З


Забалоцкая Людміла (сапр. Саламаха Людміла), нарадзілася 27.12.1949 г. у горадзе Крычаў Магілеўскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1968 г. скончыла Крычаўскую медыцынскую навучальню, працавала карэспандэнтам чавускай раённай газеты «Іскра». У 1974 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1974-1984 гг. - навуковы рэдактар у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя П.Броўкі. Сябра СП СССР з 1990 г.

Друкуецца з 1968 г. Выдала зборнікі вершаў «Сакавік» (1974), «Радаводны васілёк» (1981), «Святло палыну» (1989).

Загорская Ніна, нарадзілася 16.07.1940 г. у вёсцы Загор'е Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962). Дзесяць год працавала старшым рэдактарам на Берасцейскай студыі тэлебачання. У 1974 г. скончыла Менскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1973 г. накіравана на працу адказным сакратаром у рэдакцыю газеты «Зорька». З 1976 г. - адказны сакратар рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач Беларускага радыё, з 1980 г. - намеснік галоўнага рэдактара літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1981 г. - загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя», з 1982 г. - галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1982 г.

У друку выступае з 1958 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Радар» (1975), «Явар» (1982), «Мне добра з вамі» (вершы і паэмы, 1989). Асобныя вершы пакладзены на музыку.

Пераклала на беларускую мову кнігу апавяданняў Х.Гюльназарана «Калі я быў маленькі» (1986), драматычную паэму Л.Украінкі «Апантаная» (1989), дакументальную драму С.Віеса і Ю.Бэбрыша «Райніс і Аспазія» (1989, пастаўлена ў 1990), паасобныя вершы паэтаў народаў СССР і замежных краін.

Уклала кнігі драматургіі «Галоўны экзамен» (1987), «І засталася каса ў пракосе» (1988), «Радзіма мая дарагая» (1989), «Салют» (1990), з А.Селязнёвай «Крок у бессмяротнасць» (1984), «Крынічка» (для тэатраў лялек, 1985), «Каля роднай хаты» (1987), «Чалавек на зямлі - гаспадар» (1989).

Выступае і як публіцыст, крытык.

Зазека Язэп, нарадзіўся 24.06.1907 г. у вёсцы Востраў Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і батрака.

Скончыў літаратурны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску (1936), а таксама аспірантуру пры гэтым інстытуце (1940). Працаваў намеснікам дырэктара Беластоцкага педагагічнага інстытута. У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны - на падпольнай рабоце ў заходніх абласцях Беларусі, а з красавіка 1943 г. - рэдактар газеты «Свіслацкая праўда», што выдавалася пры партызанскай брыгадзе імя Чапаева Беластоцкага злучэння. Пасля вызвалення Беларусі працаваў намеснікам дырэктара, дэканам Менскага педагагічнага інстытута. У 1949-1952 гг. загадваў кафедрай расейскай літаратуры ў Адэскім педінстытуце. У 1952-1973 гг. - дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1967 г.

Узнагароджаны польскім ордэнам Крыж партызанскі, медалямі.

Памёр 27.08.1977 г.

Друкавацца пачаў у 1930 г. Выдаў зборнік апавяданняў «Рукою ворага» (1932), зборнік нарысаў «Партызанскія сцежкі» (1959), кніжкі апавяданняў для дзяцей «Лясныя сябры» (1966), «Сонечны алень» (1969), «Трывожная ноч» (апавяданні і нарысы, 1972).

Аўтар брашуры «Вялікі і вечна жывы: Вобраз У.І.Леніна ў беларускай народнай творчасці» (1968), паасобных артыкулаў пра беларускі фальклор. Укладальнік зборнікаў партызанскай творчасці «Песні барацьбы» (з М.Меяровіч і С.Карабанам, 1946), «Лясныя песні» (1970, 2-е дапоўненае выданне ў 1974).

Зайцаў Сяргей, нарадзіўся 21.06.1954 г. у горадзе Свярдлоўску (Расея) у сям'і ваеннаслужачага.

