Раздзел 27

З моманту вяртання ў прытомнасць Юлька не магла пазбавіцца ад панічнага страху, які адольваў яе пры любым шуме, любым водгаласе людскіх крокаў. Нервовае ўзрушэнне, якое яна перажыла ў страшнай кватэры акушэркі, зусім зламала яе волю, дарэшты вычарпала яе псіхічныя сілы, якія і так у апошнія некалькі месяцаў прайшлі не абыякое выпрабаванне на трываласць. Да таго ж, атрута, якой яе напаілі, настолькі падкасіла фізічныя сілы, што Юлька, не ўсведамляючы, чаму яна так робіць, на ўсё, што яе акаляла і што было такое чужое і пагрозлівае, рэагавала сімуляцыяй страты прытомнасці.

У яе замірала сэрца, калі ў белую камеру турмы, у якой яе трымалі, уваходзіў японец-маўчун, мераў яе пульс, паднімаў павекі, сілай адкрываў вусны, прымушаючы піць нейкія салёныя або агідныя горкія вадкасці, калі ўбіваў пад скуру іголку з нейкай ін’екцыяй. Нарэшце з’явіўся суровы мужчына ў акулярах, яны з японцам перакінуліся шэрагам фраз па-лацінску, і мужчына сказаў:

— Сімуляцыя… Мая дарагая, вы робіце так, як стары дасведчаны майскі жук, які робіць выгляд, што мёртвы, але і жук так доўга б не вытрываў у гэтай ролі, асабліва калі б убачыў, што яму ніхто нічога дрэннага не робіць.

Гэта значна падбадзёрыла Юльку. З гэтага дня японец і строгі мужчына час ад часу прыходзілі пагаварыць, і Юлька паступова пачала аднаскладова адказваць на пытанні. Цяпер яна разумела, што яе тут ніхто не збіраецца крыўдзіць, што гэта род турэмнага санаторыя або клінікі, а можа, дом для вар’ятаў. Праз нейкі час яна асмелілася нават спытацца пра гэта. Тады яе запэўнілі, што яна знаходзіцца ў прыватным доме на лячэнні, што здароўе яе хутка паправіцца і што яна зможа вярнуцца ў Варшаву. Адсюль яна зрабіла выснову, што знаходзіцца недзе далёка на вёсцы. Увогуле абодва мужчыны рэдка гаварылі пра нешта, што было б для яе крыніцай хоць якой інфармацыі. Толькі раз, відаць, не думаючы, што яна разумее па-англійску, яны пры ёй дыскутавалі пра тое, загіпнатызаваць яе ці не. Строгі мужчына ў акулярах быў супраць гэтага, сцвярджаючы, што ў іх няма часу на сур’ёзныя вопыты, а паколькі тут няма цяжарнасці, эксперымент дзеля самога эксперыменту быў бы ў некаторай ступені злоўжываннем. Японец настойваў на сваім, сцвярджаючы, што неабходна высветліць, навошта нейкая Буфалова даставіла такую пацыентку. У гэтым павінна хавацца нешта надта падазронае. Урэшце ён, аднак, згадзіўся, што на гэта будзе час пасля вяртання прафесара з Парыжа.

Юлька прыслухоўвалася да гэтага з затоеным дыханнем і прыйшла да высновы, што яе становішча, аднак, адчайнае. Відаць, яна апынулася тут, таму што яе падазравалі, што яна была каханкай пана Вінклера і што яна стане маці. Яна доўга не спала ўначы, ламаючы сабе галаву над разгадваннем загадкі. Можа, яна стала ахвярай якой-небудзь суперніцы… Але на якой падставе яна магла дапусціць, што Юлька ў цікавым становішчы… Яна ж увогуле нікому не давяралася, не расказвала пра сваё каханне да пана Янка, ні пра іншае, што магло б кінуць на яе такое агіднае падазрэнне… Нікому…

Раптам ёй трапіла думка: «Я скардзілася Юзэфовай на слабасць і што…»

Мозг працаваў ліхаманкава: Юзэфова магла сказаць Аліцыі. Аліцыя павінна была звязаць гэта прызнанне з панам Янкам… Яе суперніцай была менавіта Аліцыя… Божа…

— Не, не… — схапілася яна за скроні, — так нельга нават думаць!!!

