Маеўская Ніна, нарадзілася 04.12.1938 г. у горадзе Любань Менскай вобласці ў сям'і служачага.
Пасля заканчэння Любанскай сярэдняй школы (1956) працавала старшай піянерважатай у Сасноўскай сярэдняй школе Любанскага раёна (1956-1958). Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1963). Была літсупрацоўнікам менскай раённай газеты «Шлях камунізма» (1963-1965), адказным сакратаром шматтыражнай газеты «За технический прогресс» (Менскі падшыпнікавы завод, 1965-1967), загадчыкам аддзела, адказным сакратаром часопіса «Промышленность Белоруссии» (1968-1978). У 1980 г. скончыла Менскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ. Працавала ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1980-1981), старшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва» (1981-1985). З 1985 г. - рэдактар аддзела публіцыстыкі часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1983 г.
У друку выступае з 1955 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Ляці, верабейка» (1969), «Агата» (1970), «Надзеевіч» (1983), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989).
Мазго Ўладзімір, нарадзіўся 05.03.1959 г. у гарадскім пасёлку Зэльва Гарадзенскай вобласці ў сям'і рабочага.
У 1964-1968 гг. разам з бацькамі жыў у Сібіры. У 1976 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў завочна ў 1985 г.). Служыў у Савецкай Арміі (1979-1981), быў карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Інтэграл», выхавацелем у рабочым інтэрнаце, супрацоўнікам рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1984 г. - рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1984 г.
Друкавацца пачаў у 1972 г. Аўтар паэтычных кніг «Пад спеў крыніц» (1982), «Вершаліна» (1987). Выдаў кнігу вершаў для дзяцей «Калі спрачаюцца маланкі» (1989).
Працуе і ў галіне перакладу.
Майхровіч Сцяпан, нарадзіўся 21.06.1908 г. у вёсцы Старэва Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.
З дзіцячых год працаваў на гуце. У 1929-1930 гг. - інструктар Бабруйскага акруговага камітэта камсамола. Скончыў завочна Менскі педагагічны інстытут (1941). Працаваў рэдактарам раённай газеты (г. Камарын), загадчыкам сектара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, рэдактарам органаў ЦК КП Беларусі - газет «Орка» і «Штандар вольносці» (на польскай мове). У час Вялікай Айчыннай вайны - інструктар палітаддзела арміі, затым галоўны рэдактар Цэнтральна-беларускага радыёвяшчання ў Маскве. З 1943 г. па асабістай просьбе накіраваны ў тыл, да партызан, рэдагаваў газету «Белостокская правда». У 1944-1948 гг. - дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, потым - журналіст, у 1952-1954 гг. - галоўны рэдактар Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР. Скончыў аспірантуру пры Менскім педінстытуце (1957), у 1959-1970 гг. - навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім ордэнам Віртуці мілітары.
Памёр 02.07.1981 г.
Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў 1930 г. Аўтар манаграфічных прац і нарысаў па гісторыі савецкай і дакастрычніцкай беларускай літаратуры «Янка Лучына: Жыццё і творчасць» (1952), «В.І.Дунін-Марцінкевіч» (1955), «Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць» (1958), «Жизнь и творчество Ф.Богушевича» (1961), «Янка Брыль: Жыццё і творчасць» (1961), «Георгій Скарына» (1966), «Слова аб палку Ігаравым» (1968), «Прыказкі і прымаўкі: Гістарычны нарыс» (1976), «Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV-XVIII ст.» (1980).
Макаёнак Андрэй, нарадзіўся 12.11.1920 г. у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Журавіцкай сярэдняй школы (1938) працаваў масавіком у раённым Доме культуры. У 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Крымскім фронце. Пасля цяжкога ранення (1942) дэмабілізаваны. Працаваў у Акаурцкай сярэдняй школе Грузіі (1942-1943), сакратаром Журавіцкага райкама камсамола (1944, цяпер у складзе Рагачоўскага раёна), Гарадзенскага гаркама камсамола (1945), загадчыкам партыйнага кабінета Магілеўскага чыгуначнага вузла (1945-1946), памочнікам сакратара Журавіцкага райкама партыі (1946-1947). У 1949 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1949-1953 гг. - загадчык аддзела прозы часопіса «Вожык», у 1966-1978 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Неман». Як сябра дэлегацыі БССР у 1965 г. удзельнічаў у рабоце XX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1971-1982). Сябра СП СССР з 1949 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі і медалямі.
Народны пісьменнік БССР (1977).
Памёр 16.11.1982 г.
Друкуецца з 1946 г. Аўтар п'ес «На досвітку» (1951, пастаўлена ў 1952), «Выбачайце, калі ласка!» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Каб людзі не журыліся» (1958, пастаўлена ў 1959), «Лявоніха на арбіце» (апублікавана і пастаўлена ў 1961), «Зацюканы апостал» (1969, пастаўлена ў 1971), «Трыбунал» (1970, пастаўлена ў 1970), «Таблетку пад язык» (апублікавана і пастаўлена ў 1973), «Святая прастата» (1974, пастаўлена ў 1976, асобнае выданне пад назвай «Кашмар» у 1979), «Верачка» (1979, пастаўлена ў 1979), «Пагарэльцы» (апублікавана і пастаўлена ў 1980), «Дыхайце ашчадна» (1982, пастаўлена ў 1984). Напісаў аднаактовыя п'есы «Добра, калі добра канчаецца» (1946), «Перад сустрэчай», «Жыццё патрабуе» і «Першае пытанне» (1950), «Крымінальная справа» і «Аксеніна цялушка» (1951), «На шырокія прасторы» (1958), а таксама сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Шчасце трэба берагчы» (па матывах аповесці А.Кулакоўскага «Нявестка», пастаўлены ў 1958), «Рагаты бастыён» (па п'есе «Лявоніха на арбіце», пастаўлены ў 1964), тэлефільма «Пасля кірмашу» (пастаўлены ў 1973), дакументальных фільмаў «У адзінай сям'і» (зняты ў 1957), «Кандрат Крапіва» (зняты ў 1961). Выйшлі зборнікі п'ес «Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе» (1951), «Камедыі» (1961), «Трыбунал. Зацюканы апостал» (1971), «П'есы» (1974), «Кінасцэнарыі» (1989). Выдадзены Выбраныя творы ў 2-х (1980), Збор твораў у 5 тамах (1987-1990).
Пераклаў п'есы «Дабракі» Л.Зорына, «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Г.Лордкіпанідзе, «Чацвёрты» К.Сіманава і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п'есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п'есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».
Макаль Пятрусь, нарадзіўся 25.08.1932 г. у вёсцы Крушыняны на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.
У 1947 г. паступіў у Гарадзенскі будаўнічы тэхнікум, правучыўся два гады. Скончыў Гарадзенскі педагагічны інстытут (1953). Быў супрацоўнікам абласной газеты «Гродзенская праўда». Служыў у Савецкай Арміі (1954-1956). Працаваў рэдактарам аддзела культуры і навукі часопіса «Маладосць» (1957-1960), вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР (1960-1962), загадваў аддзелам літаратуры ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1962-1963), быў рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР (1965-1966), памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1966-1975). З 1975 г. - літкансультант СП БССР. З 1978 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1980-1983 гг. - рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1953 г.
Узнагароджаны медалямі.
У друку выступае з 1949 г. (газета «Гродзенская праўда»). Выйшлі зборнікі паэзіі «Першы след» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы год» (1964), «Акно» (1967), «Вершы» (выбранае, 1968), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Заручыны» (выбранае, 1979), «Смак яблыка» (1981), «Калыска долі» (1984), «Асенняя пошта лістоты» (1987), «Азбука любві» (1989). Для дзяцей выдаў кніжкі «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (вершы, паэмы, казкі, 1983), «Чарадзейная скарбонка» (вершы, казкі, загадкі, 1987), «Я гатую абед» (паэма, 1989). У 1982 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Сумесна з А.Вольскім напісаў п'есы «За лясамі дрымучымі» (1959, 1961, пастаўлена ў 1958) і «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1963). Аўтар п'ес «Адчыніце, казляняткі!» (1972, пастаўлена ў 1970), «Дай вады, калодзеж!» (1974, паста ўлена ў 1971), «На ўсіх адна бяда» (1977, пастаўлена ў 1976), а таксама лібрэта араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» (музыка Я.Глебава, 1974).
Займаецца перакладамі са славянскіх моў. Пераклаў зборнік сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976) і зборнік вершаў М.Валека «Крылы» (1978).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1980) за зборнік паэзіі «Поле», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік «Смак яблыка».
Макарэвіч Алесь, нарадзіўся 30.08.1918 г. у вёсцы Шэлегі Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння літаратурна-лінгвістычнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута (1939) кароткі час настаўнічаў у Хойніцкай сярэдняй школе на Гомельшчыне. У лістападзе 1939 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, пад Ельняй быў цяжка паранены і трапіў у канцлагер. Вызвалены ў сакавіку 1945 г. Да снежня 1945 г. у дзеючай арміі. З 1946 г. зноў настаўнік, загадчык навучальнай часткі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна. З 1947 па 1949 гг. - аспірант кафедры беларускай літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. У 1949-1967 гг. выкладаў беларускую літаратуру ў Магілеўскім педінстытуце (з 1959 г. - дацэнт, быў загадчыкам кафедры, дэканам філалагічнага факультэта). Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1960.
