта ва ўсім дагадзіць кліенту. Такім чынам, калі вам хочацца даўжэйшага зняволення, а не карацейшага, я пакаруся вашай волі.

З гэтага часу ён ні разу не згадаў пра змену паказанняў, што цалкам задавальняла Друцкага. Перад самім працэсам ён толькі між іншым заўважыў:

— Абвінавачваць будзе пракурор Горн. Гэта самы небяспечны праціўнік з тых, на якіх мы маглі разлічваць.

— Я ведаю, — кіўнуў галавой Друцкі, — у працэсе аб морфіі яна таксама мяне абвінавачвала, і я быў апраўданы.

— Тут горш, — адказаў адвакат, — цяпер яна возьме рэванш. У любым выпадку, наколькі я магу меркаваць як псіхолаг, я раіў бы вам пастарацца пакінуць у абвінаваўцы станоўчае ўражанне пра сябе. Варта памятаць, што гэта жанчына, і я не думаю, каб які б тое ні было ўбор, хоць бы і пракурорская тога, мог дазволіць забыцца, што яна жанчына.

Друцкі ўсміхнуўся і нічога не адказаў.

Ён вельмі добра ўсведамляў небяспеку сітуацыі, у якой знаходзіўся. Ён верыў, што адвакат зробіць усё, што ў яго сілах, аднак ён быў упэўнены, што гэта мала дапаможа. Канечне, ён зусім не збіраўся пагаджацца на пажыццёвае зняволенне, на якое яго, відаць, асудзяць. У думках ён пралічваў, што на падрыхтоўку ўцёкаў з Павяка яму хопіць месяца, няхай нават двух. І толькі яго тут бачылі. Ці з такіх турмаў ён здолеў збегчы! У Шатане[50] было тры сцяны, і кожная па восем метраў, у Сан-Антоніа чалавека трымалі, як дварняка, на ланцугу, два паверхі пад зямлёй. У Сінг-Сінг[51] краты электрызавалі, у Вальпараіса[52] кожную камеру адчынялі два наглядчыкі, а на даху стаялі кулямёты і пражэктары!..

Праз залу прабег шум. Друцкі агледзеўся: высокая, зграбная, з узнятай галавой, можа, толькі крыху бляднейшая, чым звычайна, увайшла Аліцыя. Спакойным плаўным крокам яна прайшла тут жа, побач з ім, кіўком галавы яна адказала салютуючым паліцэйскім і заняла сваё месца на ўзвышэнні. У той жа час прагучаў званок, урачыста адчыніліся дзверы і ўвайшлі суддзі.

Ля ўзвышэння і далей ля дзвярэй паставілі некалькі дзясяткаў крэслаў, якія занялі важныя судовыя і міністэрскія саноўнікі. Калі ў зале панавала засяроджаная цішыня, тут гучаў шумок размоў напаўголасу. Гэтыя знаўцы працэдуры не цікавіліся ўступнымі фармальнасцямі справы. Пакуль не пачуўся рэзкі хрыплы голас чытальніка акта абвінавачвання «супраць Яна Вінклера, сарака гадоў, сына Адама і Ганны, аб наўмысным забойстве, учыненым у адносінах да асобы Ірэны Цеплікуўны».

Чытальнік стараўся, відаць, выклікаць эфект жаху, таму што пафасна акцэнтаваў наймацнейшыя словы, а мімікай худога, аскетычнага твару ён падкрэсліваў высновы. Аднак у яго было не надта шырокае поле для выступлення, таму што акт абвінавачвання быў незвычайна кароткі і сціслы, хоць кожнае яго слова складвалася з другім, як гранітны блок ля блока ў цяжкую непахісную сцяну. Таксама і спіс сведкаў абвінавачвання ўтрымліваў толькі некалькі самых неабходных прозвішчаў. Аліцыя Горн, па словах адваката Шарневіча, не любіць рэжысіраваць драмы з вялікім складам. Чытальнік таксама абмежаваўся называннем чатырох асоб.

Асноўная частка. Спакойны, цёплы голас старшыні і дакладныя, простыя адказы Друцкага… Ён не прызнае сваёй віны. Ён цалкам пацвярджае свае паказанні, якія даваў падчас следства. На пытанне дакладчыка адказвае, што так, можа іх паўтарыць. З Цеплікуўнай ён пазнаёміўся выпадкова за два тыдні перад трагічным днём. Ён ніколі не збіраўся з ёй жаніцца, а хацеў забяспечыць яе матэрыяльна ў сувязі з цяжарнасцю дзяўчыны і адсутнасцю працы. Ён абяцаў размясціць яе ў сябе і ў той ракавы вечар прыехаў па яе. У момант, калі яны размаўлялі ў палісадніку, з кустоў пачуліся стрэлы. Друцкі зразумеў, што нападнікаў некалькі, і паколькі ў яго з рукі выбілі зброю, ён павінен быў ратавацца ўцёкамі…

Друцкі гаварыў спакойна і свабодна, падрабязна расказваў пра ход падзей, растлумачыў, што сапраўды хаваўся адзін дзень, жадаючы пазбегнуць падазрэння і арышту, бо ўсведамляў, што шмат доказаў сведчаць супраць яго. Аднак ён не сумняваецца, што будзе апраўданы.

