Д


Дабулявічус Андрус, нарадзіўся 19.07.1886 г. у маёнтку Паравея Біржайскага раёна (Летува) у сялянскай сям'і.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі служыў у Чырвонай Арміі. Вучыўся ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага (1922-1925), Акадэміі камуністычнага выхавання імя Н.Крупскай (скончыў у 1931), затым у Інстытуце чырвонай прафесуры ў Маскве. У 1927-1928 гт. - сакратар Аршанскага райкома КПБ, у 1934 г. працаваў у палітаддзелах МТС на Меншчыне. З 1935 г. у Менску, выкладчык на курсах дырэктараў прамысловых прадпрыемстваў, рэдактар Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. Сябра летувіскай секцыі СП БССР з 1935 г.

У жніўні 1937 г. арыштаваны, прыгавораны да 5 год папраўча-працоўных лагераў. Тэрмін адбываў на Магадане.

Памёр 10.06.1938 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1922 г. Выдаў у Менску на летувіскай мове зборнік вершаў «Мая радзіма» (1936). Пад такой самай назвай у Вільні ў 1960 г. выйшаў зборнік выбраных твораў паэта. Выступаў і як публіцыст.

Давыдзенка Васіль, нарадзіўся 03.06.1933 г. у вёсцы Нежыхаў Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Менскай медыцынскай навучальні (1953) працаваў лабарантам на кафедры ядзернай фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе № 3 г. Менска. У 1955-1957 гг. служыў у Савецкай Арміі. Скончыў лячэбны факультэт Менскага мёдыцынскага інстытута (1963). Працаваў лекарам-анколагам у клініцы № 1 Менска, а ў 1965-1987 гг. - у навукова-даследчым Інстытуце анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР.

Памёр 27.09.1987 г.

Друкавацца пачаў у час вучобы ў шматтыражцы інстытута. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Жывыя струны» (1978), «Свае і чужыя дарогі» (1983).

Дадзіёмаў Уладзімір, нарадзіўся 08.01.1924 г. у вёсцы Новабеліца (цяпер у межах Гомеля) у сям'і рабочага.

Да вайны скончыў першы курс Камуністычнага інстытута журналістыкі ў Менску. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны - радавы пяхоты, карэкціроўшчык батарэі, з 1943 г. супрацоўнік вайсковай газеты «Гвардейский натиск». Прымаў удзел у баях на Доне, Курскай дузе, у фарсіраванні Дняпра, у вызваленні Польшчы, Румыніі, Вугоршчыны, Балгарыі, Аўстрыі, Югаславіі. Пад Балатонам (Вугоршчына) быў паранены. Пасля вайны завочна скончыў чатыры курсы Гарадзенскага педагагічнага інстытута, а ў 1958 г. - Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Быў карэспандэнтам газеты «Чырвоная змена», Беларускага радыё, літсупрацоўнікам часопіса «Калгаснік Беларусі». У 1959-1964 гг. - уласны карэспандэнт «Литературной газеты». Сябра СП СССР з 1955 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 25.11.1983 г.

Друкавацца пачаў у 1940 г., з апавяданнямі выступіў у франтавым друку ў 1943 г. Аўтар дакументальных кніг «Жлобінскія маладагвардзейцы» (1950), «Белаазёрскі дзённік» (1963), рамана «Над Нёманам» (1957) і нарысаў «Людзі вялікай будоўлі» (1960), «Даярка Лідзія Асіюк» (1961).

Дайліда Віктар, нарадзіўся 28.09.1930 г. у вёсцы Славінск Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1952 г. скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. Настаўнічаў у Пастарынскай сямігадовай школе. Скончыў завочна факультэт беларускай мовы і літаратуры Менскага педагагічнага інстытута (1957). Быў намеснікам дырэктара Ішкалдаскай (1957-1959), дырэктарам Войкавіцкай (1959-1962) васьмігадовых школ Баранавіцкага раёна, старшым рэдактарам на Берасцейскай студыі тэлебачання (1962). У 1962-1973 гг. - дырэктар Чапліцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна. У 1973-1982 гг. працаваў намеснікам дырэктара Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. У 1988-1989 гг. - старшыня кааператыва «Белая Русь». Сябра СП СССР з 1969 г.

Узнагароджаны медалём.

Выдатнік народнай асветы БССР (1968).

У друку выступае з 1953 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Вясна, хлопцы, вясна» (1966), «Была вайна» (1969), «Пяро дзікай качкі» (1977), «Буслы над вёскай» (1979), «Пыжыкавая шапка» (гумарэскі, 1986), кнігі для дзяцей «Сустрэча з маленствам» (1980).

Дайнека Леанід, нарадзіўся 28.01.1940 г. у вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1956) працаваў на будоўлях Калінінграда і Свярдлоўскай вобласці. У Ніжнім Тагіле скончыў тэхнічную навучальню (1959). Працаваў электрыкам на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце. Служыў у Савецкай Арміі (1960-1963). У 1967 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, на Беларускім тэлебачанні. У 1972-1989 гг. - адказны сакратар часопіса «Маладосць», з 1989 г. - загадчык рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1970 г.

Узнагароджаны медалямі.

Першы верш апублікаваў у 1961 г. (газета Ўральскай ваеннай акругі «Красный боец»). Выдаў кніжкі вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), «Сняжынкі над агнём» вершы і паэмы (1989). Аўтар зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), раманаў «Людзі і маланкі» (1978), «Запомнім сябе маладымі» (1981), «Футбол на замініраваным полі» (1983), «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (часопіс «Маладосць», 1990).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1988) за раман «Меч князя Вячкі», Дзяржаўнай прэміі БССР (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей - за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» і «След ваўкалака».

Далідовіч Генрых, нарадзіўся 01.06.1946 г. у вёсцы Янкавічы Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і каваля.

У 1968 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шабыньскай няпоўнай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1969-1970). Зноў працаваў настаўнікам, а з 1971 г. - завучам у Шабыньскай школе. З 1973 г. - супрацоўнік аддзела прозы часопіса «Полымя», з 1979 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1974 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1966 г. у стаўбцоўскай раённай газеце «Прамень». Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Дажджы над вёскай» (1974), «Цяпло на першацвет» (1976), «Маладыя гады» (1979), «Міланькі» (1980), «На новы парог» (1983), «Станаўленне» (1985), «Міг маладосці» (выбранае, 1987), раманаў «Гаспадар-камень» (1986), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (часопіс «Маладосць», 1989). Выступае ў друку з публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі, эсэ.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1988) за раман «Гаспадар-камень».

