Ш


Шабан Яўген, нарадзіўся 29.12.1936 г. у вёсцы Калодзіна Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1958). Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я.Коласа ў Віцебску (1958-1965), рэжысёрам студыі Беларускага тэлебачання (1965-1976). У 1976-1980 гг. - загадчык літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы.

Памёр 30.07.1982 г.

Літаратурную працу пачаў у 1960 г. Выдаў зборнікі вершаў «Нарачанка» (1969), «Чырвоныя сумёты» (1977). Аўтар п'ес «Ракіроўка» (1975), «Прад'явіце пропуск» (1975), «Сіні снег» (пастаўлена ў 1975), «Шрамы» (апублікавана і пастаўлена ў 1977), «Чалавек з легенды» (з І.Ражковым, апублікавана і пастаўлена ў 1978), «Востраў Алены» (апублікавана і пастаўлена ў 1982), лібрэта тэлеоперы «Ранак» (пастаўлена ў 1968), сцэнарыя тэлефільма «І смех, і бяда» (пастаўдены ў 1973), тэлеспёктакля «Вячэра» (пастаўлены ў 1980).

Перакладаў на беларускую мову паэзію народаў СССР, творы расейскай драматургіі.

Шавель Кастусь, нарадзіўся 05.06.1912 г. у вёсцы Кухцічы Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Менскі педагагічны інстытут (1938). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Негарэльскай сярэдняй школе. Пасля вызвалення Беларусі (1944) быў прызваны ў Савецкую Армію. З 1956 г. працаваў бухгалтарам у калгасе імя Ільіча Ўздзенскага раёна.

Памёр 19.08.1987 г.

Пачаў друкавацца ў 1927 г. (часопіс «Беларускі піянер»). Аўтар кніг паэзіі «Мой кут салаўіны» (1967), «Музыка нівы» (1977), «Пахне бяроста» (1978), «Цалуйце хлеб» (1981), «Асеннія пракосы» (1983).

Шальманаў Іван, нарадзіўся 05.09.1936 г. у вёсцы Каромка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1955 г. скончыў Рогінскую сярэднюю школу і быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. З 1958 г. працаваў на Менскім цагельным заводзе, качагарам на паравозе, слесарам на розных прадпрыемствах Менска. З 1968 г. - літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Связист Белоруссии», рэдактар на Беларускім радыё. З 1975 г. - рэдактар, намеснік дырэктара Менскага абласнога Дома народнай творчасці, у 1976-1979 гг. - старшы рэдактар Менскага эксперыментальна-канструктарскага тэхналагічнага бюро скургалантарэйнай і фурнітурнай прамысловасці. У 1981 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З таго часу працуе на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1977 г.

Першае апавяданне надрукавана ў 1960 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар аповесці «Зарево в ночи» (газета «Связист Белоруссии», 1968), зборніка апавяданняў «Дзень пачаўся» (1969) і аповесці «Цагельня» (1977).

Шамякін Іван, нарадзіўся 30.01.1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940-1945 гг. у Савецкай Арміі - камандзір гарматы, затым камсорг дывізіёна. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры. У 1945-1948 гг. настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахаўскага раёна. З 1946 г. вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1950). Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». З 1954 г. - намеснік старшыні, з 1966 г. - сакратар, з 1968 г. - другі сакратар, з 1971 г. - першы намеснік старшыні, у 1976-1980 гг. - першы сакратар праўлення СП БССР. З 1980 г. - галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1963 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963-1985) і СССР (1980-1989). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971-1985). Член-карэспандэнт АН БССР. Сябра СП СССР з 1947 г.

Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1972).

У час Вялікай Айчыннай вайны выступаў у армейскай газеце «Часовой Севера» з нарысамі і вершамі. У 1945 г. надрукаваў аповесць «Помета» (часопіс «Полымя»). Аўтар раманаў «Глыбокая плынь» (1949, інсцэніраваны ў 1956), «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1957, інсцэніраваны ў 1961), «Сэрца на далоні» (1964, інсцэніраваны ў 1965), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974, аднайменны відэафільм Беларускага тэлебачання, 1980), «Вазьму твой боль» (1979, экранізаваны ў 1981), «Петраград - Брэст» (1983), «Зеніт» (1987). Цыкл з пяці аповесцей («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) аб'яднаны ў пенталогію «Трывожнае шчасце» (1960, 1973, 1982). Выйшлі кнігі апавяданняў і аповесцей: «На знаёмых шляхах» (1949), «Дзве сілы» (1951), «Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні сеанс» (1968), «Лес майго земляка» (1970), «Бацька і дзеці» (1971), «Сцягі над штыкамі» (1976), «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч» (1976, пастаўлены кінафільмы адпаведна ў 1978 і 1980), «Браняпоезд «Таварыш Ленін» (1985), «У роднай сям'і» (1986), «Драма» (аповесці, гістарычныя сцэны, 1990), а таксама кніжка апавяданняў для дзяцей «У Маскву» (1950). У 1965-1966 гг. выйшаў Збор твораў у 5-ці, ў 1977-1979 гг. - у 6 тамах.

Напісаў п'есы «Не верце цішыні» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Выгнанне блудніцы» (апублікавана і пастаўлена ў 1961, асобнае выданне ў 1962), «Дзеці аднаго дома» (апублікавана і пастаўлена ў 1967), «Экзамен на восень» (1973, пастаўлена ў 1974), «Баталія на лузе» (1975), «І змоўклі птушкі» (1977, пастаўлена ў 1977), Залаты медаль» (1979, пастаўлена ў 1980). Аўтар сцэнарыя 4-серыйнага тэлеспектакля «Трывожнае шчасце» (з А.Гутковічам, пастаўлены ў 1968), кінасцэнарыяў «Крыніцы» (з Ю.Шчарбаковым, пастаўлены ў 1964), «Хлеб пахне порахам» (пастаўлены ў 1974), «Атланты і карыятыды» (пастаўлены ў 1978). У 1974 г. выйшаў зборнік кінааповесцей і п'ес «Экзамен на восень».

Аўтар кніг публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за раман «Глыбокая плынь», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959) за раман «Крыніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Сэрца на далоні» і кнігу «Трывожнае шчасце», Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978) за кнігу «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч», Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982) за кінафільм «Вазьму твой боль».

Шамякіна Таццяна, нарадзілася 08.10.1948 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.

Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971) і аспірантуру пры гэтым універсітэце (1974). З 1974 г. - выкладчык, з 1982 г. - дацэнт кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.

З рэцэнзіямі і артыкуламі выступіла ў рэспубліканскім друку ў 1972 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар кнігі літаратурнай крытыкі «На лініі перасячэння» (1981).

Пераклала на расейскую мову аповесці І.Шамякіна «Гандлярка і паэт» (Масква, 1977), «Драма» (часопіс «Неман», 1989), п'есу «Залаты медаль» (пастаўлена ў 1980), раманы «Вазьму твой боль» (Масква, 1980), «Петраград - Брэст» (Масква, 1985), «Зеніт» (Масква, 1988).

Шапавалаў Іван, нарадзіўся 26.01.1907 г. у вёсцы Бежаўка Бурынскага раёна Сумскай вобласці (Украіна) у сялянскай сям'і.

Скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі. У 1923 г. служыў у войсках ЧОН, у 1925-1939 гг. - у пагранічных войсках, з 1939 г. - у палітупраўленні пагранічных войск НКУС СССР (Масква). Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны працаваў загадчыкам аддзела ў часопісе «Пограничник» (Масква). Сябра СП СССР з 1934 г.

Загінуў 26.06.1941 г. на фронце пад Барысавам.

Друкаваць вершы, апавяданні, нарысы пачаў у канцы 20-х гадоў. Пісаў на расейскай мове. Выйшлі ў Менску зборнікі вершаў «Товарищи» (1932), «Дзержинцы» (1934), «Время близится» (1937), паэма-аповесць «Ян Рендя» (1932), аповесць «Большевики границы» (1936) і кніжка прозы «Ненадуманные рассказы» (1939). Асобныя творы надрукаваны ў зборніку «Мы іх не забудзем» (1949).

У 1940 г. напісаў лібрэта оперы «Паграничники» (музыка А.Туранкова).

Шапіра Лазар, нарадзіўся 13.06.1905 г. у горадзе Нова-Беліца (цяпер у складзе Гомеля) у рабочай сям'і.

У 1918-1926 гг. працаваў у Гомелі рабочым, качагарам на заводзе «Чырвоны хімік». Скончыў вячэрнюю сярэднюю школу ў Нова-Беліцы (1926). Быў загадчыкам агітпропа Нова-Беліцкага райкама камсамола. З 1927 г. - у Чырвонай Арміі. У Вялікую Айчынную вайну - старшы інструктар па друку, адказны сакратар часопіса «Фронтовой юмор» Палітупраўлення Заходняга фронту, спецкарэспандэнт газеты «Сталинский пилот» 1-й паветранай арміі. Пасля вайны - на бібліятэчнай рабоце. У 1948-1953 гг. - начальнік бібліятэкі Акруговага Дома афіцэраў у Менску. Сябра СП СССР з 1942 г.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, двума - Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі і 12 медалямі.

Памёр 28.05.1991 г.

Друкуецца з 1929 г. Пісаў на расейскай мове. Аповесць «Кипучие дни» друкавалася ў часопісе «Напагатове» (1933-1934), п'еса «Рожденные летать» - у газеце «Боевые крылья» (1961). Асобныя апавяданні і нарысы друкаваліся ў перыядычным друку, у зборніку «Чтоб всегда было солнце» (1968).

Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «На варце радзімы» (зняты ў 1948).

Шарахоўскі Янка, нарадзіўся 04.03.1908 г. у гарадскім пасёлку Бялынічы Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1925-1927 гг. вучыўся ў Магілеўскім педагагічным тэхнікуме, у 1931 г. скончыў Ленінградскі гісторыка-лінгвістычны інстытут. Працаваў у рэдакцыях часопіса «Чырвоная Беларусь», газеты «Літаратура і мастацтва», часопіса «Полымя рэвалюцыі». У 1938-1941 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў пад Масквой, на Бранскім, 2-м Прыбалтыйскім, Ленінградскім франтах як камандзір узвода, з 1943 г. - інструктар франтавой газеты. Пасля вайны - адказны сакратар часопіса «Полымя» (1946-1948), галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1948-1957), намеснік міністра культуры БССР (1957-1959), галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» (1959-1961), дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы (1961-1968). Сябра СП СССР з 1940 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 06.04.1973 г.

У друку пачаў выступаць як паэт, а з 1931 г. - як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі пра жыццё і творчасць Янкі Купалы «Янка Купала» (1962), «Пясняр народных дум» (1970 - дарэвалюцыйны перыяд, 1976 - савецкі перыяд).

Аўтар зборнікаў апавяданняў «Срэбраная раніца» (1951), «Сплочаны доўг» (1978), кніжкі апавяданняў для дзяцей «Сердалікавая бухта» (1955).

Пераклаў на беларускую мову раман «Белая бяроза» М.Бубеннава (1949), аповесць «Сляпы музыка» У.Караленкі (1950), раманы «Чэсць змоладу» А.Первенцава (1951), «Рудзін», «Напярэдадні» І.Тургенева (1952), «Аповесць пра дзяцінства» Ф.Гладкова (1952), «Казкі» М.Салтыкова-Шчадрына (1953), «Апавяданні» І.Франка (1956), апавяданне «Лёс чалавека» М.Шолахава (1959) і інш.

Шасцерыкоў Пётар, нарадзіўся 04.05.1919 г. у вёсцы Тоўсты Луг Суджанскага раёна Курскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.

Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1941). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у камуністычны знішчальны батальён пры ЦК КПБ, а са жніўня 1941 г. служыў у войсках Міністэрства ўнутраных спраў па ахове чыгункі, з 1944 г. - інструктар чырвонаармейскай дывізійнай газеты «За Родину». Пасля дэмабілізацыі (1946) - карэспандэнт газеты «Звязда» па Магілеўскай вобласці, затым загадчык аддзела крытыкі газеты (1946-1956), карэспандэнт Беларускага радыё (1961), сакратар Магілеўскага абласнога аддзялення СП БССР (1961-1971). У 1973-1990 гг. - упаўнаважаны УААП Магілеўскай вобласці. Сябра СП СССР з 1952 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1941 г. (газета «Камунар Магілёўшчыны»). Піша на расейскай мове. Аўтар аповесці «Камень за камнем» (1955), кніг аповесцей і апавяданняў для дзяцей «Звени, звонок!» (1957), «Солнечный луч» (1961), «На всю жизнь» (1962), нарыса «А слава тебя найдет» (1964). Зрабіў літаратурную апрацоўку кніг успамінаў «Солдатами были все» (1968, 1978) і «Орлы» (1978). Напісаў тэксты да фотаальбомаў «Магілёў» (1968, 1971, 1977), «Магілёўская вобласць» (1975). У 1979 г. выйшаў зборнік «Повести и рассказы».

Шаўня Анатоль, нарадзіўся 02.09.1930 г. у пасёлку Дорахава Рузскага раёна Маскоўскай вобласці (Расея) у сям'і рабочага - перасяленца з Беларусі.

Скончыў перакладчыцкі факультэт 1-га Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (1954), працаваў у рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» літсупрацоўнікам, потым выконваў абавязкі загадчыка аддзела крытыкі і бібліяграфіі. З 1959 г. - літсупрацоўнік, пасля рэдактар грамадска-палітычнага аддзела часопіса «Беларусь». З 1981 г. - рэдактар студыі «Ле.апіс» кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1967 г.

Узнагароджаны медалямі.

Першыя вершы надрукаваў у 1953 г. у інстытуцкай шматтыражцы. Аўтар зборнікаў вершаў «Паводка» (1975), «Урок дабрыні» (1980).

Перакладае з італьянскай мовы на беларускую. У яго перакладзе асобнымі выданнямі выйшлі аповесць Л.Стурані «Праўдзівая гісторыя» (1957), «Прыгоды К'ядзіна» М.Арджылі і Г.Паркі (1959), аповесць В.Берціні «Юнацтва становіцца ў строй» (1960), раман Д.Арфелі «Лішнія» (1965), анталагічны зборнік сучаснага італьянскага апавядання «Золата Фарчэлы (1968), «Казкі нашых дзён» М.Арджылі (1971). Шмат вершаў сучасных італьянскіх паэтаў перакладзена ім для зборніка «Ад вежаў Ферары» (1974).

