Раздзел 9

Прафесар Бруніцкі з меншай, чым звычайна, увагай слухаў справаздачы доктара Кунокі. Ён падзякаваў калегу і зачыніўся ў сваім кабінеце.

Доўга шукаў нешта ў даўно не чапаных шуфлядах стала, доўга гартаў старыя календары і нататкі, супастаўляў даты розных здарэнняў і ўрэшце запісаў на лістку: «З 25 жніўня па 3 верасня».

Потым загадаў падаць машыну і паехаў ва ўніверсітэцкую бібліятэку.

Памочнік бібліятэкара вельмі здзівіўся, калі прафесар папрасіў адшукаць для яго падшыўкі жоўтай прэсы за пятнаццаць гадоў.

— Пан прафесар, вам «Голас вуліцы»?

— Так. «Голас вуліцы», жнівеньскі і вераснёўскі.

Праз некалькі хвілін кур’ер паклаў перад ім на стол дзве толькі што працертыя ад пылу падшыўкі пажоўклай паперы.

Прафесар шукаў даволі доўга, урэшце знайшоў. Загаловак гучаў так: «Злачынства вырадка». А ніжэй — «Згвалтаваў чатырнаццацігадовую пансіянерку і збег».

Пачаў чытаць:

«Учора ў восем гадзін вечара вучаніца 6-га класа гімназіі пані Вжэцяноўскай, Марыя Аліцыя Жэр…ая заўважыла, што за ёй сочыць нейкі нецвярозы тып у паліто жаўтаватага колеру і ў капелюшы „Панама“.

Гэты тып ішоў за ёй па вуліцы Кракаўскае Прадмесце аж да дома па вуліцы Смольнай, 17, дзе жыве панна Ж. са сваім бацькам, гарадскім служачым па прафесіі. Не падазраючы нічога дрэннага, дзяўчына ўвайшла на лесвічную клетку і адчыніла сваім ключом дзверы кватэры. У гэты момант згаданы праследнік штурхнуў яе ўнутр і, замкнуўшы за сабой дзверы на ключ, згвалтаваў безабаронную.

Крыкі няшчаснай і гучны шум, што стварала мэбля, паваленая беднай дзяўчынкай, якая абараняла свой гонар, звярнулі на сябе ўвагу суседзяў, і яны пачалі ламацца ў дзверы. Калі нарэшце дзверы выламалі, то заспелі ахвяру, якая плакала ад роспачы ў падраным адзенні. Адчыненае акно ўказвала на дарогу, якой уцякаў вырадак-злачынец: ён выскачыў, рызыкуючы жыццём, са значнай вышыні другога паверха на брук і, пэўна, нічога сабе не пашкодзіў, бо, карыстаючыся цёмнай парой, збег.

Адразу ж выкліканая паліцыя знайшла згубленыя злачынцам, відаць, у мітусні барацьбы з ахвярай рэчавыя доказы, лісты і да таго падобнае, якія бясспрэчна сведчаць, што вінаватым у жудасным гвалце з’яўляецца (неверагодна) малады інжынер гандлёвага флоту і слухач марской акадэміі Багдан Друцкі…»

Бруніцкі працёр лоб і стаў чытаць далей:

«…сын вядомай і шанаванай сям’і землеўладальнікаў з Падолля. Паліцыя адразу ж накіравалася ў яго кватэру, але аказалася, што злачынец ужо здолеў знікнуць. Верагодней за ўсё, Друцкі збег за мяжу. Ён аб’яўлены ў вышук.

Бедны бацька ахвяры, пан З. Жэраньскі, даведаўшыся пра няшчасце, якое адбылося з дачушкай, страціў прытомнасць. У шырокіх колах вышэйшага грамадства, дзе Багдан Друцкі быў частым госцем, запанавала зразумелае абурэнне».

Прафесар закрыў падшыўку і выйшаў.

Цяпер у яго не было ніякіх сумненняў. Яго мучыла пытанне, ці ўсведамляюць яны, або хтосьці адзін, што іх некалі звязвала?

Таму ён паехаў прама ў «Брысталь». Тут ён Друцкага не заспеў, аднак даведаўся, што пэўна «на досвітку дырэктара Вінклера дома не будзе».

Тады прафесар вярнуўся дадому, апрануў смокінг і паехаў у «Аргенціну».

Друцкага ён заспеў у выдатным, як заўсёды, настроі. На лбе над скронню ў яго быў шырокі шрам, заклеены англійскім пластырам.