Памёр 30.12.1967 г.
У друку пачаў выступаць у 1951 г. Выйшлі літаратуразнаўчыя кнігі «Сатыра Кандрата Крапівы» (1962), «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» (1963, 2-е дапрацаванае і дапоўненае выданне ў 1969), «Ад песень і думак народных» (1965), «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы (1969).
Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966), «Беларуская вуснапаэтычная творчасць» (1966).
Макарэвіч Васіль, нарадзіўся 15.07.1939 г. у вёсцы Купленка Крупскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1957 г., пасля заканчэння сярэдняй школы, працаваў на лесараспрацоўках на Поўначы, з 1958 г. - у калгасе «Ухвала» Крупскага раёна. Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964) чатыры гады працаваў у газеце «Чырвоная змена». З 1979 г. - спецкарэспандэнт Беларускага радыё. Сябра СП СССР з 1976 г.
Першы верш апублікаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»).
Аўтар зборнікаў паэзіі «Вогненная камета» (1963), «Мерыдыяны і паралелі» (1966), «Ліставей» (паэма і вершы, 1971), «Вечнае дрэва» (вершы і паэма, 1974), «Радоўка» (вершы і паэма, 1977), «Праталіна» (1983), «Відушчы посах» (вершы, паэма, 1987), «Сумежжа» (вершы, паэмы, 1989) і вершаванай казкі «Лясныя вандраванні» (1967).
Напісаў кнігі нарысаў «Палын і медуніца» (1976), «Зямное сузор'е» (1980) і нарыс «Старт у будучыню» (1982).
Мальдзіс Адам, нарадзіўся 07.08.1932 г. у вёсцы Расолы Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). Працаваў сакратаром радашковіцкай раённай газеты «Сцяг Ільіча». У 1962 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1962 г. - навуковы супрацоўнік, з 1981 г. - загадчык аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры. У 1990 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце ХLV сесіі ААН. Доктар філалагічных навук. Прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1965 г.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі, чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі.
У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у 1954 г. У 1966 г. выйшла даследаванне пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі «Творчае пабрацімства», зборнік нарысаў «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969), даследаванні «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжаванні славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя» (1982), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987), «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988), нарыс «Астравеччына, край дарагі...» (1977), аповесць «Восень пасярод вясны» (1984), эсэ «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990). Падрыхтаваў зборнік А.Міцкевіча «Зямля навагрудская, краю мой родны» (1969), «Творы Я.Дылы (1981), «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (пераклад Б.Тарашкевіча, 1981). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».
Перакладае з польскай і балгарскай моў.
Мальцінскі Хаім, нарадзіўся 07.08.1910 г. у горадзе Панявежысе (Летува) у сям'і рамесніка.
Вучыўся ў Віцебскім жыдоўскім педагагічным тэхнікуме (1927-1929). Скончыў Кіеўскі інстытут народнай адукацыі (1931). Працаваў у жыдоўскіх газетах «Юны ленінец» (1932-1933) і «Акцябэр» (1935-1937) у Менску. Служыў у Чырвонай Арміі (1933-1934). У 1939 г. накіраваны ў Пінск, дзе працаваў у абласной газеце. З 1940 г. зноў у Менску, у газеце «Чырвоная змена». З пачатку Вялікай Айчыннай вайны на фронце. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, у вызваленні Беларусі, Польшчы, над Берлінам быў цяжка паранены. Пасля вайны быў рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва (1946-1947), выдавецтва Жыдоўскай аўтаномнай вобласці (Бірабіджан, 1947-1951). У 1951 г. рэпрэсіраваны. У 1956 г. рэабілітаваны. Жыў у Намангане (Узбекістан), з 1960 г. - у Менску. У 1975 г. выехаў у Ізраіль. Сябра СП СССР (1934-1974).
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалямі. Памёр 08.02.1986 г. (Тэль-Авіў, Ізраіль).
У рэспубліканскім друку выступаў з 1929 г. Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі «Як жыццё, дарагое» (Кіеў, 1931), «Бадзёрым крокам» (1936), «Без ценю» (1936), «Гады, гады мае» (Масква, 1973), кніг драматургіі «На вышцы» (1934), «Наш фарпост» (1935), «Каля саду» (1936), апавяданняў для дзяцей «Дзеці» (1933), кніжак вершаў для дзяцей «Наш хор» (1933), «Юны ленінец» (1934), «Брацікам і сястрычкам» (1939, 1962). На беларускай мове выйшлі кнігі вершаў і паэм «Поплеч з сынам усталі» (1963), «Родны дом» (1965), вершаў «На сонечным баку» (1967), «Мой добры голуб» (1970), паэма «Ёлка пад акном» (1967), «Аднаактовыя п'есы» (1964), кніжкі паэзіі для дзяцей «Навагодняя ёлка» (1939, 1948), «Вясёлыя вароты» (1972), «Кола дружбы» (1973).
Мальчэўская Яўгенія (сапр. Крыжаноўская Яўгенія), нарадзілася 25.08.1949 г. у вёсцы Замошша Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1969 г. скончыла Бабруйскі тэхнікум гумавай прамысловасці. Працавала ў рэдакцыях аб'яднанай газеты «Камуніст» і чашніцкай раённай газеты «Чырвоная змена». Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978), настаўнічала ў Рованіцкай сярэдняй школе Чэрвеньскага раёна, з 1980 г. - у талачынскай сярэдняй школе № 2, з 1989 г. - у віцебскай сярэдняй школе № 40. Сябра СП СССР з 1990 г.
Выступаць у друку пачала ў час вучобы ў тэхнікуме. Першая кніжка паэзіі «Святло асенняе зярнят» уключана ў калектыўны зборнік «Нашчадкі» (1979). У 1989 г. выйшаў зборнік вершаў «Залежнасць».
Маляўка Мікола, нарадзіўся 13.12.1941 г. у вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы (1958) два гады працаваў на лесанарыхтоўках у Карэліі. У 1965 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў у Воранаўскім і Крупскім раёнах, служыў у Савецкай Арміі, працаваў у рэдакцыі нясвіжскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», старшым рэдактарам на Беларускім радыё. З 1969 г. - старшы рэдактар рэспубліканскага метадычнага кабінета Міністэрства культуры БССР, з 1976 г. - старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1980 г. - супрацоўнік часопіса «Вясёлка». Сябра СП СССР з 1970 г.
Друкавацца пачаў у 1957 г. (газета «Чырвоная змена»). Выйшлі зборнікі паэзіі «Едуць маразы» (1966), «Жалеза» (1970), «Лотаць» (1973), «Круг» (1977), «Эстакада» (вершы і паэма, 1982), «Дар» (вершы і паэма, 1985), «Аднавякоўцы» (вершы, балады, байкі, 1988). Для дзяцей выдаў кніжкі вершаў і казак «Дзед і ўнучка» (1983), «Салодкі лядзяш» (1986), «Як дом будавалі» (1987).
Маракоў Валер, нарадзіўся 27.03.1909 г. у вёсцы Акалонія (цяпер у межах Менска) у сям'і рабочага.
Працоўны шлях пачаў мулярам. Вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у 1934 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута. Два гады працаваў настаўнікам у Бабруйску. Быў сябрам «Маладняка». У 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.04.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны 29.10.1937 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1925 г. Выйшлі зборнікі вершаў «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930), «Права на зброю» (1933), «Лірыка» (1959), «Вяршыні жаданняў» (вершы і паэмы, 1989).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М.Галоднага, А.Новікава-Прыбоя, П.Тычыны.
Марук Уладзімір, нарадзіўся 06.01.1954 г. у вёсцы Гута Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1970 г. скончыў Маўчадскую сярэднюю санаторную школу-інтэрнат і паступіў у Магілеўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля заканчэння тэхнікума працаваў ва ўстановах культуры Ганцавіцкага раёна - у Шашкоўскай сельскай, раённай дзіцячай бібліятэках, загадчыкам аўтаклуба. У 1980 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 106 у Менску. З 1981 г. - карэспандэнт, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», з 1986 г. - рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1984 г.
Першыя вершы апублікаваў у 1972 г. (газета «Магілёўская праўда»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Зоркі ў кронах» (1982), «Лістрабіне» (1987).
Мархель Уладзімір, нарадзіўся 28.03.1940 г. у вёсцы Жыгалкі Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.
Пасля заканчэння сярэдняй школы імя Якуба Коласа ў в. Мікалаеўшчына (1957) працаваў малатабойцам у калгасе, рабочым ачышчальнага забою (мае кваліфікацыю 6 разраду) на шахце ў Навашахцінску Растоўскай вобласці. У 1964 г. скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1964-1969 гг. выкладаў расейскую мову і літаратуру ў школах - у вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна, Валожыне, Менску, працаваў у газеце «Мінская праўда», старшым рэдактарам у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР, малодшым навуковым супрацоўнікам у Аддзеле навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках. З 1978 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1988 г.
