Раздзел 5

Вентылятары гудзелі аглушальна, праз адкрытыя шторы сачылася мглістае святло снежаньскага ранку.

Афіцыянты папрыбіраліся ўжо ў свае жакеты, і толькі бармэн, худы пан Грабоўскі, праходжваўся яшчэ за стойкай амерыканскага бара ў маляўнічым каўбойскім касцюме з яркай хусткай на шыі.

Ён замыкаў шафкі і шуфляды, пазвоньваў ключамі, спрытна складваў брудныя шкляначкі і кілішкі ў вялікую бляшаную ванну, якую трымала таўсташчокая пасудамыйка ў белым халаце.

Памочнікі швейцара з імпэтам узяліся за ўборку, ссунулі столікі і хутка пакрылі іх рагатым лесам перавернутых дагары ножкамі крэслаў.

Дзяўчаты ўжо разышліся. На высокім зэдліку ля бара сядзела сама панна Казя (сеньярыта Фіямета — акрабатычнае танга) і пудрыла свой аргенцінскі носік.

Яна, аднак, не зводзіла вачэй з калідора, а менавіта з тоўстага і непразрыстага шкла дзвярэй, на якіх была прыбіта шыльда «Адміністрацыя».

Ужо некалькі дзён з-за гэтага з яе жартаваў і кпіў увесь персанал, аднак яна не адступала.

І цяпер афіцыянты, апранаючы паліто і кідаючы сваё звычайнае «ўсяго добрага», шматзначна пазіралі на яе, а бармэн спытаў:

— Панна Казя, мне здаецца, ці вы чакаеце трамвая?

— Чаго? Трамвая? А вы не ведаеце, пан Зыгмунт, што трамвай з разумнымі разбіўся і ўсе ногі паламалі? — тут жа адрэзала яна.

— Я там з разумнымі не езджу. Ногі ў мяне цэлыя.

— Гэта і відаць, — сказала яна шматзначна.

Грабоўскі, аднак, не мог пацярпець паражэння. Ён дзынкнуў ключамі і запярэчыў:

— Відаць, не відаць, а, пані, панна Казя, гэта насамрэч нязбытная мара, можна сказаць. Ведалі мы такіх, што з неба зоркі хапалі, а як што да чаго, то канец і ніякай перспектывы, можна сказаць!..

Раптам дзверы ў калідоры адчыніліся і выбег касір Юстэк:

— Пан Грабоўскі! Пан дырэктар запрашае!

— Іду!

Ён выцер сурвэткай рукі, выцягнуў з шуфляды дробна спісаны аркушык і пастукаў у дзверы.

Кароткае «ўвайдзіце» — і Грабоўскі апынуўся ў кабінеце.

Дырэктар, канечне ж, сядзеў на пісьмовым стале. Так заўсёды: альбо на стале, альбо на падаконніку, альбо на падлакотніку канапы. Насамрэч невядома, навошта ля стала стаяла крэсла. З моманту набыцця «Аргенціны» Вінклерам ніхто яшчэ не бачыў, каб ён на ім сядзеў.

Цяпер дырэктар курыў папяросу і, ківаючы нагой, слухаў справаздачу дэгустатара:

— …дваццаць шэсць венгерскага, адзінаццаць малагі, сто чатырнаццаць Cordon Rouge, дзве Cordon Vert, трыццаць сем Clicot і восем Cristal…

Панна Тэця, хутка перамяшчаючы валік машынкі, адстуквала названыя ім лічбы ў адпаведных калонках.

— Гэта ўсё, прыяцель? — спытаўся дырэктар.

— Дай божа кожны дзень столькі, — рассмяяўся дэгустатар.

Дырэктар ляпнуў яго па плячы:

— Дробязь, браце, пабачыш — выцягнем яшчэ два разы па столькі! Ну, пан Грабоўскі, як жа там?

— Першы клас, пан дырэктар, сем тысяч дзвесце сорак тры!

— Спойваеце вы людзей, хай вас халера! Ну, вывальвайце на машынку.

Дырэктар адвярнуўся і падышоў да вялікага стала, на якім валяліся стосы банкнот, план сённяшняй ночы. Касір Юстэк сартаваў іх надзвычай спрытна і складваў па сто штук.

— Павінна быць трыццаць два з коптарам, — сказаў дырэктар.

— Будзе, — коратка пацвердзіў касір і падумаў: «Наколькі цяпер па-іншаму працуецца, усё зразумела, ніякіх сварак… Умее працаваць!»

А між тым, Грабоўскі скончыў і, пакланіўшыся, выйшаў. Машыністка выняла з «Раяля» гатовы аркуш і падала дырэктару:

— Я буду патрэбная пасля абеду? — спыталася яна, апускаючы вочы.

Друцкі азірнуўся, і, бачачы, што Юстэк на іх не глядзіць, пагладзіў яе па смуглым тварыку.

— Не, малышка, дзякуй, — сказаў ён з усмешкай, — толькі зрабіце пералік.

— Ну, тады да пабачэння, пан дырэктар, — уздыхнула панна Тэця.

— Дабранач, малышка, спі спакойна, і няхай табе прысняцца анёлкі!

Сакратарка паднялася на дыбачкі і пацалавала яго ў вусны якраз у той момант, калі Юстэк паднімаў галаву.

Яна пачырванела і выбегла. Праходзячы ля бара яна ссунула бровы: гэтая малпа Казя заўсёды тут цікуе. Брыдкая какотка!

