Н


Наварыч Алесь (сапр. Трушко Аляксандар), нарадзіўся 02.11.1960 г. у вёсцы Відзібор Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Відзіборскай сярэдняй школы працаваў цесляром у Столінскай вытворча-механізаванай калоне, затым лабарантам у роднай школе. У 1978-1980 гг. вучыўся на стаматалагічным факультэце Менскага медыцынскага інстытута. У 1985 г. скончыў аддзяленне расейскай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў у Скірмантаўскай сярэдняй школе Дзяржынскага раёна (1985-1986), Малюшыцкай - Карэліцкага раёна (1986-1987). З 1988 г. - літрэдактар у часопісе «Вожык». З 1990 г. - метадыст Рэспубліканскага цэнтра эстэтычнага выхавання. Сябра СП СССР з 1988 г.

Першыя апавяданні апублікаваў у 1983 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Рабкова ноч» (1988), «Ноч пацалункаў незалежнасці» (1989).

Навуменка Іван, нарадзіўся 16.02.1925 г. у горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.

Са студзеня 1942 г. удзельнік камсамольскага падполля, затым - партызан, вызваляў родныя Васілевічы. У снежні 1943 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Пасля дэмабілізацыі (снежань 1945) - карэспандэнт мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а з 1951 г. - рэспубліканскай газеты «Звязда». Завочна скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950) і аспірантуру пры ўніверсітэце (1954). Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1953-1958), загадваў кафедрай беларускай літаратуры БДУ. У 1973-1982 гг. - дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1982 г. - віцэ-прэзідэнт АН БССР. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990). Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1978).

Першыя апавяданні апублікаваў у 1955 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Семнаццатай вясной» (1957), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Бульба» (1964), «Таполі юнацтва» (1966), «Вераніка» (1968), «Тая самая зямля» (1971), «Падарожжа ў юнацтва» (выбранае, 1972), «Замець жаўталісця» (1977), «Пераломны ўзрост» 1986), «Водгулле далёкіх вёснаў» (1989), раманаў «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974), «Смутак белых начэй» (раман, аповесць, апавяданні, 1980), «Летуценнік. Смутак белых начэй» (1985), «Асеннія мелодыі» (раман, апавяданні, 1987), аповесці для дзяцей «Вайна каля Цітавай копанкі» (1959), «Капитан Степь идет в разведку» (з В.Мамантавым, 1982), п'есы «Птушкі між маланак» (1982). Выйшаў Збор твораў у 6 тамах (1981-1984).

Выдаў літаратуразнаўчыя працы «З глыбінь жыцця: Крытычныя эцюды аб творчасці Якуба Коласа» (1960), «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967), «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968), «Гуманизм и народность» (Масква, 1972), «Кніга адкрывае свет» (1978), «Из глубин народной жизни» (1981), «Якуб Колас» (1982), «Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці» (1982), «Элементы міфалогіі ў паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа» (1988), даклады на VIII і IX Міжнародныя з'езды славістаў «Праблемы развіцця літаратуры ў эпоху сучаснага навукова-тэхнічнага прагрэсу» (1978) і «Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў кантэксце славянскіх літаратур» (1983).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967) за кнігу «Таполі юнацтва», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972) за кнігі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: Духоўны воблік героя».

Навумовіч Уладзімір, нарадзіўся 29.10.1943 г. у вёсцы Баўцічы Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўніцы.

У 1960 г. скончыў Ярэміцкую сярэднюю школу. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Беражноўскай васьмігадовай школы Карэліцкага раёна. У 1966 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Быў на камсамольскай рабоце - у Ленінскім райкаме камсамола Менска, у Менскім абкаме камсамола, лектарам ЦК ЛКСМБ. У 1973 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ і з таго часу выкладае беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, з 1978 г. - дацэнт, з 1989 г. - загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры для прыродазнаўчых факультэтаў БДУ. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1990 г.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1964 г. (наваградская раённая газета «Новае жыццё» і «Чырвоная змена»). Аўтар аповесцей «Узаранае поле» (часопіс «Маладосць», 1968), «Такое бывае аднойчы» (1982) і манаграфіі «Шляхамі арлянят: Проза «Маладняка» (1984).