Дамашэвіч Уладзімір, нарадзіўся 17.02.1928 г. у вёсцы Вадзяціна Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1953 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у выдавецтвах «Народная асвета», «Беларусь» (1953-1967), на Беларускім радыё (1965), літработнікам у часопісе «Полымя» (1967-1972), загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1973-1977), рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1977), у 1978-1988 гг. загадваў аддзелам прозы часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1962 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1958 г. (часопіс «Маладосць»). Выдаў кнігі прозы «Заклінаю ад кулі» (1960), «Між двух агнёў» (1963), «Абуджэнне» (1968), аповесць-хроніку «Порахам пахла зямля» (1975), «У лабірынце вуліц» (1979), нарыс «Каб радзіла зямля» (1972), аповесць «Кожны чацвёрты» (часопісны варыянт у «Маладосці», 1983), дакументальную аповесць «Першым заўсёды цяжка» (з У.Сазановічам, 1986), раман «Камень з гары» (1990). Выйшлі «Выбранае» (1977) і Выбраныя творы (1988).

Даніленка Міхась, нарадзіўся 28.10.1922 г. у вёсцы Ястрабка Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1941 г. скончыў Рэчыцкую педагагічную навучальню і быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім фронце. У траўні 1942 г. непадалёку ад станцыі Мікалаеўка (Украіна) быў кантужаны і трапіў у палон. У сакавіку 1944 г. уцёк з лагера ваеннапалонных. У жніўні 1945 г. служыў у Савецкай Арміі. Затым працаваў настаўнікам Казярожскай сямігадовай школы Лоеўскага раёна. Скончыў завочна Гомельскі настаўніцкі інстытут (1952). У 1952-1982 гг. - супрацоўнік газеты «Гомельская праўда». З 1983 г. жыве ў в. Багатая Града Лоеўскага раёна. Сябра СП СССР з 1950 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Першае апавяданне надрукаваў у 1940 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мая песня» (1952), «Майская навальніца» (1959), «Наваселле» (апавяданні і нарысы, 1964), «Наш дом» (1971), «Запаветны акіян» (1972), «Маці Мар'я» (1976), «Журлівіца» (1980), «Родная зямля» (1982). Выдаў кнігі прозы для дзяцей «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986).

Дарожны Сяргей (сапр. Серада Сяргей), нарадзіўся 25.02.1909 г. у горадзе Слоніме ў сям'і служачага.

З 1921 г. выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме. Вучыўся ў Менскім педагагічным тэхнікуме, на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1930). Быў сябрам літаратурных арганізацый «Маладняк», «Узвышша». Працаваў на гуце ў Барысаве, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. У 1936 г. рэпрэсіраваны. Тэрмін адбываў на Далёкім Усходзе. Рэабілітаваны ў 1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 19.07.1943 г.

З вершамі выступіў у друку ў 1925 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Звон вясны» (1926, у сааўтарстве з І.Плаўнікам), «Васільковы россып» (1929), «Пракосы на памяць» (1932). У 1966 г. выйшлі «Выбраныя вершы».

Пераклаў на беларускую мову раман Г.Караваевай «Лесазавод» (1932), асобныя творы Ў.Караленкі, А.Новікава-Прыбоя, Дз.Беднага, С.Кірсанава, І.Уткіна, М.Кальцова.

Даўгапольскі Цодзік, нарадзіўся 11.08.1879 г. у горадзе Гарадку Віцебскай вобласці ў сям'і меламеда (настаўніка, што навучае малітвам, асновам рэлігійнага спявання).

У 14-гадовым узросце паступіў вучнем у майстэрню па перапрацоўцы шчаціны. Амаль дзесяць гадоў быў рабочым на шчаціннай фабрыцы ў Невелі. Пасля здачы экстэрнам экзамену на званне хатняга настаўніка (1909) працаваў у школах на Беларусі. У 1918 г. Наркамасветы РСФСР (аддзел нацыянальных меншасцей) прызначыў яго інструктарам па Віцебскай і Магілеўскай абласцях. У 1922-1924 гг. - дырэктар дзіцячага дома ў Віцебску, з 1925 г. - літработнік рэдакцыі жыдоўскай газеты «Акцябэр» («Кастрычнік») у Менску. У 1937 г. Быў рэпрэсіраваны. Тэрмін адбываў у Казахстане. У 1943 г. вызвалены. Жыў на Ўрале, у Віцебску, Ленінградзе. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 16.07.1959 г.

Пісаў на ідыш і расейскай мовах. Першае апавяданне апублікаваў у 1917 г. На мове ідыш выйшлі «Правінцыяльныя абразкі» (зборнік драм, Вільня, 1914), «Пракляцці дзядулі» (камедыя для дзяцей, Масква, 1919), «Адваротны бок новага быту» (1928), раман «Каля адчыненай брамы» (1926), кнігі апавяданняў «Навыварат» (1928), «На савецкай зямлі» (1931), зборнік вершаў «З пяром у руцэ» (1932), аповесць «Агітпоезд» (1933), раман «Шоўк» (1933), «Навелы» (1936), п'есы «Барацьба машын» (1930), «Да апошняга» (1931), «Калгасны сургуч» (1933).

На расейскай мове выйшлі аповесці «Это было давно» (Масква, 1950), «На берагах Сылвы» (1955), «На рассвете» (1957) і кніга аповесцей і апавяданняў «Пять лепестков» (1959).

Асобныя творы перакладаліся на беларускую мову («Каля адчыненай брамы», 1931, «Агітпоезд», 1936).

Дашкевіч Вячаслаў, нарадзіўся 15.04.1941 г. у вёсцы Дзякшняны Маладэчанскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1958) і Ашмянскай навучальні механізацыі сельскай гаспадаркі (1959) два гады працаваў трактарыстам у саўгасе імя Янкі Купалы Маладэчанскага раёна. У 1959 г. паступіў на завочнае аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на другім курсе перавёўся на стацыянар (скончыў у 1965). Працаваў карэспандэнтам Беларускага радыё (1964-1967), газеты «Физкультурник Белоруссии» (1967-1971), загадчыкам аддзела часопіса «Родная прырода» (1971-1976), старшым рэдактарам Саюза журналістаў БССР (1977-1980), старшым рэдактарам і загадчыкам аддзела на Беларускім тэлебачанні (1980-1986). З 1989 г. - навуковы супрацоўнік аддзела міжнацыянальных і міжнародных зносін Інстытута філасофіі і права АН БССР. Сябра СП СССР з 1982 г.

У друку выступае з 1963 г., з вершамі - з 1974 г. Першая кніга вершаў «Хвіліна чакання» ўвайшла ў калектыўны зборнік «Нашчадкі» (1979). У 1983 г. выйшаў зборнік паэзіі «Загадка Атлантыды».

Пераклаў з эстонскай мовы «Няўлоўны цуд» Э.Вільдэ (тэлеп'еса, 1985) і асобныя вершы эстонскіх паэтаў.

Дварчанін Ігнат, нарадзіўся 08.06.1895 г. у вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і арандатара.