У 1977 г. скончыў Карагандзінскі медыцынскі інстытут. Працоўную дзейнасць пачаў лекарам-педыятрам у акцябрскай раённай бальніцы Тургайскай вобласці Казахстана. У 1978 г. пераехаў у Менск. Працаваў старшым мастаком-рэдактарам у Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР. У 1979-1981 гг. - галоўны лекар ямінскай сельскай бальніцы Любанскага раёна. У 1981 г. вярнуўся ў Менск, працуе лекарам у паліклініцы. Сябра СП СССР з 1989 г.

У друку пачаў выступаць з 1978 г. (акцябрская раённая газета «Новь», Казахстан). Піша на расейскай мове. Аўтар рамана-быліны «Побеждая - оглянись» (1986).

Законнікаў Сяргей, нарадзіўся 16.09.1946 г. у вёсцы Слабада Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1969). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Клетнаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна (1969-1970). Пасля - літсупрацоўнік ушацкай раённай газеты «Патрыёт» (1970-1971), сакратар Ушацкага райкома камсамола (1972-1975). З сакавіка 1975 г. - карэспандэнт, загадчык аддзела газеты «Чырвоная змена», з кастрычніка 1975 г. - карэспандэнт газеты «Звязда». З 1978 г. інструктар, з 1979 г. загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ, з 1986 г. - галоўны рэдактар часопіса «Полымя». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1977 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.

Першы верш апублікаваў у 1963 г. (газета «Віцебскі рабочы»). У 1970 г. у калектыўным зборніку «Рунь» надрукавана падборка вершаў. Аўтар зборнікаў паэзіі «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (вершы і паэма, 1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (вершы і паэмы, 1981), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (вершы, паэмы, 1986), «Сутнасць» (вершы і паэма, 1987), «Вечная далеч» (1987).

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы расейскіх, украінскіх, грузінскіх і летувіскіх паэтаў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя. А.Куляшова (1982) за кнігу вершаў «Пакуль жыве мая бяроза».

Замоцін Іван, нарадзіўся 01.11.1873 г. у вёсцы Крывуліна Бежацкага раёна Цвярской вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне гісторыі і славеснасці Пецярбургскага гісторыка-філалагічнага інстытута (1897). Працаваў настаўнікам гімназіі ў Варшаве, Пецярбургу. З 1904 г. быў прыват-дацэнтам Варшаўскага, а потым Пецярбургскага ўніверсітэтаў. З 1908 г. - прафесар Варшаўскага, у 1917-1922 гг. - Данскога ўніверсітэтаў. З 1922 г. - прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, чытаў курс методыкі выкладання літаратуры. З 1931 г. - прафесар Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова (з 1925) працаваў у Інстытуце беларускай культуры, затым у АН БССР. 04.04.1938 г. быў арыштаваны, 05.08.1939 г. асуджаны да 8 год выпраўленча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны 18.04.1956 г. Акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР, доктар філалагічных навук, прафесар.

Памёр у лагеры 25.05.1942 г.