Суддзя-дакладчык задае некалькі пытанняў, якія датычаць дат. Старшыня яшчэ раз пытаецца, ці не ведае абвінавачаны, хто і з якой мэтай мог страляць у Цеплікуўну ці ў яго, і, зноў пачуўшы запэўніванне, што абвінавачаны абсалютна ні пра што не ведае, дае слова Аліцыі. Узнікае першае пытанне:

— Абвінавачаны ўпэўнены, што ён не меў дачынення да цяжарнасці ахвяры?

Друцкі павярнуўся да той, хто пыталася, і спаткаў яе прамы смелы погляд.

— Так. Я ў гэтым упэўнены, таму што Цеплікуўна ніколі не была маёй каханкай. Я пазнаёміўся з ёй, калі яна была на пятым месяцы цяжарнасці.

— Ці з многімі жанчынамі ў падсуднага былі блізкія адносіны?

Друцкі ўсміхнуўся і ўжо хацеў адказаць станоўча, як абаронца сарваўся з месца, жадаючы адхіліць пытанне, якое не мела ніякіх адносін да справы.

— Як жа, — запярэчыла Аліцыя, — гэта мае непасрэднае дачыненне да справы, таму што мы не ведаем, як шмат было каханак у падсуднага, і, магчыма, яго падводзіць памяць у адносінах да Цеплікуўны.

— Я ніколі не лічыў сваіх каханак, — амаль весела адказаў Друцкі і падумаў, што Аліцыя, аднак, рызыкоўная і смелая.

Яна, між тым, пыталася зноў:

— Значыць, абвінавачаны сцвярджае, што меў намер паклапаціцца пра Цеплікуўну. Чаму менавіта пра яе, чужога чалавека, выпадковую знаёмую? Ці былі яшчэ такія жанчыны, пра якіх клапаціўся падсудны?

— Не, не прыгадваю…

— Дык чым абвінавачаны тлумачыць свой выключны гуманізм менавіта ў гэтым выпадку? Можа, аднак, былі нейкія маральныя абавязацельствы? Ці проста звычайны капрыз?..

Адно за другім сыпаліся пытанні. Трапныя, дакладныя, звязаныя ў шчыльную сетку паслядоўнасці, якія з усіх бакоў асаджалі лабірынтам пацверджанняў, а з-за іх ужо не бачылася выйсця. Друцкі амаль фізічна адчуваў, як камяк за камяком выслізгвае ў яго з-пад ног зямля. Потым, паступова ён пачаў заўважаць, што кожнае слова, якое ён прамаўляў у сваю абарону, павінна было быць прадбачана Аліцыяй, што было падсунута яму проста для таго, каб стала новым звяном у абвінавачванні.

Ужо цяпер, гаворачы, ён ведаў, што сведчыць сам супраць сябе, і толькі чакаў наступнага пытання, якое тлумачыла сапраўдную мэту папярэдняга, ставячы адначасова новую пастку.

Ён заўсёды лічыў Аліцыю прафесіяналам у гэтым сэнсе, але ніколі не дапускаў, што гэтае майстэрства можна было развіць да такога ўзроўню дасканаласці. Ён прыгледзеўся да яе тактыкі, якая заключалася ў падрыванні рэштак даверу да яго праўдзівасці, грунтавалася на знішчэнні ўсялякіх шляхоў назад і даказванні яго ўяўнай хітрасці, яго амаральнасці і жывёльнага эгаізму.

Аліцыя знішчала ўсё, што толькі магло сведчыць на яго карысць, знішчала ўсе магчымыя шанцы абароны, дыскрэдытавала верагоднасць акалічнасцей, якія сведчылі на яго карысць. Яна свядома абмінала сутнасць справы, ніводным пытаннем не закранула сам працэс забойства, не старалася паставіць кропку ў пытанні матываў, якімі мог кіравацца Друцкі ў сваіх дзеяннях у адносінах да Цеплікуўны, але менавіта таму яны выступалі яшчэ выразней, набываючы выгляд аксіёмы.

Хутка бегала пяро сакратара, натуючы кожнае кінутае слова, кожнае слова, цяжар якога адчуваў не толькі Друцкі, але і ўся зала, якая затаіўшы дыханне слухала трагічны дыялог двух галасоў: металічнага альта і сакавітага, нізкага барытона…

Адвакат Шарневіч сядзеў, занурыўшыся над сваімі паперамі, і рабіў выгляд, што не звяртае ўвагі на тое, што дзеецца вакол яго. Калі старшыня даў знак, ён ачуўся і, у сваю чаргу, стаў задаваць пытанні. Публіка іх нецярпліва чакала ў надзеі, што знакаміты абаронца паставіць пад сумненне факты, якія ўнушыла суду пракурор. Аднак усіх, а асабліва сяброў Друцкага, чакала прыкрае расчараванне. Друцкі, уласна, таксама не хаваў здзіўлення, калі адвакат спытаўся:

— Вы не маглі б нам сказаць, што, па-вашаму, з’яўляецца мэтай чалавечага жыцця?