Пасля заканчэння школы вышэйшай ступені атрымаў званне народнага настаўніка (1912). Працаваў тры гады народным настаўнікам у вёсцы Хмельніца на Слонімшчыне. У 1915-1917 гг. - на вайсковай службе, дзе скончыў школу прапаршчыкаў. На фронце сустрэў рэвалюцыю. У Менску стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1918 г. - сакратар культурна-асветніцкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве. У 1918 г. прыехаў на Беларусь. Вёў культурна-асветніцкую работу ў Дзятлаўскім павеце, за што быў зняволены ўладамі Польшчы ў беластоцкі канцлагер. У 1921 г. арганізаваў у Даўгаўпілсе беларускія настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па беларускай мове і літаратуры, стварыў беларускі тэатральны калектыў і хор. У 1925 г. скончыў Карлаў універсітэт у Празе са званнем доктара філасофіі. З 1926 г. выкладаў беларускую літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі. Выконваў даручэнні цэнтральнага сакратарыята Беларускай сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Галоўную ўправу Таварыства беларускай школы (1926-1930). У 1928 г. выбраны паслом у польскі сейм. Разам з іншымі пасламі стварыў у сейме самастойную фракцыю - беларускі рабоча-сялянскі клуб «Змаганне». Быў сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. У 1930 г. арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 год турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай у 1932 г. прыехаў у Менск. Працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі. У 1933 г. рэпрэсіраваны.

Расстраляны 08.12.1937 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1917 г. (газеты «Беларуская рада», «Вольная Беларусь»). З паэтычнымі творамі выступаў у газетах, часопісах «Дзянніца», «Наша думка», «Беларускі звон», «Маладое жыццё», «Перавясла», «Маланка», «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. Выступаў і як публіцыст. Напісаў і абараніў дысертацыю, прысвечаную дзейнасці і светапогляду Ф.Скарыны. Склаў «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 году). Для старэйшых класаў беларускіх сярэдніх школ» (Вільня, 1927). Нізка вершаў апублікавана ў калектыўным зборніку «Ростані волі» (1990).

Пераклаў на беларускую мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).

Дзеружынскі Авяр'ян, нарадзіўся 10.06.1919 г. у вёсцы Хляўно Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Магілеўскі газетны тэхнікум (1937), затым Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску (1941). У час Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнт і супрацоўнік газет у Краснаярскім краі, Калінінскай вобласці, Маскве. У 1945-1949 гг. - загадчык аддзела газеты «Чырвоная змена». З 1949 г. - рэдактар выдавецтва «Беларусь», з 1972 г. - выдавецтва «Мастацкая літаратура», у 1981-1984 гг. - выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджаны медалём.

Першыя літаратурныя творы надрукаваў у 1939 г. Выйшлі зборнікі вершаў «Песні маладосці» (1959), «Калінавы цвет» (1961), «Бярозавы вецер» (1990), зборнікі вершаў для дзяцей «Цуды ёсць на свеце» (1960), «Дзе жыве зіма» (1962), «Карагод» (1963), «Ляцелі дзве птушкі» (1964), «Яе завуць Каця» (1965), «Кую-кую ножку» (1967), «Смешкі і пацешкі» (1968), «Добры ветрык» (1969), «Чабарок» (1970), «Ластаўка» (1971), «Бегунок» (1972), «Каласок» (1975), «Конікі-будаўнікі» (1977), «Цягнік-працаўнік» (1978), «Вясёлікі» (выбранае, 1979), «Добрае сэрца» (1980), «Касмічны агарод» (1981), «Той, хто працуе...» (1984), «Працалюбы» (1987), «Залаты каласок» (1989).

Многія вершы пакладзены на музыку, сярод іх «Мінскі вальс», «Дзявочая лірычная», «Песня аб Мінску», «Нездаровіцца». Песні «Сабірайся ў госці, мой дзядок», «Мяцеліца» сталі народнымі.

Дзмітрыеў Генадзь, нарадзіўся 18.10.1943 г. у вёсцы Злыднікі (цяпер Першамайка) Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых.

Пасля заканчэння Бычыхінскай сярэдняй школы (1959) працаваў загадчыкам клуба рабочай моладзі на Бычыхінскім ільнозаводзе, рабочым на будоўлі ў Менску. Вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961-1964, скончыў завочна ў 1970), служыў у Савецкай Арміі (1964-1967). У 1967-1974 гг. настаўнічаў у Варанчанскай сярэдняй школе Карэліцкага раёна. З 1974 г. - карэспандэнт-арганізатар, затым намеснік дырэктара, а з 1988 г. - дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1979 г.

Узнагароджаны медалём.

Першы верш надрукаваў у езярышчанскай раённай газеце «Калгасная вёска» ў 1959 г., у наступным годзе вершы з'явіліся ў рэспубліканскім друку (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў вершаў «Гарады на далонях» (1974), «Азярыны» (1980) і кнігі для дзяцей «Птушка Сінязорка» (1976).

Дзюба Ўладзімір, нарадзіўся 24.02.1946 г. у горадзе Палтава (Украіна) у сям'і служачых.

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна. Пасля заканчэння аддзялення беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1968) працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Мікалаеўскай сярэдняй школе Буда-Кашалёўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1968-1969), працаваў рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання (1970-1972), літсупрацоўнікам газеты «Гомельская праўда» (1972-1977). З 1978 г. - карэспандэнт газеты «На страже Октября» (Менск), з 1980 г. - старшы рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1986 г.

Узнагароджаны медалём.

Першы верш апублікаваў у буда-кашалёўскай раённай газеце «Ленінскі шлях» у школьныя гады. З вершамі ў рэспубліканскім друку выступіў упершыню ў 1963 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Вуліцы без назваў» (1972), «Кругазварот» (1976), «Карані бліскавіцы» (1986), радыёп'ес у вершах «Жыццё рэвалюцыянера» (з А.Пётухам, пастаўлена ў 1987), «Я.Арлоўскі» (пастаўлена ў 1989), «Нарачным. Рукевічу. Рылееў» (пастаўлена ў 1990).

Дзюбайла Павал, нарадзіўся 05.08.1931 г. у вёсцы Кукарава Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954). Адначасова працаваў у школах на Маладэчаншчыне. Служыў у Савецкай Арміі (1954-1955). Быў дырэктарам Бакштанскай сярэдняй школы Юрацішкаўскага раёна, інспектарам Маладэчанскага аблана. У 1960 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР і з таго часу - навуховы супрацоўнік, а з 1968 г. - загадчык сектара беларускай савецкай літаратуры інстытута, цяпер - аддзела сучаснай беларускай літаратуры і крытыкі. Доктар філалагічных навук. Прафесар. Сябра СП СССР з 1967 г.