Наўроцкі Алесь, нарадзіўся 12.02.1937 г. у вёсцы Давыдаўка Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

У 1954 г. скончыў Бабруйскую школу санітарных фельчараў. Працаваў фельчарам у вёсцы Вышкава Карэліцкага раёна. Скончыў Менскі медыцынскі інстытут (1962). Працаваў лекарам участковай бальніцы ў вёсцы Аравічы Хойніцкага раёна (1962-1965). На Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве правучыўся год (1976). У 1964 г. прыняты ў сябры СП СССР, у 1978 г., пратэстуючы супраць прымянення псіхіятрыі ў палітычных мэтах, выйшаў з Саюза пісьменнікаў. У 1981 г. прымацаваны да псіханеўралагічнага дыспансера і пазбаўлены працы лекара.

Дэбютаваў у друку вершам у 1954 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Неба ўсміхаецца маланкаю» (1962), «Гарачы снег» (1968), «Пакаленні і папялішчы» (1990), кнігі апавяданняў «Валун» (1976).

Непачаловіч Янка, нарадзіўся 25.05.1917 г. у вёсцы Мінкавічы Старадарожскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1934) працаваў загадчыкам Крываносаўскай хаты-чытальні Старадарожскага раёна. У 1935 г. паступіў на літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, з трэцяга курса быў накіраваны ў Дзяржынскую сярэднюю школу, дзе працаваў настаўнікам у 1937-1939 і 1944-1947 гг. (інстытут скончыў завочна ў 1940). Настаўнічаў у Мар'інагорскай сярэдняй школе (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны - сувязны партызанскай брыгады імя С.М.Кірава на Меншчыне. Пасля вайны быў інспектарам Старадарожскага рана, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дараганаўскай сярэдняй школе Асіповіцкага раёна. З 1967 г. жыў у Менску. Працаваў у выдавецтве «Народная асвета». Сябра СП СССР з 1958 г.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 03.07.1969 г.

Друкаваўся з 1936 г. (часопіс «Полымя рэвалюцыі» (Аўтар зборнікаў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967) і «Перад захадам сонца» (1977).

Нёманскі Янка (сапр. Пятровіч Іван), нарадзіўся 12.04.1890 г. у вёсцы Шчорсы Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1909) і нейкі час працаваў у вясковай школе. Вучыўся ў Петраградскім універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце (1914-1916, 1918). У 1916 г. прызваны ў армію і пасля школы прапаршчыкаў удзельнічаў у баях на фронце. У 1918 г. працягваў вучобу ва ўніверсітэце, разам з Ц.Гартным выдаваў першую савецкую газету на беларускай мове «Дзянніца». У 1919-1921 гг. служыў у Чырвонай Арміі - ваяваў на Карэльскім, Петраградскім, Польскім франтах, быў у Сібіры і Далёкім Усходзе. З 1921 г. жыў у Менску. Працаваў у планава-эканамічных органах рэспублікі, вучоным сакратаром Інстытута эканомікі АН БССР, намеснікам старшыні Дзяржплана БССР. З 1933 г. па 1936 г. узначальваў кафедру фінансавых дысцыплін у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі. У 1927-1936 гг. - сябра ЦВК БССР. 27.04.1937 г. быў арыштаваны і асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР у кастрычніку 1937 г. да выключнай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.03.1957 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Акадэмік АН БССР.

Расстраляны 30.10.1937 г.

У 1918 г. у газеце «Дзянніца» выступаў па пытаннях гісторыі, эканомікі і культуры Беларусі. Першае апавяданне надрукаваў у 1922 г. у часопісе «Полымя». Аўтар зборніка апавяданняў «На зломе» (1925), аповесці «Партызан» (1927, часопіс «Полымя»), незавершанага рамана «Драпежнікі» (1928-1930, часопіс «Полымя»). У 1984 г. выйшлі «Творы».

Нікановіч Мікола, нарадзіўся 15.04.1902 г. у вёсцы Кляннік Смалявіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Клянніцкай пачатковай школе, затым - у Ігумені (цяпер Чэрвень) у гімназіі. Удзельнічаў у партызанскай барацьбе супраць польскіх акупантаў на Беларусі. Пасля грамадзянскай вайны быў настаўнікам у роднай вёсцы. У 1928 г. прыехаў у Менск і стаў працаваць стылістам у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У 1933 г. рэпрэсіраваны. Высланы за межы Беларусі. Працаваў у рэдакцыях газет «Уральский рабочий», «Советский Дон». У 1942 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Рэабілітаваны 24.08.1956 г. Вярхоўным судом БССР.

