Раздзел 17

Міналі дні і тыдні.

Жыццё Аліцыі Горн увайшло ў сваю каляіну, глыбокую, трывалую і спакойную, адшукала свой поўны сэнс і найвышэйшую вартасць, у моц якой яна верыла без агаворак, так, як верыла ў моц і незнішчальнасць пачуцця, якое злучала іх дваіх.

— Наша каханне, — гаварыла яна Друцкаму, — гэта тое для нашага існавання, што дух для цела. Яно напаўняе існаванне зместам, надае яму апраўданне і мэту. Гэта самамэта.

— Я так не думаю, — адказваў Друцкі, — я заўсёды думаў, што каханне — гэта толькі сродак, дарога, якая вядзе да мэты.

Аліцыя ж абараняла свой пункт погляду, а яе спраўны розум не падводзіў у падборы аргументаў і ўменні аперыраваць імі.

Друцкі саступаў. Увогуле ён не любіў такія размовы. У абстрактнай сферы ён адчуваў сябе проста непатрэбным, лішнім, заблуканым. Зрэшты, дастаткова было фактаў: яны кахаюць адно аднаго, ці ж гэтага мала?

Аднак Аліцыі было мала. Яна хацела перажываць гэтае каханне цалкам, здабыць з яго не толькі эмацыянальныя скарбы, не толькі найпрыгажэйшую вясёлку і ўсю гаму асалоды, але і звышвартасці, якія дае інтэлектуальнае вывучэнне яго валакно за валакном, дэталёвы, ды такі захапляльны аналіз найдрабнейшых праяў, найменш даступных сувязей, прычын і вынікаў.

— Ты ставішся да кахання, мая Аль, — смяяўся Друцкі, — як гурман да рыбы. Я ўпэўнены, што ад яго застануцца адны косці.

— А ты яго глытаеш сырым? — падыгрывала яму Аліцыя.

Яны настолькі жылі сённяшнім днём, што іх размовы амаль ніколі не краналі мінулага. Зрэдку пры розных абставінах Друцкі згадваў пра тыя ці іншыя здарэнні падчас сваёй вандроўкі па свеце. Аднак Аліцыя, бачачы, як загараюцца яго вочы, як шмат цяпла тады набывае яго голас, не любіла гэтых момантаў і крыху баялася гэтай адзінай сваёй саперніцы, якую спазнала і адчула ў тузе Друцкага па бясконцых дарогах качэўніка.

Яна абажала ў ім гэты ўвабраны ягоны свет, але жадала трымаць скарбонку зачыненай.

Пра будучыню яны таксама не гаварылі. Толькі раз Друцкі пачаў:

— Ведаеш, Аль, мы робім не зусім разумна.

— Чаму?

— Таму што абое вольныя. Мы б маглі, замест таго каб хавацца са сваім каханнем, пабрацца і ўсё.

— Не, Бох, не, — паматала яна галавой.

— Здаецца ж, няма ніякіх перашкод?

— Так, Бох. Вельмі міла з твайго боку, што ты просіш маёй рукі, але, на жаль, я вымушана табе адмовіць.

Друцкі спахмурнеў і, адвярнуўшы галаву, сказаў:

— Разумею.

— Нічога ты не разумееш, — засмяялася Аліцыя.

— Ты не можаш стаць жонкай чалавека, які перад законам… злачынец.

— О!.. Бох! Як ты можаш мяне так крыўдзіць?!

— Я толькі канстатую факты.

— Ты мяне вельмі зачапіў гэтым падазрэннем.

— Мне шкада. Даруй, і не будзем больш пра гэта.

— Бох!

— Не будзем. Усё зразумела.

— Наадварот. Я павінна табе патлумачыць…

— Аль, — перарваў Друцкі, — я цябе запэўніваю, што не крыўджуся на цябе. Я зрабіў гэтую прапанову не падумаўшы, але зараз бачу яе поўную недарэчнасць. Пракурорка становіцца жонкай злачынца… Ха… ха…

— Бох, — схапіла Аліцыя яго за руку, — калі ты так ставіш пытанне, добра. Запэўніваю цябе, што ты памыляешся, што ты мяне крыўдзіш, недаацэньваеш майго кахання. Я сёння ж пераязджаю да цябе і застаюся. Гары яно ўсё гарам! Плёткі, закон, скандал. Гэтага табе даволі, каб даказаць, што твае падазрэнні няслушныя?