У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі выступае з 1956 г. Аўтар літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных прац «Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне» (1964), «Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе» (1973), «Вобраз нашага сучасніка ў беларускай прозе» (1978), «У вялікай дарозе» (1981), «Беларускі раман. Гады 70-я» (1982), «Наш сучаснік - у жыцці і літаратуры» (1984), «Панарама сучаснай беларускай прозы» (1986), «У пошуках духоўных каштоўнасцей: Беларуская проза сёння» (1987), «Вялікі Кастрычнік і сучасная беларуская літаратура» (1988), «Станоўчы герой у беларускай літаратуры» (1990). У сааўтарстве з В.Жураўлёвым і М.Луферавым напісана кніга «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967). Адзін з аўтараў калектыўных прац «Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць» (1971) і «История белорусской советской литературы» (1977).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».

Дзягцяр Мота, нарадзіўся 15.07.1909 г. ў вёсцы Пціч Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і шаўца.

У 1929 г. прыехаў у Менск і стаў працаваць на скураным заводзе «Бальшавік». Затым быў мулярам на будоўлях горада, вучыўся на рабфаку. Скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1937). У 1937-1939 гг. служыў у Савецкай Арміі. Удзельнік паходу ў Заходнюю Беларусь у 1939 г. і савецка-фінляндскай вайны.

Загінуў 09.11.1939 г. каля фінскай граніцы.

Першае апавяданне апублікаваў у 1931 г. Пісаў на мове ідыш. Выступаў з апавяданнямі, аповесцямі, нарысамі. Аўтар кніг прозы «На рыштаваннях» (1934), «Савецкая Беларусь» (1935), «Будаўнікі» (1936), «Браты» (1937), «Верныя вартавыя» (1938), «Наша зямля» (1939). На беларускай мове выйшлі «Апавяданні» (1940).

Дзялендзік Анатоль, нарадзіўся 04.03.1934 г. у вёсцы Кулакі Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачага.

У 1957 г. скончыў лячэбны факультэт Менскага медыцынскага інстытута. Працаваў лекарам у рэспубліканскай псіханеўралагічнай бальніцы ў Менску (1957-1968). У 1968-1976 гг. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». У 1969 г. скончыў завочна Літаратурны інстытут у Маскве. Сябра СП СССР з 1965 г.

Пачаў выступаць у друку ў 1955 г. (газета «Сталинская молодежь»). Піша на расейскай і беларускай мовах. У 1963 г. выйшла першая кніга - зборнік гумарэсак «Пагібель «Тытаніка». Аўтар драм «Выклік багам» («Чатыры крыжы на сонцы», 1967, пастаўлена ў 1965), «Грешная любовь» (Масква, 1970, пастаўлена ў 1967), «Начное дзяжурства» (1972, пастаўлена ў 1970), «Последняя земляника в августе» (пастаўлена ў 1975), «Гаспадар» (пастаўлена ў 1985), камедый «Амазонки» (1974, пастаўлена ў 1972), «Операция «Многоженец» (1976, пастаўлена ў 1974), «Аукцион» (пастаўлена ў 1988), «Гіпапатам» (1981). Напісаў шэраг аднаактовых п'ес («Абы ціха», «Дзяўчына з камвольнага» і інш.). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў «Познай себя» (пастаўлены ў 1972), «Голубой карбункул» (пастаўлены ў 1979) і мастацкіх фільмаў «Заўтра будзе позна» (з М.Крно, пастаўлены ў 1973), «Неудобный человек» (пастаўлены ў 1985), «Волки в зоне» (пастаўлены ў 1990). Напісаў таксама шэраг радыёп'ес («Шаўковыя травы», «Даўгавечнік», «Дыягназ» і інш.).

У 1981 г. выйшаў зборнік камедый «Аперацыя «Мнагажэнец», у 1985 г. - «П'есы».

Дзяргай Сяргей, нарадзіўся 17.09.1907 г. у горадзе Менску ў сям'і чыгуначніка.

Скончыў 1-ю Менскую чыгуначную сямігадовую школу (1924), а затым трохгадовыя агульнаадукацыйныя курсы (1927). Хвароба не дала магчымасці вучыцца далей. У сярэдзіне 30-х гадоў працаваў падчытчыкам і карэктарам у друкарні газеты «Звязда». У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Гомелі, удзельнічаў у падпольным руху. Працаваў загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Полымя» (1951-1953), адказным сакратаром, рэдактарам аддзела літаратуры часопіса «Вожык» (1953-1967). Сябра СП СССР з 1950 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 25.12.1980 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1938 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вачыма будучыні» (вершы і паэмы, 1953), «Крэмень аб крэмень» (вершы і паэмы, 1958), «Цешча» (гумарыстычныя вершы, 1959), «Чатыры стыхіі» (вершы і паэмы, 1962, дапоўненае выданне ў 1988), «Свята ў будзень» (1964), «Салата з дзядоўніку» (гумарыстычныя вершы, 1967), «Выбранае» (1967), «Вершы» (1974), «На вогненнай сцяжыне: Выбранае» (вершы і паэмы, 1977).

Пераклаў на беларускую мову паэмы «Гражына» А.Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю.Славацкага, «Дванаццаць» А.Блока, «На ўвесь голас» У.Маякоўскага, «Сінія гусары» М.Асеева, «Сын» П.Антакольскага, «1905 год» Б.Пастарнака, паасобныя творы М.Канапніцкай, У.Бранеўскага, Ю.Тувіма, І.Бехера, Г.Зегерс, М.Лермантава, С.Шчыпачова, Л.Украінкі і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік вершаў і паэм «Чатыры стыхіі».

Дзяркач Анатоль (сапр. Зіміёнка Анатоль), нарадзіўся 18.04.1887 г. у мястэчку Турэц Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і фельчара.

Скончыў Наваградскую гарадскую навучальню (1904). Служыў пісарам у Менскай гарадской і земскай управах. Удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, быў зняволены ў турму, адбываў ссылку. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у рэдакцыях газет «Беларуская вёска», «Піянер Беларусі», быў рэдактарам сатырычна-гумарыстычнага часопіса «Дубинка» (1924, дадатак да газеты «Звезда»). Быў кандыдатам у сябры СП СССР. 16.10.1936 г. арыштаваны. Справа перагледжана і спынена Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 04.05.1957 г.

Расстраляны 05.09.1937 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1904 г. на расейскай мове. Выйшлі зборнікі сатырычных і гумарыстычных вершаў «Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў» (1925), «Бог удвох» (1930), «Качаргой па абразох» (1930), «Усім патроху...» (1930), паэма «Міколава гаспадарка» (1927) і зборнікі для дзяцей «Нашы прыяцелі» (1928), «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Працавітая дзяўчына» (1928), «Звяры нашых лясоў» (1929).

Аўтар працы «Интервенция и оккупация в Белоруссии» (Масква, 1932).