Друкавацца пачаў у 1954 г. (вершы ў стаўбцоўскай раённай газеце «Голас селяніна»). З 1957 г. выступае ў рэспубліканскім друку як паэт і літаратуразнавец. Выдаў кнігі «Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні» (1983), «Вяшчун славы і волі» (1989), «Крыніцы памяці» (1990). Уклаў «Творы» В.Каратынскага (1981) і «Творы» Я.Лучыны (1988).
З польскай на беларускую мову пераклаў вершы Я.Купалы, асобныя творы В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Я.Каханоўскага, Л.Стафа, Ю.Тувіма, Р.Дабравольскага, Б.Драздоўскага і інш.
Марціновіч Алесь, нарадзіўся 18.08.1946 г. у вёсцы Казловічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.
У 1964 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (з трэцяга курса перавёўся на факультэт журналістыкі, скончыў у 1968). Працаваў у драгічынскай, капыльскай і слуцкай раённых газетах, служыў афіцэрам Савецкай Арміі. З 1972 г. - карэспандэнт аддзела літаратуры. З 1981 г. - загадчык аддзела інфармацыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1987 г.
Выступіў у друку спачатку як журналіст. З 1966 г. пачаў публікаваць рэцэнзіі, літаратурна-крытычныя артыкулы. Выдаў брашуры «Мастацкі летапіс сучаснасці» (1983), «Сказаць сваё слова» (1990). Аўтар зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў «Далучанасць» (1990), «Пад небам вечнасці» (1990).
Склаў кнігі публіцыстыкі «Свабоднае грамадства зблізку» (1984), паэзіі «Мы і яны» (1985) і «Слова міру і праўды» (1987).
Марціновіч Аркадзь, нарадзіўся 10.03.1920 г. у вёсцы Барбарова Глускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1939 г. скончыў Менскую педагагічную навучальню. Працаваў у Турэцкай і Цітвянскай сямігадовых школах на Меншчыне. У 1939-1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг., у Вялікай Айчыннай вайне. Быў тройчы паранены. З 1946 г. - літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Савецкі селянін». У 1950 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, у 1955 г. - завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газет «Калгасная праўда» (1950-1957), «Літаратура і мастацтва» (1957-1964), у выдавецтве «Беларусь» (1964-1971). У 1971-1972 гг. - адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры і мастацтва, у 1972-1974 гг. - літаратурны кансультант СП БССР. У 1974-1981 гг. - галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1959 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Заслужаны работнік культуры БССР (1980).
Першыя вершы ў рэспубліканскім друку былі апублікаваны ў 1938 г. Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1986), зборнік вершаў «Чырвоныя ветразі» (1965), аповесць для дзяцей «Неадкрыты востраў» (1966). У 1974 г. выйшла «Выбранае», у 1980 г. - Збор твораў у 2 тамах.
Пераклаў на беларускую мову кнігі «Самы чалавечны чалавек» Н.Ходза (1968), «Прыгоды Гугуцэ» С.Вангелі (1971), «Вецер у галаве» Х.Мянд (1971), «Месяц і сонца» С.Баруздзіна (1972), «Белая вясёлка» К.Паўстоўскага (1976).
Марціновіч Павал, нарадзіўся 27.06.1954 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.
У 1971 г. паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне (скончыў у 1976) і адначасова пачаў працаваць памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Рэспубліканскага тэатра юнага гледача. У 1978-1979 гг. - літсупрацоўнік рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Сябра СП СССР з 1976 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1969 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Прадвесне» (1975), «Час бурштыну» (1977). Выдаў кніжкі вершаў для дзяцей «Паспяшайся ў наш звярынец!» (1978), «Жыў-быў воўк» (1979), «Дзядзька Сон» (1980), «Сталёвы бусел» (1989).
Перакладае з ангельскай, летувіскай, польскай, чэшскай моў на беларускую. У яго перакладзе асобнымі выданнямі выйшлі аповесць В.Стыблавай «Мой брацік» (1977), зборнік чэшскіх народных казак «Кубачак, вары!» (1977), аповесці В.Бубніса «Белы вецер. Рамунас» (1978), зборнік вершаў «Рамоначак-рамунеле» (1979), раман Я.Козака «Гняздо бусла» (1979), аповесць А.Крысці «Нябожчыкава люстэрка» (зборнік «Замежны дэтэктыў», 1988).
Марчанка Святлана, нарадзілася 15.05.1942 г. у вёсцы Папоўцы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і служачага.
Працавала на будоўлі, у рэдакцыі касцюковіцкай раённай газеты «Сцяг камунізма» (1958-1959). Адначасова вучылася ў сярэдняй школе рабочай моладзі. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі была старшай піянерважатай у школе № 1 у Касцюковічах. Скончыла Магілеўскі педагагічны інстытут (1964). У 1964-1966 гг. - загадчык школьнага аддзела Касцюковіцкага райкама камсамола. Працавала ў рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва» (1966-1967), «Чырвоная змена» (1967-1968). У 1969-1972 гг. - кіраўнік гуртка «Юныя сябры паэзіі» Дома піянераў у Слуцку, педагог у дзіцячых садах № 10, 14 (1973-1978). Працавала ў часопісах «Вожык» (1978), «Работніца і сялянка» (1980-1983). З 1984 г. - рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1985 г.
Дэбютавала вершамі ў «Магілёўскай праўдзе» (1960). З літаратурна-крытычнымі матэрыяламі выступае ў друку з 1965 г. Аўтар кнігі «Васіль Вітка: Нарыс жыцця і творчасці» (1985).
Марчук Георгі, нарадзіўся 01.01.1947 г. у горадзе Давыд-Гарадок Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і шаўца.
Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 у Давыд-Гарадку (1965) працаваў у мясцовым клубе, затым у Столінскім раённым клубе на розных пасадах: ад кіраўніка драматычнага гуртка, метадыста да мастацкага кіраўніка. У 1973 г. скончыў завочнае аддзяленне па спецыяльнасці тэатразнаўства Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1969 г. у Менску - асістэнт кінарэжысёра кінастудыі «Беларусьфільм». У 1975-1977 гг. - слухач Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. З 1980 г. - кінарэжысёр на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980-1982 гг. - загадчык літаратурнай часткі тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1983 г.
У друку пачаў выступаць з гумарэскамі, замалёўкамі ў 1966 г. (столінская раённая газета «Навіны Палесся»). Першая аднаактовая п'еса «Выкраданне Алёны» (1971) адзначана прэміяй на рэспубліканскім конкурсе драматургіі. Аўтар пятнаццаці аднаактовых п'ес, сярод якіх «Новыя прыгоды Несцеркі» (пастаўлена ў 1980), «Магіла Чынгісхана» (надрукавана і пастаўлена ў 1981), «Дыскатэка» (пастаўлена ў 1981), п'ес-казак «Чаканне сабакі Тэафіла» (пастаўлена ў 1979), «Загадка каралевы Аварыі» (1980), «Ці кормяць ваўка ногі» (1982), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1986). Напісаў камедыі «Люцікі-кветачкі» (пастаўлена ў 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (пастаўлена ў 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (пастаўлена ў 1986), «Альдона, Анета, Анфіса» (пастаўлена ў 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве пастаўлены ў 1990). Па сцэнарыях пісьменніка пастаўлены тэлефільмы «Вясковы эрудзіт» (1985), «Запрашэнне» (1988). Адзін з аўтараў сцэнарыя дакументальнага кінафільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (зняты ў 1990).
Працуе і ў галіне прозы. Выйшлі кнігі казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1986), раманы «Крык на хутары» (1983), «Прызнанне ў забойстве» (1985), «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон» (1990), «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (1990).
Масарэнка Алесь, нарадзіўся 12.04.1938 г. у вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Целяшоўскай сярэдняй школы (1956) працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола, у 1957-1960 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1960 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з трэцяга курса перавёўся на вячэрняе аддзяленне і да заканчэння ўніверсітэта (1966) быў выхавацелем у школе-інтэрнаце № 13 у Менску. Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела газеты «Чырвоная змена», інструктарам па прамысловым адлове рачнога бабра Летувіскага заацэнтра, літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Беларусь», адказным сакратаром часопіса «Полымя», у геадэзічнай экспедыцыі Забайкалля рабочым I разраду. З 1977 г. - рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць», з 1978 г. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», у 1982-1985 гг. - загадчык аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1989 г. - літкансультант літаб'яднання «Крыніцы» пры штотыднёвіку «Чырвоная змена». Сябра СП СССР з 1972.
Літаратурную працу пачаў з вершаў. З апавяданнямі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1962 г. Аўтар аповесці «На бабровых тонях» (1971), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Журавіны пад снегам» (1976), «Сонца майго дня» (1988), рамана «Баргузінскае лета» (1982).
Пераклаў на беларускую мову аповесць бурацкага пісьменніка Б.Мунгонава «Чорны вецер» (1973).
