Пасляслоўе

Ля ўвахода ў заліў Путалам[57] з захаду вялікі двухтрубны «Рэгенс» вымушаны быў затрымацца і нават даць контрпару, толькі дзякуючы гэтаму ён пазбег сутыкнення з невялікім, самае большае на сем тысяч тон караблём, які выпісваў паміж рыфамі дзіўныя фігуры.

— Ready![58] — гукнуў капітан, высоўваючы галаву з люка і звяртаючыся да праходзячага матроса. — Скажы ты таму аслу, каб навучыў жаб плаваць! Што ён сабе думае? Спытай у яго, ці яму часам і на Ціхім акіяне не зацесна, і няхай мне зараз жа змываецца з дарогі, бо я яму яго бляшанку з сардзінамі спушчу на самае дно!

Праз хвіліну з рупара «Рэгенса» на «бляшанку з сардзінамі» валіў спіч, шчодра прыпраўлены літаніяй з лаянкі і адпаведных эпітэтаў, дзеля весялосці ўсёй каманды, якая, нягледзячы на шалёную спёку, выйшла на палубу цалкам, каб паназіраць за манеўранымі выкрутасамі нявопытнага, відаць, капітана пасудзіны.

Аднак і на тым борце не любілі маўчаць і па слова ў кішэню не лезлі, бо праз хвіліну ўжо на «Рэгенсе» пачулі адказ:

— А вы не ведаеце старога Тоні з Хоўпвіля?.. Ідзіце вы да яго, а ён вам пакажа, у якое месца яго пацалаваць!..

— Навошта вы пакінулі маму дома?! Самі не справіцеся! — крычалі з «Рэгенса».

— Ваша маці павінна была быць каровай, ад якой вы навучыліся дасціпнасці!

— Вы хіба вучыце ваша карыта танцаваць кадрылю?!.

— Не, мы праводзім вопыт. Хочам паглядзець, як доўга аслы могуць назіраць, як мы ў іх пад носам загароджваем ім дарогу!

Гэтага было ўжо больш чым дастаткова для карабля «Рэгенс». На борце пачаўся рух, і праз хвіліну з’явіўся сам капітан Тэры.

— Я ім пакажу! — засмяяўся ён і пачаў аддаваць распараджэнне першаму афіцэру, калі раптам сярод патоку беглай ангельшчыны з рупара праціўнікаў выпала адно чужое выразнае слова, слова, наконт паходжання якога не магло быць ніякіх сумненняў.

— Dranie![59]

— Што гэта за судна? — усхвалявана спытаў капітан Тэры.

— Чорт яго ведае, цяжка прачытаць, пад польскім флагам.

— Падзорную трубу! — гукнуў капітан.

Праз трубу на носе судна ён прачытаў «Мазоўшэ»… І раптам нешта спыніла капітана, бо ён не толькі змяніў распараджэнне і загадаў спакойна чакаць, калі бездапаможнае судна вылавіруе, але і прагнаў усіх з борта працаваць.

Праз паўгадзіны «Мазоўшэ» прычаліла да пірса ў малым порце Путалам, а за ім адразу ўвайшоў «Рэгенс». Капітан Тэры загадаў хутчэй спусціць шлюпку і быў ужо на беразе, калі з «Мазоўшэ» толькі пачала паціху вылазіць каманда. Раптам ён здрыгануўся і хутчэй адвярнуўся. Калі ён зноў паглядзеў у бок пірса, на яго твары ўжо былі вялікія зеленаватыя акуляры, якія носяць для аховы ад сонца. З карабля сходзіў высокі, стройны малады чалавек у белым мундзіры лейтэнанта гандлёвага флоту.

— Вітаю, лейтэнант! — закрычаў капітан Тэры, а калі той наблізіўся і прасалютаваў, дадаў: — Я забараніў маім хлопцам пачынаць якую б ні было сварку з вашымі. Я капітан Тэры з «Рэгенса».

— Лейтэнант Бруніцкі, польскі гандлёвы флот, — даволі халодна прадставіўся малады чалавек.

— Польскі? — здзівіўся Тэры. — Вы гаворыце па-англійску, як карэнны лонданец. Польшча — прыгожая краіна…

— Вы ведаеце Польшчу? — адтаў малады чалавек.

— Так. Я бываў там калісьці, лейтэнант… А ці не прапусціць нам па шклянцы рому з лёдам, а? Пякельная спёка.

Лейтэнант Бруніцкі ахвотна згадзіўся. Праз хвіліну яны сядзелі пад саламянай страхой на верандзе крывога бунгала і прыемна гутарылі.