Яна вырашыла заўтра спытаць у швейцара: з ёй выйшаў дырэктар або адзін.

А Друцкі яшчэ і не думаў выходзіць. Ён спачатку праверыў з Юстэкам касу, потым адпусціў яго, адчыніў сейф і паскладваў грошы.

Дырэктар разумеў, што рызыкуе, трымаючы тут так шмат наяўных. Усе ў рэстаране пра гэта ведаюць, а дзе спакуса, там і злодзей. Але што ён мог з гэтым зрабіць? Банкі адчыняюцца толькі а дзявятай, а ён не мог сябе пазбавіць дзвюх гадзін і без таго невялікай порцыі шасцігадзіннага сну, які сабе дазваляў.

Пазней, канечне, будзе лепей, але цяпер, напачатку, ён павінен сам усё дагледзець. Трэба навучыць людзей парадку, увесці, з аднаго боку, строгую дысцыпліну, а з другога — заахвоціць да працы.

Дырэктар схаваў ключы ў кішэню і выйшаў на калідор. Найперш зазірнуў на кухню, дзе якраз ужо скончылі шараваць бляхі і мыць посуд, зайшоў у скляпы, каб паглядзець, ці ўсё пазамыкана, зрабіў заўвагу гаспадыні за непагашанае святло ў халадзільніку і пахваліў яе за змяншэнне колькасці пабітага шкла.

Ён пагутарыў з паварчукамі, ушчыпнуў за шчочку пухлую афіцыянтку і пайшоў у залу. Вентылятары ўжо закрылі, пыл выцерлі. Работнікі вялікімі палотнамі пакрывалі мэблю.

— А ты, малышка, чаго тут сядзіш? — здзівіўся дырэктар, убачыўшы Казю.

— Я… я… таго, — заікалася яна, — я чакала…

— Чаго ты чакала?

— Ну, пана дырэктара.

— Што такое? Я слухаю.

Сеньярыта Фіямета маўчала. Друцкі выдатна ведаў, у чым справа, але наўмысна спытаўся:

— Што, можа, пазыка?

— Э-э-э-э… не, пан дырэктар.

Казя была вельмі прыгожая, і ў яе рухавых ноздрах было штосьці пікантнае. А паколькі яна танцавала сваё танга амаль голая, Друцкі ведаў, што ў яе была цудоўная фігура, і яна была спартыўная, як цыркачка.

Калі ён да гэтага часу ёй не зацікавіўся, то толькі таму, што ўсе казалі, быццам Казя жыве з альфонсам Ізмайлавым, да таго ж, сам ён быў вельмі заняты.

— Ну, дык што? — спытаўся дырэктар.

— Э-э-э-э… пан дырэктар робіць выгляд, што не ведае.

— Што не ведаю чаго? — дражніў Казю Друцкі.

— Ну, што пан дырэктар мне падабаецца…

— О-о-о-о!

— Я ведаю, што пан дырэктар усім вельмі падабаецца. Што і гаварыць! Палова гэтых баб, што цяпер з дзвярэй і вокнаў валяць да нас, гэта ўсё дзеля пана дырэктара.

Друцкі рассмяяўся.

— Няхай пан дырэктар з мяне не смяецца, вы самі ведаеце, што жанчыны на вас ляцяць…

— І ты, малышка, таксама?..

— Таксама.

Ён зноў рассмяяўся, хоць крыху і крануў яго гэты просты адказ.

— Вы толькі не падумайце, што я лячу на вашы грошы, — пагардліва надзьмула вусны Казя, — я магу мець болей бабак, чым мне патрэбна… Пан дырэктар сам бачыць, што самыя багатыя госці змагаюцца за мяне. Але вы мне так падабаецеся, бо вы міравы мужык і ўвогуле…

— Асцярожна, малышка, бо я заганаруся. Ну, пагутарым калі-небудзь пра гэта яшчэ, а цяпер пара спаць.

Дзяўчына апусціла галаву:

— Я вам не падабаюся, — сказала яна ціха.

— Ты зноў за сваё, толькі трэба ісці спаць, позна ўжо.

Казя схапіла яго за руку:

— Пан дырэктар, паехалі да мяне снедаць.

— Але мне пара ў ложак, мая малышка.

— У мяне таксама ёсць ложак, пан дырэктар!.. Ну пан дырэктар…

Друцкі сапраўды быў стомлены, і яго крыху раздражніла настырнасць гэтай танцоркі. Таму ён сказаў з’едліва:

— Што ёсць, я ведаю, але ці часам не заняты?

Казя тут жа адпусціла яго руку і адвярнула галаву.

— Вось як… — шапнула яна, — што ж… вам можна так плюнуць мне ў твар… можна… я такая, што са мной так і трэба…

Друцкаму стала непрыемна.

— Ціха, малышка, — сказаў ён, — я не хацеў цябе пакрыўдзіць, я пажартаваў, ну, усміхніся, ну давай! Вось і добра! А калі ты заўтра запросіш мяне на снеданне, то я з задавальненнем прыеду. З вялікім задавальненнем! А сёння я не магу. Ну, бывай, малышка!

Друцкі пагладзіў яе па шчочцы і адвярнуўся:

— Яворэк! — крыкнуў ён. — Маё футра!

У дзвярах яшчэ кіўнуў галавой задаволенай Казі і выйшаў.

Быў моцны мароз, снег хрусцеў пад нагамі. У таксі, куды сеў Друцкі на рагу Шпітальнай, завуркатаў матор, і шафёр патраціў добрыя тры хвіліны на тое, каб машына паехала.