Матукоўскі Мікалай, нарадзіўся 12.09.1929 г. у вёсцы Калюціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Тродавіцкай сярэдняй школы (1950) працаваў загадчыкам аддзела кадраў і аргработы Расонскага райкама камсамола, літсупрацоўнікам раённай газеты «Сацыялістычная праца». Скончыў завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1956). У 1952-1960 гг. - літработнік, потым загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», у 1960-1964 гг. - галоўны рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, у 1964-1966 гг. - галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР. З 1966 г. - уласны карэспандэнт, з 1970 г. - загадчык Беларускага аддзялення рэдакцыі газеты «Известия». Сябра СП СССР з 1971 г.
Узнагароджаны медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977).
Літаратурную працу пачаў у 1952 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар п'ес «Мужчына, будзь мужчынам!» (пастаўлена ў 1966), «Тры дні і тры ночы» (пастаўлена ў 1967), «Амністыя» (1971, пастаўлена ў 1970, асобнае выданне ў 1972, аднайменны кінафільм у 1982), «Апошняя інстанцыя» (1976, пастаўлена ў 1974), «Наследны прынц» (1976, пад назвай «Наследнік» пастаўлена ў 1976), «Мошенник поневоле» (паводле рамана М.Ларні «Чацвёрты пазванок», пастаўлена ў 1978), «Паядынак» (1985, пастаўлена ў 1985), «Мудрамер» (апублікавана і пастаўлена ў 1987). Аўтар зборнікаў «П'есы» (1979) і «Мудрамер» (1989). Напісаў сцэнарый мастацкага кінафільма «Сын старшыні» (пастаўлены ў 1976), тэлефільмаў «Траянскі конь» (пастаўлены ў 1980), «Мудрамер» (пастаўлены ў 1989), а таксама некалькіх сцэнарыяў дакументальных тэле- і кінафільмаў.
Выдаў дакументальную аповесць пра Менскае падполле 1941-1944 гг. «Мінск» (1982), кнігу публіцыстыкі, эсэ «Чужая беда» (1987).
Лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР (1984) і Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за п'есу «Мудрамер».
Матэвушаў Васіль, нарадзіўся 06.03.1915 г. у вёсцы Княжыцы Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1937). Настаўнічаў у Обальскай сярэдняй школе на Віцебшчыне (1937-1939). Служыў у Савецкай Арміі (1939-1946). У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у чыгуначным палку, працаваў на ваенных курсах. У 1946-1948 гг. - выкладчык Омскага фінансавага тэхнікума, у 1948-1971 гг. - супрацоўнік абласной газеты «Магілёўская праўда». Апошнія гады жыцця працаваў сакратаром Магілеўскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1948 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 06.03.1974 г.
У друку пачаў выступаць у 1932 г. Аўтар кніжак вершаў «Магілёўскі шоўк» (1957), «Зорны шлях» (1959), «Сярэбраная кладка» (1965), «Начны дождж» (1969), «Верасы» (1972), «Крынічны луг» (1976). Асобнымі выданнямі выйшлі нарысы «Магілёўскія льнаводы» (1949), «Сяргей Ільіч Слабадзян» (1949), «Даярка Яўгенія Дарашкова» (1950).
Маўзон Аркадзь (сапр. Маўшэнзон Арон), нарадзіўся 23.09.1918 г. у горадзе Віцебску ў сям'і рабочага.
Скончыў фабрычна-заводскую навучальню (1935). Працаваў токарам на заводзе «Камунар» (цяпер імя С.Кірава) у Менску. Пасля заканчэння драматычнай студыі пры БДТ-1 (1936) быў акцёрам, асістэнтам рэжысёра БДТ-2 (Віцебск). З 1946 г. загадваў аддзелам культуры газеты «Віцебскі рабочы», з 1951 г. быў начальнікам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм». У 1965-1971 гг. працаваў у Міністэрстве культуры БССР. Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 19.08.1977 г.
У друку пачаў выступаць у 1945 г. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Першая п'еса - «Канстанцін Заслонаў» (1949, пастаўлена ў 1947, у 1948 спектакль атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР). Аўтар п'ес «Наталля Крыўцова» (апублікавана і пастаўлена ў 1954), «У ціхім завулку» (апублікавана і пастаўлена ў 1955), «Калі разыходзяцца шляхі» (пастаўлена ў 1955), «Непрымірымасць» (пастаўлена ў 1956), «У бітве вялікай» (1958, пастаўлена ў 1957), «Калі ты чалавек» («Твой светлы шлях», апублікавана і пастаўлена ў 1960), «Пад адным небам» («Асцярожна, Мякішавы», апублікавана і пастаўлена ў 1962), «Куда идешь, Сергей?» (апублікавана і пастаўлена ў 1965), «У доме на Сонечнай» (пастаўлена ў 1966), «Жизнь всего одна» (апублікавана і пастаўлена ў 1968), «Дарога праз ноч» («Людзі, агонь, смерць», апублікавана і пастаўлена ў 1970), «Да апошняга дыхання» (апублікавана ў 1978), шэрагу аднаактовак. Выдадзены зборнікі драматургічных твораў «Выбраныя п'есы» (1964), «Людзі і час» (1972), «П'есы» (1974), «П'есы» (1978), «Да апошняга дыхання» (1985).
Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Канстанцін Заслонаў» (1949, у 1950 фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР), «Зялёныя агні» (1956), «Наперадзе - круты паварот» (1960).
Выступаў у перыядычным друку з артыкуламі аб драматургіі і сучасным тэатры.
Маўр Янка (сапр. Фёдараў Іван), нарадзіўся 10.05.1883 г. у горадзе Лібава (цяпер горад Ліепая, Латвія) у сям'і сталяра.
Дзяцінства правёў на радзіме маці - у вёсцы Лебянішкі Ковенскай губерні (цяпер Летува). Скончыў пачатковую, затым рамесную навучальню ў Коўне. У 1899 г. паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Быў выключаны за ўдзел у гуртку рэвалюцыйнай моладзі. У 1903 г. здаў экстэрнам экзамен і атрымаў званне настаўніка пачатковай школы. Працаваў памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Летува), у вёсцы Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 г. удзельнічаў у нелегальным з'ездзе рэвалюцыйна настроеных настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі. Толькі ў 1911 г. удалося ўладкавацца выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Менскую прыватную гандлёвую школу. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у школе, у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, у Наркамаце асветы БССР, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. З 1930 г. быў на творчай працы. Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968).
Памёр 03.08.1971 г.
У 1923 г. у газеце «Савецкая Беларусь» і ленінградскім часопісе «Бегемот» друкаваў фельетоны. З першым апавяданнем выступіў у друку ў 1926 г. (часопіс «Беларускі піянер»). Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў «Чалавек ідзе» (1927), «У краіне райскай птушкі» (1928, 1983), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930, аповесць экранізавана ў 1935), «Слезы Тубі» (1930), «Аповесць будучых дзён» (1932), «ТВТ» (1934), «Вакол свету» (1947), «Шлях з цемры» (1948), «Апавяданні» (1951), «Аповесці і апавяданні» (выбранае, 1954), «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (часопіс «Маладосць», 1954-1955), «Аповесці і апавяданні» (1969), апавядання «Цётка Эмілія» (1954), байкі «Пекла» (1929), рамана «Амок» (1930). У 1952 г. выйшлі Выбраныя творы, у 1960 г. - Збор твораў у 2-х, у 1975-1976 гг. - у 4 тамах.
Аўтар п'есы «Памылка» (апублікавана і пастаўлена ў 1940), аднаактовак «Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г.К.Андэрсена, Д.Маміна-Сібірака, М.Прышвіна, А.Чэхава, Р.Кіплінга, М.Твэна, Ж.Верна, В.Гюго, А.Гайдара, В.Шклоўскага, А.Конанава.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (пасмяротна, 1972) за аповесці «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Палескія рабінзоны», «ТВТ», «Шлях з цемры», раман «Амок».
Махнач Алесь, нарадзіўся 27.08.1922 г. у вёсцы Забалацце Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1941 г., пасля заканчэння Калінкавіцкай ваеннай навучальні, накіраваны на пасаду камандзіра ўзвода ў гарнізон Берасцейскай крэпасці. Абараняючы крэпасць, быў цяжка паранены і ўзяты ў палон. Вызвалены з канцэнтрацыйнага лагера ў 1945 г. Знаходзіўся на лячэнні ў ваенных шпіталях (1945-1947), загадваў прысынкаўскай сельскай бібліятэкай на Ўздзеншчыне (1947-1953), працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1953-1961, 1963-1966). Скончыў завочна Менскі бібліятэчны тэхнікум (1954) і Літаратурны інстытут у Маскве (1960). Сябра СП СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).
Дэбютаваў вершамі ў 1949 г. (уздзенская раённая газета «За савецкую Радзіму»). Аўтар шэрагу аднаактовых п'ес. У 1956 г. выдаў першы зборнік «Драматычныя мініяцюры». Потым выйшлі зборнікі п'ес, сцэнак і асобныя п'есы «Перад бурай» (1958, пастаўлены аднайменны тэлеспектакль, 1958), «Смык і Шпунцік» (Беласток, 1958), «Аднаактовыя п'есы» (1961), «Да пары збан ваду носіць» (1963), «Шпачок» (1963, пастаўлена ў 1964), «Усе ідуць у нагу» (1964), «Мы будзем жыць» (1967), «Няхай прыходзяць» (1970), «Маленькія салдаты» (1971), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» (1974, пастаўлена ў 1969), «П'есы» (1974), «Не кажы: мая хата з краю» (1980), «Няхай красуе жыццё» (1982). У 1973 г. выдаў нарыс «Дзеці крэпасці» (у 1988 выйшаў як дакументальная аповесць). Складальнік зборніка нарысаў «Людзі граніцы» (1989).