Лягчэй было забараніць сабе думаць, чым адагнаць надакучлівую думку ў доўгія, неймаверна доўгія гадзіны адзіноты. Бяздзейнасць пачала ёй невыносна надакучваць. Таму яна ўрэшце вырашыла папрасіць, каб японец даў ёй хоць якую работу. Назаўтра яе просьба была задаволена. Яна павінна была ўрачыста паабяцаць, што будзе паслухмянай і не дазволіць сабе зазіраць туды, куды ёй забаронена, пасля чаго ёй далі белы халат і правялі ў пакой, які нагадваў лабараторыю. Яна павінна была пастэрылізаваць мноства бліскучых хірургічных інструментаў і складваць іх у шкляныя ёмістасці, якія потым трэба змясціць пад пэўнымі літарамі ў шафах. Юлька была захоплена гэтай працай, не гаворачы ўжо пра задавальненне ад таго, што яна пакінула на некалькі гадзін свой пакой-камеру. У гэты ж дзень яна ўбачыла вельмі прыгожую жанчыну ў такім самым халаце, як і яна, якая ішла па лесвіцы на другі паверх. Жанчыла ўсміхнулася Юльцы, але нічога не сказала. Назаўтра, калі яна скончыла работу ў лабараторыі, японец спытаўся, ці любіць яна дзяцей, а на яе станоўчы адказ праводзіў дзяўчыну ў іншы пакой, дзе ў маленькім ложачку знаходзілася дзяўчынка-калека з жахліва вялікімі вачыма і цалкам сівымі валосікамі, якой было каля паўтара года.

Юлька атрымала паперку з правіламі абыходжання з малой, яна павінна была яе выкупаць і даваць ёй лекі з пранумараваных бутэлечак. Да вечара яна пазнаёмілася з новай асобай. Гэта быў каржакаваты, барадаты служка, які прынёс нейкі вялікі металічны апарат і, не глянуўшы на Юльку, выйшаў. Праз хвіліну прыйшоў мужчына ў акулярах і, агледзеўшы дзіця, памясціў яго ў апарат, даручыўшы Юльцы прынесці з пакоя нумар 14б тоўстую чорную кнігу.

Так паступова Юлька знаёмілася з гэтым дзіўным домам, які быў поўны людзей, што не бачылі адно аднаго. На першым паверсе, у маленькіх пакойчыках, такіх самых, як і яе пакой, жылі чатыры жанчыны, з якімі ёй нельга было размаўляць пад пагрозай «арышту». Наверсе пакояў павінна было быць значна больш, мяркуючы па колькасці порцый, якія некалькі разоў на дзень туды завозіў ліфт з кухні, што знаходзілася ў падвале. Наверсе таксама быў большы пакой з шасцярымі немаўлятамі і другі з дваімі блізнятамі. Там гаспадарыла гэтая прыгожая жанчына, якая ёй трапілася першай і якая, як яна хутка заўважыла, была нямая. Тут, аднак, павінна быць клініка, нават бальніца, таму што ўсе жанчыны, якія тут знаходзіліся, былі або ў цікавым становішчы, або кармілі. Апошнія патрабавалі найбольшай увагі, таму што не толькі іх саміх трэба было даглядаць, але трэба было вельмі дакладна прытрымлівацца гадзін кармлення, калі ім прыносілі немаўлят.

Некаторыя пацыенткі спрабавалі размаўляць з Юлькай, але яна, баючыся, што яе не выпусцяць больш з пакоя, а таксама стараючыся стрымаць абяцанне, не адказвала ніводным словам. Юльку прымушала задумацца велізарная розніца ўмоў, у якіх знаходзіліся насельніцы гэтага дома. У адных былі пакоі з каляровымі шыбамі, засцеленыя дыванамі, поўныя рознакаляровых тканін, у другіх — голыя сцены, белыя або шэрыя, затое грамафоны, радыёпрыёмнікі і музычныя інструменты, а іншыя проста душыліся ад паху распыленай парфумы. Больш за тое, кожная атрымлівала сваю ежу, па-іншаму была апранутая і адносіны да кожнай былі розныя — ад амаль грубай строгасці да надзвычайнай пяшчотнасці. Кожная асобна хадзіла на прагулку альбо ў сад, акружаны вельмі высокай сцяной, альбо на прасторную тэрасу на даху.