Пераклаў на беларускую мову зборнікі вершаў У.Маякоўскага «Кім быць?» (1932), Дз.Беднага «Пра папоў» (1931), К.Чукоўскага «Мыйдадзір» (1928 і 1935), С.Маршака «Пошта» (1937), А.Барто «Брацікі» (1935), раманы А.Дарагойчанкі «Вялікая Каменка» (1932), Л.Корыса «Кіруй, Брытанія» (1932), аповесці А.Чумачэнкі «Клуб даследнікаў» (1932), Д'Эрвільі «Прыгоды дагістарычнага хлопчыка» (1937), працу А.Ферсмана «Наш апатыт» (1931), паасобныя творы А.Пушкіна, С.Міхалкова, М.Асеева, П.Тычыны, Н.Забілы, П.Усэнкі і інш.

Дзятлаў Алесь, нарадзіўся 03.06.1936 г. у вёсцы Туркі Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўніка.

У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у глыбоцкай раённай газеце «Сцяг камунізма» (1959-1961), у «Чырвонай змене» (1961-1973). У 1973-1975 гг. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», у 1975-1980 гг. - карэспандэнт рэспубліканскай газеты «Звязда», з 1980 г. - рэдактар аддзела навукі часопіса «Родная прырода». Сябра СП СССР з 1979 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1970 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Росы на поплаве» (1974), «Белы месяц сакавік» (1977), «Сляды» (1981), «Вяртанне» (1987).

Дорскі Іосіф, нарадзіўся 17.12.1911 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.

У 1929 г. скончыў агульнаадукацыйныя курсы, у 1930 г. - курсы кінасцэнарыстаў у Менску. Вучыўся завочна ў Літаратурным інстытуце (1939-1941). Працаваў сакратаром рэдакцыі шматтыражнай газеты Менскага дрэваапрацоўчага завода (1929-1930), кінасцэнарыстам на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» (1931-1932, Ленінград), літсупрацоўнікам газеты «Рабочий» (1932-1934), служыў у Чырвонай Арміі (1934-1935). З 1935 г. - загадчык літаратурнай часткі, з 1948 г. - дырэктар Беларускага тэатра імя Якуба Коласа. У 1961-1964 гг. - дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1956 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1961).

Памёр 07.12.1964 г.

Літаратурнай працай займаўся з 1930 г. Разам з К.Губарэвічам напісаў драму «Цэнтральны ход» (пастаўлена ў 1948) і лірычную камедыю «Алазанская даліна» (1951, пастаўлена ў 1949). Аўтар п'есы «Права на шчасце» (пастаўлена ў 1956 пад назвай «Шчасце»).

Дорскі Сямён, нарадзіўся 20.10.1920 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.

Займаючыся ў беларускай школе, адначасова вучыўся завочна на Маскоўскіх курсах замежных моў, якія скончыў у 1939 г. з пасведчаннем перакладчыка. Да Вялікай Айчыннай вайны скончыў тры курсы гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У чэрвені 1941 г. эвакуіраваўся ў Куйбышаўскую вобласць, дзе працаваў у калгасе. У верасні пераехаў ва Ўральск, у якім працаваў брат - тэатральны дзеяч і драматург І.Дорскі. Выкладаў гісторыю ў сярэдняй школе № 1. У 1942-1943 гг. - курсант Ленінградскай ваеннай навучальні сувязі (г. Уральск). У 1943-1946 гг. - у Савецкай Арміі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Менск, у 1946-1947 гг. працаваў перакладчыкам ва Ўпраўленні па пастаўках ЮНРРА (Адміністрацыя дапамогі і ўзнаўлення Аб'яднаных Нацый) пры Савеце Міністраў БССР. У 1947 г. без адрыву ад вытворчасці скончыў факультэт замежных моў Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў выкладчыкам (1947-1955), загадчыкам (1955-1962) кафедры ангельскай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1962-1983 гг. дацэнт кафедры лексікалогіі (пазней стылістыкі) ангельскай мовы Менскага дзяржаўнага педінстытута замежных моў. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1980 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны і медалямі.

Памёр 14.01.92 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў з вершаў (газета «Уральская правда», 1941-1942 гг.). З 1957 г. займаецца перакладчыцкай працай з ангельскай, нямецкай, французскай і гішпанскай моў на беларускую. Пераклаў раман П.Абрахамса «Вянок для Удома» (1959), аповесці Л.Рэна «Негр Нобі» (1962), П.Джойса «Цікі» (1977), кнігу казак Г.Прокапа «Пятае кола» (1980), аповесць Д.Алонса «У пошуках чорнай чайкі» (1982), раман І.Кардэнаса Акуньі «Загадка адной нядзелі» (1986), раман К.Маккалаў «Птушкі на цернях» (1983), п'есу Э.Заля «Наследнікі Рабурдэна» (пастаўлена ў 1960). У перыядычным друку апублікаваны аповесці Э.Лёста «Аперацыя «Бумеранг» (газета «Чырвоная змена», 1969), Г. дэ Бройна «Рэната» (часопіс «Полымя», 1971), В.Ланге «Дванаццаць вінаватых» (часопіс «Маладосць», 1971).

Дракахруст Аляксандар, нарадзіўся 07.11.1923 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і ваеннаслужачага.

У ліпені 1941 г. прызваны ў армію. Быў салдатам інжынернага батальёна, камандзірам узвода. Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім, Паўднёвым, 2-м Украінскім, 1-м Беларускім франтах, у штурме Берліна. Скончыў Маскоўскую ваенна-інжынерную навучальню (1945) і завочна факультэт мовы і літаратуры Хабараўскага педагагічнага інстытута (1962). З 1946 г. - ваенны журналіст. У 1964-1971 гг. - карэспандэнт газеты Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

Выступае ў друку з 1939 г. (газета «Молодая гвардия», Адэса). Піша на расейскай мове. Першы зборнік вершаў «Миру быть на земле!» выдаў у 1951 г. ва Ўладзівастоку. Затым выйшлі кніжкі паэзіі «Цвет счастья» (Уладзівасток, 1953), «Зарницы над сопками» (Хабараўск, 1959), «Сменяет время караулы» (дадатак да часопіса «Советский воин», 1961), «Тревожный ветер». (1964), «Бухта смятенья» (1967), «И нет конца тревогам» (1969), «Мост» (1972), «Мои вы годы - эшелоны» (выбранае, 1975), «Раздорожье» (1979), «Притяжение» (Хабараўск, 1981), «Лицо твое» (1982), «Сквозное ранение» (1983), «Дальняя связь» (выбранае, 1983), «Круговорот» (1986), «Исповедь» (1990).

Пераклаў на расейскую мову шэраг вершаў і паэм М.Аўрамчыка, А.Астрэйкі, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, А.Грачанікава, Е.Лось і некаторых іншых беларускіх паэтаў. У 1988 г. выйшла кніга выбраных перакладаў з беларускай мовы «Журавлиная стая».

Дранько-Майсюк Леанід, нарадзіўся 10.10.1957 г. у горадзе Давыд-Гарадку Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў рабочай сям'і.

