Раздзел 11

— Ой, капітане! Я яшчэ не гатовая! — закрычала Люба праз дзверы.

— Што? Яшчэ? — нібыта з абурэннем крыкнуў Друцкі.

— А што вы хацелі паказаць?

— Свой новы набытак, аднак калі вы не гатовая, то да пабачэння, я выходжу!

Друцкі пачаў тупаць нагамі і ціхенька сеў на крэсла тут жа ля дзвярэй.

— Капітане! Капітане! — крычала Люба і, не пачуўшы адказу, убегла ў залу.

Яна сапраўды не была апранута: у камбінашцы і халаце, які паспела надзець толькі на адну руку.

Не заўважыўшы Друцкага, яна прабегла да дзвярэй, што вялі ў сталовую і, высунуўшы галаву з-за іх, пракрычала:

— Ужо, ужо, я гатовая, вярніцеся, калі ласка!

Адначасова яна здолела справіцца з супраціўленнем другога рукава. Калі ўрэшце ёй гэта ўдалося, Друцкі, не кранаючыся з месца, вельмі гучна сказаў:

— Ну, нарэшце!

— Ах! — спужалася Люба. — О, вы нягоднік! Як можна… Падглядаць за мной неапранутай!

Яна падбегла да яго і, нахіліўшыся, сурова пагразіла яму пальцам.

Друцкі засмяяўся і схапіў яе за руку.

Ці то ўхапіў надта моцна, ці дыван ссунуўся, але гэтага было дастаткова, каб яна захісталася, страціла раўнавагу і апынулася ў яго на каленях. Люба знерухомела, не адпускаючы яго рукі.

— Люба!.. — засцерагальна прашаптаў Друцкі.

Яна засмяялася і закінула яму рукі на шыю:

— Напужаў мяне, дык цяпер павінен супакоіць.

— Люба! — хрыпла паўтарыў Друцкі.

Яна раскрыла вусны тут жа ля яго вуснаў, полымя ў яе вачах разгаралася. Голыя плечы яе краналіся яго шыі і карка. Яны наблізіліся да яго настолькі, што Друцкі адчуў паскоранае дыханне жанчыны.

Ён сціснуў сківіцы і адвярнуў галаву. Тады Люба пачала шаптаць яму на вуха, што нічога страшнага, што гары яно ўсё гарам, што служка не ўвойдзе, што яна больш не вытрывае, што ён каханы, што гэта пакута, няхай будзе што будзе…

Яе прагныя вусны пакідалі гарачыя палосы на яго твары.

Раптам ён узяў яе на рукі, сціснуў у абдымках, сарваўся з месца і пачаў хадзіць па пакоі. У вачах у яго памутнела, у грудзях хрыпела, кроў адбівала шалёны рытм у скронях. Друцкі не адчуваў яе цяжару, аднак хістаўся, як п’яны.

Не, гэта было вышэй за яго сілы!

Ён гвалтоўна адарваў яе рукі ад сябе, кінуўся ў крэсла.

— Нельга так, Люба… гэта страшна… нельга… — гаварыў Друцкі перарывістым голасам, — я даў твайму мужу слова…

Яна падышла да яго:

— І што! І што! І што, што не стрымаеш, — шаптала яна, чапляючыся за яго рукі.

— Стрымаю!.. Люба!.. Павінен стрымаць і стрымаю!..

— Ты даў слова, — не саступала яна, — што не кранеш мяне… Ну добра, добра… Але не адмаўляйся мілаваць мяне… Таму што гэта можна…

— Люба, я звар’яцею! Няўжо ты не разумееш?!.

— Нічога я не разумею, нічога не хачу разумець, — тулілася яна да Друцкага, — мой цудоўны, мой самы салодкі…

У яго былі гарачыя як полымя, рукі, а яе скура халодная як мармур. Вусны яго перасохлі, а ў яе былі сакавітыя і вільготныя.

Раптоўны званок тэлефона прывёў іх да памяці і працверазіў.

Трубка ў руках Любы дрыжала, і голас яе дрыжаў:

— Алё!

— …

— А, гэта ты?.. Што ты хацеў?

— …

— Малы гуляе. А я зараз выходжу, таму што прыйшоў капітан. Мы ідзём разам.

— …

— Добра. І я цябе цалую. І не спазняйся на абед.

Друцкі працёр лоб, пайшоў у сталовую, выпіў залпам дзве шклянкі вады і закурыў.

Люба пацалавала яго ў вусны і пабегла апранацца. Праз некалькі хвілін яна была гатовая.

— Пані Люба! — пачаў Друцкі, але яна яго перарвала:

— Толькі не маралі, капітане, толькі не маралі!

— Аднак…

— Бо гэта было так нявінна, але так цудоўна. Хадзем, хадзем.

Яна яшчэ зазірнула на кухню, аддала нейкія распараджэнні, і яны выйшлі на вуліцу.

Перад варотамі стаяла доўгая, шэрая, як мыш, двухмесная машына, якая блішчала свежай фарбай.

— Ах, якая прыгожая машына, — залямантавала Люба, — цікава, чыя яна.

— Лялька, — пацвердзіў Друцкі.

— Гэта, напэўна, Баўман купіў, — выказала здагадку Люба.

— Не.

— Капітане!

— Так, — кіўнуў ён галавой, — гэта і ёсць набытак, які я вам хацеў паказаць.

— Цудоўны!

— А пабачыце яшчэ, як ён ездзіць!

Друцкі адчыніў дзверцы, дапамог Любе сесці і сам заняў месца за рулём.

— Якая гэта марка? — спыталася Люба.

— «Фулд». Шэсць цыліндраў.

— Ён, відаць, добрых грошай каштуе.

— Значна менш, — засмяяўся Друцкі, — чым здаецца знешне.

Яны паехалі ў Віланаў.

За горадам вясна ўжо была ў разгары.

Узараная зямля моцна, насычана пахла, абочыны зелянелі. Дрэвы пакрыліся першым дробненькім лісцем.

У Віланаве яны пілі малако і елі чорны хлеб з водарам мёду. У Варшаву вярталіся ў выдатным настроі.

Машына сапраўды ехала цудоўна, хоць Друцкі заўважыў, што трэба будзе паправіць амартызатары ля рысораў.

Ён адвёз Любу дадому і вярнуўся ў атэль.

— Вам ліст, пан дырэктар, — затрымаў яго парцье.

У белым канверце была толькі кароткая запіска, надрукаваная на машынцы: «Чакаю неадкладна сёння вечарам — К».

— Нарэшце, — уздыхнуў Друцкі.

Роўна ў восем ён быў на Жаліборы. Бруніцкі чакаў яго ў холе.

— Гэта я, — сказаў Друцкі.

— Дзякуй табе, — паказаў яму на крэсла прафесар. — Ты знішчыў мой лісток?

— Зразумела.

— Нас чакае доўгая размова. Можа, гарбаты?

— Калі ты не супраць, мне моцнай.

Прафесар націснуў на званок. Адразу ж з’явіўся квадратны барадач і, выслухаўшы загад, праз хвіліну даставіў паднос з гарбатай.

— Аб адным я цябе папрашу, — пачаў прафесар, — а менавіта, прыняць тое, што я скажу, на веру, а потым, каб ты ў мяне не выпытваў пра рэчы, пра якія я сам не скажу.

— Я прыйшоў сюды не для задавальнення сваёй цікаўнасці, — кіўнуў галавой Друцкі.

— Такім чынам, справа ў наступным: законы не дазваляюць навуковыя эксперыменты на пацыентах. Ты добра ведаеш, што пытанне, якое я задаў навуцы і на якое даўно шукаю адказ — гэта ці магчымае так званае «ўгляданне».

— Ведаю.

— Дык вось, прызнаюся, я кіраваўся матывамі — і ты, Багдане, ведаеш гэта лепей, чым хто іншы — асабістымі. Таму я мог бы пайсці супраць сябе, калі б не абыякавасць да пытання матываў даследаванняў з боку самой навукі. Гаворка пра надзвычай важную рэч, надзвычай вялікую, каб мае ці твае магчымыя сумненні я мог браць пад увагу. Даследаванні ж могуць быць праведзены толькі эксперыментальным шляхам. Для гэтага мне патрэбны адпаведныя аб’екты, дастаўкай якіх ты і павінен заняцца.

— Дастаўкай… людзей? — запытаўся Друцкі.

— Жанчын, — пацвердзіў Бруніцкі.

— Жанчын?.. Многіх жанчын?

— Пачакай. Як ты, відаць, здагадваешся, да гэтага часу я вымушаны быў рабіць гэта сам. Аднак па многіх прычынах гэта было небяспечна і вельмі часта немэтазгодна. Бо гаворка толькі пра цяжарных жанчын. Я не буду расказваць табе пра сродкі, якія я мусіў ужыць, каб знайсці такіх жанчын. Я дазволю сабе звярнуць тваю ўвагу на дзве галоўныя крыніцы: першая — гэта нелегальныя акушэркі, да якіх звяртаюцца з нагоды цяжарнасці, другая — берагі Віслы, чыгуначныя пераезды, паркі — гэта значыць, месцы, дзе найчасцей адбываюцца самагубствы дзяўчат, якія спазналі так званую любоўную прафесію і якім матэрыяльныя ці сямейныя ўмовы не дазваляюць нарадзіць або зрабіць аборт. Разумееш?