— Мэтай?.. Гэта залежыць ад чалавека…

— Я маю на ўвазе вас.

— Мая мэта… Думаю, само жыццё… Здабыванне з яго максімуму радасці, прыгажосці, не ведаю, сонца…

— Разумею. А што вы лічыце найвялікшым скарбам жыцця?

— Свабоду, — не раздумваючы адказаў Друцкі.

— Пра якую свабоду вы гаворыце?

Друцкі пачаў тлумачыць. Свабода — гэта найперш пазбаўленне сябе залежнасці ад усяго, што можа нас звязваць унутры нас саміх, гэта вераванні, забабоны, пачуцці, пачуццё віны ў дачыненні да іншых, крыўды, учыненыя слабейшым, палітычныя перакананні…

Адвакат пытаўся ў падсуднага пра яго погляды на каханне, на шлюб, на сям’ю, на жанчын, на грамадскі лад, на пытанне гонару, адвагі і баязлівасці… Нарэшце ён перайшоў да ўстанаўлення маёмаснага стану падапечнага, прычым аказалася, што Друцкі дакладна не ведае, колькі ў яго грошай на рахунку: «Нешта каля двухсот тысяч. Акрамя таго, „Аргенціна“ ацэньваецца ў некалькі соцень тысяч».

Пачалі слухаць сведкаў, і толькі цяпер Друцкі зразумеў значэнне цэлага шэрагу пытанняў, на якія ён павінен быў адказаць Аліцыі. Праўда, яна зараз дапытвала сведкаў пра акалічнасці, якія датычыліся непасрэдна забойства, аднак з дзіўным спрытам здабывала з іх дадатковыя паказанні, якія паказвалі Друцкага ў найгоршым святле.

Як цырульнік, якога выклікалі з Памор’я, сцвярджаў, што ніколі ў яго з Цеплікуўнай рамана не было, як і абодва старыя з Грохава сцвярджалі, што памерлая была даўно знаёмая з падсудным. Больш за тое, старыя кляліся, што абвінавачаны ўгаворваў Цеплікуўну паехаць у Кракаў, але яна не хацела.

Становішча Друцкага станавілася безвыходным. Пасля выслухоўвання апошняга сведкі, парцье з атэля «Брысталь», які пацвердзіў, што падсудны Вінклер кожны дзень у сваім пакоі прымаў іншую жанчыну альбо ўвогуле не начаваў, старшыня скончыў судовы разбор і абвясціў перапынак на гадзіну.

— Што вы думаеце, адвакат? — спытаўся Друцкі, калі яны разам з паліцэйскім суправаджэннем апынуліся ў закратаваным пакойчыку.

— Думаю, што ў вас ёсць яшчэ час усвядоміць абсурднасць, з якім вы замоўчваеце істотныя для справы рэчы.

— Значыць, вы не бачыце магчымасці атрымаць апраўдальны прысуд?

— Вы з глузду з’ехалі?! — абурыўся адвакат. — Дай божа, каб я здолеў абараніць вас ад пятлі!

— Так, — уздыхнуў Друцкі, — гэта вельмі непрыемна. Таму дазвольце мне паабедаць.

Адвакат Шарневіч з нянавісцю паглядзеў на яго і выйшаў, грукнуўшы дзвярыма, а Друцкі ўзяўся за прынесеную ежу.

Ён разумеў раздражнёнасць адваката. Калі б справа была ў кімсьці іншым, абаронца, відаць, сам бы стараўся яго ўгаварыць адмовіцца ад прыкрывання сабой трэціх асоб, відаць, найлепшых сяброў, такіх, як Бруніцкі або Залкінд. Сам Друцкі, аднак, нават не думаў пра збочванне з аднойчы абранага шляху.

Калі яго зноў прывялі ў залу, ён адразу заўважыў адваката Лэнчыцкага, які нешта тлумачыў адвакату Шарневічу, і, робячы выгляд, што не бачыць Друцкага, хутка выйшаў праз бакавыя дзверы.

— Вы, кажуць, асабіста ведаеце пані Горн? — напаўголасу звярнуўся Шарневіч да Друцкага.

— Я? — Друцкі паціснуў плячыма. — Магчыма, я ведаю шмат людзей, але не ўсіх памятаю.

— Не жартуйце! Я дазнаўся, што вы, падобна, вельмі добра ведаеце пракурорку Горн…

— Вам Лэнчыцкі напляткарыў…

— Якая розніца хто, тут справа ў нечым вельмі важным, пане Вінклер. Калі ў вас з ёй была блізкая сувязь, мы можам запатрабаваць змены абвінавачвання! А гэта раўназначна адтэрміноўцы справы! Разумееце?.. Гэта можа паспрыяць пераносу справы ў звычайны суд!

— Вы так думаеце, адвакат?.. А што калі мяне з пані Горн не звязвала ніякае знаёмства.

— Пане! — сціснуў зубы адвакат.