Пасля заканчэння Давыд-Гарадоцкай сярэдняй школы № 2 (1974) працаваў на мясцовым заводзе слясарна-мантажных інструментаў. У 1975 г. паступіў на завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1976-1978 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянарнае аддзяленне Літінстытута, які скончыў у 1982 г. З 1982 г. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1984 г.

Першыя вершы надрукаваў у столінскай раённай газеце «Навіны Палесся» ў 1972 г., у рэспубліканскім друку выступіў у 1975 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў вершаў «Вандроўнік» (1983), «Над пляцам» (1986), «Тут» (вершы, паэмы, эсэ, 1990).

Дубінка Вячаслаў, нарадзіўся 17.12.1941 г. у горадзе Слуцку Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

Скончыў Чарнавіцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту (1961). Працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, прарабам, начальнікам будаўнічага ўчастка ў Слуцку (1961-1964), фотакарэспандэнтам раённых газет «Будаўнік камунізма» (Любань, 1964-1965), «Шахцёр» (Салігорск, 1965-1966), рэспубліканскіх газет «Звязда» (1966-1971), «Чырвоная змена» (1972-1974), у студыі «Фота і жыццё» Саюза журналістаў Беларусі (1974-1976), фатографам рэстаўрацыйнай майстэрні Міністэрства культуры БССР (1979-1981). З 1981 г. - у часопісе «Беларусь». Сябра СП СССР з 1988 г.

Аўтар фотанарысаў, фотаальбомаў «Бабруйск» (1967), «Нясвіж» (1968), «Магілёў» (1971), «Брэст» (1979) і інш. Выйшлі кнігі публіцыстыкі, прозы «Паплач ля роднае крынічкі» (1981), «Не плач, душа мая» (1983), «Ой, зялёны дубочак» (1983), «Браты святой ночы» (1986), «Развітальная песня» (1989).

Дубоўка Ўладзімір, нарадзіўся 15.07.1900 г. у вёсцы Агароднікі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918). Настаўнічаў у Тульскай вобласці (1918-1920), служыў у Чырвонай Арміі (1920-1921). Пасля дэмабілізацыі працаваў метадыстам і інспектарам беларускіх школ Наркамата асветы РСФСР і займаўся на творчым аддзяленні Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя В.Брусава, які скончыў у 1924 г. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», «Узвышша», першым рэдактарам часопіса «Беларускі піянер» (цяпер «Бярозка»). Працаваў рэдактарам беларускага тэксту «Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюзу ССР» (1922-1925), адказным сакратаром пастпрэдства БССР пры ўрадзе СССР (1923-1924), выкладчыкам беларускай літаратуры Камуністычнага ўніверсітэта народаў Захаду (1924-1927), рэдактарам «Збору законаў і загадаў рабоча-сялянскага ўраду Саюза ССР» (1926-1930). У 1930 г. рэпрэсіраваны. Зняволенне, высылку адбываў у Кіраўскай вобласці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Пасля рэабілітацыі (1957) жыў у Маскве. Сябра СП СССР з 1958 г.

Памёр 20.03.1976 г.

Першы верш надрукаваў у 1921 г. у газеце «Савецкая Беларусь». Выйшлі зборнікі вершаў «Строма» (Вільня, 1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (Масква, 1927), «Палеская рапсодыя» (1961), «Вершы» (1970), паэмы «Там, дзе кіпарысы» (1925), «І пурпуровых ветразей узвівы» (Вільня, 1939), кніжкі вершаваных казак для дзяцей «Цудоўная знаходка» (1960), «Кветкі - сонцавы дзеткі» (1963), «Казкі» (1968), «Залатыя зярняты» (1975), а таксама казкі «Як сінячок да сонца лётаў» (1961), «Дзівосныя прыгоды» (1963), «Мілавіца» (1964). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1959, 1965).

Аўтар аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967), «Ганна Алелька» (1969), «Як Алік у тайзе заблудзіўся» (1974) і кнігі апавяданняў-успамінаў «Пялёсткі» (1973). Выступаў з крытычнымі, публіцыстычнымі і навуковымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы, літаратуры, культуры.

Вядомы і як перакладчык твораў У.Шэспіра («Санеты», 1964), Дж. Байрана (паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін» у зборніку «Выбранае», 1963), вершаў В.Брусава, А.Пракоф'ева, П.Тычыны, Ю.Яноніса, С.Шырвані, М.Ардубады, К.Каладзе, Е.Чарэнца, У.Бранеўскага, Ю.Славацкага, У.Сыракомлі, Ду Фу і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за зборнік вершаў «Палеская рапсодыя».

Дубровіч Алесь (сапр. Рэдзька Аляксей), нарадзіўся ў 1910 г. у вёсцы Каралевічы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў вясковую школу, займаўся самаадукацыяй. Удзельнік рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У 1933 г. прымаў удзел у першым нелегальным з'ездзе пісьменнікаў, які ўтварыў Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. У 1934 г. быў зняволены ў Лукішскую турму, дзе адбыў два гады. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) працаваў у валасным рабоча-сялянскім камітэце, выбіраўся старшынёй сельсавета. Быў дэлегатам Народнага сходу ў Беластоку (1939). Перад Вялікай Айчыннай вайной працаваў у Вілейскай раённай газеце. З пачатку вайны - падпольшчык.

Расстраляны фашысцкімі акупантамі 07.11.1942 г.

Друкаваўся з 1928 г. у прагрэсіўнай газеце «Доля працы», у перыядычных выданнях «Беларуская газета», «Літаратурная старонка», «Беларускі летапіс», «Калоссе». Нізкі вершаў змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967), «Ростані волі» (1990).

Дуброўскі Ігнат (сапр. Чарняўскі Ігнат), нарадзіўся 04.09.1906 г. у вёсцы Дуброва Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1925) працаваў загадчыкам магазіна спажывецкай кааперацыі ў сваёй вёсцы, справаводам сельсавета, загадчыкам аддзела прапаганды, затым сакратаром райкома камсамола ў Астрашыцкім Гарадку. У 1928-1929 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках (1931) і аспірантуру пры Ўсесаюзным інстытуце эканомікі сельскай гаспадаркі ў Маскве (1937). Працаваў намеснікам дырэктара гэтага інстытута па навучальнай частцы. З 1937 г. - загадчык сектара аграрных праблем Інстытута эканомікі АН БССР. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт, камандаваў батарэяй. Быў цяжка кантужаны і паранены пры абароне Масквы. Быў вязнем фашысцкага канцлагера (Франкфурт-на-Майне). У 1945-1976 гг. - зноў загадваў сектарам аграрных праблем Інстытута эканомікі АН БССР. Кандыдат сельскагаспадарчых навук. Сябра СП СССР з 1951 г.

Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў, Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1981).