Мацяш Ніна, нарадзілася 20.09.1943 г. у вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1960 г. скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу і паступіла на факультэт французскай мовы Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. З-за хваробы вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак (скончыла інстытут у 1966). У 1973-1977 гг. працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрскай прафесійна-тэхнічнай навучальні. Сябра СП СССР з 1971 г.
Узнагароджана медалямі.
Першы верш апублікавала ў 1962 г. (бярозаўская раённая газета «Маяк камунізма» і «Во славу Родины»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (вершы і паэма, 1973), «Ралля суровая» (вершы і пераклады, 1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Паварот на лета» (выбранае, 1986), «Шчаслівай долю назаві» (1990) і казак «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982).
Напісала п'есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (пастаўлена ў 1976), «Крок у бессмяротнасць» (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнарыі пра творчасць В.Бялыніцкага-Бірулі «Пясняр роднай прыроды» (пастаўлены ў 1978) і Р.Кента «Гэта я, госпадзі» (пастаўлены ў 1980).
Перакладае з нямецкай, польскай, французскай моў. У яе перакладзе выйшлі кніжкі Ж.Аліўе «У краіне індзейцаў» (1973), А.Гаўрылюка «Песня з Бярозы» (1979), Ж.Сімянона «Першая справа Мегрэ» (1982), А. дэ Сэнт-Экзюперы «Планета людзей» (1984) і «Маленькі прынц» (1989), навелы Г. дэ Мапасана (1987), паэма «Маруся Чурай» Л.Кастэнка (1989).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя А.Куляшова (1984) за «Паэму жніва», прэміі Ўсебеларускага фестывалю моладзі, прысвечанага 50-годдзю ЛКСМБ (1970) за вершы аб моладзі.
Машара Міхась, нарадзіўся 18.11.1902 г. на хутары Падсосна Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў вышэйшую пачатковую навучальню ў горадзе Глыбокае. У 1920 г. уступіў добраахвотна ў Чырвоную Армію. Жывучы ў Заходняй Беларусі пры буржуазнай Польшчы, працаваў на гаспадарцы, два гады адслужыў у войску, удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым руху. У пачатку 1927 г. рэдагаваў у Вільні газету «Наша воля», быў зняволены ў віленскую турму на Лукішках, дзе прасядзеў звыш чатырох гадоў. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі (1939) абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. Быў загадчыкам Шаркаўшчынскага рана. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Партызанскае слова», на радыё. Пасля вайны - у часопісе «Полымя» (1945-1947), «Настаўніцкай газеце» (1947-1949). Сябра СП СССР з 1940 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалём.
Памёр 07.06.1976 г.
Друкавацца пачаў у 1927 г. (часопіс «Заранка»). Выдаў у Вільні зборнікі вершаў «Малюнкі» (1928), «На сонечны бераг!» (1934), «Напрадвесні» (1935), «З-пад страх саламяных» (1937), паэмы «Вяселле» (1933), «Смерць Кастуся Каліноўскага» (1934), «Мамчына горка» (1936), п'есы «Вось тут і зразумей» (1933), «Лёгкі хлеб» (1936), «Чорт з падпечча» (1938). У савецкі час выйшлі кнігі паэзіі «Беларусі» (1944), «Выбраная лірыка» (1945), «Праз навальніцы» (вершы і паэмы, 1948), «Урачыстасць» (вершы і паэмы, 1952). Выбраныя творы (1958), «Ад родных аселіц» (выбранае, 1959), «Мая азёрная краіна» (выбранае, 1962), «Вершы» (1971), казкі ў вершах «Зязюльчыны слёзы» (1961), «Зелянушка і ракатушка» (1964).
Вядомы і як празаік. Аўтар раманаў «Крэсы змагаюцца» (1966), «Сонца за кратамі» (1968) і «Лукішкі» (1970), якія склалі трылогію, «Ішоў дваццаты год» (1973), «І прыйдзе час...» (1975), кнігі ўспамінаў «Старонкі летапісу» (1975).
Пераклаў на беларускую мову «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1950), «Апавяданні» Г.Сянкевіча (1955), «Уральскія сказы» П.Бажова (1956), «Калевалу» (1956) і інш.
Машкоў Уладзімір, нарадзіўся 05.07.1938 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і ваеннаслужачага.
У 1960 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Быў літсупрацоўнікам газеты «Зорька» (1960-1964), рэдактарам на Беларускім радыё (1964-1971), рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1971-1972), старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1972-1980), загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва» (1981-1986). З 1987 г. - рэдактар аддзела прозы часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1970 г.
Першы празаічны твор надрукаваў у 1957 г. Піша на расейскай мове. Выдаў кнігі прозы для дзяцей «Между «А» и «Б» (1966), «Веселая дюжина» (1968), «Я сам» (1972), «Здравствуй, Валерка» (1974), «Соскучился по дождику» (1976), «Как я был вундеркиндом» (1979, экранізавана ў 1983), «Последний день матриархата» (1985), «Детское время» (1987).
Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Хлопчык і чапля» (з М.Беравым, пастаўлены ў 1979), «Чалавек з майго жыцця» (пастаўлены ў 1971), «Добрая справа» (пастаўлены ў 1973), «Юныя айбаліты» (пастаўлены ў 1980), «Станаўленне» (пастаўлены ў 1982). Пераклаў на расейскую мову творы К.Чорнага, З.Бядулі, С.Александровіча, А.Васілевіч, У.Караткевіча, У.Краўчанкі, У.Мехава, У.Юрэвіча.
Мележ Іван, нарадзіўся 08.02.1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы (1938) працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. Летам 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце - на Збручы, пад Уманню, Нікалаевым, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой. У чэрвені 1942 г. пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 г. - у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 г. ужо ў Менску). Пасля вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. З 1966 г. - сакратар, а ў 1971-1974 гг. - намеснік старшыні праўлення СП БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, сябрам Сусветнага Савета Міру. Сябра СП СССР з 1945 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.
Народны пісьменнік БССР (1972).
Памёр 09.08.1976 г.
Дэбютаваў у 1939 г. вершамі. Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 г. (газета «Бугурусланская правда»). Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «У завіруху» (1946) «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961), «Жыццёвыя клопаты» (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975), «Белыя вішні і яблыні» (1976), «Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977). Аўтар рамана «Мінскі напрамак» (1952, дапрацаванае выданне ў 1974), цыкла раманаў «Палеская хроніка» - «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1978). У 1969-1971 гг. выйшаў Збор твораў у 6-ці, у 1979-1985 гг. - у 10 тамах.
Напісаў п'есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 г. спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 г. спекталь «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам - «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г. - «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).
Мельнікаў Аляксандар, нарадзіўся 07.01.1936 г. у вёсцы Васількі Бялыніцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Ленінградскі санітарна-гігіенічны медыцынскі інстытут (1961), працуе лекарам радыялагічнай групы Магілеўскай абласной санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. Сябра СП СССР з 1981 г.
У друку з вершамі выступае з 1966 г. Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў вершаў «Спасибо, жизнь» (1977), «Три слова» (1980).
Мехаў Уладзімір (Няхамкін), нарадзіўся 25.03.1928 г. у горадзе Рагачове Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага.
У 1945-1950 гг. вучыўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», ва ўніверсітэцкай шматтыражцы. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела. У 1960-1961 гг. быў рэдактарам на Беларускім радыё. Потым зноў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» - загадчык аддзела, адказны сакратар. У 1975-1988 гг. - старшы рэдактар, каментатар на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1960 г.
У друку з мастацкімі творамі выступае з 1951 г. Аўтар зборнікаў аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Сцяг над рэўкомам» (1958), «Апошняя яўка» (1959), «Помнік герою» (1961), «Станцыя паблізу Тамбова» (1964), «Добры вечар, камбат» (1970), «Слухаецца справа аб замаху» (1972), «Старадаўняя гравюра» (1974), зборніка дыялогаў «Сустрэчы ў радыёстудыі» (1985). Асобныя эсэ і апавяданні ўвайшлі толькі ў зборнікі, якія выпушчаны на расейскай мове, «Зарево» (1977), «Старинная гравюра» (1982), «...О которых я очень забочусь» (1988).
Аўтар п'ес для юнацтва «Чырвоны губернатар» (пастаўлена ў 1967) і «Палёт» (1970, пастаўлена ў 1969), сцэнарыяў больш як дваццаці дакументальных фільмаў.
Пераклаў на беларускую мову кнігу татарскага пісьменніка Ш.Ракіпава «Адкуль ты, Жан?».
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986) як адзін са стваральнікаў цыкла гісторыка-рэвалюцыйных дакументальных фільмаў - «Рэвалюцыя дае нам права», «Мост», «Чарвякову... спешна... Ленін», «Гісторыя адной тэлеграмы».