Друцкі ўстаў і пачаў хадзіць па пакоі.

— У такім выпадку табе прыйдзецца адрачыся ад сваёй справы, — сказаў Друцкі.

— Я выдатна ўсё разумею. Калі не адракуся сама, то мяне выкінуць.

— Ты не раз гаварыла, што любіш і цэніш сваю працу, — заўважыў Друцкі.

— Так, гэта праўда. Але я кахаю цябе, і калі такой цаной я магу табе прынесці хоць самую маленькую радасць, гэта цана для мяне — нішто.

— Паслухай, Аль, — стаў ён перад ёй, — я не хачу ад цябе ніякіх ахвяр і ніякіх прысвячэнняў. Не хачу я іх. Скажы мне толькі, чаму ў такім выпадку ты не пагаджаешся стаць маёй жонкай?

— А навошта? — паглядзела яна яму ў вочы. — Навошта? Ты што, за сваё жыццё пранікся павагай і прызнаннем да інстытуту шлюбу?

— Ну… Гэта залежыць ад асоб, якія ўваходзяць у ігру…

— Не! — усклікнула Аліцыя. — Сто разоў не! Я паклялася сабе, што ніколі ніякай цаной я не здамся гэтаму найдурнейшаму, найагіднейшаму, найбрыдчэйшаму інстытуту, выдуманаму рабскай людской мараллю. Я б пагарджала сабой, калі б свядома і дабравольна выраклася свайго чалавечага імя, калі б сябе і цябе хацела звязаць самымі недарэчнымі з абавязкаў толькі таму, што мільёны іншых пакорліва сунуць свае пустыя галовы ў ярмо для таго, каб зненавідзець адно аднаго праз некалькі гадоў або гібець, задыхаючыся ад прымусу. І навошта нам гэта? Навошта? Ты ведаеш так жа добра, як і я, што наша каханне не згасне, а калі б і згасла, няма такой сілы, якая б здолела ўтрымаць нас разам. Дык я пытаюся, для чаго? Чаму мы не можам застацца вольнымі людзьмі? Навошта свядома лезці ў пятлю, навошта, каб на сцяне вісела пуга, як пастаянная перасцярога і напамін, што мы нявольнікі? Я зусім не разумею, як табе, істоце вольнай, нібы птушка, прыйшла ў галаву гэта дзікая думка?! Ты разумееш цяпер, чаму?

— Я не разумею, чаму ты пракурор, — сказаў Друцкі пасля моманту вагання.

— О, — іранічна засмяялася Аліцыя, — бо як пракурор я маю найвялікшыя магчымасці кантраляваць, каб быдла берагло ярмо, калі яго пажадала. Таму што ў маіх руках гэтая пуга, пад якую яны падставілі свае нявольніцкія спіны. Бо я магу даць ім як найвыразней адчуць іх тупое глупства.

— Ты страшная, Аль, — сумным голасам сказаў Друцкі.

Яна засмяялася.

— О, Бох! Цябе ж я кахаю, кахаю да шаленства, і калі… Я казала, што ні за што не пайду замуж. Гэта няпраўда. Калі б ты вельмі хацеў гэтага, калі б гэта была цана твайго кахання, тады, нават пагарджаючы сваёй слабасцю, я павінна была б згадзіцца, Бох!

— Добра. Не гаворым больш пра гэта, Аль.

І сапраўды, яны больш не вярталіся да тэмы жаніцьбы. Зрэшты, Друцкі добра сябе адчуваў у любой сітуацыі, якую лічыў непазбежнай.

Іх асабістае жыццё запаўняла гадзіны, вольныя ад працы Аліцыі ў судзе і Друцкага ў «Аргенціне». Абедалі яны звычайна разам з Юлькай. Вечар праводзілі ў яго кватэры, пасля чаго расставаліся да заўтрашняга пасляпаўдня. Часам яны хадзілі ў кіно або тэатр, беручы з сабой Юльку.

