Р


Рабкевіч Валянцін, нарадзіўся 15.02.1937 г. у вёсцы Аксаміты Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1960). Працаваў настаўнікам Іказненскай сярэдняй школы (1959-1960), завучам Барадзініцкай сярэдняй школы (1960-1963) Браслаўскага раёна, завучам Ракаўскай сярэдняй школы (1963-1965) Валожынскага раёна. Вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце (1965-1968). У 1968-1974 гг. - старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». З 1974 г. - рэдактар, з 1975 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.

Першы верш апублікаваў у 1957 г. (часопіс «Работніца і сялянка»). Аўтар зборніка вершаў для дзяцей «Ад зімы да зімы» (1982), кніжкі прыказак і прымавак «Паслухай, што людзі кажуць» (1985). Выступае з артыкуламі па культуры беларускай мовы.

Пераклаў на беларускую мову «Апавяданні пра Леніна» М.Зошчанкі (1982), «Апавяданні» М.Чарамшыны (1982), раманы «Мары не паміраюць» Л.Метсара (1983), «Жанчына ў пяску» і «Чужы твар» Коба Абэ (1986), «Мама выходзіць замуж» М.Марцінсан (1988), «Птушкі на цернях» К.Маккалаў (з І.Дорскім, 1988), паэму «Тарас Бульба» М.Гогаля (1990), асобныя творы Г.Ахматавай, С.Ясеніна, М.Рыльскага, Д.Салодкага, З.Селялёніса і інш.

Рагойша Вячаслаў, нарадзіўся 05.06.1942 г. у вёсцы Ракаў Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1963 г. скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і быў пакінуты ў аспірантуры на кафедры беларускай літаратуры. У 1965 г. служыў у Савецкай Арміі. Пасля заканчэння аспірантуры (1967) выкладаў беларускую літаратуру ў БДУ. З 1988 г. - дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі культуры Інстытута паліталогіі і сацыяльнага кіравання. Сябра СП СССР з 1969 г. Кандыдат філалагічных навук.

Узнагароджаны медалём.

Першыя вершы і допісы апублікаваў у радашковіцкай раённай газеце «Сцяг Ільіча» ў 1957 г. З 1961 г. выступае ў рэспубліканскім друку з літаратуразнаўчымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар манаграфій, кніг артыкулаў і эсэ «Паэтыка Максіма Танка» (1968), «Пераклаў Якуб Колас...» (1972), «Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (з Т.Кабржыцкай, 1976), «І нясе яна дар...: Беларуская паэзія на рускай і ўкраінскай мовах» (1977), «Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка» (1979), «Паэтычны слоўнік» (1979, 2-е выданне 1987), «Проблема перевода с близкородственных языков: Белорусско-русско-украинский поэтический взаимоперевод» (1980), «Напісана рукой Купалы: Архіўныя знаходкі» (1981), «Кантакты» (1982), «Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна» (з Т.Кабржыцкай, 1990).

Складальнік бібліяграфічнага даведніка «Праца кафедры беларускай літаратуры БДУ» (1968), вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Хрэстаматыя беларускай літаратуры XX стагоддзя» (з С.Александровічам, А.Лойкам, 1971, 2-е выданне 1988, з А.Лойкам), кнігі Я.Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету (з Я.Раманоўскай, 1983), зборнікаў твораў С.Палуяна «Лісты ў будучыню» (з Т.Кабржыцкай, 1986), Старога Ўласа «Год беларуса» (1990) і інш.

Пераклаў на беларускую мову аповесць М.Кацюбінскага «Цені забытых продкаў» (1980), раманы А.Ганчара «Твая зара» (1985), У.Яварыўскага «Марыя з палыном у канцы стагоддзя» (1990), творы Б.Алейніка, І.Драча, В.Сіменкі і інш.

Рагуля Аляксей, нарадзіўся 25.03.1953 г. у вёсцы Сенна Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Любчанскай сярэдняй школы Наваградскага раёна (1951) год загадваў хатай-чытальняй у роднай вёсцы. У 1957 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1957 па 1962 гг. выкладаў расейскую мову ў Халхоліцкай і Зачысцкай школах Барысаўскага раёна, з 1962 па 1970 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Рэспубліканскай школе спартыўнага профілю ў Менску. З 1979 г. - асістэнт, выкладчык, з 1976 г. - дацэнт Менскага педагагічнага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1990 г.