— Суд ідзе, — зазвінеў урачысты голас судовага служкі.

Суддзі займалі месцы. Старшыня ціха сказаў:

— Слова мае пані пракурор.

Яна ўстала і павольным рухам надзела берэт. Яе твар быў бледны, як палатно, толькі вочы палалі ледзь не ліхаманкавым бляскам. Яе цудоўныя вусны, вусны, роўных якім немагчыма было сабе ўявіць, яе ганарліва выпрамленая зграбная постаць і гэты рух галавы, у якім было столькі жаноцкасці і столькі надзвычайнай сілы — усё гэта проста гіпнатызавала. Друцкі адчуваў яе ў паветры перапоўненай залы, ды што там, адчуваў яе на самім сабе.

Аднекуль здаля, з-за шырока адчыненых галоўных дзвярэй, з таксама перапоўненага перадпакоя сярод цішыні пачулася гучнае жаночае сапрана:

— Божа, якая яна прыгожая!

«Так, — падумаў Друцкі, — страшэнна прыгожая. І не адна з гэтых жанчын хацела б быць на яе месцы. А яна?.. Яна, відаць, гатова была б кожнай гэтае месца і гэтую сваю прыгажосць аддаць…»

— Высокі суд! — працяў залу моцны металічны голас. — Вось нам трэба вырашыць справу, у якой, з аднаго боку, на карту пастаўлена жыццё аднаго чалавека, а з другога — жыцці многіх соцень, многіх тысяч слабых, наіўных істот. Так, гэтых многіх нешчаслівых дзяўчат, якія не маюць ніякіх сродкаў у барацьбе за існаванне, пазбаўленых усялякай зброі, якой яны маглі б сябе абараніць ад уздзеяння строю, у якім мы жывём і на варце якога стаіць справядлівасць, справядлівасць, якая няхай будзе блаславёная, калі не з’яўляецца пустым гукам, і няхай будзе праклятая, калі на яе вагах пакаранне можа быць меншае за крыўду!..

Так моляцца вусны безабаронных і пакрыўджаных, моляцца нячутным шэптам па падвалах, паддашках, сутарэннях, сотні і тысячы дзяўчат, якім мы загадваем нараджаць незаконных дзяцей, у той час як іх спакушальнікі беспакарана праходзяць міма ўчыненай крыўды. А калі часам у роспачы бездапаможныя рукі намагаюцца іх затрымаць, тады гучыць стрэл — і пакорны шэпт цярпення ператвараецца ў трагічны крык смерці!.. У такі крык, які прагучаў пранізлівым рэхам у садку ўбогага дома на Грохаве! Паны суддзі! Маўчаць зараз куты гэтай залы, але ўслухайцеся!.. Ці ж не чуеце вы ва ўласным сумленні жахлівы крык паміраючай дзяўчыны?!. Ці не чуеце яе перадсмяротны стогн?!. Ці ж не адчуваем мы ўсе, якім вялікім цяжарам падае на нас гэты крык: «Справядлівасці! Справядлівасці!»

Голас пракуроркі сціх, і запанавала поўная цішыня. Ніхто не азірнуўся, аднак ледзь не кожны чакаў, што вось за яго спінай раптам вырвецца гэта жахлівае, нечыімі вуснамі кінутае слова.

Але зноў загучаў чысты металічны голас Аліцыі Горн:

— Гэта была сціплая вясёлая дзяўчына. Сумленная працаўніца і мілая кватарантка. Усе сведкі пацвердзілі, што паводзіла яна сябе ўзорна. Аднак лёс адзіным пакрыўдзіў яе: адарыў незвычайнай прыгажосцю. І вось на яе шляху з’яўляецца чалавек, галоўная рыса якога тое, што ён не ўмее лічыць. Ён не лічыць сваіх грошай, не лічыць сваіх каханак, але не лічыць таксама і чужых няшчасцяў, у якіх ён вінаваты!.. Што ж для яго ў такім выпадку яшчэ адна трагедыя сярод соцень пакінутых за плячыма?! Нічога, абсалютна нічога!.. Ён іх не лічыць, а калі нехта асмеліцца пажадаць ад яго платы, то плаціць ён так, як зрабіў гэта легкавернай Ірэне Цеплікуўне!..

Гэта была сціплая вясёлая дзяўчына, наіўная дзяўчына з мноства тых, хто схіляецца над іголкай ці над напільнікам і марыць пра кар’еру кіназоркі, аб казачным прынцу, аб закаханым у яе вялікім пане і хто знаходзіць сваё маленькае ціхае шчасце ў шлюбе з хлопцам са свайго асяродку. Але на шляху Ірэны Цеплікуўны, беднай манікюркі з беднай цырульні, з’явіўся казачны прынц!.. З’явіўся абвінавачаны Ян Вінклер! Ён нам тут сказаў, што любіў Цеплікуўну, але яна яго кахала, павінна была яго кахаць, таму што ён быў увасабленнем яе мары. І калі гэта прыстойная і сціплая дзяўчына аддала яму тое, што было яе адзіным багаццем, калі яна аддала яму сябе, то насамрэч няма на свеце такой жанчыны, якая за гэта магла б кінуць у яе камень! І таму ён займеў яе без цяжкасцей, узяў яе сваёй прывабнасцю, сваёй мужнасцю, сваімі манерамі прыроджанага ўтаймавальніка, сваім майстэрствам ці таксама натурай спраўнага спакушальніка, якому не кожная жанчына, нават разумная і моцная, здолела б адмовіць…