Аліцыя не расказвала яму пра свае заняткі, звязаныя з работай, і не выпытвала Друцкага пра яго справы. Яна абсалютна яму давярала, ды і залішняя цікаўнасць не была для яе характэрна. Такім чынам, яны жылі толькі тым, што было для іх агульнае, і абодвух гэта цалкам задавальняла.

Друцкі не здраджваў Аліцыі. Не таму, што яму перасталі падабацца іншыя жанчыны, а таму, што ў Аліцыі ён знайшоў каханку, якая цалкам задавальняла ўсе яго фантазіі і ўсе жаданні. Яна была ўсё тая ж, аднак заўсёды розная, і таксама, як штодзень ён адкрываў новыя вабноты яе цела, ён нястомна адшукваў нечаканыя ўласцівасці гэтай такой цэльнай і адначасова складанай натуры. Яму здавалася, што з кожным днём ён усё больш жаданы і сам больш жадае.

Пацвярджэннем гэтага былі шалёныя гадзіны іх пяшчот, крывавых, бурных, напаўпрытомных, калі ў полымі аргазму два целы пераплаўляліся, як два металы, у адно, калі яны застывалі магутным сплавам бронзы і мармуру…

Друцкі не здраджваў Аліцыі.

На сумныя погляды Тэці ён адказваў крыху збянтэжанай усмешкай, з Любай ён бачыўся вельмі рэдка, таму што на лета яна пераехала ў Канстанцін[34], і ў Варшаву заязджала толькі раз на тыдзень. Тоня дарэмна яго штурмавала, а шматлікія прапановы жанчын, якія наведвалі «Аргенціну», ён пакідаў без увагі.

Абяцанне, якое Друцкі даў Бруніцкаму, ён сумленна трымаў. Штодзень ён бачыўся з паннай Лэнскай, катаў яе па гарадскіх ваколіцах, забіраў у «Аргенціну», стараўся зрабіць усё, каб яна забылася аб перажытай трагедыі. Ён яе вельмі палюбіў і бачыў, што сам выклікаў у яе сімпатыю. У гэтай сімпатыі, аднак, на сваю радасць, ён не мог разгледзець тых пачуццяў і жаданняў, якія так часта абуджаў у жанчынах. Наадварот, ён заўважыў, што панна Лэнска больш цікавіцца асобай Бруніцкага, што яна гадзінамі можа слухаць аповеды аб прафесару і не хавае радасці, калі яго сустрэне.

Сустрэчы гэтыя здараліся нярэдка, таму што Бруніцкі часам заходзіў у «Аргенціну» з намерам паназіраць, ці даюць вынікі яго метады лячэння.

Немата, праўда, не адступала, але ў настроі пацыенткі заўважаліся выразныя прыкметы паляпшэння.

У той жа час Друцкаму ўдалося даставіць яшчэ адну дзяўчыну ў «трусятнік» доктара Кунокі і Бруніцкага.

Гэта атрымалася цалкам выпадкова. Аднойчы Друцкаму патэлефанаваў Залкінд з пытаннем, ці не мог бы ён пазычыць яму аўто, таму што ён бы хацеў паехаць у Канстанцін, але апошні цягнік ужо адышоў. Друцкі выказаў гатоўнасць яго адвезці.

Было ўжо далёка за поўнач, калі, вяртаючыся ў горад, ён заехаў на найлепшы ўчастак шашы і даў поўны газ. Фары выдатна асвятлялі дарогу на вялікую адлегласць і таму ўжо здалёк ён заўважыў постаць, якая маячыла на краі шашы.

Яму прыйшло ў галаву, што гэта падстаўная жанчына, якая знаходзіцца ў змове з бандытамі, што схаваліся ў рове, альбо таксама магчыма, што гэта дзяўчына, якая хоча папрасіць падвезці яе ў Варшаву. У абодвух выпадках варта было б спыніцца, таму што будзе займальная прыгода ці ён знойдзе сабе кампанію на далейшую дарогу.

Друцкі вырашыў сцішыць ход аўтамабіля, і гэта ўратавала жыццё дзяўчыны. Менавіта ў момант, калі яна кінулася пад машыну, ён яшчэ здолеў рэзкім рыўком павярнуць руль убок і, нягледзячы на два моцныя штуршкі, выраўняць і затармазіць.