Першы крытычны артыкул апублікаваў у 1970 г. Аўтар кнігі крытыкі «Імгненні...» (1990). Стварыў дапаможнік «Беларуская літаратура ў 4 класе» (1980), адзін са складальнікаў падручніка-хрэстаматыі для 8 класа «Родная літаратура» (з Л.Тамашовай, 1989), адзін з аўтараў «Методыкі выкладання беларускай літаратуры» для вышэйшых навучальных устаноў (1986). Напісаў раздзелы пра творчасць К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава для падручніка «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1981-1983) для педагагічных інстытутаў. Прымаў удзел у выданні Збору твораў К.Чорнага ў 6 тамах (1988-1991).

Рагуцкі Ўладзімір, нарадзіўся 09.12.1917 г. у вёсцы Цёплае Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў настаўніцкай сям'і.

Вучыўся ў школе ў вёсцы Старое Пашкава Магілеўскага раёна. Скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1939). Працаваў у абласной газеце «Камунар Магілёўшчыны». У час Вялікай Айчыннай вайны - на фронце.

Загінуў у 1941 г.

Першы верш надрукаваў у 1934 г. (газета «Піянер Беларусі»). У 1940 г. Дзяржаўнае выдавецтва БССР прыняло да друку першы зборнік яго вершаў, але рукапіс згарэў у час вайны. Асобныя творы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967), «Покліч долі адзінай» (1979).

Радкевіч Яўген, нарадзіўся 03.10.1937 г. у горадзе Сянно Віцебскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

У 1955 г. паехаў у Казахстан. Скончыў Усць-Каменагорскую навучальню сельскай гаспадаркі (1956). Працаваў трактарыстам, камбайнерам у саўгасах імя Жданава і «Пагранічнік» Паўладарскай вобласці. У 1958 г. - піянерважаты дзіцячага дома № 2 у п. Парэчча Гарадзенскай вобласці. З 1958 г. вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1963). З 1960 г. адначасова працаваў рэдактарам, загадчыкам моладзевай рэдакцыі Беларускага радыё. З 1971 г. - аспірант, з 1974 г. - выкладчык, з 1978 г. - загадчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання БДУ. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1975 г.

Друкуецца з 1966 г. Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Плытагоны» (1972), «Месяц Межань. Зіма на выратавальнай» (1976), «Горны мёд» (1982), аповесцей «Антаніна» (1979), «Пешшу праз Галактыку» (1984), раманаў «Сутокі дзён» (1984), «Закон прыцягнення» (1990). Напісаў кнігу публіцыстыкі «Камсамольская дынастыя» (1968), даследаванне «Маладзёжная радыёпраграма: станаўленне, функцыі, форма» (1979), манаграфію «Беларускае радыё: гісторыя, перспектывы развіцця» (1983).

Разанаў Алесь, нарадзіўся 05.12.1947 г. у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1966 г. скончыў Сялецкую сярэднюю школу Бярозаўскага раёна і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1969 г. перавёўся ў Берасцейскі педагагічны інстытут (скончыў у 1970). Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна, служыў у Савецкай Арміі. З 1972 г. у Менску - літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», бюлетэня «Родная прырода». У 1974-1986 гг. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1989 г. - віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1972 г.

З вершамі ў друку выступіў у 1961 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях - 360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988). Перакладае з летувіскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, ангельскай моў. Пераклаў кнігу К.Саі для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1982), п'есу Ў.Шэкспіра «Сон у Іванаву ноч» (у зборніку «Тры камедыі», 1989), раман Ё.Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989). Склаў кнігу паэзіі Я.Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1990) за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы».

Ракаў Віктар, нарадзіўся 22.01.1935 г. у вёсцы Целяшы Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і калгаснікаў.

Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1958) і Менскую вышэйшую партыйную школу (1971). Настаўнічаў у Целяшоўскай, Рэчкаўскай сярэдніх школах на Магілеўшчыне (1958-1965). Быў карэспандэнтам-арганізатарам Магілеўскага раённага радыёвяшчання (1965), загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт» (1965-1969), літсупрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда» (1971-1975). З 1975 г. - рэдактар аддзела публіцыстыкі, з 1982 г. - адказны сакратар часопіса «Полымя».

У друку выступае з 1956 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вернасць» (1968), «Акно ў зялёны сад» (1972), «Пазыўныя» (1975), «Песня і памяць» (1979), «І сноп, і птах, і я...» (1983).