Акрамя жылых пакояў, Юлька пабывала ў цэлым шэрагу такіх, дзе былі абсталяваны розныя лабараторыі, поўныя дзіўных апаратаў, аперацыйныя зальчыкі, газавыя ванны, асвятленне з кварцавых лямп, маленькія звярынцы з пацукамі, трусамі, катамі і марскімі свінкамі. Яна, аднак, усведамляла, што не мае ўяўлення пра ўсю вялікую частку дома, дзе жыў мужчына ў акулярах, якога японец называў прафесарам і ў якога на футляры ад акуляраў была манаграма «К.Б.». Прафесар да японца звяртаўся «калега».

Вось што ўжо ведала Юлька, калі рызыкнула спытацца ў японца (ён ствараў уражанне больш адкрытага чалавека), за што, кім і на які тэрмін яе сюды змясцілі. Яна атрымала адказ, які, праўда, няшмат праясніў, але ў любым выпадку быў суцяшальным:

— Адбылася памылка. Пасля вяртання прафесара з паездкі, а гэта ўжо хутка, вы зможаце нас пакінуць. Я вас запэўніваю, што памылка, якую дапусцілі не па нашай віне, будзе вам кампенсавана такім спосабам, які вы самі выбераце.

Прымушала Юльку задумацца і тое, чаму ні прафесар, ні доктар не пачынаюць з ёй размову пра яе. «Альбо я іх цалкам не цікаўлю (тады навошта яны мяне тут трымаюць?), альбо ў іх няма на гэта часу». Сапраўды, абодва гэтыя мужчыны былі пастаянна занятыя і, відаць, нават вельмі мала спалі. Юлька ўначы не раз, калі была замкнутая ў сваім пакоі, чула іх крокі на калідоры.

І яна не спала начамі. Чым хутчэй яе пакідала дэпрэсія, тым мацней адклікалася ў ёй туга па пану Янку, які, пэўна ж, забыўся пра яе, але ўсё яшчэ шукае. Калі б яна толькі магла нейкім чынам даць яму пра сябе знаць… А можа, ён ужо лічыць яе памерлай? Можа, Аліцыя так запоўніла яго жыццё, што памяць пра маладую няшчасную дзяўчыну цалкам сцерлася з яго свядомасці… О, Аліцыя напэўна зрабіла ўсё, каб аддаліць яго ад ненавіснай кузіны… Аліцыя… Ці магла б яна аддаць Юльку той страшнай жанчыне, якую прафесар назваў тады падчас размовы па-англійску Буфаловай?.. Не, не…

Менавіта начамі Юлька ўслухоўвалася ў шумы, менавіта начамі ўглядалася ў шыбы змешчанага высока ў столі акна, чакаючы, што ў любы момант за ім пакажацца ў змроку сілуэт пана Янка, які — як у дэтэктыўным рамане — адшукаў яе і ідзе выкрадаць… Сапраўды, чаму б яму так не зрабіць?.. Для яго няма нічога немагчымага!..

Гэтым ранкам прафесар паехаў па Пятра. Юлька даведалася пра гэта толькі ў адзінаццаць, калі японец з’явіўся на калідоры і адчыніў дзверы яе пакоя са словамі:

— Ну, зараз вы павінны будзеце замяніць прафесара! У нас сёння маленькая аперацыя. Падрыхтуйце, калі ласка, аперацыйнае крэсла ў пятым пакоі. Я хутка адвяду пацыентку наверх і адразу прыйду туды.

Доктар сёння падаваўся нейкім весялейшым і больш разняволеным, чым звычайна. Гэты настрой перадаўся і Юльцы. Яна пабегла ў пяты пакой і праз чвэрць гадзіны была гатовая. Гэты пакой знаходзіўся ў самым канцы калідора, побач з тоўстымі акаванымі дзвярыма, якія вялі ў незнаёмую Юльцы частку дома. Гэтыя дзверы зусім не мелі ручак, і прафесар з доктарам адчынялі і замыкалі іх заўсёды ключамі.