У атэлі было, як кожны дзень у такую пару, яшчэ зусім ціха. Друцкі прыняў халаднаватую ванну, выцерся калючымі ручнікамі, аж скура заружавелася, выпіў кілішак каньяку, завёў будзільнік на дванаццаць і лёг спаць.

Заснуў ён адразу. Яго здаровы арганізм працаваў спраўна, без збояў, і пасля пяці гадзін здаровага сну з былой лёгкасцю быў гатовы да самага актыўнага жыцця.

На працягу гадзіны Друцкі пагаліўся, памыўся, апрануўся і патэлефанаваў Залкінду:

— Ці ёсць пан Залкінд?

— А хто гэта? — спытаўся жаночы голас.

— Гэта Вінклер.

Адказам на гэта быў гучны піск у трубцы.

«Што за чорт», — падумаў Друцкі.

— Капітане! Капітане! — усклікваў радасны жаночы голас. — Гэта я! Люба! Добры дзень, дарагі капітане! Як жа я рада!

— Пані Люба? Ага! Цудоўна! Вы сёння прыехалі?

— Сёння, сёння раніцай, дарагі капітане! Барыс! Барыс! Капітан звоніць! Вось дык удалы прыезд, капітане; гэта для мяне добры знак: першы званок, на які я адказала, быў ваш! Менавіта ваш!.. Глядзі, Барыс, якое шчасце! Я думала, што звар’яцею ад радасці, калі даведалася, што вы прыехалі ў Польшчу!..

У трубцы пачуўся голас Залкінда:

— Яна не хоча аддаваць мне трубку — вось што ты, капітане, вытвараеш з маёй роднай жонкай!

— Зараз жа прыязджайце да нас, тэрмінова прыязджайце, — крычала Люба.

— Зараз не магу, мае родненькія, але а шостай-сёмай, канечне, прыеду. Як жа здароўе, пані Люба? Дапамагла Крыніца?

— Ах, што там здароўе, калі б я ведала, што капітан у Варшаве, то гэта б мне больш дапамагло, чым Крыніца. І з вамі бачылася б, і здаровая была б, і па сорак пяць злотых за дзень не плаціла б за пансіён і лячэнне. Але вы мяне не пазнаеце, я цяпер — старая баба, замужняя баба, я так пабрыдчэла з нашых амерыканскіх часоў, што вы мяне не пазнаеце…

— Няпраўда, — улез у размову Залкінд, — нічога не пабрыдчэла, яшчэ папрыгажэла…

— Ой, што ты кажаш, Барыс! Не слухайце яго, бо падумаеце, што я не пабрыдчэла і яшчэ расчаруецеся. А вы яшчэ майго малога не бачылі, майго самага салодкага дзіцяці!..

Нарэшце Залкінд узяў трубку, і Друцкі мог яму расказаць, што ўчарашняя выручка зноў пабольшала, што справы ідуць выдатна і што праз месяц «Аргенціна» пэўна будзе самым папулярным начным клубам сталіцы.

— Каб вашы словы ператварыліся ў золата, капітане, — адказаў яўрэй, — ды нават і не трэба ператвараць, бо яны не што іншае, як найчысцейшае золата!

Паглядзеўшы на гадзіннік, Друцкі хутка развітаўся з Залкіндам і выбег на вуліцу.

Загадаў ехаць на плошчу Люблінскай уніі, адкуль тры крокі было да ўніверсітэцкай псіхіятрычнай клінікі.

— Ці на месцы яшчэ пан Бруніцкі? — спытаўся ён у дзяжурнага.

— Так. А вы прыватна ці…

— Прыватна.

Дзяжурны паклікаў хлопца, і Друцкі даў яму сваю візітоўку.

Праз хвіліну прафесар сам выйшаў на калідор.

— Калі ласка, — коратка сказаў ён.

Яны падалі адзін аднаму руку.

— Я прыйшоў, Караль, аддаць табе пазыку і падзякаваць за яе. Дазволіш? Ці, можа, ты заняты?

— Сядай, калі ласка.

Прафесар уважліва прыгледзеўся да Друцкага:

— Я бачу, ты хутка асвоіўся ў Варшаве. Табе пашанцавала?

Друцкі кіўнуў галавой.

— Дзякуй табе. Так. Я саўладальнік «Аргенціны».

— Аргенціны? Што гэта такое? Фірма?

Друцкі рассмяяўся:

— Чалавеча! Дзе ты жывеш? Усе ж часопісы поўныя абвестак пра «Аргенціну», на вуліцах каля двух дзясяткаў светлавых рэклам, тысячы плакатаў!.. «Аргенціна» — гэта начны клуб, бар, танцы…

— Ага! Не ведаў. Я ніколі не бываў у рэстаранах, а тым больш у начных.

Друцкі паціснуў плячыма:

— Дрэнна.

— Што ты маеш на ўвазе?

— Проста на выгляд ты страшэнна стомлены, змардаваны, спустошаны ўшчэнт. Нельга ж жыць толькі працай. Як псіхіятр ты лепш за іншых ведаеш, што адпачынак абавязковы…

Бруніцкі махнуў рукой:

— Гэта не для мяне.

— Чаму?

— Не радуе мяне гэта.

— Я цябе разумею, — праз хвіліну сказаў Друцкі, — я разумею хутчэй тваё нежаданне, тваю незацікаўленасць у забавах пасрэдных людзей…

— Пасрэдна шчаслівых, — паправіў прафесар, і яго вусны скрывіліся ў горкай усмешцы.