Друцкі ўсміхнуўся і падняў вочы на Аліцыю. Яна ўглядалася ў яго дзёрзка адкрытымі вачыма, нібыта правакуючы, каб ён усклікнуў: «І ты не ўстаяла, а цяпер помсціш мне!.. Глядзіце, вось кінутая мною каханка, якая поўзала ля маіх ног, каб я дазволіў ёй вярнуцца да мяне, да мяне, якога яна зараз называе злачынцам!..»

Ён мог гэта зрабіць у любы момант, і калі ён пра штосьці і шкадаваў, то пра тое, што павінен адмовіцца ад каласальнага эфекту, які выклікаў бы такі вокрык.

— …а Ірэна Цеплікуўна, — працягвала Аліцыя, — была толькі маладзенькай наіўнай дзяўчынай. Проста цяжка зразумець, навошта абвінавачаны, у распараджэнні якога так шмат сродкаў спакушэння, пачаў у дадатак лгаць сваёй ахвяры, што ажэніцца з ёю. Праўда, ён нас тут запэўнівае, што ніколі Цеплікуўне гэтага не абяцаў, але відавочнасць гэтага падману была пацверджана паказаннямі гаспадароў забітай, якія не раз чулі ад яе, нават у прысутнасці Вінклера, які не пярэчыў наконт гэтага, што хутка адбудзецца іх шлюб.

Значыць, ён ашукваў дзяўчыну без якой-небудзь патрэбы, проста каб прыхарошыць сваю нізкую ролю, а потым выкарыстаў гэта для маскіроўкі свайго права забраць дзяўчыну з-пад апекі, дзе яна знаходзілася — нягледзячы ні на што — у бяспецы. Ноччу ён прыехаў яе забраць. Чаму ноччу? Хіба чалавек, у якога прыстойныя намеры, хаваецца з імі?.. Не, але Ян Вінклер не мог мець прыстойных намераў, навошта б ён хлусіў, што забірае «нарачоную» ў Кракаў, калі — як ён сам тут казаў — хацеў узяць яе да сябе на кватэру ў Варшаве?.. План яго быў просты. Вывезці абрыдлую каханку ў глуш, за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад горада, забіць і кінуць у Віслу.

Ён быў настолькі ўпэўнены, што нічога не перашкодзіць яго намерам, што нават — наперакор звычцы — не пакінуў машыну ля брамкі, а адвёў яе далей, каб раптам не ўбачылі, у які бок ён паедзе.

Перашкодзіла ўсяму раптам абуджаная падазронасць дзяўчыны.

Як выявіў судовы разбор, Цеплікуўна ўжо са змяркання пачала непакоіцца, гаварыла пра свой няпэўны лёс, пра боязь і нават пра намер застацца. Старыя супакойвалі Цеплікуўну, хоць і не пакінулі па-за ўвагай нервовасць «нарачонага», і яго прыспешванне таксама падавалася ім падазроным, як і наўмысны выбар начной пары для ад’езду.

Між тым, у кветніку Цеплікуўна павінна была пачуць ад Вінклера тое, што канчаткова пераканала яе ў яго злых намерах. Яна заяўляе яму, што не паедзе, што ён павінен стрымаць абяцанне і тут, у Варшаве, пабрацца з ёй шлюбам. Тады Вінклер, які перад гаспадарамі, а пэўна і перад Цеплікуўнай, выступаў пад выдуманым прозвішчам, які ведае, што бедныя людзі гэтага раёна не змогуць адрозніць марку яго аўтамабіля, што, значыць, яму не пагражае выкрыццё, — рашаецца. Халодна забівае дзяўчыну і ўцякае, каб з хованкі даведацца, ці напалі прадстаўнікі закону на яго след. Усё тут проста і ясна.

Наколькі ж моцна адрозніваецца ад гэтай фактычнай карціны злачынства фантастычная казка, якую распавёў нам абвінавачаны, казка пра таямнічых бандытаў, якія схаваліся ў кустах язміну, пра барацьбу, якую, нібыта, ён вёў з нападнікамі і якая не пакінула ніводнага следу, пра забойцу, які страляў з тых самых кустоў, які страляў, відаць, з нейкага дзіўнага браўнінга, што пасля стрэлу не пакідае гільз.