Друцкі сціснуў пальцы:

— І я павінен дастаўляць іх табе?

— Не ўсіх. Сярод іх бывае шмат такіх, каго іншыя прычыны штурхаюць да самагубства. Таму трэба выбіраць. Варта спачатку ўпэўніцца, што дадзены экзэмпляр сапраўды знаходзіцца ў цікавым стане. Інакш рызыкаваць не варта. Акрамя таго, выбіраць трэба маладых жанчын, да трыццаці гадоў, здаровых, моцных. Найбольш вітаюцца інтэлігентныя асобы, з уразлівай псіхікай.

— І што мне з гэтым рабіць?

— Заданнем тваім будзе адшукаць адпаведны аб’ект, не звярнуўшы на сябе чыёй бы тое ні было ўвагі, і потым даставіць яго сюды. З пункту погляду бяспекі трэба быць надзвычай асцярожным. Таму перавозіць пацыентку ў гэтую вілу трэба ў адурманеным стане. Яе можна ап’яніць алкаголем, хлараформам, эфірам ці іншымі сродкамі, якімі я цябе забяспечу. У любым выпадку, каб яна не магла зразумець, куды яе вязуць і дзе знаходзіцца. Гэта, урэшце, не галоўнае, аднак былі выпадкі, калі грэбаванне ап’яненнем прыводзіла да непрадбачаных наступстваў.

— І гэта ўсё, чаго ты ад мяне хочаш?

— Не зусім. Праз некалькі дзён ты павінен будзеш адшукаць вінаватага ў цяжарнасці і здабыць яго фатаграфію і, наколькі гэта будзе магчыма, выявы яго бацькоў і бацькоў дзяўчыны. Гэта не надта складана, таму што звычайна пасля знікнення дзяўчыны адбываецца скандал. Гэтым цікавяцца фотарэпарцёры, следчыя паліцыі, часта прыватныя дэтэктывы. Такім чынам, твая асоба не прыцягне чыёй-небудзь увагі.

Прафесар флегматычна закурыў і дадаў:

— У далейшым я буду чакаць ад цябе яшчэ пэўных паслуг, а пакуль гэта ўсё.

Друцкі панура ўперыўся ў яго:

— Можа, трупы вывозіць?

— Чаму трупы? — непрыемна рассмяяўся Бруніцкі. — Ніякіх трупаў, будзь упэўнены.

— Аднак, даруй, як наконт тваёй і маёй асабістай бяспекі? Бо гэтыя няшчасныя, пакінуўшы твой дом…

— Я прасіў цябе, — перарваў прафесар, — каб ты не выпытваў.

Друцкі ўстаў і пачаў шырокім крокам хадзіць па холе. Ён не верыў Бруніцкаму. Цяпер самыя фантастычныя здагадкі і апаскі, якія мучалі яго пасля дадзенага прафесару абяцання, засталіся ў мінулым. Ён павінен выконваць ганебную ролю… Канечне… самую ганебную… Заслугоўваць давер няшчасных, падманваць іх і аддаваць, выдаваць у рукі Бруніцкага і гэтага японца… чорт ведае на якія пакуты.

«Дзеля навукі», — абудзілася ў ім злачынная рэфлексія.

— Паскудства, — уголас сказаў ён.

— Адкуль раптам такая абвостраная маральнасць? — са з’едлівай іроніяй запытаўся прафесар.

— Паскудства, — паўтарыў Друцкі.

— Дык што… адмаўляешся?

— Пачакай! Скажы мне толькі… Дай мне слова гонару, што не будзеш іх забіваць, што…

Прафесар затрымаў яго рухам рукі:

— Чалавеча! Мне не трэба іх забіваць. Што б я, урэшце, рабіў з трупамі? Наадварот, гэтыя жанчыны заўсёды найлепшым чынам дагледжаныя.

— Слова гонару?

— Ну добра, даю табе слова гонару, — раздражнёна сказаў Бруніцкі. — Я не бяздумная жывёла, якая бязмэтна забівае людзей. Я не толькі не хачу смерці гэтых жанчын, я хачу, каб яны былі здаровыя, шчаслівыя і жылі ў дастатку.

Размова прадоўжылася да позняй ночы. Друцкі пазваніў у «Аргенціну» і аддаў некалькі распараджэнняў. Вячэралі яны ўдвух. Доктар Кунокі зусім не паказаўся.

Друцкі выйшаў змучаны і спустошаны.

У найбліжэйшыя дні ён павінен быў заняцца сваім новым брыдкім рамяством. Урэшце ў яго не было іншага выйсця. Ён даў Бруніцкаму абяцанне, і прыйшоў час яго стрымаць.

У гэты дзень дырэктар Вінклер быў не ў гуморы. У чым адразу пасля яго з’яўлення ў клубе пераканаўся парцье, які, як на злосць, менавіта сёння крыху выпіў. Наступнай ахвярай стаў інжынер Турман, якому дырэктар рэкамендаваў адмовіць у далейшым крэдыце. Падчас масавага танца электраманцёр забыў чарговасць светлавых эфектаў і даведаўся, што ў Амерыцы за гэтую чарговасць пазбавіўся б уласных зубоў. Панна Тэця была праінфармавана, што артышокі любяць, каб іх пісалі праз «т», дэгустатар — што можа не выдаваць «Cristal», калі яго просяць «Cordon rouge», гаспадыня кухні азнаёмілася з поглядамі пана дырэктара на пытанне пра падмятанне, а Казя пачула рэзкае «адчапіся».

З самага пачатку работы ў клубе дырэктара не памяталі ў такім настроі. Да таго ж, ён загадаў падаць сабе ў кабінет бутэльку джыну і піў кілішак за кілішкам, не звяртаючы ўвагі на нясмелыя погляды Тэці, страшна прыгнечанай і занепакоенай настроем шэфа.

Гэтым ранкам Друцкі не спаў увогуле. Ён лёг у пасцель і курыў папяросы.

У дзевяць быў ужо на нагах. Ён патэлефанаваў у банк аднаму з пастаўшчы-коў, нарэшце — Залкінду, ад якога даведаўся, што Люба ў захапленні ад яго аўтамабіля.

«Пракачуся, — падумаў ён, — пойдзе на карысць».

Друцкі пайшоў у гараж, агледзеў рухавік, сам наліў бензіну і выгнаў машыну.

На досвітку, відаць, прайшоў дождж, таму што паветра было чыстае, а дарога вільготная. Друцкі паехаў праз Новы Свет, звярнуў на праспект Трэцяга Мая і пачаў ціснуць на газ. Ён апусціў шыбы, таму вецер біў яму прама ў твар.

Праз мост Панятоўскага ён праляцеў як страла, не звяртаючы ўвагі на грозную міну паставога, і не прайшло хвіліны, як ён быў ужо за горадам.

Стрэлка на спідометры перасунулася на сотку, сто дзесяць, сто дваццаць… трыццаць…

На шчасце, шаша была добрая і амаль пустая.

Паветра займала дыханне і проста асляпляла. Вобразы дрэў, збудаванняў, людзей, якіх ён мінаў, зліваліся ў невыразнае воблака.

«Так вось урэзацца б у якую-небудзь сцяну, — думаў ён, — секунда — і ўсё!»

Раптам на даволі плаўным павароце ён убачыў за паўтара дзясятка метраў перад сабой статак кароў.

Друцкі не зменшыў хуткасць.

Налева бегла вузкая і няроўная палявая дарога. Ён звярнуў на яе.

Машына подскакам налятала на калдобіны.

«Ліха з ёй, з машынай», — пранеслася ў яго галаве.

Калі б ён не сціскаў руль абедзвюма рукамі, то вылецеў бы ўверх, як мяч.

«Ліха з ёй!»

Дарога ішла паміж загонамі, якія ўздымаліся па абодва бакі, звівалася ў бессэнсоўныя петлі і збягала да малой, шырока разлітай і на першы погляд неглыбокай рачулкі, за якой даволі стромка ўзнімалася на пагорак.

Вада са свістам узвілася двума шырокімі фантанамі з-пад колаў аўто.

— Ёхо-о-о-у! — крыкнуў на поўныя грудзі Друцкі, не чуючы ўласнага голасу.

На шчасце, дно было роўнае і, мокры да апошняй ніткі, ён праехаў рэчку ўброд.

З пагорка ён убачыў малую вёсачку, да якой якраз і вяла дарога, і шалёна заруліў прама на ўзаранае поле.

Гэта былі пякельныя арэлі, але ён гэтага амаль не адчуваў. Мчаў проста на драўляны плот перад сабой. Прама перад ім Друцкі схіліў галаву і яшчэ даў газу.

Дошкі не былі ні тоўстыя, ні надта моцныя, таму што яны ні на секунду не затрымалі машыну. Кароткі трэск, бразгат разбітага шкла фар, скрыгатанне па жалезе капота — і аўто выскачыла на шашу.

