ГАРЫСЛАВА

Па старадаўнім звычаі, калі дзяўчыну бралі замуж, ёй давалі новае імя. Уладзімір назваў Рагнеду Гарыславай, што азначала — славутая, пазначаная славай. Аднак пасяліў ён гордую палачанку не ў кіеўскіх харомах, а паблізу ад сталіцы, на беразе ціхай рэчкі Лыбедзі. Пазней гэтае паселішча людзі ў гонар Рагнедзінай дачкі Прадславы назавуць — Прадславіна. Ну, а першага з дзетак полацкая князёўна нарадзіла сына Ізяслава. Потым на свет з'явіліся сыны Яраслаў, Мсціслаў, Усевалад і акрамя згаданай ужо намі Прадславы дачушка Мсціслава. Не забылася, памятала Рагнеда-Гарыслава пра свой высечаны пад корань полацкі род. Нездарма назвала так дачок: першую — у гонар бабулі Прадславы, матулі князя Рагвалода, а другую — у знак таго, што адпомсціцца полацкая слава, знішчаная бязлітаснай Уладзіміравай рукой.

Сам пераможац не часта наведваўся ў Прадславіна. Цяпер яму хапала клопатаў, бо ён уладарыў і ў Кіеве, і ў Ноўгарадзе, і ў заваяваным Полацку. Часцей за ўсё Уладзімір весяліўся з дружынай, меў некалькі новых жонак, бо хадзіў тады яшчэ язычнікам, пакланяўся драўляным ідалам, якіх паставіў на дняпроўскім беразе. А калі зрэдку і завітваў паглядзець, як гадуюцца сыны і дочкі, дык адводзіў убок вочы ад Рагнедзінага дакорлівага позірку. Адчуваў Уладзімір: не даравала яму сілаю ўзятая жонка за смерць сваёй сям'і, за полацкія папялішчы. Не скарылася перад ім Гарыслава, па-ранейшаму яна — мужная князёўна Рагнеда.

Пабыўшы дзень-другі з дзецьмі, кіеўскі князь спяшаўся пакінуць ціхае Прадславіна, дзе нібыта ў палоне жыла Рагвалодава дачка.

Загрузка...