— Што гэта, — запытаўся прафесар, указваючы на рану, — у цябе зноў на адну дзірку ў скуры прыбыло?

— А, так, — засмяяўся Друцкі, — я зноў уліп у маленькую авантурку. Відаць, у гэтым і ёсць таямніца майго прызначэння. Мне не трэба шукаць дзве рэчы: авантуры і жанчын.

Да яго дайшло, што гэтага не трэба было гаварыць, і ён прадбачыў прыкрасць на твары Бруніцкага, але той сказаў, паціскаючы плячыма:

— А што ты хочаш. Ты любіш і адно, і другое.

— Можа, і люблю. Я кіруюся тым, што мне прызначана лёсам.

Бруніцкі на гэты раз заняў ложу і папрасіў Друцкага:

— Слухай, ты мог бы прысвяціць мне адзін вечар і пасядзець тут са мной.

— Табе надакучыла донна Фіямета? — не стрымаў смех Друцкі.

— А чаму ты здзіўляешся? Зрэшты, гаворыць яна ўсё пра цябе. Гэтая тэма ёй, відаць, вельмі блізкая. Я, аднак, лічу за лепшае размаўляць з табой, а не пра цябе.

— З двух ліх?

— З двух ліх, — пацвердзіў прафесар.

— Ну дык добра. Я ўладжу яшчэ некалькі спраў і вярнуся да цябе. Можа… можа, сёння ты мне нарэшце растлумачыш, чаго ад мяне хочаш?

— Можа… Я чакаю.

Друцкі збег уніз, аддаў некалькі распараджэнняў, яшчэ раз прагледзеў спіс гасцей, якія замаўлялі столікі, і стаў лаяцца:

— Што за чорт! Гэты Лэньчыцкі што, ашалеў?!

Пяць дзён ужо Аліцыя не заглядвала ў «Аргенціну». Спачатку Друцкі тлумачыў гэта какецтвам, потым задумаўся, ці не варта ўсё ж сур’ёзней аднесціся да слоў гэтай дзіўнай жанчыны пра тое, што больш яна тут не пакажацца, урэшце Друцкі пазваніў Лэньчыцкаму, спытаўся пра яго здароўе і дазнаўся, што адвакат сам намагаўся ўгаварыць пані Горн правесці вечар у «Аргенціне», але безвынікова.

«Яна толькі прыкідвалася, што цікавіцца мной, — падумаў Друцкі, — але калі яна мяркуе, што я памру ад роспачы, то вельмі памыляецца. У любым выпадку дзіўна».

Хоць ён і абяцаў сабе махнуць на Аліцыю рукой, аднак пільнаваў яе кожны дзень і злаваўся, калі лавіў сябе на гэтым чарговы раз. Ён дакладна ведаў, што не закахаўся ў яе, але таксама добра ўсведамляў, што яго цягне да яе мацней, чым да іншых жанчын. Друцкі думаў, што і з ёй робіцца тое самае, але — як аказалася — ён памыліўся.

— Я да тваіх паслуг, — прамовіў ён, уваходзячы ў ложу Бруніцкага, — і, праўду кажучы, рады, што хоць адзін вечар адпачну і пагутару з табой. Скажы мне, — пачаў ён пытанне, наліваючы Бруніцкаму віна, — паўторны аналіз маёй і крыві твайго сына даў такія ж вынікі, як папярэдні?

— Так. У цябе кроў тыпу «С», а ў яго тыпу «А».

— Вось бачыш, — выдыхнуў Друцкі, — я быў упэўнены ў гэтым. Нейкае пракляцце навісла над нашым сяброўствам, але я перакананы, што ў рэшце рэшт твае даследаванні перакрэсляць усялякія сумненні і ўсе падазрэнні, якія — не кажучы пра мяне — так азмрочваюць светлую памяць пра тваю жонку…

Твар прафесара асунуўся, і ён глуха сказаў:

— Аднак жа яна цябе кахала…

— Давай вып’ем, — перарваў яго Друцкі.

Бруніцкі выпіў кілішак да дна і пахітаў галавой:

— Так, табе неверагодна шанцуе на жанчын… Але а propos[18], — панізіў ён голас, — ты не спрабаваў даведацца, што адбылося з той… ну, з той дзяўчынкай…

— З якой дзяўчынкай?

— З той пансіянеркай, пасля гісторыі, з-за якой ты мусіў уцякаць за мяжу.

Прафесар скосу назіраў за Друцкім, але яго твар быў спакойны.

