КАЗАКІ НА БЕЛАРУСІ


Дарогі — і вецер,

І злая казацкая песня.

І крыж праваслаўны на вершніку кожным,

і грэх.

Анёл праляцеў

праз блакітнае неба Палесся,

Засталася толькі

сцяжынка на хмарах гарэць.

Прыглушана б'юць капыты

па зямлі беларускай.

У вольніцы — вольныя шаблі,

пустыя мяхі,

У вольніцы — вольнае сэрца

і прагныя рукі,

І воўку галоднаму лёгка

махнуць за сцяжкі.

Не ўсё маскалі ў гарадох

папалілі, пабралі.

Казацкім братам

засталося паесці, папіць...

і скажуць: "Мы вас

ад касцёльнага зла ўратавалі",

і пойдуць, п'яныя,

мясцовыя цэрквы паліць.

І — попел на вецер,

накормлены конь —

у дарогу.

Казацкая песня,

І плач беларускіх жанок...

Забыцца?

Забудзем.

І перад выкладчыкам строгім

Пра казачных вольных казакаў

паўторым урок.

Загрузка...