Ён у тую ж хвіліну выскачыў і падбег да дзяўчыны якраз тады, калі яна паднялася з зямлі і кінулася ўцякаць.

— Стой! — схапіў ён яе за рукаў. — Што гэта значыць?!

— Пусціце мяне, — спрабавала яна барукацца.

— Што гэта? Кроў? — усклікнуў Друцкі, адчуўшы пад пальцамі ліпкую вадкасць.

— Пусціце мяне, — маліла дзяўчына.

— Не, анёлак, ты пойдзеш са мной.

Нягледзячы на яе супраціўленне, Друцкі падвёў яе да фар машыны. Гэта была маладая сціпла апранутая дзяўчына. Яе шырокі жакет на плячах быў парваны, а адтуль моцна цякла кроў.

Ён адразу скеміў, што зачапіў яе крылом машыны.

— Дазвольце мне пайсці, — усім целам дрыжала дзяўчына.

— У нас ёсць час, мая дарагая. Найперш трэба спыніць кроў.

Не цырымонячыся, Друцкі зняў з яе жакет і блузку. Блузку ён разарваў на палосы і моцна перавязаў руку.

— Вельмі баліць? — спытаўся ён.

Дзяўчына маўчала, гледзячы ўніз. Яна бездапаможна стаяла перад ім, а яе голыя рукі дрыжалі, як у ліхаманцы.

Паколькі жакецік увесь быў у крыві і пыле, ён накінуў на плечы дзяўчыны свой пінжак, бо вечар быў даволі халодны. Яна не адпіралася, калі ён пасадзіў яе на прыступку аўтамабіля, і паслухмяна выпіла глыток каньяку.

— Ну, а цяпер пагутарым, — сеў ён побач з ёй. — Навошта вы хацелі ўчыніць гэтае глупства?

— Гэта было не глупства, — адказала яна шэптам.

— Ну, а хіба было самым разумным? Я не збіраюся чытаць вам тут маралі, таму што не знаёмы з гэтай прыгожай і карыснай справай. Але трэба мець шмат вады ў галоўцы, каб самазабойства лічыць у якім бы ні было выпадку, у якой бы ні было сітуацыі разумным уладжваннем справы.

На яе твары з’явілася хваравітая ўсмешка.

— Так, так, мая дарагая. Не трэба ўсміхацца са шкадаваннем, бо гэта цалкам перабольшаная саманадзейнасць. Што ж, вам, тысяча чарцей, здаецца, што вы разумнейшая за ўсіх на свеце, што сітуацыя, у якой вы апынуліся, цалкам выключная і ніколі ні з кім не здаралася? Мілая мая, калі б я расказаў вам гісторыю майго жыцця, вы б, напэўна, вырашылі, што я павінен быў бы разоў дваццаць скончыць жыццё самагубствам. Аднак я жыву і — тысяча чарцей — адчуваю сябе выдатна.

— Вы мужчына, — ціха сказала яна.

— Якая розніца? — не зразумеў ён.

— Ах, гэта проста… Зрэшты, мне ўжо ўсё роўна. Я ўпэўнена, што калі б вы ведалі… то не памянялі б кірунку сваёй машыны…

— Канечне! Калі б я ведаў, што ў вас няма грошай, — падхапіў ён з іроніяй, — што вы кахаеце без узаемнасці і што пасварыліся з цёткай, я пераехаў бы вас некалькі разоў туды і назад, а ў дадатак быў бы шчаслівы, што дапамог бліжняму пазбавіцца ад жыццёвай трагедыі…

— Не, пане, — запярэчыла дзяўчына дрыжачым голасам, — але калі б вы ведалі, што пазбаўляеце ад цяжару жыцця дзяўчыну, якая здыхае ад голаду, цяжарную і заражаную венерычнай хваробай, якую выгналі з дому і якая не можа нікому паказацца на вочы… Што б вы зрабілі?

Друцкі анямеў ад гэтых слоў.

— Набярыцеся смеласці і адкажыце мне шчыра, — настойвала дзяўчына, — што б вы зрабілі?

