У


Уксусаў Дзмітры, нарадзіўся 15.05.1915 г. у горадзе Янакіева Данецкай вобласці (Украіна) у сям'і рабочага.

Працоўны шлях пачаў у 1932 г. токарам на Янакіеўскім металургічным заводзе. У 1936 г. працаваў сакратаром у раённай газеце «Ленинское знамя» (г. Тосна Ленінградскай вобласці), адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні Ленінградскага інстытута інжынераў камунальнай гаспадаркі. У час Вялікай Айчыннай вайны - баец партызанскага атрада, адказны сакратар абласной газеты «Ленинградский партизан». Пасля вызвалення Тоснянскага раёна (1944) - рэдактар раённай газеты, адказны рэдактар ноўгарадскай газеты «Звязда», адказны сакратар абласной газеты «Новгородская правда». У 1948 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС і накіраваны на працу рэдактарам баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная звязда». Працаваў у рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара (1952-1959), загадчыкам рэдакцыі ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1959-1964), дырэктарам выдавецтва «Навука і тэхніка» (1964-1968), адказным сакратаром часопіса «Служба быту Беларусі» (1968-1975). Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 19.09.1989 г.

Апавяданні і нарысы пачаў пісаць у даваенныя гады. Пісаў на расейскай мове. Аўтар кніг прозы «Ранний ветерок» (аповесць і апавяданні, 1959), аповесці «Я - твой друг» (1962, 2-е дапрацаванае выданне ў 1965) і публіцыстычнай кніжкі «Постоянно действующий агитпункт» (Масква, 1961).

Усікаў Якуб, нарадзіўся 20.09.1919 г. у вёсцы Кадзіна Магілеўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Магілеўскім палітасветтэхнікуме, затым на літаратурна-лінгвістычным факультэце Менскага педагагічнага інстытута. З трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне (скончыў у 1940). Працаваў дырэктарам сярэдняй школы ў Вялікім Сяле Дзяржынскага раёна (1937-1939), выкладчыкам мовы і літаратуры ў Мар'інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. У час Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам на Магілеўшчыне, потым - у Савецкай Арміі на 2-м Беларускім фронце. Быў паранены. Пасля вайны вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1947-1949) і працаваў у газеце «Чырвоная змена» (1945-1949). У 1949-1975 гг. - загадчык кафедры беларускай літаратуры Магілеўскага педінстытута, дацэнт таго ж інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1951 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

З рэцэнзіямі і артыкуламі пачаў выступаць у 1946 г. Выдаў манаграфіі «Драматургія Кандрата Крапівы: Нарысы аб станоўчым героі» (1953), «Беларуская камедыя: Ля вытокаў жанру» (1964), «Беларуская камедыя» (1973), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Грамадзянскае сумленне мастака» (1976), «Беларуская камедыя: Літаратурна-крытычныя нарысы» (1979), «Андрэй Макаёнак: Нарыс жыцця і творчасці» (1984). Адзін з аўтараў дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966), «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1966), «Гісторыя беларускай літаратуры: XIX - пачатак XX ст.» (1981), «Гісторыя беларускага тэатра» (1983).

Ушакоў Андрэй, нарадзіўся 16.10.1912 г. у вёсцы Рабяткі Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў прафтэхшколу металістаў, працаваў слесарам у дэпо, у майстэрнях авіяпарка, на швейнай фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску. У 1930-1931 гг. вучыўся на крытыка-творчым аддзяленні Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску, у 1933-1934 гг. - ва Ўсесаюзным інстытуце кінематаграфіі ў Маскве. Скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры (1939). З 1939 г. служыў у Чырвонай Арміі, працаваў у рэдакцыі дывізійнай газеты «За Советскую родину» (Гомель).

Загінуў у 1941 г. на фронце.

Вершы пачаў друкаваць у 1928 г. (газета «Чырвоная змена»). Першы зборнік вершаў «Рабочы пульс» выдаў у 1932 г. (з П.Ананьевым). Аўтар зборнікаў вершаў «Праца і маладосць» (Віцебск, 1933), «Зарава вагранак» (1933), «Голас Радзімы» (1938), «Наша маладосць» (выбранае, 1962). Выйшлі напісаныя для дзяцей у сааўтарстве з А.Жаўруком паэмы «Пра майго таварыша» (1939), «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (1939) і зборнік вершаў «Пра майго катка» (1950).

Пісаў таксама апавяданні. Сааўтар лібрэта аперэты «Зарэчны барок» (з А.Жаўруком).

Загрузка...