Міклашэўскі Яўген, нарадзіўся 09.08.1936 г. у вёсцы Лыскі Беластоцкага павета Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.
У 1946 г. пераехаў з бацькамі ў вёску Кміты, што на Нясвіжшчыне. У 1953 г. паступіў у Нясвіжскую педагагічную навучальню імя Якуба Коласа, дзе правучыўся тры гады. Апошні курс заканчваў у Пінскай педнавучальні (1957). Працаваў загадчыкам Вяліка-Вулькаўскай і Чарнеевіцкай пачатковых школ на Піншчыне. Вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце замежных моў (1962-1965). Працаваў загадчыкам аддзела часопіса «Родная прырода» (1972-1978), старшым рэдактарам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1978-1981), літкансультантам СП БССР (1981-1988). Сябра СП СССР з 1980 г.
Упершыню выступіў у друку ў 1959 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Свежасць» (1968), «Ганна з Пухавіч» (гумар, 1976), «Світальны водбліск» (1981, усе тры выйшлі пад псеўданімам Яўген Верабей), «У спрадвечным руху» (1985), «Зара-заранка, зара-вячэрніца» (1989). У часопісе «Маладосць» апублікаваў аповесці «Чатыры дарогі» (1979) і «Мёртвая крыніца» (1989).
Перакладае паэзію і прозу з ангельскай і славянскіх моў.
Мікуліч Барыс, нарадзіўся 19.08.1912 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і фельчара.
У 1929 г. скончыў сярэднюю школу і стаў працаваць у рэдакцыі бабруйскай акруговай газеты «Камуніст». Быў сябрам «Маладняка». У 1930 г. пераехаў у Менск. Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Вучыўся на літаратурных курсах у Маскве (1934-1935). У 1936 г. рэпрэсіраваны. Асуджаны да 10 год пазбаўлення волі. У 1943 г. пераведзены ў катэгорыю ссыльнага. У чэрвені 1947 г. вярнуўся на Беларусь, у лістападзе была знята судзімасць. У красавіку 1949 г. арыштаваны паўторна, высланы ў Сібір. Апошнія гады жыцця прайшлі ў сяле Машукоўка Тасееўскага раёна Краснаярскага краю. Рэабілітаваны ў 1945 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр 17.06.1954 г.
Першыя празаічныя творы надрукаваў у 1927 г. у газеце «Камуніст» (Бабруйск). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Удар» (1931), «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесцей «Наша сонца» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936), «Адвечнае» (часопіс «Полымя», 1972), эцюда «Ускраіна» (1932). У «Выбранае» (1959) увайшлі і творы, якія не ўключаліся ў папярэднія кнігі, - аповесці «Цяжкая гадзіна», «Развітанне», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», навела «Гадзюка ў кароне» і апавяданне «Зорка». У 1985 г. выйшлі «Аповесці». У 1987-1988 гг. часопіс «Неман» апублікаваў яго «Повесть для себя». Пераклаў на беларускую мову раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Вахтам, 1932), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата» (1934).
Мілюць Алесь, нарадзіўся 06.10.1908 г. у вёсцы Скорычы Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў два класы пачатковай школы, займаўся самаадукацыяй. Пасля вызвалення родных мясцін (1944) пайшоў у Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Загінуў 26.10.1944 г. на фронце ва Ўсходняй Прусіі.
Друкаваўся з 1928 г. у прагрэсіўных заходнебеларускіх газетах і часопісах, з 1939 г. - у стаўбцоўскай раённай газеце. Асобныя вершы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967), «Ростані волі» (1990).
Мінкін Алег, нарадзіўся 31.03.1952 г. у вёсцы Чарняўка Хоцімскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Бабруйскай школы-інтэрната № 1 (1969) паступіў у Маскоўскі энергетычны інстытут, праз два гады перавёўся ў Маскоўскі інстытут інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасці (скончыў у 1975 г.). Працаваў майстрам на будаўніцтве электрападстанцыі ў Бураціі (г. Улан-Удэ), інжынерам-электрыкам на нафтаперапампоўваючых станцыях нафтаправода «Дружба» (г. Наваполацак), інжынерам-наладчыкам у сістэме «Галоўтранснафта» (г. Гомель), інжынерам тэхнагляду на нафтаправодах поўначы Цюменскай вобласці (г. Наябрск). З 1981 г. жыве ў Берасці. Сябра СП СССР з 1988 г.
Пачаў выступаць у рэспубліканскім друку з вершамі ў 1980 г. (газеты «Гомельская праўда», «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборніка паэзіі «Сурма» (1985) і п'есы-казкі для дзяцей «Як Лыска ваўком быў» (калектыўны зборнік «Крынічка», 1985), а таксама шэрага фантастычных апавяданняў, апублікаваных у перыядычным друку.
Перакладае з польскай, украінскай, ангельскай моў. Пераклаў вершы Ц.Норвіда, Б.Лесьмяна, Л.Стафа, П.Грабоўскага.
Міровіч Еўсцігней (Дунаеў), нарадзіўся 10.08.1878 г. у горадзе Пецярбургу (Расея) у сям'і чыгуначніка, выхадца з Беларусі.
Скончыў Самсонаўскую рэальную навучальню, нармальную школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драматычнага мастацтва. З 1900 г. працаваў у пецярбургскіх тэатрах акцёрам, затым рэжысёрам. З 1906 г. - правадзейны сябра Санкт-Пецярбургскага саюза драматычных і музычных пісьменнікаў. З 1919 г. працаваў у тэатрах Беларусі. У 1921-1931 гг. - мастацкі кіраўнік, у 1941-1945 гг. рэжысёр Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (БДТ-1). Быў мастацкім кіраўніком Гомельскага тэатра рабочай моладзі (1932-1935), які ў 1935 г. быў ім рэарганізаваны ў Першы калгасна-саўгасны тэатр, у 1937-1940 гг. - мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра юнага гледача імя Н.Крупскай. З 1945 г. - мастацкі кіраўнік і загадчык кафедры майстэрства акцёра Беларускага тэатральнага інстытута. Займаўся таксама выкладчыцкай дзейнасцю ў тэатральных студыях, у Менскай тэатральнай навучальні. Прафесар. Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі.
Народны артыст БССР (1940).
Памёр 16.02.1952 г.
Першая п'еса «Опекуны» была напісана ў 1904 г., аднак царская цэнзура не дала дазволу на пастаноўку. Такі самы лёс напаткаў і п'есы «Ужас времени» («Современный вампир»), «Ночь миллионера». На расейскай мове ў Пецярбургу апублікаваў п'есы «Мефистофель в интересном положении, или Женатый Мефистофель» (1909), «Графиня Эльвира» (апублікавана і пастаўлена ў 1910), «Рыцарь дон Фернандо» (1912, пастаўлена ў 1911), «Фабрика талантов» («Остановитесь!», 1912), «Театр купца Епишкина» (1915, пастаўлена ў 1914, у 1978 пастаўлена на Беларускім тэлебачанні), «Вова приспособился» (апублікавана і пастаўлена ў 1915), аднаактоўкі «Какой нахал!» (1914), «Не ревнуй!» (1915). Напісаў на беларускай мове і паставіў п'есы «Машэка» («У часы даўнейшыя», пастаўлена ў 1923), «Кастусь Каліноўскі» (1957, пастаўлена ў 1923, экранізавана ў 1928), «Каваль-ваявода» (1957, пастаўлена ў 1925), «Кар'ера таварыша Брызгаліна» (1957, пастаўлена ў 1925), «Перамога» («Хроніка нашых дзён», 1957, пастаўлена ў 1926), «Запяюць верацёны» (пастаўлена ў 1928), «Лён» (пастаўлена ў 1932). У 1934 г. апублікаваў п'есу «У вясновую ноч» (1934, ставілася гурткамі самадзейнасці). У 1957 г. выйшаў зборнік «П'есы».
Міронаў Аляксандар, нарадзіўся 23.11.1910 г. у г. Воршы ў сям'і чыгуначніка.
У 1928 г., адначасова з вучобай у школе, працаваў рабочым на будоўлях у Менску. Скончыў агульнаадукацыйныя курсы (1929). У 1930 г. - рэпарцёр газеты «Звязда». У тым самым годзе выехаў у Архангельск, працаваў журналістам, матросам. Удзельнік чалюскінскай эпапеі 1933-1934 гг. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў на Паўночным флоце. Удзельнічаў у баях, супрацоўнічаў у флоцкім друку. Пасля дэмабілізацыі (1946) вярнуўся ў Менск. У 1946-1947 гг. - уласны карэспандэнт газеты «Звязда», у 1947-1950 гг. - адказны сакратар рэдакцыі альманаха «Советская Отчизна», начальнік сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1939 г.
Памёр 15.12.1992 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).