— І ўсё ж, — стаяў на сваім Друцкі, — усё ж я настойваю: спрабуй. Спадзяюся, ты не сумняваешся, што я да цябе больш чым прыязны.

Прафесар Бруніцкі апусціў галаву:

— Ну… так… я думаю, так…

У яго голасе і знешнім выглядзе было столькі мукі, што Друцкі адчуў у грудзях амаль фізічны боль.

— Караль, — паклікаў ён, — Караль! Дарагі сябар! Ох, калі б я толькі ведаў, як вырваць з цябе гэтую страшную муку! Я паўжыцця за гэта аддаў бы!

Прафесар схапіў яго за руку:

— Так, так, і я так думаю, — сказаў ён з бляскам у вачах. — І я думаю, што ты павінен мне дапамагчы!

— Калі б я ведаў, чым! Калі б мог!

— Можаш.

— Я? — здзівіўся Друцкі.

— Можаш, Багдане, можаш і павінен мне дапамагчы.

— Але як?

Прафесар панізіў голас:

— Ёсць толькі адно лякарства ад маёй трагедыі: адказ, адказ навукі, пацвярджэнне. Для яго атрымання я гатовы на ўсё… Разумееш? На ўсё, не грэбуючы нават злачынствам!

— Як гэта?

— Не буду табе зараз тлумачыць дакладна. Я толькі хачу ведаць, ці гатовы ты рызыкнуць…

Друцкі са здзіўленнем глядзеў яму ў вочы.

— Ну, словам, ці мог бы ты ўчыніць…

— Злачынства?

— Урэшце, так, — прашаптаў прафесар, — злачынства.

Друцкі засунуў рукі ў кішэні штаноў і ўстаў. На яго лбе надуліся тоўстыя шнуры жыл. Бровы ссунуліся.

— Маўчыш? — прашыпеў прафесар. — Бачыш, маўчыш, вось табе і «паўжыцця»… Ха… ха… ха… Ты ўмееш абыходзіцца з крымінальным кодэксам, але цяпер…

— Досыць! — перарваў Друцкі. — Сціхні! Вось мая рука.

Прафесар хціва ўхапіў абедзвюма рукамі далонь Друцкага.

— Слова? — спытаўся ён ціха.

— Слова. Ну дык кажы.

— Не зараз, — сказаў Бруніцкі, — але хутка ты мне спатрэбішся. Ні пра што не пытайся.

— Як хочаш. Ведай толькі, што я не адступлюся. Я ў тваім распараджэнні.

Зазваніў тэлефон.

— Ало, — адказаў прафесар.

— …

— Ага, дзякуй вам…

— …

— Не, мне гэта не патрэбна. Патэлефануйце доктару… зараз, у мяне тут недзе ёсць яго візітоўка… ага, вось. Патэлефануйце доктару Уладзіславу Чухноўскаму. Нумар 187–27. Ён будзе вам удзячны.

— …

— Не, зрэшты, не ведаю. Вы проста скажыце, што атрымалі інфармацыю, што гэты… ну, як яго, Горн, памёр.

— …

— Добра. А калі яму патрэбныя падрабязнасці, няхай сам да іх звернецца. Да пабачэння. Дзякуй вам, зараз, зараз, выгляньце, калі ласка, у акно, мая машына ўжо перад клінікай?.. Так? Ну, дык дзякуй вам! Да пабачэння.

Прафесар паклаў трубку і выцер далонню лоб.

— Сапраўды, я вельмі выматаны. Можа, ты і маеш рацыю, можа, і сапраўды мне патрэбны якія-небудзь новыя ўражанні?

Друцкі ўзяў яго пад руку:

— Паслухай мяне, Караль. Раю табе, прыйдзі як-небудзь у маю «Аргенціну».

— Я табе распужаю публіку сваёй страшнай мінай, — усміхнуўся прафесар.

— Пра гэта ты не хвалюйся.

— Можа, і выберуся калі-небудзь.

— Ну, а цяпер ты спяшаешся дадому?

— Так…

Прафесар завагаўся і, не гледзячы на Друцкага, спытаўся:

— Можа, ты са мной паабедаеш?

— З задавальненнем. Калі гэта табе не перашкодзіць, Караль.

— Ніяк. Ну дык хадзем.

Друцкі бачыў унутраную няўпэўненасць прафесара і намаганне, якое ён павінен быў зрабіць над сабой, каб агучыць гэта запрашэнне. Аднак Друцкі рабіў выгляд, што нічога не заўважае.

Перад клінікай спыніўся вялікі чорны лімузін.

— Якая цудоўная машына! — усклікнуў Друцкі і раптам яму падалося, што ён ужо некалі бачыў гэтае аўто.

— Табе падабаецца? Зразумела… Гэта мой апошні набытак.

Вадзіцель, мажны мужык у мядзведжым футры, выскачыў і адчыніў перад імі дзверкі. Прафесар звярнуўся да яго:

— Ну, і як матор?

— Як і раней, пане, працуе бездакорна, але па трох днях цяжка меркаваць…

— Я яго купіў выпадкова, патрыманы, але яшчэ ў вельмі добрым стане, — сказаў Бруніцкі, сядаючы ля Багдана. — Ты ведаеш гэтую марку?

— «Рынкляр»?

— Так, васьміцыліндравы.

— Добрая машына, але дарагая ў эксплуатацыі, — выказаў сваё меркаванне Друцкі. — Мой знаёмы, адзін бразільскі кававы магнат, які мяняў аўтамабілі, як пальчаткі, казаў, што «рынкляр» па-за канкурэнцыяй.