Аліцыя ўдарыла рукой па стале:

— Сапраўды, калі б мы не ведалі, што маем справу з разумным чалавекам, можна было б дапусціць, што гэта казачка, якую распавяло малое дзіця. У дадзеных жа ўмовах нам не застаецца нічога, акрамя як назваць паказанні падсуднага ганебнымі і абуральна цынічнымі. Трэба мець ледзяное сэрца, каб стаяць над труной сваёй ахвяры і не толькі не паказаць і ценю роспачы, а кпіць з яе і з нас, каб хаця не абцяжарыць сябе прыдумваннем чаго-небудзь больш праўдападобнага, што б меней скажала элементарную логіку! Таксама абвінавачаны не тлумачыць, чаму ён хацеў забраць да сябе Цеплікуўну, чаму менавіта яе, а не якую-небудзь іншую спакушаную ім дзяўчыну. Падсудны, відаць, лічыць, што жыццё беднай манікюркі настолькі мізэрнае, што правасуддзе спусціць яму з рук яго злачынства?..

Але, Высокі Суд, вось перад намі класічны прыклад бясконцай крыўды, якую пастаянна чыняць бедным дзяўчатам і якая толькі часам даходзіць да органаў юстыцыі і патрабуе: кары, кары, кары!..

Перад намі адзін з гэтых цынічных спакушальнікаў, якія з халодным сэрцам забіваюць нявыгадных для сябе каханак, перад намі злачынец, які не толькі павінен быць пакараны смерцю, але і стаць грознай перасцярогай для сабе падобных. У абвінавачвання для яго няма змякчальных абставін, таму я за смяротнае пакаранне.

Старшыня даў слова абаронцу. Адвакат Шарневіч устаў і пачаў гаварыць. Як Друцкі і прадбачыў, адвакат знітаваў сваю прамову з тых пытанняў, якімі так здзівіў на пачатку працэсу ўсіх прысутных.

Адвакат пачаў са сцвярджэння, што доказ сваёй невінаватасці не абавязак падсуднага. Наадварот, гэта судовы разбор павінен даказаць яго віну. Калі ж шмат матэрыяльных доказаў сведчыць супраць яго, не менш важкія доказы стаяць у яго абарону. Гаворка ідзе пра матывы забойства. З якой мэтай чалавек ураўнаважаны, які мае сур’ёзную жыццёвую пазіцыю і ўсё, чаго толькі не пажадае, сабраўся б увогуле учыніць забойства, і ў дадзеным выпадку ў прыватнасці? Пытанне грашовага прыбытку цалкам выключана. Няма тут гаворкі таксама і пра страх плаціць аліменты, таму што, як слушна зазначыла прадстаўніца пракуратуры, абвінавачаны Вінклер не ўмее лічыць, у яго шырокая душа і ён ніколі не шкадуе грошай. Абсурдным было б таксама дапусціць, што ён баяўся жыццёвых цяжкасцей у выніку выяўлення яго рамана з Цеплікуўнай. Як нежанаты і чалавек абсалютна незалежны, не звязаны падтрыманнем адкрытых адносін з многімі жанчынамі, чаму яму раптам баяцца перасудаў?

Далей адвакат Шарневіч патрабаваў, каб суд прызнаў, што альбо абвінавачаны быў несвядомы, паколькі ўчыніў забойства без якіх бы тое ні было матываў, альбо варта паверыць яго паказанням, што ён яго не ўчыняў. Tertium non datur[53]. Калі гаварыць пра неверагоднасць паказанняў Вінклера, то адвакат на падставе практыкі гэтай жа судовай залы гатовы прывесці цэлы шэраг выпадкаў з жыцця, якое з’яўляецца аўтарам самых дзіўных фантазій.

Потым адвакат перайшоў да характарыстыкі абвінавачанага:

— Падсудны Вінклер, — гаварыў ён, — далёкі ад тыпу, які можна ставіць у прыклад. Тым не менш, склад яго розуму і псіхіка такога роду, што забойства істоты, слабейшай за сябе, проста неверагоднае і тым больш немагчымае, калі яна была яго каханкай. Варта толькі паглядзець на абвінавачанага, каб зразумець, што баязлівае ўхіленне ад адказнасці не характэрна для яго натуры. Ён ведае, што яму пагражае смяротнае пакаранне, і як чалавек інтэлігентны, цалкам усведамляе, што супраць яго вельмі шмат абцяжарваючых абставінаў.

Калі б ён быў баязліўцам, то спрабаваў бы заблытаць і ўскладніць справу. Ён гэтага не робіць, таму што верыць у справядлівы прысуд. А можа, ён свядома хоча пазбавіцца жыцця?.. Не, Высокі Суд, гэта таксама неверагодна, калі гаворка пра чалавека, які, нягледзячы ні на што, палюбіў жыццё, свабоду, незалежнасць, які дзеля гэтай незалежнасці гатовы дзейнічаць насуперак уласнай выгадзе, які дзеля гэтай незалежнасці адрокся ад тысячы выгод у сваім існаванні, выгод, якія даступныя нам дзякуючы існаванню грамадства, яго правоў і іх аховы.

Так, Яна Вінклера можна назваць асацыяльнай адзінкай, у нас ёсць падставы заўважыць сур’ёзную розніцу паміж яго этыкай і этыкай нашай; з таго, што ён сам пра сябе гаварыў, мы ведаем, што найважнейшым правам ён лічыць права на жыццё. Давайце задумаемся! За якія ж вялікія крыўды ён вырашыў забіць бедную слабую істоту, у адрас якой ён і сёння выказваецца з вялікай цеплынёй.