Пісаў на расейскай мове. З літаратурна-мастацкімі творамі ў друку пачаў выступаць у 1930 г. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў «Морские будни» (Архангельск, 1932), «Поход «Челюскина» (нарыс, Архангельск, 1935), «Чукотские новеллы» (Архангельск, 1935), «Большое сердце» (1939), «Мужество» (Архангельск, 1942), «Крепость во льдах» (Масква - Ленінград, 1944), «Далеко на севере» (1947), «Остров розовых скал» (Архангельск, 1947), «Каменщик Петр Дудко и его звено» (нарыс, 1947), «Конец легенды» (1948), «Флаг корабля» (Масква, 1954), «По морям, по океанам» (1956), «Зачислен навечно» (нарысы, 1966), «Ледовая Одиссея» (Масква, 1966, 2-е выданне, Менск, 1978), «Коса на камень» (з М.Янушкам, 1967), «Через тысячу смертей» (1972), «Одно дело Зосимы Петровича» (з В.Крыжэвіч, 1989), раманы «Корабли выходят в океан» (1957), «Только море вокруг» (1960, дылогія ў 1962), «Не поле перейти» (з М.Янушкам, 1975). Выйшлі кнігі для дзяцей «Далеко на севере» (1947), «В стране голубых просторов» (1948), «Честное пионерское» (1950), «В краю полуночного солнца» (Іркуцк, 1951), «В чужих широтах» (1952), «На океанских дорогах» (Масква, 1952), «Сын докера» (1954), «Флаг корабля» (1954), «Это твои друзья» (Сімферопаль, 1954), «Завтрашний день республики» (з А.Канаевым, 1959), «Твое будущее» (1962), «Дорогой мой подросток» (1966), «Пути, которые мы выбираем» (1968), «Дзед Маўр» (1979, 2-е выданне, 1983). У 1970-1971 гг. і ў 1986 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
На расейскую мову пераклаў асобныя творы І.Гурскага, Я.Маўра, А.Стаховіча, П.Кавалёва і інш.
У яго літаратурнай апрацоўцы выйшлі дакументальныя аповесці В.Сабліна «Батька Минай» (1959), В.Паўлава «Идущие впереди» (1961), Я.Акушэвіча «Огни в родных лесах» (1964), запіскі партызан Н.Ратушнова «В боевом походе» (1960), П.Кавальскага «В Брестских лесах» (1970), М.Міхайлашава «Буря гнева» (1971), Д.Смірнова «Запіскі чэкіста» (1965), М.Казловай «Ухожу на задание» (1975), І.Цімашэнка «Солдаты милиции» (1976).
Місько Павал, нарадзіўся 14.03.1931 г. у вёсцы Старцавічы (цяпер Знамя) Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара давыд-гарадоцкай раённай газеты «Сцяг Леніна». У 1959-1964 гг. - уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гарадзенскай вобласці, у 1964-1967 гг. - літсупрацоўнік «Сельской газеты», у 1967-1971 гг. - загадчык аддзела культуры рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1971-1972 гг. - загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». З 1972 г. - загадчык рэдакцыі прозы, у 1976-1980 гг. - намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1968 г.
Першае апавяданне апублікаваў у 1958 г. (альманах «Брэст»). Выйшлі кнігі нарысаў «Адмаўленне ад крыжа» (1964), «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), зборнікі апавяданняў і аповесцей «Калодзеж» (1967), «Калянае лісце» (1974), зборнікі гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), раманы «Мора Герадота» (1976), «Градабой» (1980), «Хлопцы, чые вы будзеце...» (1990).
Выдаў кнігі прозы для дзяцей «Падарожжа ў калгас» (дакументальная аповесць, 1970), «Зямля ў нас такая» (1971), «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі» (1972), «Прыгоды Бульбобаў» (1977), «Грот афаліны» (1985), «Эрпіды на планеце Зямля» (1987).
Аўтар аднаактовых п'ес «Канфлікт мясцовага значэння» (калектыўны зборнік «Радзіма мая дарагая», 1989) і «Ліха крадзецца ціха».
Пераклаў на беларускую мову паэму М.В.Гогаля «Мёртвыя душы» (1990), паасобныя творы Ў.Цендракова, У.Лічуціна, Я.Носава, В.Бялова, перакладае таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.
Міхальчук Сяргей, нарадзіўся 14.08.1925 г. у вёсцы Скабін Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў сярэднюю школу ў Капылі (1941). У 1944 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Ўсходняй Прусіі. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі (1946) паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1951 г. скончыў універсітэт і быў накіраваны на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР (пазней - «Беларусь»). У 1972-1980 гг. - загадчык рэдакцыі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1972 г.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1972).
У друку выступае з 1949 г. (абласная газета «Пінская праўда»). Першае апавяданне для дзяцей надрукаваў у 1955 г. (газета «Піянер Беларусі»). Напісаў для дзяцей зборнікі апавяданняў, аповесцей «Сто прыгод за адзін дзень» (1963), «Паштальён, шырэй крок!» (1968), «Зялёны лісточак» (1974), «Першы след» (1985).
Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы А.Гайдара, Б.Жыткова, В.Біянкі, А.Вішні, Л.Панцялеева, В.Асеевай, Л.Варанковай, М.Дубава, Я.Пермяка, Ю.Смуула, Ч.Айтматава, І.Неверлі, зборнік украінскіх народных казак і інш.
Модэль Міхась (сапр. Модэль Мендэль), нарадзіўся 26.04.1904 г. у вёсцы Камень Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.
Скончыў тры курсы медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1924), вучыўся на педагагічным факультэце БДУ (да 1926). Быў на журналісцкай і партыйнай рабоце, працаваў у навуковых і тэатральных установах Беларусі. З 1937 г. у апараце СП БССР - кансультант, з 1940 г. адказны сакратар. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у тэатрах і ўстановах культуры Тамбова, Ташкента, Андзіжана, у пасляваенны час - загадчык літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета (1944-1945), у рэдакцыі часопіса «Полымя» (1945-1949). У 1949-1962 гг. літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1934 г.
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 26.10.1980 г.
Літаратурна-крытычнай працай пачаў займацца з 1926 г. Выдаў зборнік артыкулаў «Тэатр і драматургія» (1935), брашуру «Ларыса Пампееўна Александроўская» (1945), кнігу нарысаў «Народныя артысты БССР» (1948).
Моркаўка Аркадзь, нарадзіўся 26.01.1900 г. у вёсцы Зазер'е Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
Скончыў курсы тэлеграфістаў у Менску (1916) і працаваў тэлеграфістам на станцыі Менск (1916-1924). Вучыўся ў Віцебскім электрамеханічным тэхнікуме (1924-1927) і на энергетычным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1934) працаваў інжынерам у Менску на заводзе «Беларусь», у Палаце мер і вагі. У гады Вялікай Айчыннай вайны - удзельнік Менскага падполля. У пасляваенны час працягваў працу ў Палаце мер і вагі, адначасова выкладаў на энергетычным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута.
Памёр 24.04.1957 г.
Першыя вершы надрукаваў у 1922 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Дым жыцця» (1928), «Гады, як ветразі» (1959), «Вершы» (1973).
Мрый Андрэй (сапр. Шашалевіч Андрэй), нарадзіўся ў 1893 г. у вёсцы Палуж Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і валаснога пісара.
Атрымаў семінарскую адукацыю. Быў прапаршчыкам у царскай арміі. У 1918-1921 гг. служыў у Чырвонай Арміі. У 1921-1926 гг. настаўнічаў у Краснаполлі ў школе II ступені (выкладаў гісторыю і французскую мову). У 1926-1930 гг. - інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР. Быў сябрам «Узвышша». У 1934 г. рэпрэсіраваны, асуджаны тройкай АДПУ на 5 гадоў ссылкі. Справа пераглядалася. Зноў арыштоўваўся ў 1940 г. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай, Мурманскай абласцях, працаваў бухгалтарам у леспрамгасе, рыбным кааператыве, выкладчыкам літаратуры ў школе. У час арышту ў Мурманску ўсё створанае ў ссылцы (раман «Жывы дом», аповесці, навелы) было канфіскавана. Рэабілітаваны 06.01.1961 г.
Памёр 08.10.1943 г. у лагеры на Поўначы.
Першы твор апублікаваў у 1924 г. (газета «Савецкая Беларусь»). Друкаваўся ў «Голасе беларуса» (Вільня), «Узвышшы», «Чырвоным сейбіце». Аўтар сатырычнага рамана «Запіскі Самсона Самасуя» (часопіс «Узвышша», 1929; «Полымя», 1988, пастаўлены тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя», 1990), нарысаў і апавяданняў. Некаторыя перадрукаваны часопісамі «Маладосць», «Полымя», надрукаваны таксама лісты «Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну» (1988).
Пераклаў на беларускую мову «Тыса гаворыць» Б.Іллеша (1932), «Шляхамі ўзбочнымі» П.Загаруйкі (1932).
Муравейка Іван, нарадзіўся 21.10.1921 г. у вёсцы Таль Любанскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1939 г. скончыў Любанскую сярэднюю школу і паступіў у Менскі камуністычны інстытут журналістыкі. У канцы года прызваны ў Чырвоную Армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім, Данскім, 3-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах. Быў паранены. У 1945-1947 гг. у складзе Цэнтральнай групы войск служыў у Германіі. У 1947 г. дэмабілізаваны. У 1948-1952 гг. працаваў адказным сакратаром і рэдактарам любанскай раённай газеты «Кліч Радзімы». У 1964 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, працаваў адказным сакратаром любанскай раённай газеты «Будаўнік камунізма». Жыве ў Любані. Сябра СП СССР з 1953 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I (двойчы) і II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1982).