Напісаны таксама сцэнарыі мультыплікацыйнага фільма «Квака-задавака» (з З.Калядэнкам, пастаўлены ў 1977), дакументальнага фільма «Кандрат Крапіва» (1982), шэрагу іншых дакументальных і навукова-папулярных фільмаў.

Шаўчонак Марыя, нарадзілася 11.05.1944 г. у вёсцы Новы Востраў Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1965 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічала ў Ракавіцкай сярэдняй школе Шчучынскага раёна. У 1966-1978 гг. працавала ў шчучынскай раённай газеце «Савецкая вёска». З 1978 г. - старшы рэдактар аддзела прапаганды Гарадзенскай студыі тэлебачання. Сябра СП СССР з 1979 г.

Узнагароджана медалём.

Першы верш надрукавала ў 1954 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Белая ластаўка» (1971) і «Свята зямлі» (1976), «Бацькоўскае імя» (1981), «Раса-расінка» (1985).

Шах Соф'я, нарадзілася 29.11.1947 г. у вёсцы Лясец Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочих.

Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў гарадскім пасёлку Азарычы Калінкавіцкага раёна.

Скончыла факультэт пачатковых класаў Мазырскага педагагічнага інстытута (1969). Працавала настаўніцай пачатковай школы ў вёсцы Гажын Нараўлянскага раёна, у вёсцы Цідаў, у пасёлку Азарычы Калінкавіцкага раёна. У 1980 г. скончыла завочна дэфекталагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, працуе лагапедам у школе-інтэрнаце ў Светлагорску. Сябра СП СССР з 1990 г.

Літаратурнай працай займаецца з 1983 г. Адна з аўтараў калектыўных зборнікаў паэзіі «Маладыя галасы» (1985), «Лагодны промень раніцы» (1988). У «Бібліятэцы часопіса «Маладосць» выйшаў зборнік вершаў «І не пакіне спадзяванне» (1989).

Шахавец Уладзімір, нарадзіўся 26.11.1918 г. у вёсцы Кімія Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працоўны шлях пачаў у 1934 г. спачатку рахункаводам калгаса, а потым сакратаром сельсавета. У 1937 г. скончыў Магілеўскі рабфак і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1946). Удзельнік партызанскага руху на Беларусі, у 1945 г. - у дзеючай арміі на 1-м Украінскім фронце. У 1946-1948 гг. - літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», з 1948 г. - рэдактар, загадчык рэдакцыі, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларусь», з 1972 г. - намеснік галоўнага рэдактара, у 1976-1982 гг. - загадчык рэдакцыі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1979).

Памёр 08.06.1991 г.

Друкавацца пачаў у 1937 г. з вершаў. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Землякі» (1949), «Насустрач» (1951), «Будзьце здаровы» (1955), «Пасля вяселля» (1958), «Месца ў жыцці» (1960), «Аповесці» (выбранае, 1968), «Блакітная мара» (1985), «Дарога пачыналася ў Бярозаўцы» (1990), кніг для дзяцей «Крылаты дзень» (1961), «Чорны снег» (1962), «Пісьмо да сябра» (1966), «На зімнім возеры» (1970), «Светлая раніца» (1988). У 1986 г. выйшаў зборнік вершаў «Вяртанне». У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

На беларускую мову пераклаў паэмы «Мцыры» і «Ізмаіл-бей» М.Лермантава, шэраг вершаў А.Пушкіна, М.Някрасава, У.Маякоўскага, сучасных расейскіх, украінскіх, многіх паэтаў народаў СССР, кнігі прозы «Звычайную гісторыю» І.Ганчарова (1955), «З берагоў Мядзведзіцы» М.Прыляжаевай (1958), «Корцік» А.Рыбакова (1959), «Тронку» А.Ганчара (1974), «Ясеневыя прысады» Б.Саўліта (1975), трагедыю Ў.Шэкспіра «Макбет», асобныя творы ангельскіх, французскіх, вугорскіх, сербскіх, славацкіх паэтаў. У 1983 г. выйшла кніга перакладаў «Пераклічка».

Шаховіч Міхась, нарадзіўся 20.11.1953 г. у вёсцы Сакі Бельска-Падляшскага павета Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.

Скончыў агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім (1972), у 1972 г. паступіў на аддзяленне беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. У 1975 г. перайшоў на завочнае навучанне (скончыў у 1977) і пачаў працаваць журналістам у беларускім штотыднёвіку «Ніва». З 1985 г. - адказны сакратар польскага грамадска-культурнага штомесячніка «Кантрасты». З 1990 г. - кіраўнік выдавецкай суполкі «Сумежжа». Жыве ў Беластоку. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1985 г.

Узнагароджаны Сярэбраным крыжам заслугі.

Дэбютаваў у 1974 г. на старонках «Нівы» вершам. Піша на беларускай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Прамінанне» (1978), «Святая ноч» (паэма, з паралельным перакладам на польскую мову, 1979), «Напевы» (паэмы, 1987) і кнігі апавяданняў «Вада ў рэшаце» (1984).

Пад яго рэдакцыяй выйшаў том навуковых прац, прысвечаных польска-беларускім культурным узаемасувязям «Мост праз стагоддзі» (1980).

Шашалевіч Васіль, нарадзіўся 09.01.1897 г. у вёсцы Мхінічы Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і валаснога пісара.

Вучыўся ў духоўнай навучальні, у духоўнай семінарыі ў Магілеве (1910-1914), у Яраслаўскім юрыдычным ліцэі (1915-1916). З прычыны матэрыяльных нястач ліцэй не скончыў. Настаўнічаў у вёсцы Ясенцы, у мястэчку Краснаполле на Магілеўшчыне, у Менску (1917-1924). У другой палове 20-х гадоў працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе. Пазней жыў у Менску, займаўся творчай працай. У ліпені 1930 г. арыштаваны, у сакавіку 1931 г. выпушчаны на волю. У 1937 г. зноў арыштаваны органамі НКУС. Прыгавораны да 10 год зняволення. Пакаранне адбываў у Томасінлагу, Унжлагу. Рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 19.10.1955 г.

Загінуў 23.10.1941 г. у лагеры на лесапавале.

Сталую літаратурную працу пачаў у сярэдзіне 20-х гадоў з апавяданняў і драматычных твораў. Аўтар п'ес «Апраметная» (пастаўлена ў 1925), «Змрок» (пастаўлена ў 1927), «Воўчыя вочы» (1928-1929), «Рой» (1931), «Сімфонія гневу» (пастаўлена ў 1935).