Друцкі ўсё яшчэ маўчаў.

— Так, вы перашкодзілі майму самазабойству, а самі павінны прызнаць, што ў мяне няма іншага выйсця. Вы толькі прадоўжылі мае пакуты.

Дзяўчына засмяялася.

— І самі недарэчна аказаліся ўцягнутым у клопатную сітуацыю…

Яна ўстала, скінула яго пінжак і збіралася сысці.

— Пачакайце, — рашыўся Друцкі.

— Чаго?

— У мяне да вас прапанова.

— Вы мне хочаце даць міласціну?

— Не. Я ніколі не даю міласціну.

— Такім чынам?

— Я магу вас змясціць пад апеку дактароў, дзе вы знойдзеце цішыню, утульнасць і добразычлівасць.

— Прытулак для распусных дзевак?! О, не, дзякуй пану.

— Зусім не. Прыватная клініка.

— Адкуль такая філантропія? — недаверліва спыталася дзяўчына.

— Там праводзяць навуковыя эксперыменты. Клініка тайная і нелегальная. Але вас ніяк не пакрыўдзяць. Наадварот, вылечаць, будуць дбаць, каб дзіця з’явілася на свет у самых спрыяльных умовах і забяспечаць ваша далейшае існаванне. Гэтым, зрэшты, я і сам магу заняцца. Што вы ўмееце?

— Я настаўніца.

— Тут, у Варшаве?

— Не, далёка адсюль, на Валыні.

— І сям’я ваша жыве там?

— Там. Сюды я прыехала ў надзеі, што знайду якую-небудзь установу або доктара, які бясплатна пазбавіў бы мяне ад цяжарнасці. Я чытала, што ўрачы робяць гэта задарма… Я наведала паўтара дзясятка ўрачоў, але ўсе з мяне пасмяяліся. Я думала таксама, што мне ўдасца якім-небудзь чынам зарабляць на жыццё…

— Значыць, вы прымаеце маю прапанову? Я даю вам слова гонару, што да вас будуць адносіцца з поўнай павагай і добразычлівым клопатам. А ўрачы, у рукі якіх я аддаю вас, — гэта два вялікія вучоныя з сусветнай славай. Мне нельга агучваць іх імёны, але я прашу мне паверыць, што ніякай крыўды яны вам не ўчыняць.

— Як жа мяне яшчэ можна пакрыўдзіць!

— Дык вы згодныя?

— Добра.

— Ну, дык брава! Яшчэ глыток алкаголю, для куражу.

Друцкі падаў дзяўчыне дарожны кубачак з каньяком.

— І сядайце.

Не прайшло і дваццаці хвілін як ён званіў у вароты вілы прафесара Бруніцкага.

— Хутчэй адчыняй! — загадаў Друцкі барадачу, набліжаючы свой твар да штыкецін, каб той яго мог пазнаць.

Машына заехала ў двор.

Дзяўчына абыякава азіралася.

— Нешта ёсць? — пачуўся прыглушаны голас прафесара, які выйшаў у халаце.

— Так, — коратка адказаў Друцкі.

— Антоні, — звярнуўся прафесар да служкі. — Разбудзі пана доктара. Мы самі перанясём.

— Гэта лішняе, — сказаў Друцкі. — Яна прытомная.

— Як гэта? — спужаўся Бруніцкі.

— Праз хвіліну я табе ўсё раскажу. Калі ласка, пані.

— Друцкі дапамог дзяўчыне выйсці з машыны, узяў яе пад руку і праводзіў цёмным калідорам прама ў ванную.

У гэты момант з’явіўся доктар Кунокі.

— Доктар, — павітаўся з ім Друцкі, — пані трэба зрабіць новую перавязку.

— Рана? Агнястрэльная?

— Не, невялікая драпіна, але моцна крывавіцца.

— Ну, дык доктар сам ужо дасць рады, — не цярпелася прафесару, — хадзем.

Яны перайшлі ў хол, і Друцкі падрабязна расказаў, як усё было.

— Яна зусім не ведае Варшавы, — скончыў ён, — акрамя таго, з выгляду прыстойная.

