Далёка ў свеце ведалі полацкіх купцоў, а яшчэ далей — дружыну полацкую. Разам з кіеўскім князем Ігарам хадзілі ваяры-палачане вайною на Царгорад і бралі з грэкаў даніну. Нездарма ў мірнай дамове з Візантыяй, падпісанай у 945 годзе, упамінаецца полацкая княгіня Прадслава. Муж яе, пэўна, загінуў у нялёгкім баявым паходзе. А калі памерла і сама Прадслава, бацькоўскі пасад занялі яе сыны — Рагвалод і Тур.
У міры і згодзе жылі паміж сабою браты. Але двум арлам у адным гняздзе цесна. Параіліся княжычы, сабралі дружыну, прынеслі ахвяраванні богу вайны Перуну і выправіліся на баявых караблях — насадах — уніз па Дняпры, каб заснаваць новы горад.
Праз тыдзень вандроўкі спыніліся ў мясціне, дзе ў Дняпро ўпадае паўнаводная Прыпяць. Далей не выпадала плыць: зусім недалёка засталося да Кіева.
Калі прычалілі да берага, Рагвалод спытаўся ў жыхароў невялікага паселішча:
— Каму даніну плаціце? Адказалі яму жыхары:
— Кіеўскаму князю Святаславу, сыну Ігара. А Тур паглядзеў на неўтаймоўную прыпяцкую плынь і раптам спытаўся:
— Чаму завецца Прыпяццю гэтая рака? I пачуў ад сівога старэйшыны:
— Бо тры разы па пяць рэк упадае ў сястру Дняпра.
Спадабаўся такі адказ князю Туру. Падумаў ён і сказаў Рагвалоду:
— Пабудую свой горад на прыпяцкім беразе. Абняліся браты і развіталіся. Тур з маладымі воямі пайшоў да вытокаў Прыпяці, а Рагвалод з астатняй дружынай застаўся стаяць у прыпяцкім вусці, каб на брата знянацку не напала кіеўская раць.
Цэлае лета нёс варту Рагвалод у сутоках Прыпяці і Дняпра, пакуль не дачакаўся ганца. Добрую вестку ён прынёс палачанам: Тур збудаваў дзядзінец, заклаў новы горад і даў яму назву — Тураў.