Ракіта Сяргей (сапр. Законнікаў Сяргей), нарадзіўся 15.10.1909 г. у вёсцы Ліцвінава Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Наватухіньскую школу другой ступені (1925). Будучы вучнем, пісаў допісы ў аршанскую акруговую газету «Камуністычны шлях». У 1929 г. накіраваны на работу ў рэдакцыю гомельскай абласной газеты «Палеская праўда». З 1930 г. з'яўляўся кіраўніком Гомельскай філіі БелАПП. Служыў у Чырвонай Арміі (1932-1933). Працаваў у Менску ў рэдакцыях газет, на Беларускім радыё, у Дзяржаўным выдавецтве БССР, адначасова вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С.М.Кірава.

19.10.1936 г. рэпрэсіраваны. Прыгавораны да 10 гадоў зняволення ў лагерах. Працаваў на лесапавале ў Горкаўскай вобласці. Рэабілітаваны пасмяротна.

Памёр у лагеры 23.03.1942 г.

Першы верш апублікаваў у 1928 г. (часопіс «Аршанскі маладняк»). У 1930 г. у калектыўным зборніку «Разгон» (Гомель) змешчана нізка яго вершаў. Выдаў зборнік паэзіі «Я агітую за пяцігодку» (1934).

Ракітны Мікола (сапр. Новікаў Мікалай), нарадзіўся 15.04.1920 г. у вёсцы Петрыцкае Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Віцебскай мастацкай навучальні (1936-1939). У 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Центральным і Паўднёва-Заходнім франтах. Пасля дэмабілізацыі (1946) працаваў мастаком і літработнікам газеты «Звязда». З 1949 г. - рэдактар аддзела нарыса, у 1967-1980 гг. - аддзела літаратуры і мастацтва часопіса «Беларусь».

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Першае апавяданне надрукаваў у 1944 г. на расейскай мове ў вайсковым друку, з 1947 г. піша на беларускай мове. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Ранняй вясною» (1952), «Вячэрнія зоры» (1956), «Селькоры» (1958), «Пад адным дахам» (апавяданні і нарысы, 1961), «Была вясна...» (1964), «Сярод людзей сваіх» (1967), «Вясковыя навелы» (1969), «Выбранае» (1972), «Засмужаная далеч» (1979), «У буйным свеце лотаці» (1989). У 1980 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Ралько Іван, нарадзіўся 21.11.1929 г. у вёсцы Макраны Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1951 г. скончыў Нясвіжскую педагагічную навучальню. З 1951 і да пачатку 1957 г. працаваў дырэктарам і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Багушоўскай сямігадовай школы, затым выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Навамышскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна. У 1958 г. скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1961 г. - аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1970 г.

Памёр 27.12.1979 г.

У перыядычным друку ў 1951 г. дэбютаваў вершамі (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборніка паэзіі «Святло зары вячэрняй» (1983). Як крытык і літаратуразнавец выступіў у 1958 г. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі беларускага вершаскладання. Асобнымі выданнямі выйшлі працы «Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі» (1969), «Вершаскладанне: Даследаванне і матэрыялы» (1977), «Верш і мова: Праблема тэорыі і гісторыі беларускага верша» (1986).

Перакладаў з украінскай і польскай моў.

Рамановіч Яўген, нарадзіўся 21.01.1905 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.

У пятнаццацігадовым узросце пачаў выступаць у «Беларускай хатцы» як акцёр, быў там загадчыкам клуба. З 1922 г. працаваў у БДТ-1 (з 1944 г. - Беларускі тэатр імя Янкі Купалы) акцёрам, рэжысёрам, загадчыкам літаратурнай часткі. Адначасова вучыўся на факультэце грамадскіх навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1922-1924). У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Томску (1941-1944). У 1947-1949 гг. - консультант ва Ўпраўленні прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, у 1949-1963 гг. - намеснік начальніка Ўпраўлення па справах мастацтваў і галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай камісіі Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны артыст Беларускай ССР (1944).

Памёр 25.02.1979 г.

Дэбютаваў у 1923 г. вершамі і фельетонамі (выступаў пад псеўданімам «Брацішка»). Выдаў нарыс «Першы тэатр» (1946), манаграфію «Народны артыст СССР Б.В.Платонаў» (1954), зборнік прозы «Галіна Званцова» (1958), кнігі ўспамінаў «Рэкі цякуць з ручаёў» (1969), «Знаёмыя сілуэты» (1974) і кнігу пра тэатр «Людзі і маскі» (1977).