Друцкі перастаў газаваць і націснуў на тормаз.

— Я вар’ят, — сказаў ён уголас.

Навюткая машына выглядала нікчэмна. Эмаль паадпадала, буферы былі пагнутыя, запасное кола ён недзе згубіў, і ўся машына была ў гразі.

Друцкі рассмяяўся:

— Наўпрост у Творкі[20].

На шчасце, ні рухавік, ні шасі не былі пашкоджаны, а машына, па меншай меры, ехала нядрэнна, хоць усё ў ёй бразгатала і скрыгатала.

«Трэба яе адразу аддаць у рамонт, — падумаў Друцкі, едучы павольна ў бок горада, — каля дзвюх тысяч будзе каштаваць гэта вар’яцкая язда».

Аднак ён не шкадаваў пра гэта. Аўто было знішчана, сам ён адчуваў стому ва ўсіх мышцах і боль у карку, але настрой значна ўзняўся. У рэшце рэшт, ён мог дасягнуць таго самага і без псавання машыны. Палётаць па полі з высунутым языком ці пастукаць галавой аб сцяну…

— Божа мілы! — схапіўся за галаву аўтамайстар, калі ўбачыў, у якім стане ўчора прададзены навюткі аўтамабіль. — Што адбылося? Вы трапілі ў аварыю?

— Не, — смяяўся Друцкі, — не трапіў. Проста ваш «фулд» ашалеў і панасіў мяне па бездарожжы.

— Як гэта?! Тармазы не працавалі?

— Працавалі, толькі так звяруга мчаў, што не было калі тармазіць.

Майстар недаверліва паглядзеў на яго, перакінуўся кароткім, шматзначным позіркам з механікам і сказаў:

— Ага!

— Вы думаеце, я звар’яцеў? — сур’ёзна спытаўся Друцкі.

— Што вы, барані божа! — непераканаўча запярэчыў інжынер.

Раптам у Друцкага ўзнікла ідэя напужаць інжынера. Ён нечакана падскочыў і крыкнуў:

— Віват!

— Можа, вам адпачыць? — нясмела прапанаваў інжынер. — Можа, шкляначку вады?..

Друцкі не стрымаў смех:

— Не хвалюйцеся, мне ўжо лепей. Дык калі вы думаеце адрамантаваць гэтую клячу?

— Не менш як праз тыдзень, — выказаў меркаванне інжынер, стараючыся трымацца як мага далей ад небяспечнага кліента.

Таму ж, відаць, сапраўды стала лягчэй, бо ён ужо зусім па сутнасці і спакойна пачаў гаварыць пра дэталі справы.

— Але вы нерваваліся, — з палёгкай развітваўся з ім інжынер.

— Дарагі вы мой, — сказаў Друцкі, хвіліну падумаўшы, — я страшэнна нерваваўся і вырашыў пазбавіцца ад гэтага настраёвага бзіка, як казалі нашы дзяды.

У атэль ён вярнуўся пешшу і лёг на канапу. Друцкі быў вельмі стомлены і адразу ж заснуў.

Калі ён прачнуўся, было ўжо цёмна. Дырэктар апрануўся і паехаў у «Аргенціну».

Ён зноў быў у нармальным, вясёлым настроі, жартаваў з персаналам і смяяўся.

Ад бзіка ён пазбавіўся, аднак трывога не адступала.

Найбліжэйшыя дні Друцкі прысвяціў абследаванню «тэрыторыі» і роздумам над пастаўленым заданнем. З гэтай мэтай ён бадзяўся па ўскраінах.

Ён вырашыў абмежавацца выключна самазабойцамі. Таму чытаў цяпер хроніку здарэнняў у жоўтай прэсе.

У Варшаве штодзень некалькі маладых дзяўчат пазбаўляліся жыцця. Але яму не шанцавала. Адзін раз, праўда, ён убачыў маладую жанчыну, на выгляд кухарку, у якой быў вельмі сумны твар, і сядзела яна на чыгуначным пераездзе, але не мела намеру кідацца пад поезд, а без лішніх цырымоній прызналася, што калісьці сустракалася тут са знаёмым дарожным рабочым і цяпер прыходзіць на гэты пераезд, бо «прыемна ўспомніць».

Бруніцкі тэлефанаваў два разы з інтэрвалам у некалькі дзён, пытаўся пра навіны.

Урэшце пасля тыдня пошукаў — удалося.

Ён ішоў якраз па Аградовай і пад ліхтаром заўважыў высокую худую брунетку, якая лічыла дробныя грошы.

Друцкі сцішыў крок і чакаў. Павагаўшыся з хвіліну, дзяўчына ахінулася шарсцяной хусткай і ўвайшла ў найбліжэйшую крамку.

Друцкі стаў ля акна. Крамка была малая, і ён добра бачыў абыякавую міну прадаўца і хваляванне на твары пакупніцы. Бутэлечка воцатнай эсэнцыі была схавана пад хусткай, і дзяўчына выйшла.

Яна нерашуча агледзелася па баках, урэшце хуткім крокам накіравалася ў бок плошчы Керцэля. Друцкі думаў, што яна тут затрымаецца, але не: звярнула на Млынарску.

Вуліца была пустая. Друцкі ішоў хутка, баючыся згубіць яе з поля зроку, таму што яна амаль бегла.

Затрымалася дзяўчына толькі пад сцяной могілак і зноў азірнулася. Відаць, яна чакала, калі ён пройдзе.

— Прабачце, — пачаў ён, — ці не ведаеце вы, колькі гэта зараз можа быць часу?

— Не ведаю, — адказала яна дрыжачым голасам. — Можа, гадзін восем.

Друцкі стаў за некалькі крокаў ад яе і жартаўліва сказаў:

— І вы не баіцеся тут упоцемку ля нябожчыкаў?

Дзяўчына адвярнулася ад яго:

— Не чапайце мяне… Не мне баяцца нябожчыкаў, — скончыла яна шэптам.

Друцкі флегматычна закурыў, патушыў запалку і ўздыхнуў з павучаннем:

— З жывымі заўсёды лепей.

— Як каму.

— Любому, — запэўніў Друцкі.

— Ідзіце сваёй дарогай, — загаварыла яна нечакана рэзка і акінула яго журботным позіркам.

— Кінуў?.. — коратка запытаўся ён пасля паўзы.

Дзяўчына закрыла твар хусцінкай і заплакала.

— Дурненькая, — паківаў галавой Друцкі, — гэты кінуў, будзе другі. Ці ж мала мужчын?.. Ды яшчэ для такой маладой і прыгожай… А можа, вернецца.

— Хай яго халера! — не стрымалася дзяўчына. — Хай ён крывёю зальецца! Не трэба ён мне! Ні ён, ні хто іншы! Адыдзіце, чаго вы прычапіліся?!

— Навошта сабе шкодзіць? — не здаваўся Друцкі. — Вы б супакоіліся. Жыць заўсёды варта.

— Вы такі разумны, — усхліпвала яна, — а што, вы думаеце, з гэтым дадуць чалавеку жыць?

— Няўжо хто не дасць?

— Усе. Бацькі з дому выганяць, з працы выкінуць, пальцамі будуць тыкаць. А жыць жа трэба, дзяўчына з дзіцем — дык ніхто і граша не дасць зарабіць… Вось якія людзі.

— І такія, і не такія, — разважаў Друцкі, — а зрэшты, можа, яшчэ магчыма ўсё ўладзіць?

— Позна ўжо, позна. Паганец абяцаў ажаніцца — і ажэніцца. Толькі не са мной. Што ж мне застаецца, дзе я падзенуся, вось хіба тут… за сцяной…

Яна зноў залілася слязьмі.

Друцкі, не цырымонячыся, абняў яе і пагладзіў па плячах:

— Ціха… ціха… Нехта ідзе.

Сапраўды, ля іх прайшлі двое рабочых. Калі іх крокі заціхлі, Друцкі сказаў:

— Я вамі займуся. Мы ўсё зробім так, што пра роды ніхто не даведаецца, і, тым больш, пальцам тыкаць не будзе.

Дзяўчына перастала плакаць і выцерла нос чыстай белай хусцінкай:

— Што ж вы мяне падманваеце…

— Я не падманваю.

— А можа, вы з якой паліцыі ці з магістрата?

Друцкі рассмяяўся.

— Ні з паліцыі, ні з магістрата. Проста ў мяне зашмат грошай, і я хачу вам дапамагчы, бо і мне людзі дапамагалі.

Ён праглынуў сліну і падумаў, што не зманіў. А яму хіба людзі інакш дапамагалі? Можа, за выключэннем Залкінда…

Дзяўчына глянула яму ў вочы, а ён апусціў павекі:

— Хадзем.

Яна моўчкі ішла побач з Друцкім.

— Аддайце мне гэтую бутэлечку.

Дзяўчына падазрона паглядзела на яго і стала:

— Якая вам справа? — запыталася яна.

— А што б вы зрабілі, калі б убачылі, як нейкае дзіця кладзе руку ў агонь?