У кастрычніку 1944 г. прапаў без вестак на тэрыторыі Чэхаславакіі.

Першае апавяданне апублікаваў у 1923 г. (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Золак» (1926), «Радасць» (1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы, прамень» (1929), аповесцей «Мяцеліца» (1930), «У паўстанцаў» (1931), кнігі выбраных твораў «Летнім днём» (1960) і кнігі апавяданняў, аповесцей і замалёвак «Светлая даль» (1985).

Пераклаў на беларускую мову аповесці А.Неверава «Ташкент - горад хлебны» (1930), А.Дончанкі «Ударны атрад» (1933), кнігу Е.Бурчэ «Прыгоды ў паветры» (1932).

Нікіфаровіч Ванкарэм, нарадзіўся 15.11.1934 г. у г. Менску ў сям'і настаўніка.

У 1957 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. З 1965 г. - старшы рэдактар, з 1976 г. - загадчык аддзела Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1983 г. - памочнік галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Тэатра-студыі кінаакцёра пры Дзяржкіно БССР, з 1987 г. - кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1972 г.

Узнагароджаны балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія.

Пачаў выступаць у друку з 1958 г. як літаратурны крытык. Артыкулы, прысвечаныя літаратурным узаемасувязям Беларусі з замежнымі краінамі, сабраны ў кнігах «Усяму свету - свой дар» (1973), «Дарогі ў шырокі свет» (1979).

Працуе таксама ў галіне мастацкага перакладу. З балгарскай мовы на беларускую пераклаў аповесці К.Грыгорава «Танча з Гарацвета» (1961), К.Калчава «Закаханыя птушкі» (1964), «Люба» (1984), раман Г.Караславава «Нявестка» (1966), анталогію балгарскага апавядання «Скарб» (з Н.Гілевічам, 1967), аповесць Г.Угарава «Кліча Радопскі бор» (1972), кнігу С.Паптонева «Беларусь - белая балада» (з Р.Барадуліным, 1979), анталогію гумарыстычнага апавядання «Адпачынак з байкапісцам» (1980), аповесць Г.Мішава «Матрыярхат» (1981), аповесці С.Паптонева «Спачатку быў хлеб», Слава Х. Караславава «Такая любоў», Ц.Іярданава «Выпадковы стрэл», уключаныя ў зборнік «Такая любоў» (1987), кніжку гумару «Усмешкі на старых фотаздымках» (1990), асобныя п'есы Д.Асенава, Л.Мілевай, В.Пятрова, С.Страціева, С.Цанева, Х.Бойчава. На расейскую мову пераклаў зборнік «Габровские улыбки» (1968) і «Улыбки друзей» (1981). Пераклаў таксама п'есы А.Арбузава «Мой бедны Марат» (1965), І.Малеева «Надзежда Путніна» (1988) і С.Злотнікава «Вар'яцкае жыццё» (1989), пастаўленыя ў тэатры імя Я.Купалы. Напісаў у сааўтарстве з В.Раеўскім п'есу «Страсці эпохі» па матывах незавершаных раздзелаў рамана І.Мележа «Завеі, снежань» (пастаўлена ў 1989).

Аўтар сцэнарыяў дакументальных і тэлевізійных фільмаў «Помнікі не маўчаць» (1971), «Дом Макаравых» (1975), «Такая ў зямлі песня» (1978), «Паэзія Янкі Купалы» (1982), «Верыць сэрцам у Перамогу» (1985), «Паэзія Рыгора Барадуліна» (1988), «Лінія лесу» (пра С.Станюту, 1990), інсцэніровак для Беларускага тэлебачання па творах А.Куляшова, І.Мележа, А.Кулакоўскага, І.Пташнікава, Р.Барадуліна і інш.