Як жа Юлька здзівілася, калі ўбачыла зараз, што яны прыадчыненыя. Доктар пакінуў іх так з-за рассеянасці. Спакуса была надта вялікая, і Юлька зазірнула: малы, высцелены лямцам калідорчык, які заканчваецца іншымі дзвярыма, а калі і гэтыя адчыненыя… Сэрца забілася мацней. На дыбачках Юлька падышла да тых дзвярэй і паклала пальцы на ручку. З другога боку яна пачула чыесьці крокі і хацела ўжо адступіць, калі да яе данёсся голас, які прымусіў яе аслупянець. Яна прытулілася да дзвярэй… Божа!.. Яна не магла памыліцца… З таго боку гэтых некалькіх гладкіх дошак быў пан Янэк. О, яго голас яна пазнала б на іншым канцы свету, і голас, і яго любімую амерыканскую песеньку, якую немагчыма забыцца і якую яна пазнавала з кожным новым словам…

«It's a long way to Tipperary, It's a long way to go…»[49]

Яна пачала з апошніх сіл стукаць кулакамі ў дзверы і крычаць:

— Пан Янэк, я тут, ратуйце, ратуйце, ратуйце!!!

Спеў у момант змоўк, а Юлька працягвала:

— Ратуйце! Ратуйце! Ратуйце!

Юлька пачула цяпер гучны тупат ног, і дзверы пад моцным ударам расчыніліся з такім шумам, што рэха пайшло па ўсім доме.

Юлька адступіла і знерухомела: перад ёй стаяў малады чалавек у белым тэнісным касцюме як дзве кроплі вады падобны да пана Янка, але такі малады, што яна сама не ведала, гэта ён ці нехта загрыміраваны… У той жа час яна пачула, як ён звяртаецца да яе голасам пана Янка:

— Што адбылося? Пажар? Што з вамі?..

І выраз твару ў яго быў, як у таго, калі ён быў занепакоены. Юлька хацела нешта сказаць, але ў гэты момант за яе спінай пачуліся спешныя крокі. «Гэта, відаць, доктар — прамільгнула ў яе галаве, — яны мяне зноў замкнуць!» Юлька кінулася наперад і, хапаючы свайго збаўцу за руку, закрычала ў панічным страху:

— Выратуйце мяне, абараніце мяне!.. Яны мяне заб’юць!.. Малю вас!..

Малады чалавек адным рухам загарнуў яе за сябе і, сціснуўшы кулакі, стаў у абараняльную пазіцыю, гаворачы:

— Спакойна! Не бойцеся. Я за сябе пастаю, толькі не трымайце мяне за локаць, бо гэта мяне…

Ён не скончыў. Занавеска, што аддзяляла выбітыя дзверы ад пакоя, у якім яны знаходзіліся, рэзка адкрылася і з’явіўся задыханы японец, які крычаў страшным прыглушаным шэптам:

— Зараз жа вяртайцеся! Неадкладна! — доктар паспрабаваў схапіць Юльку за руку, але малады чалавек захіліў яе сабой і пагрозліва сказаў:

— Стоп, доктар! Я вас вельмі паважаю, але гэтую дзяўчыну чапаць не дазволю!

— Пане Пётр, гэтая дзяўчына павінна зараз жа вярнуцца! Пусціце яе хутчэй!

— Гэтая дзяўчына туды не вернецца, пан доктар, калі яна не хоча, а сілай гэта зрабіць я не дазволю.

— Пан Пётр! — узбуджана крычаў японец. — Гэта супраць волі вашага бацькі! Не перашкаджайце мне выконваць яе!

— Хай сабе нават супраць волі ўсяго свету, — халодна адказаў малады чалавек, — але гэта дзяўчына не вернецца туды, толькі па сваёй волі, даю вам слова джэнтльмена. Я не ведаю, чым вы яе пакрыўдзілі, але яна прасіла ратунку, даверылася, і мне цікава, пан доктар Кунокі, што б вы самі сказалі пра мужчыну, які зрабіў бы ў такім выпадку іначай, чым я?

— Але ж, пан Пётр, вы многага не ведаеце, вы не ўяўляеце, да якіх страшных наступстваў для вашага бацькі можа прывесці гэта несвоечасовае рыцарства! Зрэшты, я магу вас запэўніць, што гэтай дзяўчыне нічога, абсалютна нічога не пагражае. Я нават здзіўляюся, што яна зрабіла так неабачліва.