Пісаў на расейскай і беларускай мовах. Навуковыя працы прысвечаны гісторыі літаратуры XVIII-XIX і беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзяў. Адзін з пачынальнікаў беларускага савецкага літаратуразнаўства. Першая кніга «Ранние романтические веяния в русской литературе» надрукавана ў 1900 г. у Варшаве. Затым былі выдадзены працы «Предание о Вадиме Новгородском в русской литературе» (Варонеж, 1901), «Романтизм двадцатых годов XIX ст. в русской литературе» (Варшава, 1903-1907, т. 1-2), «Литературные эпохи XIX столетия: Очерки по истории русской литературы» (Варшава, 1906, вып. 1-6), «Романтический идеализм в русском обществе и литературе 20-30-х годов XIX ст.» (Санкт-Пецярбург, 1907), «Сороковые и шестидесятые годы» (Варшава, 1911), «Ф.М.Достоевский в русской критике, 1846-1881» (Варшава, 1913, ч. 1), «М.Ю.Лермонтов» (Варшава, 1914), «Единство русской культуры» (Харкаў, 1919). У Менску выйшлі «На переломе: Схема литературных исканий XIX-XX вв.» (1927), «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Вып. 1-2» (1927-1928), «А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці» (1937), а таксама некалькі метадычных распрацовак па пытаннях выкладання мовы і літаратуры. Шэраг работ надрукаваны ў 20-30-я гг. у «Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», у часопісах «Узвышша», «Полымя». Крытыка-біяграфічны нарыс пра М.Багдановіча змешчаны ў 1 томе Збору твораў паэта (Менск, 1927). Даследаваў таксама творчасць І.Тургенева, І.Ганчарова, М.Някрасава, Л.Талстога, А.Серафімовіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, П.Глебкі, К.Крапівы і іншых пісьменнікаў.

Зарыцкі Аляксей, нарадзіўся 22.03.1911 г. у гарадскім пасёлку Хоцімск Хоцімскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і служачага.

У 1928 г. скончыў сярэднюю школу ў Бабруйску, працаваў электраманцёрам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1936 г. скончыў Маскоўскі інстытут замежных моў. З 1938 па 1946 г. служыў у Савецкай Арміі. у 1941-1942 гг. удзельнічаў у баях пад Арлом і Масквой, будучы памочнікам начальніка разведаддзела штаба аднаго з паветрана-дэсантных карпусоў. Затым у якасці інструктара армейскага палітаддзела прымаў удзел у баявых аперацыях на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Быў супрацоўнікам, пасля загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1935 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Памёр 29.10.1987 г.

Першы верш надрукаваў у 1927 г., а ў 1932 г. выйшаў першы зборнік вершаў «Эпічныя фрагменты». У пасляваенны час выдаў кнігі паэзіі «Дняпроўскае рэха» (1946), «Арліная крыніца» (1947), «Наш сын» і «Світанскія сады» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Залатое дно» (1955), «Праз бурныя парогі» (1957), «Пасылка ў рай» (1960), «Размова з сэрцам» (1961), «Вяртанне на зямлю» (1966), «Мая асяніна» і «У дарогу» (1973), «Талоны на бяссмерце» і «Пераклічка гадоў» (1974), «Каля вячэрняга кастра» (1979), «Трывожная госця» (1986). У 1965 г. выдадзена кніга апавяданняў на расейскай мове «Вересковый мед», У 1985 г. - кніга ўспамінаў, крытычных артыкулаў, нарысаў «За словам-падарункам». У 1969 і ў 1981 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Перакладаў з расейскай, украінскай, летувіскай, нямецкай, польскай, лужыцка-сербскай моў. Асобнымі кнігамі выйшлі зборнік А.Туманяна «Казкі і легенды» (1958), паэма К.Данелайціса «Чатыры пары года» (1961), балада А.Міцкевіча «Свіцязанка» (1976) і кніга выбраных перакладаў «У свет па песні» (1978).

Зарэмба Міхась, нарадзіўся 02.01.1941 г, у вёсцы Знаменка Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

Пасля заканчэння Лагойскай сярэдняй школы № 1 - калгаснік, памочнік брыгадзіра калгаса «Перамога» (1957-1960). У 1965 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1965 г. - літсупрацоўнік, з 1968 г. - загадчык аддзела школьнага і піянерскага жыцця газеты «Піянер Беларусі». З 1989 г. працуе загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дзяцей малодшага школьнага ўзросту выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1989 г.

Узнагароджаны медалём.

Першы верш апублікаваў у 1956 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў для дзяцей «Камандзір зялёнага патруля» (1967), «Загадка без адгадкі» (1972), «Бі, барабан!» (1972), «Хто каго?» (1978), «Пераправа» (1987), «Сакрэт тэлепата» (1989).