Новік-Пяюн Сяргей (сапр. Новік Сяргей), нарадзіўся 27.08.1906 г. у вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Нясвіжскай расейскай гімназіі (1918-1924), скончыў беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). За культурна-асветніцкую работу неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. Адбыў пяцігадовую ссылку на Памор'і (1926-1931), у 1939 г. сядзеў у турме ў Баранавічах. У савецкі час працаваў інспектарам Слонімскага раённага аддзела народнай асветы (1939-1940), дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музея (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі прыгавораны фашысцкімі ўладамі да пакарання смерцю. Вызвалены партызанамі з Калдычаўскага лагера. Зноў працаваў дырэктарам Слонімскага музея (1944). 14.12.1944 г. арыштаваны, а ў сакавіку 1945 г. Ваенным трыбуналам войск НКУС Баранавіцкай вобласці асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў на Калыме. 05.11.1958 г. рэабілітаваны Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі. У 1959 г. вярнуўся на Беларусь. З 1960 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1984 г.

У 1925 г. пачаў выступаць у віленскіх прагрэсіўных беларускіх газетах і часопісах з вершамі. У Вільні асобнымі выданнямі выйшлі п'есы «Цудоўная ноч» (1927), «Елка Дзеда Мароза» (1927), «Прадка над крыжам» (1939), у зборніку «Сцэнічныя творы» (1927) - п'еса «Пакой у наймы». Афармляў часопіс для дзяцей «Заранка» (1927-1931). Аўтар зборніка паэзіі «Заўсёды з песняй» (паэма, вершы, песні, творы для дзяцей, 1984), кніжкі вершаў для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986). Напісаў некалькі песень на свае вершы («Зорачкі», «Над Шчарай» і інш.).

Новік Ганна, нарадзілася 25.03.1914 г. у горадзе Аўгустове былой Сувалкскай губерні (цяпер Польшча) у сям'і каваля.

Дзяцінства правяла ў вёсцы Варонічы каля Вілейкі. У 1932 г. скончыла сем класаў Куранецкай школы. Працавала наймічкай з 9 гадоў, а ў 1935 г. была ў лагеры для беспрацоўнай моладзі ў Рашыне пад Варшавай. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху неаднаразова арыштоўвалася. У 1936-1938 гг. зняволена ў вілейскую турму. Пасля прыходу Чырвонай Арміі (1939) абрана дэпутатам Народнага Сходу Заходняй Беларусі, працавала інспектарам Куранецкага рана. У час Вялікай Айчыннай вайны - партызанская сувязная. У 1948-1954 гг. працавала старшынёй калгаса імя Ў.І.Леніна в. Варонічы Вілейскага раёна, і старшынёй Кузьміцкага сельсавета Вілейскага раёна, памочнікам начальніка палітаддзела Будслаўскай машынна-трактарнай станцыі на Маладэчаншчыне. Жыве ў Вілейцы. Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Першыя вершы надрукавала ў 1937 г. Аўтар зборніка вершаў «Мае вёсны» (1961), аповесці «Другая сустрэча» (фрагменты апублікаваны ў часопісе «Полымя», 1979). У перыядычным друку апублікаваны апавяданні, нарысы, вершы.

Новікаў Іван, нарадзіўся 26.01.1918 г. у вёсцы Нязнань Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Магілеўскі газетны тэхнікум (1935), вучыўся ў Аршанскім настаўніцкім інстытуце (1938) і ў Ленінградскім інстытуце журналістыкі (1939-1941). Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Працаваў у клімавіцкай раённай газеце «Камуна» (1935-1938). У Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у абароне Сталінграда, у вызваленні Ўкраіны, Малдавіі, Балгарыі, Югаславіі, Аўстрыі, у 1944 г. паранены ў баях за вугорскі горад Секешфехервар. Ганаровы грамадзянін балгарскага г. Слівена. З 1946 г. - літсупрацоўнік, з 1951 г. - загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия», з 1957 г. - карэспандэнт, у 1965-1986 гг. - загадчык карэспандэнцкага пункта газеты «Правда» па Беларускай ССР. Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1967).