— Ну, так, але я не дзіця.

— Дзіця, малышка, дзіця.

Яны зноў ішлі моўчкі.

— Куды вы мяне ведзяце?

— Куды? Ну, спачатку мы павінны замачыць наша знаёмства і шчаслівы зыход неразумных намераў.

— Я не п’ю, — затулілася ў хустку дзяўчына.

— І я таксама, — засмяяўся Друцкі, — але так, адзін раз, для настрою. О, хадзем сюды.

Яна не супраціўлялася.

Гэта была маленькая забягалаўка, якіх шмат на Волі. Кафляная падлога, пасыпаная пілавіннем, нізкія вокны, зацягнутыя жоўтым паркалем, чырвоная барная стойка і некалькі столікаў на жалезных ножках. За стойкай быў тоўсты, бочкападобны мужчына з вялікім шрамам на шчацэ і з закручанымі па-вільгельмаўску чорнымі вусамі, якія блішчалі ад памады.

— Маё шанаванне, — буркнуў ён такім тонам, нібыта быў смяротна абражаны.

— Прывітанне, пане гаспадару, — кіўнуў яму галавой Друцкі, не здымаючы капелюша, — вішнёўку і якую-небудзь добрую закуску.

Яны селі ў куток. Акрамя іх, у забягалаўцы быў толькі стары рамізнік, які нават не звярнуў на іх увагі.

Дзяўчыне магло быць дзевятнаццаць, можа, дваццаць гадоў, апранута яна была вельмі сціпла, але чыста. Друцкі, хоць падчас сваіх прагулак выкарыстоўваў самае паношанае адзенне, заўважыў, што яно выклікала ў яго спадарожніцы павагу.

Гаспадар прынёс гарэлку, сардэлькі і два відэльцы.

— Агурка? — спытаўся ён.

— Дайце агурка.

Калі яны выпілі па поўным кілішку, дзяўчына ўздыхнула:

— Вы, відаць, і сапраўды добры чалавек!

— Мг, добры…

— На выгляд добры, — слаба ўсміхнулася дзяўчына.

— Вы яшчэ лепшая.

— Што там я, я — не лічыцца… Я сябе загубіла…

— За наша халасцяцкае здароўе! — чокнуў Друцкі ў яе кілішак.

Праз паўгадзіны настрой дзяўчыны ўзняўся. Яна аддала бутэлечку з воцатнай эсэнцыяй, пачала расказваць пра сябе.

Яна была дачкой вагонаважатага трамвая, жыла з бацькамі ў Пэльцавізне[21], а працавала ў магазіне адзення на Садовай, зарабляючы тры злотыя штодня. Так распарадзіўся лёс, бо збіралася яна быць настаўніцай. Скончыла агульнаадукацыйную школу, і яе хацелі аддаць у гімназію. Але тут прычапіўся бессаромны нягоднік і закруціў ёй галаву. Дурная была, і ўсё тут. Цяпер яна за гэта адплаціць. А ён ажэніцца з дачкой афіцыянта, з такой рабой Ядзяй, што нават сабакі на яе выюць, бо, да таго ж, яна яшчэ рыжая.

— А ён?

— Зразумела, слесар, працуе ў Лілпопа. Можа, вы чулі, Валендзяк Юзэф, такі брунет.

— Можа, вы з’елі б што-небудзь гарачае? — прапанаваў Друцкі.

— Добра. Толькі шкада грошай.

— У мяне шмат, мне не шкада.

Ён выняў сто злотых і паклаў на стол.

— Пане гаспадару, можа, чаго-небудзь гарачага?

— Альбо свіная катлета, альбо нічога, — забурчаў гаспадар.

— Загадай зрабіць дзве. А, пане гаспадару, тэлефона тут няма?

— Чаго?

— Тэлефона.

— На рагу, у аптэцы, — працёр гаспадар нос рукавом, паправіў вусы і пайшоў на кухню.

— Я зараз вярнуся, секунду, — сказаў Друцкі. — Толькі пачакайце! Добра?

Дзяўчына кіўнула галавой.

— А дзе я падзенуся? Буду чакаць. Толькі вы ж прыйдзіце, бо калі не, то ў мяне няма чым заплаціць і мяне адвядуць у камісарыят.

— Дык я пакідаю за сябе заклад, — засмяяўся Друцкі, падсоўваючы банкнот пад талерку.

Рассмяялася і дзяўчына. Алкаголь рабіў сваю справу.

Друцкі пагладзіў яе падбародак і выйшаў. Аптэка была побач, і тэлефон свабодны. Друцкі перамовіўся з Бруніцкім некалькімі словамі па-англійску, каб аптэкар не мог зразумець.

Калі ён вяртаўся ў забягалаўку, у галаве яго прамільгнула, што дзяўчына забрала грошы і знікла. Насуперак цвярозаму розуму ён гэтаму вельмі парадаваўся.

Аднак заспеў дзяўчыну за столікам.

— О, вы вярнуліся! — амаль радасна закрычала яна.

— Вып’ем! — адказаў Друцкі, наліваючы кілішкі.

Калі яны выходзілі, дзяўчына была ўжо амаль непрытомная. Друцкі ўзяў яе пад руку, вуліцы былі цалкам цёмныя, і (перш чым дайшоў да ўмоўленага месца) ён не быў упэўнены, ці прыслаў прафесар машыну, тым больш што шафёр патушыў святло.

— Паедзем на таксі? — пыталася дзяўчына, хістаючыся.

— На таксі, — пацвердзіў Друцкі, уцягваючы яе ў машыну.

Дзяўчына заснула амаль адразу на яго плячы.

Друцкі ўпотай праклінаў усё на свеце.

Зараз ён, можа, выскачыў бы, але аўто мчала з нарастаючай хуткасцю. Менш чым праз чвэрць гадзіны яны затармазілі перад варотамі вілы на Дэмбовай.

Відаць, іх вельмі чакалі, таму што вароты адчыніліся адразу ж. Машына зрабіла круг і стала перад маленькімі дзвярамі ззаду вілы ў глыбіні двара. Дзве фігуры вынырнулі са змроку. Дзверцы машыны адчыніліся звонку, і Друцкі пачуў прыглушанае пытанне Бруніцкага:

— Прытомная?

— Не, спіць.

— Алкаголь?

— Так.

— Давай яе сюды.

Друцкі дапамог дастаць бяссільную дзяўчыну і хацеў зачыніць дзверцы, але дакрануўся да нечага вільготнага. Гэта японец мокрай сурвэткай выціраў ручкі і падушкі аўтамабіля.

— Вазьмі за ногі, — шапнуў Бруніцкі.

Яны ішлі, несучы дзяўчыну навобмацак праз доўгі цёмны калідор. За імі чуўся рокат машыны, якая ад’язджала, скрыгат ключа ў дзвярах, якія замыкалі, і хуткія крокі японца.

Доктар Кунокі апярэдзіў іх і запаліў святло.

Гэта быў прыгожы белы пакой, які нагадваў сваёй абстаноўкай санаторый і крыху майстэрню мастака, таму што вокны былі зроблены ў столі.

Дзяўчыну паклалі на ложак. Японец змераў яе пульс, Бруніцкі прынёс прыбор для ін’екцыі і ўпырскнуў ёй пад скуру нейкае лякарства.

— Хадзі, — узяў ён пад руку Друцкага.

Яны зноў ішлі па калідоры, мінаючы ўжо каторыя дзверы, падобныя, як блізняты, да тых, за якімі засталася новая пацыентка прафесара. Усе яны былі абабітыя тоўстым лямцам і не мелі ручак.

Прайшлі каля ваннага пакоя, у якім было чуваць плёсканне вады і плач дзіцяці.

— У цябе тут цэлая бальніца, — заўважыў Друцкі.

Яны прайшлі даволі вялікую цёмную залу, якая паблісквала з бакоў нікеляванымі апаратамі. Лабараторыя ці таксама аперацыйная зала. Зноў калідор, тоўстыя дзверы, якія прафесар адчыніў ключом — і вось яны апынуліся ў знаёмым холе.

— Дзякуй табе, — сказаў Бруніцкі.

— Караль, — прытрымаў яго далонь Друцкі, — памятай, што яна павінна жыць.

— Яна будзе жыць, — раздражнёным голасам адказаў прафесар. — Ты мне толькі скажы, ці ўсё ў парадку?

— Думаю, так.

— За табой не сачылі?

— Упэўнены, што не.

— Цябе не маглі пазнаць?

Друцкі запэўніў, што не мае ніякіх сумненняў.

— Сёння ўжо вельмі позна, і ў цябе, напэўна, няма часу, — паглядзеў на гадзіннік прафесар, — дык, можа, будзеш такі добры і забяжыш заўтра прыкладна ў поўдзень у псіхіятрычную клініку.

— Навошта?

— Я павінен апісаць дэталі біяграфіі, сям’і і гэтак далей дзяўчыны. Скажы мне толькі, яна дакладна цяжарная?

— Дакладна.

— А які месяц?

— Паняцця не маю.

— Спроба самагубства?

— Так, хацела атруціцца воцатнай эсэнцыяй.