Паны Суддзі! У мяне няма доказаў невінаватасці Яна Вінклера! Адзіным доказам ёсць ён сам! Гэты чалавек не мог учыніць забойства! І, Бог сведка, гэты чалавек яго не ўчыняў!

Апошнія словы прагучалі амаль як заклінанне. Сярод мёртвай цішыні адвакат павольна апусціў узнятыя рукі і сеў.

Раптам у куце залы нечыя рукі ўдарылі брава, іх прыклад перанялі другія, трэція, чацвёртыя — і вось праз хвіліну ўся публіка ўзнялася з месцаў і вялікая зала Акруговага суда выбухнула шалёнымі захопленымі апладысментамі…

Добрая хвіліна прайшла, пакуль гучны званок старшыні здолеў справіцца з шумам, пагражаючы суровым адказам на такі выбрык і абвяшчэннем пакінуць залу, калі нешта падобнае паўторыцца.

Рэпліка пракурора Аліцыі Горн на прамову адваката была чымсьці, чаго ў гэтай зале яшчэ не чулі. Проста цяжка было сабе ўявіць, каб чалавечыя словы маглі звязацца ў такія магутныя акорды абвінавачвання, у такія бліскучыя кантрасты супрацьлегласцей, у такія знішчальныя маўленчыя лавіны.

Толькі цяпер стала ясна, што дасведчаная абвінаваўца наўмысна абмінула ў першай прамове самыя цяжкія аргументы, што нездарма пакінула абаронцу некранутае поле пытанняў псіхікі падсуднага, каб толькі ў рэпліцы перакрэсліць разважанні адваката і даць яму вырашальную бітву.

З небывалым майстэрствам, не карыстаючыся нічым іншым, а толькі аргументамі абаронцы, яна сказ за сказам будавала сваё неабвержнае абвінавачванне.

Друцкі слухаў са сціснутымі вуснамі і сканцэнтраваным выразам твару. Слухаў, як яго любоў да вольнасці ў яе вуснах ператваралася ў найвялікшае злачынства, безразважны анархізм, як яго любоў да жыцця перараджалася ў пачварны эгаізм, які нічым не стрымаць, як ён ператвараўся ў жывёлу, якая карыстаецца грамадскім ладам, драпежнага звера, для якога адзіным правам з’яўляецца права наймацнейшага. Ён зразумеў, што для гэтых суддзяў, для ўсіх гэтых людзей ён ператвараецца ва ўвасабленне самага шкоднага пустазелля, якое трэба вырваць, у паразіта, само існаванне якога павінна быць небяспекай…

Атмасфера жаху запаўняла залу. Там, дзе словы былі бяссільныя, само гучанне металічнага голасу, само ўнушэнне прыгажосці Аліцыі і жывёльнае полымя, якое вырывалася з яе, павінны былі дабіцца свайго.

Калі сярод магільнай цішыні старшыня даў слова Друцкаму, ён цяжка ўстаў і хвіліну стаяў моўчкі. Ён вельмі яскрава ўсведамляў, што сваё выратаванне ён трымае ва ўласных руках, што ён можа, больш за тое, мае права, і гэта не толькі права прысутных тут людзей, але яго ўласнае права ратавацца і выратавацца. Вось зараз ён адкрые рот і прамовіць: «Шаноўныя мудрыя суддзі! Наіўныя людзі! Я не ўчыняў гэтага ганебнага забойства. Я да гэтага часу маўчаў, жадаючы абараніць майго сябра Барыса Залкінда, таму што я вельмі люблю яго і яго прыгожую жонку, бо ў іх ёсць сын, і ўласны дом, і асабістае шчасце, якое яны берагуць. Выканаўцамі забойства былі бандыты, насланыя на мяне хаўруснікамі Залкінда, разам з якімі Залкінд адправіў на той свет і абрабаваў аднаго старога жыда з Белавежы. Так, мудрыя суддзі, вы, напэўна, не здагадваецеся, што гэта паспяховая сёння прыгожая жанчына, ад выгляду якой вы ўздыхаеце і аблізваецеся, што гэты падпракурор Аліцыя Горн не далей як два дні таму клялася, што вызваліць мяне, калі я ёй прабачу тое, што ў яе халодная і брудная душа. Так, шаноўныя і паважаныя паны і пані, яна была маёй каханкай, яна абвінавачвае тут Яна Вінклера, хоць і ведае, што маё сапраўднае імя Багдан Друцкі, якога гадамі шукалі праз публікацыі аб вышуку, і я гвалтаўнік Аліцыі Жэраньскай, цяпер Аліцыі Горн. Яна мяне кахае і хоча, каб вы мяне забілі, бо жадае бачыць мой труп, а не іншых жанчын у маіх абдымках!.. Адсюль палымянасць яе абвінавачванняў, мудрыя паны суддзі…»

— Падсуднаму няма чаго сказаць?! — нецярпліва спытаўся старшыня з-за маўчання Друцкага.