— Але я крыху ўстрывожыўся, — з палёгкай выдыхнуў Бруніцкі. — Табе не падаецца, што ты надта легкадумны.

— Ты хочаш сказаць, што я дурань, Караль?

— Не, але гэта магла быць, дапусцім, агент паліцыі.

— Немагчыма. Паліцыю, дарагі мой, я адчуваю на адлегласці, як такса ліса. Я б хацеў яшчэ развітацца з гэтай малышкай, бо мне пара ехаць у клуб.

— Што за сантыменты! — засмяяўся Бруніцкі, але праводзіў яго ў пакой, куды змясцілі новага «трусіка».

— Да пабачэння, пані, — пацалаваў Друцкі яе ў руку, — і прашу пра мяне памятаць. Мяне завуць Вінклер, Ян Вінклер. Пасля выздараўлення завітайце, калі ласка, да мяне. Паны дактары ведаюць мой адрас.

Дзяўчына развіталася з ім поўным удзячнасці поглядам.

Прафесару і японцу, якія праводзілі яго да машыны, Друцкі сказаў:

— Памятайце, шаноўныя, што я даў ёй слова гонару, гарантуючы вашу добразычлівасць і прыязнасць!

— Не хвалюйся.

— Доктар, а як з гэтай хваробай? А?

— Хутка вылечым, дробязь.

— Тады да пабачэння!

Друцкі выехаў з варот з выключанымі фарамі. Вуліца была пустая. Ён націснуў на газ і рушыў на значнай хуткасці ў бок «Аргенціны». Толькі праязджаючы цераз добра асветленую Тэатральную плошчу ён заўважыў на рукаве пінжака вялікую пляму крыві.

— Халера, трэба пераапрануцца! — канстатаваў ён і звярнуў на праспект Шуха.

Ужо пры пад’ездзе ён заўважыў святло ў вокнах сваёй кватэры. Яго гэта здзівіла, але вартавы растлумачыў, што гэта Зоська засцілае ложак.

— Так позна? — спытаўся Друцкі.

— Дык жа ж вы ніколі рана не вяртаецеся, а яна да гэтага часу адчыняла вароты, а зараз разбудзіла мяне і пайшла ў вас прыбіраць.

Зоська павітала яго з характэрнымі для яе бестурботнасцю і свабодай, што было так незвычайна для вясковай дзяўчыны, і не спыніла сваёй працы.

— Вы ўжо будзеце спаць? Сёння рана!

— Не, мне трэба пераапрануцца, — заявіў ён.

Дзяўчына акінула яго поглядам і ўсклікнула:

— О, Божа! Вы ўвесь у крыві!

Друцкі зняў пінжак. Сапраўды, у многіх месцах віднеліся вялікія плямы.

— Што з вамі? Вы параніліся?

— Не, — коратка адказаў ён.

Дзяўчына ўзяла пінжак у руку і спыталася:

— А адкуль столькі крыві?

— Дождж такі чырвоны ішоў, — пажартаваў Друцкі.

Раптам Зоська зрабілася вельмі сур’ёзная і моўчкі стала да яго прыглядацца.

— Ну, і што ты ўперылася, малая? — смяяўся ён. — Дастань з шафы чорны касцюм і ідзі спаць.

Дзяўчына выканала яго даручэнне, але затрымалася ў дзвярах:

— Скажыце, — спыталася яна нейкім таямнічым голасам, — а можа, лепей зараз замыць?

— А ці атрымаецца?

— Пакуль свежае, атрымаецца. І следу не будзе… А ці не бачыў толькі бацька?

Друцкі адвярнуўся ад яе. Дзяўчына стаяла з пінжаком у руцэ, а засяроджаная таямнічасць на твары была надзвычай забаўная.

— Ты што, Зоська, думаеш, я некага забіў?

Яна нават не паварушыла вуснамі, але было зразумела, што яна ў гэтым не сумнявалася.

— Не бойся! Усе жывыя і здаровыя. А пінжак можна памыць і праз два дні.

— А можа, лепей зараз, — не паверыла дзяўчына, — хто сябе сцеражэ, таго й Бог беражэ!