Шашкоў Алесь, нарадзіўся 03.01.1923 г. у вёсцы Раманаўшчына Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Па заканчэнні сярэдняй школы (1941) пайшоў у Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на Заходнім, 1-м Прыбалтыйскім і 2-м Беларускіх франтах. Двойчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1947) - адказны сакратар чашніцкай раённай газеты «Сцяг сацыялізма». У 1950 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда». У 1951 г. зноў быў прызваны ў Савецкую Армію, служыў карэспандэнтам армейскай газеты «Сталінскі воін» да 1953 г. У 1953-1954 гг. - загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», з 1954 г. - рэдактар аддзела часопіса «Калгаснік Беларусі». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1959), завочна - маскоўскі Літаратурны інстытут (1961). Працаваў адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», старшым рэдактарам на Беларускім радыё, галоўным рэдактарам у Міністэрстве культуры БССР, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Народная асвета» (да 1965). Сябра СП СССР з 1952 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Творчую працу пачаў у 1947 г. з нарысаў. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Абуджэнне» (1955), «Ранняй вясной» (1957), «Сонца тушыць зоркі» (1959), раманаў «Навальніца спее ў цішыні» (1969) і «Спытай сваё сэрца» (1972). У 1983 г. выйшла кніга прозы «Спытай сваё сэрца. Навальніца спее ў цішыні». Выдаў кнігі прозы для дзяцей «Змена» (1951), «Белы камень» (1953), «На рачных плёсах» (1956), «Лань - рака лясная» (1960, 1979), «На вадзе і такое здараецца» (1966).

Швед Віктар, нарадзіўся 23.03.1925 г. у вёсцы Мора Гайнаўскага павета Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.

У 1944-1945 гг. вучыўся ў Гайнаўскай беларускай гімназіі, у 1946 г. скончыў беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім. У 1951 г. скончыў Акадэмію палітычных навук у Варшаве, у 1955 г. - аддзяленне журналістыкі, а ў 1969 г. - аддзяленне беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. З 1948 да 1957 г. працаваў рэдактарам у Інстытуце грамадскіх навук у Варшаве. У 1957 г. быў публіцыстам газеты «Ніва» (Беласток). З 1958 да 1960 г. працаваў сакратаром Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку. З 1960 да 1988 г. - старшы рэдактар у выдавецтве «Ксёнжка і ведза» ў Варшаве. З 1988 г. жыве ў Беластоку. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1977 г. Выбіраўся старшынёй Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа», з 1988 г. - намеснік старшыні гэтага аб'яднання.

Узнагароджаны ордэнамі Кавалерскі Крыж ордэна Адраджэння Польшчы, Залатым Крыжам заслугі і Сярэбраным Крыжам заслугі.

Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1971).

Дэбютаваў у друку ў 1957 г. вершам («Ніва», Беласток). Аўтар зборнікаў паэзіі «Жыццёвыя сцежкі» (Беласток, 1967), «Дзяцінства прыстань» (Беласток, 1975), «Дружба» (для дзяцей, Менск, 1976), «Мая зялёная Зубровія» (Менск, 1990). Цыкл вершаў для дзяцей змешчаны ў падручніку для беларускіх дапаўняльных школ «Чытанка» (Нью-Ёрк, 1968). Дзіцячыя вершы змешчаны таксама ў падручніках для пачатковых беларускіх школ у Польшчы. Сааўтар (з А.Баршчэўскім) падручнікаў для 8 класа пачатковых беларускіх школ «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974).

Шведзік Генадзь, нарадзіўся 04.03.1914 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і служачага.

Працаваў на новабудоўлях Бірабіджана. У 1929 г. прыехаў у Менск і паступіў на рабфак. Скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1937). Адначасова працаваў у газеце «Юнгер арбайтэр» («Малады рабочы»), потым загадчыкам аддзела ў газеце «Піянер Беларусі». У 1938-1940 гг. выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў Менску, пасля - навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры АН БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, быў кулямётчыкам.

Загінуў 11.10.1942 г. пад Бранскам. Упершыню выступіў у друку з вершамі ў 1929 г. Пісаў на мове ідыш. Выдаў зборнікі паэзіі «Старт» (1934), паэму для дзяцей «Наш Джым» (1935) і зборнік «Вершы» (1939). У 1962 г. у перакладзе на беларускую мову апублікаваны зборнік «Лірыка», у 1989 г. - кніга вершаў і лістоў «Матчына сляза».

Шкраба Рыгор, нарадзіўся 17.03.1919 г. у вёсцы Краснадворцы Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Старобінскай дзесяцігодкі ў 1939 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Свярдлоўск. Там паступіў на трэці курс педінстытута. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымусілі кінуць вучобу. Працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў Слабода-Турынскай сярэдняй школе Свярдлоўскай вобласці. У 1944 г. аднавіў вучобу ва ўніверсітэце (скончыў у 1946). Заняткі спалучаў з працай - быў літаратурным кансультантам у рэдакцыі газеты «Звязда». З 1946 па 1957 гг. быў літсупрацоўнікам, выконваючым абавязкі адказнага сакратара, загадчыкам аддзела літаратуры ў газеце «Літаратура і мастацтва». З 1957 г. - у рэдакцыі часопіса «Полымя», працаваў літсупрацоўнікам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства, з 1959 па 1979 гг. - рэдактар гэтага аддзела. Сябра СП СССР з 1948 г.

Узнагароджаны медалём.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).

Першыя рэцэнзіі і артыкулы надрукаваў у 1940 г. (часопіс «Савецкая школа», рэспубліканскія газеты). Стала з літаратуразнаўчымі і крытычнымі працамі выступае з 1945 г. Выдаў кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Сіла слова» (1958), «Характар, стыль, дэталь» (1965), «Літаратура і мова» (1969), «Энергія слова» (1988). Выходзілі выбраныя творы: «Скарбы» (1973) і «Моваю вобразаў» (1989). У сааўтарстве з І.Шкраба выдаў тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак «Крынічнае слова» (1987).

Выступае ў друку па праблемах выкладання беларускай літаратуры ў школе. Напісаў падручнікі «Беларуская савецкая літаратура» для 10 класа (да 1990 г. - 14 выданняў) і «Беларуская савецкая літаратура» для 11 класа (да 1989 г. - 12 выданняў). На рэспубліканскім конкурсе ў 1972 г. за падручнік па беларускай літаратуры аўтару прысуджана першая прэмія. Сааўтар хрэстаматыі «Родная літаратура» для 5 класа (да 1990 г. - 8 выданняў).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя Івана Мележа (1989) за кнігу «Энергія слова».

Шлег Алесь, нарадзіўся 15.10.1936 г. у вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў рамесную навучальню № 13 у Наваградку (1953). Працаваў слесарам, электразваршчыкам трэста «Альмецьеўнафтабуд» (Альмецьеўск, 1953), пазней - у гандлёвым флоце качагарам, машыністам (Рыга, Мурманск, Адэса, 1953-1954). Служыў на Балтыйскім ваенна-марскім флоце (Калінінград, 1954-1958). Пасля дэмабілізацыі працаваў у ляхавіцкай раённай газеце «Савецкі патрыёт» (1958-1959). Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1965). З 1960 г. адначасова з вучобай ва ўніверсітэце - карэспандэнт газеты «Звязда», затым рэдактар выдавецтва «Беларусь», у 1975-1977 гг. - «Мастацкай літаратуры», карэспандэнт газет «Літаратура і мастацтва» (1977-1978), «Чырвоная змена» (1978-1979), старшы рэдактар Рэспубліканскага праўлення таварыства кнігалюбаў. З 1985 г. - рэдактар, з 1988 г. - старшы рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання і радыё. Сябра СП СССР з 1987 г.