Друцкі ўсміхнуўся і паківаў галавой:

— Так, мне няма чаго сказаць… праўда, пані падпракурорка?.. Нічога!..

Не паспеў ён сесці, як з-за ўзвышэння ўскочыла некалькі мужчын: падпракурор Аліцыя Горн самлела.

У зале падняўся гучны шум, сярод якога ледзь чуваць былі спешныя словы старшыні:

— Суд ідзе на нараду.

Адначасова з суддзямі з залы выйшла і Аліцыя, якую падтрымлівала некалькі калег. Яна хутка апрытомела і са слабай усмешкай дзякавала ім, тлумачачы свой стан ператамленнем і нервовым спусташэннем. Зрэшты, ёй не далі на гэта часу. Суддзі, пракуроры і розныя саноўнікі з міністэрства ў захапленні засыпалі яе віншаваннямі.

Праз чвэрць гадзіны абвясцілі прысуд: Яна Вінклера асудзілі да пакарання смерцю праз павешанне.

Абвінавачаны выслухаў прысуд спакойна. Затое яго абаронца, адвакат Шарневіч, пачаў пісаць просьбу на імя Прэзідэнта Рэспублікі аб памілаванні. Варта было з гэтым паспяшацца, таму што выкананне экзекуцыі было прызначанае на пяць гадзін раніцы.

Падпракурорка Аліцыя Горн, між тым, паклікала калегу Меснера і заявіла:

— Я вельмі прабачаюся за навязванне вам такой прыкрай функцыі, але я вас прашу замясціць мяне ад імя пракуратуры заўтра ў пяць раніцы падчас выканання прысуду, што адбудзецца на тэрыторыі Цытадэлі.

— Я з задавальненнем пазбаўлю вас ад гэтага агіднага відовішча, — адразу згадзіўся Меснер, — аднак думаю, што да экзекуцыі справа не дойдзе. Мне здаецца, пан Прэзідэнт змілуецца з гэтага Вінклера.

— Памыляецеся, — коратка адказала Аліцыя і, развітаўшыся, паехала дадому.

У яе вушах стаяў шум, і яна хісталася на нагах, уваходзячы ў сваю кватэру. Тут, дзе нічые вочы на яе не глядзелі, нервы цалкам далі сабе волю. Яна кінулася на тахту і, нервова сплёўшы пальцы, пачала грызці іх да крыві.

Як жа яна ненавідзела сябе! З якой жа асалодай гэтыя самыя зубы яна ўпіла б у сваю глотку, каб перагрызці яе!.. Яна шалёна біла сябе кулакамі ў скроні, у вусны, у шчокі, у грудзі… Яна не адчувала болю, а толькі нарастанне гневу, які, здавалася, пераходзіў у шаленства…

Яна ўскочыла, запаліла ўсё святло і, не засланяючы акно, пачала здзіраць з сябе адзенне. У гэтую ж хвіліну яна заўважыла сябе ў люстэрку і пасыпала пракляццямі. З яе вуснаў ненавісным шэптам зрываліся пагардлівыя, прыніжальныя словы, з кожным разам больш вульгарныя, чым далей, тым брыдчэйшыя… Нарэшце яна выбухнула дзікім спазматычным смехам і, заглыбіўшы пальцы ў валасы, пачала жменямі іх рваць…

У дзверы пастукалі.

— Хто там? — крыкнула Аліцыя. — Што вы хочаце, Юзэфова?!

— Мне здавалася, вы мяне клікалі.

— Не клікала! Ідзіце прэч!

За дзвярыма ўсталявалася маўчанне. Відаць, старая служка аслупянела ад незвычайнага тону пані. Паколькі, аднак, не было чуваць, што яна сыходзіць, Аліцыя шалёна закрычала:

— Ідзіце адсюль, што гэта за падслухоўванне!

— Я не падслухоўваю, — абурылася Юзэфова, — я толькі хачу аддаць ліст.

Аліцыя прыадчыніла дзверы і ўзяла ліст. Раптам яе апанавала адчайнае перакананне, ну так, поўная ўпэўненасць, што гэта ліст ад яго!.. Нягледзячы на абсурднасць такога дапушчэння, яна прыціскала канверт да грудзей і паўтарала, нібыта хацела ўмацаваць сябе ў гэтай веры:

— Бох… Бох… Гэта ён… Яшчэ не ўсё страчана, я яшчэ змагу яго ўратаваць, відаць, цаной прызнання ва ўсім!..

Яна паглядзела на ліст, і рукі яе бяссільна апусціліся: гэта быў вялікі ўрадавы канверт з пячаткай Міністэрства юстыцыі. Яна машынальна распячатала яго і прабеглася вачыма.

А пісьмо гэта было не абы-чым! У ім было прызначэнне падпракурора Аліцыі Горн у гонар прызнання яе заслуг у галіне правасуддзя, яе ведаў і таленту на пасаду пракурора Варшаўскага Акруговага суда…

Аліцыя змяла паперу ў далоні і кінула долу.

Загрузка...