І


Іваноў Анатоль, нарадзіўся 15.11.1914 г. у сяле Зямлянск Сямілукскага раёна Варонежскай вобласці (Расея) у сям'і каваля.

У 1932 г. скончыў аднагадовыя курсы па падрыхтоўцы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і паступіў у Варонежскі медыцынскі інстытут. Пасля заканчэння яго (1937) - ваенны лекар. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у 1938 г. у баях ля возера Хасан, а ў 1945 г. - у разгроме японскай Квантунскай арміі. З 1946 г. служыў у Беларускай ваеннай акрузе. У 1963 г. дэмабілізаваўся. Жыве ў Бабруйску. Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

У 1933 г. у інстытуцкай шматтыражцы апублікаваў першыя вершы. Піша на расейскай мове. Аўтар апавяданняў, рамана «На Дальнем Востоке» (1954, апошняе перавыданне ў 1986) і аповесці «Под нами цель» (1976).

Івашын Васіль, нарадзіўся 09.05.1913 г. у вёсцы Ляхавічы Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1933 г. скончыў Менскі транспартна-эканамічны тэхнікум. Адзін год працаваў тэхнікам-эканамістам Белкааппрамсавета. У 1934 г. паступіў на літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1938) выкладаў мову і літаратуру ў Віцебскай педнавучальні. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1946-1948 гг. выкладаў мову і літаратуру ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР (1949). Быў навуковым супрацоўнікам, а ў 1954-1967 гг. загадваў сектарам беларускай савецкай літаратуры гэтага інстытута. У 1967-1978 гг. - дырэктар навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, з 1978 г. - старшы навуковы супрацоўнік-кансультант гэтага інстытута. Акадэмік АПН СССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

У друку з літаратурна-крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі выступае з 1949 г. Аўтар манаграфій «Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905-1907 гг.» (1953), «М.Горький и белорусская литература начала XX века» (1956), «У истоков социалистического реалнзма» (1963), «Да вышынь рэалізму» (1983), «Выверанае жыццём» (1988), брашур «Янка Купала - вялікі народны паэт» (1952), «Рэвалюцыя 1905-1907 гг. і развіццё беларускай літаратуры» (1955), дакладаў на Міжнародных з'ездах славістаў «Асноўныя асаблівасці развіцця сучаснай беларускай літаратуры» (з Н.Перкіным, 1958), «Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.» (з В.Барысенкам, 1963). Сааўтар падручнікаў для 8 класа «Беларуская літаратура» (з В.Барысенкам, 1959-1978), для 9 класа «Беларуская літаратура» (з М.Лазаруком, 1979-1990), кнігі «Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской» (з М.Лазаруком, А.Ленсу, 1988) і іншых прац па метадалогіі і методыцы выкладання літаратуры ў школе.

Іверс Анатоль (сапр. Міско Іван), нарадзіўся 15.05.1912 г. у вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны з Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Наваградскай (1931) гімназій. Пасля ўз'яднання Беларусі працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты «Вольная праца» (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны - адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху, з лістапада 1943 г. - партызан брыгады імя Ракасоўскага, у сакавіку 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Выдаваў антыфашысцкую газету «Беларусь». У пасляваенныя гады працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённай газеты «За перамогу камунізму», у лесахімічнай прамысловасці. У 1976-1984 гг. - сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Жыве ў Слоніме. Сябра СП СССР з 1940 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Выступаць у друку з вершамі пачаў у 1934 г. У 1939 г. у Вільні выйшаў зборнік вершаў «Песні на загонах». Апублікаваў зборнікі паэзіі «З пройдзеных дарог» (1970), «Жыву ў бацькоўскім краі» (вершы і паэмы, 1982), «Я пайшоў бы ўслед за летам» (1987).

Іпатава Вольга, нарадзілася 01.01.1945 г. у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзіцячым доме (1956-1961). У 1961 г. скончыла ў Горадні сярэднюю школу № 7 і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1963 г. перавялася на завочнае аддзяленне (скончыла ў 1967). Настаўнічала ў вёсцы Руба на Віцебшчыне, працавала таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гарадзенскім гаркоме камсамола (1965-1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968-1970). У 1970-1973 гг. - літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», затым літкансультант газеты «Чырвоная змена». У 1975-1978 гг. - аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. Зноў працавала літкансультантам у «Чырвонай змене» (1978-1979). У 1985-1989 гг. - галоўны рэдактар літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. З 1989 г. - загадчык аддзела, з 1990 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына». Сябра СП СССР з 1970 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалём Францыска Скарыны.

Друкуецца з 1959 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Раніца» (1969), «Ліпеньскія навальніцы» (1973), «Парасткі» (1976), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Вецер над стромай» (1977, расейскае выданне, Масква, 1980, адзначана на Ўсесаюзным конкурсе імя М.Горкага, 1981), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984), «За морам Хвалынскім» (1989), кніжак для дзяцей «Снягурка» (1974) і «Казка пра Паўліна» (1983). Напісала тэлеп'есу «Давыд Гарадзенскі» (пастаўлена ў 1988).

Загрузка...