— Канечне, — кіўнуў той галавой, — я стараўся сабраць інфармацыю. Дык вось, гэтую малую, я да сёння не магу прабачыць сабе маё шаленства, гэтую малую бацька адвёз у вёску. Яе бацька кінуў свой пост у Варшаве і ўзяў у арэнду маленькі фальварак на Палессі. Дзяўчыну паслалі ў Лодзь у гімназію, але датуль хутка даляцелі звесткі пра скандал і трэба было яе перавесці куды-небудзь у іншае месца. Куды — невядома. З таго моманту яе след знік. Я толькі ведаю, што бацька дзяўчыны памёр, калі яна была яшчэ ў Лодзі.

— І больш нічога?

— Нічога.

— Ты звяртаўся калі ў якое-небудзь дэтэктыўнае агенцтва?

— Барані божа, — рассмяяўся Друцкі, — не думай, што я такі наіўны.

— Дык што?

— Я выпадкова натрапіў тут на нейкага Цяржаўскага. Ён крыху сарвігалава, крыху альфонс, а галоўнае, дармаед. Дык вось, гэты блакітны птах некалі быў аканомам ці кіраўніком у маёнтку, суседнім з фальваркам бацькі гэтай малой. Я мог у яго без боязі быць выкрытым усё выпытаць, бо, хоць ён і спрытнюга, але даволі абмежаваны: калі заплаціць за яго вячэру і дазволіць яму расказваць старыя нафталінавыя анекдоты, ён балбоча бесперапынку. Я прыкінуўся вельмі зацікаўленым і выцягнуў з яго яшчэ і тое, што ў адным са сваіх падарожжаў па краіне ён, заўваж, наймаўся на час выбараў агітатарам на мітынгах і сустрэў недзе ў Кутнаўскім ці Плоцкім павеце яе больш далёкую радню, таксама Жэраньскіх ці Жэраўскіх, я ўжо не памятаю. Дык яны ўвогуле адракаліся ад сваяцтва.

Друцкі некалькі разоў стукнуў сябе пальцам па лбе і закончыў:

— Я страшна іх усіх пакрыўдзіў. Вар’ят, асёл!

Прафесар барабаніў пальцамі па стале. Не было сумнення, што Багдан і не ўяўляў, хто такая падпракурор Аліцыя Горн.

— І ведаеш, — працягваў Друцкі, — я ўчыняў у жыцці вар’яцтва за вар’яцтвам, зрабіў безліч глупстваў і ні аб чым не шкадую, нічога не прагнуў бы перайначыць, вярнуць… Адно гэта даймае мяне, як кашмар… Ах, калі б я не быў тады п’яны! Усё з-за гэтага алкаголю! Вып’ем!

Яны пілі. Бруніцкі ўжо трохі захмялеў і таму вырашыў адкласці сюрпрыз да іншага разу або ўвогуле ўтаіць сваё адкрыццё.

Танцпляцоўка тым часам гудзела ад забавы. Гоман размоў, смех і бразгат шкла на фоне бесперапыннай ігры аркестра стваралі настрой, які, здавалася, ужо ўвабралі ў сябе гэтыя сцены.

Друцкі аглядаўся і некалькі разоў пытаўся ў афіцыянта, ці прыйшоў адвакат Лэньчыцкі.

Нарэшце афіцыянт прыйшоў сам з навіной:

— Няма Лэньчыцкага, пан дырэктар, і гэтай пані, што з ім бывае, але прыйшоў пан доктар, такі лысаваты ў акулярах, што з імі хадзіў.

— Адзін? — сарваўся з месца Друцкі.

— Так, пан дырэктар, адзінюткі.

— Дзе ён? — выглянуў ён у залу.

— Тут, пан дырэктар, якраз пад гэтай ложай.

У гэты час Друцкаму падумалася, што, можа, доктара Чухноўскага адправіла Аліцыя.

Нават напэўна, бо дзеля чаго яму прыходзіць?

Друцкі прабачыўся перад прафесарам і, нават не заўважыўшы яго іранічнай усмешкі, сышоў у залу.

Чухноўскі сядзеў адзін за маленькім круглым столікам і піў каньяк. Твар яго зрабіўся яшчэ бляднейшым, чым быў, пад вачыма з’явіліся сінякі, а шчокі запалі.

— Добры вечар, доктар, — павітаў яго Друцкі.

Кроў ударыла ў твар Чухноўскага, а вочы яго заблішчалі з-за пенснэ. Аднак ён устаў і падаў Друцкаму руку.