Піша на расейскай і беларускай мовах. Літаратурную дзейнасць пачаў з нарысаў. Выйшлі нарысы «Герой Сацыялістычнай Працы Тамара Шкурко» (з В.Пыжковым, 1948), «Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» (1958), «Палескае золата» (1959), «Побач сябры» (1960), «Бессмертие Минска» (1977), «Минск - город-герой» (1986). Аўтар зборніка фельетонаў «Уласны іншаземец» (1960), нарыса «Вера Харужая» (Масква, 1962), дакументальных аповесцей «Руіны страляюць ва ўпор» (1962), «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску» (1964), «Да світання блізка» (1975), якія склалі трылогію «Минский фронт» (1977), аповесці «Тварам да небяспекі» (1968), рамана «Ачышчэнне» (1987), кнігі аповесцей і апавяданняў «Параненая памяць» (1990). Напісаў з І.Чыгрынавым сцэнарый шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць...» (пастаўлены ў 1973).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1965) за аповесць «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску», Дзяржаўнай прэміі БССР імя П.М.Лепяшынскага (1968) за кнігу «Тварам да небяспекі», Дзяржаўнай прэміі БССР за сцэнарый тэлефільма «Руіны страляюць...», Літаратурнай прэміі імя. А.А.Фадзеева (1980) за трылогію «Минский фронт».

Нядзведскі Ўладзіслаў, нарадзіўся 24.07.1929 г. у вёсцы Рахавічы Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Бацькі загінулі ў 1943 г. У першыя пасляваенныя гады выхоўваўся ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме, у 1948-1950 гг. працаваў там старшым піянерважатым. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Гайнаўскай сярэдняй школе на Лагойшчыне (1955-1958), працаваў на Беларускім тэлебачанні (1958-1960), у часопісе «Маладосць» (1960-1968), з 1972 г. - у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1958 г.

Памёр 17.10.1973 г.

Першы верш надрукаваў у 1949 г., у рэспубліканскім друку - у 1952 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вясновыя барозны» (1958), «Запрашэнне» (вершы і паэма, 1960), «У лясной старане» (1962), «Размова з адсутнымі» (1969), аповесці «Хлопцы з другога корпуса» (1964), «Капронавыя галёшы» (гумарыстычныя апавяданні, 1964). «Начная пагоня» (апавяданні, гумарэскі, аповесць, 1966). Для дзяцей выдаў кніжку «Сто братоў і сясцёр» (вершы і паэма, 1960) і паэму «Сыны Кастрычніка» (1969). У 1976 г. выйшла «Выбранае», у 1988 г. - кніга паэзіі «Такія і думы і словы».

Някляеў Уладзімір, нарадзіўся 11.07.1946 г. у горадзе Смаргонь Гарадзенскай вобласці ў сям'і служачага.

У 1962-1966 гг. вучыўся ў Менскім тэхнікуме сувязі. Працаваў радыёмеханікам тэлевізійнага атэлье. Займаўся на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Завочна скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1973). У 1972-1975 гг. - літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Знамя юности», у 1975-1978 гг. - рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск». З 1978 г. - старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1987 г. - галоўны рэдактар часопіса «Крыніца» («Родник»). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1978 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

Першыя вершы надрукаваў у 1970 г. Выдаў кніжкі паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979), «Знак аховы» (1983), «Наскрозь» (вершы і паэмы, 1985), «Галубіная пошта» (1987).

У перыядычным друку выступае з празаічнымі творамі (аповесць «Вежа», часопіс «Полымя», 1988, аднайменная п'еса, з А.Дударавым, пастаўлена ў 1990), літаратурнымі эсэ, крытычнымі артыкуламі.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1979) за кнігу «Вынаходцы вятроў» і паэму «Дарога дарог».

Няфёд Уладзімір, нарадзіўся 27.01.1916 г. у горадзе Шахты Растоўскай вобласці (Расея) у сям'і рабочага.