Капітан Тэры даведаўся, што «Мазоўшэ» прыйшло з грузам эмаліраванага посуду, а забірае ў Гдыню гарбату, што ў іх паламаўся штурвал, што ноччу яны трапілі ў вялікі шторм і што лейтэнант Бруніцкі нядаўна скончыў мараходку і гэта якраз яго першае падарожжа па паўднёвых морах, якім ён не вельмі задаволены, бо яго капітан — сапраўдны скнара і хварэе на песімізм.

У порце Путалам нічым лепшым не зоймешся, як толькі распіваннем рому з лёдам, таму, відаць, паміж капітанам Тэры і лейтэнантам Бруніцкім хутка з’явілася шчырая сімпатыя. Аднак паколькі «Рэгенс» вечарам адплываў у Дакар, лейтэнант папрасіў капітана, каб той забраў ліст, і тут жа пачаў яго пісаць.

— Здагадваюся, што да нарачонай, — засмяяўся Тэры.

— Вы не памыліліся. Да самай цудоўный дзяўчыны на свеце.

— Так. Я ведаю некалькі полек. У вашай краіне прыгожыя жанчыны, — у задуменні прамовіў капітан.

— Такой прыгожай, аднак, вы, б’юся аб заклад, ніколі не бачылі, — сказаў малады чалавек і, дастаўшы з бумажніка фатаграфію, падаў яе таварышу.

Тэры ўзяў фота ў рукі і ўскочыў на ногі. На здымку была выява маладзенькай чароўнай дзяўчыны…

— Ліха! Я некалі ведаў падобную… прыгожую… А можна мне паглядзець на адваротны бок?

— О, калі ласка. Праўда, там вельмі пяшчотны надпіс, але вы яго не прачытаеце, бо гэта на маёй роднай мове.

Капітан, аднак, прачытаў:

«Майму найкаханейшаму Марскому Ваўку замест сябе самой у кампанію на доўгае падарожжа — Юлька».

— Я прачытаў толькі подпіс, — усміхнуўся Тэры, вяртаючы фатаграфію, — Юлька… Віншую, дружа… Яна сапраўды прыгажэйшая, чым… чым асоба, якую я ведаў. Напэўна, у яе таксама салодкае сэрцайка. Віншую, дарагі дружа… Даўно вы з ёй знаёмыя?..

Малады чалавек, хоць і крыху здзівіўся ўсхваляванасці капітана, аднак пранікся тэмай і вырашыў спыніцца на ёй падрабязна. Зрэшты, і ром з лёдам зрабілі сваё. Таму ён не мог утрымацца, каб не падзяліцца з гэтым прыемным суразмоўцам таямніцамі свайго сэрца.

— Я з ёй пазнаёміўся ў сапраўды незвычайных абставінах, — пачаў ён свой аповед…

Калі ж скончыў, то сонца даўно ўжо зайшло за пярыстыя пальмы паўвострава, а па капітана трэці раз прыбег усхваляваны боцман. Лейтэнант праводзіў капітана Тэры на пірс і, падаючы яму ліст, сказаў:

— Я толькі не ведаю, у Варшаве ў майго бацькі зараз мая нарачоная ці ў сваёй кузіны Аліцыі ў Закапанэ. На ўсялякі выпадак я адрасаваў у Варшаву.

— А што, ваш бацька займаецца яшчэ сваёй забароненай клінікай, якой вы ўдзячныя спатканнем са сваёй нарачонай?

— Дзе там! З той пары, як ажаніўся, ён займаецца выключна вывучэннем нематы.

— Так… так… ну, бывай, лейтэнант, і ведай, што і табе, як і тваёй нарачонай, я зычу столькі шчасця, як самому сабе! Бывай!..

Яны моцна паціснулі адзін аднаму руку, і капітан Тэры ўскочыў у шлюпку, аднак перш чым яна адчаліла, ён крыкнуў:

— А свайму бацьку скажы, калі яго ўбачыш, лейтэнанце, скажы, што ты сустрэў мяне і што я шлю яму прывітанне ад старога вернага сябра Факіра! Ён будзе ведаць, што гэта значыць. Ад Факіра!.. Бывай!..

Шлюпка аддалялася па гладкай, як люстэрка, вадзе, у ціхім плёскаце вёслаў.

Над залівам Путалам узышоў вялікі белы месяц.

Пераклад з польскай Веранікі Бандаровіч.

Загрузка...