Апублікаваў п'есу «Мост» (1930, пастаўлена ў 1929), аднаактоўку «Горад у полымі» (1931), інсцэніроўку «Капітанская дачка» (1937, паводле аднайменнай аповесці А.С.Пушкіна, пастаўлена ў 1937). Пастаўлены п'есы «Усё добра будзе» («Кантракт, альбо Ўсё добра будзе», 1924), «Вір» (1926), «Крывая аблона» («Чаму замоўк гармонік над Дзвіной», 1929), «Камяні на дарозе» (1931), «Герой» (1933), «Шляхі-дарогі» (1933), «Першая вясна» (1935), «Палешукі» (1944), «Таварыш Андрэй» («Дзве сяброўкі», 1944), інсцэніроўка «Салаўі пяюць на волі» (1955, паводле аповесці «Салавей» З.Бядулі).

Напісаў лібрэта опер «У пушчах Палесся» (пастаўлена ў 1939), «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», з П.Броўкам, пастаўлена ў 1944; 1953), балетаў «Падстаўная нявеста» (пастаўлена ў 1958), «Мара» (пастаўлена ў 1961).

Пераклаў асобныя п'есы А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Горкага, К.Транёва, А.Корнейчука і інш.

Раманоўская Галена, нарадзілася 26.12.1908 г. у горадзе Менску ў сям'і чыгуначніка.

Скончыла ў Менску польскі педагагічны тэхнікум (1929) і Беларускі вышэйшы педагагічны інстытут (1934). Да Вялікай Айчыннай вайны працавала ў школах Дзяржынскага раёна і Менска, у газеце «Орка» («Ворыва», Менск), на Беларускім радыё. У 1944-1963 гг. настаўнічала ў Менску. Была сябрам секцыі польскіх пісьменнікаў СП БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памерла 17.05.1980 г.

Друкавала вершы, апавяданні ў менскіх альманахах «Ідземы» («Ідзём», 1929), «Пазьдзернік» («Кастрычнік», 1934) і іншых выданнях. Пісала на польскай мове. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці «З вясною ў спаборніцтве» (1933), «Пахне зямля» (1934), інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934).

На польскую мову пераклала аповесць П.Галавача «Спалох на загонах» (1933), асобныя творы беларускіх пісьменнікаў.

Рашкоўскі Леанід, нарадзіўся 09.01.1937 г. у горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і служачага.

У 1955 г. скончыў барысаўскую сярэднюю школу № 2, працаваў рознарабочым на будоўлі. У 1956 г. паступіў вучыцца ў Віцебскі ветэрынарны інстытут на заатэхнічны факультэт. Аднак з-за цяжкай хваробы быў вымушаны спыніць вучобу на другім курсе. У 1962 г. скончыў фельчарскае аддзяленне Барысаўскай медыцынскай навучальні. У 1963 г. арганізаваў і ўзначаліў літаб'яднанне пры барысаўскай аб'яднанай газеце «Камуністычная праца». Завочна скончыў чатыры курсы факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1972). Жыве ў Барысаве. Сябра СП СССР з 1970 г.

Першы верш надрукаваў у 1955 г. (барысаўская газета «Бальшавіцкая трыбуна»). Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў вершаў «Пускай не умирают звезды» (1968), «Ливень» (1975), «Преодоление» (1979), «Откровение» (1987). Выдаў кніжкі паэзіі для дзяцей «Как пингвину шили фрак» (1970), «Почемучка» (1973), «Трубач» (1976) і «На веселой карусели» (1984).

Родзевіч Леапольд, нарадзіўся 12.06.1895 г. у фальварку Кур'янаўшчына Вілейскага раёна Менскай вобласці ў сям'і збяднелага шляхціца.

Скончыў Вілейскую гарадскую навучальню (1909). У 1914 г. пераехаў у Вільню. Працаваў на цукеркавай фабрыцы «Вікторыя». Прымаў удзел у культурна-асветніцкім, рэвалюцыйным руху. З 1921 г. сябра Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА), сябра ЦК БРА. Адзін з рэдактараў газеты «Вольны сцяг». У 1922 г. сядзеў у турме. Адзін з ініцыятараў уступлення БРА ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі (КПЗБ). Рэдагаваў газеты «Беларускі звон» і «Наша будучыня» (1922-1923). Быў абраны сакратаром Гарадзенскага падпольнага акруговага камітэта КПЗБ і ўведзены ў склад ЦК КПЗБ (1924). З 1925 г. - у прадстаўніцтве ЦК КПЗБ пры Камінтэрне. Вучыўся ў Камуністычным універсітэце народаў Захаду ў Маскве (1923-1924). У 1925-1934 гг. - рэдактар газеты «Чырвоны сцяг» і часопіса «Бальшавік» (органы ЦК КПЗБ). Працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР. Быў рэпрэсіраваны.