Зарэцкі Міхась (сапр. Касянкоў Міхаіл), нарадзіўся 20.11.1901 г. у сяле Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і дзяка.

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам. У 10 год аддадзены ў Аршанскую духоўную навучальню, а затым - у Магілеўскую духоўную семінарыю, якую пакінуў, калі пачалася рэвалюцыя. Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. З лютага 1919 г. настаўнічаў на Магілеўшчыне, потым прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. У 1920-1926 гг. - палітработнік Чырвонай Арміі. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», з 1927 г. - у аб'яднанне «Полымя». Да лістапада 1936 г. працаваў у АН БССР. 03.10.1936 г. арыштаваны. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. адменены Вярхоўным судом БССР 07.12.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1922 г. у газеце «Савецкая Беларусь». У 1925 г. выйшлі з друку два зборнікі апавяданняў «У віры жыцця» і «Пела вясна». Услед за імі - «Пад сонцам» (1926), «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» (1926), «На чыгунцы» (1928), «Ракавыя жаронцы» (1930, уключаны і п'есы «Віхор на балоце» і «Белыя ружы»), апавяданне «Бацькаў сын» (1932), аповесць «Голы звер» (1926), раманы «Сцежкі-дарожкі» (1928), «Вязьмо» (1932), кніжкі нарысаў «Падарожжа на новую зямлю» (1929), «Лісты ад знаёмага» (1931). Аўтар п'ес «Сымон Карызна» (1935), «Ная» (1936) і інш., а таксама кінасцэнарыя «Пачатак шчасця». У 1975 г. выдадзены зборнік выбраных апавяданняў «Пачатак шчасця», у 1989-1991 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах. Выступаў і як крытык.

Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Ф.Гладкова (1930), «Прыгода ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака (ч. 1, 1931).

Засім Мікола, нарадзіўся 19.11.1908 г. у вёсцы Шані Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працаваў па найме, на Пружанскім лесапільным заводзе. У 1924 г. уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, затым у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. За ўдзел у рэвалюцыйным руху польскія ўлады яго не раз арыштоўвалі. У 1925 г. зняволены ў пружанскую турму. Пасля ўз'яднання (1939) абраны старшынёй Шанеўскага сельсавета. У час Вялікай Айчыннай вайны - партызан, інструктар Берасцейскага абласнога антыфашысцкага камітэта. У 1944-1946 гг. - загадчык аддзела Пружанскага райвыканкома. Пасля заканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ (1948) працаваў у берасцейскай абласной газеце «Заря» (1948-1957), затым - у раённай газеце «Заря над Бугом». Кіраваў абласным літаб'яднаннем. Сябра СП СССР з 1945 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 19.07.1957 г.

Вершы пачаў друкаваць у 1928 г. у часопісах «Маланка», «Літаратурная старонка», «Асва», газетах «Наша воля», «Наша праца», у Айчынную вайну - у падпольных газетах «Заря», «За Родину». Выйшлі зборнікі паэзіі «Ад шчырага сэрца» (1947), «Вершы» (1954), «Выбранае» (1960), «Вершы» (1973), «А за намі Белавежа» (вершы і паэма, 1984).

Звонак Алесь (сапр. Звонак Пётар), нарадзіўся 14.02.1907 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.

Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі (1925) накіраваны адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». Узначальваў полацкую філію «Маладняка». З 1927 г. працаваў на Беларускім радыё, з 1929 г. - у часопісе «Маладняк». У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1934 г. - аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Працаваў у АН БССР (1934-1935), у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1935-1936). У лістападзе 1936 г. арыштаваны, у 1937 г. асуджаны на 10 год зняволення, якое адбываў у лагерах Магаданскай вобласці. Пасля адбыцця тэрміну працаваў геолагам аб'екта, галоўным геолагам прадпрыемства (Магаданская вобласць). 29.12.1954 г. Вярхоўным судом рэабілітаваны. З 1955 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1936 г.

Узнагароджаны медалём.