І сапраўды, аўто, нягледзячы на вельмі моцны мароз, рушыла з месца лёгка і ціха, і ішло як па масле.

Менш як праз пятнаццаць хвілін яны былі на месцы.

Віла прафесара Бруніцкага цяпер, пры дзённым святле, здалася яшчэ большай, чым тады, ноччу.

Гаспадар выняў ключы (відаць, брамка нават днём замыкалася) і праз хвіліну яны аказаліся ў вітальні. Убачыўшы іх, служка сарваўся з крэсла, той барадач з панурым тварам.

— У нас на абедзе госць, — звярнуўся да яго прафесар. — Пазвані пану доктару і можаш падаваць.

Яны апынуліся ў прасторнай зале, ужо вядомай Друцкаму па папярэднім візіце.

Усё тыя ж каты!

Амаль на кожным прадмеце мэблі іх было безліч. Чорныя, бурыя, белыя, ангорскія, сіямскія, сібірскія — усе велізарныя, лянівыя, укормленыя.

Бруніцкі папрасіў прабачэння ў госця і знік за дзвярыма, закрытымі тоўстай парцьерай.

Пачынала цямнець. Друцкі ўзяў у руку кніжку, што ляжала на стале, і вырашыў уладкавацца ў крэсле ля акна. Дзеля гэтага ён хацеў сагнаць з крэсла вялікага шэрага ката. Жывёліна, аднак, не паварухнулася, і Друцкі падумаў ужо ляпнуць яе кніжкай па лбе, як вярнуўся прафесар.

— Хадзем у сталовую, — паказаў ён Друцкаму на белыя дзверы налева. — Што, ты праглядаў гэтую працу? Вельмі займальная, прама сенсацыйная… Назіранне Шэрынга над уплывам жывёльных гармонаў на развіццё раслін.

З хола трэба было прайсці цераз кабінет, вытрыманы ў гатычным стылі, цераз бібліятэку, якая ад высокай столі аж да падлогі была поўная паліц з кнігамі, і трапіць у малую белую сталовую.

Пасярэдзіне стаяў круглы стол, на якім было тры прыборы, ля сцяны нізкі буфет і некалькі крэслаў.

— Даруй, Караль, — загаварыў Друцкі, — але я, далібог, не маю паняцця пра гэта. Ну, я ведаю, што гармоны — гэта выдзяленні залоз… Хм, я гэта сабе ўяўляю як… вітаміны чалавечага або жывёльнага арганізма…

Дзверы насупраць ціха прыадчыніліся і ўвайшоў доктар Кунокі.

Ён ветліва павітаўся з Друцкім:

— Як вынікі маёй аперацыі? — спытаўся ён сваім меладычным голасам. — Правільна загаілася?

— Дзякуй, пан доктар, загаілася выдатна.

З’явіўся барадач з падносам. Ён паставіў перад Бруніцкім і госцем медныя каструлькі з нейкім запечаным мясам, а перад японцам некалькі невялікіх порцый салатаў з гародніны.

— Вы вегетарыянец, доктар? — зацікавіўся Друцкі.

Доктар Кунокі ўсміхнуўся:

— Я зашмат працую з мясам, каб любіць яго есці.

— Мы якраз, — прафесар кашлянуў, — гаварылі з панам… Вінклерам пра гармоны ў сувязі з назіраннямі Шэрынга.

— Ах, дык вы гэтым займаецеся? — зацікавіўся доктар Кунокі.

— На жаль, доктар, я поўны дылетант, арыентуюся ў гэтых пытаннях, як у лесе, спадзяюся толькі на інтуіцыю.

— Не змяншай ролі інтуіцыі, — адклікнуўся прафесар, — яна адыгрывае ў навуцы велізарную і творчую, хутчэй творчую ролю.

— А вы ведаеце, доктар, — звярнуўся ён да японца, — пан Вінклер нядаўна сказаў, што ўяўляе сабе гармоны як раслінныя вітаміны. Цікава, праўда?

— Не трэціруйце мяне, спадарства, — рассмяяўся Друцкі, — крыху літасці да прафана!

— Прафана?! Як бы моцна падзякавала такім людзям мудрая афіцыйная навука, калі б набралася розуму!

— З вуснаў вучонага гэта гучыць як парадокс, — заўважыў Друцкі.

— Не, пане, — паківаў галавой доктар Кунокі, — я сур’ёзна. Афіцыйная навука вякамі закрывала сабе пагардай доступ да вялікіх праўд, што часта тояцца ў самых дзікіх, на першы погляд, забабонах розных народаў.

— Ці не хоча пан доктар сказаць, — здзівіўся госць, — што цяпер навука звяртаецца да гэтых забабонаў.

— Не звяртаецца, — сказаў прафесар, — але часта заўважае, што яны слушныя. Гэта не адмяняе таго факта, што некаторыя з іх цалкам абсурдныя.

— Мудры Вальтэр, — прадоўжыў размову доктар, накладаючы сабе маленькую порцыю брусельскай капусты, — кпіў з цемнаскурых, якія з’ядаюць сырую пячонку забітага льва, мяркуючы, што такім чынам яны павышаюць сваю адвагу. А між тым, аказваецца, што пячонка выдзяляе незвычайна актыўны гармон, які правакуе неверагодна хуткі рост чырвоных цел крыві.

— А ці ўплывае гэта на павелічэнне адвагі? — спытаўся Друцкі.