Бясследна згінуў пасля 1938 г.

Друкаваць вершы і допісы пачаў у 1912 г. (газета «Наша ніва»). Аўтар п'ес «Пакрыўджаныя» (апублікавана ў 1921), «Блуднікі» (апублікавана ў 1960), вадэвіляў «Збянтэжаны Саўка», «Пасланец» (апублікаваны ў 1921, пастаўлены ў 1922), «Багаты і бедны» (апублікавана ў 1923), асобных драматычных жартаў і абразкоў («Досвіткі», «Кавалі» і інш.), якія ставіліся самадзейнымі калектывамі Заходняй Беларусі. Выйшлі «Сцэнічныя творы» (уключаны п'есы «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт», «Пасланец» (Вільня, 1921, 1925, 1933), у 1922 г. - драматычныя сцэнкі «Досвіткі». У 1964 г. асобным выданнем выйшаў жарт «Збянтэжаны Саўка».

Апублікаваў зборнікі вершаў «Беларусь» (Вільня, 1922), «На паняволеных гонях» (Кракаў, на самай справе падпольнае выданне, 1928). Шэраг паэтычных твораў змешчаны ў зборніку «Сцягі і паходні» (1965).

Выдаў кнігі апавяданняў «Рэвалюцыйным шляхам» (1928) і «Вогнішча барацьбы» (1930). У перыядычным друку актыўна выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі.

Розна Алесь (таксама Розна Абрам), нарадзіўся ў 1913 г. у горадзе Менску ў рабочай сям'і.

Пасля вучобы ў сярэдняй школе працаваў наборшчыкам у друкарні. Заняткі ў Менскім педагагічным інстытуце (скончыў у 1935) сумяшчаў з працай у рэдакцыі «Чырвонай змены».

У 1936 г. арыштаваны. Рэабілітаваны ў 1955 г.

Памёр у 1942 г. ва Унжлагу (станцыя Сухабязводная Горкаўскай чыгункі).

У друку з вершамі выступіў у 1927 г. (часопіс «Беларускі піянер»). Друкаваўся ў газетах «Савецкая Беларусь», «Звязда», «Чырвоны сейбіт», «Чырвоная змена», часопісах «Полымя» і «Чырвоная Беларусь». Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г.Гейнэ, А.Міцкевіча, разам з С.Грахоўскім пераклаў некалькі вершаў А.Пушкіна (1935).

Рубанаў Уладзіслаў, нарадзіўся 15.12.1952 г. у вёсцы Аляксандраўка 1-я Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўніка.

Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). Працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром старадарожскай раённай газеты «Поступ Кастрычніка». З 1978 г. - рэдактар, а затым старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя», з 1986 г. - загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1982 г.

Першае апавяданне апублікаваў у 1972 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Вокны без фіранак» (1981), «Пахі адталай зямлі» (1984), «Цёплы пух адуванчыкаў» (1987), «Таямніца птушынага гнязда» (1989), «Светлы ручай любві» (1990). Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы расейскіх, кіргізскіх, чувашскіх пісьменнікаў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І.Мележа (1990) за кнігу «Таямніца птушынага гнязда».

Рублеўская Людміла (сапр. Шніп Людміла), нарадзілася 05.07.1965 г. у горадзе Менску ў сям'і служачых.

Скончыла аддзяленне архітэктуры Менскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Працавала ў канструктарскім бюро на вытворчым аб'яднанні «Гарызонт». Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1986-1987), затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Сябра СП СССР з 1990 г.

Першы верш надрукавала ў 1983 г. (газета «Знамя юности»). Аўтар зборніка вершаў «Крокі па старых лесвіцах» (1990), «Адукацыя» (1990).

Рудаў Веніямін, нарадзіўся 17.12.1914 г. у сяле Долінскае Ананьеўскага раёна Адэскай вобласці (Украіна) у сям'і служачых.

У 1931 г. скончыў сярэднюю школу і стаў працаваць настаўнікам. У 1936-1962 гг. служыў у пагранічных войсках. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў Вышэйшую вайсковую навучальную ўстанову (1946) і юрыдычны факультэт Азербайджанскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1953). Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1965-1970), літаратурным кансультантам газеты «Вячэрні Мінск» (1970-1977). Сябра СП СССР з 1972 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Літаратурнай працай займаецца з 1954 г. Піша на расейскай мове. Першую аповесць «Прыгоды на энскай заставе» (Львоў, 1957) напісаў на ўкраінскай мове. Аўтар аповесцей «Тусклое золото» (1964), «Мобилизован партией» (з П.Емяльянавым, 1971), «Вьюга» (1977), «Последний зов» (Масква, 1978), «Капкан» (1984) і раманаў «Чужие ветры» (1969), «Черная Ганьча» (1973), «Перекрестое» (1978), «Временно исполняющий» (Масква, 1988), «Переправа» (1988).

