Фамін Сяргей, нарадзіўся 29.04.1906 г. у вёсцы Пепелеўка Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні (цяпер Манастыршчынскага раёна Смаленскай вобласці, Расея) у сям'і настаўніка.
Скончыў Магілеўскі педагагічны тэхнікум (1925). Два гады працаваў настаўнікам на Барысаўшчыне. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Выкладаў беларускую і расейскую літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Сябра літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», БелАПП і інш. 04.01.1934 г. быў арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Пасля апеляцыі Вярхоўным судом СССР расстрэл заменены пазбаўленнем волі на 10 гадоў. Адбываў зняволенне ў Комі АССР. 29 верасня - 2 кастрычніка 1941 г. адбыўся паўторны суд. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па першай справе рэабілітаваны Вярхоўным судом СССР ад 27.02.1958 г., па другой - Вярхоўным судом РСФСР ад 25.01.1957 г.
Расстраляны 04.12.1941 г.
З вершамі пачаў выступаць у 1924 г. (газета «Соха и молот»). У 1927 г. асобным выданнем апублікавана паэма «Балота». У 1929 г. была падрыхтавана і здадзена ў выдавецтва кніга вершаў «Дымнае лета», але не выйшла. Асобныя вершы змешчаны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Універсітэт паэтычны» (1971).
Фатнеў Юры, нарадзіўся 10.02.1938 г. у сяле Акімаўка Краснашчокаўскага раёна Алтайскага краю ў сям'і ваеннаслужачага.
Незадоўга да пачатку Айчыннай вайны з бацькамі пераехаў на Беларусь. Пад час акупацыі жыў у вёсцы Старыя Дзятлавічы на Гомельшчыне, у 1944 г. - у вайсковай часці ў раёне станцыі Сарны (Украіна). У пасляваенныя гады вучыўся ў Новасвержанскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна (да 1955). У 1956 г. паехаў у Казахстан, дзе працаваў бібліятэкарам. З 1965 г. жыў у Гомелі, Бранску, Ленінградзе. З 1990 г. жыве ў Гомелі. Сябра СП СССР з 1967 г.
У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1955 г. (стаўбцоўская раённая газета «Прамень»). Піша на расейскай мове. Першыя тры зборнікі вершаў апублікаваны ў Алма-Аце: «Любимое» (1962), «Общий вагон» (1964), «Глаза не умеют молчать» (1966). Затым выйшлі кнігі «Поет рожок у Сожа» (1967), «Лирика» (Масква, 1971), «День прозренья» (Масква, 1978), «Лунный час» (Тула, 1983), «Костер на пристани» (Масква, 1983).
Федарэнка Андрэй, нарадзіўся 17.01.1964 г. у вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1983 г. скончыў Мазырскі політэхнікум. Працаваў мулярам будаўнічага ўпраўлення № 63 у пасёлку Мікашэвічы Лунінецкага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1983-1984). Працаваў транспартным рабочым у Калінкавічах. Скончыў бібліятэчны факультэт Менскага інстытута культуры (1990). Працуе загадчыкам аддзела культуры і навукі часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1990 г.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1987 г. (часопіс «Маладосць»). У 1989 г. у «Бібліятэцы часопіса «Маладосць» выйшла кніжка прозы «Гісторыя хваробы».
Федасеенка Ўладзімір, нарадзіўся 22.04.1926 г. у пасёлку Бор Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Удзельнічаў у партызанскім руху на Гомельшчыне (1942-1943). Быў паранены. Скончыў Гомельскі рачны тэхнікум (1946), Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1950). Быў інструктарам Гомельскага абкама камсамола (1946-1948), ЦК ЛКСМБ (1950-1951). У 1951-1967 гг. працаваў на розных пасадах у газеце «Піянер Беларусі», часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі», «Настаўніцкай газеце», рэдактарам выдавецтва «Беларусь», у 1969-1979 гг. - старшым інспектарам Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта СМ БССР па друку, загадчыкам аддзела ў газеце «Літаратура і мастацтва», старшым рэдактарам у рэдакцыі часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1972 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Літаратурную працу пачаў у 1951 г. Аўтар раманаў «Дубовая Града» (1965), «Віхры на скрыжаваннях» (1970) і «Пасля смерчу» (1975).