Працоўны шлях пачаў у 1931 г. слесарам на шахце, з 1933 г. - у гарадской радыёгазеце. Вучыўся на рабфаку (1933-1934). Скончыў тэатразнаўчае аддзяленне Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры (1940). У 1940-1941 гг. - намеснік, у 1942-1947 гг. - начальнік аддзела тэатраў Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР, у 1941-1942 гг. - выкладчык літаратуры і дырэктар Уцёўскай сярэдняй школы Куйбышаўскай вобласці. Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1951), быў навуковым супрацоўнікам (1951-1954), загадчыкам сектара гісторыі мастацтваў (1954-1957) гэтага інстытута. У 1957-1970 гг. - загадчык сектара тэатра і кіно, у 1970-1977 гг. - збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, з 1977 г. - сектара тэатра, з 1988 г. - галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэатра Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1947 г. працуе па сумяшчальніцтве ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар мастацтвазнаўства, прафесар. Сябра СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1975). Літаратурную дзейнасць пачаў у 1940 г. як тэатральны крытык. Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар прац па гісторыі беларускага тэатра «Шлях беларускага савецкага драматычнага тэатра» (1954), «Народны артыст БССР. У.І.Уладамірскі» (1954), «Народны артыст СССР Павел Сцяпанавіч Малчанаў» (1958), «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» (1959), «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр» (1961), «Становление белорусского советского театра 1917-1941» (1965). У 1970 г. выдаў кнігі «Размышления о драматическом конфликте» і «Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы», у 1976 г. - «Беларуси тэатр імя Якуба Коласа», у 1982 г. - вучэбны дапаможнік «Гісторыя беларускага тэатра». Напісаў раздзелы «Белорусский театр» для «Истории советского драматического театра» (Масква, 1966-1971), раздзелы «Гісторыя беларускага тэатра» ў 3 тамах (1983-1986).

У 1990 г. апублікаваў кнігу «Николай Ковязин: Жизнь и творчество».

З 1942 г. пачаў пісаць п'есы, пераважна аднаактовыя. Асобнымі выданнямі выйшлі «Кто первый» (Масква, 1950), «На парозе жыцця» (1951), «Ля разбітага карыта» (1957), «Ошибка Веры Игнатьевны» (1964), «Одноактные пьесы» (1955), «Маленькие комедии и драмы» (1967).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1966) за кнігі «Тэатр у вогненныя гады», «Сучасны беларускі тэатр» і «Становление белорусского советского театра».

Няхай Рыгор, нарадзіўся 05.12.1914 г. у вёсцы Сяліба Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1935 г. скончыў Менскі педагагічны тэхнікум, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Калодзішчанскай сярэдняй школе пад Менскам. Завочна скончыў літаратурны факультэт Менскага настаўніцкага інстытута (1939). У 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым, 1-м Украінскім франтах. У 1942-1943 гг. выконваў заданні Галоўнага разведупраўлення Савецкай Арміі ў тыле ворага (Кіеў - Чаркасы - Чарнігаў). Быў начальнікам асобага аддзела партызанскага злучэння Ю.Збанацкага. Прайшоў ваеннымі дарогамі Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Вугоршчыны. Закончыў вайну на Эльбе. З 1946 г. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». У 1952-1954 гг. - загадчык аддзела крытыкі і публіцыстыкі часопіса «Полымя», у 1956-1957 гг. - рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Сябра СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 25.07.1991 г.

Друкавацца пачаў у 1935 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў вершаў «Па сонечных узгорках» (1939), «Мае пакаленне» (1950), «Вялікі мой і ціхі акіян» (1954), «Размова з восенню» (1961), «Асеннія пракосы» (выбранае, 1973), «Слова сябрам» (1982), зборніка апавяданняў і аповесцей «Навальнічнае рэха» (1958), «Героі не адступаюць» (1965), «Сарочы лес» (1966), «Алёшка-атаман» (1967), «Туман над стэпам» (1971), «Шлях на Эльбу» (1976), нарыса «Минская область» (1968, 2-е дапоўненае і перапрацаванае выданне ў 1974). Для дзяцей напісаў кніжкі «Пра храбрага хлопчыка» (вершы, 1962), «Як расцвітае кветка» (апавяданні, 1968), «Я з табою, гвардыя» (аповесць, 1983). У 1984 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

На беларускую мову пераклаў «Дзень айца Сойкі» С.Тудора (1952), «Над Чарамошам» М.Стэльмаха (1955), «Памфлеты» Ю.Мельнічука (1961), асобныя творы А.Твардоўскага, М.Рыльскага, П.Тычыны, А.Малышкі, Ю.Збанацкага і іншых расейскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.

Зрабіў літаратурны запіс кніг «Партызанскі край» В.Лівенцава (1950), «Браты па зброі» І.Вятрова (1962), «Палескія былі» І.Шубітыдзе (1969).

Загрузка...