З вершамі ў друку выступіў у 1925 г., а ў 1926 г. разам з Я.Бобрыкам і Я.Туміловічам выдаў зборнік «Пунсовае ранне». Аўтар зборнікаў вершаў «Буры ў граніце» (1929), «На лінію агню» (1932), «Мая Радзіма» (1935), «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961, вершы і паэмы), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (вершы і паэма, 1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), паэм «Каршун» (1930) і «Загай» (1931). У 1977 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1987 г. - «Сябрына: Выбраныя творы».

Выступае ў галіне крытыкі, драматурпі тэатра і кіно. Аўтар п'есы «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» (1960, пастаўлена ў 1959), сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). У 1973 г. выдаў кнігу артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы».

Пераклаў на беларускую мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з удэге» А.Фадзеева (з М.Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з М.Хведаровічам, 1966), зборнік лірыкі Д.Кугульцінава «Святло жанчыны» (1975), асобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, М.Святлова, У.Лугаўскога, А.Пракоф'ева, Я.Смелякова, М.Галоднага, М.Рыльскага. М.Бажана, П.Тычыны, А.Малышкі, У.Сасюры, Т.Масэнкі, Р.Гамзатава, А.Туманяна, І.Бехера, У.Кавальскага, Ю.Славацкага і інш.

Знаёмы Сяргей (сапр. Клопаў Сяргей), нарадзіўся 27.06.1909 г. у вёсцы Звоня Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Падлеткам працаваў рабочым на запалкавай фабрыцы «Чырвоная Бярэзіна» ў Барысаве. Быў рабкорам, затым рэдактарам шматтыражнай газеты «Чырвоны Бярэзінец». У 1930 г. скончыў літаратурна-крытычнае аддзяленне літаратурна-лінгвістычнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута. Выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 11 у Барысаве. З вясны 1936 г. працаваў літаратурным рэдактарам на Беларускім радыё. Арыштаваны 26.11.1936 г. 04-05.10.1937 г. асуджаны на 8 год зняволення ў лагеры. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 29.12.1954 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

20.01.1944 г. уцёк з Паўночна-Усходняга лагера, і звестак пра яго далейшы лёс няма.

У друку выступаў з 1929 г. Аўтар кнігі падарожных нататак «Відагоршчы» (1930), зборнікаў нарысаў «Дом № 31» (1930), «За дамбаю» (1931), «Лес гарыць» (1932), аповесцей «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1935).

Запісваў і даследаваў беларускі фальклор. Займаўся мастацкім перакладам з расейскай, украінскай і іншых моў.

Зуб Валянцін, нарадзіўся 09.01.1915 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.

Пасля заканчэння Менскага хіміка-тэхналагічнага тэхнікума харчовай прамысловасці (1935) працаваў на хлебазаводзе ў г. Вялікі Ўсцюг Валагодскай вобласці, затым у Менску ў трэсце «Галоўхлеб». У 1939 г. паступіў на сцэнарны факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве, які скончыў у 1943 г. У першы ваенны год быў у народным апалчэнні. Працаваў сцэнарыстам на сцэнарнай студыі ў Маскве (1943-1944), старшым рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм» (1944-1946), фельетаністам, загадчыкам аддзела рэдакцыі часопіса «Вожык» (1946-1975). Сябра СП СССР з 1952 г.

Памёр 11.08.1980 г.

Узнагароджаны медалямі.

Першае апавяданне надрукаваў у 1938 г. (часопіс «Полымя рэвалюцыі»). Аўтар аповесці для дзяцей «Таямнічы надпіс» (1953), зборнікаў апавяданняў «Сапернікі» (гумарыстычныя творы, 1958), «Пад вясновым сонцам» (1960), «Як Толік праславіўся» (1962), «Чорны кот» (гумарыстычныя творы, 1973). У 1985 г. выйшла кніга аповесцей і апавяданняў «Таямнічы надпіс».