— Прабачце, доктар, — не змяняючы абарончай пазіцыі, перарваў малады чалавек, названы Пятром, мы губляем час. Вы хочаце туды вярнуцца? — спытаўся ён у Юлькі.

— Не, не, абараніце мяне! — шаптала яна дрыжачым голасам.

— Значыць, усё вырашана. Вы можаце мне давяраць. Ніхто не асмеліцца прымусіць вас вярнуцца туды.

Доктар Кунокі бачыў, што ён бяссільны. Ён, праўда, мог паклікаць на дапамогу служкаў і нават абяззброіць гэтага малакасоса, але гэта пацягнула б за сабой шмат складанасцей, найперш трэба было б абавязкова замкнуць і Пятра аж да вяртання прафесара. Таму Кунокі выбраў шлях перамоў. Пётр адразу згадзіўся з прапановай, каб дзяўчына засталася ў холе пад яго апекай, але каб не магла выйсці з вілы да той пары, пакуль не вернецца доктар і не паразмаўляе з Пятром і з ёй. Цяпер ён павінен быў абавязкова пакінуць іх сам-насам, таму што трэба было рабіць аперацыю адной пацыентцы. Праклінаючы ў душы сваю неасцярожнасць, што не зачыніў другія дзверы, ён выйшаў, замыкаючы іх з падвойнай увагай.

Пётр нерухома стаяў, праводзячы вачыма доктара, калі адчуў на руцэ гарачыя кроплі слёз і дотык дрыжачых вуснаў. Ён рэзка вырваў далонь і ўсклікнуў:

— Што вы робіце! Як можна!.. Ну, чаму вы плачаце? Ужо ўсё мінула. Сядайце сюды і супакойцеся!

— Не магу, не магу, — усхліпвала яна, — вы да мяне такі добры, ніхто так да мяне не адносіўся, вы такі высакародны!..

Пётр усадзіў яе на канапу і, заняўшы месца побач, пачаў тлумачыць, што ён не высакародны, а такі, якім быў бы ў такой сітуацыі кожны мужчына. Яна пакрысе супакойвалася і пачала гаварыць, што ён нават не ведае, каго выратаваў, ці заслугоўвае яна гэтага, што клікала яго, бо яго голас, ды і сам ён цалкам падобны да аднаго старэйшага мужчыны, найлепшага і найцудоўнейшага чалавека на свеце, што яна страшна няшчасная, бо на ўсёй зямлі ў яе нікога блізкага няма, што яе каварна завабілі ў жахлівую нару і далей хаатычна, але ў дэталях яна расказала яму ўсё, што з ёй здарылася аж да моманту вызвалення.

Малады чалавек слухаў са зморшчаным ілбом і сціснутымі зубамі. Загарэлая скура яго твару станавілася ўсё бляднейшай, на скронях выступілі жылы. Як жа ён зараз быў казачна падобны да пана Янка!.. Юлька гаварыла далей, а калі змоўкла, яе абаронца ўстаў і сказаў:

— Шаноўная пані, даю вам слова гонару, што, тысяча чарцей, са мной вы будзеце ў поўнай бяспецы, а з тымі, хто вам прычыніў шкоду, як і з тымі бандытамі на вуліцы Паньскай, я разбяруся.

Ён быў такі ўзрушаны і ўзбуджаны, што голас яго дрыжаў.

Калі потым праз чвэрць гадзіны вярнуўся Кунокі, ён застаў Пятра яшчэ больш непрымірымым. Дарма ён адвёў яго ў бок і падрабязна тлумачыў сітуацыю, дарма пераконваў. Пётр заявіў, што гэта ўсё яго не цікавіць і ён не збіраецца ўмешвацца ў справы доктара і свайго бацькі, але гэтую дзяўчыну ён не пакіне, і рукі прэч ад яе. Кунокі мусіў скарыстацца ўсімі сваімі дыпламатычнымі здольнасцямі, каб Юлька, а таксама Пётр, згадзіліся часова застацца ў доме прафесара, ужо не ў клініцы, а тут, у пакоі прафесара.