З першай публікацыяй выступіў у 1954 г. (газета Балтыйскага ваеннага флоту «Страж Балтики»), у друку Беларусі - з 1959 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Трывожная памяць» (1968), «Цыганок» (1971), «Праўда адна» (1974), «Жыло чаканне болю» (1979), «Хлеб на далонях тваіх» (публіцыстыка, 1986).

Напісаў кінасцэнарыі дакументальных фільмаў «Балтыйцы», «Палескі Марэсьеў», «Мой дом у бядзе», «Ядвіга Іосіфаўна», радыёспектакляў «Цыганок» - (пастаўлены ў 1980), «Рэха баравое» (пастаўлены ў 1990).

Шніп Віктар, нарадзіўся 26.03.1960 г. у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1978). Працаваў цесляром на будоўлях Менска, літкансультантам у часопісе «Неман» і газеце «Вячэрні Мінск». У 1987 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, працуе старшым рэдактарам аддзела культуры ў часопісе «Беларусь». Сябра СП СССР з 1984 г.

Першыя вершы былі надрукаваны ў 1977 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Гронка святла» (1983), «Пошук радасці» (1987), «Шляхам ветру» (1990), «Горад Утопія» (1990).

Лаўрэат прэміі імя Ўладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузіі (1987) за зборнік «Гронка святла».

Шруб Павал, нарадзіўся 20.02.1955 г. у вёсцы Хільчыцы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў фізічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта (1977). Працаваў старшым інжынерам кафедры фізікі Наваполацкага політэхнічнага інстытута (1977-1979). Служыў у Савецкай Арміі (1981-1983). З 1983 г. - выкладчык-метадыст Менскай спецыяльнай сярэдняй школы міліцыі. Скончыў завочна Менскую вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў СССР (1987). Сябра СП СССР з 1988 г.

У рэспубліканскіх выданнях друкуецца з 1979 г. Аўтар зборніка вершаў «Лабараторыя» (1987).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1988) за зборнік вершаў «Лабараторыя».

Шукайла Паўлюк, нарадзіўся ў 1904 г. у вёсцы Малая Лапеніца Ваўкавыскага раёна Гарадзенскай вобласці.

Удзельнік падпольнага рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. У канцы 1924 або на пачатку 1925 г. перайшоў цераз граніцу ў БССР. У 1925 г. апынуўся ў Слуцку, дзе арганізаваў філію «Маладняка», быў рэдактарам акруговай газеты. Потым пераехаў у Расоны, працаваў сакратаром райкама партыі, адначасова быў старшынёй Нацыянальнай камісіі пры акруговым камітэце партыі і выканкаме па праверцы ходу беларусізацыі ў раёне. У 1926 г. паступіў вучыцца на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Увосень 1927 г. арганізаваў у Менску аб'яднанне «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (існавала да вясны 1928). У 1928 г. адкамандзіраваны на вучобу ў Камуністычную акадэмію (Масква), скончыў там так званы факультэт «чырвонай прафесуры» (1930). Працаваў загадчыкам кафедры метадалогіі мастацтва ў Інстытуце кінематаграфіі. Да 1931 г. кіраваў Беларускай секцыяй Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Быў рэдактарам маскоўскай газеты «Кино», дырэктарам Цэнтральнага тэхнікума тэатральнага мастацтва. З 1932 г. - віцэ-прэзідэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Ленінград). З 1936 г. зноў у Маскве, працаваў паводле ўмовы з фабрыкай «Межрабпомфильм» пісьменнікам-сцэнарыстам. 01.11.1938 г. арыштаваны ў Маскве. 13.04.1939 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 14.04.1959 г. Прафесар.

Расстраляны 14.04.1939 г.

У беларускім друку выступаў з 1925 г. Аўтар кнігі паэзіі «Акрываўленая зямля» (1930), шэрагу літаратурна-крытычных артыкулаў.

Шумаў Міхаіл (сапр. Шульман Міхаіл), нарадзіўся 17.10.1923 г. у горадзе Магілеве ў сям'і служачых.

У 1940 г. паступіў на літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. У складзе камсамольскага знішчальнага батальёна прымаў удзел у абароне Магілева ў 1941 г. Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім і Заходнім франтах. Пасля цяжкага ранення (1943) дэмабілізаваны. У 1944-1945 гг. працаваў мантажнікам і кантрольным майстрам на заводзе «Кінап» у Самаркандзе. У 1945 г. вярнуўся ў Магілеў, завочна працягваў вучобу ў педінстытуце (скончыў у 1949). З 1946 г. - мантажнік на Менскім радыёзаводзе, з 1947 г. - завуч Магілеўскага абласнога Дома піянераў, з 1948 г. - выкладчык культасветнавучальні, у 1950-1979 гг. - выкладчык расейскай і беларускай мовы і літаратуры ў сярэдніх школах Магілева. Сябра СП СССР з 1967 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі.

Літаратурную працу пачаў у 1959 г. Першую аповесць надрукаваў у 1960 г. (часопіс «Неман»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар аповесцей «Жизнь зовет» (1962), «Печеные яблоки» (1963), «Придет и твое время» (1980), «Хроника улицы Грушевой» (1982), «Вечный шах» (1986), «Повести» (1983), «Аккорды древних тревог» (выбранае, 1984). Зрабіў літаратурны запіс успамінаў партызан З.Хаўранковай «Шесть сестер» (1971), Н.Храпко, Ф.Папова «По зову сердца» (1982).

Шупенька Генадзь, нарадзіўся 06.04.1936 г. у вёсцы Падбярэззе Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1955 г. паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У час вучобы цяжка захварэў, таму ўніверсітэт скончыў толькі ў 1965 г. Вучыўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта. У 1969-1979 гг. - старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, з 1979 г. - рэдактар, з 1982 г. - загадчык рэдакцыі серыйных выданняў выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1975 г.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Выступае ў друку з 1969 г. як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі крытычных нарысаў, літаратурных партрэтаў і артыкулаў «Цеплыня чалавечнасці» (1977), «Галоўнае - талент» (1987).

Пераклаў на беларускую мову кнігу «Мілы ба-пэр!..» Ц.Дзеры (1983), аповесць «Кат» П.Лагерквіста (1986), паасобныя апавяданні пісьменнікаў народаў СССР.

Шутэнка Гаўрыіл, нарадзіўся 24.06.1924 г. у сяле Арзгір Арзгірскага раёна Стаўрапольскага краю (Расея) у сялянскай сям'і.

У 1940 г. скончыў школу фабрычна-заводскага навучання пры швейнай фабрыцы імя В.Валадарскага ў Баку, працаваў рабочым. У 1942 г. прызваны ў Савецкую Армію. Быў разведчыкам, пасля цяжкага ранення на Паўночным Данцы (1943) - камісаваны. Працаваў старшынёй касы ўзаемадапамогі калгаса «Парыжская камуна» на Стаўрапольшчыне, ва ўстановах Таварыства сляпых - культработнікам, дырэктарам вучэбна-вытворчага прадпрыемства, інспектарам. Жыве з 1946 г. у Наваградку. У 1964 г. скончыў паэтычныя курсы ў Маскве пры Інстытуце павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Усерасейскага таварыства сляпых. Сябра СП СССР з 1970 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі.