Рудзько Юры, нарадзіўся 27.06.1913 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1929) працаваў настаўнікам Старарусевіцкай пачатковай школы на Случчыне. Скончыў літаратурны факультэт Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута (1933). Загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена» (1933-1935), служыў у Чырвонай Арміі (1935-1937), быў супрацоўнікам, загадчыкам аддзела мастацтва газеты «Літаратура і мастацтва». У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у палітупраўленні Заходняга фронту, 50-й арміі, адказным сакратаром газеты 2-га Беларускага фронту, 50-й арміі, адказным сакратаром газеты 2-га Беларускага фронту. Сябра СП СССР з з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 04.02.1948 г.

У 1931 г. выступіў у рэспубліканскай прэсе з нарысамі, артыкуламі, апавяданнямі. Выйшлі зборнік нарысаў «Размова па шчырасці» (з Іл. Дуброўскім, 1935) і кніга «Слава дружбе» (апавяданні, аповесці, п'есы, 1950).

У сааўтарстве з У.Стэльмахам напісаў п'есу «Канец маскараду» (пастаўлена ў 1938).

Рудкоўскі Міхась, нарадзіўся 17.04.1936 г. у вёсцы Востраў Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Пінскую педагагічную навучальню (1955), настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы Ганцавіцкага раёна. У 1960-1962 гг. - літсупрацоўнік ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда». Скончыў завочна філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1961). У 1962-1981 гг. працаваў старшым рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграм Берасцейскай студыі тэлебачання. Сябра СП СССР з 1966 г.

Памёр 07.07.1991 г.

У рэспубліканскім друку выступаў з вершамі з 1959 г. Выйшлі зборнікі вершаў «Першыя вёрсты» (1963), «Сінія Брады» (1967), «Позвы» (1971), «У краі тым...» (1975), «Векавечная бацькаўшчына» (1976), «Трыгор'е» (1981), «Засцярога» (1984), «Залатазвон» (1986).

Вядомы і як перакладчык з украінскай, расейскай і польскай моў.

Рунец Пятро, нарадзіўся 04.05.1911 г. у вёсцы Азярычына Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння курсаў пры Барысаўскім педагагічным тэхнікуме (1930) настаўнічаў у вёсках Глінішчы і Сяліба Бярэзінскага раёна. У 1937 г. паступіў вучыцца, а ў 1940 г. скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М.Кірава ў Менску. Увосень 1940 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях у Летуве, на Волхаўскім, Сталінградскім франтах. Двойчы паранены. У траўні 1943 г. дэмабілізаваны. Працаваў у эвакашпіталі, а затым у рэдакцыі новакузнецкай газеты «Большевистская сталь». У 1945 г. вярнуўся на радзіму. У 1946-1953 гг. - загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», у 1953-1962 гг. - літсупрацоўнік часопіса «Бярозка», у 1963-1971 гг. - рэдактар-стыліст на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1955 г.

Узнагароджаны медалямі.

Першае апавяданне апублікаваў у 1932 г. (часопіс «Іскры Ільіча»). Піша пераважна для дзяцей. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Юныя змагары» (1940), «У веснавыя дні» (1954), «Бярозавы конь» (1956), «Гіпсавая маска» Ц958), «Канец казкі» (1960), «Заламаны ражок» (1961), «Вясёлыя здарэнні» (1962), «Алёшка-верхалаз» (1963), «Аб чым шэпчацца аер» (1966) - абедзве аповесці ў 1971 г. выдадзены асобнай кнігай «Алёшка і яго сябры», «Важнае задание» (1968), «Белы васілёк» (1971), «Добрая душа» (1977), «Незвычайны збор» (1981), «Незвычайны наведвальнік» (1985), «Апошняе шчасце» (гумарэскі, 1984). Апублікаваў аднаактоўку «Сіні пясок» (1959).

Склаў зборнік успамінаў дзяцей пра вайну «Ніколі не забудзем» (з Я.Маўрам, 1948). У 1979 г. выдаў брашуру пра Я.Маўра «Чалавек з крылатай фантазіяй».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы С.Міхалкова, Б.Емяльянава, Дж. Радары, Ж.Грывы, Л.Талвіра і інш.