— Магу я запытацца, — не цырымонячыся, пачаў Друцкі, — чаму доктар апошнім часам такі рэдкі госць у мяне? Можа, што са здароўем, не дай божа?

Чухноўскі падазрона паглядзеў на яго і паціснуў плячыма:

— Не, я здаровы, дзякуй!

— Вы, як і ваша кампанія, забыліся на «Аргенціну»…

— Што вы кажаце? — здзівіўся Чухноўскі. — Дык і пані Горн не бывае?

— Ды не. Ні пані Горн, ні адвакат Лэньчыцкі. Я рады, што хоць вас бачу, доктар.

— Іх зусім не бывае? — дапытваўся Чухноўскі, нібыта не верачы сваім вушам.

— Зусім. Я нават здзівіўся.

— І я дзіўлюся, — сумна падхапіў доктар.

— Чаму? — з няшчырай абыякавасцю кінуў Друцкі.

Чухноўскі зноў пачырванеў.

— Таму… таму, што я думаў… што мне здавалася… Ну, я меркаваў, што пані Горн была зацікаўлена ў знаходжанні тут.

— Ах, — дадаў Друцкі, — і ў мяне было ўражанне, што пані Горн не сумна ў «Аргенціне».

Ён пашкадаваў ужо, што Чухноўскі прыйшоў, бо сам хацеў сустрэць Аліцыю.

«Небарака!» — падумаў Друцкі.

Проста ў яго галаве не ўкладвалася, каб чалавек інтэлігентны, які, калі не на ўласным вопыце, дык ва ўсякім выпадку дзякуючы літаратуры павінен быў больш-менш разбірацца ў жаночай псіхіцы, а ён настолькі бездапаможны. Друцкі ведаў, што Чухноўскі яго сапернік, але не адчуваў у ім саперніка да такой ступені, што гатовы быў хоць бы зараз ляпнуць яго па калене і ўскрыкнуць:

«Гэй, прыяцель! Ліха цябе бяры, не так дабіваюцца жанчын! Рабі што-небудзь! Дзейнічай, не енч і не румзай, тысяча чарцей!»

Друцкі ўстаў:

— Ну, тады жадаю вам прыемна правесці час… А пры магчымасці перадавайце маё шанаванне пані Горн і пану Лэньчыцкаму.

— Хвілінку, — затрымаў яго руку Чухноўскі, — секунду…

— Слухаю вас!

Доктар грыз ніжнюю губу:

— Не, уласна, нічога… Прабачце велікадушна… Можа, іншым разам…

Друцкі раззлаваўся. З яго было дастаткова! Ён так сціснуў далонь доктара, што той аж сыкнуў ад болю і плюхнуўся ў крэсла:

— Слухай пан, — злосна кінуў Друцкі, — альбо ты мужчына, альбо мяккі бесхрыбетны разявака. Што ты з сабой вырабляеш, гарохавы вянок табе на шыю[19]. Альбо плюнь на сябе і пастаў крыжык, альбо вазьмі сябе ў рукі! Не палезем мы ў труну, бо няма чаго! Што ты хнычаш, ліха цябе бяры! У цябе што, два жыцці, чаго ты адзінае жыццё сабе так атручваеш?!

Чухноўскі бяссільна апусціў галаву на грудзі.

— Давай па шчырасці, — працягваў Друцкі, распалены безнадзейнай мінай слухача, — ты глядзіш на мяне, як на ворага, бо думаеш, што я яе ў цябе забраў. Так?

Чухноўскі маўчаў.

— Так ці не? — настойваў Друцкі.

— Так.

— Ну дык я не забраў, бо не атрымаў.

Твар доктара праяснеў, ён быў гатовы абняць Друцкага, што давяло таго ледзь не да шаленства:

— І чаму вы радуецеся, чорт вас бяры! Чаму? Што я не забраў?.. Скажу вам: калі не я, то яе забярэ кожны, разумееце, кожны, толькі не вы. Не я, дык другі, але не вы са сваімі плаксівымі адносінамі да жыцця. Пане, Божа мілы, ці ж вы гэтага не бачыце?

— Бачу… бачу, — падтакваў доктар.

— І што вы зробіце?

— А што я магу зрабіць?.. — з роспаччу развёў рукамі Чухноўскі.

Друцкі ўстаў:

— Павесіцца, даражэнькі, павесіцца. Я б на вашым месцы павесіўся.

Ён быў такі абураны, што выцяў бы гэтага ёлупня тут жа, на месцы.

