ВЯНКІ

«Нашто лепшы клад, калі ў дзецях лад», — кажа народная прымаўка.

Цешыцца полацкі ўладар, гледзячы на сваіх спадчыннікаў. А іх ужо трое: пасля дачушкі княгіня нарадзіла Рагвалоду двух сыноў — Усяслава і Брачыслава. Асілкамі растуць малыя княжычы. Зусім нядаўна, леташняй вясною, бегалі глядзець на крыгаход, пускалі да Дзвіны драўляныя караблікі. Вунь яны, плывуць па рэчцы Палаце насустрач вірам і злосным хвалям. Ды не абы-куды кіруюць — у мора аж Варажскае!

То было летась...

А сёлета ездзяць абодва княжычы вярхом на конях і просяць патрымацца за дзіду ці меч.

«Добрыя заменяць нас ваяры, — усміхаюцца бывалыя дружыннікі-настаўнікі, — не застанецца слаўная полацкая зямліца без абаронцаў!»

Гэтыя словы быццам мёд былі на Рагвалодаву душу.

Не засмучала бацьку і любімая дачка Рагнеда. Усяго ў яе хапала: і цацак дзівосных, і завушніц-бранзалетаў заморскіх, і тканых залатою ніткай убораў. Але князёўне не сядзіцца пад наглядам нянек у святліцы. Любіць яна выбегчы насустрач сонцу, ластаўкай зляцець са стромкага насыпу дзядзінца і назбіраць букет вясновых кветак, каб потым з іх сплесці сабе вянок на галаву.

Ну, а самае чаканае свята ўлетку — безумоўна, Купалле. Вогнішчы на пагорках, песні і скокі да самай заранкі, пошукі дзівоснай папараць-кветкі ў гушчары... А яшчэ полацкія хлопцы і дзяўчаты пускалі на рачныя хвалі сплеценыя з летніх красак прыгожыя вянкі. Сустрэнецца вянок хлапчыны з вянком дзяўчыны — значыць, быць вяселлю!

Толькі Рагнедзін вянок чамусьці ўсё прыбівае да берага... Трынаццаць гадкоў князёўне. Яшчэ ўчора яна была дзяўчынкай, а сёння распусцілася нявестай-кветкай. Русакосая, вочы — як валошкі ў жыце, а постаццю зграбная, нібыта чарацінка. Уздыхаюць ды сохнуць па ёй маладыя дружыннікі.

Загрузка...