— Эх, ты! Што ж ты, малая, думаеш, што Бог беражэ забойцаў? — засмяяўся ён.

— Я не ведаю… Але я лепей памыю. Заўсёды лепей, каб не засталося следу.

— Якая табе розніца? — пацікавіўся Друцкі.

— Ну, бо вас могуць накрыць, — сказала яна проста.

— А ты ведаеш, што калі дазнаюцца, што мыла мне гэты пінжак ты, то і цябе пасадзяць?

— За што гэта?

— За тое, што дапамагала схаваць злачынства.

Дзяўчына хвіліну павагалася і нарэшце паціснула плячыма:

— Ну і няхай!

Друцкага гэта ўзрушыла, і ён адчуваў непераадольнае жаданне выказаць сваю сімпатыю і ўдзячнасць, але ж такога роду пачуцці ён не ўмеў выражаць іначай, як прыціснуць яе да сябе, падняць яе падбародак і пацалаваць у вусны.

Вусны былі гарачыя і сакавітыя, а скура пахла малаком.

Дзяўчына стаяла нерухома. Яна ні аддалася пацалунку, ні супраціўлялася. Толькі апусціла вочы і дыхала крыху хутчэй, а яе вялікія, пукатыя грудзі паднімаліся ў хуткім рытме пад ружовым паркалем блузкі.

Друцкі скрыгатнуў зубамі і няшчыра засмяяўся:

— Ну, Зоська, ты да мяне вельмі добрая. Дзякуй табе, а гэта на цукеркі.

Ён працягнуў ёй банкнот, але яна паматала галавой.

— Не хачу.

— Бяры, бяры, не строй з сябе графіню.

— А калі я не люблю цукеркі. І не думайце, што я да вас добразычлівая, бо вы мне плаціце!.. Я так… па дружбе.

— Ну і я табе даю па дружбе.

— Я і так нікому не скажу.

Друцкі сеў на тахту, закурыў і загадаў ёй падысці.

— Слухай, малая. Не забівай сабе галаву глупствамі. Кроў ад таго, што я пераехаў аднаго чалавека. Ты мне верыш?

— Веру.

— Ну дык не трэба мыць, а пінжак варта аддаць у хімічную чыстку. Разумееш?

— Разумею.

— Мне тут няма чаго хаваць. А раз ты мне адкрыла сваё добрае сэрца, то дазволь і я табе адкрыю, і вазьмі гэта на цукеркі.

Дзяўчына секунду павагалася і паматала галавой:

— Не.

— Чаму не? — раздражніўся Друцкі.

— Бо і вы мне таксама адкрылі добрае сэрца, — зачырванелася Зоська, — вось мы і квіты.

Яна павярнулася на абцасах і выбегла.

Друцкі сядзеў і курыў. У скронях ён адчуваў моцныя ўдары пульсу, а ў ноздрах пах скуры, свежай, гладкай скуры з водарам малака.

— Можа, яшчэ не спіць, — сказаў ён уголас.

Устаў, узяў тэлефонную трубку і назваў нумар Аліцыі, але, кінуўшы погляд на гадзіннік, усклікнуў:

— Не, шаноўная, не! Калі ласка, не злучайце! Я памыліўся!

— А які нумар вам трэба? — спыталася тэлефаністка.

— Я памыліўся не з нумарам, а з часам! — засмяяўся ён.

— Ага, што так позна?

— Менавіта. Я вельмі позна падумаў.

Тэлефаністка гулліва засмяялася:

— А вы жанчыне званілі?

— Так, мая дарагая. Аднак ужо чацвёртая гадзіна, яна, напэўна, спіць і будзе злавацца, што я яе буджу.

— Не бойцеся. Не будзе злавацца. Ніводная жанчына за такое не раззлуецца. Хіба…

— Хіба калі той, хто звоніць, — стары і брыдкі? — падхапіў Друцкі.

— Ну, так, — засмяялася тэлефаністка.

— Вось бачыце! Я якраз вельмі брыдкі, і ў мяне вялікая сівая барада.

— Ну дык пагаліцеся! — весела адказала жанчына і выключыла апарат.

— Шэльма, — уздыхнуў Друцкі і пачаў пераапранацца.

Загрузка...