Прафесар праводзіў Друцкага аж да брамкі і перасцярог:

— Будзь уважлівы на вуліцы.

— Не бойся, — скрывіўся Друцкі, — я ў гэтым разбіраюся лепш за цябе.

Паблізу нікога не было. Аднак Друцкі не ўзяў найбліжэйшае таксі, а сеў у трамвай. Праехаўшы некалькі прыпынкаў, выскачыў, звярнуў на бакавую вуліцу і толькі тут узяў машыну.

Калі пераапранаўся, Друцкі знайшоў у кішэні бутэлечку з эсэнцыяй.

«Я, аднак, неасцярожны», — падумаў ён.

Па дарозе ў «Аргенціну» ён выкінуў бутэлечку ў сметнік.

— Пан дырэктар, — з усмешкай павітаў яго касір Юстэк, — званіў адвакат Лэньчыцкі і замовіў ложу.

— Што вы кажаце! — узрадаваўся Друцкі.

— Я забраніраваў дзявятку.

— Дзякуй вам.

Да яго вярнуўся добры настрой.

«Усё ж такі прыйдзе», — падумаў ён.

Друцкі памыліўся. Аліцыя не прыйшла. Лэньчыцкі з’явіўся ў большай кампаніі, але без Аліцыі.

«Вось упартая баба», — у захапленні канстатаваў сам сабе Друцкі.

Гэтай ноччу ён піў і выгаворваў Казі за назойлівасць. Аднак ён не хацеў быць адзін і забраў з сабой у атэль Тэцю. Друцкі стараўся не думаць пра сваю сённяшнюю авантуру, але ніякім чынам не мог пазбавіцца ад успамінаў пра тую дзяўчыну.

Нарэшце алкаголь і стомленасць узялі сваё.

Ён адправіў Тэцю і заснуў мёртвым сном.

Абудзіў яго стук у дзверы. Друцкі паглядзеў на гадзіннік: было адзінаццаць, значыць гэта служка. Ён крыкнуў:

— Увайдзіце, — і сеў на ложак, шырока расплюшчыўшы вочы.

У дзвярах стаяла Люба.

— О, капітан яшчэ спіць? — фрывольна ўсклікнула яна. — Добры дзень!

— Люба! — сказаў ён з выклікам. — Навошта вы гэта зрабілі?

— Што? — спытала яна з наіўнай мінкай.

— Спусціцеся ў хол і чакайце. Праз паўгадзіны я буду гатовы.

Люба засмяялася і падышла да ложка:

— Я была пра вас лепшай думкі. Мне здавалася, што такі мужчына, як вы, заўсёды гатовы… Асабліва, калі ляжыць у пасцелі і ў такой прыгожай піжаме.

— Люба! Выйдзіце, калі ласка!

Ён стараўся надаць свайму голасу як мага больш пагрозлівае гучанне, але яна ўсё смяялася.

— Гляньце, які негасцінны! Ну, і вы не павітаецеся са мной?

— Не павітаюся!

Друцкі загарнуўся ў коўдру і рэзка адвярнуўся тварам да сцяны.

Тады Люба села на ложак і, зняўшы пальчаткі, заглыбіла пальцы ў яго валасы.

— Шоўк, — сказала яна ціха.

— Люба! Шоўк ці шчацінне, а я зараз як падскочу і без цырымоній спушчу з цябе скуру!

— Я не ведала, — засмяялася Люба, — што капітан садыст.

Яна ссунула капялюшык і зняла футра.

— Горача тут, — заўважыла яна.

— Люба, — Друцкі перайшоў на ўгаворы, — навошта вы гэта робіце. Трэба ж думаць! Як можна!

— Божа, які вы сёння нудны, — уздыхнула Люба, зноў сядаючы на ложак і нахіляючыся над ім, — да яго прыходзіць прыгожая, маладая і прагная жанчына, а ён…

— А ён зусім не прагны, — перарваў Друцкі.

— Не? — какетліва спыталася яна.

— А вось і не! Зусім не! Каб ты ведала, перад тваім прыходам у мяне ў гэтым самым ложку была маладая і прыгожая жанчына.

Ён сказаў гэта наўмысна. Думаў, што гэтым яе адштурхне, але Люба яшчэ бліжэй падсунулася да яго:

— Так, так, ложак яшчэ пахне яе парфумай, ён яшчэ цёплы ад яе пяшчот. Якая яна, відаць, была шчаслівая! Скажы, яна была страсная?

— Ведаеш, Люба, — абурыўся Друцкі, — ты бессаромніца!

— Так, так, я хачу быць бессаромнай. Скажы, яна была прыгажэйшая за мяне? Ах, капітане, я хацела б ведаць, як ты ёй завалодаў, як выгіналася яе цела ў тваіх руках, як яна аплятала цябе сабой… Гэта павінна было быць прыгожа!.. Стыхія! Полымя! Ураган! Усё, што ты робіш, павінна быць прыгожым і магутным…

Яна тулілася да яго, і яе гарачы шэпт абліваў яму шыю.

— Люба, ты ашалела?

— Ашалела! Ах, якія ж мы дурныя і заняволеныя! Чаму я не магу напіцца табой! Напіцца да непрытомнасці! Ты не ўяўляеш, што б я аддала за тое, каб ты дазволіў мне так ляжаць ля цябе і глядзець, як ты завалодваеш іншай…

— Люба!

— Не, не, ты гэтага не зразумееш, што гэта другая палова асалоды… Ох, я б хацела быць такой бессаромнай, такой разбэшчанай, распушчанай… Ведаеш, пра што я мару? Каб на тваіх вачах аддавацца Барысу і на яго вачах — табе, і каб была яшчэ іншая жанчына, такая ж прыгожая і распусная, як я, і каб…

Друцкі сеў і закрычаў:

— Люба! Ты хворая! Ты ўсведамляеш, тое, што ты гаворыш, — агіднае?!

— Ап’яняльнае, ашаламляльнае…

Яна апляла яго рукамі і распаленым тварам прынікла да яго грудзей.

— Вазьмі мяне, вазьмі, — шаптала яна перарывістым голасам, — бо я згару датла…

Драпежнымі рухамі яна сарвала з яго коўдру і прыстала да яго ўсім целам.

— Як я блізка да цябе… Як я цябе адчуваю… каханы… каханы… каханы…

Голас ператварыўся ў хрып, у доўгі стогн, у крык і Люба самлела — яе плечы расслабіліся.

Друцкі, хістаючыся, устаў і працёр вочы. Ён сам быў непрытомны.

Толькі праз доўгую хвіліну ён знайшоў флакон з адэкалонам і пачаў націраць ёй скроні.

— Люба! Люба! — трос ён яе.

Яна была бяссільная і белая, як палатно.

— Што ж рабіць?

Усур’ёз устрывожаны, ён хацеў ужо выклікаць хуткую дапамогу, але жанчына адкрыла вочы і ўсміхнулася.

— Люба, вам лепей?

Рухам павекаў яна адказала «так». Друцкі падаў ёй шклянку вады і, прытрымліваючы галаву, уліў у вусны некалькі кропель.

Яна яшчэ была вельмі слабая, але села.

— Можа, келіх віна? — прапанаваў ён.

— Добра.

Люба прагна выпіла.

— Яшчэ? — спытаўся ён.

— Калі ласка!

Калі Друцкі пераканаўся, што ёй ужо лепей, ён пачаў мнагаслоўна, без толку гаварыць. Гаварыў доўга і вельмі пераканаўча. Яна слухала з усмешкай і ў канцы сказала:

— Я хацела б так памерці, як зараз самлела. Калі вось так адчуваецца смерць, то жыццё значна менш вартае, чым я меркавала.

— Жанчына! Злітуйся над сабой! Трэба ж валодаць сваімі жарсцямі.

— Я прытрымліваюся іншага правіла, — пярэчыла Люба, — я не ведаю, хто гэта сказаў, але ён, відаць, быў разумны: адзіны эфектыўны сродак барацьбы са спакусай — гэта яе задавальненне. Па-вашаму, гэта не слушна?

— Не слушна! — упэўнена адзначыў Друцкі і падумаў, што сам ён заўсёды рабіў менавіта так, але ён зусім не згодны, што гэта правільна.

Люба ўстала і зрабіла некалькі крокаў.

— У мяне дрыжаць ногі, гэта дзіўна, — сказала яна з усмешкай.

— Ну, бачыце.

— Не бачу — адчуваю. Ах, мой салодкі!

Яна села Друцкаму на калені і бяссільна абаперлася галавой аб яго шчаку.

— Я прыйду сюды заўтра… паслязаўтра… кожны дзень буду прыходзіць.

— Не прыйдзеш! — узлаваўся ён.

— Не змагу не прыйсці.

— Дык я выметуся адсюль у іншае месца і не пакіну адрас.

— Бачыш, які ты нядобры!

Друцкі зняў яе з каленяў.

