ЧАРНІЦА I КНЯГІНЬКА

Чарніца Анастасія засталася жыць у Ізяслаўлі. Яна была першаю манашкай на нашай зямлі, шчыра служыла Богу і простаму люду. Адкрыла пры царкве школу, вучыла рамесніцкіх дзяцей грамаце і Божаму слову. Дзякуючы ёй ізяслаўцы без прынукі, самахоць, прынялі хрысціянскую веру. Паступова драўляныя ідалы, якім яны пакланяліся, спарахнелі і згнілі. Праўда, аж да сённяшняга часу засталіся сляды старадаўніх звычаяў. Успомнім Каляды і Купалле — цудоўныя народныя святы, якія любяць і дзеці, і дарослыя.

Ізяслаў заняў дзедаўскі сталец, але не забыўся пра сваю матулю. Ён клікаў яе ў нанова адбудаваны Полацк. Мудрая ж чарніца, ведаючы помслівасць і жорсткасць былога мужа, не спяшалася на радзіму, на любыя сэрцу берагі Палаты і Дзвіны. Так і жыла ў адзіноце з ласкі сына, ягоных ахвяраванняў на маленькую царкву ў глухім памежным гарадку.

Асабліва клапацілася Анастасія пра малых сірот. Сама недаядаючы, ратавала іх ад голаду. Дзеці таксама гарнуліся да чарніцы, памагалі ёй прыбіраць у царкве, каб там было заўсёды чыста і прыгожа.

Паблізу ад Ізяслаўля ў Свіслач упадалі дзве невялікія рэчкі. Адна цякла каля абарончага вала, а другая — трошкі далей. З блізкай рэчкі Анастасія насіла ваду, а да рачулкі, што бруілася ўбаку ад гарадка, любіла хадзіць вясною і летам разам з дзецьмі па лугавыя краскі. З часам людзі прыдумалі назвы абедзвюм рэчкам. Першую, каля гарадка, назвалі Чарніцай, а другую — Княгінькай.

I ў нашы дні яны цякуць праз гарадок Заслаўе — гэтак цяпер завецца старажытны Ізяслаўль. Тут Рагвалодава дачка і скончыла свой жыццёвы шлях. Памерла яна ў 1000 годзе ад нараджэння Хрыстовага.

Загрузка...