— Так, апасродкавана. У медыцыне ўжо сёння гармон пячонкі перамагае самую цяжкую анемію.

— Неверагодна! І як жа дзікуны гэта выявілі?

Прафесар падняў бровы, а доктар развёў рукамі:

— Гэта ўжо вобласць інтуіцыі, справа выпадку або таксама фактараў у спалучэнні з вопытам многіх соцень пакаленняў.

Барадач падаў суп.

— Такіх забабонаў болей, — працягваў японец, — напрыклад, ведуны некаторых славянскіх і фінскіх плямёнаў лячылі лішаі і бародаўкі так званымі «загаворамі», а сёння ўнушэнне ў такіх выпадках паўсюдна ўжываецца ўрачамі, і з тым жа вынікам. На поўдні Расіі сяляне, а ў Патагоніі індзейцы лечаць розныя немачы, даючы хворым сырыя ныркі і селязёнку скаціны, альбо органы, у якіх ёсць своеасаблівыя гармоны, што цяпер выкарыстоўваюцца ў афіцыйнай медыцыне.

— Фенаменальна! — дзівіўся Друцкі.

— Дарагі мой, — дадаў прафесар, — а ты не чуў, напрыклад, што і наш народ здаўна лічыць заечую ці бабровую похву найлепшым сродкам ад слабасці.

— Так, мне не раз даводзілася чуць, што ўсе знахары скупляюць гэта ў браканьераў.

— Дык вось, гэты сродак — папярэднік прышчэпак, што рабіў Воранаў, які кружным шляхам дайшоў да старой праўды, якую лічаць забабонам. Як тут, так і там гаворка пра ўвядзенне ў арганізм гармонаў, што выдзяляюць палавыя залозы.

— Такім чынам, — падвёў вынік Друцкі, — навука павінна надаваць больш увагі народным забабонам і даследаваць іх вартасці.

Прафесар Бруніцкі слаба ўсміхнуўся і шматзначна паглядзеў на доктара. У Друцкага раптам з’явілася думка: «А ўгляданне?»

Ён ужо хацеў паўтарыць уголас, але яго стрымала незразумелае адчуванне, што трэба маўчаць.

— Ёсць, аднак, як слушна сказаў прафесар, — працягваў доктар Кунокі, — забабоны зусім недарэчныя. Нават такія, што рэкамендуюць сродкі, якія шкодзяць, а не дапамагаюць. Напрыклад, у сярэднія вякі ў Ламбардыі знахаркі прыдумалі любоўны напой, рэцэпт якога хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, нават у Амерыку трапіў. Нібыта, калі жанчына давала выпіць гэты напой хлопцу, ён выклікаў у ім палкае каханне.

— Якія-небудзь травы?

— Не. Напой рабілі з крынічнай вады, якую чэрпалі з рознымі, канечне ж, закляццямі, і з менструальнай крыві.

— Халера! — вылаяўся Друцкі. — Гэтым, хіба, можна адправіць на той свет!

— Не, — запярэчыў японец, — але справакаваць пэўныя расстройствы можна. Аднак варта ўвагі тое, што ў гэтай крыві ўтрымліваецца велізарная колькасць гармону пад назвай фалікулін. Дык вось, калі ў жанчыны гэты гармон выклікае моцнае сексуальнае жаданне, то на мужчыну дзейнічае цалкам адваротна. А менавіта — правакуе атрафіраванне дзетародных залоз і нават з’яўленне другасных жаночых прыкмет.

— Канечне, — дадаў прафесар Бруніцкі, — гэта праяўляецца толькі пры ін’екцыях фалікуліну асобам мужчынскага полу. А вось ці дзейнічае фалікулін, ужыты з ежай, гэтак жа моцна, пакуль не выяўлена.

— Так, — кіўнуў галавой доктар Кунокі, — але на фалікулін не ўздзейнічаюць ні шчолачы, ні кіслоты, таму мы можам дапусціць, што ні ў страўніку, ні ў кішэчніку ён не расшчапляецца. Тым больш, паколькі ён належыць да групы найвышэйшых алкаголяў, то хутка ўсмоктваецца ў кроў.

— Ну добра, — рассмяяўся Друцкі, — значыць, прымяняючы гэты гармон, можна без аперацыі рабіць еўнухаў?

— Так.

— Фенаменальна!

— Вопыты паказалі, што ў некаторых відаў жывёл, як, напрыклад, у пеўняў, ужо пасля тыднёвага прымянення фалікуліну пачынае атрафіравацца грэбень, адпаведныя органы, прападае здольнасць спяваць, затое з’яўляюцца такія курыныя інстынкты, як жаданне выседжваць яйкі.

— А ў людзей? — спытаўся Друцкі.

Японец паглядзеў на прафесара і паціснуў плячыма.

— На людзях нельга праводзіць вопыты… Закон забараняе.

— Аднак жа…

— Ну, так, некаторыя ўрачы дазваляюць сабе ў сваіх клініках і бальніцах пэўныя мала небяспечныя для здароўя пацыентаў эксперыменты, але яны заўсёды рызыкуюць апынуцца за кратамі.

Прафесар Бруніцкі абаперся галавой на руку і сказаў:

— Людзі чакаюць ад медыцыны цудаў, але сваімі мудрымі законамі робяць немагчымым вывучэнне арганізма чалавека. Нядаўна доктара Фрэкшэма пасадзілі ў турму на дзесяць гадоў за тое, што ў сваёй клініцы ў Мельбурне ён асмеліўся праводзіць навуковыя вопыты на пацыенце, які быў туземцам, ды яшчэ і бандытам…

Доктар Кунокі іранічна засмяяўся і дадаў:

— Гэта надзвычай важныя вопыты!