— Люба, ты павінна гэта зразумець. Я мужчына, і хутчэй пальнуў бы сабе ў лоб, чым мог бы зрабіцца тваім каханкам. Я даў слова гонару! Калі б я яго парушыў, калі б так адплаціў твайму мужу за яго сяброўства і дапамогу, то лічыў бы сябе падонкам. Таму я цябе малю, каб ты мяне зразумела. Я не змагу жыць, сябе не паважаючы.

— О, ты вельмі высакародны!

— Не ў гэтым справа, — раздражніўся Друцкі, — я інакш разумею высакароднасць і маральнасць, чым іншыя. Я маю рацыю ці яны яе маюць — гэта мая справа. Даволі, што я катэгарычна табе заяўляю: калі ты яшчэ раз прыйдзеш да мяне, то прымусіш мяне з’ехаць. Паеду ў Амерыку ці да чорта лысага, і больш мы не ўбачымся. Даю табе слова.

Люба зразумела, што ён выканае пагрозу, і расплакалася.

— Жыццё — страшна недарэчнае, страшна…

— Ну, не плач, Люба, гэта таксама не разумна.

— Я ведаю, — выцірала яна слёзы.

— Ты хіба ведаеш, што я адштурхоўваю цябе, бо не кахаю. Аднак, павер, мне гэта цяжка даецца.

— Тым горш. Абрыдлыя забабоны!

— Анархістка!

— Ну дык ведай! Тоня — ідыётка са сваім камунізмам. Ідыётка. Знішчае адну веру, каб стварыць сабе іншую. Я б увогуле гэта ўсё знішчыла. Разарвала на дробныя кавалачкі!

— І навошта?

— Каб была сапраўдная свабода!

— А што такое сапраўдная свабода?

Люба задумалася.

— Каб кожнаму ўсё было можна.

— Як гэта ўсё? Дык мне можна было б забіць твайго сына?

— Так, можна!

— Глупства ты нясеш, дарагая Люба, у самай вялікай турме можна быць свабодным. Глянь на мяне, прынамсі, я вольны, як птушка.

— Нічога сабе воля! Ты гаворыш, што хацеў бы мяне, але не можаш, бо цябе стрымлівае дадзенае Барысу слова.

— Я даў яго па ўласнай волі.

— Але яно цябе зараз гняце.

— Не.

— Ты, капітане, нахабнік!

— Ты дрэнна мяне зразумела. Мяне больш гняло б парушэнне слова. Глядзі, я зараз шчаслівы, што змог авалодаць сабой, калі мы былі там, — ён паказаў на ложак.

— Капітане! — жаласна ўздыхнула Люба.

— Люба, будзь сапраўдным мужчынам, — сказаў са смехам Друцкі, — а цяпер спусціся ў хол. Праз пятнаццаць хвілін я буду гатовы і праводжу цябе. Як ты сябе адчуваеш?

Яна добра сябе адчувала.

Яны зайшлі ў цукерню выпіць кавы, пасля чаго Друцкі адвёз яе дадому.

Канечне, яна не прыйшла ні назаўтра, ні ў наступныя дні. Друцкі, зрэшты, цяпер уставаў значна раней, таму што машыну ўжо забраў з рамонту, дзякуючы чаму ён мог прагульвацца за горадам.

Часам ён браў з сабой Любу, Тэцю або Тоню. Казя таксама неаднаразова аб’яўлялася, але ён заўсёды адгаворваўся.

Яна надакучвала яму. Апошнім часам ён увогуле не наведваў яе. Таму яна воўкам глядзела на Тэцю, а гэта зноў аддаляла яе ад Друцкага.

Была субота, дзень, калі ў «Аргенціне» найбольш наведвальнікаў і самая вялікая выручка. Друцкі прыйшоў яшчэ ў восем. Прагледзеў ліст замоў і ўзяўся за чытанне карэспандэнцыі. Гэта былі пераважна гандлёвыя і любоўныя пісьмы. Сярод іх аказаўся, аднак, вялікі стары канверт, на якім было надрукавана на машынцы. Унутры быў аркушык паперы з тэкстам, таксама набраным на машынцы, і без подпісу.

Здзіўлены, ён прачытаў:

«Сёння ноччу будзе праверка. Калі ласка, усё прыбярыце. Піша вам невядомы сябар. Гэты ліст абавязкова спаліце».

Далей была дата.

— Што за праверка, чорт? Нейкі вар’ят, ці што?

Аднак ліст ён спаліў.

Дарма Друцкі ламаў сабе галаву, ён не мог зразумець, якой праверкай яго пужалі. З чаго б гэта раптам «Аргенціну» будуць правяраць? І што ён павінен прыбраць? Тут жа няма ні тайнага вінзавода, ні друкарні грошай!

Ён нібыта сапраўды ў сувязі з гэтым засумняваўся, абышоў увесь клуб: ад падвала да балконаў. Усё было ў поўным парадку.

«Альбо містыфікацыя, — падумаў ён, — альбо памылка, хутчэй містыфікацыя».

Ну і хто, да таго ж, мог яго папярэджваць пра рэвізію? У паліцыі ён нікога не ведаў, а пра такое можа ведаць толькі паліцыя ці там які-небудзь судовы следчы.

Гасцей усё прыбывала. Адпачывалі цудоўна. Мінула другая, трэцяя, чацвёртая гадзіна…

«Вядома, містыфікацыя!»

Друцкі падчас сваёй вандроўкі ад століка да століка смяяўся, вітаўся, прысаджваўся, калі да яго падышоў афіцыянт і шапнуў на вуха:

— Пан дырэктар, паліцыя!

— Што?

— Паліцыя.

Ён хутка выбег у хол, там сапраўды было шмат паліцэйскіх, у форме і ў цывільным.

— Вы ўладальнік гэтага клуба? — звярнуўся да Друцкага камісар, мажны брунет, якога Друцкі не раз бачыў на вуліцы.

— Я, — сказаў ён спакойна, — чым я магу вам дапамагчы?

— Я атрымаў загад правесці тут праверку.

— Праверку? — нібыта здзівіўся Друцкі. — Але ж, пан камісар, чаму?

— Мы атрымалі распараджэнне. Адзінае, чым я магу вам служыць, — гэта прад’явіць яго на паперы, калі вы мне не верыце.

— Я вам цалкам веру.

— Значыць, вы захочаце мяне суправаджаць.

На працягу пяці хвілін усе дзверы былі пад аховай. Сярод прысутных запанавала незадавальненне. Служкі шырока адкрывалі вочы і былі напужаныя.

Клуб абшуквалі пільна, заглядалі ў кожны кут, прастуквалі сцены і падлогу, даследавалі змесціва пакецікаў з кавай і цукрам.

Друцкі толькі ўсміхнуўся:

— Гэта быў, відаць, нейкі подлы данос.

Нарэшце камісар зайшоў у кабінет Друцкага, выправадзіў спалоханую пані Тэцю і папрасіў ключы ад сейфа і ад пісьмовага стала.

— Да вашых паслуг, вось ключы ад касы. Стол адчынены.

— Тут грошы, — сказаў камісар, адчыняючы сейф, і звярнуўся да Друцкага: — Будзьце ласкавы, дапамажыце рэвізіі. А гэта як адчыняецца? — указаў ён на маленькую шкатулку.

— Вось так, — падняў вечка Друцкі.

Унутры былі кантакты, падатковыя квітанцыі і падобнае.

Касу зачынілі і пачалі даследаваць стол. У сярэдняй шуфлядзе, дзе тырчаў ключ, Друцкі здзіўлена заўважыў даволі вялікі плоскі пачак у жоўтай паперы. Ён дакладна ведаў, што такога пачка ён ніколі не трымаў у руках і пэўна не клаў яго ў шуфляду.

На пачак была прыклеена друкаваная этыкетка:

«Тлушч раслінны Віх».

Следчы, які дастаў пачак, і камісар абмяняліся шматзначнымі позіркамі, якія не ўслізнулі з-пад увагі Друцкага.

— У кухні «Аргенціны», — між іншым спытаў камісар, — ужывалі гэты раслінны тлушч?

— Зусім не, пан камісар, мы ўвогуле не ўжываем ніякіх тлушчаў.

— Ага, значыць, гэта вы, пэўна, купілі на пробу.

— Ніяк не, я зусім не купляў. Я ўвогуле бачу гэты пачак упершыню, — спакойна адказаў Друцкі.

— Адкрыць, — загадаў камісар.

У паперы была драўляная скрынка, а ў скрынцы стаялі ў два рады шчыльна ўпакаваныя флаконы з белым парашком.

Камісар прыжмурыў вока і засмяяўся:

— Нічога сабе тлушч, а?

— Морфій! — усклікнуў следчы.

Усе работнікі паліцыі, якія знаходзіліся ў кабінеце, сабраліся ля стала.

— Харошы запасік! — пачуліся задаволеныя галасы.

— Гэта мне не належыць, — не губляў раўнавагі Друцкі.

— Вы ўзялі гэта на захоўванне? — іранізаваў камісар.

— Не. Гэта мне падклалі.

Камісар сеў і выняў з папкі аркуш паперы.

— Падклалі? Ну канечне! Зразумела! Напэўна, нехта з наведвальнікаў?

— З наведвальнікаў — не можа быць. Публіка не мае сюды доступу.

