РАГВАЛОДАВІЧ

Як і загадаў Дабрыня, дружыннікі за пару тыдняў склалі пасярод гарадзішча драўляную царкву. Невялічкую, цесную, адно як павярнуцца. Але сасновы жоўты крыж над стрэшкай бажніцы ўсё роўна ўзняўся вышэй за астатнія хаціны. Крыж нават відаць быў з-за драўляных абарончых сцен і пакуль нязвыкла кідаўся ў вочы мясцовым людзям.

Усе гэтыя дні чарніца Анастасія моўчкі, з гатоўнасцю прыслужвала цеслярам. Сама гатавала і падавала ім ежу, хадзіла да рэчкі мыць драўляны і гліняны посуд. Шмат хто з простых дружыннікаў пачуваў сябе ніякавата, ведаючы, што ім прыслужвае полацкая княжна, нядаўняя Уладзімірава жонка.

Між тым наперадзе Анастасію чакала яшчэ адно нялёгкае выпрабаванне.

На наступны дзень, як прывезены святар асвяціў новую царкву, шэрым дажджлівым ранкам Дабрыня загадаў паклікаць да сябе чарніцу.

— Я забіраю Ізяслава ў Полацк, — сказаў ваявода, — бо яму не тут месца, а на княскім стальцы. Такая воля бацькі яго — кіеўскага князя...

Анастасія нават не зварухнулася. Ніводным словам не абмовілася, толькі яшчэ ніжэй схіліла галаву ў чорнай хустцы.

I нечакана для самога сябе жорсткі Дабрыня адпусціўся, зжаліўся:

— Паклічце сюды княжыча... Няхай развітаюцца...

Неўзабаве Анастасія ўбачыла спалатнелы сынаў твар, затуманеныя слязьмі родныя вачаняты. Але не стала суцяшаць Ізяслава. Прытулілася вуснамі да яго халоднага лба і шапнула, каб толькі адзін ён пачуў:

— Помні, сыне, што мы — Рагвалодавічы, — і ўся здрыганулася, таропка сябе паправіла: — Ты — Рагвалодавіч...

Больш у жыцці маці і сын не бачыліся.

Загрузка...