Выступаў і ў галіне драматургіі. Выйшлі зборнікі п'ес «Дружная сям'я» (1955), «Злавацца не трэба» (1961, аднайменная п'еса пастаўлена ў 1960), «Аперацыя «Шафа» (1967), «П'есы» (1972), «Нарада ў загсе» (1972), «Не спяшайцеся караць» (1975), «Тыдзень вечнага кахання» (1982), «Надзейная апора» (1985), п'есы «Сябры» (1960, з Ю.Багушэвічам, пастаўлена ў 1958), «Марат Казей» (1963, пастаўлена ў 1964), «Нечаканае знаёмства» (1963, пастаўлена ў 1962), «Юнацтва рыцара» (1972, пастаўлена ў 1970), «Тыдзень вечнага кахання» (1976, пастаўлена аперэта на музыку Ю.Семянякі ў 1975), шэраг аднаактовак. Напісаў некалькі сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў (фільм «Фіноз» атрымаў дыплом на Міжнародным фестывалі дакументальных фільмаў у Чэхаславакіі ў 1964 г.).

Зуёнак Васіль, нарадзіўся 03.06.1935 г. у вёсцы Мачулішча Крупскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1954 г. скончыў Барысаўскую педагагічную навучальню і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочае юнацтва» (Менск), з 1960 да 1966 г. - у газеце «Піянер Беларусі». Быў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1972-1978). У 1966-1972 гг. - намеснік галоўнага рэдактара, у 1978-1982 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». У 1982-1989 гг. - сакратар, у 1989-1990 гг. - першы сакратар, з 1990 г. - старшыня СП Беларусі. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1966 г.

Выступае ў друку з вершамі з 1954 г. Аўтар кніжак паэзіі «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам'е» (1984), «Жніўны дзень: Выбранае» (1985), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), зборніка гумарыстычных вершаў «Качан на п'едэстале» (1973), кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Лінія высокага напружання» (1983). Напісаў кніжкі нарысаў і замалёвак для дзяцей «Любіць прыроду - любіць Радзіму» (1962), «Працай славіцца чалавек» (1963) і паэтычныя зборнікі «Вясёлы калаўрот» (1965), «Жылі-былі пад вадой» (1969), «Сонечны клубочак» (1972), «Будзем сілы набірацца» (1974), «Шапка-ўсёвідзімка» (1983), «Хата, поўная гасцей» (1987).

Перакладае з расейскай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і іншых моў. Разам з Р.Барадуліным пераклаў кніжку вершаў У.Лучука «Возера-Бульдозера» (1978).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за кнігу вершаў «Сяліба», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1982) за паэму «Маўчанне травы».

Зьніч (сапр. Бембель Алег), нарадзіўся 16.12.1939 г. у горадзе Менску ў сям'і скульптара.

Вучыўся на энергетычным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1956-1959). Скончыў Менскую музычную навучальню (1963) і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (1969) па спецыяльнасці фартэпіяна. Працаваў выкладчыкам у музычных школах Менска, у гарадах Глыбокім Віцебскай вобласці і Тарусе Калужскай вобласці. У 1971-1974 гг. - аспірант Інстытута філасофіі і права АН БССР, у 1974-1983 і 1984-1987 гг. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Сябра СП СССР з 1989 г.

У друку з вершамі пачаў выступаць у 1979 г. Аўтар кніг паэзіі «Рэха малітвы» (Нью-Ёрк, 1988), «Саната ростані» (Беласток, 1988). У Беларусі вершы друкаваліся ў калектыўным зборніку «Крыло» (1984), у «Днях паэзіі» (1982, 1983, 1984), у газетах «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», «Крыніца».

Выступае з філасофска-эстэтычнымі даследаваннямі, прысвечанымі праблемам нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў мастацкай культуры. Напісаў працу «Н.Г.Чернышевский и проблемы национального в духовной культуре» («Н.Г.Чернышевский и его наследие». Новасібірск, 1980). У 1985 г. у Лондане выйшла філасофска-сацыялагічнае даследаванне «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс».

Загрузка...