Русак Адам, нарадзіўся 24.05.1904 г. у вёсцы Пясочнае Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум (1930), Ленінградскую кансерваторыю (1934). У 1932-1949 гг. - саліст аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (у час Вялікай Айчыннай вайны разам з тэатрам быў эвакуіраваны ў Арэнбург), у 1949-1959 гг. - саліст аркестра Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1964).

Памёр 21.03.1987 г.

У друку з вершамі пачаў выступаць у 1927 г. (часопіс «Чырвоны сейбіт»). Аўтар зборнікаў вершаў і песень «На родных палетках» (1946), «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Толькі з табою» (1960), «Звонкія крыніцы» (1965), «Выбранае» (1972), «Песні на словы А.Русака» (1975, 1980), «Закрасуйся, Неман» (1978), «Засцілайце сталы» (выбранае, 1984), «Дружбакі» (1987), а таксама кніжак вершаў для дзяцей «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981). Песні А.Русака «Бывайце здаровы», «Лясная песня» і іншыя сталі народнымі. Многія песні выходзілі асобнымі выданнямі.

Русецкі Аляксей (Бурдзялёў), нарадзіўся 04.12.1912 г. у сяле Студзянец Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Маскоўскі зааветэрынарны інстытут (1935), служыў у Чырвонай Арміі. З 1936 г. працаваў ва ўпраўленні саўгасаў у Мінусінску, у бактэрыялагічных лабараторыях Масквы і Менска. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на Калінінскім, Заходнім, 3-м Прыбалтыйскім франтах. Прымаў удзел у разгроме імперыялістычнай Японіі. У 1947 г. дэмабілізаваны. Працаваў літкансультантам СП БССР (1947-1952, 1960-1967), загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса «Беларусь» (1952-1960), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» (1967-1973), старшым рэдактарам рэдакцыі часопіса «Беларусь» (1973-1980).

Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Заслужаны работнік культуры БССР (1983).

З першымі вершамі выступіў у друку ў 1934 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «У заўтрашні свет» (1951), «Святло акон тваіх» (1959), «Усход і Захад» (выбранае, 1962), «Яго вялікасць» (паэма, 1965), «Служба святла» (1967), «Вершы і паэма» (1969), «Зямля гаворыць зорам» (паэмы і вершы, 1971), «Два колеры жыцця» (выбранае, 1973), «Позірк» (вершы і паэмы, 1977), «Паэмы» (1979), «Крокі сэрца» (1980), «Хвала жыццю» (1987). У 1982 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Куляшова (1981) за кнігу паэзіі «Крокі сэрца».

Руцкая Алена, нарадзілася 11.01.1950 г. у вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1961 г. з бацькамі пераехала ў Слонім. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). У 1971-1977 гг. працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Сценявіцкай васьмігадовай школе Слонімскага раёна, у Судзілаўскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна, у Сянькоўшчынскай сярэдняй школе Слонімскага раёна. С 1977 г. працуе ў сярэдняй школе № 2 у Слоніме. Сябра СП СССР з 1985 г.

З першым вершам выступіла ў 1966 г. (газета «Голас Радзімы»). Аўтар зборніка паэзіі «Роздум» (1988).

Перакладае з украінскай мовы.

Рыбак Алесь, нарадзіўся 07.11.1934 г. у вёсцы Макаўчыцы Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Рана застаўся без бацькоў - загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1958 г. скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях радашковіцкай, дзяржынскай і бягомльскай раённых газет (1958-1959), часопісе «Вожык», газеце «Калгасная праўда» (1959-1962), на Беларускім радыё (1962-1963), у часопісе «Бярозка» (1963-1964). З 1966 да 1972 г. жыў у Маскве - працаваў старшым карэктарам у Аддзеле апублівання Актаў Вярхоўнага Савета СССР, рэферэнтам у сакратарыяце Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Па сумяшчальніцтве выкладаў беларускую мову ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. З 1972 г. - намеснік адказнага сакратара праўлення СП БССР, з 1978 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП БССР з 1973 г.

Узнагароджаны медалём.

Дэбютаваў вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1953 г. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Дарогі бываюць розныя» (апавяданні і гумарэскі, 1972), «Што пасееш...» (1982), «Апошняя камандзіроўка» (1985), рамана «Трэба было жыць» (1990). Выдаў кніжку апавяданняў для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).

