БАЛОТНЫ АГЕНЬЧЫК


Трохі душы

пазычыла мне дарога.

Трохі крыві

пазычылі мне суніцы -

Вось я — амаль жывы —

перад панам Богам,

Прывід, агонь і смерць —

для заўзятых біцца.

Прагу чужой крыві

я чытаю ў людзях,

Так, як старыя людзі—

аблокі і зоры.

Звабны агонь дрыгвы—

як дынары ў грудзе,

А пад дрыгвой дрыжыць

смаляное мора.

Хто я? Забыты бог

ці вядзьмак забіты?

Вечна гару

і вечна ў смузе блукаю.

Трохі жыцця

магільныя вашы пліты,

З моху і раскі пліты,

мне пазычаюць.

Загрузка...