Першыя вершы надрукаваны ў 1927 г. У пасляваенны час пачаў пісаць празаічныя творы, нарысы. Аўтар аповесцей «Зямля маладзее» (1952), «Зямныя вузлы» (1967), зборнікаў апавяданняў «Радня» (1954), «Паўз самыя вокны» (1961) і нарысаў «Светлы шлях» (1959), «Да долі чалавечай» (1970), «Гамоніць Палессе» (1977), «На новыя кругі» (1980), «Час сеяць і час жаць» (1982), «Красна хата не толькі пірагамі» (1988).

Напісаў таксама шэраг навуковых прац па праблемах развіцця сельскай гаспадаркі, крытычнае даследаванне аб нарысе «Нялёгкі хлеб» (1990).

Дуброўскі Міхась, нарадзіўся 03.10.1897 г. у вёсцы Казелле Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працаваў паштальёнам у Харкаве (1915-1916), быў прызваны ў армію. Прымаў удзел у падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Смаленску і на Клімаўшчыне. Служыў у Чырвонай Арміі. У 1925 г. скончыў творчае аддзяленне Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя В.Брусава ў Маскве і быў накіраваны на працу ў Менск - навуковым супрацоўнікам літаратурнай камісіі Інбелкульта. З 1926 да 1945 г. жыў у Маскве, працаваў упраўдомам ва Ўсесаюзным радыёкамітэце, настаўнічаў (у 1941-1942 гг. працаваў у Башкірыі). Скончыў аспірантуру пры Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры (1941). З 1945 г. - старшы выкладчык Берасцейскага настаўніцкага інстытута, у 1949-1950 гг. - Літаратурнага інстытута (Масква), у 1950-1957 гг. - Гарадзенскага педінстытута. Сябра СП СССР з 1959 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 11.09.1983 г.

Выступаў у перыядычным друку з вершамі, п'есамі, артыкуламі з 1918 г. У 1926 г. у яго перакладзе на беларускую мову выйшла асобным выданнем паэма О.Уайльда «Балада Рэдынгскай турмы».

Адзін з аўтараў (з П.Шастаковым) п'есы-лібрэта «Уласнай рукой» (газета «Гудок», 1928-1929, пастаўлена ў 1919).

Дубянецкі Міхаіл, нарадзіўся 04.03.1927 г. у вёсцы Востраў Пінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1944 г. скончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Пінску. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў Лемяшэвіцкай няпоўнай сярэдняй школы Пінскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1945-1951). У 1951-1952 гг. - прапагандыст Пінскага райкома КПБ, у 1952-1956 гг. - слухач Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ (у 1960 г. скончыў завочна Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС па спецыяльнасці журналістыка), у 1956-1957 гг. - загадчык аддзела Ганцавіцкага райкома КПБ, у 1958-1961 гг. - намеснік рэдактара ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда», у 1961-1964 гг. - рэдактар выдавецтва «Беларусь», у 1964-1968 гг. - загадчык рэдакцыі, галоўны рэдактар выдавецтва «Ураджай», у 1968-1975 гг. - інструктар сектара друку ЦК КПБ, у 1975-1979 гг. - адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, у 1979-1986 гг. - дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1984 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 03.09.1990 г.

Публікаваць мастацкія пераклады пачаў у 1964 г. Перакладаў з расейскай, украінскай, польскай моў. Выйшлі зборнік украінскіх апавяданняў «Сцяжынка без канца» (1980), «Жыві і помні» В.Распуціна (1982), «Клімко» Г.Цюцюнніка (1982), «Гэта дзіўнае жыццё: Аповесці і апавяданні» Д.Граніна (1983), «Блакадная кніга» А.Адамовіча і Д.Граніна, «Стэфан, Верная рака» С.Жэромскага (1984). Аўтар брашуры «Савецкая Беларусь» (1973).

Дудар Алесь (сапр. Дайлідовіч Аляксандар), нарадзіўся 24.12.1904 г. у вёсцы Навасёлкі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і селяніна.

Пасля атрымання ў Менску сярэдняй адукацыі (1921) вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання «Маладняк». 31.10.1936 г. арыштаваны. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. у адносінах да яго адменены Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР (1957), і справа спынена. Рэабілітаваны пасмяротна 21.09.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1921 г. Выдаў зборнікі вершаў «Беларусь бунтарская» (1925), «Сонечнымі сцежкамі» (1925), «І залацісцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935), зборнік апавяданняў «Марсельеза» (1927). У 1959 г. выйшлі Выбраныя творы, у 1984 г. - зборнік вершаў і паэм «Вежа».

Разам з А.Александровічам і А.Вольным напісаў раман «Ваўчаняты» (1925).

Выступаў і як крытык. Пад псеўданімам Т.Глыбоцкі выдаў зборнік артыкулаў «Пра літаратурныя справы» (1928).

Пераклаў некаторыя творы А.Пушкіна, «Дванаццаць» А.Блока, урыўкі з «Фаўста» І.В.Гётэ, творы С.Ясеніна, Б.Пастарнака, М.Ціханава, Г.Гейнэ, Э.Вайнерта і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі «Выбраныя вершы» С.Стандэ (1932), аповесць Ф.Гладкова «Новая зямля» (1932), раман У.Кузьміча «Крыллі авіяспіралі» (1932), «Апавяданне пра кайданы» М.Ляшко (1933), «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера (1934), «Жаніцьба Фігара» П.Бамаршэ (1936).

Дудараў Аляксей, нарадзіўся 06.06.1950 г. у вёсцы Кляны Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1968 г. скончыў Наваполацкую прафесійна-тэхнічную навучальню нафтавікоў. Працаваў слесарам на Полацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Служыў у Савецкай Арміі (1968-1970), зноў працаваў на нафтаперапрацоўчым заводзе (1970-1972). У 1976 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Быў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1976-1979). У 1979-1983 гг. сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільма» (Менск). Сакратар Саюза тэатральных дзеячаў БССР (з 1987). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1979 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.

У друку выступае з 1973 г. Выдаў зборнік апавяданняў «Святая птушка» (1979), казку для дзяцей «Сінявочка» (1981). Найбольш вядомы як драматург і кінадраматург. Па яго сцэнарыях пастаўлены кароткаметражныя фільмы «Кола» (1977), «Дэбют» (1978), «Буслянё» (1980) і мастацкія - «Суседзі» (1979), «Купальская ноч» (1982), «Белыя росы» (1984), «Восеньскія сны» (1986). Аўтар п'ес «Выбар» (пастаўлена ў 1979), «Парог» (пастаўлена ў 1981), «Апошні ўзлёт» (пастаўлена ў 1982), «Вечар» (пастаўлена ў 1983), «Радавыя» (пастаўлена ў 1984), «Злом» (пастаўлена ў 1988), «Вежа» (з У.Някляевым, пастаўлена ў 1990). Інсцэніраваў раманы М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (пастаўлена ў 1980) і М.Булгакава «Майстар і Маргарыта» (пастаўлена ў 1987). У 1987 г. выйшаў зборнік п'ес «Дыялог».

Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданняў «Святая птушка» і п'есу «Выбар», Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спектакль «Радавыя».

Дудзюк Зінаіда, нарадзілася 29.03.1950 г. у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.

Пасля заканчэння Белаазёрскай сярэдняй школы (1966) працавала тынкоўшчыцай у Белаазёрску. У Берасці скончыла тэхнічную навучальню будаўнікоў (1970). Працавала чарцёжніцай, тэхнікам, інжынерам інстытута «Брэст-грамадзянпраект», адначасова вучылася ў Берасцейскім інжынерна-будаўнічым інстытуце на вячэрнім факультэце (скончыла ў 1977). Працавала інжынерам на Бярозаўскай ДРЭС, метадыстам Бярозаўскага бюро экскурсій і падарожжаў. З 1983 г. - карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1986 г.

Першы верш надрукавала ў 1967 г. (бярозаўская раённая газета «Маяк камунізма»). З 1976 г. друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях. Аўтар зборнікаў паэзіі «Праводзіны птушак» (1983) і «Абрысы лета» (1988). Піша вершы і казкі для дзяцей. Напісала п'есу для лялечных тэатраў «Канёк-гарбунёк» (паводле аднайменнай казкі П.Яршова, 1984, калектыўны зборнік «Крынічка»), аднаактоўку «У абдымках вятроў» (1985), радыёп'есу «Дудка-самагудка» (пастаўлена ў 1989).

Пераклала на беларускую мову п'есу Т.Амосавай і І.Пятровай «Славутае качаня Цім» (пастаўлена ў 1990).

Дудо Пятро, нарадзіўся 04.09.1911 г. у вёсцы Забалацце Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З 1935 г. служыў у Чырвонай Арміі. У 1940 г. скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску. У 1940-1941 гг. - намеснік рэдактара газеты «Вольная праца» (Беласток), у гады Вялікай Айчыннай вайны - палітработнік, супрацоўнік армейскага друку. З 1949 г. - карэспандэнт газеты «Во славу Родины» (Менск).

Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 23.02.1958 г.

Выступаў у перыядычным друку з нарысамі і апавяданнямі з 1934 г. Аўтар аповесці «Першы салют» (1958), сатырычнай камедыі «Чортаў тузін» (1963).

Дукса Мар'ян, нарадзіўся 05.04.1943 г. на хутары каля вёскі Каракулічы Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1958-1960 гг. займаўся ў Свірскай навучальні механізацыі, закончыўшы яе, працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1969). У 1969-1987 гг. настаўнічаў у Сольскай сярэдняй школе на Смаргоншчыне. Сябра СП СССР з 1969 г.

Першы верш апублікаваў у мядзельскай раённай газеце ў 1960 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць сосны» (1987).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя А.Куляшова (1990) за кнігу вершаў і паэм «Заснежаныя ягады».

Дунец Хацкель, нарадзіўся ў студзені 1897 г. у горадзе Слоніме Гарадзенскай вобласці ў сям'і рамесніка.

Атрымаў сярэднюю педагагічную адукацыю. У 1918-1919 гг. працаваў загадчыкам сталовай, затым на партыйнай рабоце ў Віцебску. З 1926 г. жыў у Менску, быў намеснікам рэдактара газеты «Акцябэр» («Кастрычнік»). З 1933 г. да лютага 1935 г. - намеснік наркома асветы БССР, затым - культработнік на заводзе імя Кірава. Арыштаваны 07.07.1936 г. і па пастанове пазасудовага органа 27.08.1936 г. зняволены ў выпраўленча-працоўны лагер тэрмінам на 5 год. Зняволенне адбываў ва ўхтпячорскіх лагерах. Паўторна арыштаваны ў красавіку 1937 г. і Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР ад 28.10.1937 г. асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па справе 1936 г. - 24.01.1967 г. Судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР, 1937 г. - 02.02.1967 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г. у Менску.

Першы артыкул апублікаваў у 1927 г. у часопісе «Штэрн» («Зорка»). Пісаў на мове ідыш. Разглядаючы жыдоўскую літаратуру, выказваўся і пра творчасць беларускіх пісьменнікаў. Асобнымі выданнямі выйшлі публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя працы «Аб масавай рабоце на яўрэйскай мове» (1929), «Дасягненні нацыянальнай палітыкі ў БССР» (1930), «Тэорыя паэзіі Літвакова» (1931), «У змаганні» (1931), «За Магнітабуд літаратуры» (1932), «Пра пісьменнікаў і творы» (1933), «На літаратурныя тэмы» (1934).

Дыла Язэп, нарадзіўся 14.04.1880 г. у горадзе Слуцку ў сям'і служачага.

Скончыў Слуцкую гімназію ў 1898 г. На наступны год паступіў у Юр'еўскі (цяпер Тартускі) ветэрынарны інстытут, з якога на трэцім курсе за ўдзел у антыўрадавых выступленнях быў выключаны. У 1903-1904 гг. працаваў у рэдакцыі менскай газеты «Северо-Западный край». У 1905 г. вёў нелегальную работу сярод сялян па заданні Менскага камітэта РСДРП. Працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы (1906-1918). Быў сябрам Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі - камісарам працы (студзень-люты 1919). У 1921-1923 гг. - старшыня Цэнтрабелсаюза. Пасля працаваў старшынёй Дзяржаўнай планавай камісіі БССР. У 1924 г. - намеснік старшыні Камісіі па раяніраванні БССР. З лістапада 1924 г. - сапраўдны сябра і вучоны сакратар Інстытута беларускай культуры, у 1925-1927 гг. - дырэктар Першага беларускага дзяржаўнага тэатра, дырэктар Інстытута па вывучэнні мастацтва пры Інбелкульце, намеснік загадчыка Белдзяржкіно па літаратурнай частцы. Быў сябрам ЦВК БССР. У 1931 г. рэпрэсіраваны, асуджаны на высылку з Беларусі. Жыў і працаваў у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Памёр 07.04.1973 г.

Як пісьменнік дэбютаваў у 1912 г. у «Нашай ніве». Аўтар п'ес «Панскі гайдук» (1926, пастаўлена ў 1924), «Юнак з Крошына» (часопіс «Полымя», 1965), гістарычнай аповесці «Настасся Мякота» (часопіс «Маладосць», 1968, пазнейшая назва «У імя дзяцей»), шэрагу твораў для дзяцей. У 1981 г. выйшла кніга «Творы».

У перыядычным друку публікаваў апавяданні, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі. Пераклаў на беларускую мову паасобныя вершы М.Канапніцкай, працы аб тэатральным жыцці Беларусі ў канцы XIX - пачатку XX стст., успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Райніса.

Загрузка...