Дарог у той час яшчэ было мала. Людзі падарожнічалі часцей за ўсё па рэках, у чаўнах ці ладдзях. А зімою ездзілі ў санях, па закаваных лёдам рэчышчах.
На полацкай зямлі малыя і вялікія рэкі, быццам да роднай матулі, спяшаюцца ў абдымкі прыгажуні Заходняй Дзвіны. Міналі гады, і ў сутоках Палаты і Дзвіны паўстаў драўляны горад. Першыя жыхары назвалі яго Полацкам. У бойкім, выгодным месцы заснавалі сталіцу сваю палачане. Па магутнай Дзвіне, што ўпадае ў Варажскае мора (так у старажытнасці звалася Балтыйскае мора), ішоў адзін з напрамкаў славутага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Ён вёў са скандынаўскіх, а па-тагачаснаму варажскіх, краін у Візантыю — краіну грэкаў.
Чужаземцы падымаліся на вёслах ці пад ветразямі ўверх па Дзвіне, гандлявалі ў Полацку. Потым плылі далей, часам заварочвалі ў Лучосу. Вытокі гэтай ракі пачынаюцца паблізу Дняпра. Тут ладдзі цягнулі па зямлі на драўляных колах, як тады казалі, волакам, або наймалі новыя. I па вірлівай дняпроўскай вадзе, калі шчасціла адолець шматлікія перашкоды і небяспекі, спускаліся да цёплага Понт-мора (так у старажытнасці звалася Чорнае мора). Адсюль рукой падаць да Царгорада — сталіцы Візантыі. Не спалі ў шапку і полацкія купцы. Хадзілі ў абодва бакі: і да варагаў, і да грэкаў. Гандлявалі з размахам, добрым прыбыткам. Таму з кожным годам багацеў, разбудоўваўся Полацк, збіраючы пад сваю ўладу суседнія дробныя княствы.