Першыя вершы апублікаваў у 1939 г. (газета «Стахановец» палітаддзела Мар'іна-Зольскай МТС Георгіеўскага раёна Стаўрапольскага краю). Піша на расейскай мове. У друку Беларусі выступае з 1952 г. (газета «Гродзенская праўда»). Аўтар кніжак паэзіі «Мои глаза» (1961), «Память» (1969), «Жажда» (1974), «Солнце на десницах: Строки разных лет» (1984), «Горит костер воспоминаний» (1990), кніжкі для дзяцей «Наш котенок Димурлы» (1978).

Шуцько Іван, нарадзіўся 20.12.1925 г. у вёсцы Гаць Крупскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Да вайны скончыў восем класаў у Крупках. Працаваў у Крупскім раённым камітэце радыёінфармацыі (1940-1941). У 1943 г. разам з аднавяскоўцамі вывезены фашыстамі ў канцэнтрацыйны лагер (пад Гданьск). У 1944 г. уцёк з лагера. У 1944-1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў брыгадзірам калгаса ў роднай вёсцы. У 1958-1961 гг. - літсупрацоўнік крупскай раённай газеты «Голас калгасніка». У 1963 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1963 г. - літсупрацоўнік, у 1964-1984 гг. працаваў фотакарэспандэнтам крупскай раённай газеты «Ленінскім курсам». Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 31.08.1984 г.

Друкавацца пачаў у 1940 г. Выдаў кніжкі для дзяцей «Мой мяч» (вершы, 1953), «Чужая хатка» (казкі, 1958), «Лепшая сяброўка» (вершы, 1959), «Дзедава рэліквія» (апавяданні, 1960), «Першае слова» (вершы, 1964), «Дзіма хоча быць героем» (апавяданні, 1965) і зборнік вершаваных баек, мініяцюр «Са свайго пункту гледжання» (1966).

Шушкевіч Станіслаў, нарадзіўся 19.02.1908 г. у вёсцы Бакінава Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сям'і беззямельнага селяніна.

Вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Менску (1926-1928). Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, загадваў бібліятэкай навукова-даследчага Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі (1928-1931). Быў сябрам літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП. Скончыў крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску (1934). Працаваў у рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва», «Калгаснік Беларусі», «Звязда». 15.11.1936 г. быў арыштаваны, асуджаны да 8 год пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў турме, лагеры, ссылцы. Працаваў шахцёрам, цесляром, бухгалтарам у лагеры МУС Кемераўскай вобласці, пасля вызвалення (1944) - вольнанаёмным бухгалтарам саўгаса. У 1946-1949 гг. настаўнічаў у Данілавіцкай сярэдняй школе Дзяржынскага раёна. У 1949 г. арыштаваны паўторна і высланы на спецпасяленне ў Краснаярскі край, дзе працаваў лесарубам, у геалагічных партыях і экспедыцыях. У 1956-1958 гг. - супрацоўнік газеты «Мінская праўда», у 1958-1970 гг. - загадчык аддзела газеты «Літаратура і мастацтва». Канчаткова па абедзвюх справах рэабілітаваны 26.09.1975 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983).

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 01.01.1991 г.

Друкаваўся з 1924 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вершы» (1934), «Дарогаю вясны» (1959), «Услед за марамі» (1961), «Навальніца» (1966), «Сябрам» (1972), «Дарога ў залатую восень» (1983), «Рэха маладосці» (1984), «Сонца над маім асеннім садам» (1987), кнігі ўспамінаў «Вяртанне ў маладосць» (1968), зборніка сатыры і гумару «Грушы на вярбе» (1969), кніжак вершаў, апавяданняў і казак для дзяцей «Звярыны баль» (1936), «Лясная калыханка» (1958), «Сарочы церамок» (1959), «Мы на змену ідзём» (1961), «Гара Марата Казея» (1963), «Будзільнік» (1966), «Апавяданні пра Марата Казея» (1968, 1988), «Вясёлыя дзятлікі» (1970), «Колькі кіпцікаў у кошкі» (1972), «Дванаццаць пасланцоў» (1973), «Барадаты камар» (1977), «Красавік» (1977), «Ліса з магнітафонам» (1979), «Казачны церам» (1983), «Едзе страшная Яга» (1985), «Казёл на верталёце» (1987). У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1988 г. - «Выбранае».

Шчарбатаў Георгі, нарадзіўся 07.05.1919 г. у вёсцы Рэкатка Горацкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Магілеўскую педагагічную навучальню (1938). Настаўнічаў у Бярэзінскім раёне, завочна вучыўся ў Магілеўскім педагагічным інстытуце. Працаваў у рэдакцыях газет «Камунар Магілёўшчыны» (1939-1940), «Советская Белоруссия» (1940-1941). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Куйбышаў. У 1942 г. знаходзіўся ў тыле ворага як карэспандэнт газеты «Савецкая Беларусь», у 1943-1944 гг. працаваў у газеце «Звязда», якая выдавалася падпольна на акупаванай тэрыторыі. Пасля вайны працаваў у газеце «Звязда», карэспандэнтам газеты «Известия» па Беларускай ССР, загадчыкам аддзела, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1949 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і медалямі.

Памёр 02.02.1957 г.

Літаратурныя матэрыялы за подпісам Г.Шчарбатаў з'явіліся ў 1941 г. (магчыма, да гэтага выступаў пад псеўданімам). Аўтар запісак «Партызанскія агні» (1950), нарысаў «Камсамол Беларусі ў баях за Радзіму» (1950, 2-е дапоўненае выданне ў 1957), «Неспакойныя сэрцы» (1951), кніжак прозы «Шумелі пушчы» (1957), «Лясны фронт» (аповесць, апавяданні і нарысы, 1961), «Лясны фронт» (1970), «Партызанскія агні» (1979).

Пераклаў на беларускую мову «Слова перад пакараннем смерцю» Ю.Фучыка (1953).

Шыловіч Георгі, нарадзіўся 07.01.1924 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.

Да вайны скончыў першы курс Менскага будаўнічага тэхнікума. Са снежня 1941 г. удзельнік Менскага падполля, а з сакавіка 1943 г. - партызан у брыгадзе імя Жалезняка на Бягомльшчыне, з 1944 па 1945 гг. служыў у Савецкай Арміі. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1951). Працаваў у рэдакцыях газет «Мінская праўда» (1951-1953), «Зорька» (1953-1964). З 1965 г. - адказны сакратар, а ў 1978-1985 гг. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1948 г. Выйшлі кнігі нарысаў, апавяданняў і аповесцей для дзяцей «Твая дарога» (1957), «Запіска на шыбе» (1960), «Школа ля крэпасці» (1962), «Піянерская адвага» (1962), «Праз полымя вайны» (1963), «Сшытак у чорнай вокладцы» (1965), «Чарапаха без панцыра» (1966), «Святло далёкага Алькора» (1973). Напісаў аповесці «Туман ідзе па следу» (часопіс «Беларусь», 1963-1964), «Сустрэча з сонейкам, альбо Аповесць пра Пецьку-флібусцьера і некаторых яго сяброў» (1981), «Падарожжа сярод лета» (1983). У 1986 г. выдадзены аднатомнік выбраных твораў «Школа каля крэпасці».

Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Родныя бярозы не спяць» (1965), «Зялёны патруль» (1966), «Трэба марыць» (1967).

Перакладае з расейскай і ўкраінскай моў.

Шымук Віктар (таксама Шымук Вікенцій), нарадзіўся 02.04.1933 г. у вёсцы Змяёўцы Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння васьмі класаў працаваў адказным сакратаром дзятлаўскай раённай газеты «За новую вёску» (1949-1951). Адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе. У 1951 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў завочна ў 1957). Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда», потым - літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Звязда» (1967-1971), адказным сакратаром штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1974-1977). З 1977 г. - намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1964 г.

Літаратурную працу пачаў у 1949 г. Для дзяцей напісаў паэму «Каля Броннай гары» (1960), зборнікі вершаў «Мы вясне дапамагалі» (1962), «Дочкі сіняга Немана» (1964), «Марылі пра шчасце хлапчукі» (паэмы, 1981). Аўтар зборнікаў вершаў «Свіцязянскія хвалі» (1968), «Світанне» (1972), «Святло красавіцкіх бяроз» (1983), «Спелы жнівень» (1990), сатырычных вершаў «Ад хаты да хаты» (1983).

Выдаў кнігі нарысаў «Добрай раніцы, поле» (1964), «Сын каваля» (1970), «Коля Гойшык» (1971), «Леў Даватар» (1973), «Пасля працы рупнай» (1974), «Дыханнем ліпеньскім сагрэтыя» (з Л.Смілавіцкім, 1971), «Рэха Аўроры» (1979) і зборнік апавяданняў «Помняць пушчы і паляны» (1969).

На шэраг вершаў напісаны песні.

Шынклер Хвядос, нарадзіўся 22.09.1903 г. на станцыі Ізяслаўль Менскага раёна Менскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.

Вучыўся ў Менскай рэальнай навучальні (1914-1920). З 1919 г. працаваў на чыгунцы тэлеграфістам, пасля - бібліятэкарам, загадчыкам клуба ў Рудзенску. Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк». У 1929-1931 гг. - супрацоўнік бабруйскай газеты «Камуніст», са снежня 1931 г. - сакратар рэдакцыі раённай транспартнай газеты «Ударнік» (Жлобін). У 1935-1941 гг. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» і часопісе «Полымя». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Свярдлоўск. У 1942 г. пайшоў добраахвотнікам у Савецкую Армію. Чатыры месяцы вучыўся ў вайсковай навучальні ў г. Кыштым Чалябінскай вобласці.

Загінуў 25.10.1942 г. на фронце пад Сталінградам.

Пісаць пачаў у 1922 г. (допісы ў газеты). Першае апавяданне надрукаваў у 1928 г. Асобнымі выданнямі выйшлі апавяданне «Ічэ» (1929), зборнік апавяданняў «Стрэлачнік Мігай» (1930), апавяданне «Блок» (1933), аповесці «Сонца пад шпалы» (1933), «Запіскі інструктара Томана» (1934), «Пульс жыцця» (1950, выходзіла на расейскай мове ў 1942 г. у Маскве). Аўтар аповесці для дзяцей «Петрык-завадатар» (1935). У 1960 г. выйшлі Выбраныя творы, у 1984 г. - кніга апавяданняў, аповесцей, успамінаў «Апошні рэйс».

Напісаў п'есу «Пачэсны рэйс» (апублікавана ў 1939), кінасцэнарый «Шчаслівы шлях» (з Ю.Рудзько, 1940). Выступаў з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі.

Шырко Васіль, нарадзіўся 31.08.1948 г. у вёсцы Чурылава Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1972). Служыў у Савецкай Арміі (1972-1973). У 1973-1978 гг. працаваў карэспандэнтам «Сельской газеты», у 1973-1986 гг. - рэдактар, загадчык аддзела галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1986 г. - рэдактар аддзела нарыса часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1990 г.

Першыя падборкі вершаў надрукаваў у 1968 г. (часопіс «Маладосць», газета «Чырвоная змена»). Выйшлі кнігі «Зямлі бацькоўскай прыцягненне» (нарысы, 1987), «Сцяжына да людзей» (дакументальныя аповесці, нарысы, 1989). У 1990 г. выйшла кніга казак «Дзед Манюкін не салжэ». Аўтар інсцэніровак паводле твораў М.Гарэцкага, Н.Гілевіча (1987), сцэнарыя дакументальнага фільма «Песня пшанічнага поля» (1984).

Шырма Рыгор, нарадзіўся 20.01.1892 г. у вёсцы Шакуны Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы ў Свянцянах (1912), працаваў у Гануцкай пачатковай двухгадовай школе Свянцянскага павета. У 1918 г. скончыў Седлецкі настаўніцкі інстытут (Польшча), які на той час быў эвакуіраваны спачатку ў Маскву і Яраслаўль, а потым у Варонеж. Пасля працаваў у школе сяла Навагольскае Варонежскай вобласці. У чэрвені 1922 г. вярнуўся на радзіму. З 1926 г. - настаўнік Віленскай беларускай гімназіі. Быў сакратаром Галоўнай управы культурна-асветніцкай арганізацыі рэвалюцыйна-дэмакратычнага характару Заходняй Беларусі - Таварыства беларускай школы (1928-1937), адным з выдаўцоў часопіса «Беларускі летапіс». Спрыяў творчаму станаўленню маладых заходнебеларускіх рэвалюцыйных паэтаў. Выдаў першыя зборнікі М.Васілька, М.Танка, пазней - С.Крыўца. За рэвалюцыйна-прапагандысцкую і культурна-асветніцкую дзейнасць быў двойчы зняволены буржуазнымі ўладамі Польшчы, сядзеў у вядомай турме «Лукішкі».

Збіральнік і прапагандыст беларускай народнай песні, у 1924 г. арганізаваў у Пружанах беларускі народны хор. У 1926 г. - хор у Беларускай гімназіі, у 1931 г. - Вялікі беларускі хор пры Беларускім студэнцкім саюзе ў Вільні. У 1940 г. на аснове хароў, якімі кіраваў Р.Шырма, быў створаны Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца, у 1955 г. перайменаваны ў Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу Беларускай ССР. Узначальваў капэлу да 1970 г. У 1966-1978 гг. - старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР, сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955-1978). Сябра СП СССР з 1966 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія II ступені, медалямі.

Народны артыст БССР (1949).

Народны артыст СССР (1955).

Герой Сацыялістычнай Працы (1977).

Памёр 23.03.1978 г.

Друкавацца пачаў у 1925 г. Першыя зборы народнага меласу выдаў у Вільні: «Беларускія народныя песні» (1929), «Наша песня» (1938). У пасляваенныя гады надрукаваны «Беларускія народныя песні, загадкі, прыказкі» (1947), «Беларускія народныя песні» (т. 1, 1959; т. 2, 1960; т. 3, 1962; т. 4, 1976), «Беларускія народныя песні (для хору)» (т. 1, 1971; т. 2, 1973). Аўтар зборніка публіцыстычных, літаратуразнаўчых і музыказнаўчых артыкулаў «Песня - душа народа» (1976).

Лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР (1966) за канцэртна-выканаўчую дзейнасць і (1974) за «Беларускія народныя песні для хору».

Шырын Лявон, нарадзіўся 01.01.1930 г. у вёсцы Працавічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся завочна ў Слуцкай, затым у Менскай педагагічнай навучальні (скончыў у 1954). У 1951-1957 гг. выкладаў маляванне, чарчэнне, замежную мову, беларускую мову і літаратуру ў школах Любанскага раёна (в. Таль, Асавец, п. Барыкоў, г. Любань). Завочна скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962). З 1957 г. - загадчык аддзела рэдакцыі старобінскай раённай газеты «Савецкі патрыёт». З 1958 г. - загадчык Старобінскага раённага педкабінета, з 1960 г. - дырэктар Жабінскай васьмігадовай школы, з 1962 г. - загадчык аддзела народнай асветы Старобінскага райсавета, з 1963 г. - дырэктар Жабінскай сярэдняй школы. У 1968-1982 гг. - намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Салігорскай завочнай сярэдняй школы. З красавіка 1982 г. - дырэктар Мяцявіцкай сярэдняй школы Салігорскага раёна. У 1982-1989 гг. - дырэктар Гоцкага вучэбна-вытворчага камбіната Салігорскага раёна. Сябра СП СССР з 1986 г.

Узнагароджаны медалём.

Першы верш надрукаваны ў 1956 г. (любанская раённая газета «Кліч Радзімы»). У абласным і рэспубліканскім друку выступае з 1974 г. Аўтар зборнікаў вершаў для дзяцей «Мы дзеці шахцёраў» (кніжка-маляванка, 1978), «Песні ручая» (1980), «Ясь, жалейка і вясна» (1989).

Шыцік Уладзімір, нарадзіўся 31.08.1922 г. у горадзе Шклове Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага.

Вучыўся ў Маскоўскім электратэхнічным інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту (1940-1943), у Куйбышаўскім індустрыяльным інстытуце. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Шклоў і працаваў тэхнікам-канструктарам на папяровай фабрыцы «Спартак». У 1949 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1949-1952 гг. працаваў у рэдакцыі газеты «Сталинская молодежь», у 1953-1964 гг. - у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда» (у 1962-1990 гг. - «Сельская газета»), у 1965-1966 гг. - адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва», у 1978-1983 гг. - карэспандэнтам «Сельскай газеты». Сябра СП СССР з 1962 г.

Узнагароджаны медалём.

Першае апавяданне апублікаваў у 1952 г. (газета «Сталинская молодежь»). У 1958 г. у часопісе «Полымя» надрукаваў аповесць «Назаўсёды». Аўтар аповесцей «Сосны адшумелі свае» (1960), «Апошняя арбіта» (1962), «Майская раніца» (1963), зборнікаў фантастычных апавяданняў і аповесцей «Зорны камень» (1967), «Парсекі за кармой» (1970), «У час не вярнуліся» (1975), «Масткі над абрывам» (1977), кніг фантастыкі і дэтэктываў «Другая версія» (1979), «Трансплутонавыя афеліі» (1982), «Левы рэйс» (1983), «Ускосныя доказы» (1985), «Камандзіроўка ў сваім горадзе» (1989), «Падстаўка» (1990), апавядання для дзяцей «Як малако на стол прыйшло» (1979).

Шэлехаў Міхась, нарадзіўся 01.11.1954 г. у вёсцы Плотніца Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і служачых.

Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў пры Дзяржкіно СССР (1984). У 1976-1980 гг. - літсупрацоўнік часопіса «Рабочая смена», у 1980-1982 гг. - рэдактар студыі дакументальных фільмаў «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», у 1984-1987 гг. працаваў паводле ўмовы на кінастудыі «Саюзмультфільм» студыі імя М.Горкага (Масква), у 1987-1988 гт. быў рэдактарам тэлефільма Дзяржтэлерадыё БССР. З 1988 г. - галоўны рэдактар студыі мастацкіх фільмаў «Кадр» кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1988 г.

Выступае ў друку з 1968 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Слово ненастное, слово лазурное» (Масква, 1987) і «Сын яблыні» (1990).

Напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Сын чайкі» (1987), «Мост» (паводле аповесці «Круглянскі мост» В.Быкава, пастаўлены ў 1988), «Люк» (пастаўлены ў 1988), «Метэарыт» (пастаўлены ў 1988), шэрагу мультыплікацыйных фільмаў.

Шэрман Карлас, нарадзіўся 25.10.1934 г. у горадзе Монтэвідэо (Уругвай) у сям'і рабочага - выхадца з Заходняй Беларусі.

Вучыўся ў Нацыянальным інстытуце імя М.Марэна (Буэнас-Айрэс, Аргенціна, 1951-1956) па спецыяльнасці філалогія. Працаваў у аргенцінскіх газетах. У 1956 г. прыехаў на Беларусь. У 1964-1980 гг. - загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР. З 1989 г. - віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1979 г.

Пачаў друкавацца ў 1952 г. у аргенцінскім перыядычным друку, у расейскай перыёдыцы Беларусі - з 1964, на беларускай мове - з 1975 г. З гішпанскай мовы на расейскую пераклаў раман М.Сапата Алівельі «Чорны загон» (часопіс «Неман», 1967), раман Г.Гарсія Маркеса «Восень патрыярха» (з В.Тарасам, Масква, 1978), на беларускую мову пераклаў паасобныя творы Н.Гільена, Г.Гарсія Маркеса, Ф.Піта Радрыгеса, О.Фернандэса, У.Дзітаранта, С.Ібаргоена, К.Кастэльотэ, З.Кардэналя, Д.Алонса і інш., а таксама выбраную лірыку А.Тэхада Гомеса (1987). У перакладзе з беларускай на гішпанскую выйшлі «Мая Бесядзь» А.Куляшова, «Конь і леў» М.Танка, «Чырвоны мак» В.Хомчанкі, народныя казкі ў апрацоўцы А.Якімовіча (усе ў 1976), «Шлюбная ноч» І.Шамякіна (1980), «Дажыць да світання» (1980), «Абеліск» (1984) і «У тумане» (1989) В.Быкава, выбранае Я.Купалы і Я.Коласа «Папараць-кветка» (1982), выбранае Р.Барадуліна «Чорны вол маёй трывогі» (1985), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1988), «Загад № 1» М.Чаргінца (1990).

Аўтар кніг паэзіі «Дождж у Каралішчавічах» (на гішпанскай мове, у перакладзе на беларускую Р.Барадуліна, 1984) і «Сны» (у перакладзе з гішпанскай Р.Барадуліна і В.Сёмухі, 1989).

Склаў зборнікі выбранай лірыкі Ф.Гарсія Лоркі (1975), П.Нэруды (1976), Н.Гільена (1977), Габрыэлы Містраль (1984), а таксама анталогію сучаснай кубінскай паэзіі «Тытунёвая кветка» (1986).

Загрузка...