Рылько Алесь (сапр. Рылько Аляксей), нарадзіўся 27.03.1923 г. у вёсцы Рыдамля Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыўшы 9 класаў Рыдамлянскай сярэдняй школы, а затым педагагічныя курсы ў Воршы (1939), настаўнічаў у Лявонаўскай пачатковай школе на Аршаншчыне. Першы год Вялікай Айчыннай вайны працаваў на сельскай гаспадарцы, са жніўня 1942 г. - партызан атрада «Перамога» брыгады К.Заслонава, з верасня 1943 г. - мінёр у спецгрупе «Непераможныя». Быў паранены. У 1944-1946 гг. працаваў адказным сакратаром баранавіцкага абласнога спартыўнага таварыства «Дынама», настаўнічаў на Пастаўшчыне. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1951), працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам СП БССР. Сябра СП СССР з 1952 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 16.04.1967 г.

Друкавацца пачаў у 1946 г. Выйшлі кнігі апавяданняў «Мае сустрэчы» (1952), «Цвіце чаромха» (апавяданні, п'есы, 1957), «Стуканок у аблавушцы» (гумарыстычныя апавяданні, 1959), «Ты прыгожая, Арынка» (апавяданні, нарысы, 1960), «Напрадвесні» (выбранае, 1984), аповесць для дзяцей «Мядовыя краскі» (1959, 1983), аднаактовая п'еса «Гром з яснага неба» (1953), «Колькі вяровачку не віць...» (аднаактовая камедыя і сцэнкі, 1958). У 1969 г. выйшла «Выбранае».

Рэйзін Рува, нарадзіўся ў горадзе Лондане (Англія) у 1911 г. у сям'і рабочага, які выехаў туды на заработкі.

У дзяцінстве застаўся сіратой і выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Слуцку. Васемнаццацігадовым прыехаў у Менск, працаваў мулярам, а потым паступіў на рабфак. У 1937 г. скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. У 1940 г. быў прызваны ў армію.

Загінуў у 1942 г. на фронце.

Першыя вершы апублікаваў у 1929 г. Пісаў на мове ідыш. Выступаў у газетах «Юнгер арбайтэр» («Малады рабочы»), «Акцябэр» («Кастрычнік») і ў часопісе «Штэрн» («Зорка»). Выйшлі «Вершы і апавяданні» (1929), зборнікі вершаў «Нялёгкай працай» (1934), «Вершы» (1940) і паэма «Вялікая хартыя» (1935). Асобныя творы апублікаваны ў перакладзе на беларускую мову ў зборніку «Мы іх не забудзем» (1949).

Рэлес Рыгор, нарадзіўся 23.04.1913 г. у горадзе Чашнікі Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

Скончыў Віцебскі педагагічны тэхнікум (1933), вучыўся на жыдоўскім аддзяленні літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута. У 1937-1941 гг. працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў сярэдніх школах Слуцка і Наваградка. З чэрвеня 1941 г. - у Савецкай Арміі, з 1942 г. - адказны сакратар шматтыражнай газеты «Строитель» (Грамячынск). У 1945-1947 гг. літработнік у рэдакцыях берасцейскай абласной газеты «Заря», рэспубліканскай піянерскай газеты «Зорька», часопіса «Вожык», у 1947-1973 гг. выкладаў расейскую мову і літаратуру ў вячэрніх школах рабочай моладзі ў Менску. Сябра СП СССР з 1936 г.

Узнагароджаны медалём.

Упершыню выступіў у друку з вершам у 1931 г. (газета «Юнгер арбайтэр» - «Малады рабочы»). Піша на ідыш і расейскай мовах. Выдаў зборнікі вершаў на мове ідыш «Пачатак» (1939), «Вершы» (1941) і кнігу апавяданняў «Пад мірным небам» (Масква, 1983). У перакладзе на беларускую мову выйшла кніга вершаў «Бяроза пад акном» (1961), на расейскую - «Стихи» (Масква, 1974). Пастаянна друкуецца на старонках жыдоўскага часопіса «Саветыш Геймланд» («Савецкая Радзіма», Масква).

Выступае і ў галіне прозы. Першая аповесць «Пра тое, чаго не ведаюць вучні» надрукавана ў 1955 г. у перакладзе на беларускую мову (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Записки моего коллеги» (1960), «Друзья и знакомые» (1963), «За тесными партами» (1966), «В родном уголке» (1972), «Через трудный порог» (1976), «Под каждой крышей» (1979), «Не розами устлан твой путь» (1984). Выйшлі «Аднаактовыя п'есы (з Х.Мальцінскім, 1964).

Загрузка...