У друку выступіў у 1936 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка вершаў «Песня над палямі» (1955), кніжак вершаў для дзяцей «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Дружная сямейка» (1961), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Лясное возера» (1970), «Мы таксама падрасцём» (1971), «Дуб і дубок» (1977), «Няхай сонца не заходзіць» (вершы, паэмы, казкі, 1981), «Я прыдумаў казку» (1985).
У сааўтарстве з А.Андруховічам напісаў кнігу «На зямлі камунараў» (1979).
Мурашка Рыгор, нарадзіўся 16.02.1902 г. у вёсцы Бязверхавічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў народнай школе. У 1916 г. скончыў двухкласную валасную школу, у 1917-1918 гг. вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Удзельнічаў у барацьбе з польскімі акупантамі на Случчыне (1919-1920). У 1920-1921 і 1924-1926 гг. служыў у Чырвонай Арміі. У 1921-1924 гг. - на савецкай і партыйнай рабоце. Сябра «Маладняка». Адказны сакратар часопіса «Бальшавік Беларусі» (1926-1929), загадчык аддзела мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1930-1933). У час Вялікай Айчыннай вайны (з 1943) у радах падпольшчыкаў Менска, затым - у партызанскім атрадзе на Лагойшчыне. Сябра СП СССР з 1934 г.
Загінуў у красавіку 1944 г. у час прарыву блакады.
Першы празаічны твор апублікаваў у 1924 г. (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926), «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), аповесці «У іхнім доме» (1929), раманаў «Сын» (1929), «Салаўі святога Палікара» (1967). У сааўтарстве з Н.Гарнічам напісаў кнігу «Бацька Бажэнка: Запіскі Тарашчанца» (1935).
Мушынскі Міхась, нарадзіўся 24.01.1931 г. у вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і служачага.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955), да лістапада 1956 г. працаваў рэдактарам Універсітэцкага выдавецтва. З 1956 г. - навуковы супрацоўнік, з 1979 г. - загадчык сектара (цяпер аддзела) выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1973 г.
Узнагароджаны медалямі.
Выступае ў жанры крытыкі і літаратуразнаўства з 1956 г. Напісаў манаграфіі «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965), «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (з В.Каваленкам, А.Яскевічам, 1972), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20-30-я гады» (1975), «Беларускае савецкае літаратуразнаўства» (1979), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 40-я - першая палавіна 60-х гг.» (1985), «Літаратура і ідэалагічная барацьба»: Некаторыя аспекты фальсіфікацыі беларускай літаратуры на Захадзе» (1987), «Каардынаты пошуку: Беларуская крытыка: набыткі, перепектывы» (1988), а таксама кнігі «Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці» (1982), «І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры» (1990). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977) і «Истории белорусской советской литературы» (1977). Як тэкстолаг кіраваў падрыхтоўкай і ажыццяўленнем выдання навукова каменціраваных Збораў твораў (І.Мележа ў 10, М.Лынькова ў 8, М.Гарэцкага ў 4, П.Пестрака ў 5, З.Бядулі ў 5, П.Броўкі ў 9, М.Зарэцкага ў 4 тамах).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».
Мыслівец Валянцін, нарадзіўся 09.05.1937 г. у вёсцы Хазянінка Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў тэхнічную навучальню ў Менску па спецыяльнасці майстар-будаўнік (1956). Служыў у марскіх пагранічных часцях (1956-1957). Працаваў мантажнікам у Менскім будаўніча-мантажным упраўленні радыёфікацыі (1958), мадэльшчыкам на заводзе аўтаматычных ліній (1959-1964). З 1965 г. - літсупрацоўнік рэдакцыі «Чырвоная змена», з 1967 г. - рэдактар на Беларускім радыё. У 1967 г. скончыў вячэрняе аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1976 г. - галоўны рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1980 г. - рэдактар аддзела нарыса часопіса «Полымя», з 1983 г. - літкансультант «Сельской газеты», у 1987-1988 гг. - начальнік аддзела Беларускага фонду культуры. Сябра СП СССР з 1967 г.
У друку выступае з 1962 г. Выдаў нарысы «Калі табе камсамолец імя» (1966), «Мае заводчыкі» (1969), «Рабочыя людзі» (1973), «Крылаты канвеер» (1975), «Партрэты знаёмых» (1976), «Скрыль мёду» (1984), «Лясная кладоўка» (1986), «Культурны пласт перабудовы» (1988). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Дубы не маўчаць» (1967), «Гарачая сталь» (1971), «Каханне на золаку» (1986), рамана «Мужанцы» (1982), дакументальнай аповесці «Выгнанне грэшнікаў» (1990).
Зрабіў літаратурны запіс кніг М.Куско «С именем Ленина в сердце» (1967), І.Макарэвіча «Гаспадар на зямлі» (1989).
Мяжэвіч Уладзімір, нарадзіўся 23.05.1907 г. у пасёлку Якаўлевічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1925 г. працаваў загадчыкам хаты-чытальні, загадваў аддзелам прапаганды ў Копыскім, Горацкім райкамах камсамола. У 1927-1929 гг. - сакратар Горацкага райкама камсамола. У 1929 г. накіраваны на працу ў рэдакцыю газеты «Звязда», дзе спачатку быў літсупрацоўнікам, потым загадваў аддзелам культуры. Адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні літаратурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930-1932). У 1933 г. рэдагаваў бягомльскую раённую газету «Калгасны змагар». У 1934-1937 гг. - карэспандэнт «Известий» па Беларускай ССР. У 1937 г. рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір. Працаваў лесарубам, брыгадзірам, майстрам лесу, галоўным інжынерам і дырэктарам леспрамгаса. У 1956 г. рэабілітаваны. У 1956-1957 гг. - карэспандэнт газеты «Лесная промышленность» па Беларускай ССР. Сябра СП СССР з 1971 г.
Памёр 01.07.1982 г.
У друку пачаў выступаць у 1925 г. Выдаў кнігі нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Землям» (1969), «Спатканні на дарогах: Запіскі карэспандэнта» (1978). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Шляхам герояў» (1932), «Яны былі першымі» (апавяданні і нарысы, 1970), «Аксамітны бляск» (1971). Напісаў кніжкі апавяданняў для дзяцей «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).
Мяла Іван, нарадзіўся 03.07.1918 г. у вёсцы Сцяпок Старадубскага раёна Бранскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.
Скончыў Асташкоўскі ветэрынарны тэхнікум (1939). Служыў у Чырвонай Арміі намеснікам палітрука, ваенветфельчарам. У 1943-1947 гг. вучыўся ў Ваенна-ветэрынарнай акадэміі. У 1947 г. паступіў на апошні курс Маскоўскага зааветэрынарнага інстытута і ў гэтым жа годзе скончыў яго. Працаваў ветлекарам у Старадубскім раёне (1947-1948), дырэктарам міжраённай калгаснай школы (1949-1952). У 1956 г. скончыў аспірантуру пры Ўсесаюзным інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі. У 1958-1962 гг. - навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі ў Далёкаўсходнім навукова-даследчым ветэрынарным інстытуце, у 1962-1979 гг. - навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі. Кандыдат ветэрынарных навук. Сябра СП СССР з 1967 г. Жыве ў пасёлку Кунцаўшчына Менскага раёна.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Першае апавяданне апублікаваў у 1947 г. (часопіс «Огонёк»). Піша на расейскай мове. Змяшчаў нарысы ў бранскім альманаху «Край родной» і ў часопісе «Дальний Восток». Надрукаваў аповесці «Передний край» (часопіс «Неман», 1964), «Бытень» (часопіс «Наш современник», 1966), «Отлучка» (часопіс «Неман», 1977), «Засуха» (часопіс «Неман», 1987), «Карантин» (часопіс «Неман», 1989). Асобнымі выданнямі выйшлі нарысы «Нижневские животноводы» (Бранск, 1951), «Стародуб» (Бранск, 1951) і «Горит в степи маяк» (Благавешчанск, 1962), п'еса «Дело чести» (Масква, 1963), кніга аповесцей і апавяданняў «Настенькины смотрины» (1969), раманы «Низовские партизаны» (Благавешчанск, 1962), «Верность» (Масква, 1969), «Раскол» (1972), «Искушение Гарпины» (1975), «Повстанцы» (1980), «Принада» (1982), «Овсяный бунт» (1986).
Мятліцкі Мікола, нарадзіўся 20.03.1954 г. у вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці (вёска выселена ў 1986 г. пасля аварыі на Чарнобыльскай АС) у сялянскай сям'і.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1977), працаваў карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва», з 1983 г. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1981 г.
Першыя вершы змясціў на старонках хойніцкай газеты «Ленінскі сцяг» у 1969 г. Аўтар кніг вершаў «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985), «Ружа вятроў» (вершы і паэмы, 1987), «Горкі вырай» (1989), «Шлях чалавечы» (1989).
Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986) за кнігу паэзіі «Мой дзень зямны».