— Толькі пагражалі жыццю пацыента… — загаварыў Друцкі.

— Пацыента? Пацыента старанна вылечылі ад крыўд, якія нанёс яму доктар-злачынец, пасля чаго ён паўстаў перад судом за бандытызм і праз тры дні яго павесілі. Зрэшты, не толькі чалавека нельга чапаць. Час ад часу нейкія ідыятычныя суполкі падымаюць шум вакол абароны пацукоў, трусоў і марскіх свінак. Дурасць несусветная!

— У абодвух народаў, да якіх я належу, — з нязменнай усмешкай гаварыў доктар Кунокі, — у японцаў і ў палякаў гераічная традыцыя часта заклікае ахвяраваць жыццём тысяч ваяроў дзеля дабра айчыны. Але калі гаворка пра дабро ўсяго чалавецтва, пра здароўе і жыццё многіх пакаленняў, для навукі нельга ахвяраваць усяго некалькі ці дзясятка паўтара асобін на вопыты. У іншых краінах, зрэшты, тое ж самае…

Друцкі паківаў галавой:

— Надзвычай цяжкая праблема. Я б не рашыўся прыняць адзін або другі пункт погляду.

Каву пілі ў бібліятэцы, дзе было нашмат прыемней, чым у холе, таму што катоў сюды, відавочна, не пускалі. Размова і далей вялася вакол навуковых пытанняў.

Набліжалася ўжо шостая гадзіна, калі Друцкі ўстаў:

— Вам, відаць, ужо сумна ад маёй дылетанцкай цікаўнасці. Даруйце, але гэта страшэнна цікава.

— Нам будзе прыемна, калі вы захочаце да нас наведвацца часцей, — пачаў японец, падаючы госцю руку на развітанне. Аднак не скончыў. Недзе, у адным з далёкіх пакояў, прагучаў ціхі званок. Доктар хутка зірнуў на гадзіннік і сыкнуў.

Прафесар пабляднеў, сказаў штосьці па-лацінску і, узяўшы Багдана пад руку, прамовіў:

— Ну што ж, доктар заняты, не будзем яму перашкаджаць. Я цябе крыху праводжу, калі дазволіш.

— Канечне, Караль.

Яны развіталіся на бліжэйшай стаянцы таксі, і Друцкі паехаў на Наваліп’е.

Кватэра Залкінда выглядала сёння як магазін кветак. Велізарныя карзіны хрызантэм, вялікія букеты пурпурных руж, цудоўныя архідэі, сапраўдныя кусты белага бэзу і пасярод салона нерухомая Люба, гібкая, прыгожая, экзатычная, пахучая…

Друцкі ішоў толькі да яе і бачыў яе вочы з павалокай і пачуццёвыя вусны з чорнай мушкай над верхняй губой…

Яна ляніва працягнула да яго абедзве рукі і нічога не сказала.

— Люба! Ты проста цуд! — выпаліў Друцкі. — Нельга быць такой прыгожай! Я бачу, што цябе павітала кветкамі ўся Варшава, але няма на свеце такіх прыгожых, якія прагнуў бы я табе падарыць!

Толькі цяпер Люба зрабіла ласку і ўсміхнулася:

— Капітане…

Яе голас дрыжэў ад хвалявання.

— Капітане… Як жа мне добра ад таго, што я вас бачу і што… вы мяне бачыце… Кветкі, гэта ад Барыса, ён заўсёды так псуе мне сустрэчу…

Толькі цяпер Друцкі заўважыў Залкінда, які сядзеў у крэсле і глядзеў на жонку, як на сонца.

Друцкі моцна паціснуў яго руку са словамі:

— Джэк! Слухай! Ніколі не пакідай мяне сам-насам з тваёй жанчынай!

Барыс весела рассмяяўся:

— Я не баюся, капітане, ты мяне сабой не застрашыш.

— Чорт! Няўжо я такі стары конь?!

— Стары… сябар, — падхапіў Залкінд.

— Але ж яна расцвіла! Пані Люба! Гэта так павінна выглядаць маці сямейства? — жартаўліва выкрыкваў ён. — Не, сур’ёзна, Джэк надта мне давярае!

— І мне надта, — рассмяялася Люба.

— Ну, ну! Мае дарагія! — пратэставаў з абуранай мінай муж.

— А дзе ж ваш наследнік трона?

— Ужо спіць, — расчулілася Люба, — ён вельмі стаміўся, бедалага, але я павінна вам яго паказаць, хадземце, толькі на дыбачках.

Яна ўзяла Друцкага за руку і ўсе трое перайшлі ў дзіцячы пакой. У белым ложачку мірна спаў худы, чорны, як смала, хлопчык.

— Прыгожы? — спыталася Люба.

— Вельмі, — пацвердзіў Друцкі.

— А падобны і на мяне, і на Любу, праўда? — прамовіў Залкінд.

Багдан хацеў прыгледзецца яшчэ лепей, і Люба запаліла яшчэ адну лямпу.

— Так, лоб, валасы і носік матчыны, а вусны і авал твару бацькавы, — выказаў сваё меркаванне Друцкі. — Дзіўнае падабенства…

— А па характары, — захапляўся Залкінд, — выкапаны я. Аж часам смех разбірае.

З-за таго, што лямпу трымалі вельмі блізка, доўгія вейкі ўздрыгнулі, і хлопчык раптам расплюшчыў вочы.