— Тады каго вы падазраяце?

— Нікога не падазраю.

— Ну, добра, а хто з персаналу мае сюды доступ?

Друцкі паціснуў плячыма:

— Калі я тут — любы.

— А калі вас няма?

— Калі мяне няма, тут заўсёды мая сакратарка і часта касір, пан Юстэк.

— Дык вы іх падазраяце?

— Зусім не, пан камісар. Канечне, нярэдка сюды заходзяць і іншыя работнікі. Але ж яны не могуць заглядваць у мой стол. Ні касіру, ні сакратарцы я б гэтага не дазволіў.

Камісар хутка занатоўваў. Нягледзячы на павагу, з якой ён слухаў тлума-чэнні Друцкага, было відаць, што камісар яму не верыць. Ён нешта шапнуў аднаму з паліцэйскіх, і той праз хвіліну вярнуўся з пані Тэцяй. Дзяўчына ўся трэслася.

— Вы сакратарка дырэктара Вінклера? — спытаўся камісар.

— Я.

— Ваша імя і прозвішча?

— Антаніна Кручэўска.

— Вам знаёмы гэты пачак? — ён паказаў зноў запакаваны морфій.

— Канечне, знаёмы.

— Так? Сапраўды?

— Абсалютна, пан камісар. Калі сёння я прыйшла на працу, то знайшла яго на сваім століку ля машынкі.

— Ах, так? А як ён апынуўся ў пісьмовым стале?

— Я сама яго туды паклала.

Запанавала цішыня. Ніхто не чакаў такога адказу.

— Вы кажаце, — пачаў нарэшце капітан, — што паклалі яго ў стол. З якой мэтай?

— Каб ён не ляжаў наверсе. Я падумала, што гэта пачак пана дырэктара, вось і паклала яго ў стол у сярэднюю шуфляду.

— А вы ведаеце, што ў тым пачку?

— Канечне. Нейкі раслінны тлушч.

— А чаму вы меркавалі, што гэта належыць пану дырэктару? Вы раней бачылі ў яго такія пачкі?

— Не. Але тут бываюць толькі рэчы пана дырэктара. Пан касір ніколі б тут нічога свайго не паклаў.

— Дык вы ўпэўнены, што раней вы такіх пачкаў не бачылі?

— Зразумела, ніколі, пан камісар. Я нават яшчэ сказала пану Юстэку, што дзіўна, навошта пану дырэктару гэты тлушч.

— Дык і касір быў пры гэтым?

— Так.

Паказанні касіра Юстэка цалкам пацвердзілі гэта. Ён бачыў, як панна Тэця клала пачак у стол.

Справа ўскладнялася, і камісар быў вымушаны арыштаваць не толькі дырэктара, але і яго сакратарку, і касіра.

— Я вас затрымліваю і аддаю ў распараджэнне судовага следчага. Апранайцеся, калі ласка.

Гэта рашэнне было канчатковым не толькі з-за знойдзенага рэчавага доказу, але і таму, што сярод заўсёднікаў клуба, якія прысутнічалі ў зале, пазналі шэсць асоб, закаранелых марфіністаў, якіх пэўна ў «Аргенціне» забяспечвалі наркотыкамі.

Траіх арыштаваных прывезлі ў следчую ўстанову і пасля допыту зачынілі ў асобных камерах.

Касір быў у роспачы. Тэця залівалася слязьмі. Толькі Друцкі не надта браў да галавы. Па-першае, умовы, у якіх ён зараз знаходзіўся, не былі для яго нечым новым, па-другое, ён быў упэўнены, што яго адпусцяць, па-трэцяе, не сумняваўся, што бармен Грабоўскі, у рэшце рэшт, некалькі дзён справіцца з кіраваннем «Аргенцінай».

Безумоўна, гэта быў подлы ўчынак: яму падклалі морфій. Хто гэта мог зрабіць і з якой мэтай — Друцкі марна ламаў галаву. Гэта павінна было быць звязана з аўтарам ананімкі, але якім чынам? І навошта?

Друцкі ні на хвіліну не траціў надзеі, што следства хутка гэта выявіць.

На працягу сутак паліцэйскае расследаванне было скончана і справа перайшла ў рукі судовага следчага.

Калі Друцкага павялі да яго, у прыёмнай дырэктар заўважыў парцье, дырыжора аркестра, некалькіх афіцыянтаў, кветачніцу і пару заўсёднікаў танцаў, якія, відаць, чакалі допыту.

Суддзя, нізкі і даволі поўны мужчына старэйшага ўзросту з казлінай бародкай, рабіў уражанне добрага чалавека. Ён ветліва паказаў Друцкаму на крэсла і пачаў расследаванне ў стылі салоннай размовы. Друцкі адказваў коратка і ясна, паўтараючы паказанні, дадзеныя паліцыі. Ён нічога не баяўся, слушна думаючы, што нікому не прыйдзе ў галаву правяраць дакладнасць яго амерыканскага пасведчання асобы.

— Справа выглядала б для вас зусім інакш, — гаварыў судовы следчы, — калі б запас морфію, знойдзены ў вашым стале, вы прызначылі выключна для ўласнага ўжытку. Вы не ўжывалі морфій?

— Ніколі, пан суддзя.

— Тым горш, — уздыхнуў суддзя, — але, можа, збіраліся?

— Вельмі шкада, але не.

— Падчас вобыску ў займаемым вамі нумары атэля была знойдзена гэта бутэлечка без этыкеткі. Што ў ёй?

— Хлараформ, — не вагаючыся адказаў Друцкі.

— Ага, а для чаго вы яго ўжывалі?

Хлараформ быў прызначаны для ўсыплення жанчын, на якіх ён паляваў для Бруніцкага. Зараз трэба было хутка нешта прыдумаць.

— У мяне бываюць моцныя неўралгічныя болі, — сказаў Друцкі, — у грудной клетцы. Некалькі ўдыхаў хлараформу заспакойваюць іх, дазваляюць хутка заснуць.

Суддзя, відавочна, зусім не разбіраўся ў медыцыне, таму, раз так, выказаў гатоўнасць аддаць флакон наглядчыку, які кожны раз, калі будуць паўтарацца прыступы, мог бы ўручаць Друцкаму лекі для ўжывання.

— Я буду вельмі ўдзячны пану суддзі, — з усмешкай пачаў Друцкі, — але спадзяюся, што вы мяне ўвогуле выпусціце.

Суддзя развёў рукамі:

— Пакуль гэта немагчыма.

— Ну дык, можа, пад заклад?

— Праз некалькі дзён пабачым. А цяпер будзьце ласкавыя падпісаць свае паказанні. І не крыўдуйце на мяне, калі ласка, бо сёння пасля абеду я зноў паклічу вас да сябе.

Тры найбліжэйшыя дні Друцкага дапрошвалі і рабілі яму вочныя стаўкі незлічоную колькасць разоў.

Наколькі ён мог прааналізаваць стан сваёй справы, надта аптымістычна яна не выглядала. Касір і панна Тэця былі адпушчаны без закладу. Яго ж трымалі. Парцье даў паказанне, што дырэктар Вінклер даволі часта прыходзіў у клуб з рознымі пачкамі. З іншага боку, было ўстаноўлена, што некаторыя госці «Аргенціны» сапраўды там запасаліся морфіем і хоць не хацелі казаць, хто ім яго ўручаў, было вельмі праўдападобна, што рабіў гэта дырэктар, які часта падсаджваўся за розныя столікі.

Сцвярджэнне арыштаванага, што пачак яму падкінулі, ні на чым не грунтавалася, супраць яго сведчыў зараз рэчавы доказ — знойдзены наркотык — і цэлы шэраг іншых.

Між тым, Друцкі даведаўся ад добразычлівага суддзі, што тут быў Залкінд, што ад яго прынялі заклад.

— Гэты пан Залкінд, — смяяўся суддзя, — відаць, вельмі добры ваш сябар. Ён, плацячы кожны раз, кляўся, што галаву б аддаў на адсячэнне, што вы не вінаватыя.

Гэта ці перакананасць у тым, што Друцкі не захоча збегчы, паўплывала ўрэшце на рашэнне суддзі: праз тыдзень Друцкага выпусцілі пад заклад у дваццаць тысяч злотых.

Першай, каго ён убачыў пасля выхаду на вуліцу, была Люба. Яна чакала яго і зараз не магла гаварыць ад хвалявання і радасці.

Люба палка прытулілася да яго пляча.

— Што добрага чуваць? — спытаўся ён.

— О, зараз ужо ўсё добра! — яна палымяна глядзела яму ў вочы, — паехалі да нас на абед. Барыс чакае, марозіць шампанскае.

— Нібыта вялікае свята?

— Велізарнае!

У таксі яна пачала цалаваць Друцкага:

— Каханы, салодкі, бедалажка, так нацярпеўся…

— Люба, ты, хіба, жартуеш?! Такая дробязь! Не было б толькі большых непрыемнасцей!

— Так, праўда. Барыс казаў, што капітану чым папала не атруціш жыццё. Каханы!