Увесь пасляабедзенны час Пётр правёў з Юлькай. Яна павінна была яшчэ раз дэталёва апісаць ход падзей, шчаслівым фіналам якіх было іх спатканне. На змярканні ёй захацелася расказаць Пятру сваю гісторыю цалкам, яна распавяла пра Аліцыю, якая пачала яе ненавідзець і хацела выслаць далёка на ўскраіну, пра пана Вінклера, якому аднаму адзінаму яна цалкам давярала, бо гэта адзіны высакародны чалавек на свеце, а пан Пётр — другі, пра свае падазрэнні, пра недарэчныя, канечне, падазрэнні, што, можа, гэта Аліцыя, жадаючы пазбавіцца ад Юлькі, зрабіла з яе прынаду…

Пётр выказаў здагадку, што такое падазрэнне магло з’явіцца толькі пад уплывам стрэсу і гэта, безумоўна, нонсэнс ад пачатку і да канца. Калі, аднак, Юлька не любіць больш сваячку і не хоча да яе вяртацца, то можа пасяліцца тут альбо дзе захоча, а прафесар павінен знайсці ёй добрую пасаду, натуральна, калі яна хоча працаваць, а, зрэшты, зараз лепш за ўсё ні пра што не думаць, пакуль яна не супакоіцца пасля гэтых жахлівых перажыванняў…

Вечарам Пётр сам прынёс Юльцы вячэру, а на яе падзяку адказаў поглядам, у якім можна было прачытаць, што дзеля яе ён быў бы гатовы на ўсё і проста не можа зразумець, як маглі знайсціся такія, хто рашыўся ўчыніць столькі подласцей. У яго ўжо быў запісаны адрас пана Вінклера і гэтай бабы на Паньскай. Да пана Вінклера ён збіраўся пайсці заўтра раніцай, каб растлумачыць яму сітуацыю і параіцца наконт далейшага лёсу Юлькі. На Паньскую, аднак, ён вырашыў пайсці яшчэ сёння, бо не вытрымаў бы больш.

Юлька ўбачыла яго толькі назаўтра ранкам. Выглядаў ён жахліва. Быў увесь у сіняках, на лбе меў вялікі шнар, заклеены пластырам, і рука яго была перавязаная, але настрой — выдатны. На яе страх і спачуванне ён адказваў смехам і жартаўлівым запэўніваннем, што ўчора ў яго была вельмі цікавая размова з адным лысым мужчынам і з адной элегантнай дамай і што праз пару месяцаў, калі згаданыя асобы будуць адчуваць сябе крыху лепш, ён ім зноў нагадае элементарныя правілы салоннай гульні, якая называецца бокс.

Тут жа падчас сняданку ён сказаў доктару Кунокі:

— Здаецца, пане доктар, што праз гэтыя дзверы, якія я выламаў, у маё жыццё ўвайшло нешта такое, што людзі называюць шчасцем…

— Шчасце, пане Пётр, — усміхнуўся японец, — захоча — уваходзіць праз акно, захоча — праз выламаныя дзверы, толькі не нармальным шляхам, праз адчыненыя, але такім жа чынам любіць і ўцякаць.

— Не ад мяне, доктар, — нахмурыў бровы Пётр, — у мяне дастаткова моцныя лапы, халера, каб яго ўтрымаць… Акрамя таго, я не ведаю, ці захоча яно ўвогуле ўцякаць.

Кунокі, які лепей разбіраўся ў гармонах, чым у афтальмалогіі, па выразе вачэй Юлькі, калі бачыў яе праз некалькі хвілін падчас развітання з маладым чалавекам у яе пакоі, зрабіў выснову, што ў гэтым выпадку «нешта такое» не пакідала ўражання планаваных уцёкаў.

Пётр вярнуўся з горада каля поўдня і паведаміў Юльцы, што не змог пабачыцца з панам Вінклерам, таму што ён надоўга пакінуў Варшаву.

Не мог жа ён ёй сказаць праўду, не мог чарговы раз расчараваць гэтую бедную, цудоўную, каханую дзяўчыну тым, што чалавек, якога яна лічыла ўвасабленнем высакароднасці, яе сябар, быў арыштаваны за забойства.

Загрузка...