Федзюковіч Мікола, нарадзіўся 22.05.1943 г. у вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы (1960) працаваў літсупрацоўнікам драгічынскай раённай газеты «Чырвоная зорка», фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраённай газеты «Ленінскі шлях» на Берасцейшчыне. У 1962-1965 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1970 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. З 1970 г. быў рэдактарам у выдавецтве «Народная асвета», з 1971 г. - літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена», у 1975-1976 гг. - рэдактарам у рэдакцыі часопіса «Служба быту Беларусі», у 1979-1983 гг. - зноў у «Чырвонай змене». Сябра СП СССР з 1972 г.
Першыя вершы апублікаваў у 1962 г. (міжраённая газета «Ленінскі шлях»). Аўтар зборнікаў вершаў «Зямля-магніт» (1968), «Мілавіца» (1971), «Птушыны грай» (1976), «Макаў цвет» (1979).
Філімонава Любоў, нарадзілася 12.10.1948 г. у горадзе Менску ў сям'і служачых.
У 1971 г. скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве. Да 1972 г. працавала на Омскім тэлебачанні, у 1972-1980 гг. - малодшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», у 1983-1984 гг. - рэдактарам літаратурна-драматычнай рэдакцыі на Беларускім тэлебачанні. Сябра СП СССР з 1982 г.
Друкавацца пачала ў 1967 г. у перыёдыцы, у тым самым годзе апублікавала ў часопісе «Неман» першую нізку вершаў. Аўтар зборнікаў паэзіі «Стазвоны» (1974), «Гучныя фарбы» (1978), «Імправізацыя» (вершы, паэма, 1988). Выйшаў зборнік апавяданняў «Пад шолах ветразяў» (1981).
Перакладае з ангельскай, польскай, французскай, вугорскай моў. З туркменскай пераклала кніжку вершаў К.Чаліева «Чароўнае шкельца» (1983). Укладальнік і адзін з перакладчыкаў анталогіі дзіцячай туркменскай літаратуры «Кветкі Каракумаў» (1990).
Філіповіч Марыя, нарадзілася 01.01.1947 г. у вёсцы Смётанка Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыла Магілеўскую медыцынскую навучальню (1968), завочна - Літаратурны інстытут у Маскве (1980). Працавала фельчарам у Аршанскім раёне (1968-1971), загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта ў Дубровінскім (1971-1979), Дзяржынскім (1979-1982) раёнах, выхавацелькай у інтэрнаце ў Менску (1982-1983), бібліятэкарам, медсястрой, у 1985-1986 гг. - карэспандэнтам газеты «Трыбуна наватара» ў Воршы. З 1989 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1987 г.
Першае апавяданне апублікавана ў 1978 г. (часопіс «Неман»). Аўтар кнігі апавяданняў «Мадонна з Выселкаў» (1984) і кнігі прозы для дзяцей «Пра Алеся і яго сяброў» (1988). Працуе таксама ў галіне публіцыстыкі.
Фінкель Уры, нарадзіўся 08.10.1896 г. у мястэчку Ракаў Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сям'і разніка.
Вучыўся ў політэхнічнай навучальні ў Харкаве (1915-1917), на філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (1918-1919). Удзельнічаў у грамадзянскай вайне як палітработнік. Працаваў інструктарам у Наркамасветы РСФСР. З 1921 г. - літработнік выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, з 1922 г. - у рэдакцыях газет у Менску. У 1926 г. здаў экстэрнам экзамены на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ, у 1931 г. скончыў аспірантуру пры АН БССР. У 1930-1938 гг. выкладаў у Менскім педінстытуце. У час вайны быў эвакуіраваны. У 1949-1953 гг. выкладаў у Ракаўскай дзесяцігодцы расейскую літаратуру. Апошнія гады пражыў у Менску.
Памёр 05.12.1957 г.
Друкавацца пачаў у 1918 г. Пісаў пераважна на мове ідыш. Аўтар біяграфічных кніжак пра класікаў жыдоўскай літаратуры «А.Гольфадэн» (з Н.Айслендарам, 1926), «Шолам-Алейхем» (1938, на беларускай мове ў 1939, 1958), «Мендэле Мойхер-Сфорым» (1939, на беларускай мове ў 1940). Тыраж кніжкі пра М.Гордана знішчаны ў 1941 г. пад час акупацыі.
Аўтар артыкулаў пра М.Дабралюбава, В.Бялінскага, Я.Купалу, Я.Коласа, З.Бядулю, гісторыка-этнаграфічных нарысаў пра П.Шэйна, М.Нікольскага і інш.