Друцкі схаваў рукі ў кішэні і, не развітаўшыся, пайшоў наверх.

Ля Бруніцкага сядзела Казя і актыўна заляцалася да прафесара. Бедны Караль выглядаў вельмі няшчасным. Гэта так развесяліла Друцкага, што ён адразу забыўся пра Чухноўскага.

— А… прабачце, — падаўся ён назад, робячы выгляд, што хоча знікнуць, — мне здаецца, што я вам перашкаджаю.

— Не, не, — закрычаў прафесар, — ніколькі, хадзі ж сюды!

— Можа, аднак?.. — цырымоніўся Друцкі.

— Ну хадзі ж! — на гэты раз Бруніцкі прасіў, нібыта крычаў: «Ратуйце!»

— Просім, пан дырэктар, — кінула на яго гарачы погляд Казя.

Як толькі ён сеў, яна пакрысе пачала падсоўвацца да яго.

— Ведаеш, — праз некалькі хвілін рашыўся прафесар, — пра нашы справы пагаворым іншым разам. Сёння і надта позна, і зашмат было віна. Я табе патэлефаную.

Друцкі яго не затрымліваў.

Ён не збіраўся адмаўляцца ад сваіх абяцанняў прафесару, але таксама не спяшаўся іх рэалізоўваць, тым больш што ён не меў паняцця, якіх ахвяр Караль ад яго запатрабуе.

Калі пасля провадаў прафесара ён вярнуўся ў залу, Чухноўскага ўжо не было.

Друцкі сеў на хвіліну за адзін столік, за другі, за трэці, потым паразмаўляў з бармэнам, зазірнуў у склеп і на кухню.

Тут яго знайшоў афіцыянт:

— Пан дырэктар, скандал!

— У зале?

— Не, толькі ў кабінеце пана дырэктара. Гэта бессаромніца Казя…

Друцкі ўжо ведаў, у чым справа. Канечне, скандал з Тэцяй.

— Ну, я ім пакажу! — мармытаў ён сам сабе, ідучы шырокім крокам.

Ён не памыліўся.

Кабінецік выглядаў, як поле бою. Тэлефонны апарат, пішучая машынка і куча папер ляжалі на падлозе. Крэслы былі перавернутыя.

Панна Тэця з растрапанымі валасамі сядзела ў куце на падлозе і залівалася слязьмі.

Донна Фіямета стаяла над ёй у падранай сукенцы і крычала, пагражаючы кулачкамі.

— Ціха! — гыркнуў Друцкі.

Казя апамяталася і, цяжка дыхаючы, звярнулася да яго:

— Пан дырэктар…

— Маўчаць!.. Панна Тэця, устаньце, калі ласка!

Усхліпваючы, сакратарка паднялася і закрыла вочы рукамі, зноў заходзячыся ад плачу.

За Друцкім і афіцыянтам у кабінет праціснулася яшчэ некалькі чалавек з рэстараннага персаналу і з трупы артыстаў.

— Што вам? — цыкнуў на іх Друцкі.

Штурхаючыся ў спешцы, яны выправадзіліся ў калідор.

Друцкі пачаў следства.

Аказалася, што Казя зайшла ў кабінет, каб адпрасіцца ў дырэктара на заўтра, і хацела тут яго пачакаць. Тэця не вельмі ветліва выправоджвала яе за дзверы. Словы перайшлі ў рукапрыкладства, прычым, немагчыма было вызначыць, хто з праціўніц першы распусціў рукі. Друцкі, аднак, ведаючы характар і адной, і другой, не меў ніякіх сумненняў, што напала тэмпераментная сеньярыта Фіямета, а не салодкая і нясмелая панна Тэця.

У канцы гэтага расследавання яму ўжо хацелася смяяцца, аднак, ён стрымліваўся і не мяняў грозную міну. Найперш неабходна было забяспечыць парадак і дысцыпліну. Друцкі добра ўсведамляў, што скандал узнік з-за яго на падставе рэўнасці. Таму таксама не спраўдзіліся прадказанні, якімі дзяліліся цяпер на кухні, у гардэробе, бары, што гучалі адзінагалосна:

— Дырэктар выганіць абедзвюх на ўсе чатыры бакі.

Не выгнаў. Ён загадаў Тэці апрануцца і ісці дадому, а заўтра з’явіцца на працу. Ён таксама папярэдзіў: пасля таго, што адбылося, ён не выплаціць ёй прэмію.

Казю Друцкі затрымаў.