Гэта былі велізарныя блакітныя вочы з фенаменальна цёмна-залатымі зрэнкамі.

— Спі, маленькі, спі, — пагладзіў яго бацька і патушыў лямпу, — ідзіце, дарагія мае, ён зараз засне, скарб мой найдаражэйшы.

Друцкі выцер лоб і ішоў за Любай, як непрытомны. У яго галаве віравалі думкі.

Калі яны апынуліся ў гасцінай, Друцкі ўважліва паглядзеў на Любу. Яе вусны асвятляла слабая ўсмешка.

— Пані Люба… Што гэта значыць, што гэта можа значыць?!

Яна паклала абедзве далоні яму на грудзі і прашаптала:

— У яго твае вочы, капітане, найпрыгажэйшыя вочы на свеце!

— Мілы Божа!

— Ты што шкадуеш яму іх, капітане?..

— Але як? Якім цудам? Можа, якое-небудзь пракляцце вісела нада мной! Адкуль у вашага дзіцяці гэтыя вочы?!.

Люба злажыла рукі:

— З мяне, з мяне, Джон.

— Але гэта нейкія чары!

— Чары, — кіўнула яна галавой. — Нашто ж ты, капітане, зачараваў мяне, тады на борце, калі я дрыжала, як ліст, калі твае рукі сціскалі аж да страшнага болю суставы маіх рук…

— Шаленства!

— Ты навёў чары, — гаварыла Люба ўсё хутчэй, — моцныя чары, капітане… Выпіла тады я твае вочы, твае найпрыгажэйшыя, найцудоўнейшыя вочы… Так, капітане, я прагнула тады цябе ўсяго…

— Ціха! — цыкнуў Друцкі.

— Барыс ведае…

— Як гэта ведае? Ён заўважыў гэта падабенства?

— Не. Але ён ведае, што я тады кахала цябе, капітане.

Друцкі закусіў губу.

— Я тады не ведала, што ўжо нашу пад сэрцам сына Барыса і што дам яму твае вочы, капітане.

— Але як? Як?! Якім чынам?!

— Простыя людзі сказалі б, што «загледзелася я» ў гэтыя вочы.

— І ты ў гэта верыш? Верыш! Вось дык шчасце! — закрычаў раптам Друцкі. — У мяне цяпер ёсць бясспрэчны доказ для Караля! Люба! Віват!

Люба здзівілася, не разумеючы нагоды для яго радасці. З суседняга пакоя пачуліся крокі Барыса.

— Ціха, Люба, калі-небудзь я табе гэта растлумачу. Ну, што, — звярнуўся Друцкі да ўваходзячага Залкінда, — сын спіць?

— Спіць мая радасць. Люба, можа б ты нам дала што перакусіць?

У Друцкага быў выдатны настрой.

Папіваючы гарбату, ён расказваў гаспадарам пра справы ў «Аргенціне», як стабільна павышаецца наведвальнасць і каса і як ён задаволены, што справа стала залатым дном.

— І праўда, вы маглі б калі-небудзь прыйсці, упэўнены, што весела пабавіцеся, — угаворваў ён.

— Не, капітане, пахітаў галавой Барыс, — я не люблю паказваць у клубах сваё калецтва. Але калі ты хочаш забраць Любу, то давай. Хай расслабіцца.

Друцкі абурыўся:

— Гэта ўжо скандал! Чалавеча, ты здзекуешся з мяне! Як можна выдумаць такія вытанчаныя здзекі?! Гэта тое ж самае, што калі б вы далі п’яніцу бутэльку найлепшага каньяку і сказалі: «Я ведаю, што ты яго не вып’еш, дык можаш насіць яго ў кішэні!»

Смяяліся ўсе, а пазней Люба расказвала, які мела поспех у Рабцы, а затым у Крыніцы, урэшце Друцкі ўстаў:

— Ну, мне пара на працу! Я паехаў!

Яго не затрымлівалі, бо ведалі, што капітан Вінклер гэтага не любіць.

— Сёння я з вамі не паеду, — сказала на развітанне Люба, — але ў наступны раз капітану не ўдасца так лёгка ад мяне пазбавіцца.

— Гэта цяжка! Але ўжо неяк выцерплю.

Ён выбег на вуліцу і зноў з поўнай выразнасцю ўсвядоміў, што нарэшце атрымаў магчымасць даказаць Бруніцкаму, што Пётр па праве носіць прозвішча Бруніцкі!

Друцкі затрымаўся і, зняўшы капялюш з галавы, падкінуў яго ўгору:

— Ур-р-ра! — крыкнуў ён. — Ура!

Мінакі як найхутчэй сыходзілі з яго дарогі.

— Ур-р-ра!..

На рагу стаяла таксі. Друцкі апошні раз падкінуў капялюш і, надзеўшы яго ліха набакір, спытаўся ў вадзіцеля:

— Вольны?..

Вадзіцель недаверліва паглядзеў на яго і адвярнуў галаву:

— Вольны, але матор зламаны, — загаварыў ён пасля хвіліны вагання.

— Лічыш мяне вар’ятам, пан? Не бойся! Мне ўжо лепей! А вось масла для матора, — Друцкі выняў некалькі дробных банкнот і ўтыркнуў іх у руку таксісту.

— Паехалі, шэф! У мяне сёння ўдалы дзень.

Сеў і ляснуў дзверцамі.

— У «Аргенціну», Гартэнзія.

Машына рушыла.

Загрузка...