— Барыс? — падміргнуў ён.

— І Барыс таксама. Ты не ўяўляеш, капітане, як ён стараўся табе дапамагчы! Ён бы за цябе жыццё аддаў.

Залкінд стаяў на балконе і ўжо здалёк памахаў ім хусцінкай, пасля чаго, кульгаючы больш, чым звычайна, выбег аж на лесвіцу.

Мужчыны паціснулі адзін другому руку.

— Hallo, old Jack![22] — павітаўся Друцкі.

— All right, John![23] — хрыплым голасам сказаў Залкінд.

А Люба стаяла тут жа ля іх і адчувала, што яе сэрца вырываецца з грудзей.

Усе ўвайшлі ў залу, і мужчыны доўга нічога не гаварылі, седзячы насупраць адзін аднаго.

Люба, напяваючы нейкую песеньку, завіхалася ў сталовай.

— Вясна, Джэк, сёлета цудоўная, — заўважыў Друцкі.

— Дні робяцца ўсё даўжэйшымі, — дадаў Залкінд.

І абодва адкашляліся.

— Ведаеце, — гучна ўсклікнула Люба, стоячы ў дзвярах, — тут замяшаная жанчына. Як піць даць, жанчына. Хадземце, я падаю ўжо.

— Вельмі верагодна, — сказаў Залкінд, — бо ворагаў тут у капітана няма. Што вы пра гэта думаеце, капітане?

— Паняцця не маю.

— Але капітана апраўдаюць, так, Барыс?

— Хм-м-м… Хто яго ведае? У любым выпадку ў нас зараз хапае часу, каб самастойна правесці расследаванне.

— А што, Джэк, ты з самага пачатку быў упэўнены, што морфій мне падклалі?

— Ну, натуральна! Якога чорта ты займаўся б морфіем! З грашыма ў цябе, капітане, ніколі не было праблем, хіба, дзеля спорту? Дык гэта таксама не твой стыль.

— А спірт? — засмяяўся Друцкі.

— У спірце плёскаліся кулькі, капітане! Так! Ці ж і з пушак не сыпаліся яны на вашу «Аўрору»?!

— Добрыя былі часы, а, Джэк?

— Не тое слова!

— А потым, — пастукаў сябе па лбе Друцкі, — я быў бы закончаным ідыётам, калі б трымаў морфій у стале.

— Я вам кажу, гэта нейкая жанчына, — паўтарыла Люба. — Падумайце, капітане, можа ў гэтую гульню быць замяшана жанчына?

Друцкі рассмяяўся.

— Зашмат бы іх было замяшана, — выказаў здагадку Залкінд.

— Але! — усклікнуў Друцкі. — Уявіце сабе, што за некалькі гадзін перад з’яўленнем паліцыі я атрымаў ананімку з папярэджаннем, што будзе праверка.

— Ананімку?

— Так. Падпісана яна была «добры сябар» ці нешта ў гэтым родзе і папярэджвала ананімка аб праверцы, раячы «прыбраць усё».

— Ай-ай-ай! — пачухаў нос Залкінд.

— Вось іменна! Я думаў, што гэта нейкая містыфікацыя. Аднак сумленне маё было чыстае.

— А хто мог напісаць?

— Чорт яго ведае.

— Бо цікава, што, як я даведаўся пасля твайго арышту, паліцыя таксама атрымала ананімны данос на «Аргенціну». Толькі ў гэтым даносе паведамлялася, што наркотыкі знаходзяцца ў сакратаркі дырэктара.

— Адкуль вы пра гэта ведаеце, гэта дакладна? — здзівіўся Друцкі.

— Дакладней быць не можа. Мая сястра даведалася ад аднаго следчага з адпаведнай установы. Данос быў напісаны ад рукі і высланы поштай пракурору, і толькі ўжо пракурор пераслаў гэтую ананімку ў паліцыю. У паліцыі вельмі хацелі б злавіць таго, хто выслаў ананімку, бо далі б яму таксама прыкурыць.

— Аўтару даносу?

— Так. Бо ён, заўважце, капітане, напісаў, што паведамляе непасрэдна пракурору, бо паліцыя ўзяла б на лапу і замяла б справу.

— Да варожкі не хадзі, жанчына! — сцвярджала Люба.

— Ну, а другая ананімка — гэта перасцярога для мяне?

Пані Люба задумалася:

— Хто ведае? Можа, тая самая жанчына?..

— І апамяталася ў апошні момант? — спытаўся Друцкі.

— Жанчыны шалёныя, — сказала Люба.

Аднак Залкінд выключаў такую магчымасць. Калі б ананімкі былі справай адных рук, то абедзве былі б напісаныя на машынцы.

— У любым выпадку, капітане, — працягваў ён, — цяпер, калі вы на волі, вам значна лягчэй будзе адшукаць замяшаных у гэтым людзей.

Таму Друцкі і не паехаў на Дэмбову. Ён з кватэры Залкінда патэлефанаваў Бруніцкаму і паведаміў прафесару, што яго выпусцілі пад заклад да моманту судовага разбору. Прафесар, са свайго боку, таксама перасцерагаў ад сачэння, даючы зразумець тым самым, што пакуль ён устрымаецца ад дапамогі Друцкага.

— А ці ўсе здаровыя? — абстрактна спытаўся Друцкі, думаючы аб падабранай ім дзяўчыне.

— Будзь спакойны, — запэўніў яго Бруніцкі, — усё ў парадку.

— Я не буду цябе турбаваць, Караль, пакуль гэта ўсё не скончыцца.

— Якое ты прадбачыш заканчэнне?

— Я невінаваты. Мне гэты морфій падклалі, відаць, у якасці помсты.

— І я так думаю, — сказаў прафесар. — Можа, табе трэба грошы?

— Не, дзякуй.

— Ну дык жадаю табе поспеху!

— Бывай.

Друцкі паклаў трубку.

Ён яшчэ доўга размаўляў з Любай і Барысам пра сваю справу і шкоду, якую ўвесь гэты скандал прынясе «Аргенціне».

— Я баюся, што публіка перастане хадзіць, — турбаваўся Залкінд.

— А я не думаю. Тыя госці, хто мяне ведае, не павінны паверыць у маю віну.

— Натуральна! — усклікнула Люба.

У атэлі парцье і ўсе служкі прынялі Друцкага даволі холадна.

Ён якраз скончыў пераапранацца, калі да яго прыйшоў дырэктар атэля.

— Страшна непрыемная гісторыя, — пачаў ён.

— Непрыемная, — паціснуў плячыма Друцкі, — але з добрым канцом.

— Я таксама так думаў, — сказаў дырэктар з выразам твару, які сведчыў, што ён так зусім не думаў.

— Чым я магу вам служыць?

— Я… таго… прыйшоў, — заікаўся дырэктар, — спытацца, шаноўны пан застанецца ў сваім нумары?..

Друцкі выпрастаўся і паглядзеў прама яму ў вочы:

— Застануся.

— А, ну так… А то я думаў…

— Можа, гэта вас не задавальняе? — спытаўся Друцкі з пагрозай у голасе.

— Мяне? — стукнуў сябе ў грудзі дырэктар. — Чаму гэта?

— Ну і добра. Калі ж каму-небудзь гэта не падабаецца, прышліце яго да мяне. Будзьце ўпэўнены, я яму… дагаджу.

— Хе… хе… — смяяўся дырэктар, — вы сапраўдны амерыканец. І насамрэч вы мяне дрэнна зразумелі. Раз думаеце і далей аказваць гонар нашаму атэлю…

— Думаю аказваць гонар далей, — перарваў яго Друцкі, — а цяпер я з вамі развітваюся.

— Маё шанаванне.

Дырэктар, які, відавочна, прыйшоў з намерам адмовіць Друцкаму ў даху над галавой, выйшаў ні з чым.

На вуліцы толькі змяркалася, калі Друцкі з’явіўся ў гаражы.

Тут наадварот рады былі яго бачыць, а старшы шафёр гаража адвёў яго ў бок:

— Слухайце, тут быў адзін такі агент са Следчага Камітэта, ён загадаў мне тэлефанаваць яму, як толькі вы захочаце падрыхтаваць машыну ў далёкую дарогу. Шпіёны хрэнавы, ліха на іх! — скончыў ён абурана, але не без захаплення.

— Дзякуй вам, — патрос яго руку Друцкі, — ні ў якую далёкую дарогу я не выбіраюся. А зараз дайце мне машыну. Я трохі праветруся пасля гэтага арышту.

— Вы малайчына, — засмяяўся шафёр, — мы тут паміж сабой гутарылі і зрабілі выснову, што вам і ўсе д’яблы не далі б рады.

Калі аўтамабіль схаваўся за варотамі, шафёр звярнуўся да памочніка і, паказваючы галавой у кірунку ад’ехаўшай машыны, сказаў:

— Залаты госць! Колькі я ўжо іх бачыў, дык разбіраюся ў людзях, а гэты і свой хлопец, можна сказаць, і, што ні гавары, пан з паноў стапрацэнтны. Ну, што стаіш як укапаны? Зачыняй!

Загрузка...