Як толькі яны засталіся сам-насам, дзяўчына расплакалася, пачала прасіць прабачэння, спрабавала яго расчуліць, потым пасылала пракляцці ў адрас саперніцы, не шкадуючы самых смачных выразаў.

— Хопіць! — закрычаў Друцкі. — Ведаеш, што цябе чакае, я ж цябе папярэджваў. Касір выплаціць табе належнае — і да пабачэння.

— Даруй! Даруй! Даруйце, пан дырэктар! Клянуся, што больш ніколі, ніколі!..

Яна кінулася перад сталом, за якім ён сядзеў, на калені.

— Устань, бо ты мяне не расчуліш, а калені твае забаляць. Я сказаў — і кропка.

— Гэта адзін раз, — усхліпвала Казя, — апошні раз. Божа, Божа! І гэта з-за такой сцервы, з-за такой малпы!.. Я клянуся!

— Клянешся, а прыдумляеш далей, не веру я табе зусім…

— Я больш не буду, клянуся, што не буду, даруй, прабач, я так страшна цябе кахаю… Я больш гэтую безгаловую малпу пальцам не крану…

Друцкі сарваўся з месца і падышоў да акна. Ён павінен быў схаваць твар, бо смех яго проста душыў.

Нарэшце ён здолеў авалодаць сабой і сказаў:

— Ну, добра, можа, я табе і дарую, але з умовай… Пачакай!

Дзяўчына кінулася на яго і пачала цалаваць:

— О, які ты добры, які каханы, які адзіны.

— Супакойся, — ён адсунуў яе лёгка, але рашуча. — Спачатку выслухай, што я табе скажу. Можа, тады захочаш сысці.

— Не, я ўпэўнена, — пахітала яна галавой.

— Тады слухай. Я пакіну цябе тут працаваць з такой умовай: па-першае, заўтра адразу ж паедзеш да панны Тэці і папросіш у яе прабачэння, а то…

— Няхай, добра…

— Чакай. Прабачышся, пацалаваўшы ёй руку.

— Я? Гэтай халеры?

— Ты — ёй.

Дзяўчына панура глядзела ў падлогу і адказвала:

— Ну, няхай.

— Але гэта не ўсё. Зробіш гэта так, каб я быў задаволены. Разумееш? Не абы-як, а як належыць.

— Ну, няхай.

— Акрамя таго, ты кожны дзень будзеш ёй кланяцца першая, і ветліва!

— Ну, няхай.

— Ніякіх «ну, няхай», — крыкнуў Друцкі, — глядзі мне! Бо цяпер, хай што здарыцца, мы не толькі развітаемся, але яшчэ на развітанне задзяру спадніцу і ўляплю табе па-бацькоўску такое «Ойча наш», што табе тыдзень не будзе на чым сядзець.

Казя кіўнула галавой, памаўчала хвіліну і запыталася:

— Гэта ўсё?

— Калі ты стрымаеш абяцанне, то ўсё.

— Стрымаю… О, ты вельмі жорсткі, але я і такога цябе кахаю.

Казя прытулілася да яго.

— Ты можаш мяне нават пабіць, але я і тады цябе кахаць не перастану… А сёння… сёння ты прыйдзеш да мяне?.. Праўда, прыйдзеш, мой каханы, мой адзіны?

Друцкі рассмяяўся. І што ты зробіш з гэтымі бабамі?! Горшае для яе мінула, і яна цяпер лічыць, што ён не знойдзе нічога лепшага пасля ўсяго, што адбылося, як толькі ісці да яе.

Казя выглядала так апетытна, што Друцкі ледзь не спакусіўся, аднак з педагагічных меркаванняў рэзка адмовіў, не верачы, зрэшты, што яна зразумела сэнс гэтай адмовы. У душы яна будзе здзіўляцца, што яму яшчэ трэба, раз усё ўжо ў парадку.

«Усё мае свае станоўчыя бакі, — падумаў сам сабе Друцкі, едучы ў атэль, — па меншай меры, раз добра высплюся».

— Маё шанаванне, пан дырэктар! — павітаўся з ім начны парцье. — У вас чакае адна пані.

У Друцкага сэрца забілася мацней.

— Аліцыя! — пранеслася ў яго галаве.

Шырокім крокам мчаў ён па лесвіцы і адчыніў дзверы.

На ложку ў капелюшы, футры і ботах сядзела скурчаная — Тэця.

— Катастрафічна цяжка выспацца, — уздыхнуў Друцкі і пачаў распранацца.

Загрузка...